(н. 14.9.1938, в. Клеявічы Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1963). З 1963 працаваў у рэдакцыях газет, час. «Неман», «Полымя», у 1980—82 гал. рэдактар літ.-драм. перадач Бел. тэлебачання. З 1984 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1955. Кнігі нарысаў «Гаспадар зямлі» (1971), «Зялёны трохкутнік» (1973) пра вёску. Аўтар зб-каў аповесцей і апавяданняў «Мадонна з кветкаю» (1976), «Якар надзеі» (1979), зб. публіцыстыкі «Хлеб і мужнасць» (1987). Прататып аповесці «Валанцёр свабоды» (1983) Ф.Варанішча — удзельнік рэв. руху ў Аргенціне і Іспаніі, руху Супраціўлення ў Францыі. У цыкле раманаў-хронік пра пасляваен. вёску «Шчыглы» (1986), «Паводка сярод зімы» (1989), «Дзікая ружа» (1993), «Сіняе лета» (1998) імкненне паказаць нар. душу, жыццястойкасць бел. нацыі, матывы дома і сям’і, працягу роду. Аўтар кн. «Вяртанне ў радыяцыю» (1997). Піша п’есы (аднаактоўка «Ці любіце вы грэчку?», 1972; драмы «Пасля разводу», нап. 1972; «Чабор», 1973, апубл. 1980; гераічная хроніка «Павел і Хуаніта», нап. 1974). Аўтар сцэнарыя дакумент. фільма «Дом майстроў» (1973) і інш.
Тв.:
Ларыса, альбо Прыгоды аўтамабіліста: Аповесць, п’есы. Мн., 1998.
Літ.:
Рагуля А. Святло знутры // Роднае слова. 1998. № 9;
Бугаёў Дз. Дасягнутае і страчанае // Полымя. 1999. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПУ́СТА (Brassica),
род кветкавых раслін сям. капуставых. Каля 35 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. Найважнейшыя віды К. вырошчваюць ва ўсім свеце (культывуюць з ранняга неаліту). На Беларусі 6 відаў: К. агародная (B. oleracea), бручка, гарчыца, рапс, рэпа, свірэпіца.
К. агародная вызначаецца незвычайнай марфал. зменлівасцю, мае мноства разнавіднасцей і форм. Найб. вядомыя ў культуры: К. белакачанная — лісце качана буйное, простае, лірападобнае або суцэльнае, светла- або інтэнсіўна-зялёнае з фіялетавым адценнем. У лісцях К. чырвонакачаннай ёсць пігмент антацыян. Савойская К. мае рыхлы качан з пухіравата-маршчакаватага лісця. Брусельская К. ўтварае сцябло выш. да 1 м, у пазухах лісця развіваюцца дробныя качанчыкі. Лісцевая К. мае тоўстае сцябло да 1,5 мвыш. з буйным мясістым лірападобным або суцэльным лісцем. У кальрабі клубнепадобна патоўшчанае сцябло (сцеблаплод); лісце чаранковае, перыста-лопасцевае або лірападобнае. Пекінская К. мае разетку буйнога (да 60 смдаўж.) лісця, сабранага ў рыхлы качан. Цвятная К. ўтварае цыліндрычнае сцябло выш. да 70 см, на якім шматлікія зрослыя кветаносныя парасткі. Усе К. — святлалюбныя і холадаўстойлівыя. Верагодны зыходны від — К. дзікая (B. sylvestris). Амаль усе К. (акрамя цвятной і пекінскай) — двухгадовыя расліны. У 1-ы год фарміруюць вегетатыўныя органы (качан, разетку лісця, сцеблаплод), на 2-і — цвітуць і даюць насенне. Агароднінная, кармавая і алейная расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́БСЕН ((Ibsen) Генрык) (20.3.1828, г. Шыен, Нарвегія — 23.5.1906),
