гістарычная вобласць у Паўд. Румыніі, паміж Карпатамі і р. Дунай; падзяляецца р. Олт на Мунтэнію і Алтэнію. У 106—271 Валахія, якую насялялі гета-дакійскія плямёны, у складзе Рымскай імперыі. У канцы 3 ст. заваявана готамі і гепідамі, у 4—6 — гунамі і аварамі, у 6 ст. — слав. плямёнамі. У канцы 8—10 ст. значная частка Валахіі ў складзе 1-га Балгарскага царства. З 14 ст.самаст.феад. дзяржава. У 15 ст. ў залежнасці ад Турцыі, з 16 ст. пад яе прыгнётам. Пры Міхаю Храбрым на непрацяглы час аб’ядналася з Малдовай і Трансільваніяй у адну дзяржаву (распалася на залежныя ад Турцыі княствы). У канцы 16 ст. ўзмацніліся паліт. сувязі з Расіяй, у канцы 17 — пач. 18 ст. ўстаноўлены дыпламат. адносіны. З 18 ст. Турцыя назначала гаспадарамі ў Валахіі пераважна грэкаў-фанарыётаў. У 1820—50 разгарнуўся нац.-вызв. рух. Валашскае паўстанне 1821 на чале з Т.Уладзімірэску паклала канец фанарыёцкаму рэжыму. Паводле Акерманскай канвенцыі 1826 Валахія атрымала самакіраванне, паводле Адрыянопальскага мірнага дагавора 1829 — аўтаномію (пад пратэктаратам Расіі да 1856). У 1829—34 пад кіраўніцтвам Расіі. У 1859—61 аб’ядналася з Малдовай у адзіную дзяржаву (з 1862 Румынскае княства).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ ЯЎРЭ́ЙСКІ ТЭА́ТР БССР.
Існаваў у 1926—49 у Мінску. Створаны з выпускнікоў Яўр. студыі ў Маскве (1922—26). Узначальвалі т-р М.Рафальскі (1926—37) і В.Галаўчынер (1938—46). Маст. аблічча т-ра вызначалі спектаклі, створаныя паводле твораў яўр. класікі: Шолам-Алейхема («Тэўе-малочнік»), А.Гольдфадэна («Суламіф»), І.Аксенфельда («Рэкрут»), М.Мойхер-Сфорыма («Маленькі чалавечак»). Значнае месца ў рэпертуары займала замежная класічная драматургія — п’есы У.Шэкспіра, Мальера, Лопэ дэ Вэгі, К.Гальдоні, Б.Шоу. Т-р імкнуўся папаўняць рэпертуар тагачаснымі нац. п’есамі: «Гірш Лекерт» А.Кушнірова, «Бойтра» М.Кульбака, «Сям’я Авадзіс» П.Маркіша і інш. У 1930-я г. пастаўлены п’есы М.Горкага («Фальшывая манета», упершыню на сав. сцэне), А.Карнейчука, А.Арбузава, М.Пагодзіна. Тэатр героіка-рамантычнага кірунку. У яго пастаноўках — тэатральна яркіх, дынамічных, маляўнічых, насычаных музыкай, танцамі. нар. песнямі — яркая відовішчнасць спалучалася з псіхалагізмам. У Айч. вайну т-р працаваў у Новасібірску. З 1946 у Мінску. У рэпертуары п’есы, прысвечаныя вайне: «Паўстанне ў гета» Маркіша, «Помста» І.Левіна, «Так і будзе» К.Сіманава і спектаклі паводле твораў нац. класікі. Сярод акцёраў т-ра: засл. арт.БССР Ю.Арончык, М.Моін, М.Сокал, А.Трэпель. У канцы 1940-х г.т-р абвінавацілі ў фармалізме, касмапалітызме, нацыяналізме і ў 1949 расфарміравалі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНЯ́ЎКА,
вёска ў Клецкім р-не Мінскай вобл., каля р. Нача, на скрыжаванні аўтадарог на Клецк, Ганцавічы, Слуцк, Івацэвічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 17 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Клецк, 144 км ад Мінска. 1728 ж., 714 двароў (2001). Мэблевая ф-ка, лесаапр. цэх, філіял дарожна-рамонтнага ўпраўлення. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — паштовая станцыя (1-я пал. 19 ст.).
Вядома з канца 15 ст. ў складзе Клецкага княства. З 1552 Мястэчка, уласнасць каралевы Бонь; Сфорца, у 1568—1690 у Клецкай ардынацыі кн. Радзівілаў. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Слуцкага пав. Мінскай губ. З 19 ст. адзін з цэнтраў вытв-сці ганчарных вырабаў (гл.Сіняўская кераміка). У 1886 у С. 144 ж., 24 двары, валасная ўправа. 2 царквы, сінагога, яўр. малітоўны дом, школа, паштовая станцыя, 7 крам, у 1905 каля 500 ж. З 29.7.1920 у Нясвіжскім пав. З 1921 у Польшчы, цэнтр гміны Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета Клецкага р-на. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі летам 1941 стварылі тут гета, у якім у чэрв. 1942 правялі масавы расстрэл яўрэяў (загінула каля 700 жыхароў вёскі). У 1962—66 у Нясвіжскім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫСЕМІТЫ́ЗМ,
праяўленне варожых адносін да яўрэяў (семітаў); адна з формаў нац. нецярпімасці, расізму і шавінізму. Гіст. карані антысемітызму ідуць ад часоў вымушанага масавага перасялення яўрэяў з Палесціны ў інш. краіны Рымскай імперыі (1 ст.н.э.), іх шматвяковых блуканняў па краінах Еўропы, дзе яны ўспрымаліся мясц. насельніцтвам як «іншароднае цела». У эпоху феадалізму ў Германіі, Аўстра-Венгрыі, Рас. імперыі яўрэі былі непаўнапраўнымі, падвяргаліся рэліг. і нац. ганенням, часта іх сялілі ў асобных, ізаляваных кварталах (гета). У выніку бурж. рэвалюцый гэтыя прававыя абмежаванні ў большасці краін зняты, але міфы пра «сусветную змову яўрэяў», іх вінаватасць у розных супярэчнасцях і няўстойлівасці жыцця перыядычна адраджаліся. Напр., у Расіі для яўрэяў у канцы 18 ст. была ўведзена мяжа аселасці, дзейнічалі законы, якія забаранялі ім купляць зямлю, паступаць на дзярж. службу, займаць афіцэрскія пасады ў арміі, служыць у паліцыі, працаваць на чыгунцы, у паштовых установах і інш. У 1880-я г. і ў перыяд рэвалюцыі 1905—07 па Расіі пракаціліся хвалі пагромаў, арганізатарамі якіх найчасцей выступалі паліт. паліцыя, шавіністычныя арг-цыі, аддз. чарнасоценнага «Саюза рускага народа» і інш. Асабліва жахлівыя формы набыў антысемітызм у фаш. Германіі і акупіраваных ёю краінах, калі гітлераўцы знішчылі каля 6 млн. яўрэяў, у т. л. 3 млн. грамадзян б.СССР. Палітыка дзярж. антысемітызму праводзілася пасля вайны і кіраўніцтвам СССР, сведчаннем чаго сталі кампаніі супраць т.зв. касмапалітаў (1949), «справа ўрачоў» (1953) і інш. У сучасных умовах праяўленні антысемітызму ёсць у ЗША (т.зв. «негрыцянскі антысемітызм»), Францыі (Ле Пен і яго аднадумцы), у асяроддзі арабскіх экстрэмістаў, у дзейнасці праварадыкальных нацыяналістычных арг-цый Расіі і інш. краін.
