МІ́НСКАЕ РАДО́ВІШЧА ПЯСЧА́НА-ЖВІРО́ВАГА МАТЭРЫЯ́ЛУ.

У Мінскім і Лагойскім р-нах Мінскай вобл., паміж вёскамі Вяча, Бяларучы, Карбачоўка, Галіца. Пластападобны паклад звязаны з канцова-марэннымі адкладамі сожскага зледзянення. Пясчана-жвіровы матэрыял ад шаравата-жоўтых да бураватых адценняў, месцамі гліністы, абжалезнены. Пяскі палевашпатавакварцавыя, розназярністыя, залягаюць у разрэзе вышэй за жвір. Разведаныя запасы 57,1 млн. м³, перспектыўныя 41,7 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 2,3—32,8 м, ускрышы (супескі, пяскі гліністыя) 0,2—12,5 м. Пясчана-жвіровая сумесь і пяскі прыдатныя для дарожнага буд-ва, вытв-сці бетону і буд. раствораў.

А.​П.​Шчураў.

т. 10, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ШЫНСКАЕ АГАЛЕ́ННЕ СТАРАЖЫ́ТНЫХ РАЧНЫ́Х АДКЛА́ДАЎ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1995). Размешчана за 150 м на ПнУ ад в. Пашына Аршанскага р-на Віцебскай вобл., на левым беразе р. Дняпро. Уключае адклады позналедавікоўя паазерскага зледзянення (пяскі, жвір, галька); з’яўляецца апорным разрэзам. Ва ўступе І надпоймавай тэрасы ўскрываюцца адклады, багатыя выкапнёвымі рэшткамі жывёл — косці і зубы млекакормячых (15 відаў), ракавіны малюскаў (больш за 30 відаў), якія існавалі каля 15—10 тыс. гадоў назад, калі кліматычныя ўмовы дасягнулі найб. суровасці і пашырылася тундравая зона.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 12, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРО́ЖНА-БУДАЎНІ́ЧЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

будаўнічыя матэрыялы (вырабы), якія выкарыстоўваюцца пры буд-ве аўтамабільных дарог, пакрыццяў вуліц і плошчаў. Падзяляюцца на грунтавыя (гліны, суглінкі, пяскі, супескі), каменныя прыродныя (жвір, бутавы камень, друз, брусчатка і інш.) і штучныя (асфальтабетон, цэментны і палімербетон і інш.), керамічныя (клінкер, тратуарныя пліткі, цагляны друз, трубы для дрэнажу), шлакавыя (шлакавы друз, адлітыя з шлакавага расплаву камяні і пліты), арган. і мінер. вяжучыя рэчывы (бітум, дзёгаць, гудрон, смолы, пакосты; цэмент, вапна, гіпс), бетоны і вырабы з іх, палімерныя матэрыялы (ідуць пераважна на плёнкаўтваральныя ахоўныя пакрыцці і ўмацавальныя дабаўкі да грунтоў). Гл. таксама Будаўнічых матэрыялаў прамысловасць.

т. 6, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАТЭХНІ́ЧНЫ БЕТО́Н,

бетон, які выкарыстоўваецца для буд-ва аб’ектаў або іх канструкцыйных элементаў, якія пастаянна ці перыядычна знаходзяцца ў кантакце з водным асяроддзем. Належыць да цяжкіх бетонаў (шчыльн. 2300—2500 кг/м³), шырока ўжываецца ў гідратэхнічным будаўніцтве. Мае пэўную воданепранікальнасць, марозаўстойлівасць, мех. трываласць і расцяжнасць, ступень лінейных змен пры ўвільгатненні, высыханні і інш. Гідратэхнічны бетон прыбаўляюць з розных відаў партландцэменту, буйных і дробных запаўняльнікаў (жвір, друз, пясок, сумесі зерняў цвёрдых і шчыльных парод), вады, дабавак (паверхнева-актыўныя, пластыфікавальныя і інш.).

Літ.:

Трапезников Л.П. Температурная трещиностойкость массивных бетонных сооружений. М., 1986.

С.​П.​Гаціла.

