ЛЯЙБО́ВІЧ (Гершка) (1700—1770),

бел. гравёр. Працаваў у Нясвіжскай друкарні кн. Радзівілаў. Для альбома «Выява роду князёў Радзівілаў» (надрукаваны ў Нясвіжскай друкарні ў 1758, экзэмпляр захоўваецца ў Нац. гіст. архіве Рэспублікі Беларусь) выканаў партрэты Вайшунда (Войсцундуса) I Хрысціяна і Караля Станіслава (Пане Каханку; 1750-я г.), 3 экслібрысы для нясвіжскай б-кі, герб Радзівілаў (змешчаны ў «Артыкулах ваенных», Нясвіж, 1754), награвіраваў карту літ. правінцыі бернардзінцаў, інтэр’ер касцёла езуітаў у Нясвіжы і інш.

Літ.:

Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984. С. 170—175.

Г.Ляйбовіч. Партрэт Вайшунда (Войсцундуса) І.​Хрысціяна. 1750-я г.

т. 9, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАВУ́МАВА-ЛЕ́БЕДЗЕВА (Ганна Пятроўна) (17.5.1871, С.-Пецярбург — 5.5.1955),

рускі гравёр і жывапісец. Нар. мастак Расіі (1946), правадз. чл. АМ СССР (1949). Вучылася ў Цэнтр. вучылішчы тэхн. малявання Штыгліца, у Пецярбургскай АМ (1892—1900) у І.​Рэпіна і В.​Матэ. Уваходзіла ў аб’яднанне «Свет мастацтва». Адрадзіла рус. арыгінальную чорна-белую і каляровую гравюру па дрэве, працавала ў галіне кніжнай ілюстрацыі, стварыла серыю паэтычных гравюр-пейзажаў: «Пецярбург» (1908), «Крукаў канал» (1910), «Марсава поле» (1922), «Паўлаўск» (1922—23), «Смольны» (1924), партрэты і інш.

Тв.:

Автобиографические записки. Т. 1—3. М., 1974.

Літ.:

Синицын Н. Гравюры Остроумовой-Лебедевой. М., 1964.

М.​М.​Паграноўскі.

Г.Астравумава-Лебедзева. Крукаў канал. 1910.

т. 2, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРАНЕ́ЗІ ((Piranesi) Джавані Батыста) (4.10.1720, г. Мальяна-Венета, Італія — 9.11.1778),

італьянскі гравёр. Працаваў у Рыме, Венецыі і Неапалі. Зазнаў уплывы ант. дойлідства, венецыянскага барочнага тэатр.-дэкарацыйнага мастацтва. У творчай манеры спалучаў афорт з разцовай гравюрай. Ствараў «архітэктурныя фантазіі», якія вызначаліся грандыёзнасцю прасторавых вырашэнняў, вострадрам. святлоценявымі кантрастамі (цыклы «Фантазіі на тэму турмаў», каля 1745—50, 1760—61) і відавыя гравюры, у якія прыўносіў элементы рамант. вымыслу, што надавалі арх. помнікам манументальнасць і жывапіснасць (цыклы «Віды Рыма», з 1748; «Рымскія старажытнасці», 1756). Гравюры П. паўплывалі на станаўленне стылю ампір. Працаваў таксама як архітэктар.

Літ.:

Лаврова О.И. Избранные офорты Дж.​Б.​Пиранези. М., 1972.

т. 12, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАЧЫ́ЛЯС ((Skoczylas) Уладзіслаў) (4.4.1883, г. Вялічка Малапольскага ваяв., Польшча — 8.4.1934),

польскі гравёр, адзін са стваральнікаў польскай графічнай школы 20 ст. Вучыўся ў Маст.-прамысл. школе ў Вене (з 1901) і АМ у Кракаве (1904—06). З 1908 выкладаў у Школе апрацоўкі дрэва ў Закапанэ, з 1922 праф. Школы прыгожых мастацтваў у Варшаве. Ініцыятар стварэння творчых аб’яднанняў «Рытм» (1922) і «Гравюра» («Рыт», 1925). Адзін з заснавальнікаў Ін-та прапаганды мастацтва. У творчасці выкарыстоўваў традыцыі нар. гравюры і лубка. Ксілаграфіі С. на сял. тэмы ( «Паход разбойнікаў», «Танец разбойнікаў», абедзве 1919; «Дзяўчаты з карзінамі», 1928), гар. і вясковыя пейзажы (цыкл «Старая Варшава», 1930) вылучаюцца дэкар. вытанчанасцю кампазіцыі, выразнасцю лінейнага рытму, святлоценявымі кантрастамі, фактурнымі і каларыстычнымі эфектамі.