На Беларусі, дзе яўрэі пражывалі з 14—16 ст., антыяўрэйскія акцыі напачатку мелі эпізадычны характар, пазней праяўляліся ў выступленнях на соймах, у магістратах і цэхах з патрабаваннямі абмежавання яўрэяў у правах. Найбольш антысемітызм праявіўся напярэдадні і ў час рэвалюцыі 1905—07. У вер. 1903 яўр. пагром адбыўся ў Гомелі, у якім удзельнічала і частка паліт. несвядомых рабочых чыг. майстэрняў. У кастр. 1905 чарнасоценцам удалося арганізаваць яўр. пагромы ў Полацку, Оршы, Рэчыцы і інш. У 1920-я г.яўр. пагромы на тэр. Беларусі ўчынялі польскія акупац. ўлады, атрады С.Булак-Балаховіча, бандыцкія фарміраванні. У гады сталінскага тэрору былі ліквідаваны створаныя ў 1920-я г.яўр.культ.-асв. арг-цыі і школы, распачаты рэпрэсіі супраць дзеячаў яўр. культуры. На тэр. Беларусі ў час яе акупацыі ням. фашыстамі створана 70 лагераў смерці (гета) і знішчана больш за 300 тыс. яўрэяў. Пасля вайны ўлады Беларусі (як і інш. рэспублік б.СССР) праводзілі палітыку скрытага антысемітызму, а сёння ён пакладзены ў аснову дзейнасці розных груповак і аб’яднанняў, якія стаяць на пазіцыях вялікадзяржаўнага шавінізму.
Літ.:
Бебель А. Социал-демократия и антисемитизм. Спб., 1407;
Ларин Ю. Евреи и антисемитизм в СССР. М.; Л., 1929;
Бич М.О. Рабочее движение в Белоруссии в 1861—1904 гг.Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯМІ́ГА,
адна са стараж. вуліц Мінска. Знаходзіцца ў гіст. цэнтры горада, паміж р. Свіслач і вул. К.Цэткін; працягласць 1840 м. Назва ад р.Няміга (прыток Свіслачы, заключана ў падземны калектар), уздоўж якой вуліца пралягала. Узнікла ў 12 ст. як адна з цэнтр.гандл. магістралей, што злучала гандл. плошчу перад Мінскім замкам (Нізкі рынак) з б. Койданаўскім трактам. У дакументах 16—18 ст.наз.Нямізскай. У 19 ст. ўключала Нізкі і Рыбны рынкі, звязвала гандл. плошчу на Траецкай гары з рынкам у б. Раманаўскім прадмесці (раён сучасных вуліц Раманаўская слабада і Мяснікова). Да канца 18 ст. забудова была пераважна драўляная (у 1793 існавалі толькі 2 мураваныя дамы), шмат разоў гарэла (асабліва моцны пажар у 1835). У пач. 17 ст. на скрыжаванні вуліц Н. і Ракаўскай пабудаваны комплекс правасл. манастыра з Мінскай Петрапаўлаўскай царквой, на правым баку Н. да 1965 стаяў будынак сінагогі 18 ст. У 19 ст. забудавана 2—3-павярховымі жылымі будынкамі з крамамі, якія стваралі суцэльны вулічны фронт, мелі рысы класіцызму. Напачатку праезная ч. вуліцы была вымашчана драўляным насцілам, у 17—18 ст. забрукавана, у пач. 20 ст. заасфальтавана. У Вял.Айч. вайну ў раёне вуліц Н. і Ракаўскай было гета. У пач. 1970-х г. забудова Н. знесена ў сувязі з рэканструкцыяй трансп. магістралі — вуліца М.Горкага (цяпер М.Багдановіча) — Няміга. У 1990-я г. на Н. пабудаваны рэстаран «МакДональдс» (арх. А.Чадовіч), комплекс 12-павярховых жылых дамоў, гандл. цэнтр «На Нямізе» (кіраўнік аўтарскага калектыву арх. С.Мусінскі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з ліп. 1941 да ліп. 1944 у Мінску і яго наваколлі. Узнікла і развівалася па ініцыятыве камуністаў, камсамольцаў, рабочых, ІТР, студэнтаў, прадстаўнікоў інтэлігенцыі. Станоўчую ролю ў стварэнні падп. груп і арг-цый адыграла дзейнасць Л.Я.Адзінцова, У.С.Амельянюка, І.Дз.Будаева, С.І.Зайца, І.К.Кавалёва, Дз.А.Караткевіча, А.Л.Коцікава, Ф.С.Кузняцова, С.В.Сержановіча, І.Г.Сцяпуры, б. вайскоўцаў Я.К.Горыцы, П.П.Суравягіна. У ліку першых утварыліся групы на чыг. вузле (А.Дз.Балашоў, Ф.К.Жавалёў, І.І.Івашчонак, Кузняцоў, В.С.Купрыянава, К.А.Паўлечка, Сцяпура і інш.), у раёне Камароўкі (С.К. і У.С.Амельянюкі, В.С.Жудро, Заяц, А.В.Каліноўскі, А.П.Макаранка, І.М.Цімчук, М.А.Шугаеў), ў Кастрычніцкім раёне з б. работнікаў рэсп. канторы Белнафтазбыту (К.