МАЯКО́ЎСКІ (Уладзімір Уладзіміравіч) (19.7.1893, г. Багдаты, Грузія — 14.4.1930),

расійскі паэт, драматург. Вучыўся ў кутаіскай (з 1902) і маскоўскай (1906—08) гімназіях, у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1911—14), дзе зблізіўся з Д.Бурлюком. У 1923—28 узначальваў літ.-маст. аб’яднанне ЛЕФ, у 1929—30 — Рэв. фронт мастацтваў. Рэдагаваў час. «ЛЕФ» (1923—25) і «Новый ЛЕФ» (1927—28). Дэбютаваў вершамі «Ноч» і «Ранак» (1912). Першая кніга «Я!» (1913). У ранняй лірыцы, трагедыі «Уладзімір Маякоўскі» (паст. 1913, рэжысёр і выканаўца гал. ролі М.), паэмах «Воблака ў штанах» (1915), «Флейта-пазваночнік» (1916), «Чалавек» (1918) супярэчнасць паміж рамант.-утапічным ідэалам паэта і рэальнасцю, багаборніцкія матывы. Разуменне вайны як сусветнай бяды, найвялікшага злачынства перад чалавекам у вершах і паэмах перыяду 1-й сусв. вайны («Вайна аб’яўлена», 1914; «Вам!», 1915; паэма «Вайна і мір», 1915—16, выд. 1917). Пасля 1917 спроба стварэння міфа пра сацыяліст. светабудову (п’еса «Містэрыя-буф», 1918; паэмы «150 000 000» 1921; «Уладзімір Ільіч Ленін», 1924; «Добра!», 1927). З 1919 выпускаў у Маскве агітплакаты «Вокны РОСТА» (ствараў паэт. тэксты і малюнкі). Многія сюжэты браў з падзей на Беларусі і Зах. фронце («Што павінен ведаць чырвонаармеец Заходняга фронту», «Радуецца пан, растапырыў рот...» і інш.). У гэтых плакатах, вытворчай і кніжнай графіцы 1920-х г. ярка выявіўся талент М. як мастака (з 1910-х г. рабіў партрэтныя замалёўкі, эскізы лубкоў, тэатр. работы). У лірычных паэмах «Люблю» (1922) і «Пра гэта» (1923) сцверджанне непадзельнасці жыцця і кахання. З 2-й пал. 1920-х г. пераважаюць сатыр. творы: камедыі «Клоп» (1928, паст. 1929, экранізавана 1962) і «Лазня» (1929, паст. 1930) — антыутопія, не зразумелая сучаснікамі. Паэма «На ўвесь голас» (1930) — сцверджанне шчырасці свайго шляху і надзея на разуменне. Аўтар аўтабіяграфіі «Я сам» (1922, 2-я рэд. 1928), кн. «Савецкая азбука» (1919), нарысаў «Маё адкрыццё Амерыкі» (1925), сцэнарыяў фільмаў «Паненка і хуліган» паводле «Настаўніцы рабочых» Э.​Д’Амічыса, «Не для грошай нарадзіўся» паводле «Марціна Ідэна» Дж.​Лондана, (абодва 1918, зняўся ў гал. ролях), артыкулаў па пытаннях л-ры («Як рабіць вершы», 1926), мастацтва і інш. Пісаў для дзяцей («Што такое добра, што такое дрэнна», 1925). Творчай манеры М. ўласцівы рамант. светаадчуванне, гранічная аголенасць пачуцця, зліццё аўтара з лірычным героем, устаноўка на прамы зварот да аўдыторыі, канцэнтраваная эмацыянальнасць і энергія верша. М. — рэфарматар паэт. мовы. Зрабіў вял. ўплыў на паэзію 20 ст. Да вопыту М. звярталася не адно пакаленне бел. паэтаў. Ёсць падставы гаварыць пра пэўную тыпалагічную сувязь акцэнтнага верша Я.​Купалы і М. ўжо ў дакастр. перыяд іх творчасці, што вынікала з характэрнага для іх абвостранага адчування свету ў процістаянні і барацьбе высокага і нізкага, чалавечнага і бесчалавечнага. Яго ўплыў адчулі М.​Чарот, М.​Грамыка, А.​Куляшоў, П.​Броўка, М.​Лужанін, У.​Хадыка, П.​Глебка, якія шукалі новых сродкаў выразнасці. М. неаднаразова прыязджаў на Беларусь, выступаў перад чытачамі (у 1914, 1925 і 1927 у Мінску, у 1924 у Гомелі, у 1927 у Віцебску). На бел. матэрыяле стварыў сатыр. верш «Піва і сацыялізм» (пач. назва «Віцебскія думкі») і антырэліг. верш «Не для вас папоўскія святы» (па просьбе рэдакцыі газ. «Красная смена», дзе ўпершыню апубл. 12.4.1923). У газ. «Звязда» 4.2.1923 надрукаваны яго арт. «Сённяшні Берлін». На працягу 1923—24 у перыяд. выданнях Беларусі публікаваліся творы М., атрыманыя ад Прэс-бюро Агітпропа ЦК РКП(б). На першамайскім свяце 1921 у Мінску рэжысёры Е.​Міровіч і Л.​Літвінаў паставілі масавае дзейства «Праца і капітал» з выкарыстаннем тэкстаў з агітплакатаў «Вокны РОСТА». Уздзеянне М. на бел. паэзію было надзвычай дабратворным, за выключэннем выпадкаў, калі ўплыў падмяняўся простым перайманнем элементаў яго паэтыкі, верша (т. зв. «лесвічка»). Пачатая ім традыцыя паказу абагульнена-маштабнага чалавека не перарвалася (паэзія П.​Панчанкі, М.​Танка, К.​Кірэенкі, А.​Русецкага, Р.​Барадуліна, В.​Зуёнка, П.​Макаля, С.​Гаўрусёва, У.​Паўлава і інш.). П’есы М. ставіліся ў т-рах Беларусі: «Клоп» у Бел. т-ры юнага гледача (1962), у Бел. т-ры імя Я.​Коласа (1968), у Дзярж. т-ры лялек (1975); «Лазня» ў Брэсцкім абл. драм. т-ры (1974), у Рускім дзярж. т-ры (1977); фольк-опера «Клоп» У.​Дашкевіча па матывах твораў М. ў Дзярж. т-ры муз. камедыі (1988). У ліку першых перакладчыкаў твораў М. на бел. мову былі А.​Дзяркач, М.​Хведаровіч («Левы марш», 1930; пазней гэты верш пераклалі М.​Лужанін, Р.​Лынькоў), Т.​Кляшторны (уступ да паэмы «На ўвесь голас», 1930; вядомы і пераклады гэтага твора Глебкі, Лужаніна), Ю.​Таўбін («Марш ударных брыгад», 1930). Броўка пераклаў паэму «Уладзімір Ільіч Ленін», В.​Вітка і Р.​Лынькоў — паэму «Добра!», Кірэенка — п’есы «Клоп» і «Лазня». Асобныя вершы М. пераклалі А.​Астрэйка, А.​Вялюгін, В.​Жуковіч, К.​Крапіва, Куляшоў, Г.​Пашкоў, М.​Танк, У.​Шахавец, А.​Якімовіч (вершы для дзяцей) і інш. М. прысвечаны многія вершы бел. паэтаў.

Тв.:

Полн. собр. соч. Т. 1—13. М., 1955—61;

Семья Маяковского в письмах: Переписка 1892—1906 гг. М., 1978;

Маяковский — художник: [Альбом]. М., 1963;

Бел. пер.Выбр. творы. Мн., 1940;

Выбр. творы. Мн., 1952;

Кім быць? Мн., 1932;

Як узяць да ладу, што добра, што блага? Гомель, 1932;

Дзецям. Мн., 1950;

Конь-агонь. Ми., 1955;

П’есы. Мн., 1985;

Уладзімір Ільіч Ленін. Мн., 1987.