т. 14, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Тарасевіч А. (гравёр) 10/233—234, 452; 11/474; 12/605, 612—613 (укл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛО́ ((Callot) Жак) (1592 або 1593, г. Нансі, Францыя — 25.3.1635),

французскі гравёр і рысавальшчык. Майстар афорта. Прадстаўнік маньерызму. З 1608 вучыўся ў Рыме. У 1611—21 прыдворны мастак у Фларэнцыі («Спакуса св. Антонія», каля 1616; «Кірмаш у Імпрунеце», 1620). З 1621 у Нансі, рабіў гравюры па малюнках, прывезеных з Італіі [серыі «Гобі» («Гарбуны»), «Балі» («Танцы»), «Тры Панталоне», усе 1622, і інш.]. У творах адлюстроўваў тагачасныя гіст. падзеі («Аблога Брэды», 1627; «Аблога вострава Рэ» і «Аблога Ла-Рашэлі», абодва 1630), шматграннасць жыцця («Жабракі», 1622; 2 серыі «Бедства вайны», 1632—33), звяртаўся да рэліг. сюжэтаў («Пакутніцтва св. Себасцьяна», 1632—33), пісаў пейзажы («Чатыры пейзажы», 1622; віды Нансі, 1626, Парыжа, 1629), партрэты (К.​Дэруэ, 1632). Вынайшаў тэхніку паўторнага траўлення ў афорце, што дазволіла дасягнуць асаблівай дакладнасці малюнка, топкасці і мяккасці танальных і святлоценявых пераходаў.

Ж.Кало. Касандр. Афорт з серыі «Тры Панталоне». 1622.

т. 7, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКА́ ЛЕ́ЙДЭНСКІ, Лукас ван Лейдэн (Lucas van Leyden; 1489 або 1494, г. Лейдэн, Нідэрланды — 1533),

нідэрландскі гравёр і жывапісец эпохі Адраджэння. Вучыўся ў свайго бацькі Х.​Якабса (1504—08) і К.​Энгелбрэктса. Зазнаў уплывы А.​Дзюрэра і М.​Раймондзі. У творчасці імкнуўся да спалучэння дакладнасці перадачы фігур і дэталей, псіхал. выразнасці вобразаў і цэласнасці кампазіцыі. У ранні перыяд працаваў як майстар разцовай гравюры на медзі («Магамет і манах Сергій», 1508; «Кароўніца», 1510; «Танец Магдаліны», 1519; «Вергілій у кашы», 1523), пазней звярнуўся да афорта і дрэварыта. У жывапісе ствараў жанравыя сцэны («Гульня ў шахматы», каля 1508—10; «Гульня ў карты», каля 1521), рэліг. кампазіцыі («Св. Антоній», 1511; «Пропаведзь у царкве», 1521; трыпціхі «Страшны суд», 1526—27, «Вылячэнне іерыхонскага сляпога», 1531), партрэты, у т. л. аўтапартрэт (каля 1514).

Лука Лейдэнскі. Танец Магдаліны. 1519.
Лука Лейдэнскі. Страшны суд. 1526—27.

т. 9, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРЫ́НДА (Памва) (? — 23.7.1632),

дзеяч усх.-слав. культуры, лексікограф, друкар, гравёр, пісьменнік. Звесткі пра нацыянальнасць, месца вучобы і адукацыю не выяўлены. З прадмоў і пасляслоўяў, надрукаваных Бярындай у кнігах, відаць, што ён валодаў бел., стараслав., укр., грэч., лац., яўр. і інш. мовамі. Некаторы час займаўся выдавецкай справай у Львове, потым архітыпограф слав. друкарні пры Кіева-Пячэрскай лаўры. Аўтар сілабічных вершаў. Найб. ранні твор — «Да нараджэння Хрыстова» (1616). У Кіеве выдаў «Анфалагіён» (1619), «Гутаркі Іаана Златавуста на 14 пасланняў ап. Паўла» (1623) і інш. Асн. твор — бел.-ўкр. і царкоўнаслав. «Лексіконъ славенороскій и именъ тлъкованіе» (1627, 2-е выд. 1653, Куцейна, пад рэд. І.​Турцэвіча) — самы вялікі (каля 7000 слоў) на Беларусі слоўнік 17 ст. Асновай для «Лексікона...» паслужыў першы бел. друкаваны слоўнік Л.​Зізанія «Лексіс» (1596). «Лексіконъ...» перавыдадзены з выдання 1627 факсімільным спосабам (Кіеў, 1961).

