група археал. помнікаў каменнага і бронзавага вякоў (шахты па здабычы крэменю, крэменяапрацоўчыя майстэрні, стаянкі, могільнік), селішча жал. веку і сярэдневякоўя каля г.п. Краснасельскі Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. і суседніх з ім вёсак. Гэты рэгіён заселены ў раннім мезаліце (9-е тыс. да н.э.); найб. колькасць помнікаў належыць да неаліту і бронзавага веку. У К.а.к. захавалася больш за 80 шахтавых выпрацовак. У адной з шахт знойдзена пахаванне шахцёра шнуравой керамікі культуры. На комплексе выяўлены таксама рэшткі крэменеапрацоўкі і крамянёвыя прылады працы, кераміка арэнбургскай культуры, позняга этапа нёманскай культуры, тшцінецкай культуры, зарубінецкай культуры, фрагменты ганчарнага посуду эпохі Стараж. Русі, позняга сярэдневякоўя, рэшткі паўзямлянкі 9—12 ст. і інш. На могільніку культуры шарападобных амфар (3-е тыс. да н.э.) знойдзены рэшткі пахавання чалавека і свойскай жывёлы, гліняны посуд, касцяныя наканечнікі стрэл і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАСЦЯ́НЫЯ ВЫ́РАБЫ,
рэчы утылітарнага і дэкар.-прыкладнога характару, зробленыя з бяросты.
Здаўна пашыраныя ў многіх народаў лясной паласы Еўропы. Тэхнал. і маст. ўласцівасці бяросты давалі магчымасць вырабляць з яе рознае гасп. начынне, выкарыстоўваць у якасці ізаляцыйнага матэрыялу, для пісьма, малявання і інш. Вядомыя берасцяныя граматы 11—15 ст. з Ноўгарада, 13—14 ст. з Віцебска, берасцяны посуд з размаляваным і праразным дэкорам з рускай Поўначы.
Берасцяныя вырабы здаўна бытавалі і ў беларусаў. Стужкі бяросты клалі пад ніжні вянок зруба, каб засцерагчы ад гніення, імі для трываласці абгортвалі гліняны посуд (гл.Берасцень). На Палессі з берасцяных палос плялі наплечныя сумкі (вярэнькі) для пераноскі прадуктаў, у цэнтр. раёнах Беларусі — заплечныя каробкі (кашалі) для збору ягад і грыбоў. Сшываючы кавалкі бяросты гнуткімі карэньчыкамі ці скуранымі стужкамі, выраблялі разнастайны посуд (каробчыкі, берасцянкі) для сыпкіх і вадкіх прадуктаў. Невялікія берасцянкі для мёду, прыпраў і інш. нярэдка аздаблялі ціснёным узорам у выглядзе сеткі, хваёвых лапак, кружочкаў з кропкамі. Табакеркі і сальнічкі часта рабілі з некалькіх накладзеных адзін на адзін слаёў бяросты з нарэзанымі ў зубчыкі краямі. З бяросты рабілі таксама пастухоўскія трубы. У сучасным побыце берасцяныя вырабы сустракаюцца рэдка.
Я.М.Сахута.
Да арт.Берасцяныя вырабы. Берасцянка. Мінская вобл. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РВЕНСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура неалітычных плямён, якія ў 4—3-м тыс. да н.э. жылі на тэр.паўд.-ўсх. Прыбалтыкі і паўн. Беларусі. Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам, у канцы неаліту — земляробствам і жывёлагадоўляй. Паселішчы, стаянкі размяшчаліся па берагах азёр і рэчак па ўсім Падзвінні, у бас. Віліі, у вярхоўях Бярэзіны (прытока Дняпра). Выяўлены рэшткі наземных жытлаў з агнішчамі, разнастайныя прылады працы і зброя з крэменю, рогу і косці, гліняны посуд (вастрадонныя гаршкі з грабеньчатымі расчосамі на паверхні сценак, пад краем венчыкаў былі ўпрыгожаны глыбокімі круглымі ямкамі), касцяныя і бурштынавыя ўпрыгожанні і творы першабытнага мастацтва. На Н.к. актыўна ўплывала тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі культура, носьбіты якой у сярэдзіне 3-га тыс. да н.э. пачалі прасочвацца ў паўд.-ўсх. Прыбалтыку. У гэты перыяд Н.к. спыніла сваё існаванне на паўн. арэале, а на Беларусі, дзе ўплывы былі слабейшыя, утварыўся крывінскі варыянт Н.к. Асаблівасці гэтага варыянта найб. праяўляюцца ў кераміцы: выкарыстоўваліся прысадзістыя гаршкі з круглаватымі днішчамі і гладкімі сценкамі, брыжы венчыкаў былі патоўшчаныя і скошаныя ўсярэдзіну, паверхні аздабляліся разрэджаным арнаментам, у т. л. фігуркамі змей, птушак, абрысамі раслін. Найб. значныя помнікі Н.к. на Беларусі: Скема, Галоўск, Асавец, Зацэнне.
Да арт.Нарвенская культура. Касцяныя і рагавыя вырабы са стаянкі Зацэнне: 1 — абломак кінжала; 2 — гарпун; 3 — сякера; 4, 5, 8 — матыкі; 6 — цясла; 7 — прылада з трубчастай косці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛАГРА́ДСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён, якія жылі ў бас. Дняпра паміж сярэднім цячэннем Бярэзіны на Пн і р. Рось на Пд, Зах. Бугам на З і р. Іпуць на У (тэр.Пд Беларусі і Укр. Палесся). Назва ад гарадзішча Мілаград. Датуецца 7—3 ст. да н.э. Характэрны 2 тыпы паселішчаў: умацаваныя (гарадзішчы) і неўмацаваныя (селішчы). У Падняпроўі і Пасожжы ўмацаванні рабілі ў выглядзе валоў і равоў з боку поля, а ў Палессі валы і равы ўмацоўвалі пляцоўкі гарадзішчаў з усіх бакоў. Селішчы вядомы ва ўсім арэале культуры. Асн. тып жытлаў — зямлянкі, паўзямлянкі і наземныя пабудовы прамавугольнай або круглаватай формы пл. 12—16 м² слупавой канструкцыі, з выступам каля адной са сцен; былі разлічаны на адну сям’ю. Агнішчы адкрытыя, у круглых і авальных ямах паміж апорным слупам і сцяной. Пахавальныя помнікі — курганныя і бескурганныя (грунтавыя) могільнікі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне на пясчанай падсыпцы або на гарызонце ў драўляных зрубах, а таксама ў неглыбокіх мацерыковых ямах. Пахавальны інвентар складалі адзін або некалькі гаршкоў, радзей — зброя ці ўпрыгожанні. Бескурганныя (грунтавыя) могільнікі размяшчаліся на ўзвышшах або прымыкалі да гарадзішчаў. У іх пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі могільніка. Пахавальны інвентар — кавалкі гліняных пасудзін і зубы свойскіх жывёл. Радзей трапляюцца прылады працы, зброя, упрыгожанні. Для носьбітаў М.к. характэрны гліняны посуд з прамым адагнутым вонкі венчыкам і яйца- або шарападобным тулавам, а таксама паўсферычныя гаршкі без пазначанага венчыка. Частка посуду аздоблена ўцісканнямі круглай палачкі, насечкамі, пазногцевымі або пальцавымі ўцісканнямі, «жамчужынамі». Гліняныя прасліцы і грузікі часам дакладна капіруюць форму посуду. Ёсць знаходкі гліняных фігурак жывёл. Рэчавы комплекс разнастайны: прылады працы з жалеза, наканечнікі дзідаў, стрэлы, каменныя сякеры, зерняцёркі, таўкачы, бронзавыя і жал. ўпрыгожанні, шкляныя і бурштынавыя пацеркі і інш.
Асн. формы гаспадаркі — земляробства і жывёлагадоўля; паляванне і рыбалоўства мелі дапаможны характар. Былі развіты дамашнія рамёствы: здабыча і апрацоўка жалеза, ліццё бронзы, прадзенне, ткацтва, выраб ляпнога посуду. Этнічная прыналежнасць «мілаградцаў» застаецца спрэчнай. Частка вучоных лічаць іх славянамі, інш. адносяць іх да балтаў.