Літ.:

Крученых А. Стихи Маяковского. Выпыт. СПб., 1914;

Денисова И.В. Революция — любовь: Новатор. принципы послеокт. лирики Маяковского. 2 изд. М., 1988;

Карабчиевский Ю.А. Воскресение Маяковского. М., 1990;

Михайлов А.А. Мир Маяковского. М., 1990;

Яго Ж. Точка пули в конце: Жизнь Маяковского. М., 1993;

Скорятин В.И. Тайна гибели Владимира Маяковского: Новая версия трагич. событий, основанная на последних находках в секретных архивах. М., 1998;

Маякоўская А.А. Дзіцячыя і юнацкія гады Уладзіміра Маякоўскага: З успамінаў маці: Пер. з рус. Мн., 1957;

Маякоўскі ў Беларусі. Мн., 1957;

Агіевіч У. Да пытання аб традыцыях Уладзіміра Маякоўскага ў беларускай паэзіі // Агіевіч У. Літаратура і жыццё. Мн., 1954;

Гниломедов В. «Издалека сегодня виден подвиг ваш...» // Дружба народов. 1983. № 7;

Кенька М. Яго перакладчыкі // Братэрства, 83. Мн., 1983.

У.​В.​Гніламёдаў (У.​Маякоўскі і Беларусь).

У.У.Маякоўскі.

т. 10, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ АКАДЭМІ́ЧНЫ ТЭА́ТР БАЛЕ́ТА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ.

Створаны ў 1933 у Мінску як Дзяржаўны т-р оперы і балета БССР на базе Беларускай студыі оперы і балета. З 1940 Вялікі, з 1964 акадэмічны. З 1996 сучасная назва, у складзе творчага аб’яднання «Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь». Адкрыўся балетам «Чырвоны мак» Р.​Гліэра (1933). У першы перыяд трупа ставіла пераважна класічныя балеты: «Капелія» Л.​Дэліба — Ф.​Лапухова (балетмайстар, 1935), «Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага — К.​Мулера (1938), «Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева — К.​Галяйзоўскага (1939). Першы нац. балет — «Салавей» М.​Крошнера — А.​Ермалаева (1939, 1940), дзе створаны яскравыя вобразы герояў (у гал. партыях А.​Нікалаева, С.​Дрэчын), выразна і маштабна паказаны народ, сінтэзаваны акад. і нар. танец. Ў 1930—40-я г. сярод артыстаў балета вылучыліся Нікалаева, Дрэчын, З.​Васільева, Я.​Вяпрынскі, Н.​Гурвіч, Л.​Крамарэўская, Н.​Майсеенка, Т.​Узунава, Ю.​Хіраска. У 1940—70-я г. ў рэпертуары т-ра пераважалі творы рус. і замежнай класікі: «Лебядзінае возера» (1948, 1967, 1978), «Спячая прыгажуня» (1954, 1970), «Шчаўкунок» (1956) Чайкоўскага, «Бахчысарайскі фантан» Асаф’ева (1939, 1949, 1973), «Раймонда» А.​Глазунова (1972), «Дон Кіхот» (1941, 1947, 1962, 1979) і «Пахіта» (1973) Л.​Мінкуса, «Марная засцярога» П.​Л.​Гертэля (1938, 1959), «Жызэль» А.​Адана (1953, 1966, 1976), «Пер Гюнт» на муз. Э.​Грыга (1966). Ставіліся і балеты сучасных, у т. л. бел., кампазітараў: «Пасля балю» Г.​Вагнера (1971), «Сцежкаю грому» К.​Караева (1960), «Казка пра мёртвую царэўну і сем асілкаў» А.​Лядава і У.Дзешавова (1961), «Спартак» А.​Хачатурана (1964), «Папялушка» (1965) і «Рамэо і Джульета» (1968) С.​Пракоф’ева і інш. Вяліся пошукі больш дасканалых сцэн. маст. рашэнняў, пашыраліся тэматыка і жанравая разнастайнасць, узбагачалася харэаграфічная лексіка. Пошукі этн. своеасаблівасці характэрны для ўвасаблення твораў бел. кампазітараў Мулерам. («Князь-возера» В.​Залатарова, 1949; Дзярж. прэмія СССР 1950; «Падстаўная нявеста» Вагнера, 1958), Ермалаевым («Палымяныя сэрцы» Залатарова, 1955). Сучасная тэма ўведзена на нац. сцэну балетамі «Мара» Я.​Глебава — А.​Андрэева (1961), «Святло і цені» Вагнера — Андрэева і Н.​Стукалкінай (1963). Тэма Вял. Айч. вайны з маст. пераканаўчасцю ўвасоблена ў «Альпійскай баладзе» Глебава — А.​Дадышкіліяні (1967, лібр. Р.​Чарахоўскай паводле аднайм. аповесці В.​Быкава), дзе яскравыя глыбока псіхалагічныя вобразы стварылі К.​Малышава і Л.​Чахоўскі. Сярод балетмайстраў гэтага перыяду Андрэеў, І.​Бельскі, В.​Вайнонен, Дадышкіліяні, Ю.​Дружынін, Дрэчын, Ермалаеў, Р.​Захараў, Н.​Конюс, А.​Месерэр, Мулер, Стукалкіна; салісты балета — В.​Давыдаў, Н.​Давыдзенка, І.​Дзідзічэнка, Т.​Караваева, А.​Карзянкова, Б.​Карпілава, В.​Крыкава, Р. і М.​Красоўскія, Малышава, Г.​Мартынаў, В.​Міронаў, Н.​Младзінская, Я.​Паўловіч, М.​Пятрова, Л.​Ражанава, І.​Савельева, Чахоўскі, М.​Шэхаў і інш. У 1973 трупу ўзначаліў В.​Елізар’еў. Яго маст. дасягненнем сталі пастаноўкі балетаў «Кармэн-сюіта» Ж.​Бізэ — Р.​Шчадрына і «Камерная сюіта» на муз. Шчадрына (абедзве 1974), «Стварэнне свету» А.​Пятрова (1976) і «Тыль Уленшпігель» Глебава (2-я рэд., 1978; лібр. Елізар’ева паводле Ш. Дэ Кастэра). Новая паэтыка і эстэтыка гэтых і інш. балетаў дазваляюць гаварыць пра з’яўленне аўтарскага т-ра Елізар’ева, які працуе ў цеснай садружнасці з мастакамі (Я.​Лысік, Э.​Гейдэбрэхт, В.​Окунеў і інш.). Бел. балет набыў міжнар. прызнанне і з поспехам гастраліруе ў, многіх краінах свету.