Дз.Грыгор’еў, А.Л.Зубкоўскі, І.П.Жазінец, В.К.Нікіфараў, Г.М.Сямёнаў і інш.), з выкладчыкаў і студэнтаў юрыд. ін-та (М.Ф.Малаковіч, М.Б.Осіпава, А.А.Сакалова). Падполле фарміравалася ва ўмовах жорсткага акупацыйнага рэжыму. Патрыёты вялі агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі газеты, што паступалі з тылу, выводзілі са строю абсталяванне на вытворчасці, зрывалі мерапрыемствы акупац. улад. Восенню 1941 пры актыўным удзеле ўпаўнаважанага ЦККП(б)Б І.К.Кавалёва створаны Мінскі падп. гарком КП(б)Б і Ваен. савет партыз. руху (ВСПР). У склад гаркома ўваходзілі Кавалёў (сакратар), Грыгор’еў, Жудро, Заяц, Казінец, Коцікаў, Нікіфараў, І.І.Рогаў, Сямёнаў. Стварэнне гаркома завяршыла аб’яднанне падп. груп і арг-цый горада ў адно арганізац. цэлае. У кастр.—снеж. 1941 гарком даў жыццё першым на Міншчыне партыз. атрадам «Дзядзькі Васі», Сяргеева, Пакроўскага. Па яго заданнях збіраліся звесткі пра размяшчэнне ў горадзе і наваколлі ваен. аб’ектаў, штабоў, складоў, бензабаз ворага, наладжваліся сувязі з надзейнымі людзьмі на перыферыі, арганізоўваліся ўладкаванне б. ваеннаслужачых на работу, матэрыяльная дапамога падпольшчыкам. Найб. важныя звесткі перапраўляліся ў партыз. атрады, адтуль — за лінію фронту. У пач. 1942 ВСПР аб’ядноўваў больш за 300 чал., ажыццяўляў кантакты з партыз. атрадамі, што дзейнічалі ў Дзяржынскім, Заслаўскім, Лагойскім, Плешчаніцкім і Рудзенскім р-нах; з яго ўдзелам створана некалькі атрадаў, куды савет накіроўваў камандзіраў і палітработнікаў. У канцы 1941 гарком і ВСПР арганізавалі першую падп. друкарню, дзе выпускаўся перыяд. лісток «Вестник Родины», зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі; у маі 1942 выйшаў 1-ы нумар падп.газ.«Звязда» (рэд. У.Амельянюк, 2—4-га нумароў — Я.М.Савіцкая). У 1941 у Мінску і наваколлі дзейнічала каля 50 падп. груп і арг-цый (больш за 2 тыс.чал.): на Балотнай станцыі, плодаагародніннай базе № 1, цагельным з-дзе № 1, ст. Мінск-Таварная, у гаражы Мінгаруправы, у в. Прылепы, група студэнтаў і выкладчыкаў юрыд. ін-та, у паравозным дэпо, на вагонарамонтным з-дзе, на ЦЭЦ-2, Старажоўскай хлебапякарні, цагельных з-дах № 2 і 3, на Грушаўскім пасёлку, цвіковым з-дзе, у інфекц. бальніцы, «Вера», на гарбарным і станкабуд. з-дах, у медпункце і на чыг. ст. Мінск-Пасажырскі, у Доме друку, Доме ўрада, на Пугачоўскім зав., у аптэцы № 1, на піўзаводзе, на чыг. вузле, у в. Ліпкі, ваен. гарадку Сцяпянка, у раёне вуліц Калгаснай, Маладзечанскай, Саўгаснай і Старавіленскай, на хлебзаводзе «Аўтамат», у друкарні Дома друку, на малочным з-дзе, хімфармзаводзе, на дрожджа-патачным з-дзе, «Красворд», на мэблевай ф-цы па вул. Апанскага, група настаўнікаў, на складзе бухгалтарскіх бланкаў, група Лагойскага падп. райкома КП(б)Б, у раёне вуліц Р.Люксембург і К.Лібкнехта, на радыёзаводзе, у гаражы гаруправы, «Каўказ», медработнікаў, арг-цыя «Андруша». У складзе М.п.п. з ліп. 1941 дзейнічала камсам.-маладзёжнае падполле (кіраўнік С.А.Благаразумаў), створанае гаркомам КП(б)Б і структурнымі органамі ЛКСМБ: на радыёзаводзе, вагонарамонтным, гарбарным, цвіковым з-дах, на Балотнай станцыі, на чыг. вузле, арг-цыя «Андруша» (больш за 60 чал.). У снеж. 1942 пасля арышту і пакарання смерцю Благаразумава Мінскі падп. міжрайком ЛКСМБ стварыў Мінскі падп. гарком ЛКСМБ (дыслацыраваўся ў Заслаўскім р-не), які праз сувязных узначаліў маладзёжны падп. рух у Мінску. У першыя месяцы пасля стварэння гета (19.7.1941) яго вязні стварылі «дзесяткі» і інш. групы, якія адыгралі важную ролю ў наладжванні сувязі з гар. падполлем, арганізацыі матэрыяльнай і фінансавай дапамогі падполлю і партызанам, зборы сакрэтнай інфармацыі, перапраўцы вязняў у партызаны.
