НАЛБАНДЗЯ́Н (Мікаэл Лазаравіч) (14.11.1829, г. Растоў-на-Доне, Расія — 12.4.1866),
армянскі пісьменнік, філосаф, рэв. дзеяч; пачынальнік арм.рэаліст. крытыкі і эстэтыкі. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1860). У 1859—62 у краінах Зах. Еўропы і Азіі. У 1892 зблізіўся з пецярбургскім цэнтрам тайнага т-ва «Зямля і воля». Неўзабаве зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць, з 1865 у ссылцы (г. Камышын). Філас., літ.-эстэт. погляды Н. сфарміраваліся пад уплывам рус.рэв.-дэмакр. эстэтыкі. Выступаў за сац. і нац. вызваленне арм. народа, асуджаў прыгонніцтва, самадзяржаўе. Дэбютаваў у 1851 вершамі, прасякнутымі ідэямі свабодалюбства, абвостранага пачуцця грамадскага абавязку. Яго верш «Свабода» (1859) спяваўся як гімн рэв. моладзі Арменіі. Аўтар раманаў «Аднаму — слова, другому — нявесту» (1858), «Благанне мёртвых» (1859, незакончаны), сатыр. «Дзённіка» (1858—60), антырэліг. паэмы «Прыгоды праайца» (1864, апубл. 1903), літ.-крытычных прац, «Уводзін» да «Граматыкі новай армянскай мовы» (1863, апубл. 1900), публіцыстычных твораў (памфлета «Два радкі», 1861), сацыялаг. трактата «Земляробства як верны шлях» (1862) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Избранные философские и общественно-политические произведения. М., 1954;
Стихотворения. М., 1967.
Літ.:
Даронян С.К. Микаэл Налбандян: Пробл. творчества и лит. связей. Ереван, 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭРЫЯ́ЛЬНАЯ АДКА́ЗНАСЦЬ,
абавязак аднаго з бакоў працоўнага дагавору кампенсаваць матэрыяльную шкоду, нанесеную ім другому боку гэтага дагавору ў выніку неналежнага выканання сваіх абавязкаў у сферы прац. адносін. Існуюць 2 віды М.а.: работніка перад наймальнікам і наймальніка перад работнікам. Для прыцягнення работніка да М.а. паводле норм прац. заканадаўства неабходна, каб на момант нанясення шкоды работнік быў у прац. адносінах з прадпрыемствам, установай, арг-цыяй, якім ён нанёс шкоду. Парадак прыцягнення да М.а., умовы, яе памер вызначаюцца КЗаП Рэспублікі Беларусь, пастановай Дзярж.к-та Рэспублікі Беларусь па працы і сац. абароне насельніцтва ад 8.10.1993 «Аб зацвярджэнні Узорнага пераліку пасад і работ, якія замяшчаюцца або выконваюцца работнікамі, з якімі наймальнікі могуць заключаць пісьмовыя дагаворы аб поўнай матэрыяльнай адказнасці», Узорным дагаворам або поўнай індывідуальнай М.а. і Палажэннем аб калектыўнай (брыгаднай) М.а. Пытанні М.а. работніка перад наймальнікам рэгламентуюцца і інш. актамі заканадаўства. М.а. настае толькі за прамую сапраўдную шкоду, калі яна ўзнікла ад проціпраўных дзеянняў па віне работніка. У адпаведнасці з заканадаўствам наймальнікі нясуць М.а. за шкоду, нанесеную работніку пакалечаннем або інш. пашкоджаннем здароўя, звязанымі з выкананнем ім сваіх прац. абавязкаў. Абавязковай умовай прыцягнення наймальніка да М.а. з’яўляецца проціпраўнае нанясенне шкоды. Прыкмета проціпраўнасці выяўляецца ў парушэнні наймальнікам абавязкаў, ускладзеных на яго як аднаго з бакоў прац. дагавору.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРДО́ВІКСКАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), ардовік,
другая сістэма палеазойскай эратэмы (групы эры), якая адпавядае другому перыяду палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца кембрыйскай, перакрываецца сілурыйскай сістэмамі. Пачалася каля 500 млн. гадоў назад, доўжылася каля 65 млн. гадоў. Тэрмін ардовікская сістэма (перыяд) уведзены англ. Геолагам Ч.