У 1980—90-я г. ў т-ры пастаўлены шэраг па-мастацку значных твораў: «Спартак» Хачатурана (1980), «Шчаўкунок» (1982) і «Лебядзінае возера» (1986) Чайкоўскага, «Рамэо і Джульета» Пракоф’ева (1988), «Дон Кіхот» Мінкуса (1989), вак.-харэаграфічнае прадстаўленне «Карміна Бурана» на муз. К.​Орфа (1983), 1-актовыя балеты «Адажыета» на муз. Г.​Малера (1981), «Балеро» на муз. М.​Равеля (1984), «Вясна свяшчэнная» (1986, 1997) і «Жар-птушка» (1998) І.​Стравінскага (балетмайстар усіх Елізар’еў). Набылі вядомасць майстры бел. балетнага мастацтва Л.​Бржазоўская, І.​Душкевіч, У.​Іваноў, У.​Камкоў, Н.​Паўлава, С.​Пясцехін, В.​Саркісьян, Ю.​Траян, Н.​Філіпава, Т.​Яршова і інш. Рэпертуар трупы папоўніўся балетамі бел. кампазітараў «Курган» Глебава (1982, лібрэта А.​Вярцінскага і Г.​Маёрава паводле аднайм. паэмы Я.​Купалы), «Крылы памяці» У.​Кандрусевіча (1986), «Кругаверць» А.​Залётнева (1996, па матывах нар. балад). Найб. значны рэзананс атрымаў балет «Страсці» («Рагнеда») А.​Мдывані — Елізар’ева (1995; Дзярж. прэмія Беларусі 1996; прэмія Міжнар. асацыяцыі танца пад эгідай ЮНЕСКА «Бенуа дэ ла данс» 1996), прысвечаны лёсу полацкай княгіні Рагнеды. З класічных пастановак гэтага часу найб. адметныя: «Ліза і Кален» Ф.​Герольда (1979), «Сільфіда» Х.​Левенскольда (1983), «Спячая прыгажуня» (1990), «У гонар Марыуса Петыпа» на муз. Р.​Дрыга, І.​Армсгеймера, Мінкуса (1981). Т-р ставіць і спектаклі для дзяцей, у т. л. «Доктар Айбаліт» І.​Марозава (1951), «Чыпаліна» К.​Хачатурана (1978), «Тры парсючкі» С.​Кібіравай (1991). Сярод пастаноўшчыкаў балетаў у 1980—90-я г. А.​Вінаградаў, Ю.​Грыгаровіч, П.​Гусеў, Маёраў, І.​Калпакова і інш. У т-ры працавалі: гал. балетмайстры — Мулер (з 1946), Андрэеў (1960—64 і 1971—73), Дадышкіліяні (1965—71), Елізар’еў (з 1973); гал. дырыжоры — І.​Гітгарц (1933—36), Н.​Грубін (1938-41), А.​Брон (1944—48), У.​Пірадаў (з 1948), Л.​Любімаў (1951—64), Г.​Дугашаў (1966—68), К.​Ціханаў (з 1969), Я.​Вашчак (1972—80), Праватораў (з 1984), А.​Анісімаў (1980—84 і з 1989); гал. мастакі — С.​Нікалаеў (з 1938), Я.​Чамадураў (1959—76), Лысік (1979—81), Гейдэбрэхт (1984—90). Трупа т-ра пастаянна папаўняецца выпускнікамі Дзяржаўнага харэаграфічнага каледжа Рэспублікі Беларусь. У ёй працуюць (2000): дырэктар — маст. кіраўнік т-ра нар. арт. СССР Елізар’еў, салісты балета нар. арт. Беларусі К.​Фадзеева, засл. арт. Беларусі Н.​Дадышкіліяні, У.​Далгіх, В.​Захараў, Р.​Мінін, А.​Фурман, Т.​Шаметавец, артысты Т.​Беранава, С.​Гарбунова, Ж.​Лебедзева, А.​Турко, нам. дырэктара нар. арт. Беларусі Траян, памочнік маст. кіраўніка засл. дз. культ. Беларусі І.​Сарокіна, асістэнты засл. артыстка Беларусі Дзідзічэнка, Я.​Мінін, балетмайстры-рэпетытары нар. арт. Беларусі Бржазоўская, Яршова, нар. артыстка Расіі М.​Подкіна, А.​Мартынаў, канцэртмайстры засл. артыстка Беларусі Л.​Сямёнава, С.​Львовіч, Ч.​Шуба.

Працуе ў адным будынку з Нацыянальным акадэмічным тэатрам оперы Рэспублікі Беларусь.

Літ.:

Чурко Ю.М. Белорусский балетный театр. Мн., 1983;

Яе ж. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988;

Яе ж. Линия, уходящая в бесконечность, Мн., 1999;

Дзяржаўны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Мн., 1993;

Мушинская Т.М. Гармония дуэта. Мн., 1987;

Яе ж. Гаркавы смак ісціны: Партрэты. Мн., 1993;

Грищенко М.М. Белорусский балет и современная тема. Мн., 1989;

Валентин Елизарьев: [Альбом]. Мн., 1997;

Музычны тэатр Беларусі, 1960—1990. [Кн. 4], Мн., 1997.

Ю.​М.​Чурко.

Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева. 1988.
Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь. Сцэна з балета «Спартак» А.​Хачатурана. 1980.
Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Князь-возера» В.​Залатарова. 1949.
Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь. Сцэна з балета «Жызэль» А.​Адана. 1976.
Нацыянальны акадэмічны тэатр балета Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Страсці» А.​Мдывані. 1995.

т. 11, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАРЫ́ЧНЫ ЖАНР,

1) у літаратуры мастацкае ўзнаўленне канкрэтна-гіст. зместу пэўнай эпохі, а таксама вобразаў вядомых гіст. асоб. Ідэйна-эстэт. каштоўнасць твораў гістарычнага жанру вызначаецца глыбінёй пранікнення ў гіст. тэму, характары і псіхалогію людзей мінулага, грамадска-паліт., культ.-быт. і інш. сферы іх жыцця. Важнейшыя задачы гістарычнага жанру: стварэнне гіст. каларыту, суаднесенасць дакумент. фактаў і маст. вымыслу, гіст. герояў і народа.

Пра з’яўленне ўласна гістарычнага жанру ў л-ры можна гаварыць, пачынаючы з творчасці В.​Скота. Сярод празаікаў, якія пісалі ў жанры гіст. рамана, таксама класікі франц. (П.​Мерымэ, А.​Дзюма), ням. (Т.​Ман, Л.​Фейхтвангер), бельг. (Ш. дэ Кастэр), рус. (А.​Пушкін, Л.​Талстой, А.​М.​Талстой), польскай (Г.​Сянкевіч, Б.​Прус), укр. (Т.​Шаўчэнка, П.​Заграбельны, І.​Лэ) і інш. літаратур.

У бел. л-ры вытокі гістарычнага жанру ў стараж. летапісах, хроніках і жыціях, прадмовах Ф.​Скарыны, у «Песні пра зубра» М.​Гусоўскага і інш. Этапным у развіцці гіст. тэмы стаў пач. 20 ст., калі вобразы з гісторыі, легенд і нар. песень інтэрпрэтаваныя ў вобразы нар. герояў (паэмы «Курган», «Бандароўна» Я.​Купалы, «Максім і Магдалена» М.​Багдановіча, апавяданні «Прылукі», «Навасадскае замчышча» К.​Каганца, «Лірныя спевы» і «Рунь» М.​Гарэцкага).

У 1920—30-я г. да гістарычнага жанру звярталіся Е.​Міровіч (драма «Кастусь Каліноўскі»), М.​Грамыка («Скарынін сын з Полацка»), С.​Хурсік («Францішак Скарына»), М.​Гарэцкі (раман-хроніка «Віленскія камунары»), М.​Танк (паэма «Каліноўскі»), Аднак гіст. дакладнасць і эпічная шматпланавасць у іх часам падмяняліся дэкларацыйнасцю і героіка-рэв. рамантызацыяй. Першай спробай у бел. л-ры па-мастацку аб’ектыўна і рэалістычна ўзнавіць гісторыю Беларусі пач. 19 ст. быў раман Б.​Мікуліча «Адвечнае». Найб. набыткі ў гістарычным жанры звязаны з творчасцю У.​Караткевіча («Сівая легенда», «Дзікае паляванне караля Стаха», «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», «Зброя» і інш.).

