дынастыя араб.халіфаў у 909—1171, якая выводзіла сваё паходжанне ад Фатымы — дачкі Мухамеда. Засн. ісмаіліцкім (гл.Ісмаіліты) прапаведнікам Убейдалахам, які ў 900 узначаліў у Сірыі паўстанне супраць Абасідаў, пасля яго паражэння ўцёк у Туніс, аб’яднаў вакол сябе плямёны бербераў і, скінуўшы мясц. дынастыю Аглабідаў, абвясціў сябе махдзі і халіфам [909—934], Найб.тэр. пашырэння дзяржава Ф. дасягнула пры аль-Муізе [953—975), калі былі заваяваны Марока, Егіпет, Палесціна і ч. Сірыі. З 971 сталіца Ф. — г. Каір, пасля чаго Егіпет ператварыўся ў цэнтральную ч. дзяржавы. Дзяржава Ф. вызначалася высокім узроўнем эканам. і культ. развіцця, чаму спрыяў кантроль над міжземнаморска-інд. гандлем. З сярэдзіны 11 ст. пачаўся заняпад дзяржавы, выкліканы барацьбой у кіруючых вярхах і войнамі з сельджукамі і крыжакамі. Халіфы Ф. фактычна страцілі ўладу, якая апынулася ў руках вярх. візіраў і военачальнікаў. У 1171 палкаводзец Салах-ад-дзін скінуў апошняга з Ф., паклаўшы канец існаванню дынастыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБЕНІ́ДЫ,
дынастыя правіцеляў (напачатку князёў, з 1198 цароў) Кілікійскай армянскай дзяржавы ў 1080—1375. Заснавана ў 1080 арм. князем Рубенам. Найб. значныя з Р.: Лявон I [1129—41], Лявон II [1187—1219], Хетум I [1226—70], Лявон III [1271—89]. У 1375 апошні з Р. — Лявон VI узяты ў палон мамлюкамі і вывезены ў Егіпет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕАПА́ТРА VII (Kleopatra; 69 да н.э., г. Александрыя, Егіпет — 30 да н.э.),
старажытнаегіпецкая царыца [51—48, 47—30 да н.э.], апошняя з дынастыі Пталамеяў. Дачка Пталамея XII, сястра, жонка, суправіцелька (з 51) Пталамея XIII, з якім сапернічала за ўладу. З 48 у выгнанні ў Сірыі. Пасля Александрыйскай вайны (47) вярнулася на трон з дапамогай Юлія Цэзара, які захапіўся разумнай і адукаванай царыцай (ад Цэзара яна мела сына Цэзарыёна). Пасля забойства Цэзара саюзніца і каханка Марка Антонія (пасля 41, з 37 яго жонка), падтрымлівала яго ў барацьбе з Актавіянам (Аўгустам). Пасля паражэння ў вайне з Рымам і ўступлення арміі Актавіяна ў Егіпет скончыла самагубствам. Паводле падання, ёй прынеслі ядавітую змяю, укус якой, паводле егіп. уяўленняў, абяцаў бессмяротнасць. Вобраз К. VII адлюстраваны ў л-ры (У.Шэкспір, Б.Шоу, П.Карнель) і выяўл. мастацтве (Дж.Цьепала, П.П.Рубенс і інш.).