т. 5, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЫ́ЛЬСКАЯ ГРАДА́,

краявое ледавіковае ўтварэнне на ПдЗ Беларусі. Займае тэр. Нясвіжскага, Клецкага, Капыльскага і Слуцкага р-наў Мінскай, Баранавіцкага і Ляхавіцкага р-наў Брэсцкай абласцей. Належыць да паўд. адгалінавання Беларускай грады. На Пд абмежавана Баранавіцкай і Слуцкай раўнінамі, на З пераходзіць у Навагрудскае ўзв., на У працягваецца ў выглядзе ізаляваных канцавых утварэнняў. У субшыротным напрамку цягнецца амаль на 100 км, у субмерыдыянальным — на 45—50 км. Выш. да 243 м над узр. м. Адносная выш. да 84 м. Частка гал. водападзелу бас. Чорнага і Балтыйскага мораў. Рэльеф цэнтр. часткі згладжаны, на ўскраінах значна расчлянёны. У К.г. ўваходзяць больш дробныя канцова-марэнныя грады: Юшавіцкая, Скабінская, Браткаўская, Старасельская і шэраг участкаў з узгорыста-ўвалістым рэльефам у наваколлі в. Сноў Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. Да схілаў і міжградавых дэпрэсій прымеркаваны камы і камавыя масівы. Маюць месца папярочныя скразныя даліны, якія былі лагчынамі сцёку расталых ледавіковых вод і наследаваны сучаснымі рэкамі бас. Прыпяці (Нача, Лань, Морач, Лакнея) і бас. Нёмана (Ведзьма, Уша, Выня). К.г. прымеркавана да Бабаўнянскага выступу крышт. фундамента Бел. антэклізы, пароды якога ў некаторых месцах перакрыты толькі адкладамі плейстацэну. На перыферыі выступу ў асадкавай тоўшчы сустракаюцца адклады верхняга дэвону, мелу, палеагену і неагену. У будове плейстацэнавай тоўшчы прымалі ўдзел ледавіковыя ўтварэнні (марэнныя супескі, флювіягляцыяльныя пяскі, жвір і інш.) 4 зледзяненняў, а таксама перыгляцыяльныя і міжледавіковыя пароды (торф, гітыі, сапрапеліты, лёсы і інш.). Карысныя выкапні: буд. пяскі, жвір, торф, гліна. Глебы дзярнова-падзолістыя моцна ападзоленыя на павышаных участках, дзярнова-балотныя і тарфяна-балотныя ў далінах і лагчынах. Пад лесам каля 20% тэр., пад ворывам — да 60%.

А.​Ф.​Санько.

Капыльская града каля г. Капыль.

т. 8, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАПО́НІКА (ад гідра... + грэч. ponos праца),

вырошчванне раслін (агароднінных, кветкавых, ягадных і інш.) на штучных пажыўных асяроддзях без глебы.

Пры гідрапоніцы каранёвая сістэма расліны развіваецца ў цвёрдых субстратах (жвір, пясок, мох, торф, друз, гранулы палімераў і інш.), якія перыядычна ўвільгатняюць водным растворам пажыўных элементаў, у вадзе (водная культура) або паветры (аэрапоніка). Для гідрапонных раствораў (pH=5,5—6,5) звычайна выкарыстоўваюць добра растваральныя солі; у іх павінны быць усе неабходныя макра- і мікраэлементы, склад якіх дыферэнцыруюць у залежнасці ад фазы развіцця раслін. Пры вырошчванні раслін метадам гідрапонікі паскараецца іх рост і развіццё, павялічваецца ўраджайнасць і якасць прадукцыі, палягчаецца барацьба з хваробамі і шкоднікамі раслін. Гідрапоніку шырока выкарыстоўваюць у н.-д. працы (у лабараторных і касм. даследаваннях), у прамысл. агародніцтве і кветкаводстве, пры вырошчванні ягадных культур і інш.

т. 5, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗДАБЫЎНА́Я ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

сукупнасць галін прам-сці па здабычы сыравіны і паліва; важная крыніца атрымання харч. прадуктаў і сыравіны для апрацоўчай прамысловасці. Уключае галіны горназдабыўной прамысловасці (нярудных буд. матэрыялаў, нафтаздабыўную і інш.), лесанарыхтоўчую прамысловасць, рыбную прамысловасць, паляванне, здабычу марскіх звяроў, кітоў і морапрадуктаў. Важную ролю ў З.п. адыгрывае здабыча нафты (гал. вытворцы Саудаўская Аравія, ЗША, Расія), прыроднага газу (Расія, ЗША, Канада), каменнага вугалю (Кітай, ЗША, Расія), жал. руды (Кітай, Бразілія, Расія). У выніку навук.-тэхн. рэвалюцыі пашырылася адкрытая і марская здабыча карысных выкапняў, падземнае вышчалочванне і інш. На Беларусі З.п. прадстаўлена прадпрыемствамі па здабычы нафты, торфу, калійных і каменнай солей, мінер. вод, сыравіны для вытв-сці буд. матэрыялаў (пясок, жвір, буд. камень і інш.), нарыхтоўцы драўніны, лоўлі рыбы і інш. Дае каля З% валавой прадукцыі прам-сці краіны.