Лапуарсам у 1879. Адклады ардовікскай сістэмы (перыяду) вядомы на ўсіх кантынентах, удзельнічаюць у будове платформавага чахла большасці платформаў Паўн. паўшар’я, выходзяць на паверхню на ўсіх мацерыках Паўн. паўшар’я (на ўскраінах стараж. платформы Гандвана), пашыраны ў складкавых сістэмах Апалачаў, Урала, Алтая, Саянаў і інш. У сярэдзіне ардовіку адбылося максімальнае пашырэнне мора на ўскраіны платформаў, дзе намнажаліся асадкі магутнасцю да 500 м (вапнякі, гліны, пяскі). Ва ўнутр. частках геасінклінальных паясоў, занятых глыбакаводнымі морамі, на тэр.Паўн. Амерыкі, на ЗПаўд. Амерыкі, у Еўразіі і на ПдУ Аўстраліі ўтварыліся адклады магутнасцю да 10 км (абломкавыя, вулканічныя, крамяністыя, карбанатныя). У канцы ардовіку пачалася каледонская складкавасць. Клімат на тэр. сучасных Паўн. Амерыкі, Грэнландыі, Паўн. Еўропы, б.ч. Азіі і Аўстраліі быў гарачы і сухі, астатняя ч. сучаснай сушы адпавядала прыпалярным абласцям, дзе знойдзены сляды ардовікскага мацерыковага зледзянення. Тэр. Беларусі ў ардовіку была сушай, якую абмывала мора на крайнім ПдЗ у Брэсцкай упадзіне (дзе намножылася да 40 м асадкаў) і на ПнЗ у межах Прыбалтыйскай монакліналі (магутнасць асадкаў да 150 м). Намнажаліся карбанатныя і гліністыя пароды — вапнякі з праслоямі мергелю, аалітамі і глаўканітам, гліны і гліністыя вапнякі. У арганічным свеце ардовікскай сістэмай (перыядам) прадстаўлены амаль усе тыпы і большасць класаў марскіх беспазваночных жывёл, сярод раслін пашыраны бактэрыі і водарасці. З’явіліся першыя прымітыўныя пазваночныя; беспазваночныя і расліны выйшлі на сушу. Найб. важныя для расчлянення адкладаў групы ардовікскай фауны: грапталіты, канадонты, трылабіты, брахіяподы і каланіяльныя каралы. Карысныя выкапні: нафта і газ (у Паўн. Амерыцы), гаручыя сланцы (Прыбалтыка), фасфарыты, руды жалеза, марганцу, медзі, свінцу, цынку, кобальту, ёсць золата, рэдказямельныя металы, хрызатыл-азбест, графіт. Стратыграфічны падзел ардовікскай сістэмы (перыяду) у кожным рэгіёне асобны. Найб. пашыраны — на 3 аддзелы і 6 ярусаў. Да ніжняга аддзела адносяць трэмадокскі і арэнігскі ярусы, да сярэдняга — ланвірнскі, ландэйльскі і карадокскі, верхні ўключае ашгільскі ярус. Гэты падзел пакладзены ў аснову рэгіянальнай стратыграфічнай схемы ардовікскіх адкладаў Беларусі (1981), у якой на падставе характэрных комплексаў брахіяподаў і імшанак вылучаны больш дробныя адзінкі — рэгіянальныя гарызонты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-ПО́ЛЬСКІЯ ДАГАВО́РЫ І ПАГАДНЕ́ННІМірны дагавор 1921 паміж РСФСР, УССР і Польскай Рэспублікай, падпісаны 18 сак. ў Рызе. Гл.Рыжскі мірны дагавор 1921. Дагавор 1932 аб ненападзе паміж СССР і Польшчай, падпісаны 25 ліп. ў Маскве на 3 гады па ініцыятыве сав. боку (перагаворы вяліся са студз. 1926, з-за рознагалоссяў бакоў перапынены і адноўлены ў канцы 1931; 26.1.1932 дагавор парафіраваны). Дзяржавы абавязваліся ўстрымлівацца ад агрэсіўных дзеянняў, у выпадку нападу на адну з іх не аказваць ні прамой, ні ўскоснай дапамогі краіне-агрэсару; не ўдзельнічаць у пагадненнях, варожых другому боку. Дагавор не пярэчыў інш. абавязацельствам, падпісаным раней, калі «гэтыя пагадненні не заключаюць у сабе элементаў агрэсіі». Паводле дагавора створана ўзгадняльная камісія з 4 чл. (па 2 ад кожнага боку). Пратаколам ад 5.5.1934 тэрмін дзеяння дагавора працягнуты да 31.12.1945. Страціў сілу пасля ўступлення 17.9.1939 Чырв. Арміі на тэр.Усх. Польшчы (Зах. Беларусь і Зах. Украіна) у пач. 2-й сусв. вайны. Пагадненне 1941 паміж урадам СССР і польскім урадам у эміграцыі, падпісана 30 ліп. ў Лондане. Гл.