Літ.:
Кухаренко Ю.В. Памятники железного века на территории Полесья. М., 1961;
Третьяков П.Н. Финно-угры, балты и славяне на Днепре и Волге. М.; Л., 1966;
Мельниковская О.Н. Племена Южной Белоруссии в раннем железном веке. М., 1967;
Седов В.В. Славяне Верхнего Поднепровья и Подвинья. М., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́СУД МАСТА́ЦКІ,
прадметы бытавога, гаспадарчага, утылітарна-маст. і дэкар. прызначэння для прадуктаў харчавання, вадкасцей і інш., форма і дэкор якіх вызначаюцца эмацыянальна-вобразнай асновай. Адносна матэрыялу бывае метал. (чыгунны, медны, сярэбраны і інш.), керамічны (гліняны, фарфоравы, фаянсавы), драўляны, саламяны, шкляны, лубяны, пластмасавы і інш.; паводле вырабу — каваны, літы, штампаваны, бандарны, выдзеўбаны, такарны, плецены і інш.; аздабляецца размалёўкай, гравіраваннем, чаканкай, чарненнем, эмалямі, лепкай, разьбой і інш. Як і інш. творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтваэстэт. прывабнасцю стварае колерава-пластычныя акцэнты ў інтэр’еры. У вобразным ладзе П.м. выяўляецца яго непасрэднае прызначэнне і эстэт. ўяўленні эпохі, часам грамадскія ідэі і з’явы. Асн. яго маст. прынцып — арганічнае спалучэнне дэкар. і утылітарных функцый, цесная ўзаемасувязь формы і дэкору. Вядомы ўсім народам свету, вызначаецца характэрнымі нац. асаблівасцямі.
На Беларусі з часоў неаліту вядомы гліняны посуд ручной лепкі, часта з геам. арнаментам. У 10—13 ст. пачаўся масавы рамесніцкі выраб сталовага і літургічнага П.м. У 15—16 ст. з утварэннем рамесніцкіх цэхаў пашырыліся злотніцтва і медніцтва. Геам. дэкор дапоўніўся рэльефнымі расл. і зааморфнымі матывамі. У 17 ст. пад уплывам барока П.м. набыў складаныя формы, аздобленыя рэльефнай чаканкай, літым або разьбяным арнаментам з густа пераплеценых расл. парасткаў, клетак, пладоў. Для храмаў і палацаў выраблялі разнастайныя чашы, блюды, паціры, кубкі, якія аздаблялі эмалямі, фініфцю, каштоўнымі камянямі, чарненнем, гравіраваннем і інш. Керамічныя вырабы ўпрыгожвалі ангобным геам. і расл. дэкорам, зялёнай, белай, карычневай палівамі (гл.Кераміка). Развівалася ліццё мастацкае з волава і бронзы. Высокамаст. посуд выраблялі бел. майстры, якія працавалі ў Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля. Найб. развіцця П.м. дасягнуў у 18 ст. На буйных шкляных мануфактурах у Налібаках (Стаўбцоўскі р-н Мінскай вобл.), Урэччы (Любанскі р-н Мінскай вобл.), Новай Мышы (Баранавіцкі р-н Брэсцкай вобл.) і інш. выраблялі шкляны і хрусталёвы П.м., аздоблены расл., заа- і антрапаморфнымі выявамі, гербамі і інш. (гл.Урэцка-Налібоцкае шкло). Фаянсавы посуд мануфактур у Целяханах (Івацэвіцкі р-н Брэсцкай вобл.) і Свержані (Стаўбцоўскі р-н мінскай вобл.) дэкарыравалі паліхромнай размалёўкай, рэльефнымі выявамі кветак, пладоў, гірляндаў, маскаронаў (гл.Целяханскія фаянсавыя вырабы, Свержанская фаянсавая мануфактура). У Бакштах (Іўеўскі р-н Гродзенскай вобл.), Вішневе і Рудні (Смаргонскі р-н Гродзенскай вобл.) адлівалі алавяны посуд. У Гродне, Давыд-Гарадку, Магілёве, Пінску, Слуцку выраблялі залаты, сярэбраны, латунны, пазалочаны і пасярэбраны П.м. з рэльефным чаканным дэкорам расл. характару. З 2-й пал. 18 ст. пад уплывам класіцызму формы і аздабленне П.м. сталі больш ураўнаважаныя, дэкарыраваныя ўчасткі чаргаваліся з гладкімі, пашырыліся ант. матывы, ваен. атрыбутыка, маскароны. У 19 ст. пачаўся масавы прамысл. выраб П.м. штампоўкай, адліўкай і выдзіманнем у формы. У канцы 19 — пач. 20 ст. формы і дэкор П.м. часта мелі эклектычны характар, адлюстроўвалі ўплыў ампіру і мадэрну. У нар. побыце пераважаў самаробны П.м. з дрэва, гліны, саломы, лазы, бяросты (карцы, сальніцы, талеркі і інш.) простых канструктыўных форм, часта падкрэсленых нескладаным геам. ці зааморфным дэкорам, які захоўваў стараж. сімвалічную ролю. У 2-й пал. 19 ст. прыёмы і сродкі аздаблення традыц.нар. П.м. ўзбагаціліся, пашырыўся яго асартымент (гліняныя вазы, цукарніцы, масленіцы, сальніцы з размалёўкай і ляпнінаю, фігурныя пасудзіны для вадкасцей, драўляныя талеркі з разьбой, берасцяныя вырабы з цісненнем і інш.). Нар. майстры імкнуліся паўтараць формы і дэкор прамысл. вырабаў, але інтэрпрэтавалі іх у адпаведнасці з мясц. традыцыямі і ўласнымі густамі. У 1920-я г. П.м. амаль не вырабляўся. Шкляны і хрусталёвы П.м. (пераважна для выставак) выпускалі шклозаводы ў Барысаве, Бярозаўцы Лідскага р-на Гродзенскай вобл. (гл.Барысаўскае шкло, Нёманскае шкло). У характары вырабаў выяўляліся рэмінісцэнцыі маст. стыляў 19 ст. Недахоп П.м. часткова кампенсавалі вырабы традыц. ганчарных цэнтраў, у многіх з іх былі створаны арцелі (гл.Ганчарства). У 1940—50-я г. выставачны П.м. вызначаўся арнаментальным багаццем, перавагай дэкору над формай, пампезнасцю і электрычнасцю. У 1951 пачаў працаваць Мінскі фаянсава-фарфоравы з-д (гл.Мінскі фарфоравы завод) прадукцыя якога ў значнай ступені стваралася па ўзорах з-даў Расіі і Украіны. У канцы 1950-х г. задачы масавасці і функцыяналізму выклікалі выпрацоўку адточаных і выразных форм пры мінімуме дэкору, прастату і лаканізм абрысаў П.м. У 1960—80-х г. мастакі пры стварэнні ўзораў П.м. звярталіся да асн. прынцыпаў нар.дэкар.-прыкладнога мастацтва: спалучэння мэтазгоднасці і функцыянальнасці з умелым выкарыстаннем магчымасцей матэрыялу, яго колеру і фактуры. З’яўляюцца больш індывід. творчыя вырашэнні, вырабы пазбавіліся залішняга лаканізму. Сучасны П.м. вызначаецца разнастайнасцю форм, багаццем дэкар. вырашэнняў. Керамічны, драўляны разьбяны і размаляваны, плецены з саломы і лазы П.м. ў характэрным нац. стылі вырабляюць прадпрыемствы і майстры народных мастацкіх промыслаў.