т. 7, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗАВЕ́ЦКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Mazowieckie),

адм.-тэр. адзінка ў цэнтр. ч. Польшчы. Утворана 1.1.1999. Пл. 35 тыс. км². Нас. 5068 тыс. чал. (1999), гарадскога 65%. Адм. цэнтр — г. Варшава. Найб. гарады: Радам, Плоцк, Седльцы, Астралэнка. Размешчана на Мазавецкай нізіне, у межах якой вылучаецца Варшаўская катлавіна. Рэльеф нізінны з участкамі марэнных раўнін і шырокімі далінамі. Карысныя выкапні: буд. матэрыялы (гліны, пяскі, жвір, мел). Клімат умерана кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. ад -4 °C да -2,5 °C, ліп. 18,5 °C, ападкаў 470—600 мм за год. Гал. рэкі: Вісла, Буг, Нараў. Воз. Зягжынскае. Глебы пераважна падзолістыя, балотныя, бурыя. Лясы займаюць 21% тэрыторыі. Гаспадарка прамысл.-агр. тыпу. Развіты машынабудаванне і металаапрацоўка (аўтамабіле- і трактарабудаванне, электратэхн., электронная прам-сць), нафтахім. і хім. (у т. л. фармацэўтычная), парфумерная, цэлюлозна-папяровая, харч., лёгкая, паліграф. прам-сць. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Пад с.-г. ўгоддзямі 67% тэрыторыі. Вырошчваюць жыта, бульбу, пшаніцу, цукр. буракі. Інтэнсіўнае садоўніцтва і агародніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, птушак. Турызм.

т. 9, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОДАПРАНІКА́ЛЬНАСЦЬ,

здольнасць глебы і горных парод прапускаць ваду. Характарызуецца каэф. фільтрацыі (магутнасцю слоя вады, якая прасочваецца ў глебу за адзінку часу). Вымяраецца ў дарсі (1 дарсі прыблізна адпавядае каэф. Фільтрацыі 1 м/сут). 1) Водапранікальнасць глебы залежыць ад мех. складу, колькасці арган. рэчыва і структуры. Адрозніваюць глебы добра водапранікальныя (на Беларусі дзярнова-падзолістыя пясчаныя і супясчаныя на рыхлых супесках, падасланых пяскамі, акультураныя дзярнова-падзолістыя на лёсападобных суглінках), сярэдневодапранікальныя (дзярнова-падзолістыя лёгкасугліністыя), слабаводапранікальныя (дзярнова-падзолістыя сярэдне- і цяжкасугліністыя, гліністыя). У добра акультураных, рыхлых глебах ападкі паглынаюцца і забяспечваюць іх нармальны водны рэжым. Дрэнная водапранікальнасць сугліністых і гліністых глеб прыводзіць да павялічанага паверхневага сцёку і развіцця эрозіі глебы. Тое ж можа адбывацца і на лёгкапранікальных пясчаных глебах на схілах пры ліўневых ападках, калі і пры высокай водапранікальнасці вада не паспявае паглынацца глебай або насычае яе поўнасцю.

2) Водапранікальнасць горных парод. Паводле ступені водапранікальнасці горныя пароды падзяляюцца на водапранікальныя (галечнік, жвір, буйназярністыя пяскі і інш.), паўпранікальныя (супескі лёгкія суглінкі і практычна воданепранікальныя (водатрывалыя — гліны, шчыльныя суглінкі і інш. асадкавыя пароды, нетрэшчынаватыя крышт. пароды). Ад водапранікальнасці залежаць дэбіт свідравін на ваду, забалочванне тэрыторыі, рэжым рачнога сцёку, страты вады з вадасховішчаў праз фільтрацыю. Водапранікальнасць улічваецца пры горных, меліярацыйных і ачышчальных работах, праектаванні вадасховішчаў і водазабораў, інж.-геал. вышуканнях.

А.​В.​Кудзельскі.