Літ.:
Кравчук А. Закат Птолемеев: Пер. с пол. М., 1973;
Талашова Н. Клеопатра // Женщины-легенды. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАЛО́ЎСКІ (Michałowski) Казімеж (14.11.1901, г. Цярнопаль, Украіна — 1.1.1981),
польскі археолаг, егіптолаг, гісторык мастацтва. Правадз.чл. Польскай АН (1952). Скончыў Львоўскі ун-т, вучыўся ў Зах. Еўропе і Каіры (Егіпет). У 1933—72 праф. Варшаўскага ун-та, стваральнік і кіраўнік кафедры міжземнаморскай археалогіі. У 1945—81 нам. дырэктара Нац. музея ў Варшаве, дзе стварыў Галерэю стараж. мастацтва. Узначальваў польскія археал. экспедыцыі ў Егіпце (Эдфу, Тэль-Атрыб, Александрыя і інш.), Крыме (Мірмекій), Сірыі (Пальміра), Судане (Фарас; адкрыты хрысц. сабор 8—12 ст.), на Кіпры, у Іраку і інш. Кіраваў у Дэйр-эль-Бахры (Верхні Егіпет) працамі па рэканструкцыі храма царыцы Хатшэпсут, раскопкамі ансамбля памінальнага храма Тутмоса III. Старшыня Міжнар.к-та экспертаў па выратаванні скальных храмаў у Абу-Сімбел (1963—71). Аўтар прац «Дэльфы» (1937), «Мірмекій» (1958), «Пальміра» (т. 1—5, 1960—66), «Фарас» (т. 1—3, 1962—65), «Не толькі піраміды» (1966), «Мастацтва Старажытнага Егіпта» (1968), «Як грэкі стваралі мастацтва» (1970) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САДА́Т, ас-Садат Мухамед Анвар (25.12.1918, в. Міт-Абу-эль-Ком, Егіпет — 6.10.1981), дзяржаўны дзеяч Егіпта. Скончыў ваен. каледж у Каіры (1938). Сумесна з Г.А.Насэрам стварыў тайную арг-цыю «Свабодныя афіцэры». За антыбрыт. дзейнасць у 1942 звольнены з арміі, у 1942—44 і 1946—49 у турме. У 1950 адноўлены на ваен. службе. Удзельнік дзярж. перавароту 1952. У 1953—56 чл.Рэв. савета Егіпта, у 1957—58 нам., у 1960—61 і 1964—68 старшыня Нац. сходу (парламента) Аб’яднанай Араб. Рэспублікі (ААР). У 1964—66 і 1969—70 віцэ-прэзідэнт ААР. З вер. 1970 прэзідэнт ААР (з 1973 Араб. Рэспубліка Егіпет). Пераарыентаваў краіну на супрацоўніцтва з ЗША, пачаў ажыццяўленне ліберальных рэформ у палітыцы і эканоміцы. У ліст. 1977 першы з араб. лідэраў наведаў Ізраіль. У 1978—79 падпісаў пагадненні з Ізраілем (гл.Кэмп-Дэвідскія пагадненні 1978). Забіты фанатыкамі-ісламістамі. Нобелеўская прэмія міру 1978 (разам з М.Бегінам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАСТЫ́ЛЬ (ад грэч. hypostylos які падтрымліваецца калонамі),
у архітэктуры Стараж. Усходу (Егіпет, Іран) вялікая зала храма або палаца са шматлікімі, шчыльна пастаўленымі калонамі (напр., храм Амона-Ра ў комплексе Карнак, 14—12 ст. да н.э.).
Да арт.Гіпастыль. Залы храма Амона-Ра ў комплексе Карнак. 14—12 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСМА́НСКАЯ ІМПЕ́РЫЯ, Атаманская імперыя,
афіцыйная назва султанскай Турцыі да 1922 — ад імя заснавальніка дынастыі султана Асмана I [1299 ці 1300 — 1324]. Склалася ў 15—16 ст. Аб’ядноўвала Пярэднюю Азію, Балканскі п-аў, Егіпет і інш. краіны Паўн. Афрыкі. Фактычна распалася пасля паражэння ў 1-й сусв. вайне (1918), юрыдычна — у 1922, калі быў ліквідаваны султанат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТАКСЕ́РКС IIIОх,
персідскі цар [358—338 да н.э.]. З дынастыі Ахеменідаў, сын Артаксеркса II. Стаў царом пасля знішчэння старэйшых братоў. Імкнуўся аднавіць цэласнасць і магутнасць Ахеменідаў дзяржавы, жорстка душыў паўстанні ў М.Азіі, Фінікіі, на Кіпры. У 341 да н.э. зноў далучыў да сваёй дзяржавы Егіпет. Забіты сваім прыбліжаным еўнухам Багоем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУЛУНІ́ДЫ,
дынастыя ў Егіпце ў 868—905. Заснавальнік — намеснік Абасідаў у Егіпце Ахмед ібн Тулун [868—894]. Пры Т. Егіпет стаў фактычна незалежнай дзяржавай. У 878 Т. падпарадкавалі Сірыю. У час іх праўлення назіраўся ўздым егіпецкай гаспадаркі, вялося будаўніцтва. У 903 Т. пацярпелі паражэнне ад членаў радыкальнай ісмаіліцкай секты карматаў, у 905 пазбаўлены ўлады Абасідамі.