ІЛІНДЗЕ́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1903,
нацыянальна-вызваленчае паўстанне народаў Македоніі супраць тур. панавання. Пачалося 2.8.1903 на Ільін дзень (адсюль назва). Ахапіла пераважна паўд.-зах. Македонію, у інш. раёнах дзейнічалі партыз. атрады. Паўстанцы, у асноўным сяляне, захапілі шэраг населеных пунктаў, 4 жн. — г. Крушава і абвясцілі рэспубліку. 19 жн., калі паўстанне пайшло на спад, ва ўсх. Фракіі ўспыхнула т.зв. Праабражэнскае паўстанне балгар, якія таксама абвясцілі рэспубліку ў г. Малка-Тырнава. У вер. 200-тысячная тур. армія жорстка задушыла паўстанне, тысячы паўстанцаў загінулі ў баях, расстраляны, 30 тыс. эмігрыравала.
т. 7, с. 196
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛЕ́ЗСКІЯ ПАЎСТА́ННІ ТКАЧО́Ў Паўстанне 1793 адбылося ў сак.—красавіку ў горных акругах Сілезіі (тады ўваходзіла ў склад Прусіі). Пачалося стыхійна ў г. Шомбург, перарасло ў барацьбу супраць прускіх феад.-прыгонніцкіх парадкаў і ахапіла каля 20 тыс. чал. Было жорстка задушана прускімі войскамі. Паўстанне 1844 адбылося 4—6 чэрв. ў горных паселішчах Сілезіі і выклікана празмернай эксплуатацыяй рабочых прадпрымальнікамі-мануфактурыстамі і мясц. памешчыкамі, якія спаганялі з ткачоў падатак за права займацца прамысл. працай. Штуршком да выступлення паслужылі скарачэнне аплаты працы рабочым і пагаршэнне іх становішча з прычыны неўраджаю. Паўстанне задушана.
т. 14, с. 378
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́САС (Rosas) Хуан Мануэль дэ (30.3.1793, Буэнас-Айрэс — 14.3.1877),
аргенцінскі дзярж. дзеяч. Генерал (1828). З 1820 нач. міліцыі, у 1828—32 і 1835—1852 губернатар прав. Буэнас-Айрэс, фактычна вярх. правіцель Аргенціны. Лідэр Федэралісцкай партыі. Пры Р. адбылася стабілізацыя ўнутр. становішча Аргенціны пасля грамадз. войнаў, якія краіна перажыла пасля заваявання незалежнасці. Адначасова ўсталяваў асабістую дыктатуру, жорстка душыў усялякую апазіцыю. Ініцыіраваў працяглы ўзбр. канфлікт з Уругваем. У лют. 1852 армія Р. разбіта аб’яднанымі войскамі Уругвая, Бразіліі і арг. паўстанцаў, пасля чаго ён уцёк у Вялікабрытанію.
т. 13, с. 407
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАЛІ́ЦІ (Giolitti) Джавані (27.10.1842, г. Мандаві, Італія — 17.7.1928),
італьянскі дзярж. дзеяч. У 1889—90 міністр казначэйства, у 1901—03 міністр унутр. спраў. Прэм’ер-міністр у 1892—95, 1903—05, 1906—09, 1911—14, 1920—21. Найб. паслядоўны прадстаўнік італьян. лібералізму 20 ст., імкнуўся пашырыць сац. базу рэжыму. Урад Дж. жорстка задушыў сял. рух на Пд Італіі, развязаў захопніцкую вайну з Турцыяй (1911—12). У час 1-й сусв. вайны выступаў супраць удзелу ў ёй Італіі на баку Антанты. Падтрымаў прыход да ўлады фашыстаў (1922), з 1924 у апазіцыі У 1928 выступаў супраць скасавання фашыстамі парламенцкага рэжыму.
т. 6, с. 85
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЗІ́Ф, Сісіф,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі сын Эола — родапачынальніка племя эалійцаў, будаўнік і цар стараж. Карынфа. Праславіўся сваёй хітрасцю. С. падмануў нават багіню смерці Танатас і закаваў яе ў кайданы (вызвалена Арэсам праз некалькі гадоў, на працягу якіх людзі не паміралі), потым быў адзіным з памерлых, каму ўдалося ўцячы з царства мёртвых — аіда. Калі С. зноў, ужо назаўсёды, трапіў у аід, то быў жорстка пакараны багамі за свае хітрыкі і злачынствы: яго прымусілі бясконца каціць на высокую гару вялізны камень, які, дасягнуўшы вяршыні, кожны раз скочваўся ўніз. Адсюль выразы «сізіфава праца», «сізіфаў камень» — цяжкая, марная, бясконцая праца.