т. 4, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЭ́НА (ад франц. moraine),

марэнныя адклады, скопішчы несартаванага ці слабасартаванага абломкавага матэрыялу, які пераносіцца або адкладваецца ледавікамі і ўтварае марэнны рэльеф. Матэрыял М. складаецца з валуноў, глыб, галькі, жвіру, змешаных з пяском, алеўрытам і глінай. Характэрнымі літалагічнымі рознасцямі з’яўляюцца валунны супесак і валунны суглінак. Колер М. ад чырвона-бурага да зеленавата-шэрага з рознымі адценнямі. Грануламетрычны склад М.: фракцыя памерам больш за 1 мм — 7% (валуны, галька, жвір), 1—0,1 мм — 68% (пяскі, алеўрыт), менш за 0,01 мм — 25% (гліны). На Беларусі сярод валуноў пераважаюць метамарфічныя і магматычныя пароды (граніты, гнейсы, габра), прынесеныя ледавіком з Фенаскандыі. Галька і жвір часцей складзены з мясц. асадкавых парод (даламітаў, вапнякоў і інш.). У мінералагічным складзе пераважаюць ільменіт, амфіболы, гранаты, мінералы групы эпідоту, лейкаксен, рутыл, гідраксіды жалеза, гліністыя мінералы (гідраслюды, каалініт, мантмарыланіт і інш.).

Адрозніваюць М. сучасных рухомых ледавікоў і адкладзеныя. Рухомыя М. падзяляюцца на паверхневыя і ўнутраныя (уласцівыя далінным або міжгорным ледавіковым патокам) і донныя (трапляюцца ва ўсіх тыпах ледавікоў). Паверхневыя М. ўтвараюцца з абломкавага матэрыялу, знесенага са скалістых схілаў даліны або адкладзенага пры адтаванні з тоўшчы лёду. Па размяшчэнні на паверхні ледавіка вылучаюць бакавую і сярэдзінную М. Бакавая М. ўтварае валы ўздоўж 2 бакоў ледавіковага «языка». Пры зліцці ледавікоў бакавыя М. аб’ядноўваюцца ў адзін вал па сярэдзіне ледавіка — сярэдзінныя М. (можа быць некалькі). Унутраная М. ўключана ў тоўшчу лёду. Донная М. ўяўляе сабой адарваны ад ложа абломкавы матэрыял, заключаны ў прыдонных слаях лёду. Адкладзеная М.найб. характэрны тып ледавіковых адкладаў, утвараецца з усіх тыпаў рухомых М. у час руху, прыпынку і канчатковага раставання ледавіка. Падзяляецца на асноўную, абляцыйную і канцавую. Найб. пашырана на тэрыторыях, якія перакрываліся ў антрапагенавы перыяд мацерыковымі льдамі. Асноўная М. — масіўная, радзей лускаватая ці плітчастая, мае абломкавы матэрыял, складае ў асн. раўніны і нізіны, дзе залягае ў выглядзе пластоў. Утвараецца пераважна з доннай М. Часта перакрыта тонкім слоем абляцыйнай М., або М. адтавання, якая ўзнікае ў стадыі дэградацыі ледавіка з унутранай М. і верхніх слаёў доннай М. Гэты тып М. пашыраны ў паласе развіцця форм рэльефу пасіўнага (мёртвага) лёду (камаў, озаў і іх масіваў). Канцавыя М. складаюцца з абломкавага матэрыялу, які намнажаўся ў франтальнай ч. ледавіка, дае часта перамяшаны прынесены і мясц. матэрыял. Назіраюцца дыслацыраваныя слаі парод, ёсць глыбы адорвеняў плейстацэнавых і даплейстацэнавых парод. Сярод іх часта ўтвараюцца напорныя М. Канцавыя М. складаюць узвышшы і канцова-марэнныя грады.

На тэр. Беларусі пашыраны плейстацэнавыя М. Яны адсутнічаюць у далінах рэк урэзаных у даплейстацэнавыя пароды і на невял. размытых участках на Пд краіны. Сярэдняя магутнасць М. аднаго зледзянення 5—30 м, макс. да 100 м. М. займаюць 50% аб’ёму плейстацэнавай тоўшчы, перамяжаюцца з інш. генетычнымі тыпамі адкладаў.

Яны з’яўляюцца рэльефа- і глебаўтваральнымі пародамі, адыгрываюць ролю маркіроўных гарызонтаў пры стратыграфічным расчляненні плейстацэнавых адкладаў, служаць водаўпорам для грунтавых і напорных вод і сыравінай для прам-сці буд. матэрыялаў.

А.​Ф.​Санько.

т. 10, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)