МАЛАКАЛО́ГІЯ (ад грэч. malakion малюск + ...логія),
раздзел заалогіі, які вывучае малюскаў. Асновы М. закладзены ў канцы 18 — пач. 19 ст.Ж.Кюўе вылучыў у асобную групу галаваногіх малюскаў (1797), англ. заолаг Р.Оўэн распрацаваў класіфікацыю малюскаў (1836) і выдаў манаграфію па групе наўтылусаў. Далейшае вывучэнне малюскаў канцэнтравалася пераважна ў Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі і інш. На Беларусі працы па М. вядомы з канца 19 — пач. 20 ст., апісана малакафауна рэгіёнаў — Белавежскай пушчы, Кобрынскага, Мазырскага, Пінскага паветаў і Гродзенскай губ., воз. Свіцязь. Сучасныя пытанні М. вывучаюцца ў БДУ, БелНДІ эксперым. ветэрынарыі, Ін-це заалогіі Нац.АН Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКО́ПАЛЬ, Нікопаліс (грэч. Nikopolis горад перамогі),
назва шэрагу гарадоў, заснаваных рымлянамі. Найбольшыя: Н. у Кападокіі, створаны Гнеем Пампеем у 6 ст. да н.э.; Н. у Эпіры. засн. імператарам Аўгустам у 31 да н.э.; Н. у Ніжняй Мёзіі (Балгарыя), закладзены імператарам Траянам у 102 н.э. на р. Істра (за 20 км на У ад сучаснага г. Вяліка-Тырнава). Росквіт апошняга Н. адносіцца да 2—3 ст., у пач. 7 ст. разбураны аварамі. Археал. раскопкамі выяўлены рэшткі абарончых сцен, форума, булеўтэрыя, адэона, лазняў, крам, а таксама скульптуры, надпісы, манеты і прадметы побыту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЖЭ́НАЎ (Васіль Іванавіч) (12.3.1737 ці 1738, с. Дольскае каля Малаяраслаўца, паводле інш. крыніц Масква — 13.8.1799),
рускі архітэктар, тэарэтык архітэктуры; адзін з заснавальнікаў рус. класіцызму. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1758—60, акад. з 1765; віцэ-прэзідэнт з 1799), Парыжскай акадэміі архітэктуры (1760—62), у Італіі (1762—64). Стварыў праект рэканструкцыі Крамля (не ажыццёўлены; палац закладзены ў 1773), рамантычны палацава-паркавы ансамбль у Царыцыне пад Масквой (1775—85), дом Пашкова (1784—86, цяпер будынак Расійскай дзярж. б-кі ў Маскве), Міхайлаўскі замак у Пецярбургу (праект 1792—96) і інш. комплексы, адметныя смеласцю кампазіцыі, разнастайнасцю задум, творчым выкарыстаннем традыцый сусв. класічнай і стараж.-рус. архітэктуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЬЦЕ́НІЦКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва на Беларусі. Закладзены ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў в. Бальценікі (Воранаўскі р-н Гродзенскай вобл). Парк пейзажнага тыпу на ўзгорыстым рэльефе. Пл. каля 10 га. У паўн.-ўсх. частцы парку на самым высокім месцы сядзібны дом, на зах. схіле — тэрасы. У стварэнні ландшафтных кампазіцый выкарыстаны экзоты (больш за 60 відаў і формаў). Сярод іх унікальныя на Беларусі клён вастралісты далоненадрэзаны, вольха шэрая лопасцевая, аксаміт амурскі, явар і яго пурпуровалістая форма, клёны (палявы, прырэчны, татарскі, серабрысты, ясенялісты), піхта белая, елкі (канадская, Энгельмана, калючая блакітная), хвоя веймутава, лістоўніца еўрапейская, туя заходняя і шмат дэкар. кустоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБРЫГО́РСКІ ПАРК, сад «Саломінка»,
помнік садова-паркавага мастацтва. Закладзены ў 1906 у в. Дабрыгоры Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. на правым беразе р. Крывінка ваен. урачом П.М.Красавіцкім. Дрэвы садзіў вядомы садавод Я.Мароз. Пл. 10 га. Парк эканам. тыпу, па кампазіцыі пладовы сад.
Па перыметры абсаджаны рознымі экзотамі, якія ўтвараюць ахоўныя пасадкі і невял. паркавыя курціны. У ім каля 30 відаў і формаў дэкар. раслін: кедр сібірскі, елкі белая, Энгельмана, серабрыстая, хвоі веймутава, жорсткая, чорная, Банкса, лістоўніцы яп. і еўрап., бук, арэх маньчжурскі, клён татарскі і інш.