т. 14, с. 372
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РЫ́САВЫЯ БУ́НТЫ»,
масавыя хваляванні ў Японіі ў 1918. Выкліканы рэзкім павелічэннем цэн на імпартуемы рыс шляхам увядзення яп. урадам вял. мытных збораў. Пачаліся з нападу 3.8.1918 жонак рыбакоў на судна з грузам рысу. Неўзабаве стыхійныя бунты ахапілі 33 прэфектуры Японіі. У ходзе іх натоўпы збівалі гандляроў рысам, падпальвалі і рабавалі склады і крамы. «Р.б.» былі жорстка задушаны войскамі, больш за 8 тыс. чал. асуджана. Аднак хваляванні прывялі да адстаўкі ўрада М.Тэрауці і фарміравання першага ў гісторыі Японіі парт. ўрада Т.Хара, які абапіраўся на парламенцкую большасць, што падштурхнула працэс дэмакратызацыі яп. паліт. жыцця ў 1920-я г.
т. 13, с. 519
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛА́ДСТАН (Gladstone) Уільям Юарт (29.12.1809, г. Ліверпул, Вялікабрытанія — 19.5.1898),
брытанскі дзярж. дзеяч. У 1832 выбраны ў парламент ад партыі торы. Быў міністрам гандлю (1843—45), калоній (1845—47), фінансаў (1952—55, 1859—66). З 1867 лідэр Ліберальнай партыі. У 1868—74 прэм’ер-міністр. Яго ўрад рэфармаваў пач. адукацыю, легалізаваў прафсаюзы, увёў тайнае галасаванне на выбарах. З 1874 узначальваў апазіцыю. У 1880—85 на чале ўрада, які ў 1882 паслаў англ. войскі для захопу Егіпта, жорстка падаўляў нац.-вызв. рух у Ірландыі. Разгром брыт. войск у Судане і ўскладненні ў Ірландыі прывялі да падзення яго ўрада. У 1886 і ў 1892—94 зноў узначальваў урад.
т. 5, с. 282
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЁНСКІЯ ПАЎСТА́ННІ 1831 і 1834,
узброеныя выступленні рабочых і рамеснікаў, занятых у шаўкаткацкай вытв-сці г. Ліён (Францыя) у перыяд Ліпеньскай манархіі. Паўстанне 1831 пачалося 21 ліст. ў адказ на адмову ўладальнікаў мануфактур павысіць заработную плату і прыняць новыя расцэнкі. 23 ліст. паўстанцы авалодалі горадам, але 1—3 снеж. былі пераможаны ўрадавымі войскамі. Паўстанне 1834 мела пераважна рэсп. характар, было накіравана на заваяванне дэмакр. свабод і абарону правоў працоўных. Пачалося 9 крас. як пратэст супраць забароны рабочых асацыяцый і расправы ўлад над удзельнікамі стачкі (лют. 1834). Праходзіла пад кіраўніцтвам Аб’яднанага к-та рэсп.-дэмакр. арг-цый на чале з Ш.Лагранжам. 15 крас. жорстка задушана войскамі.
т. 9, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУІ́ ФІЛІ́П (Louis Philippe; 6.10.1773, Парыж — 26.8.1850),
французскі кароль [1830—48]. Прадстаўнік малодшай (Арлеанскай) галіны Бурбонаў, герцаг Арлеанскі з 1793. У час Французскай рэвалюцыі 1789—99 якабінец (з 1790), удзельнік вайны з антыфранц. кааліцыяй. У 1793 перайшоў на бок аўстрыйцаў, да 1814 у эміграцыі. У перыяд Рэстаўрацыі (1814—30) быў звязаны з ліберальнай апазіцыяй. У час Ліпеньскай рэвалюцыі 1830 абвешчаны каралём арлеаністамі. Правіў у інтарэсах найбагацейшых вярхоў прадпрымальнікаў (пераважна банкіраў). Жорстка падаўляў нар. хваляванні, фактычна ліквідаваў дэмакр. свабоды, гарантаваныя «Хартыяй 1830» (сходаў, друку і інш.). У 1830—47 пры ім быў заваяваны Алжыр. Скінуты з прастола ў час Лютаўскай рэвалюцыі 1848, уцёк у Англію.
т. 9, с. 360
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРДО́ЎСКІ ЭМІРА́Т,
мусульманская дзяржава на Пірэнейскім п-ве ў 756—929. Сталіца — г. Кордава. Заснавальнік — Абдарахман I, адзіны ўцалелы прадстаўнік скінутай Абасідамі дынастыі араб. халіфаў Амеядаў, уцёк на Пірэнейскі п-аў, б. ч. якога была падпарадкавана ў ходзе арабскіх заваяванняў, і абвясціў сябе эмірам. К.э. вёў войны з хрысц. дзяржавамі на Пн паўвострава (Астурыйскае і Наварскае каралеўствы і інш.). Прыгнёт з боку мясц. і араба-берберскай знаці выклікаў частыя паўстанні карэнных сялян і гараджан, якія жорстка падаўляліся. Да пач. 10 ст. цэнтр. ўлада ў К.э. аслабела, яе ўзмацненне адбылося пры Абдарахмане III, які ў 929 абвясціў сябе халіфам і заснаваў Кардоўскі халіфат.
т. 8, с. 66
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)