Інтэнсіўна развіваецца гістарычны жанр у пасляваен. час. Напісаны раманы на гіст.-рэв. тэматыку («Сустрэнемся на барыкадах» П.​Пестрака, «Засценак Малінаўка» і «На парозе будучыні» М.​Лобана, «Петраград—Брэст» І.​Шамякіна), дакумент.-маст. творы пра лёс бел. інтэлігенцыі 19 — пач. 20 ст. («На струнах буры» і «Стану песняй» Л.​Арабей, «Кастусь Каліноўскі» А.​Якімовіча, «Пры апазнанні — затрымаць» В.​Хомчанкі, «На шырокі прастор» С.​Александровіча, «Як агонь, як вада...» А.​Лойкі, «Крыж міласэрнасці» В.​Коўтун, «Жыццё і смерць, або Лёс Максіма Багдановіча» Я.​Міклашэўскага). Створаны ўзоры нац. гіст. паэмы «Хамуціус» А.​Куляшова, «Мікалай Дворнікаў» М.​Танка), гіст. п’есы (трылогія «Георгій Скарына» М.​Клімковіча, «Званы Віцебска», «Кастусь Каліноўскі» і «Маці ўрагану» У.​Караткевіча, «Напісанае застаецца», «Русь Кіеўская» і «Прарок для Айчыны» А.​Петрашкевіча, «Прымак» І.​Чыгрынава, «Купала» А.​Дударава, «Татры» А.​Бажко, «Настасся Мякота» Я.​Дылы, «Дыярыуш Мацея Белановіча» Б.​Сачанкі). Пашыраюцца тэматычныя, прасторавыя і часавыя далягляды твораў гэтага жанру. Л.​Дайнека даследуе вытокі станаўлення бел. дзяржаўнасці, гісторыю ўтварэння ВКЛ («След ваўкалака», «Меч князя Вячкі», «Жалезныя жалуды»). Да старонак нац. гісторыі звяртаюцца В.​Іпатава («Чорная княгіня», «Давыд Гарадзенскі»), У.​Арлоў («Кроніка Лаўрына Баршчэўскага», «Місія папскага нунцыя», «Пяць мужчын у леснічоўцы»), В.​Чаропка («Храм без бога»), К.​Тарасаў («Пагоня на Грунвальд»), Асобнае месца ў гістарычным жанры належыць творам былых рэпрэсіраваных пісьменнікаў («У кіпцюрах ГПУ» Ф.​Аляхновіча, «Раман Корзюк» М.​Сяднёва, «Споведзь» Л.​Геніюш, «Зона маўчання», «Такія сінія снягі» С.​Грахоўскага, «Забітае — не забытае» В.​Хомчанкі, «Яжовыя рукавіцы» П.​Пруднікава і інш.). Гіст. тэма ў сучаснай бел. л-ры развіваецца ў кірунку паглыблення дакументалізму, філасафічнасці, нац. спецыфікі.

2) У выяўленчым мастацтве — адзін з асн. жанраў жывапісу, графікі, скульптуры, прысвечаны гіст. падзеям і дзеячам, значным з’явам у гісторыі грамадства. Цесна звязаны з партрэтам, бытавым жанрам, пейзажам, асабліва з батальным жанрам.

Творы з адлюстраваннем гіст. падзей вядомы з глыбокай старажытнасці (скульптура, рэльефы і размалёўкі Стараж. Егіпта, Месапатаміі, Стараж. Грэцыі). Антычнасці найб. ўласціва міфалагічнае і паэтычнае ўспрыняцце гіст. жыцця народа. Больш адасоблена ад міфалагічнага жанру і канкрэтна асэнсавана выступіў гістарычны жанр у стараж.-рымскім мастацтве. Гіст. сюжэты сустракаюцца ў сярэдневяковых размалёўках і рэльефах Індыі, Інданезіі, Бірмы, Камбоджы, у 7 ст. ў кітайскім, у 11—12 ст. у японскім жывапісе, у 15—16 ст. у мініяцюрах Ірана, Азербайджана, Сярэдняй Азіі, Індыі. Як самастойны жанр сфарміраваўся ў эпоху Адраджэння. Італьян. мастакі 15 — пач. 16 ст. звярталіся да ант. мінулага як да ідэалу (П.​Учэла, Д.​Гірландайо, А.​Мантэнья, П’ера дэла Франчэска). У 16 ст. Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Рафаэль услаўлялі чалавека як гіст. асобу, спалучалі гіст. рэальнасць з фантазіямі і алегорыямі. Асабліва яскравага росквіту гістарычны жанр дасягнуў у Венецыі (П.​Веранезе, Тыцыян, Я.​Тынтарэта). З 16 ст. гіст. сюжэты сустракаюцца ў мініяцюрах стараж.-рус. абразоў. Развіццё гістарычнага жанру звязана з творчасцю буйнейшых мастакоў 17 ст.: Н.​Пусэна (Францыя), Д.​Веласкеса (Іспанія), П.​П.​Рубенса (Фландрыя), Рэмбранта (Галандыя). Для 18 ст. характэрны пампезныя гіст.-алегарычныя кампазіцыі, эфектныя манум.-дэкар. вырашэнні: гіст. тэмы Ш.​Лебрэна (Францыя), Дж.​Цьепала (Італія), парадныя дакументальна-дакладныя кампазіцыі А.​Зубава і І.​Нікіціна (Расія). У перыяд класіцызму гістарычны жанр заняў важнае месца ў творчасці Ж.​Л.​Давіда, А.​Гро і Ж.​Гудона (Францыя), А.​Ласенкі, Р.​Угрумава, І.​Мартаса (Расія), Дж.​Рэйналдса (Англія), Дж.​Трамбала (ЗША). У гістарычным жанры 19 ст. акрэсліліся дзве процілеглыя тэндэнцыі: успрыняцце мінулага як сучаснасці або гераізацыя і ўзвышэнне сучаснасці да ступені гіст. факта. Значныя і трагічныя моманты гісторыі знайшлі адлюстраванне ў творах Ф.​Гоі (Іспанія), Т.​Жэрыко, Э.​Дэлакруа, А.​Дам’е (Францыя), А.​Рэтэля, К.​Лесінга (Германія), К.​Брулова, А.​Іванава (Расія), Я.​Матэйкі (Польшча), М.​Мункачы (Венгрыя). У канцы 19 ст. Гістарычны жанр вылучаўся цікавасцю да духоўнай атмасферы эпохі, узнятасцю над быт. канкрэтыкай, сімволікай абагульненняў, дэкар. стылізацыяй вобразаў: творы А.​Радэна, П.​Пюві дэ Шавана (Францыя), Ф.​Ходлера (Швейцарыя), С.​Выспянскага, К.​Дунікоўскага (Польшча), І.​Мештравіча (Харватыя), М.​Несцерава, М.​Урубеля, М.​Рэрыха, А.​Бенуа, К.​Сомава, В.​Сярова (Расія). Вял. ўклад у развіццё гістарычнага жанру зрабілі перасоўнікі, у творах якіх дакладнасць і пераканаўчасць бытавых характарыстык спалучалася з увагай да сац. калізій (кампазіцыі А.​Апсіта, В.​Васняцова, В.​Верашчагіна, М.​Ге, М.​Неўрава, І.​Рэпіна, В.​Сурыкава, скульптура М.​Антакольскага). Гістарычны жанр 20 ст. адметны сац. і паліт. ангажыраванасцю. Побач з канкрэтна-гіст. пашыранай стала сімволіка-алегарычная маст. інтэрпрэтацыя гісторыі ў творах О.​Дзікса, Г.​Грундыга, Ф.​Крэмера, О.​Нагеля (Германія), П.​Пікасо, А.​Фужэрона (Францыя), Р.​Гутуза (Італія), Ф.​Ходлера (Швейцарыя), А.​Забранскага, К.​Покарні (Чэхія), Н.​Тоніцы, Б.​Караджы (Румынія), С.​Русева, Э.​Баяджыева (Балгарыя), Дж.​Андраевіч-Куна (Сербія), Г.​Коса (Славенія), А.​Аўгусцінчыча (Харватыя), Ф.​Каварскага (Польша), Э.​Даманоўскага (Венгрыя), К.​Пятрова-Водкіна, К.​Юона, Б.​Кустодзіева, А.​Дайнекі, Б.​Іагансона, М.​Грэкава, Я.​Вучэціча, У.​Фаворскага (Расія), Д.​Рыверы, Х.​К.​Ароска, Д.​Сікейраса (Мексіка), У.​Ядамсурэна (Манголія), Сінсай Какую, Марукі Іры (Японія).

