ГЕ́РМА (грэч. hermēs),

чатырохгранны слуп, завершаны скульпт. выявай галавы першапачаткова бога Гермеса (адсюль назва), потым стараж. багоў, з 5 ст. да н.э. і партрэтнымі выявамі дзярж. дзеячаў, філосафаў і інш. У ант. эпоху герма — пераважна межавы знак, паказальнік дарог, з 16 ст. — від дэкар. і садова-паркавай скульптуры.

Гермы на фасадзе палаца ў вёсцы Паланэчка Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобл.

т. 5, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТАКСЕ́РКС I Даўгарукі,

персідскі цар [465—424 да н.э.]. З дынастыі Ахеменідаў. Уступіў на трон пасля забойства ў выніку прыдворнай змовы яго бацькі — Ксеркса I. На пач. царавання задушыў паўстанне егіпцян, якое падтрымлівалі Афіны. У 454 да н.э. персы знішчылі флот афінян у дэльце Ніла. У 449 да н.э. заключыў Каліеў мір, якім завершаны грэка-персідскія войны і зафіксаваны разгром персаў.

т. 1, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́САЎСКІ СЯДЗІ́БНЫ ДОМ.

Існаваў у 18—1-й пал. 20 ст. ў в. Мерачоўшчына (б. фальварак каля г. Косава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл.). Аднапавярховы прамавугольны ў плане драўляны будынак, завершаны высокім 2-ярусным дахам, меў рысы стылю барока. Цэнтр гал. фасада быў вылучаны слупавым ганкам і трохвугольным шчытом з парнымі вільчакамі. У 1746 тут нарадзіўся А.Т.Касцюшка.

Косаўскі сядзібны дом. З малюнка 1906.

т. 8, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ ДОМ ВІ́ЦЭ-ГУБЕРНА́ТАРА,

помнік архітэктуры класіцызму. Пабудаваны ў Гродне каля 1800 для гродзенскага віцэ-губернатара Максімовіча. Двухпавярховы Г-падобны ў плане мураваны будынак накрыты 2-схільным дахам. Сіметрыя гал. фасада падкрэслена 4-калонным порцікам дарычнага ордэра з трохвугольным франтонам. Бакавыя часткі вылучаны рызалітамі. Фасад раскрапаваны філёнгамі, рустам, завершаны развітым прафіляваным карнізам. Прамавугольныя аконныя праёмы аздоблены фігурнымі ліштвамі і сандрыкамі. Інтэр’еры былі ўпрыгожаны фрэскавай размалёўкай.

Гродзенскі дом віцэ-губернатара.

т. 5, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДАЙНІХО́Н СІ»

(«Гісторыя вялікай Японіі»),

калектыўны шматтомны гіст. яп. твор. Складзены ў асноўным у 1657—1720 у княстве Міто па даручэнні кн. Міцукуні Такугава [1628—1700), завершаны ў 1906. Асвятляе паліт. гісторыю Японіі ад старажытнасці да 15 ст. (барацьбу князёў супраць сёгунаў з дынастыі Такугава за вяртанне ўлады імператару). У 1-м выданні змешчаны 243 кнігі (73 тэксты і 170 біяграфій), пазней дапоўнены табліцамі і матэрыяламі (153 кнігі). Неаднаразова перавыдаваўся.

т. 6, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ СВЯТАДУ́ХАЎСКАЯ ЦАРКВА́.

Існавала ў Віцебску ў 16—17 ст. Складаны па кампазіцыі мураваны будынак завершаны 5 шатровымі вярхамі з галоўкамі на светлавых барабанах. Бабінец унутры чляніўся на 2 ярусы: у верхнім размяшчаліся хоры, якія з боку гал. фасада асвятляліся вокнамі — 3 высокімі прамавугольнымі і 1 круглым. Вядомая з «Чарцяжа» Віцебска 1664.

Злева направа: Віцебская Святадухаўская царква; Віцебская Спаса-Праабражэнская царква; Віцебская Увядзенская царква; Віцебскі палац Агінскага. Усе з «Чарцяжа» Віцебска 1664.

т. 4, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖВА́РЫ,

храм на вяршыні гары, каля сутокаў Куры і Арагві, непадалёку ад г. Мцхета (Грузія); помнік сярэдневяковай груз. архітэктуры. Пабудаваны ў 586/587—604. Вызначаецца гарманічнасцю прапорцый. У аснове плана цэнтрычнага тыпу храма — крыж (22 м × 18 м), канцы якога завершаны паўкруглымі апсідамі. Цэнтр. прастора перакрыта купалам на 8-гранным барабане. Усх. і паўд. фасады ўпрыгожаны фігурнымі рэльефамі і разьбой. Да храма прымыкае крыжападобная малая царква (6 ст., захавалася ў руінах).

Храм Джвары Усходні фасад.

т. 6, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБЯНЕ́ЦКАЯ ПРАЧЫ́СЦЕНСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік драўлянага дойлідства ўсходнепалескай школы (гл. ў арт. Палескія школы дойлідства). Пабудавана ў 1718 у в. Дубянец (Столінскі р-н Брэсцкай вобл.). Мае рысы стылю барока. Трохзрубны аб’ём глыбінна-прасторавай кампазіцыі складаецца з прамавугольнага бабінца (у 19 ст. да яго прыбудавана званіца), квадратных у плане нефа і алтара з рызніцай. Неф завершаны масіўным светлавым васьмерыковым барабанам, накрытым купалам. Сцены гарызантальна ашаляваныя. У інтэр’еры ветразі барабана аздоблены размалёўкай.

Дубянецкая Прачысценская царква.

т. 6, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ШЧЫЦКАЯ ПАКРО́ЎСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры з элементамі класіцызму і псеўдарус. стылю. Пабудавана ў 1845 у в. Кішчыцы Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя храма развіта па падоўжнай восі. Цэнтр. квадратны ў плане аб’ём накрыты пакатым шатровым дахам з цыбулепадобнай галоўкай. Яго фасады завершаны кілепадобнымі франтонамі. З боку гал. фасада прыбудавана 3-ярусная вежа-званіца. У дэкар. аздабленні выкарыстаны пілястры, франтоны, сандрыкі, нішы, прафіляваныя карнізы і інш.

А.​Л.​Міцянін.

Кішчыцкая Пакроўская царква.

т. 8, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКАГА ЕПАРХІЯ́ЛЬНАГА ЖАНО́ЧАГА ВУЧЫ́ЛІШЧА БУДЫ́НАК,

помнік архітэктуры неакласіцызму ў г. Віцебск. Пабудаваны ў 1902 (арх. А.​Паўлоўскі, П.​Вінаградаў). Мураваны 3-павярховы Е-падобны ў плане будынак. Гал. фасад вылучаны цэнтр. рызалітам з балконам. Сцены аздоблены рустам, ліштвамі і завершаны прафіляваным карнізам. Планіроўка галерэйная. Цяпер у будынку размешчаны Віцебскі аблвыканком.

Літ.:

Якімовіч Ю.А. Помнікі мураванага грамадзянскага дойлідства Віцебска XIX — пачатку XX ст. Мн., 1990.

В.​М.​Чарнатаў.

Полацкага епархіяльнага жаночага вучылішча будынак.

т. 12, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)