Літ.:
Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1984;
Яніцкая М.М. Беларускае мастацкае шкло (XVI—XVIII стст.). Мн., 1977;
Яе ж. Беларускае мастацкае шкло XIX — пачатак XX ст.Мн., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЕ́ЗНЫ ВЕК,
апошняя (пасля каменнага і бронзавага вякоў) археал. эпоха ў гісторыі чалавецтва. якая характарызуецца пашырэннем металургіі жалеза і жал. вырабаў. Жалеза пазней за інш. металы (медзь, бронзу, волава) асвоена чалавекам з-за больш складанага вытв. працэсу. Асобныя рэчы з чыстага (метэарытнага) жалеза былі вядомы яшчэ ў 3—2-м тыс. да н.э. У 15 ст. да н.э. жалеза з бурага жалезняку выраблялі ў Месапатаміі і Егіпце, з 9 ст. да н.э. — у Кітаі і Індыі, у 8—7 ст. да н.э. — у Еўропе. Храналагічныя рамкі Ж.в. вызначаны ад 9—7 ст. да н.э., калі большасць плямён Еўропы і Азіі пачала здабываць і апрацоўваць жалеза, да ўзнікнення ў іх класавага грамадства і дзяржаў. У Зах. Еўропе ён падзяляецца на гальштацкі (900—600 да н.э.), латэнскі (500—100 да н.э.) і рымскі (да 3 50 н.э.) перыяды. Для ранняга Ж.в. характэрны пераход ад бронзы да жалеза. Гальштацкая культура была пашырана на тэр. Аўстрыі, Югаславіі, Паўд. Германіі, Паўд.-Зах. Чэхіі, Славакіі, Паўн. Францыі. Блізкай да гальштацкай была культура фракійскіх плямён, якія жылі на У Балканскага п-ва. На Пірэнейскім п-ве была пашырана іберыйская культура, у бас. Віслы і Одэра — лужыцкая культура. Для латэнскай культуры характэрна поўная перавага жал. прылад працы і зброі. На тэрыторыях, заваяваных Рымам, узнікла правінцыяльная рымская культура, паміж Паўночным м., Рэйнам, Дунаем і Эльбай — культура германскіх плямён, на У ад Одэра і Эльбы — пшэворская культура, якую даследчыкі звязваюць са слав. плямёнамі венедаў. У канцы Ж.в. ў славян і германцаў узнікаюць дзяржавы. Ва Усх. Еўропе найб. раннія жал. рэчы 10—9 ст. да н.э. выяўлены на ніжняй Волзе і Северскім Данцы. У 7 ст. да н.э. ў стэпах Паўн. Прычарнамор’я жылі скіфы; паміж Донам і Уралам у 8—3 ст. да н.э. — блізкія да іх па мове і культуры сарматы. У 2 ст.н.э. на тэр. Правабярэжнай Украіны іх змянілі плямёны чарняхоўскай культуры, у Левабярэжнай Украіне і на Доне — аланы. У Волга-Камскім бас., на правабярэжжы Волгі, верх. Волзе і Волга-Окскім міжрэччы жылі плямёны ананьінскай, п’янаборскай, дзякоўскай культур (гл. адпаведныя арт.). Жалеза адыграла вял. ролю ў развіцці прадукцыйных сіл. Зробленыя з яго прылады працы былі значна мацнейшыя за каменныя і бронзавыя. Узніклі ўмовы для накаплення матэрыяльных каштоўнасцей, паявілася маёмасная няроўнасць, паглыбіўся распад першабытнаабшчынных адносін, абвастрыліся супярэчнасці паміж родамі і плямёнамі. Гэта паспрыяла ўзнікненню прыватнай уласнасці, класаў і дзяржавы.
На тэр. Беларусі чорная металургія з’явілася ў 7—6 ст. да н.э. Жалеза здабывалі з балотнай руды ў невялікіх паўшарападобных печах-домніцах. Найб.стараж.жал. вырабы знойдзены на помніках мілаградскай культуры (Палессе, Верх. і Сярэдняе Падняпроўе). У носьбітаў штрыхаванай керамікі культуры і плямён днепра-дзвінскай культуры (бас. верх. Дняпра і сярэдняй Зах. Дзвіны) жалеза з’явілася ў канцы 1-га тыс. да н.э. З 3—2 ст. да н.э. да 1—2 ст.н.э. землі Палесся, Верх. і Сярэдняга Падняпроўя засялялі плямёны зарубінецкай культуры. У 2 ст. на тэр.бел. Падняпроўя і прылеглых да яго раёнаў жылі плямёны кіеўскай культуры. У зах. Палессі ў 2—4 ст.н.э. рассяліліся носьбіты вельбарскай культуры. У пераходны перыяд да сярэднявечча (5—6 ст.) на Пд Беларусі пашырылася пражская культура. У Сярэднім Падняпроўі склалася калочынская культура. У 5—7 ст. у Цэнтр., Паўн. Беларусі сфарміраваліся банцараўская культура і тушамлінская культура. Паводле археал. даследаванняў, плямёны Ж.в. на тэр. Беларусі знаходзіліся на стадыі развітога патрыярхату. Асн. адзінкай грамадства была вял. патрыярхальная сям’я, якая аб’ядноўвала 1—4 пакаленні бліжэйшых суродзічаў. Некалькі сем’яў складалі род, які валодаў пэўнай тэрыторыяй з паселішчам, умацаваным валамі і равамі (гл.Гарадзішча), пашай для жывёлы, апрацаваным полем. Пазней асн. формай паселішчаў стала неўмацаванае селішча. З пашырэннем ворыўнага земляробства ўзнікла асобная гаспадарка малой сям’і. Такія сем’і ўтваралі сельскую абшчыну, члены якой былі звязаны кругавой парукай, узаемнай адказнасцю за вынікі гасп. дзейнасці, захаваннем і размеркаваннем уласнасці, падтрыманнем норм традыц. права. Склаліся ўмовы для фарміравання пастаяннай дружыны. У 6—9 ст. адбываўся пераход да класавага грамадства. У працэсе разбурэння родаплемянных сувязей грамадства перайшло ад стадыі ваеннай дэмакратыі да феадалізму.
Літ.:
Очерки по археологии Белоруссии. Ч. 1. Мн., 1970;
Монгайт А.Л. Археология Западной Европы: Бронзовый и железный века. М., 1974;
Граков Б.Н. Ранний железный век: (Культуры Зап. и Юго-Вост. Европы). М., 1977.
Да арт.Жалезны век. Жалезныя сякеры 4—1 ст. да н.э. з гарадзішча Гарошкаў Рэчыцкага раёна Гомельскай вобл. і 3—1 ст. да н.э. з гарадзішча Звязда Лепельскага раёна Віцебскай вобл.Да арт.Жалезны век. Гліняны ляпны посуд 2 ст. да н.э. — 2 ст.н.э. з бескурганнага могільніка Вароніна Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобл. і ўпрыгожанні 6 ст. да н.э. — 1 ст.н.э. з гарадзішча Івань Слуцкага раёна Мінскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЕ ДЭКАРАТЫ́ЎНА-ПРЫКЛАДНО́Е МАСТА́ЦТВА,
галіна народнай творчасці, якая ўключае выраб па-мастацку аформленых прылад працы, хатняга начыння, быт. абсталявання, трансп. сродкаў, посуду і інш. Мае ярка выражаны нац. характар, адлюстроўвае самабытнасць жыцця народа, яго эстэт. ідэалы і погляды. Гарманічна спалучае утылітарныя, практычныя функцыі вырабаў з дэкар., маст. задачамі, што дасягаецца ўмелым выкарыстаннем дэкар. магчымасцей матэрыялу, прастатой кампазіцыі, яснасцю маст. мовы. Дэкор, як правіла, толькі дапаўняе і падкрэслівае лагічную кампазіцыю і ўдала прадуманую форму, з’яўляецца сродкам рэалізацыі духоўных патрабаванняў народа. Характар яго вызначаецца пераважна асаблівасцямі матэрыялу і тэхналогіі вытв-сці (геам. матывы ў ткацтве і разьбе па дрэве, пластычнасць у кавальстве і ганчарстве і інш.). У многіх відах арнаменту праяўляюцца стараж. вераванні, культ прыроды: салярныя знакі, зааморфныя і антрапаморфныя выявы і інш.Асн. вызначальныя рысы Н.д.-п.м. — традыцыйнасць (перадача з пакалення ў пакаленне лепшых здабыткаў у галіне форм прадметаў, дэкору, навыкаў апрацоўкі матэрыялу) і калектыўнасць (масавасць) творчасці. З Н.д.-п.м. бярэ вытокі прафес.дэкар.-прыкладное мастацтва. Яно таксама зазнала ўплывы прафес. мастацтва, брала ад яго тое, што адпавядала мясц. густам і традыцыям.