Гарком і ВСПР сваю дзейнасць накіроўвалі ў адпаведнасці з падзеямі на фронце: у снеж. 1941, у час бітвы пад Масквой, група падпольшчыкаў учыніла дыверсію, у выніку якой на 10 дзён спыніўся рух ням. эшалонаў на фронт; на ЦЭЦ-2 зрывалі падачу электраэнергіі на ваен. аб’екты ворага (выводзілі са строю абсталяванне, зацягвалі яго рамонт, сапсавалі прылады гал. пульта). Недастатковая канспірацыя ў арганізацыі некаторых аперацый прывяла ў сак. 1942 да арышту і гібелі кіраўнікоў (П.І.Антохін, Рогаў) і многіх членаў ВСПР і да спынення дзейнасці гэтай арг-цыі. У сак.—крас. ахвярамі ням. рэпрэсій сталі члены арг-цый і груп падполля, вязні гета. Пасля катаванняў 7.5.1942 публічна пакараны смерцю 28 кіраўнікоў і актывістаў, у т. л.чл. гаркома Казінец, Заяц, Сямёнаў, расстраляны 251 падпольшчык. Але актыўная барацьба з акупантамі працягвалася. У пач. мая на канспіратыўнай кватэры М.П.Дразда адбылася нарада актыву падполля з 14 чал., на якой вырашаліся пытанні ўдасканалення арганізац. структуры і канспірацыі падполля. У склад гаркома давыбраны У.Амельянюк (пасля яго гібелі К.І.Хмялеўскі) і Караткевіч, выйшаў са складу Грыгор’еў Былі створаны 5 падп.гар. райкомаў КП(б)Б: Варашылаўскі (сакратар Шугаеў), Кастрычніцкі (Хмялеўскі, з вер. М.К.Каржанеўскі), Сталінскі (Н.Я.Герасіменка), Тэльманаўскі (раён гета, М.Л.Гебелеў), Чыгуначны (Коцікаў, з вер. І.І.Матусевіч). Пад кіраўніцтвам і пры ўдзеле гаркома адноўлена і пашырана сетка падп. арг-цый. З удзелам падпольшчыкаў да 1943 створана каля 20 партыз. атрадаў, брыгады «Дзядзькі Колі», «Стары», «Штурмавая». У выніку прапагандысцкай работы падпольшчыкаў 357 чал. з укр. ахоўных батальёнаў, больш за 150 салдат-антыфашыстаў (бельгійцы, немцы, палякі, сербы, славакі і інш.) перайшлі да партызан. Падпольшчыкі сістэматычна адпраўлялі партызанам зброю, выбуховыя прылады, радыёпрыёмнікі, пішучыя машынкі, паперу, соль, вопратку, бінты і інш., у т. л. члены падп. арг-цыі на Грушаўскім пас. і хлебазаводзе «Аўтамат» адвезлі брыгадзе Нікіціна машыну з хлебам; з хімзавода ў 11 атрадаў перадалі медыкаменты і перавязачныя матэрыялы; з гарбарнага з-да тром атрадам — больш за 100 кажухоў, футравых безрукавак, некалькі соцень аўчынных шапак, рукавіц, 13 шавецкіх машын; са станкабуд. з-да вывозілі сакрэтную тэхн. дакументацыю; па заданні гаркома ў бюро пропускаў гар. камісарыята каля 2 гадоў працаваў З.З.Гала, які забяспечваў нелегалаў бланкамі пропускаў, узорамі ням. пячатак, подпісаў, папярэджваў пра аблавы і інш. карныя мерапрыемствы акупантаў; прафесар Я.У.Клумаў разам з інш. медыкамі лячыў параненых патрыётаў, забяспечваў падполле і партызан медыкаментамі, хірург. інструментам, поўнасцю абсталяваў 2 партыз. шпіталі. Ва ўзаемадзеянні з партызанамі падпольшчыкі правялі шэраг дыверсій у авіямайстэрнях, на станкабуд. і хіміка-фармацэўтычным з-дах, чыг. вузле, прыводзілі ў непрыгоднасць на складах акупантаў харч. прадукты, парушалі тэлефонную сувязь і інш. Пад уплывам гаркома дзейнічалі Дзяржынскае патрыятычнае падполле, Тарасава-Ратамскае патрыятычнае падполле. У канцы 1942 — пач. 1943 пасля жорсткіх допытаў загінулі сакратар гаркома Кавалёў, чл. гаркома Караткевіч, Хмялеўскі, Нікіфараў, сакратары гаррайкомаў Герасіменка, Каржанеўскі, Матусевіч, Шугаеў, шмат актывістаў падполля. З вер. 1942 (час арышту кіраўнікоў падполля) да вер. 1943 у Мінску не існавала адзінага падп. кіруючага цэнтра. Партызаны выходзілі на падполле праз сувязных. У крас. 1943 акупанты правялі карную аперацыю «Чароўная флейта», у адказ на якую падпольшчыкі ўчынілі шэраг дыверсій на прадпрыемствах горада. У час Курскай бітвы 1943 чыгуначнікі затрымалі і пашкодзілі 155 паравозаў. Пасля вял. страт у антыфаш. руху Мінска ў 1943 ЦККП(б)Б, падп. Мінскі абком, Мінскі і Слуцкі міжрайкомы, Барысаўскі міжрайпартцэнтр, Дзяржынскі, Заслаўскі, Лагойскі, Мінскі, Рудзенскі, Смалявіцкі, Чэрвеньскі райкомы, камандаванне партыз. фарміраванняў, што былі звязаны з М.п.п., прынялі дадатковыя меры для працягу антыфаш. барацьбы. 29.9.1943 ЦККП(б)Б зацвердзіў прапанову Мінскага падп. абкома пра стварэнне Мінскага падп. гаркома КП(б)Б (сакратары С.К.Ляшчэня, Г.М.Машкоў, І.П.Паромчык, базіраваўся ў партыз. зоне пры спецатрадзе НКДБСССР «Мясцовыя»), які накіроўваў дзейнасць падполля ў горадзе праз спец.партыз. сувязных. 22.9.1943 падпольшчыцы А.Р.Мазанік, Осіпава, Н.В.Траян здзейснілі падрыхтаванае падполлем знішчэнне ген. камісара Беларусі В.Кубэ. Восенню 1943 акупанты правялі ў горадзе новыя карныя мерапрыемствы, у т. л. амаль поўнасцю знішчылі гета. Да канца 1943 сетка падп. утварэнняў ахапіла амаль увесь горад. Узніклі падп. групы на хлебазаводзе «Аўтамат», у Кастрычніцкім р-не, чыг. упраўленні па вул. Апанскага, на вул. Грушаўскай, з работнікаў грабянёвай ф-кі, гаруправы, хлебазавода № 1, Бел. тэатра, на чыг. вузле, «Першыя», «Суседзі», «Чацвёртыя», «Родныя», «Юрый», «Мсцівец», «Актыўныя», «Артур», арг-цыі «Танюша» на радыёзаводзе, вул. Грунтавая, «Зубілкін», «Галя», «Тамара», «Таццяна», «Роберт», «Адам», «Крылоў», «Вырві вока», «Віктар», «Уладзімір». Толькі ў 1944 у горадзе было зарэгістравана больш за 60 дыверсій, учыненых падпольшчыкамі. За час акупацыі ў горадзе дзейнічала больш за 90 падп. груп і арг-цый (6355 чал.), існавала больш за 200 канспіратыўных кватэр; падпольшчыкі правялі больш за 1500 баявых аперацый. У перыяд адступлення захопнікаў падпольшчыкі перашкаджалі ім у знішчэнні прамысл. і адм. будынкаў, вывазе і знішчэнні нарабаванай маёмасці і харч. прадуктаў. За гераізм і мужнасць у барацьбе супраць ням.-фаш. акупацыі У.С.Амельянюку, І.П.Казінцу, Я.У.Клумаву, І.К.Кабушкіну, М.А.Кедышку, А.Р.Мазанік, М.Б.Осіпавай, Н.В.Траян прысвоена званне Героя Сав. Саюза, каля 600 чал. узнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР. 26.6.1974 Мінску нададзена ганаровае званне «Горад-герой». Імёнамі падпольшчыкаў Адзінцова, Амельянюка, Гала, Герасіменкі, Дразда, Жудро, І.К.Кабушкіна, Кавалёва, Казінца, Караткевіча, Каржанеўскага, М.А.Кедышкі, Клумава, А.М.Ляўкова, Матусевіча, Сямёнава, Хмялеўскага, В.Д.Шацько названы вуліцы Мінска. Месцы, звязаныя з дзейнасцю падполля і гібеллю падпольшчыкаў, адзначаны мемар. знакамі.