нарвежскі драматург. З 1851 рэжысёр і драматург Бергенскага нац.т-ра, з 1857 кіраўнік Нарвежскага т-ра ў Крысціяніі (Осла). У 1864—91 жыў за мяжой, пераважна ў Італіі і Германіі. Пачынаў як паэт у 1848, як драматург дэбютаваў п’есай «Катыліна» (1850). Аўтар п’ес «Норма, або Каханне палітыка» (1851), «Камедыя кахання» (1862), цыкла гісторыка-рамант. драм «Курган волатаў» (1850), «Фру Інгер з Эстрата» (1854), «Ваяўнікі ў Хельгеландзе» (1857), «Барацьба за прастол» (1863). Вядомасць І. прынеслі філас. драмы «Бранд» (1866) і «Пер Гюнт» (1867). Драма «Пер Гюнт» прасякнута фальклорна-казачнымі матывамі, з фальклору ўзяты і вобраз гал. героя, фантазёра і летуценніка, які шукаў для сябе лёгкіх шляхоў, часам грэбуючы маральнымі законамі і чужымі лёсамі. Эстэт. эвалюцыя І. адлюстравалася ў п’есах «Стаўпы грамадства» (1877), «Лялечны дом» («Нора», 1879), «Здані» (1881), «Вораг народа» (1882), у якіх рамант. тэндэнцыі саступаюць месца сатырычным, а самі п’есы пазначаны глыбейшым псіхалагізмам, насычаны рэаліст. сімволікай. Познія п’есы І. «Дзікая качка» (1884), «Росмерсхальм» (1886), «Жанчына з мора» (1888), «Геда Габлер» (1890), «Калі мы, мёртвыя, абуджаемся» (1899) сведчылі пра імкненне абагульнена-філас. ўвасаблення жыцця, ускладненасць падтэксту і сімволікі. Спектакль «Нора» («Лялечны дом») у 1903—05 ішоў на сцэне Мінскага т-ва аматараў прыгожых мастацтваў. Ставіліся п’есы «Здані» ў т-ры імя Я.Коласа (1940) і Рус.драм. т-ры (1983), «Нора» і «Жанчына з мора» ў т-ры імя Я.Купалы (1954 і 1984). У бел. т-ры оперы і балета пастаўлены балет «Пер Гюнт» на музыку Э.Грыга (1966).
Тв.:
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—4. М., 1956—58.
Літ.:
Адмони В.Г. Генрик Ибсен: Очерк творчества. 2 изд. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РСІКА (Corse),
востраў на ПнЗ Міжземнага мора. Дэпартамент Францыі. Пл. 8,7 тыс.км². Даўж. 183 км, шыр. да 85 км. Нас. 249,7 тыс.чал. (1990). Рэльеф гарысты. Б.ч. вострава займаюць горы (выш. да 2706 м, г. Мон-Сенто), мерыдыянальнага напрамку, якія на З стромка абрываюцца да мора і фарміруюць скалісты бераг, моцна расчлянёны залівамі. На У вострава вузкая нізіна Плен-д’Алерыя, шыр. да 10 км. Берагі тут плоскія, нізкія, месцамі забалочаныя, слаба расчлянёныя. К. складзена на З з гранітаў, на У — з моцна дыслацыраваных тоўшчаў мезакайназою, у асн. гліністымі сланцамі. Клімат міжземнаморскі з гарачым сухім летам і цёплай вільготнай зімой. Сярэднія т-ры студз. 12—13 °C, ліп. 24—26 °C. Ападкаў ад 600 мм за год на раўнінах да 1000—1200 мм у гарах. Максімум ападкаў выпадае зімой, часам у выглядзе снегу. Сухі сезон доўжыцца 3—4 мес. Кароткія парожыстыя рэкі моцна мялеюць і перасыхаюць. Глебы карычневыя і горна-лясныя бурыя. Лясы сустракаюцца асобнымі масівамі, на б.ч. вострава высечаны. Да выш. 600—700 м пашыраны (асабліва на ПнЗ) маквіс (дрэвападобны верас, сунічнае дрэва, каменны дуб, дзікая масліна, лаўр, ладаннік і інш.); да выш. 1100—1200 м — лясы з каштану і дубу; да выш. 1900 м — з буку, вольхі, хвоі. Вышэй субальпійская і альпійская расліннасць. У прыморскай паласе насаджэнні з коркавага дубу і эўкаліптаў. Рэзерваты Касаб’янда, Скандола. Апрацоўваемыя плошчы сканцэнтраваны на нізінах, у далінах і на тэрасаваных схілах вакол населеных пунктаў. Сады, вінаграднікі, аліўкавыя гаі, палі пшаніцы, ячменю, кукурузы. Жывёлагадоўля. Турызм. Гал. гарады — Аяча, Бастыя.
Літ.:
Вандер Ф. Корсика еще не открыта: Пер. с нем. М., 1961.