На Беларусі здаўна найб. пашыранымі відамі Н.-д.-п.м. былі разьба па дрэве, ганчарства, ткацтва, вышыўка, пляценне мастацкае і інш. З часоў неаліту вырабляўся гліняны посуд, драўляныя і касцяныя прылады працы, аздобленыя выціснутым, ляпным, разным арнаментам сімвалічнага характару (гл.Першабытнае мастацтва). З падзелам грамадства на класы вылучыліся рамеснікі-прафесіяналы, што абслугоўвалі патрэбы пануючых класаў; творчасць іх нярэдка была далёкай ад нар. традыцый. Развівалася і традыц. Н.д.-п.м. як хатняя вытв-сць для ўласных патрэб ці ў выглядзе розных рамёстваў, якія з цягам часу развіліся ў народныя мастацкія промыслы. Асн. якасці бел. Н.д.-п.м.: глыбокая традыцыйнасць, яркая самабытнасць. выразнасць форм, спакойны, стрыманы дэкор, у якім пераважалі матывы сімвалічнага характару (ромб, круг, разетка, салярныя знакі, выявы раслін, жывёл і птушак). На працягу многіх стагоддзяў Н.д.-п.м. ўплывала на характар цэхавага і мануфактурнага рамяства, праца прыгонных майстроў выкарыстоўвалася ў майстэрнях і мануфактурах у гарадах, феад. маёнтках і манастырах. Пэўныя змены ў яго характары выявіліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў сувязі з новымі сац.-эканам. ўмовамі і адпаведнымі зменамі ў нар. побыце. Развіццё капіталізму моцна паўплывала на тыя віды Н.д.-п м., што бытавалі ў выглядзе промыслаў з выхадам на рынак. Адны з іх (набіванка, пернікарства, медніцтва) не вытрымалі канкурэнцыі з прам-сцю і заняпалі, інш. (ганчарства. пляценне) прыстасаваліся да новых патрабаванняў рынку і змянілі характар прадукцыі. Узрасла іх дэкаратыўнасць, у т. л. і тых яго відаў, што развіваліся ў сферы хатняй вытв-сці. Разам са стараж.геам., салярнымі, зааморфнымі матывамі пашырыўся рэаліст. расл. дэкор. Значнае месца пачалі займаць вырабы нар. мастацтва, звязаныя з надворным і ўнутр. упрыгожаннем жылля: разныя і па-мастацку ашаляваныя ліштвы, ганкі, франтоны; дэкарыраваная мэбля (асабліва куфры), дэкар. тканіны (посцілкі, дываны, у т. л. маляваныя), выцінанка, саломка мастацкая, карцінкі на шкле і інш. Росквіту дасягнуў дэкор традыц.нар.адзення. Пэўны ўплыў на характар Н.д.-п.м. зрабілі маст. стылі прафес.дэкар.-прыкладнога мастацтва, масавая прамысл. прадукцыя, але запазычаныя формы вырабаў і віды дэкору майстры перапрацоўвалі ў адпаведнасці з мясц. традыцыямі і ўласнымі патрабаваннямі. Найб. значныя змены ў характары Н.д.-п.м. адбыліся ў 2-й пал. 20 ст. Насычэнне побыту масавай таннай прамысл. прадукцыяй абясцэніла многія традыц. вырабы нар. майстроў (самаробныя прылады працы, мэбля, даматканае адзенне, посцілкі, ручнікі і інш.). Працягваюць бытаваць тыя яго віды, у якіх пераважае дэкар. функцыя. Вырабы нар. майстроў задавальняюць больш эстэт., чым практычныя патрэбы, выкарыстоўваюцца пераважна ў якасці твораў мастацтва і сувеніраў; павялічваецца іх дэкаратыўнасць, пашыраецца колеравая гама, развіваюцца новыя віды і матывы аздаблення. Бытуе арх. дэкор, маст. ткацтва, вышыўка, карункапляценне, лозапляценне, працягваюць дзейнасць некат. асяродкі ганчарства. З ростам цікавасці грамадства да традыц.нац. культуры на новым узроўні адрадзіліся некат. заняпалыя рамёствы: саломапляценне, аплікацыя саломай па дрэве і палатне, выцінанка, берасцяныя вырабы і інш. Творы Н.д.-п.м. захоўваюць Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, Веткаўскі музей народнай творчасці, Дзінаўскі музей мастацтва і этнаграфіі, Дудзіцкі музей матэрыяльнай культуры, Заслаўскі гісторыка-культурны запаведнік, Мотальскі музей народнай творчасці, Музей беларускага народнага мастацтва, Крошынскі музей нар. мастацтва і рамёстваў і інш.; вял. калекцыю зберагае Музей старажытна-беларускай культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. Нац.АН Беларусі. Ранейшы механізм пераемнасці традыцый (ад бацькоў да дзяцей) саступае месца арганізаваным формам навучання: школам, студыям, гурткам, дамам рамёстваў і інш. Майстроў бел. Н.Д.-П.М. аб’ядноўвае Саюз майстроў народнай творчасці Беларусі. Развіццё і захаванне Н.д.-п.м. рэгулюе Закон «Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспубліцы Беларусь» (1999).
Літ.:
Некрасова М.А. Народное искусство как часть культуры. М., 1983;
Сахута Я.М. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997;
Лабачэўская В.А. Зберагаючы самабытнасць: 3 гісторыі нар. мастацтва і промыслаў Беларусі. Мн., 1998;
Bossert H. Th. Peasant art of Europe and Asia. New-York, 1959;
Grabowski J. Sztuka ludowa w Europe. Warszawa, 1978.
Я.М.Сахута.
Да арт.Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. М.Генбіцкая. Ходнікі. Вёска Гарадная Столінскага раёна Брэсцкай вобл. 1980-я г.Да арт.Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. З.Жылінскі. Цацкі «Коннікі». Г.п. Ружаны Пружанскага раёна Брэсцкай вобл. 1978.Да арт.Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Ручнікі. Пінскі раён Брэсцкай вобл. 1-я пал. 20 ст.Да арт.Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. А.Краўчун. Кошыкі. Віцебск. 1997.Да арт.Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. І.Малчановіч. Ганчарны посуд. Г.п. Івянец Валожынскага раёна Мінскай вобл. 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНІГАДРУКАВА́ННЕ,
спосаб размнажэння кніг, заснаваны на пераносе фарбы з друкарскай формы на паперу. Тэрмін «К.» звычайна выкарыстоўваюць у дачыненні да гісторыі вырабу друкаванай кнігі, да сучаснай кнігадрукавальнай вытв-сці часцей ужываюць тэрмін паліграфія. Асн. спосабы К. — высокі друк, глыбокі друк, плоскі друк, якія рэалізуюцца ў адпаведных друкарскіх машынах.
Да К. існавала бясфарбавае адцісканне тэксту з дапамогай рэльефных форм (захаваўся гліняны дыск з в-ва Крыт, 17 ст. да н.э.). Самы ранні спосаб мех. ўзнаўлення тэксту і ілюстрацый — ксілаграфія (дрэварыт), пры якой на дошцы выразалася форма для друкавання цэлых старонак. Адбіткі, зробленыя гэтым спосабам, знойдзены ў Карэі (датуюцца 704—751), Кітаі (713—741), Японіі (764—770). Друкаванне пераносам фарбавага слоя з наборнай формы на паперу ажыццявіў Бі Шэн (у 1041—48, Кітай). Ён складаў тэкставую форму з рухомых гліняных літар, пакрываў іх фарбай і атрымліваў адбіткі (некалькі тыс.экз.), вынайшаў таксама драўляныя скрыні-касеты для захоўвання шрыфту. Метал. літары (з бронзы) выкарыстаны ў 15 ст. ў Карэі. У Еўропе К. ўзнікла ў 1440-я г. пасля вынаходства І.Гутэнбергам друкарскага станка (прэса), прыстасавання для адліўкі метал. шрыфту ў матрыцах і спец. фарбаў. Ён заснаваў у Майнцы (Германія) першую друкарню, выдаў шэраг кніг. У іх друкарскім спосабам узнаўляўся толькі тэкст, а арнаментальныя ўпрыгожанні рабіліся ад рукі па палях. Упершыню арнаментыка перададзена друкаваннем на старонках т. зв. Майнцкай псалтыры ў 1457 (П.Шофер), дзе з’явіліся і шматфарбавыя адбіткі. У 1461 у Бамбергу (цяпер г. Быдгашч, Польшча) выдадзена кніга з гравіраванымі на дрэве ілюстрацыямі. З Германіі К. пранікла ў Італію (1465), Швейцарыю (каля 1468), Францыю (1470), Бельгію і Венгрыю (1473), Польшчу (каля 1473), Іспанію (1474), Чэхію (1476, выдадзена першая дакладна датаваная кніга), Англію (1476) і інш. У 15 ст. значнае развіццё К. атрымала ў Венецыі, дзе да 1500 заснавана каля 150 друкарняў. Да 1500 друкарні ўзніклі прыкладна ў 260 гарадах, надрукавана каля 40 тыс. кніг тыражом больш за 10 млн.экз. (кнігі, выдадзеныя ў Еўропе да 1.1.1501, наз.інкунабуламі, у 1-й пал. 16 ст. — палеатыпамі). У канцы 15 ст. буйныя рамесныя друкарні сталі ператварацца ў мануфактуры. У Еўропе ў 16 ст. выдадзена каля 500 тыс. назваў кніг, у 17 ст. — каля 3 млн.Асн. друкарска-выдавецкія дынастыі — Мануцыі (Італія), Эцьены (Францыя), Плантэны (Бельгія), Эльзевіры (Нідэрланды). Першыя кнігі славянскай глаголіцай надрукаваны ў 1483, кірыліцай — у 1491 (Ш.Фіёль, Кракаў). У 1517 бел. асветнік Ф.Скарына першы ва ўсходнеславянскім свеце надрукаваў кірыліцкім шрыфтам у Празе 23 кнігі Бібліі, каля 1520 у Вільні заснаваў першую друкарню ў Вялікім княстве Літоўскім. Каля 1553 заснавана т. зв. ананімная друкарня ў Маскве, у якой І.Фёдараў і П.Мсціславец у 1564 выпусцілі першую дакладна датаваную рус. друкаваную кнігу «Апостал». Першая друкарня на Украіне заснавана І.Фёдаравым у 1573 у Львове.