У бел. мастацтве гіст. сюжэтамі напоўнены мініяцюры Радзівілаўскага летапісу (15 ст.). Сустракаюцца яны ў манум. размалёўках (замкавая капліца ў Любліне, 15 ст. выканана бел. мастакамі), у кніжных гравюрах 16 ст. Ф.​Скарыны і інш. У 17—18 ст. гіст. тэма прадстаўлена ў размалёўках царквы Куцеінскага манастыра, Мікалаеўскай царквы і ў Станіславаўскім касцёле ў Магілёве, касцёле кармелітаў у Мсціславе, гравюрах Т.​Макоўскага, творах А. ван Вестэрфельда і А.​Віта, дэкар.-прыкладным мастацтве (шпалеры карэліцкай, нясвіжскай, слонімскай, гродзенскай мануфактур).

У 18—19 ст. гістарычны жанр вельмі пашыраны ў свецкім жывапісе (І.​Аляшкевіч, В.​Ваньковіч, К.​Альхімовіч, Я.​Дамель, Я.​Сухадольскі, В.​Дмахоўскі, К.​Бароўскі, Я.​Траяноўскі, Я.​Манюшка, І.​Трутнеў, А.​Ромер), графіцы (М.​Падалінскі, Т.​Кіслінг, М.​Андрыёлі, М.​Кулеша, Ф.​Дмахоўскі, А.​Гротгер), скульптуры (Г.​Дмахоўскі, Я.​Астроўскі).

У 1920—40-я г. гістарычны жанр развіваецца ад дакладнага «сухога» адлюстравання гіст. падзей, наіўнай сімволікі і алегорый да разгорнутых маст.-дакументальных эпічных кампазіцыйных панарам. Ён пераважна звязаны з падзеямі недалёкага мінулага, рэв. падзеямі, 1-й сусв. і грамадзянскай войнамі: М.​Філіповіч, В.​Волкаў, І.​Ахрэмчык, Я.​Кругер, М.​Эндэ, У.​Хрусталёў, К.​Касмачоў, С.​Андруховіч, М.​Гусеў, Я.​Красоўскі, І.​Давідовіч, З.​Мірынгоф, П.​Сергіевіч, А.​Шаўчэнка, Х.​Ліўшыц, М.​Манасзон, А.​Мазалёў — у жывапісе; А.​Грубэ, А.​Бразер, М.​Манізер, А.​Бембель, М.​Керзін, З.​Азгур, А.​Глебаў, А.​Жораў — у скульптуры; І.​Гембіцкі і інш. — у графіцы. У канцы 1940 — пач. 70-х г. у творах гістарычнага жанру пераважае ваенна-рэв. тэматыка, ідэалізацыя гісторыі сав. часу, гераізацыя і рамантызацыя гіст. вобразаў, апавядальнасць вобразных рашэнняў. Падзеі 1-й і 2-й сусв. войнаў, рэвалюцый 1905—07 і 1917 знайшлі адлюстраванне ў творах Я.​Зайцава, Г.​Бржазоўскага, Я.​Ціхановіча, З.​Паўлоўскага, А.​Шыбнёва, У.​Сухаверхава, І.​Стасевіча, Н.​Воранава, Ф.​Бараноўскага, А.​Гугеля, П.​Явіча, М.​Савіцкага, П.​Крахалёва, Л.​Рана, В.​Цвіркі, Л.​Асядоўскага, А.​Малішэўскага, У.​Стальмашонка, Б.​Аракчэева, Ф.​Дарашэвіча, І.​Белановіча, М.​Аўчыннікава, В.​Сахненкі, У.​Гоманава, М.​Данцыга, М.​Залознага (станковы жывапіс), Б.​Няпомняшчага, В.​Мігаль, І.​Рэя, У.​Крываблоцкага (манум. жывапіс), А.​Бембеля, А.​Глебава, С.​Селіханава, Азгура, А.​Анікейчыка, Г.​Мурамцава, У.​Слабодчыкава, М.​Канцавога, А.​Курачкіна, М.​Палякова (скульптура), А.​Кашкурэвіча, П.​Дурчына, С.​Геруса, А.​Дзямарына, Э.​Агуновіч, В.​Волкава, П.​Драчова, Р.​Маліноўскага, Л.​Асецкага, І.​Раманоўскага, Г.​Паплаўскага, С.​Раманава, Ю.​Герасіменка-Жызнеўскага (графіка).

У 1970—90-я г. больш увагі ў гістарычным жанры аддаецца падзеям стараж. гісторыі, вобразам яе дзеячаў, нац.-вызв. барацьбе, помнікам культуры: кампазіцыі Р.​Кудрэвіч, П.​Сергіевіча, Л.​Дударанкі, А.​Марачкіна, Ф.​Янушкевіча, Г.​Вашчанкі, У.​Пасюкевіча, Л.​Шчамялёва, У.​Ткачэнкі, У.​Тоўсціка, А.​Цыркунова, У.​Мінейкі, І.​Бархаткова, Я.​Ждана, В.​Маркаўца, В.​Барабанцава, В.​Шматава (у жывапісе); Бембеля, С.​Вакара, Л.​Гумілеўскага, Анікейчык, Э.​Астаф’ева, І.​Міско, М.​Рыжанкова, А.​Глебава, У.​Церабуна, В.​Янушкевіча, А.​Фінскага, А.​Шатэрніка (у скульптуры); Я.​Куліка, М.​Купавы, У. і М.​Басалыгаў, М.​Селешчука (у графіцы) і інш.

Л.​І.​Прашковіч (гіст. жанр у літаратуры), М.​І.​Цыбульскі М.​Л.​Цыбульскі.

т. 5, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРО́КА (італьян. barocco літар. вычварны, дзіўны),

вызначальны стыль у еўрап. мастацтве канца 16 — сярэдзіны 18 ст. Прыйшло на змену гуманіст. маст. культуры Адраджэння і вытанчанаму суб’ектывізму мастацтва маньерызму.

Першапачатковы этап развіцця барока звязаны з узмацненнем феад.-каталіцкай рэакцыі ў Зах. Еўропе. Стыль барока шырока выкарыстоўваўся для прапаганды ідэй Контррэфармацыі, нёс больш рознабаковае і дыялектычна супярэчлівае ў параўнанні з рэнесансавым светаўспрыманне. Эстэтыка барока заснавана на проціпастаўленні ідэальнага і пачуццёвага ў чалавеку, яго волі і розуму з ірацыянальнасцю быцця. Таму мастацтва барока вызначаецца эмацыянальным і інтэлектуальным напружаннем, складанасцю выяўл. сродкаў, імкненнем да сінтэтычнасці жанраў, яму ўласцівыя драматызм, патэтыка, павышаная экзальтацыя. Станаўленне барока адбывалася ў перыяд інтэнсіўнага складвання нацый і нац. дзяржаў, часткова звязана з барацьбой за нац. адзінства і антыфеад. рухам у шэрагу еўрап. краін. Гэта спрыяла сплаву эстэт. канцэпцыі барока з маст. традыцыямі розных народаў і фарміраванню шматлікіх яго нац. разнавіднасцяў.