Савецка-польскае пагадненне 1941. Пагадненне 1944 паміж урадам СССР і Польскім камітэтам нацыянальнага вызвалення (ПКНВ) аб адносінах паміж сав. галоўнакамандуючым і польскай адміністрацыяй пасля ўступлення сав. войск на тэр. Польшчы, падпісана 26 ліп. ў Маскве. Вызначыла, што вярх. ўлада і адказнасць за ўсе справы, якія Датычаць ваен. дзеянняў на тэр. Польшчы, ускладаюцца на галоўнакамандуючага сав. войскамі. ПКНВ на вызваленых польскіх землях ствараў органы польскай адміністрацыі, фарміраваў і ўкамплектоўваў польскія войскі, забяспечваў садзеянне органаў польскай адміністрацыі ў ажыццяўленні Чырв. Арміяй ваен. аперацый і ў задавальненні яе патрэб у час знаходжання на польскай тэрыторыі. Прадугледжвалася, што асобы, якія належалі да сав. войск, заставаліся ў сав. юрысдыкцыі; асобы, што належалі да Войска Польскага, і цывільнае насельніцтва падлягалі польскай юрысдыкцыі. Дагавор 1945 аб дружбе, узаемнай дапамозе і пасляваенным супрацоўніцтве,
падпісаны 21 крас. ў Маскве на 20 гадоў. СССР і Польшча абавязваліся давесці вайну супраць фаш. Германіі да поўнай перамогі, не заключаць без узаемнай згоды перамір’я або мірнага дагавора з урадам А.Гітлера і інш. уладай у Германіі, якая б замахвалася на незалежнасць, тэр. цэласнасць ці бяспеку адной з дагаворных дзяржаў, пашыраць сав.-польскае эканам. і культ. супрацоўніцтва, аказваць ваен. і інш. дапамогу, пасля вайны рабіць усе захады, каб не паўтарылася агрэсія з боку Германіі ці інш. дзяржавы. Пагадненне 1945 аб абмене насельніцтвам, падпісана 6 ліп. ў Маскве. Давала права свабоднага добраахвотнага выхаду з сав. грамадзянства і вяртання ў Польшчу асобам польскай і яўр. нацыянальнасцей, якія да 17.9.1939 былі польскімі грамадзянамі, і членам іх сем’яў, а таксама права выхаду з польскага грамадзянства і перасялення ў СССР асобам рускай, укр., бел., русінскай (зах. ўкраінцы, што даўней жылі ў складзе Аўстра-Венгрыі) і літоўскай нацыянальнасцей і членам іх сем’яў, якія жывуць на тэр. Польшчы. Дагавор 1945 аб савецка-польскай дзярж. граніцы, падпісаны 16 жн. ў Маскве. Гл.Савецка-польскі дагавор 1945. Пагадненне 1957 аб тэрмінах і парадку далейшай рэпатрыяцыі з СССР асоб польскай нацыянальнасці. Сав. ўрад выказаў гатоўнасць спрыяць добраахвотнай рэпатрыяцыі палякаў, што мелі сем’і ў Польшчы, а таксама тых, хто раней не змог выкарыстаць права на рэпатрыяцыю, сваякам рэпатрыянтаў у СССР. Дагавор 1965 аб дружбе, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе, падпісаны 8 крас. ў Варшаве на 20 гадоў. СССР і Польшча абавязваліся дзейнічаць у рамках папярэдняга дагавора 1945 і Варшаўскага дагавора 1955, супрацоўнічаць у межах Савета Эканам. Узаемадапамогі, заявілі пра недатыкальнасць дзярж. граніц Польшчы па Одэры — Нейсе. У развіццё гэтага дагавора ў 1970—85 падпісаны шэраг пагадненняў і пратаколаў па пытаннях эканомікі, гандлю, навукі, тэхнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТРЭ́Ту літаратуры — 1) апісанне знешняга выгляду чалавека
(рыс твару, фігуры, мімікі, жэстаў, манеры паводзін); адзін са сродкаў стварэння маст. вобраза, характарыстыкі героя, які спрыяе перадачы сац. і псіхал. тыпажу персанажа, выяўленню аўтарскіх адносін да яго. У стараж. л-ры П. не надавалася вял. значэння: герой не меў выразных індывід. рыс, яго знешні выгляд быў стэрэатыпны і абазначаў толькі прыналежнасць да пэўнага асяроддзя. Ў рамант. л-ры П. заняў важнае месца, дапамагаючы ўзвышаць ці эстэтычна зніжаць героя (напр., Бандароўна і пан Патоцкі ў паэме Я.Купалы «Бандароўна»). У рэаліст. л-ры П. найперш сродак псіхал. абмалёўкі характару (у творах Я.Коласа, К.Чорнага, І.Мележа, В.Быкава). Таксама сустракаецца эмац.-ацэначны П. (партрэтныя апісанні выяўляюць або пачуцці аўтарскай прыхільнасці да герояў, або іранічна-здзеклівыя адносіны да іх). Партрэтная характарыстыка можа быць прамая (аўтарская) і ўскосная (даецца адным персанажам другому). Яна псіхалагічна дзейсная і ў паказе душэўнага стану героя ў пэўны момант, у раскрыцці эвалюцыі яго характару. Таму П. часта даецца ў творы ў дынаміцы, фрагментамі, якія адлюстроўваюць гэту эвалюцыю.