Тэхн. ўдасканаленне К. спачатку ішло пераважна ў ілюстрацыйных формных працэсах. У 15 ст. побач з ксілаграфіяй развівалася паглыбленая (разцовая і «сухой іголкі») гравюра на метале (гравіраваныя ілюстрацыі), каляровая фігурная ксілаграфія. Пашыранай тэхнікай ілюстравання стаў афорт (заснаваны на траўленні металу кіслотамі), яго разнавіднасць т. зв.мяккі лак і акватынта. Для друкавання выкарыстоўваўся ручны друкарскі станок (першы яго відарыс адносіцца да 1499), які паступова ўдасканальваўся: механізаваліся асобныя працэсы, драўляныя дэталі замяняліся металічнымі і інш. Першы суцэльнаметал. друкарскі станок зроблены ў 1800 (Ч.Стэнхап, Англія). Развіццю К. паспрыяла тыпаметрыя — друкарская сістэма мер, прапанаваная ў 1737 П.С.Фурнье (Францыя). Яна стварыла магчымасць стандартызацыі друкарскіх шрыфтоў. Бел. кнігавыдавец І.Ф.Капіевіч на аснове шрыфту Скарыны стварыў удасканалены кірыліцкі шрыфт, якім карыстаюцца многія славянскія краіны У канцы 18 ст. ў К. з’явіліся новыя спосабы рэпрадуцыравання — тарцовая ксілаграфія і літаграфія (вынайдзена каля 1798 А.Зенефельдэрам, Германія), якія зрабілі ілюстраванне кніг больш танным. У 1811 створана плоскадрукавальная машына (Ф.Кёніг, Германія), у 1840-х г. у выніку развіцця стэрэатыпіі — ратацыйная друкарская машына. Значным крокам у развіцці паліграф. тэхнікі стала ратацыйная машына, якая друкавала з паўцыліндрычных стэрэатыпаў на паперу, што змотвалася з рулона (запатэнтавана У.Балакам, ЗША). У 1851 створана тыгельная друкарская машына з верт. размяшчэннем формы (Дж.Гордан, ЗША), значнае пашырэнне набыла вынайдзеная ў 1869 (М.Галі, ЗША) тыгельная машына з нерухомым талерам (з замацаванай на ім формай) і рухомым тыглем (для прыціскання паперы). У 1822 запатэнтавана наборная машына (У.Чорч, Англія), у 1886 — радковаадліўная наборная машына лінатып (О.Мергенталер, ЗША), якая набыла масавае пашырэнне; у 1897 вынайдзена (Т.Ланстан, ЗША) літараадліўная наборная машына — манатып. У 19 ст. асвоены фотамех. рэпрадукцыйныя працэсы. цынкаграфія (прапанавана ў 1850 Ф.Жыло, удасканалена ў 1862 Г.Джэймсам), фотатыпія (1865, Я.Гуснік), геліягравюра — спосаб глыбокага друку, пры якім друкарская форма рабілася з выкарыстаннем фатаграфічных і хім. працэсаў (1879, К.Кліч, Чэхія), аўтатыпія (1880-я г., С.Д.Лапцеў, Г.Майзенбах). У 1890 Кліч пабудаваў машыну ракельнага глыбокага друку, у пач. 20 ст. А.Рубел (ЗША) і К.Герман (Германія) стварылі новы друкарскі працэс — афсетны друк. Удасканальваліся і наборныя працэсы. У 1894 Е.Порцэльт (Венгрыя) абгрунтаваў ідэю фотанабору, у 1895 В.А.Гасіеў (Расія) пабудаваў першую фотанаборную машыну (пашырыліся ў 1950—60-я г., калі ў паліграфію ўкаранілася электроніка). З дапамогай фотаэлектронікі ўдасканалены працэсы вырабу ілюстрацыйных форм (электрагравіравальнымі апаратамі), колеракарэктура і колерадзяленне. З’явіліся эл. спосабы фарміравання відарысу на фотапаўправадніковых паверхнях (электраграфія), бескантактныя электрастатычныя і эл.-магн. спосабы пераносу фарбавай выявы. У сучасным К. шырока выкарыстоўваюцца сінт. матэрыялы (фотапалімерныя друкарскія формы, пластмасавыя пераплётныя накрыўкі і інш). Пра развіццё і сучасны стан К. на Беларусі гл. ў арт Выдавецкая справа, а таксама Друк, Нотадрукаванне, Картадрукаванне, Паліграфічная прамысловасць.
Літ.:
Щелкунов М.И. История, техника, искусство книгопечатания. М.; Л., 1926;
Кацпржак Е.И. История письменности и книги М., 1955;
Пятьсот лет после Гутенберга, 1468—1968. М., 1968;
Варбанец Н.В. Йоханн Гутенберг и начало книгопечатания в Европе. М., 1980;
Немировский Е.Л. Начало славянского книгопечатания. М., 1971;
450 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1968;
Волк А.А., Ракович А.И. Книгоиздательское дело в Белоруссии: Ист. очерк. Мн., 1977;
Бярозкіна Н.Ю. Гісторыя кнігадрукавання Беларусі (XVI — пачатак XX ст.). Мн., 1998.
У.М.Сацута.
Да арт.Кнігадрукаванне. Друкарня. Гравюра І.Амана. 16 ст.Да арт.Кнігадрукаванне. 1 — выгляд адной з першых шрыфтаадліўных майстэрняў, т.зв. словалітні (гравюра І.Амана); 2 — першая плоскадрукавальная друкарская машына з аўтаматычным накатам друкарскай формы (вынайдзена ў 1839 С.Раглсам, ЗША); 3 — ратацыйная машына «Вікторы» (вынайдзена ў Англіі, друкавала на рулоннай паперы і фальцавала разрэзаныя лісты); 4 — тыгельная друкарская машына (у СССР выраблялі з 1932); 5 — наборна-праграмавальны апарат (манатып) МК-5 (асартымент розных знакаў да 288).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ГЕР (Niger),
Рэспубліка Нігер (République du Niger), дзяржава ва ўнутранай частцы Зах. Афрыкі. Мяжуе на Пн з Алжырам і Лівіяй, на У з Чадам, на Пд з Буркіна-Фасо, Бенінам, Нігерыяй, на З з Малі. Пл. 1267 тыс.км². Нас. 9962,2 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — французская, пашыраны мовы хаўса і джэрма. Сталіца — г.Ніямей. Краіна падзяляецца на 7 дэпартаментаў і сталічную акругу. Нац. свята — Дзень абвяшчэння Рэспублікі (18 снежня).
Дзяржаўны лад. Н. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1996. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 5 гадоў. Орган заканад. улады — аднапалатны Нар. сход. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, якога назначае прэзідэнт. Урад падсправаздачны перад парламентам.
Прырода. Большая частка Н. — у Сахары. Ў рэльефе пераважаюць выраўнаваныя плато і раўніны выш. 200—500 м. Найб. узвышаная ч. — пласкагор’е Аір (Азбін) выш. ад 700—800 м на З да 2000 м на У (г. Ідукальн-Тагес, 2022 м). На У — пясчаная пустыня Тэнерэ. Карысныя выкапні: уранавыя (па запасах адно з першых месцаў у свеце) і жал. руды, фасфарыты, золата, каменны вугаль, нафта, марганец, медзь і інш. Клімат на Пн трапічны, пустынны, на Пд субэкватарыяльны. Сярэдняя т-растудз. ад 15 °C на Пн да 25 °C на Пд, ліп. адпаведна 30 і 25 °C. Ападкаў на б.ч. тэрыторыі каля 100 мм за год, на крайнім Пд і ПдЗ — да 800 мм. На ПдЗ адзіная значная р. Нігер, у пустынях і паўпустынях трапляюцца толькі уэды. На ПдУ частка воз. Чад. 87% тэр. займаюць голыя пяскі і камяністыя грунты зоны пустынь і паўпустынь з рэдкімі аазісамі, на Пд і ПдЗ участкі тыповых саваннаў з асобнымі дрэвамі акацый і баабабаў. Жывёльны свет у пустыні — дробныя грызуны, ліс фенек, антылопы арыкс і адакс, у саваннах — газелі, гепарды, гіены, шакалы. Шмат птушак. Міждзяржаўны нац. парк Дубль-В (часткі ў Беніне, Буркіна-Фасо і Н.), некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. На Пд, уздоўж граніц з Нігерыяй, жывуць хаўса (56% насельніцтва краіны, па мове адносяцца да афразійскай сям’і), на ПдЗ — джэрма і сангаі (разам 22%, мова ўваходзіць у ніла-сахарскую сям’ю). Жывуць таксама туарэгі, кануры, фульбе, маўры і інш. Еўрапейцаў каля 2 тыс., у т. л. 1,2 тыс. французаў. Сярод вернікаў пераважаюць мусульмане (80%), ёсць прыхільнікі мясц. вераванняў (на Пд) і хрысціяне (у гарадах). Сярэдні прырост 2,95% (1999). Сярэдняя шчыльн. 7,9 чал. на 1 км², каля палавіны насельніцтва сканцэнтравана ў даліне р. Нігер. У гарадах жыве 13% насельніцтва. У г. Ніямей 600 тыс.ж. (1998). Больш за 50 тыс.ж. у гарадах Зіндэр і Марады. У сельскай гаспадарцы занята 90% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці і гандлі — 6%, кіраванні — 4%.