Барока — мастацтва ансамблевых рашэнняў, найб. яскрава выявілася ў архітэктуры, дзе асн. маст. прынцыпы — дынамічнасць кампазіцыі, кантрасты маштабаў, рытмаў, матэрыялаў і фактур, святлоценявыя і колеравыя эфекты, крывалінейнасць абрысаў, імкненне стварыць ілюзію бязмежнай прасторы. У Італіі, на радзіме барока, асобныя яго прыёмы праявіліся ў 16 ст. ў жывапісе Карэджа, М.​Караваджа, збудаваннях Дж.​Віньёлы. Найвышэйшага росквіту дасягнула ў Рыме ў 1-й пал. 17 ст. (т.зв. Высокае італьян. барока; творы арх. і скульптара Л.​Берніні, арх. Ф.​Бараміні, жывапісца П’етра да Картона), пашырылася ў Нідэрландах (П.​П.​Рубенс, А. ван Дэйк, Я.​Іорданс). У Іспаніі ў 17 ст. асобныя рысы барока выявіліся ў аскетычнай архітэктуры Х.Б.дэ Эрэры, у рэаліст. жывапісе Х. дэ Рыберы і Ф.​Сурбарана, скульптуры Х.​Мантаньеса. У 18 ст. ў пабудовах Х.Б. дэ Чурыгеры формы барока набылі дэкар. вытанчанасць (яшчэ больш гіпертрафіраваную ў «ультрабарока» краін Лац. Амерыкі). Своеасаблівасць стыль барока набыў у Аўстрыі, дзе ён спалучаўся з тэндэнцыямі ракако (арх. І.​Б.​Фішэр фон Эрлах і І.​Л.​Гільдэбрант, мастак Ф.​А.​Маўльберч), абсалютысцкіх княствах Германіі (арх. і скульптары І.​М.​Фішэр, І.​Б.​Нейман, А.​Шлютэр, М.​Д.​Пёпельман, Г.В. фон Кнобельсдорф, сям’я арх. Дзінцэнгофер), у Польшчы, Славакіі, Венгрыі, Славеніі, Харватыі, Зах. Украіне, Літве. У Францыі, дзе пануючым стылем 17 ст. стаў класіцызм, абодва кірункі зліліся ў адзіны пампезны т.зв. вялікі стыль (убранне залаў Версаля, жывапіс Ш.​Лебрэна). Паняцце «барока» часам неправамерна пашыраюць на ўсю маст. культуру 17 ст., у т. л. на з’явы, далёкія ад барока па змесце і стылі (напр., «нарышкінскае барока», або «маскоўскае барока» ў рус. дойлідстве канца 17 ст., гл. «Нарышкінскі стыль»). У многіх краінах Еўропы ў 17 ст. склаліся нац. рэаліст. школы, прадстаўнікамі якіх былі вял. майстры (Д.​Веласкес у Іспаніі, Ф.​Халс, Я.​Вермер Дэлфцкі, Рэмбрант у Галандыі і інш.). У Расіі стыль барока быў свабодны ад экзальтацыі і містыцызму (характэрных для мастацтва каталіцкіх краін) і меў нац. асаблівасці. Архітэктура рас. барока дасягнула велічнасці ў гарадах і сядзібных ансамблях Пецярбурга, Петрадварца, Царскага Сяла і інш., вызначаецца ўрачыстасцю і цэльнасцю кампазіцыі (арх. В.​Растрэлі, Дз.​Ухтамскі, С.​Чавакінскі); у выяўл. мастацтве — свецкай і грамадскай тэматыкай (скульптура Б.​К.​Растрэлі і інш.). У 1-й пал. 18 ст. барока эвалюцыянавала да лёгкасці стылю ракако, суіснавала і перапляталася з ім, а з 1770-х г. паўсюдна выцеснена класіцызмам.

На Беларусі для мастацтва барока характэрна ўзаемадзеянне зах.-еўрап. ўплыву з візант. і мясц. традыцыямі, што надало яму пэўную самабытнасць. Найб. поўна яно праявілася ў архітэктуры; у залежнасці ад яе развівалася выяўл. і дэкар.-прыкладное мастацтва. Пачатак эпохі барока тут звязаны з буд-вам першага ў Рэчы Паспалітай помніка архітэктуры барока — Нясвіжскага касцёла езуітаў (1584—93). Развіццё нац. разнавіднасці бел. барока ў манум. мураванай архітэктуры прайшло 3 перыяды: ранняе (канец 16 — 1-я пал. 17 ст.), сталае (2-я пал. 17 — 1730-я г.) і позняе (1730—80-я г.). Для ранняга перыяду характэрныя пошукі гал. чынам новых аб’ёмна-прасторавых кампазіцый у пабудовах, адпаведных эстэт. канцэпцыі барока. Асобныя збудаванні паступова трацілі абарончыя функцыі, што адбілася на трансфармаванні замкавага буд-ва ў палацава-замкавае (Гальшанскі палац). У культавым дойлідстве паступова сфарміраваўся базілікальны тып храма (гл. Базіліка) з плоскім гал. фасадам, напачатку бязвежавым, потым 2-вежавым (Гродзенскі касцёл і кляштар езуітаў). Перыяд сталага барока вызначаўся пэўнай стабілізацыяй кампазіцыі 2-вежавай базілікі і развіццём маст. характарыстык арх. збудаванняў, павелічэннем колькасці ярусаў вежаў, большай пластычнай насычанасцю фасадаў (Слонімскі Андрэеўскі касцёл). Сталае Барока знайшло ўвасабленне ў грамадз. архітэктуры (Магілёўская ратуша) і ў развіцці прынцыпаў ансамблевасці арх. комплексаў (касцёл і кляштар картэзіянцаў у Бярозе). Найб. важны з іх — паступовае разгортванне арх. аб’екта (плошчы, вуліцы, сядзібы) перад гледачом. Палацавыя комплексы сталага і позняга барока будаваліся паводле сіметрычна-восевай схемы з паўадкрытымі параднымі дварамі. Фасады і інтэр’еры палацаў аздаблялі ордэрнай пластыкай, дэкар. лепкай, паліхромнымі мармурамі, паліванай керамікай, фрэскавай размалёўкай (Ружанскі палацавы комплекс, палац у в. Ручыца Вілейскага р-на Мінскай вобл., не захавалася). Гал. элемент ратуш — ярусная вежа (Магілёў, Віцебск). Маст. сістэма позняга барока ў манум. культавай архітэктуры Беларусі атрымала ў мастацтвазнаўстве назву віленскага барока. Важную ролю ў стварэнні своеасаблівай школы віленскага барока адыграла творчасць арх. І.​К.​Глаўбіца. У канцы 18 ст. ў мураванае дойлідства паступова ўкараняліся прынцыпы класіцызму, што прывяло да стварэння шматлікіх помнікаў, якія спалучалі элементы 2 стыляў (Свяцкі палацава-паркавы ансамбль). У адпаведнасці з этапамі развіцця стылю барока адбываліся змены ў эстэт. і канструкцыйных характарыстыках арх. збудаванняў. Дэкар. пластыка, аснову якой у барока складала ордэрная сістэма, на працягу 17—18 ст. перайшла ад адзіночных плоскіх пілястраў і сціплых гарыз. цягаў да шматлікіх раскраповак, хвалістых карнізаў, стукавай лепкі ў аздобе будынкаў. Спецыфіка дрэва як буд. матэрыялу абумовіла непарыўнасць эстэт. і тэхн. бакоў у стварэнні шматлікіх маст.-канструкцыйных прыёмаў драўлянага дойлідства часоў барока: ярусная структура вежаў, іх завяршэнне шасцерыкамі і васьмерыкамі, верт. шалёўка з нашчыльнікамі (Валавельская Юр’еўская царква, Рубельская Міхайлаўская царква).

