працэс утварэння і развіцця палавых жаночых (аагенез) і мужчынскіх (сперматагенез) клетак — гамет. У шматклетачных арганізмах гаметагенез адбываецца ў палавых залозах (ганадах), уключае рад этапаў: адасабленне першасных палавых клетак (ганацытаў) ад іншых (саматычных) і іх міграцыю ў зачаткі ганад; размнажэнне першасных палавых клетак — сперматагоніяў і аагоніяў шляхам рада мітозаў; рост гэтых клетак (гаметацытаў); выспяванне гаметацытаў, іх дзяленне шляхам меёзу, у выніку якога лік храмасом памяншаецца ў 2 разы і ўтвараюцца гаплоідныя аатыды і сперматыды; фарміраванне спелых палавых клетак, у час якога сперматазоіды набываюць жгуцікі, а яйцаклеткі — некалькі абалонак. Гаметагенез у раслін аддзелены ад меёзу і адбываецца ў гаплоідным гаметафіце, што развіваецца з гаплоідных спор. У моха- і папарацепадобных, некат. голанасенных раслін, водарасцей і грыбоў гаметагенез ажыццяўляецца ў палавых органах (антэрыдыях і архегоніях) шляхам мітозаў. У пакрытанасенных мужчынскі гаметагенез працякае непасрэдна ў пылковым зерні, жаночы гаметагенез — у зародкавым мяшку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗІГАМІЦЭ́ТЫ (Zygomycetes),
клас ніжэйшых грыбоў. 4 парадкі: мукаральныя (Mucorales), эндаганальныя (Éndogonales), энтамафтаральныя (Entomophthorales), заапагавыя (Zoopagales). 40 родаў, больш за 500 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы, Паўн. Амерыцы. На Беларусі каля 20 відаў з парадкаў мукаральных і энтамафтаральных. Сапратрофы, ёсць паразіты. Пасяляюцца ў глебе, на агародніне, псуюць харч. прадукты, выклікаюць мукарамікозы жывёл і чалавека, гніенне с.-г. прадукцыі. Некат. віды з родаў мукор, фікаміцэс і інш. выкарыстоўваюцца ў мікрабіял. і харч. прам-сці, віды энтамафтаральных — для біял. барацьбы з насякомымі-шкоднікамі.
Міцэлій добра развіты, шмат’ядзерны, няклетачны, у спелым стане падзелены на клеткі. У клетачных абалонках ёсць хіцін, хітазан, часам глюкан. Палавы працэс — зігагамія (зліццё 2 недыферэнцыраваных на гаметы клетак) з утварэннем зігаспораў (адсюль назва). Зігота ўтварае спарангій з рознымі па палавым знаку спорамі ў адрозненне ад бясполага спарангія. Бясполае размнажэнне нерухомымі спарангіяспорамі або канідыямі. Органы бясполага размнажэння марфал. разнастайныя (сістэм. прыкмета).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВЕ́ТКА,
орган размнажэння пакрытанасенных (кветкавых) раслін. У двухполай К. ўтвараюцца споры і гаметы, адбываецца апыленне і апладненне, развіццё зародка і фарміраванне плода з насеннем. Складаецца з кветаножкі, кветаложа (вось, на якой знаходзяцца ўсе элементы К.), чашачкі, вяночка, андрацэя (сукупнасць тычынак), гінецэя (сукупнасць пладалісцікаў, з якіх утвараецца песцік. У ніжняй ч. песціка (завязі) развіваюцца семязачаткі, потым насенне, завязь ператвараецца ў плод. Адрозніваюць К. правільныя, ці актынаморфныя (маюць некалькі плоскасцей сіметрыі), няправільныя, ці зігаморфныя (адна плоскасць сіметрыі), і асіметрычныя. Бываюць К. двухполыя (маюць тычынкі і песцікі) і, радзей, раздзельнаполыя (толькі тычынкі ці толькі песцікі). Расліны з тычынкавымі і песцікавымі К. — аднадомныя, расліны з адным відам К. (толькі тычынкі ці толькі песцікі) — двухдомныя. Бываюць К. верхавінкавыя, пазушныя, адзіночныя, сабраныя ў суквецці. Цвітуць ад 20—30 мін да 80 дзён. Эвалюцыя К. ішла ў цеснай сувязі з эвалюцыяй насякомых-апыляльнікаў.
Да арт.Кветка: I. Кветкі без калякветніка або з рэдукаваным калякветнікам: 1 — пшаніцы; 2 — вярбы (а — тычынкавая кветка, б — песцікавая кветка); 3 — ясеню; 4 — малачаю (а — тычынкавая кветка, б — песцікавая кветка). II. Правільныя актынаморфныя кветкі: 5 — энатэры; 6 — стрэлалісту; 7 — тытуню; 8 — званочку; 9 — цюльпану; 10 — нарцысу; 11 — адонісу. III. Зігаморфныя кветкі: 12 — кірказону; 13 — фіялкі; 14 — боцікаў; 15 — васілька; 16 — архідэі.