2) Біягр. нарыс пра пісьменніка, мастака, грамадскага дзеяча, у якім аўтар узнаўляе цэласнае аблічча чалавека, абапіраючыся на суб’ектыўныя ўражанні пры захаванні дакумент. дакладнасці ў перадачы фактаў. Літ. П. паэтаў Зах. Беларусі (М.Васілька, М.Засіма, А.Салагуба),
сучасных бел. пісьменнікаў (У.Караткевіча, Н.Гілевіча) стварыў У.Калеснік.
У выяўленчым мастацтве — адзін з асн. жанраў (і асобны твор) жывапісу, графікі, скульптуры, прысвечаны адлюстраванню канкрэтнага чалавека або групы людзей. Аснова жанру — перадача індывідуальнага аблічча персанажа незалежна ад узроўню ўмоўнасці вобраза і дакладнасці яго знешняга падабенства. Глыбіня вобраза залежыць ад ступені раскрыцця ўнутр. свету персанажа, выяўлення сутнасці яго характару. Неад’емная частка агульнага зместу П. — узаемаадносіны мастака і мадэлі. У адлюстраванні характэрных для эпохі абставін, касцюма, тыпажа і інш. раскрываецца гістарызм П. Звычайна П. ствараюць з натуры; могуць быць выкананы з маскі, знятай з партрэтаванага, фотаздымка, з прыжыццёвага П., напр., па ўспамінах або ўяўленні мастака; спецыфічны від П. — аўтапартрэт. Паводле характару выканання, прызначэння, спецыфікі форм вылучаюць П.: станковыя (жывапісныя, графічныя, скульптурныя), манументальныя (манум. скульптура і жывапіс; гл. таксама Надмагілле), малых форм (мініяцюры, П. на медалях і манетах, гемы); інтымны, парадны, псіхалагічны, камерны, лірычны, гераічны, гіст., бытавы, сатыр., гумарыстычны (карыкатура, шарж) і інш.; у рост, па калені, па пояс, пагрудны (гл.Бюст), галава; анфас, профіль і інш. Могуць быць індывід., парныя, групавыя. У маст. практыцы П. часта спалучаецца з інш. жанрамі. Вылучаюць П.-карціну (партрэтаваны паказаны ў сюжэтнай ці сэнсавай узаемасувязі з прадметным, прыродным або арх. асяроддзем, інш. людзьмі), П.-тып (збіральны вобраз, структурна блізкі да П.) і інш.