Літ.:
О партийном подполье в Минске в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944 гг.). Мн., 1961;
Савицкая Я.М. Бойцы подпольного фронта. Мн., 1982;
В непокоренном Минске: Док. и материалы о подпол. борьбе сов. патриотов в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944). Мн., 1987;
Лещеня С.К. С паролем горкома. 2 изд. Мн., 1988;
Доморад К.И. Партийное подполье и партизанское движение в Минской области, 1941—1944. Мн., 1992;
Мінскае антыфашысцкае падполле. Мн., 1995.
Я.І.Бараноўскі, І.М.Ігнаценка.
Да арт.Мінскае патрыятычнае падполле. Помнік падпольшчыкам у Цэнтральным скверы.Да арт.Мінскае патрыятычнае падполле. Мемарыяльная дошка на вул. Караля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУЖА́НЫ,
горад, цэнтр Пружанскага р-на Брэсцкай вобл., на вытоку р. Мухавец. Вузел аўтадарог на Брэст, Высокае, Кобрын, Слонім, Бярозу, Поразава. За 13 км ад чыг. ст. Аранчыцы на лініі Баранавічы—Брэст, за 89 км ад Брэста. 20,2 тыс.ж. (2000).
Вядомы з 1487 пад назвай Дабучын. Да 1519 у Кобрынскім княстве, пасля ў Кобрынскім, з 1566 у Брэсцкім пав. У 16 ст. належалі каралеве Боне Сфорца, потым яе дачцэ Ганне, якая ў 1589 дала гораду магдэбургскае права і герб. У 1563—1250 ж., 278 гаспадарак. З канца 16 ст. замацоўваецца назва П. У час войнаў сярэдзіны 17—1-й пал. 18 ст. моцна разбураны, уцалела /. пабудоў. Да канца 18 ст. адбудаваны, у 1791—2094 ж. З 1795 у Рас. імперыі, цэнтр Пружанскага павета. У час паўстання 1863—64 заняты паўстанцамі 13.2.1863. У 1897—7634 ж., 14 дробных прадпрыемстваў, павятовае і прыходскае вучылішчы, 6 бальніц, 2 царквы, касцёл, сінагога. У 1919—39 у Польшчы, цэнтр павета Палескага ваяв. Дзейнічалі падп. арг-цыі КПЗБ і КСМЗБ, Беларускай сялянска-работніцкай грамады, Таварыства беларускай школы. З вер. 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Пружанскага р-на. 23.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія ў створаным тут гета трымалі да 10 тыс.чал., загубілі больш за 4 тыс.чал. Вызвалены 17.7.1944 войскамі 1-га Бел. фронту ў ходзе наступлення на Брэсцкім напрамку.
Працуюць з-ды: кансервавы, радыёдэталей, ільнозавод, масласырзавод; камбінаты буд. матэрыялаў і плодакансервавы, друкарня, лясгас, Пружанскі аграрна-тэхнічны каледж і інш. У горадзе Дом культуры, 2 б-кі. Брацкія магілы чырвонаармейцаў, сав. воінаў і партызана. Помнік В.З.Харужай, сав. лётчыкам.