Гісторыя. Негроідныя плямёны жылі на тэр. Н. з часоў неаліту. Караванны гандаль цераз Сахару спрыяў узнікненню тут шэрагу гарадоў. У сярэднявеччы розныя раёны Н. ўваходзілі ў склад дзяржаў Сангаі (7—16 ст.), Канем-Борну (9—19 ст.) і інш., з пач. 19 ст.Паўд. Н. увайшоў у халіфат Сакота. У канцы 19 ст.тэр. Н. заваявана Францыяй: у 1904—22 «Ваен.тэр. Н.», з 1922 асобная калонія ў складзе Франц.Зах. Афрыкі. Каланізацыя Н. выклікала некалькі ўзбр. выступленняў, найб. з іх — паўстанне туарэгаў у 1914—17. Пасля 2-й сусв. вайны нац.-вызв. рух у Н. ўзначаліла Нігерская прагрэсіўная партыя (НПП, засн. ў 1946), якая складалася з прадстаўнікоў традыц. племянных вярхоў, інтэлігенцыі і чыноўнікаў. У 1946 Н. атрымаў статус заморскага дэпартамента Францыі, у 1957 абвешчаны аўт. рэспублікай у складзе Франц. супольнасці.
З 18.12.1960 Н. — незалежная дзяржава на чале з лідэрам НПП А.Дыёры. У Н. ўсталяваўся аднапартыйны рэжым, які падтрымліваў сувязі з Францыяй і спрыяў прыватнаму прадпрымальніцтву. Незадаволенасць насельніцтва карупцыяй улад, іх няздольнасцю ліквідаваць вынікі моцнай засухі 1968—74 прывялі да ваен. перавароту 15.4.1974. Улада перайшла да Вышэйшага ваен. савета (BBC) на чале з палкоўнікам С.Кунчэ (1974—87). У канцы 1980-х г. новае кіраўніцтва BBC на чале з А.Сайбу (1987—93) пачало дэмакратызацыю паліт. жыцця Н. У 1990 дазволена стварэнне паліт. партый, у снеж. 1992 прынята дэмакр. канстытуцыя. У сак. 1993 прэзідэнтам Н. выбраны лідэр партыі Дэмакр. і сац. канвент — «Рахама» М.Усман. Барацьба ў кіраўніцтве Н. прывяла да ваен. перавароту 27.1.1996. Новая канстытуцыя 1996 значна пашырыла паўнамоцтвы прэзідэнта, а ў ліп. 1996 прэзідэнтам Н. выбраны лідэр ваенных — І.Б.Майнасара. Пасля забойства Майнасары ў крас. 1999 у выніку няўдалага дзярж. перавароту новым прэзідэнтам Н. ў ліст. 1999 выбраны Т.Мамаду.
Н. — чл.ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства.
Дзейнічаюць паліт. партыі: Дэмакр. і сац. канвент — «Рахама», Альянс за дэмакратыю і прагрэс.
Гаспадарка. Н. — эканамічна слабаразвітая краіна з адсталай эканомікай. Па ўзроўні эканам. развіцця адносіцца да найменш развітых краін. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на 1 чал. за год 670 дол. (1997). Сельская гаспадарка дае 40% ВУП, прам-сць — 18%, абслуговыя галіны — 42%. Пасля заваявання незалежнасці разам з прыцягненнем замежнага і нац. прыватнага капіталу ўрад імкнецца расшырыць дзярж. сектар. У сельскай гаспадарцы гал. ролю адыгрывае папарнае матычнае земляробства. Пад ворывам каля 3,8 млн.га, пад пашай каля 8,9 млн.га. Арашаецца 66 тыс.га у даліне р. Нігер і асобных раёнах на Пд краіны. Гал. земляробчы раён — ПдЗ і Пд. У земляробстве захавалася абшчыннае землеўладанне. Дробныя натуральныя і паўнатуральныя сял. гаспадаркі даюць гал. частку с.-г. прадукцыі. У даліне р. Нігер складваюцца таварныя гаспадаркі экспартнага кірунку. Гал.харч. культуры — проса, сорга, кукуруза, рыс, маніёк, батат, бабовыя, агародніна. На экспарт ідзе частка арахісу і бавоўны. Сярэднегадавы ўраджай (тыс.т): збожжавых — 1600, арахісу — 190—312, бавоўны — 4—10, агародніны — каля 80. Жывёлагадоўля качавая і паўкачавая. Пад пашу выкарыстоўваюцца паўпустыні і саванны на Пд краіны. Пагалоўе (1997, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы каля 6,15, коз і авечак больш за 6, вярблюдаў 0,3. Птушкагадоўля (20 млн. курэй). Рыбалоўства ў воз. Чад і р. Нігер (каля 20 тыс.т штогод). Збор гуміарабіку (на ПдУ). Прам-сць прадстаўлена прадпрыемствамі горназдабыўной, апрацоўчай і буд. галін. У 1996 атрымана 170 млн.кВт∙гадз электраэнергіі, 195 млн.кВт∙гадз імпартавана з Нігерыі. Электрастанцыі працуюць пераважна на драўніне (85%). Гал. экспартная галіна — горназдабыўная прам-сць. Н. — адзін з вядучых вытворцаў уранавай сыравіны. Здабыча уранавых руд вядзецца ў Аіры (цэнтр здабычы г. Арлі) кампаніямі з пераважнай доляй капіталу з Францыі, Германіі, Італіі, Японіі і інш. Працуюць 2 з-ды па вытв-сці уранавага канцэнтрату магутнасцю 2 тыс.т за год кожны. Вядзецца невял. здабыча каменнага вугалю (каля 170 тыс.т у год), фасфарытаў, кухоннай солі. Апрацоўчая прам-сць прадстаўлена невял. прадпрыемствамі харч., тэкст., гарбарна-абутковай галін, вытв-сцю буд. матэрыялаў, хім. і фармацэўтычнай прадукцыі. Прадпрыемствы харч. прам-сці: 3 з-ды па атрыманні арахісавага алею, мукамольны, малаказавод, бойня-халадзільнік і піўзавод у г. Ніямей, млын і цэх безалкагольных напіткаў у г. Зіндэр. Тэкст.прам-сць: 5 бавоўнаачышчальных, тэкст., прадзільна-ткацкая ф-кі. Прадпрыемствы па апрацоўцы скур, абутковае прадпрыемства канцэрна «Баця» (1,25 млн. пар абутку за год). Вядзецца зборка кузаваў і прычэпаў для аўтамашын, вытв-сць мэблі, дробнага с.-г. інвентару і інш. Ёсць прадпрыемствы па вытв-сці цэглы і цэменту, керамічных і мармуровых плітак. У г. Ніямей фармпрадпрыемства і мылаварна-парфумерная ф-ка і інш. Развіты рамёствы: саматужны выраб біжутэрыі, упрыгожанняў з золата і серабра, тканін, скураных вырабаў, адзення, абутку, ганчарная вытв-сць. Транспарт пераважна аўтамабільны. У краіне 41,6 тыс. аўтамашын (1998). Аўтадарог 10,1 тыс.км, у т. л. 798 км з цвёрдым пакрыццём. Рака Нігер суднаходная ніжэй г. Ніямей. У краіне 27 аэрапортаў, у т. л. 2 міжнар. каля гарадоў Ніямей і Агадэс. У 1997 экспарт склаў 267 млн.дол., імпарт 295 млн. долараў. Н. экспартуе уранавы канцэнтрат (50% па кошце), жывёлу і прадукцыю жывёлагадоўлі (20%), бабовыя, агародніну; імпартуе харч. і спажывецкія тавары, трансп. сродкі, паліва. Гал.гандл. партнёры: Францыя (у асобныя гады больш за 50% экспарту і імпарту), Канада, Нігерыя, Японія, Бельгія і інш. Знешні доўг 1,6 млрд.дол. (1998). Краіна атрымлівае дапамогу міжнар. арг-цый і асобных краін (найб. Францыі). Грашовая адзінка — афр. франк (франк КФА).