Узнікненне П. звязана з імкненнем увекавечыць вобраз чалавека, што абумовіла, асабліва на ранніх стадыях, дамінаванне мемарыяльнага пачатку. Першыя яго ўзоры трапляюцца ў мастацтве стараж. Егіпта, Грэцыі, Рыма, краін Усходу і вызначаюцца спалучэннем рытуальнасці характару выявы, абагаўлення ці ідэалізацыі вобразаў з цікавасцю да індывід. асаблівасцей чалавека (гл.Партрэт пахавальны, Фаюмскі партрэт). У сярэднявеччы ў еўрап. мастацтве вобраз падпарадкоўваўся рэліг. канонам, часта з’яўляўся часткай арх.-маст. ансамбля храма, вылучаўся імперсанальнасцю (выявы ўладароў, іх прыбліжаных і інш.; гл. таксама Партрэт данатарскі). Часам рысы канкрэтных асоб надаваліся выявам святых, індывідуалізацыяй вызначаліся надмагільныя П. У Кітаі П. вызначаўся разнастайнымі тыпамі (данатарскі, культава-пахавальны, афіцыйны, свецкі і інш.), творы спалучалі дакладнасць індывід. рыс з увасабленнем ідэі вышэйшай гармоніі і велічы сусвету. Высокім маст. узроўнем вызначалася партрэтная мініяцюра краін Зах. Еўропы, Сярэдняй Азіі, Азербайджана, Ірана, Індыі, Афганістана і інш. У эпоху Адраджэння мастакі прадстаўлялі мадэль ва ўсёй шматграннасці вобраза, вылучалі індывід. своеасаблівасць моцнай і яркай асобы, ідэалізацыя якой вынікае з сутнасці самога арыгінала (С.Батычэлі, Данатэла, Джарджоне, Караваджа, Леанарда да Вінчы, Рафаэль, А. дэль Сарта, Тыцыян у Італіі, А.Дзюрэр, Л.Кранах Старэйшы, Г.Гольбейн Малодшы ў Германіі, Рагір ван дэр Вейдэн, Я.Госарт, Р.Кампен, Я. ван Эйк у Нідэрландах і інш.). У 17 ст. партрэтны жывапіс імкнуўся да дэмакратызацыі вобразаў, глыбокага пранікнення ў духоўнае жыццё чалавека, большай адэкватнасці вобраза арыгіналу, перадачы шырокага спектра і крытычнага трактавання яго індывід. рыс (Рэмбрант, Ф.Халс у Нідэрландах, Д.Веласкес, Ф.Гоя, Ф.Сурбаран у Іспаніі, А. ван Дэйк, Я.Іорданс, П.П.Рубенс у Фландрыі і інш.). У 18 ст. пад уплывам гуманіст. ідэй Асветніцтва ўзмацнілася рэалістычнасць П. (А.Вато, Ж.Гудон, К. дэ Латур, Ж.Б.Перано, Ж.А.Фраганар, Ж.Б.С.Шардэн у Францыі, У.Хогарт у Вялікабрытаніі, П.Батоні ў Італіі і інш.). У 2-й пал. 18—19 ст. узрасла ўвага да адлюстравання ўнутр. свету чалавека, перадачы псіхалагізму (Т.Гейнсбара, А.Стывенс, Дж.Рэйналдс у Вялікабрытаніі, Г.Сцюарт у ЗША, Ж.Л.Давід, Э.Дэлакруа, Г.Курбэ, Т.Жэрыко, Ж А.Энгр у Францыі, В.Лейбль, А.Менцэль у Германіі, А.Каўфман у Швейцарыі, Я.Матэйка ў Польшчы, А.Антропаў, І.Аргуноў, У.Баравікоўскі, К.Брулоў, І.Вішнякоў, М.Ге, І.Крамской, А.Кіпрэнскі, Дз.Лявіцкі, В.Пяроў, Ф.Рокатаў, І.Рэпін, Ф.Шубін у Расіі і інш.).
На развіццё П. канца 19 — пач. 20 ст. істотна паўплывалі адкрыцці майстроў імпрэсіянізму і блізкіх да іх мастакоў (Э.Дэга, Э.Манэ, А.Радэн, А.Рэнуар у Францыі і інш.). Прыкметны ўплыў на развіццё сусв. П. зрабіла і творчасць мастакоў мадэрнісцкіх кірункаў (жывапісцы В. ван Гог, О.Какошка, А.Мадыльяні, П.Пікасо, П.Сезан і інш., скульптары — А.Бурдэль, А.Маёль і інш.). Псіхал. выразнасць, духоўная глыбіня вобразаў вылучае П. рус. мастакоў Ю.Аненкава, А.Галавіна, В.Сярова, М.Урубеля, Б.Кустодзіева, М.Ларыёнава, П.Малявіна, К.Сомава, З.Серабраковай і інш. З сярэдзіны 20 ст. П. развіваўся ў рэчышчы разнастайных кірункаў і плыняў у творчасці Р.Гутуза (Італія), Л.Ласанскага, Э.Уорхала (ЗША), І.Глазунова, П.Канчалоўскага, П.Корына, М.Несцерава, К.Пятрова-Водкіна (Расія), скульптараў К.Дунікоўскага (Польшча), Дж.Манцу (Італія), Ф.Крэмера (Германія), В.Мухінай (Расія) і інш.