У 16 ст. ў П. існаваў палацавы комплекс, т.зв. Каралеўскі двор (вядомы паводле інвентара 1597), у 2-й пал. 18—19 ст. — барочны гар. асабняк. У 2-й пал. 19 ст. ў прадмесці П. Горкі пабудаваны капліца (1852), Пружанскі сабор Аляксандра Неўскага, Спаса-Праабражэнская царква (1875—78), касцёл Ушэсця св. Дзевы Марыі (1883), гандл. рады ў стылі барока і класіцызму (1896, арх. Міхайлоўскі і Савіч), комплекс гар. сядзібы (арх. Ланці). У сучасным горадзе 3 планіровачныя раёны: паўд., зах. і ўсходні. Арх.-планіровачная структура вызначаецца цэнтр. восевай магістраллю (вуліцы Савецкая, Кобрынская, Кастрычніцкая), перпендыкулярнымі да яе вуліцамі Леніна, Р.Шырмы, Чырвонаармейскай і звілістым абрысам поймы р. Мухавец. Горад забудоўваўся паводле схемы планіроўкі 1959, якая ўпарадкавала нерэгулярную сетку вуліц, генплана 1974 і праекта дэталёвай планіроўкі цэнтра 1977. Адм.-грамадскі цэнтр склаўся на вуліцах Савецкай і Шырмы. Цэнтр.ч. горада і цэнтр усх. раёна забудаваны 4—5-павярховымі дамамі. У паўн.ч. і па вул. Шырмы створаны новыя мікрараёны з 5—9-павярховых дамоў, узводзяцца будынкі сядзібнага тыпу. Паводле генплана 1998 здзяйсняецца пераход да катэджнага буд-ва на ўскраінах горада. Зона адпачынку — штучны вадаём у паўд.ч. горада, р. Мухавец і парк у паўн. частцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РСКІ ЗА́МКАВА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,
помнік архітэктуры 16 — пач. 20 ст. ў г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны ў пач. 16 ст. магнатам Ю.І.Іллінічам. З 1568 належаў кн. Радзівілам, у 19 ст. Вітгенштэйнам і Святаполк-Мірскім. Уключае замак, палац (захаваўся часткова), парк, капліцу-пахавальню (гл.Мірская капліца). Замак напачатку быў мураванай (цэгла і бутавы камень) крэпасцю (з унутр. дваром, блізкім у плане да квадрата), абнесенай з зах. і паўн. бакоў абарончымі сценамі (выш. з падмуркам каля 13 м, таўшчыня ўнізе 3 м) з 5-яруснымі вежамі па вуглах. Пасярэдзіне зах. сцяны знаходзілася пятая, 6-ярусная вежа-брама, якая мела герсу і пад’ёмны мост. Вежы (выш. 25—27 м) накрыты шатрамі, прарэзаны байніцамі і амбразурамі для вядзення агню з ручной агнястрэльнай зброі і гармат. Паўд. і паўн.-зах. вежы завяршаліся машыкулямі для кідання камянёў і ліцця вару. Ніжнія ярусы вежаў маюць мураваныя скляпенні, верхнія перакрываліся памостамі на драўляных бэльках. Замак абкружаны землянымі валамі выш. каля 10 м і ровам з вадой. Дэкар. вырашэнне заснавана на кантрасце чырвонай цэглы і ружовай атынкоўкі. Вонкавыя сцены арнаментаваны парэбрыкамі, гіркамі, нішамі, паяскамі, паўкалонкамі. Архітэктура замка мае рысы позняй готыкі і рэнесансу. У 1580—90-я г. перабудаваны пад княжацкую загарадную рэзідэнцыю (будаўнік М.Збароўскі). Да паўд. і ўсх. сцен прыбудаваны 3-павярховы палац. Вежы прыстасаваны пад жыллё, уздоўж зах. і паўд. сцен замка пастаўлены гасп. пабудовы (кухня, стайня). У сутарэннях палаца і на 1-м паверсе размяшчаліся гасп. памяшканні, на 2-м — службовыя, на 3-м — княжацкія пакоі. Усяго ў палацы больш за 40 пакояў, аздобленых лепкай, мармурам, шпалерамі. Сістэма ацяплення складалася з прыгожых кафляных печаў і камінаў, дымаходы праходзілі ў мураваных сценах. Сцены і вежы звонку атынкаваныя. Аконныя праёмы, дзверы, ганкі ўпрыгожаны разнымі дэталямі з вапняку. У вежы-браме быў гадзіннік са званамі, у т. л. ажурнымі; перад уваходам пабудавана дадатковае паўкруглае ўмацаванне (барбакан) з асобнай брамай і рэнесансавым разным парталам. Замак быў адм. цэнтрам Мірскага графства, тут знаходзіліся канцылярыя і астрог. На працягу існавання замак неаднойчы быў аб’ектам аблог і штурмаў. Пашкоджаны ў 1655 і 1706. Адноўлены ў пач. 18 ст. Замак моцна пашкоджаны ў 1794. У канцы 18 ст. заняпаў. У 1812 пад сценамі замка адбыўся бой паміж франц. кавалерыяй маршала Л.Н.Даву і ар’ергардам 2-й рус. арміі — казацкай конніцай М.І.Платава. Была ўзарвана паўн.-ўсх. вежа, палац разрабаваны, разбураны і спалены. У 1870-я г. праведзены першыя работы па захаванні замка як помніка старажытнасці. У 1920—30-я г. часткова адноўлены М.Святаполк-Мірскім. У Вял.Айч. вайну ў замку размяшчалася яўр.гета. З 1969 праводзіліся частковая кансервацыя і навук. даследаванні (праект рэстаўрацыі 1982, арх. В.Атас, С.Верамейчык, В.Калнін, навук. супрацоўнікі А.Трусаў, Л.Трэпет). Археал. даследаванні на тэр. замка праводзілі Ю.Ядкоўскі (1912), М.Ткачоў (1972), Трусаў (1980—84, 1991; у 1982 з І.Чарняўскім). Знойдзена вял. колькасць керамічных, шкляных і метал. вырабаў. З 1992 філіял Нац.маст. музея Беларусі. Парк (т.зв.італьян. сад) створаны на Пд за замкавымі валамі. Закладзены ў 17 ст. як рэгулярны парк італьян. тыпу з сістэмай алей і баскетаў, аранжарэямі і вадаёмамі. Па перыметры абсаджаны ліпамі. У канцы 19 ст. створаны пейзажны парк (пл. каля 20 га), у яго кампазіцыі рэшткі рэгулярнага парку ў зах. частцы. Акрамя прысад з мясц. парод у парку больш за 400 цеплалюбівых раслін з розных куткоў свету. На У ад комплексу знаходзіцца фальварак, на Пд — каскад ставоў з вадзянымі млынамі. За 3 км ад замка закладзены звярынец для палявання. Комплекс у асноўным захаваўся і з’яўляецца унікальным збудаваннем бел. архітэктуры, у якім адлюстраваны стылі готыкі і рэнесансу, сумяшчаюцца рысы абарончай і палацавай архітэктуры. Аднесены ЮНЕСКА да вышэйшай катэгорыі помнікаў сусв. культуры (1994). Вядзецца рэстаўрацыя (2000).
Літ.:
Иодковский И.И. Замок в Мире // Древности. М., 1915. Т. 6;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАСТО́К (Białystok),
горад на ПнУ Польшчы, на р. Бяла. Адм. ц.Беластоцкага ваяводства. 275 тыс.ж. (1992), сярод насельніцтва значную ч. складаюць беларусы. Вузел чыгунак і аўтадарог. Цэнтр тэкст. (шарсцяной, баваўнянай), маш.-буд. (дарожныя машыны, дэталі станкоў), электроннай (вытв-сць тэлевізараў), харч., дрэваапр. прам-сці. Хім., гарбарныя, шкларобныя, швейныя, мэблевыя, буд. матэрыялаў прадпрыемствы; ф-ка дываноў.