Літ.:
Федорук А.Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. Мн., 1989. С. 87—88.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІКА́ЗНЕНСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 16—18 ст. у в. Іказнь Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Размяшчаўся на паўд.-ўсх. краі вострава Замак на воз. Іказнь. Закладзены ў 1504 браслаўскім старостам Я.Сапегам. У 1515 асаджаны войскамі рус. ваявод. Польскі гісторык А.Гваньіні ў 2-й пал. 16 ст. адзначаў, што «Іказнь — замак мураваны і места драўлянае... ад Браслава ў 2 мілях ляжыць». У Лівонскую вайну 1558—83 у І.з. размяшчаўся значны гарнізон наёмных войск. У 1654 замак узяты рус. войскамі, у 1655 тут знаходзіліся атрады шведаў. Разбураны ў Паўн. вайну 1700—21.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВАЯ БІЯХІ́МІЯ,
навука, якая вывучае структуры, уласцівасці і ўзаемадзеянне біял. макрамалекул з дапамогай сродкаў, уяўленняў і метадаў квантавай механікі.
Сфарміравалася ў 1950—60-я г. на стыку біяхіміі, біяфізікі і малекулярнай біялогіі. Асновы К.б. закладзеныфранц. вучонымі А.Пюльман і Б.Пюльманам, амер. Р.Рэйнам і І.Тынака, італьян. Э.Клеменці і інш. Выкарыстоўвае таксама метады квантавай хіміі, з іх дапамогай выяўлена прырода макраэргічнасці АТФ, кропкавых мутацый і інш.
На Беларусі навук. даследаванні па К.б. праводзяцца ў ін-тах фотабіялогіі, біяхіміі, біяарган. хіміі Нац.АН Беларусі, БДУ і інш. Вывучаюцца механізмы ферментнага каталізу, фотапераўтварэнняў, асаблівасці структур біяпалімераў, вядзецца пошук біялагічна актыўных рэчываў і мед. прэпаратаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЗС-МАТРЫЦА,
святлоадчувальная інтэгральная схема, у аснову работы якой закладзены прынцып захоўвання лакалізаванага эл. зараду; цвердацельны аналаг перадавальных тэлевізійных трубак.
Асн. элемент — паўправадніковая прылада з зарадавай сувяззю (ПЗС, адсюль назва). Калі матрыца з такіх прылад, размешчаных на 1 крышталі паўправадніка, знаходзіцца ў факальнай плоскасці аб’ектыва, то ў кожнай ячэйцы матрыцы збярэцца зарад, які адпавядае асветленасці ў дадзеным пункце, і відарыс будзе «запісаны» ў выглядзе такіх зарадавых пакетаў. У канцы кожнага радка размяшчаецца счытвальнае прыстасаванне і ўзмацняльнік. Калі падаваць на электроды ПЗС-м. тактавыя імпульсы, якія забяспечваюць перадачу зарадавых пакетаў выхадной прыладзе, з выхаднога ўзмацняльніка здымецца паслядоўнасць імпульсаў, адпаведных зыходнаму відарысу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХРЭ́МАВІЦКІ ПАРК «БЯЛЬМО́НТЫ»,
помнік садова-паркавага мастацтва Беларусі. Закладзены ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў в. Ахрэмаўцы (Браслаўскі р-н Віцебскай вобл.), на паўн.-ўсх. беразе воз. Дрывяты. Быў часткай палацава-паркавага ансамбля маёнтка графа Патоцкага (мураваны палац знішчаны ў 1914). Пл. 65 га, вакол парку 300-метровая паласа лесу. Размешчаны на 2 раўнінных участках са значным перападам рэльефу паміж імі, які аформлены 3 вузкімі тэрасамі з сістэмай усходаў (не зберагліся).
Кампазіцыя верхняй тэрасы мае рысы рэгулярнага стылю. Па восі палаца размешчаны шырокі партэр з газонамі і 2 штучныя вадаёмы авальнай формы. Ніжняя ч. парку з маляўнічымі сажалкамі, пратокамі і астравамі мае рамантычны пейзажны характар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТАНІ́ЧНЫ САД БЕЛАРУ́СКАГА ДЗЯРЖА́ЎНАГА ТЭХНАЛАГІ́ЧНАГА УНІВЕРСІТЭ́ТА.
Размешчаны за 6 км ад г.п. Негарэлае Дзяржынскага р-на Мінскай вобласці. Арганізаваны ў 1969 на базе дэндрарыя Негарэльскага навук.-доследнага лясгаса (закладзены ў 1954). Пл. 25 га. У садзе дэндрарый (620 відаў, формаў і сартоў), інтрадукцыйны гадавальнік і школьнае аддзяленне, матачная плантацыя, калекцыйны ўчастак травяністых адна- і шматгадовых раслін, пладовы сад, участак мясц. флоры, музей прыроды. У калекцыях 1384 віды, разнавіднасці і сарты раслін, культывуюцца 28 відаў рэдкіх раслін і раслін, якія знікаюць. База для падрыхтоўкі спецыялістаў лясной гаспадаркі і азелянення, правядзення навук. даследаванняў і культ.-асв. работы ў галіне прыродазнаўства і аховы прыроды.
Батанічны сад Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта. Насаджэнні спірэі японскай.