Архітэктура і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. У паўд.-зах. раёнах пашыраны саламяныя хаціны, на У — глінабітныя або складзеныя з камянёў дамы з травяным дахам. Гліняныя зернясховішчы ў форме круглай пасудзіны з адтулінай зверху да 3 м вышыні. На Пн качавое насельніцтва (туарэгі, фульбе) жыве ў шатрах, накрытых скурамі. У горадзе будуюць жылыя дамы і мячэці з банка (сумесь гліны з саломай). Жылыя дамы ў Зіндэры, Тахуа і інш. прамавугольныя ў плане, з несапраўднымі купаламі з пальмавых ствалоў або двухсхільным чаротавым пакрыццём (вільчак апіраецца на гліняны слуп унутры будынка), маюць прамавугольныя парталы з рэльефным арнаментам і зубцамі па вуглах. Мячэці складаюцца з вял. шматслупавой залы з плоскім земляным пакрыццём на драўляных бэльках і мінарэта ў выглядзе ўсечанай піраміды, у якой знадворку тырчаць канцы драўляных гарыз. сувязей. Новыя кварталы г. Ніямей і інш. гарадоў забудоўваюцца паводле сучаснага еўрап. тыпу. У раёне Ніямея і ў абласцях, населеных хауса, вырабляюць ціснёныя скураныя вырабы з яркай афарбоўкай — сумкі, сёдлы, абутак, пасудзіны, каралі. Пашыраны кавальства, ювелірная справа, пляценне. Вырабляюцца нажы з бронзавай і сярэбранай інкрустацыяй, сярэбраныя бранзалеты і падвескі, конская вупраж. Сярод ганчарных вырабаў пашыраны пасудзіны з выцісненым і размаляваным арнаментам. Вырабляюць ярка афарбаваныя тканіны (пераважна чырвонага, белага, блакітнага колераў), пасудзіны з гарбузоў (калебасы) з разным і выпаленым арнаментам.
К.А.Анціпава (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.І.Сініца (гісторыя).
Герб і сцяг Нігера.Да арт.Нігер. Мячэць у Агадэсе. 16 ст.Да арт.Нігер. Тыповы ландшафт пустыннай саванны на поўдні краіны.Да арт.Нігер. Уранавы руднік у Арлі.Да арт.Нігер. Зернясховішчы.Да арт.Нігер. Жаночая сумка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЫ́Й ЭЛ, Рэспубліка Марый Эл, Марыйская Рэспубліка,
у складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 23,2 тыс.км². Нас. 763 тыс.чал. (1998), гарадскога 62%. Сярэдняя шчыльн. 33 чал. на 1 км². Жывуць марыйцы (43,3%), рускія (47,5%), татары (5,9%) і інш. Сталіца — г.Йашкар-Ала. Гарады: Волжск, Козьмадзям’янск, Звянігава.
Прырода. Размешчана ў бас. сярэдняга цячэння р. Волга. Большая ч. тэрыторыі раўнінная, парэзаная рачнымі далінамі. ярамі і лагчынамі. На У Вяцкі Увал (выш. да 275 м) з карставымі формамі рэльефу, на З Марыйская нізіна. Правабярэжжа занята адгор’ямі Прыволжскага ўзв. Карысныя выкапні: вапнякі, даламіты, гіпс, кварцавы пясок, торф. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -13 °C, ліп. 19 °C. Ападкаў 450—500 мм за год. Гал. рака — Волга з прытокамі Вятлуга, Вял. і М.Какшага, Ілець, Рутка. Шмат азёр. Чэбаксарскае вадасховішча. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, на ПдУ і У перагнойна-карбанатныя, ёсць балотныя і шэрыя лясныя. Пад лесам 53% тэрыторыі (хвоя, піхта, елка, бяроза). З жывёл пашыраны воўк, буры мядзведзь, ліс, лось, рысь і інш.; баравая і вадаплаўная птушка. Нац. парк Марый Чадра, запаведнік Вял. Какшага.
Гісторыя. Людзі на тэр. М.Э. пасяліліся 40—30 тыс. гадоў назад. З пач. 1-га тыс. да н.э. развіваліся земляробства і жывёлагадоўля. Да 7 ст.н.э. склаўся стараж.-марыйскі этнас (саманазва мары, інш. народы наз. іх чарамісы), які з гэтага часу жыў на тэр. сучаснай М.Э. і суседніх абласцей па левым (лугавым), з 11—12 ст. і правым (горным) берагах Волгі. Вылучаліся 3 асн. групы марыйскага этнасу. марыйцы лугавыя (левабярэжныя), горныя (правабярэжныя) і ўсходнія. З 11 ст. марыйцы межавалі з рус. княствамі і Балгарыяй Волжска-Камскай. У 1236 яны заваяваны мангола-татарамі і з 1240-х г. знаходзіліся ў складзе Залатой Арды. З 15 ст. прыволжскія марыйцы ўваходзілі ў Казанскае ханства, а паўн.-заходнія (пры р. Вятлуга) — у склад Маскоўскай дзяржавы; у іх з’явіліся і ўласныя князі. У выніку Казанскіх паходаў 1545—52 марыйцы прызналі ўладу рас. цара. У 2-й пал. 16 ст. на марыйскіх землях пабудаваны гарады Какшайск, Козьмадзям’янск, Царовакакшайск і інш. У 17 ст. ў краі ствараліся маёнткі рус. памешчыкаў, адбывалася рассяленне рус. сялян, аднак б.ч. зямель належала дзяржаве. Асн. маса карэннага насельніцтва плаціла ясак (даніну) цару. Марыйцы ўдзельнічалі ў сял. войнах пад кіраўніцтвам І.Балотнікава (1606—07), С.Разіна (1670—71), Е.Пугачова (1773—75). З 18 ст. ўзмацніўся працэс русіфікацыі і пераводу ў праваслаўе (усх. марыйцы хрысціянства не прынялі і захавалі традыц. вераванні). У 1779—82 марыйскія землі падзелены паміж Казанскай, Ніжагародскай і Вяцкай губ. Пасля адмены прыгоннага права асн. заняткам насельніцтва заставаліся земляробства і жывёлагадоўля, аднак з’явіліся буйныя фабр.-заводскія прадпрыемствы: Звянігаўскі суднамех., Нікалаеўскі хрусталёва-шкляны з-ды і інш. Насельніцтва краю ўдзельнічала ў рэвалюцыі 1905—07.
Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у Царовакакшайску, Юрыне, Козьмадзям’янску і інш. узніклі Саветы, у якіх пераважалі меншавікі і эсэры. У чэрв. 1917 у г. Бірск (Башкортастан) адбыўся 1-ы Усерас. з’езд марыйцаў. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 сав. ўлада перамагла ў большасці мясцін краю, летам 1918 задушаны буйныя антыбальшавіцкія выступленні. У ліп. 1918 утвораны аддзел мары Наркамнаца РСФСР. 4.11.1920 дэкрэтам ВЦВК і СНК РСФСР утворана Марыйская аўт.вобл. (нас. 338,5 тыс.чал., у т. л. марыйцаў 183 тыс.) з цэнтрам у г. Чырвонакакшайск (з 1927 Йашкар-Ала). 5.12.1936 яна пераўтворана ў Марыйскую Аўт.Сав.Сацыяліст. Рэспубліку (Марыйская АССР). У 1920—30-я г. развівалася дрэваапрацоўчая, цэлюлозна-папяровая прам-сць. У выніку калектывізацыі сельскай гаспадаркі асабліва пацярпела жывёлагадоўля (у 1941 колькасць жывёлы ў М.Э. была меншая, чым у 1916). Насельніцтва М.Э. удзельнічала ў Вял.Айч. вайне, больш за 40 ураджэнцаў рэспублікі ўдастоены звання Героя Сав. Саюза. У 1944 Марыйская АССР накіравала ў дапамогу вызваленай Беларусі 50 трактароў. У кастр. 1990 Вярх. Савет Марыйскай А́ССР прыняў дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце. У 1992 рэспубліка падпісала федэратыўны дагавор з Расіяй і прыняла назву Марыйская Рэспубліка (Марый Эл).