Літ.:

Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды. Т. 1. Мн., 1976.

М.​Р.​Суднік.

П.Бярында. «Лексіконъ...» (Куцейна, 1653).

т. 3, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАШЧА́НКА (Максім Ярмалініч) (1650-я г., Магілёў — 1708),

бел. друкар і гравёр па медзі. Адзін з заснавальнікаў Магілёўскай школы гравюры. Вучыўся ў Віленскай езуіцкай акадэміі, дзе атрымаў ступень бакалаўра філасофіі і вольных мастацтваў (1672), званне магістра навук (1673). Друкарскую дзейнасць пачаў у Слуцку, дзе ў 1678 зрабіў ілюстрацыі да кн. «Манархія Турэцкая, апісаная Рыко» (19 падпісных медзярытаў Вашчанкі — копіі гравюр франц. мастакоў С.​Леклерка і Н.​Кашэна для парыжскага выдання 1670 кнігі П.​Рыко). З 1680-х г. працаваў у Магілёўскай брацкай друкарні, якой кіраваў з 1690-х г. да 1708. Выканаў каля 30 медзярытаў для кн. «Акафісты і каноны» (1693; друкаваліся таксама ў кн. «Акафісты і каноны», 1726, і «Акафісты», 1728). Адзін з першых у бел. кірылічным кнігадрукаванні выкарыстаў тэхніку разцовага медзярыту. Многія гравюры Вашчанкі створаны пад уплывам зах.-еўрап. традыцый, вылучаюцца ўмелай кампаноўкай шматфігурных сцэн, багаццем святлоценявой мадэліроўкі. Яго сын В.М.Вашчанка вядомы як майстар выдатных дрэварытаў.

А.​М.​Пікулік.

М.Я.Вашчанка. Ілюстрацыя да кнігі «Манархія Турэцкая, апісаная Рыко». Медзярыт 1678.

т. 4, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫБЕ́РА (Ribera; празваны Спаньялета, Spagnoletto) Хусепе дэ (17.2.1591, г. Хаціва, Іспанія — 2.9.1652), іспанскі жывапісец і гравёр, прадстаўнік караваджызму. Вучыўся, верагодна, у Ф.​Рыбальты ў Валенсіі. З 1613 у Італіі, у 1616—18 прыдворны жывапісец ісп. віцэ-каралёў у Неапалі. У ранніх творах (у т. л. ў афортах) пераважалі рэзкія святлоценявыя кантрасты, драм. сцэны пакутніцтва, у якіх падкрэсліваў перамогу волі над фіз. пакутамі («Пакутніцтва св. Варфаламея», 1624; «Сілен», «Св. Себасцьян і св. Ірына», абодва 1628; «Пустэльнік Павел», 1632), паўфігурныя выявы стараж. філосафаў, трактаваныя як простанародныя тыпажы («Дэмакрыт», 1630; «Дыяген», 1637). З сярэдзіны 1630-х г. пры захаванні агульнай суровасці вобразнага ладу перайшоў да большай ураўнаважанасці кампазіцыі і мяккасці святлаценю, у колеравай гаме пашырыліся залацістыя або серабрыстыя адценні: «Св. Ануфрый», «Апалон і Марсій» (абодва 1637), «Пакланенне пастухоў» (1638), «Пакутніцтва св. Філіпа», «Сон Іакава» (абодва 1639), «Святая Інеса» (1641), «Храманожка» («Кульгавы хлопчык», 1642) і інш.

Літ.:

Знамеровская Т.П. Х.​Рибера. 3 изд. М., 1982.

Я.​Ф.​Шунейка.

Х. дэ Рыбера. Апалон і Марсій. 1637.

т. 13, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)