У выяўленчым мастацтве рысы барока праявіліся ў 1-й пал. 17 ст., найбольш у скульпт. аздабленні і размалёўках касцёлаў. У скульптуры барока характарызавалася працягам традыцый бел. мясцовых майстроў, што абумовіла яе самабытнасць і разнастайнасць вобразных характарыстык (інтэр’еры Сафійскага сабора ў Полацку, касцёлаў кармелітаў у Пінску, езуітаў у Гродне, аўгусцінцаў у в. Міхалішкі Астравецкага р-на Гродзенскай вобл.). У манум. жывапісе рысы барока відавочныя ў размалёўках Магілёўскага касцёла кармелітаў, Гродзенскага касцёла і кляштара францысканцаў, у іканастасах і алтарах Пінскага касцёла і кляштара францысканцаў і інш. У 2-й пал. 18 ст. стыль барока стаў пануючы і ў іканапісе, дзе яго рысы спалучаліся з традыцыямі візант. і стараж.-рус. мастацтва. Кампазіцыі абразоў набылі падкрэслены дынамізм, персанажы — характарнасць і канкрэтнасць, у асобных выпадках — натуралізм. Пашыраным і папулярным відам жывапісу ў часы барока быў парадны шляхецкі партрэт, лепшыя ўзоры якога прывабліваюць яркай характарнасцю тыпажу, а часам і псіхалагізмам вобразаў (партрэты Міхаіла Сервацыя Вішнявецкага, Соф’і Даратэі, Казіміра Агінскага і інш.). У канцы 18 — 1-й пал. 19 ст. барока саступае месца класіцызму, хоць іх элементы ў жывапісе суіснавалі амаль да сярэдзіны 19 ст. («Спас», «Адзігітрыя» і царскія вароты з цэркваў Іванаўскага р-на). У графіцы стыль барока найб. выявіўся ў кніжнай гравюры. Майстры кнігі 16—18 ст. выпрацавалі спецыфічны стыль бел. барока, які вызначаўся стрыманасцю формаў, сувяззю з нар. мастацтвам (гербы Р.​Хадкевіча з «Евангелля вучыцельнага», «Псалтыра», выд. Заблудаўскай друкарняй). У пазнейшых геральдычных гравюрах рысы барока набывалі ўсё больш развітыя формы, узмацніліся экспрэсія і патэтыка (гербы Л.​Сапегі ў Статуце Вялікага княства Літоўскага 1588, Л.​Мамоніча ў «Псалтыры», выд. ў Вільні, Агінскіх і Валовічаў у «Евангеллі вучыцельным» Еўінскай друкарні). З пераездам Куцеінскай друкарні ў Рас. дзяржаву (сярэдзіна 17 ст.) стыль бел. барока пашырыўся і ў рус. выданнях, надрукаваных куцеінскімі друкарамі ў Іверскім манастыры (гравюры «Раю мысленнага», «Брашна духоўнага»). Пранік ён у рус. кніжнае мастацтва і праз ілюстраваныя выданні Сімяона Полацкага (медзярыты «Гісторыі пра Варлаама і Іасафа», «Псалтыры рыфмаванай»). Найб. развіцця дасягнулі прынцыпы барока ў выданнях Магілёўскай друкарні, дзе працавалі гравёры М. і В.​Вашчанкі, Ф.​Ангілейка, Афанасій П. і інш. У 17 ст. бел. графічнае барока паўплывала і на ўкр. графіку, што звязана з пераездам на Украіну гравёраў Тарасевічаў, Шчырскага, Крышчановіча і інш. Маст. прынцыпы барока яскрава выявіліся ва ўсіх відах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: ткацтве (слуцкія паясы, шпалеры), вырабах са шкла (гл. Урэцкая мануфактура), паліванай кераміцы, разьбе па дрэве (беларуская рэзь), ювелірным мастацтве.

Для літаратуры эпохі барока характэрныя ўскладненасць, парадаксальнасць, метафарычнасць, спалучэнне рэальнага з нерэальным, імкненне здзівіць, уздзейнічаць на пачуцці. Лірычны герой барочнай паэзіі — істота зменлівая, унутрана супярэчлівая, надзеленая і дабрачыннасцямі і заганамі. У параўнанні з гарманічным і цэльным чалавекам рэнесансавай л-ры ён бліжэй да рэальнага, зямнога. Стылявыя прыкметы барока нераўназначныя на розных этапах развіцця і ў розных жанрах, што дазваляе гаварыць пра яго розныя стылявыя ўзроўні. Побач з «высокім» барока ў панегірычнай паэзіі, трагедыі, гераічнай паэме развівалася «памяркоўнае» барока — рэліг. і свецкая лірыка, элегія, пастараль, прытча. На «сярэднім» узроўні ўзніклі такія празаічныя жанры, як падарожжа, утопія, паліт. трактат.

Л-ра барока ў Іспаніі — гэта паэзія Л. дэ Гонгары-і-Арготэ, трагедыі П.​Кальдэрона дэ ла Баркі, драмы Тырса дэ Маліны, сатыры Ф.​Кеведа-і-Вільегаса; у Італіі — паэзія Т.​Таса і Дж.​Марына, «Пентаметр» Дж.​Базіле; у Германіі — трагедыі А.​Грыфіуса і Д.​Лоэнштайна, лірыка П.​Флемінга, раман Г.​Грымельсгаўзена; у Францыі — паэзія і проза Т.А. д’Абінье, раманы Ш.​Сарэля; у Англіі — трагікамедыя Ф.​Боманта, Дж.​Флетчэра; у Польшчы — паэзія Я.​А.​Морштына, В.​Патоцкага; у Расіі — М.​В.​Ламаносава, В.​К.​Традзякоўскага.

У бел. л-ры і ў шматмоўнай л-ры Беларусі барока найб. выразна выявілася ў пераходны перыяд, асабліва ў 2-й пал. 17 — 1-й трэці 18 ст. Бел. барока цесна звязана з ідэямі Контррэфармацыі, што асабліва адчуваецца ў містычнасці ідэалу і рытарычнай зададзенасці, але як маст. светаўспрыманне значна шырэй за іх. Эстэтыка барока была крокам наперад у маст. развіцці Беларусі. Тут сінтэзаваліся сярэдневяковыя і рэнесансавыя традыцыі, упершыню скрыжаваліся шляхі развіцця пісьмовай л-ры і фальклору. Бел. барока не былі чужыя ідэі гуманізму ранняга Асветніцтва (Сімяон Полацкі, Д.​Рудніцкі). Асобныя рысы барока відаць ужо ў бел. палемічнай прозе і панегірычнай паэзіі 1-й пал. 17 ст., калі эстэтыку барока пашыраў выкладчык Полацкай калегіі М.​Сарбеўскі. Найб. поўна яны выявіліся ў рэліг.-філас. паэзіі і школьнай драме, а таксама ў школьных курсах паэтыкі і рыторыкі. Бел. барока ўласцівыя розныя ідэйныя і фармальна-стылявыя тэндэнцыі. Побач з «высокім», найчасцей элітарным, арыстакратычным барока, асн. творы якога напісаны на польск., лац. і стараслав. мовах, існавала «сярэдняе» і «нізкае» барока. Яно адпавядала запатрабаванням бяднейшай шляхты, гараджан і было прадстаўлена бел. парадыйна-сатыр. і гумарыстычнай паэзіяй і прозай («Птушыны баль», «Ліст да Абуховіча», «Казанне руске», «Прамова русіна» і інш.), інтэрмедыямі да школьных драм, песенна-інтымнай лірыкай.

Музыка барока паглыбіла і рознабакова ўвасобіла свет духоўных перажыванняў чалавека. Вядучае значэнне набылі муз.-тэатр. жанры, найперш опера. Наглядалася тэндэнцыя адасаблення музыкі ад слова, што вяло да развіцця шматлікіх інстр. жанраў. Узніклі і буйнамаштабныя цыклічныя формы (канчэрта гроса, ансамблевая і сольная санаты). У сюітах чаргуюцца уверцюры тэатр. характару, фугі, імправізацыі арганнага тыпу, быт. танцы, пявучыя «арыі», праграмныя п’есы.

Найб. выразна стыль барока выявіўся ў Італіі (2-я пал. 16 ст.) у шматхорных вак.-інстр. поліфанічных творах майстроў венецыянскай школы на чале з Дж.Габрыэлі, у арганнай творчасці Дж.Фрэскабальдзі, глыбока драматычных операх К.Мантэвердзі. Італьян. опернае барока паўплывала на музыку інш. еўрап. краін, асабліва Германіі: ням. нац. оперу (яе вяршыня — оперы Р.​Кайзера), арганныя творы Дз.Букстэхудэ, клавірныя санаты І.​Кунаў. На пач. 18 ст. творчасць І.С.Баха, Г.Ф.Гендэля яшчэ звязана з музыкай барока, але ёй ужо цесна ў рамках якога-н. аднаго стылю (як і творчасці буйнейшых кампазітараў 17 ст. Г.​Шутца ў Германіі і Г.​Пёрсела ў Англіі).