Лічаць, што Беласток заснаваў князь Гедзімін у 1320. Ён уваходзіў у ВКЛ, у падляшскіх граматах 14 ст.наз. Бялынчаны-сток. У 1426 Вітаўт падараваў горад Мацею з Тыкоціна. Пасля Люблінскай уніі 1569 Б. з Падляшскім ваяв. адышоў да Каралеўства Польскага. У 16—18 ст. належаў Весялоўскім, Вастрарогам, Чарнецкім, Браніцкім, быў каронным (дзярж.) уладаннем. У 1723 атрымаў магдэбургскае права. У 1-й пал. 18 ст. пабудаваны ратуша з вежай і мураваныя крамы, палац Браніцкіх з тэатрам, садам, аранжарэямі, вадасховішчамі і 2 звярынцамі; горад умацаваны мураванай сцяной з вежамі-брамамі. З 1795 у складзе Прусіі. Дзейнічаў Беластоцкі інстытут павітух. Паводле Тыльзіцкага міру 1807 далучаны да Рас. імперыі. З 1808 цэнтр Беластоцкай вобласці, з 1842 цэнтр Беластоцкага павета Гродзенскай губ. У 1845 атрымаў герб. У 1857 у Беластоку 13 787 ж. У 1862 праз Беласток пракладзены ўчастак Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі. У 1889 — 56,6 тыс. ж, 4127 жылых дамоў, 27 з-даў, 133 ф-кі (больш за 2 тыс. рабочых), якія штогод выпускалі прадукцыі на 2,7 млн.руб. Дзейнічалі рэальнае вучылішча, ін-т шляхетных дзяўчат, пав. і прыходскае вучылішчы, пач.яўр. Вучылішча, прыватныя школы, 2 тэатры, 2 бальніцы, шпіталь, 4 аптэкі, правасл. і лютэранская цэрквы, касцёл, 2 сінагогі, 29 магазінаў, штогод праводзіўся кірмаш. У 1915 у час 1-й сусв. вайны акупіраваны герм. войскамі, у час сав.-польскай вайны ў 1920 у Беластоку утвораны Польскі рэв. камітэт. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр Беластоцкага ваяводства. У 1920—30-я г. тут дзейнічалі бел.паліт. і грамадскія арг-цыі, у 1924—25 знаходзіўся ЦККПЗБ. З вер. 1939 у БССР. У Беласток адбыўся Народны сход Заходняй Беларусі. З 4.12.1939 цэнтр Беластоцкай вобл. З 23.6.1941 да 27.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. Дзейнічала Беластоцкая абласная антыфашысцкая арганізацыя. У 1943 адбылося паўстанне ў Беластоцкім гета. За перыяд акупацыі знішчана 55% насельніцтва, 74% прам-сці, 80% жылой забудовы горада. Беласток вызвалены Сав. Арміяй у ходзе Беластоцкай аперацыі 1944. У вер. 1944 паводле дагавора паміж сав. і польскім урадамі перададзены Польшчы.
Найб. значны помнік архітэктуры — палац Браніцкіх, т.зв. «падляскі Версаль» (1697, арх. Тыльман Гамерскі; перабудаваны ў 1728—58, арх. Я.Дэйбель, Клем). Гэта вялікая познабарочная рэзідэнцыя з галерэямі, афіцынамі, павільёнамі, комплексам дзядзінцаў, брамай-вежай, рэгулярным паркам з каналамі і скульптурамі; спалены ў 1944, рэканструяваны паводле плана 1726 (цяпер сядзіба мед. акадэміі). Сярод інш. помнікаў: раннебарочны касцёл (1617) з багатым інтэр’ерам 18 ст. (арх. Я.Фантана) і надмагіллямі Браніцкіх, а таксама дабудаваны да яго кафедральны неагатычны касцёл (1900, арх. Я.Дзяконскі); познабарочная плябанія (1746); ратуша з гадзіннікавай вежай (1745—61, арх. Клем); будынак масонскай ложы (1803—06); класіцыстычныя камяніцы (18—19 ст.) і царква св. Мікалая (сярэдзіна 19 ст.); «Дом Напалеона» (19 ст.); касцёл св. Роха (1927, арх. О.Сасноўскі).
У 1927—31 у Беластоку дзейнічаў драм. гурток Т-вабел. школы пад кіраўніцтвам К.Сідарэвіча, які паставіў спектаклі «Модны шляхцюк» К.Каганца, «Збянтэжаны Саўка» Л.Родзевіча, «Пашыліся ў дурні» М.Крапіўніцкага і інш. У 1929 аматарскі драм. гурток Віленскай бел. гімназіі паказаў у Беластоку «Апошняе спатканне» У.Галубка. У 1937—38 дзейнічала Т-ва працаўнікоў бел.т-ра «Полымя». У 1939 у Беластоку створаны Дзяржаўны польскі тэатр БССР, Дзярж. польскі тэатр лялек БССР, т-рмуз. камедыі БССР; арганізаваны Бел. ансамбль песні і танца на чале з Р.Шырмай (гл.Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь), Беластоцкае аддзяленне Белдзяржэстрады; дзейнічалі бел., польскія і рус. самадзейныя драм. калектывы; выступалі БДТ-1 (1939), Дзярж.яўр.т-рБССР (1940).