Гаспадарка. М.Э. — індустрыяльна-агр. рэспубліка. Аснову эканомікі складаюць машынабудаванне і металаапрацоўка (21,6% ад аб’ёму ўсёй прадукцыі, 1997). Вытв-сцьметалаапр. інструментаў, прылад і сродкаў аўтаматызацыі, тэхнал. абсталявання для лясной і лесаапр. прам-сці (Йашкар-Ала), халадзільнага абсталявання для гандлю і грамадскага харчавання (Волжск), радыёдэталей (Козьмадзям’янск), пральных машын (Маркі), суднарамонт (Звянігава). У 1997 выраблена 24,8 тыс.шт.гандл.-халадзільнага абсталявання, 17,5 тыс.шт. міксераў. Электраэнергетыка (24% прамысл. прадукцыі) прадстаўлена ЦЭЦ у Йашкар-Але і Волжску. З галін харч. прам-сці (18,7% прамысл. прадукцыі) вылучаюцца мясная, масларобная, малочная, алейная, кансервавая, піваварная. Вытв-сць (тыс.т, 1998): мяса (укл. субпрадукты 1-й катэгорыі) — 11,6, масла — 3,3, натуральнамалочнай прадукцыі — 22,3, алею — 0,1. Развіта лясная, дрэваапр., мэблевая і цэлюлозна-папяровая прам-сць (прадпрыемствы ў Волжску, Йашкар-Але, Звянігаве, Савецкім, Суслонгеры). На адходах дрэваапрацоўкі працуе гідролізна-дражджавы з-д у Волжску. Лёгкая прам-сць прадстаўлена абутковай (Йашкар-Ала, Юрына), трыкат. і швейнай (Йашкар-Ала), ільняной (Аршанка) галінамі. Прам-сцьбуд. матэрыялаў (вытв-сць жалезабетонных вырабаў, шкла, асфальту, цэглы і інш). З-д па вытв-сці лек. сродкаў у Йашкар-Але. С.-г. ўгоддзі займаюць 772,1 тыс.га, у т. л. ворныя землі — 637,8 тыс.га. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на жывёлагадоўлі (малочна-мяснога і малочнага кірунку), авечка-, свіна- і птушкагадоўлі. Пагалоўе (тыс. галоў, 1998) буйн. раг. жывёлы 237,1, свіней 181,9, авечак і коз 91,9. Вытв-сць мяса 42,2 тыс.т, малака 314,8 тыс.т, яец 210,3 млн.шт., настрыг воўны 211 т. Развіта пчалярства, збор мёду ў 1998—388 т. Вырошчваюць збожжавыя культуры (жыта, пшаніца, авёс, ячмень, грэчка) на пл. 301,7 тыс.га, тэхн. (цукр. буракі, лён-даўгунец, хмель) — 7,5 тыс.га, кармавыя — 226,7 тыс.га, бульбу — 40,4 тыс.га. Збор (тыс.т, 1998) збожжа — 538,7, лёну-даўгунцу — 0,8, цукр. буракоў — 0,5, бульбы — 500,5. Пладаводства (збор 14,8 тыс.т), агародніцтва (83,4 тыс.т). Даўж. чыгункі 204 км (Казань — Йашкар-Ала — Яранск). Аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 3131 км. Суднаходства па рэках Волга і Вятлуга. Аэрапорт у г. Йашкар-Ала. Экспарт (22,3 млн.дол. ЗША, 1998): лекавыя сродкі, гандл.-халадзільнае абсталяванне, быт. прылады, цэлюлоза, папера. Імпарт (51,8 млн.дол. ЗША, 1998): паліва, машыны і абсталяванне, прадукцыя лёгкай і харч. прам-сці.
Культура. Літаратура ўзнікла ў пач. 20 ст. Пачынальнік — С.Чавайн. Найб. плённа развівалася паэзія (М.Мікай, М.Мухін, У.Саві, О.Шабдар і інш.). Значную ролю ў развіцці драматургіі адыгралі С.Нікалаеў, М.Шкетан, А.Канакоў, О.Тыныш, прозы — Н.Лекайн, Н.Ігнацьеў, Шабдар, паэзіі — І.Олык, К.Йыван, Чавайн, Мухін. Л-ра перадваен. дзесяцігоддзяў прадстаўлена паэзіяй М.Казакова, В.Рожкіна, В.Чалая, прозай Дз.Арая, М.Мічурына-Азмякея, Шабдара, Ігнацьева, Я.Ялкайна, Чавайна, Лекайна, публіцыстыкай і сатырай Ігнацьева і інш. У Вял.Айч. вайну ў розных жанрах працавалі А.Бік, С.Вішнеўскі, Б.Данілаў, Казакоў, М.Майн, Г.Мацюкоўскі, І.Осмін, Чалай. У л-ры пасляваен. перыяду ў жанры рамана працавалі Лекайн, Тыныш, А.Крупнякоў, у драматургіі — Нікалаеў, у паэзіі — Казакоў, Вішнеўскі і інш. На бел. мову асобныя творы марыйскіх пісьменнікаў (С.Брылякова, Вішнеўскага, М.Гаяза, Данілава, В.Дзмітрыева, Д.Ісламава, Казакова, Майна, Мацюкоўскага, П.Рэчкіна) пераклалі Э.Валасевіч, Х.Жычка, І.Калеснік, У.Рыгорава, У.Скарынкін, К.Цвірка.
Да сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. адносяцца прымітыўныя фігуркі жывёл з каменю і гліны, метал. ўпрыгожанні бронзавага веку. Для нар. дойлідства характэрны зрубныя з бярвення хаты з П-падобным дваром, летняй кухняй («кудо», без акон), 2-павярховай клеццю з галерэяй-балконам. Да сярэдзіны 19 ст. паселішчы забудоўваліся хаатычна, пазней усталявалася вулічная планіроўка. Гарады ўзніклі ў 2-й пал. 16 ст. (Какшайск, цяпер Йашкар-Ала; Козьмадзям’янск, Юрына). З пач. 20 ст. яны забудоўваліся паводле генпланаў. Асновы прафес.выяўл. мастацтва закладзены ў 1920-я г. (мастакі В.Цімафееў, П.Радзімаў, А.Грыгор’еў, К.Ягораў, Л.Атлашкіна). У 1940—50-я г. значныя творы стваралі П.Гарбунцоў, У.Казьмін, Б.Осіпаў, І.Пландзін, А.Пушкоў, П.Шабярдзін; з 1960-х г. працуюць жывапісцы А.Бутаў, Ю.Бялкоў, З.Лаўрэнцьеў, С.Падмароў, Б.Пушкоў, М.Тактаулаў, І.Яфімаў; графікі А.Арлоў, А.Бакулеўскі, І.Міхайлін, А.Фамін; скульптары А.Дзедаў, У.Карпееў, А.Шырнін; майстар нац. вышыўкі Л.Арлова. У дэкар.-прыкладным мастацтве здаўна пашыраны разьба па дрэве, узорыстае ткацтва, пляценне з бяросты, гнутая і плеценая мэбля, вышыўка. У 1941 створаны Саюз архітэктараў, у 1968 — Саюз мастакоў М.Э.
Найб. стараж. пласт нар.муз. культуры — прац., абрадавыя, быт., лірычныя і інш. песні. Яны пераважна 1-галосыя, куплетнай формы, выконваюцца ва унісон ці ў актаву, вылучаюцца багаццем рытму і метра. Ладавая аснова — пентатоніка. Марыйскія песні падзяляюць на песні горных мары (пабудаваны на квартава-квінтавых, секставых інтанацыях, з чаргаваннем простых і мяшаных памераў). лугавых (вылучаюцца лірычнасцю, роўнасцю рытму, часам імправізацыйнасцю) і ўсходніх (прыкметны ўплыў тат. і башк.муз. культур, ладавая аснова — ангемітонная пентатоніка; пашыраны жанр такмак, блізкі да прыпеўкі). Сярод нар. інструментаў: стр.-шчыпковы кусле (гуслі); смычковы кавыж (2-стр. скрыпка); духавыя шувыр (дуда), шыялтыш (падоўжная флейта), пуч (жалейкі), шушпык (гліняны салавей), ударны тумыр (барабан); храматычныя гармонікі, баян, балалайка. Першы прафес. кампазітар — І.Палантай (Ключнікаў) увёў у марыйскую музыку шматгалоссе. Сярод кампазітараў: В.Аляксееў, К.Гейст, В.Данілаў, Ю.Еўдакімаў, В.Захараў, А.Іскандараў, В.Кульшэтаў, У.Купрыянаў, А.Лупаў (першы нац. балет «Лясная легенда», 1971), С.Макаў, І.Молатаў, А.Нязнакін, Э.Сапаеў (першая нац. опера «Акпатыр», 1963), Л.Сахараў, Н.Сідушкін, К.Смірноў, Я.Эшпай, А.Яшмолкін і інш. Працуюць: Муз.т-р (з 1971), Хар.т-ва (з 1958), філармонія (з 1939), вак.-харэаграфічны ансамбль «Мары Эл» (з 1939), Марыйская хар. капэла (з 1981); муз. вучылішча, дзіцячыя муз. школы і школы мастацтваў. У 1940 створаны Саюз кампазітараў М.Э.
Літ.:
Прокушев Г.И. Художники Марийской АССР. Л., 1982;
Герасимов О.М. Народная песня в хоровом творчестве марийских композиторов. Йошкар-Ола, 1979;
Ягож. Музыкальная культура мари... Йошкар-Ола, 1983.