На Беларусі першыя партрэтныя выявы вядомы з глыбокай старажытнасці (драўляная фігурка чалавека са стаянкі Асавец; канец 3-га — 1-я пал. 2-га тыс. да н.э.; багушэвіцкая статуэтка, 2-я пал. 1-га тыс. да н.э.). Адметныя рысы П. праяўляюцца ў манум. жывапісе і скульптуры 12—14 ст. (фрэскі Спаса-Ефрасіннеўскай царквы ў Полацку, размалёўкі, выкананыя бел. майстрамі ў Польшчы). З літ. крыніц вядомы станковы П. 14 ст. У 16 ст. развіваецца ў графіцы (гравюрны П. Ф.Скарыны ў выдадзенай ім «Бібліі», 1517—19), мемарыяльнай скульптуры, медальерным мастацтве. У канцы 16—18 ст. пашырыліся рэпрэзентатыўны парадны (гл.Партрэт сармацкі), пахавальны, данатарскі, рыцарскі і інш. тыпы П. Сярод партрэтыстаў жывапісец І.Шрэтэр, графікі Г.Ляйбовіч, А. і Л. Тарасевічы. У 18 — пач. 19 ст. на развіццё П. ўплывалі класіцызм, рамантызм (жывапісцы І.Аляшкевіч, Ц.Бычкоўскі, А.Главацкі, Я.Дамель, С.Заранка, К.Карсалін, Ф.Смуглевіч, І.Хруцкі, А.Шэмеш, графікі Ю.Азямблоўскі, А.Бартэльс, К.Бахматовіч, Т.Кіслінг, Я.Клямбоўскі, К.Кукевіч, Ю.Пешка, скульптары Я.Астроўскі, К.Ельскі, Р.Слізень і інш.). У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. П. адметны дэмакратызацыяй вобразаў, паглыбленнем сац. і псіхал. характарыстык (Л.Альпяровіч, Я.Кругер, Ю.Пэн, А.Ромер, Б. і К. Русецкія, Н.Сілівановіч і інш.). У 1-й пал. 20 ст. ў жанры П. працавалі І.Ахрэмчык, А.Бразер, Г.Віер, В.Волкаў, А.Грубэ, К.Змігродскі, М.Станюта, М.Філіповіч, у 2-й пал. 20 ст. — З.Азгур, А.Анікейчык, Л.Асядоўскі, А.Бембель, М.Будавей, С.Вакар, Г.Вашчанка, М.Данцыг, Л.Дударэнка, Я.Зайцаў, М.Кірэеў, П.Крахалёў, А.Кішчанка, А.Малішэўскі, А.Марачкін, В.Маркавец, І.Міско, Г.Паплаўскі, А.Паслядовіч, У.Пасюкевіч, Ю.Піскун, В.Пратасеня, І.Пратасеня, А.Пушкін, М.Савіцкі, В.Сахненка, У.Стальмашонак, І.Стасевіч, І.Фяцісаў, Я.Харытоненка, Г. і Я. Ціхановічы, В.Шаранговіч, А.Шыбнёў, Л.Шчамялёў і інш.
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;
Яго ж. Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;
Яго ж. Сучасны беларускі партрэт. Мн., 1982;
Беларуская станковая графіка / Склад. В.Ф.Шматаў. Мн., 1978;
Петерсон Э.А. Портретная скульптура Советской Белоруссии. Мн., 1982.
А.М.Пяткевіч (літаратура), М.Л.Цыбульскі.
К.Брулоў. Партрэт графіні Ю.Самойлавай з выхаванкай. 1839—40.А.Дзюрэр. Партрэт маладога чалавека. 1521.Да арт.Партрэт. П.Пікасо. Амбруаз Валар. 1909—10.І.Хруцкі. Партрэт невядомай. 1830-я г.Да арт.Партрэт. З.Азгур. Рабіндранат Тагор. 1956.У.Стальмашонак. Партрэт Якуба Коласа. 1966—67.Да арт.Партрэт. М.Філіповіч. Жанчына ў намітцы. 1930-я г.Да арт.Партрэт. М.Будавей. А.Макаёнак. 1985.Да арт.Партрэт. Ю.Піскун. Старасвецкая мелодыя. 1995.