У пасляваенны час у Беластоку створаны Беларускае грамадска-культурнае таварыства, Беларускае аб’яднанне студэнтаў, Беларускае дэмакратычнае аб’яднанне, выходзяць газ. «Ніва» і штогоднік «Беларускі каляндар». З 1958 Беластоцкае радыё трансліруе (з 1990 штодзённа) перадачы на бел. мове; праводзяцца Дні бел. культуры, наладжаны пастаянныя кантакты паміж Беластоцкім драматычным тэатрам імя А.Венгеркі і драм. т-рамі Беларусі (абмен гастролямі, пастановачнымі групамі). У Беластоку выступалі Нац.т-р імя Я.Купалы (1955, 1975, 1991, 1993, 1994), Брэсцкі драм.т-р (1958, 1965).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫЗВАЛЕ́НЧАЯ ВАЙНА́ ПО́ЛЬСКАГА НАРО́ДА 1939—45,
узброеная барацьба польскага народа супраць фаш. Германіі за свабоду і нац. незалежнасць Польшчы ў час другой сусветнай вайны 1939—45. 1.9.1939 Германія напала на Польшчу і развязала 2-ю сусв. вайну. Вялікабрытанія і Францыя, якія 3 вер. абвясцілі вайну Германіі, не аказалі Польшчы рэальнай ваен. дапамогі. У ходзе 35-дзённай Польскай кампаніі 1939 намнога большыя злучэнні вермахта разбілі польскія ўзбр. сілы. Гітлераўцы ўстанавілі на тэр. Польшчы жорсткі акупац. рэжым (гл. ў раздз. Гісторыя ў арт.Польшча). Польскія патрыёты паступова разгарнулі вызв. барацьбу на тэрыторыі краіны і за яе межамі.
Дзеянні польскіх узброеных сіл за мяжой у 1940—42. Да пач. 1940 у Францыі з эмігрантаў-палякаў сфарміравана 85-тыс. армія пад камандаваннем вярх. галоўнакаманд. і прэм’ер-міністра польскага эмігранцкага ўрада ў Лондане ген. В.Сікорскага. У маі—чэрв. 1940 польскія часці разам з англа-франц. войскамі вялі баі каля Нарвіка (Нарвегія) і ў Францыі. Пазней польск. часці (каля 15 тыс.чал.) сфарміраваны ў Вялікабрытаніі. Польскія караблі (3 эсмінцы і некалькі падводных лодак), якія ў 1939 прарваліся ў Англію, дзейнічалі ў складзе брыт.ВМФ. У жн. 1940 — маі 1941 польскія лётчыкі ўдзельнічалі ў паветр. вайне над Брыт. а-вамі (гл.Бітва за Англію 1940—41). У Паўн. Афрыцы (Лівія) у складзе 8-й брыт. арміі ваявала брыгада Карпацкіх стралкоў, якая вызначылася пры абароне г. Табрук (жн.—снеж. 1941), у баях каля г. Эль-Газаль (снеж. 1941) і Бардыя (снеж. 1941 — студз. 1942). У 1941—42 на тэр.СССР сфарміравана польская Андэрса армія (у 1942 выведзена ў Іран).
Антыфашысцкая барацьба ў акупіраванай Польшчы ў 1939—43. Пасля акупацыі краіны зарадзіўся рух Супраціўлення, які арганізацыйна ўзмацніўся ў 1941—42; унутры руху аформіліся 2 паліт. плыні. Левыя сілы ў студз. 1942 стварылі Польскую рабочую партыю (ППР) і яе ваен. арг-цыю Гвардыю Людову, якая летам 1942 распачала баявыя аперацыі супраць акупац. улад. Польскі эмігранцкі ўрад і яго нелегальнае прадстаўніцтва ў Польшчы («дэлегатура») сфарміравалі свае ўзбр. атрады — Армію Краёву (АК), якая актывізавала сваю дзейнасць з вясны 1943. Адно з буйных выступленняў польск. патрыётаў адбылося ў варшаўскім гета (гл.Варшаўскае паўстанне 1943).
Дзеянні польскіх узброеных сіл на франтах 2-й сусветнай вайны ў 1943—45. На Захадзе ў складзе брыт.узбр. сіл ваявалі 1-ы (танк. дывізія і парашутна-дэсантная брыгада; баі ў Францыі, Бельгіі, Нідэрландах, Паўн. Германіі) і 2-гі (2 пях. дывізіі, баі ў Італіі, у т. л. каля Монтэ-Касіна) польскія карпусы, 15 авіяц. злучэнняў і польскія караблі. Да канца вайны польскія ўзбр. сілы на Захадзе налічвалі каля 200 тыс.чал. Пасля разрыву Сав. Саюзам адносін з польскім эмігранцкім урадам (крас. 1943) узмацніліся кантакты левых польскіх сіл з СССР, дзе быў створаны Саюз польскіх патрыётаў. Для сумеснай барацьбы супраць фаш. Германіі на тэр.СССР былі сфарміраваны Першая польская дывізія імя Т.Касцюшкі (май 1943) і 1-ы польскі корпус (апошні ў сак. 1944 разгорнуты ў 1-ю Польскую армію). Летам 1944 сав. войскі і 1-я Польская армія (каля 100 тыс.чал.) уступілі на тэр. Польшчы. На вызваленай тэр. краіны быў створаны Польскі камітэт нац. вызвалення. Пад яго кіраўніцтвам дзейнічала Войска Польскае (створана ў выніку аб’яднання партыз.Арміі Людовай — пераемніцы Гвардыі Людовай і 1-й Польскай арміі). У адказ АК у адпаведнасці з дырэктывай з Лондана, каб заняць Варшаву да падыходу сав. войск і абвясціць там уладу эмігранцкага ўрада, узняла Варшаўскае паўстанне 1944, якое пацярпела няўдачу. Тэр. Польшчы ў яе даваен. межах вызвалена сав. і польскімі часцямі (пры ўдзеле АК) да вясны 1945. Палітыка-прававыя аспекты аднаўлення незалежнай польскай дзяржавы знайшлі адлюстраванне на Крымскай канферэнцыі 1945. Да мая 1945 Войска Польскае дасягнула 400 тыс.чал. 1-я Польская армія ўдзельнічала ў Вісла-Одэрскай аперацыі 1945, Усх.-Памеранскай аперацыі 1945, вызваленні Варшавы (16—17 студз.), прарыве Паморскага вала (31 студз. — 10 лют.), вызваленні Памор’я і штурме г. Кольберг (Калобжаг; сак. — крас.). 1-я і 2-я (пачала фарміравацца ў жн. 1944) Польскія арміі, 1-ы танк. корпус, 1-ы паветр. корпус і інш. часці ўдзельнічалі ў Берлінскай аперацыі 1945.
Літ.:
Зуев Ф.Г. Польский народ в борьбе против фашизма. М., 1967;
Краткая история Польши. М., 1993. С. 315—360;
Заварошкін У. Монтэ-Касіна: трыумф і трагедыя // Бел. мінуўшчына. 1995. № 1.