На Беларусі для музыкі барока характэрнае ўзаемадзеянне зах.-еўрап. уплываў з мясц., часта нар. традыцыямі, перапляценне рэнесансавых, сярэдневяковых і класіцысцкіх тэндэнцый. Гэта выявілася ў суіснаванні розных стылявых пластоў і кірункаў — аднагалосага харала перыяду Рэфармацыі, стылю а капэла і новага канцэртнага стылю, які з канца 17 ст. стаў дамінуючым. Усёй музыцы барока ўласцівы процілеглыя імкненні, з аднаго боку, да сінтэзу мастацтваў, з другога — да развіцця інстр. жанраў. Гэта рэалізавалася ў пышных пастаноўках школьнага т-ра, у насычэнні музыкай спектакляў батлейкі, у пашырэнні на пач. 17 ст. аркестраў (капэл) пры дварах магнатаў, калегіумах, касцельных і уніяцкіх ансамбляў, што культывавалі тагачасныя еўрап. прыдворныя танцы (павана, марэска куранта, сэра), польск. і мясц. нар. танцы. Гіст. значэнне бел. музыкі барока найперш у тым, што яна вылучыла новы шматгалосы стыль — партэсныя спевы, якія своеасабліва рэалізавалі кампазіцыйны прынцып канцэртнасці з тыповымі для яго жанрамі партэснага канцэрта ў царк. музыцы, канта і псалмы ў свецкай. Яскравыя ўзоры муз. твораў з выразнымі стылявымі рысамі барока змяшчае рукапісны зборнік старадаўняй бел. музыкі 16—17 ст. «Полацкі сшытак».

Тэатр. У еўрап. тэатр. культуры рысы барока выразна праглядаюцца з 1590-х г. да сярэдзіны 18 ст. У гэты перыяд завяршыліся працэсы, пачатыя ў тэатры Адраджэння, — рэлігійныя святочныя відовішчы, што выконвалі аматары на вуліцах і плошчах, ператварыліся ў свецкія забавы, якія ладзілі прафес. акцёры ў прыдворных тэатрах-палацах. Усталяваліся прынцыпы арганізацыі тэатр. прасторы, пабудовы сцэны — амаль паўсюдна замацаваўся тып «сцэны-скрыні», аддзеленай ад гледача рамай і збудаванай у спец. закрытым памяшканні. Вядучымі тэатр. краінамі сталі Англія, Іспанія, Францыя.

У Англіі ў канцы 16 ст. фарміраваўся тэатр, які спалучаў нар. сярэдневяковую традыцыю і ўплыў рэнесансавага італьян. тэатра. Драма ранняга англ. барока, створаная У.Шэкспірам, адкінула правілы рэнесансавага класіцызму і спалучыла трагедыю і фарс, высокае і нізкае. Англ. «жорсткая трагедыя» паўплывала на развіццё еўрап. тэатра барока, асабліва ў Германіі і Аўстрыі. У 17 ст. англ. вандроўныя трупы былі вядомыя і ў Рэчы Паспалітай. Тэатр Іспаніі ў канцы 16 ст. ўступіў у свой «залаты век», які пачаўся творчасцю Лопэ дэ Вэгі. Абапіраючыся на нац. літ. і тэатр. традыцыі і выкарыстаўшы тэхніку італьян. камедыі дэль артэ, ён ствараў свае дынамічныя камедыі, поўныя прыгодаў і кахання. Яго традыцыі прадоўжыў Тырса дэ Маліна. Вяршыняй сталага барока ў Іспаніі з’явіліся п’есы П.Кальдэрона дэ ла Баркі, якія ўвасобілі светапогляд эпохі, дзе за раскошай і пышнасцю адчуваліся разгубленасць і няўпэўненасць. У Францыі ў канцы 16 ст. ўзнік жанр «трагікамедыі-балета». Нягледзячы на вонкавую супрацьлегласць, стваральнікі тэатра класіцызму П.Карнель, Ж.Расін, Мальер працавалі ў агульнай плыні еўрап. барока. У канцы 17—18 ст. менавіта ўзор франц. т-ра дамінаваў на б.ч. кантынентальнай Еўропы. У ням. княствах, Аўстрыі, Рэчы Паспалітай бурнае развіццё нац. тэатра запаволілася і прыпадае ўжо на 2-ю пал. 18 ст.

Бел. тэатр. культура барока існавала і развівалася ў рэчышчы тэатр. культуры Рэчы Паспалітай. З канца 16 ст. актыўным правадніком тэатр. формаў барока быў школьны тэатр. Захапленне італьян. операй мала закранула Беларусь, але, як і ў інш. рэгіёнах Рэчы Паспалітай, тут былі папулярныя розныя формы паратэатра барока — маляўнічыя рэліг. і свецкія шэсці, святочныя ўрачыстасці, рыцарскія спаборніцтвы. У гэты час з касцельных відовішчаў узнік нар. лялечны тэатр батлейка. На схіле эпохі барока (1740—70-я г.) на Беларусі ўзніклі шматлікія прыдворныя т-ры, што належалі мясц. магнатам (у Нясвіжы, Слуцку і Белай — Радзівілам, у Слоніме — Агінскім, у Гродне і Паставах — Тызенгаўзу, у Ружанах — Сапегам, у Беластоку — Браніцкім і інш.). У пастаноўках гэтых тэатраў, якія часта абапіраліся на арыгінальную (звычайна польскамоўную) драматургію і музыку, спалучаліся рысы барочных відовішчаў з элементамі, характэрнымі ўжо для Асветніцтва. Але менавіта сінтэз, уласцівы барока, дазваляў ствараць незвычайныя па сваёй пышнасці і фантазійнасці тэатр. відовішчы. На высокім узроўні была тэхніка сцэны маянтковых тэатраў, а акцёры і музыкі, вывучаныя ў магнацкіх тэатр. школах Беларусі, паўплывалі на тэатр. мастацтва Польшчы і Расіі.

Літ.:

Виппер Б.Р. Введение в историческое изучение искусства. 2 изд. М., 1985;

Angyal E. Świat słowiańskiego baroku. Leipzig, 1961;

Białostocki J. Pięć wieków myśli o sztuce. 2 изд. Warszawa, 1976;

Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;

Раабен Л. Музыка барокко // Вопросы музыкального стиля: Сб. статей. Л., 1978;

Костюковец Л.Ф. Кантовая культура в Белоруссии. Мн., 1975.

Т.​В.​Габрусь (архітэктура), Б.​А.​Лазука (выяўленчае мастацтва), А.​В.​Мальдзіс (літаратура), В.​М.​Арэшка (тэатр).

Да арт. Барока. Пояс. Слуцкая мануфактура. 2-я пал. 18 ст.
Да арт. Барока. Інтэр’ер манастырскай царквы ў Атабойрэне (Германія). Арх. І.​М.​Фішэр. 1748.
Да арт. Барока. Абраз «Варвара пакутніца» з Лунінца Брэсцкай вобл. 2-я пал. 18 ст.
Да арт. Барока. Партрэт Міхала Сервацыя Вішнявецкага. Невядомы мастак. 1750-я г.
Да арт. Барока. Партрэт Соф’і Даратэі. Невядомы мастак. 2-я пал. 18 ст.
Да арт. Барока. Амбон у касцёле аўгусцінцаў у в. Міхалішкі Астравецкага раёна Гродзенскай вобл. Сярэдзіна 18 ст.
Да арт. Барока. Міхайлаўская царква ў в. Рубель Столінскага раёна Брэсцкай вобл. 1796.
Да арт. Барока. Андрэеўскі касцёл у Слоніме. 1775.
Да арт. Барока. Палац Сан-Сусі ў Патсдаме. Арх. Г.В. фон Кнобельсдорф. 1745—47.
Да арт. Барока. Кубак. Урэцкая мануфактура. Сярэдзіна 18 ст.
Да арт. Барока. Манстранц. 1783.
Да арт. Барока. Палац сядзібы ў в. Ручыца (б. Ганута) Вілейскага раёна Мінскай вобл. З малюнка Н.​Орды. 1877
Да арт. Барока. Галоўны алтар касцёла францысканцаў у Пінску. 1730-я г.
Да арт. Барока. Інтэр’ер Сафійскага сабора ў Полацку. Каля 1762.

т. 2, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)