адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64. Служыў чыноўнікам на Гродзеншчыне, пасля выхаду ў адстаўку кіраваў маёнткам у Бельскім пав.Чл.Віленскай археалагічнай камісіі. Выступаў у віленскім друку з артыкуламі па сельскай гаспадарцы і эканоміцы. Паплечнік К.Каліноўскага і В.Урублеўскага па Гродзенскай рэв.-дэмакр. арг-цыі. Удзельнічаў у выданні і распаўсюджванні газ.«Мужыцкая праўда». У пач. 1863 як нам. гродзенскага ваяводы фарміраваў паўстанцкія атрады на сумежжы Беларусі і Польшчы, удзельнічаў у баях пад Сямяцічамі (6—7.2.1863), у партыз. рэйдзе Р.Рагінскага ў глыб Беларусі. Пасля захопу паўстанцамі г. Пружаны 13.2.1863 з групай байцоў аддзяліўся ад Рагінскага, каб вярнуцца пад Сямяцічы. Загінуў у баі каля в. Рэчыца Пружанскага пав.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХО́БСАН, Гобсан (Hobson) Джон Аткінсан (6.7.1858, г. Дэрбі, Вялікабрытанія — 1.4.1940), англійскі эканаміст. Скончыў каледж Лінкальна ў Оксфардзе (1878). З 1887 выкладаў у Оксфардзе і Лонданскім ун-це. З 1897 займаўся публіцыстыкай, выступаў з крытыкай капіталізму канца 19 — пач. 20 ст. і афіц.англ.паліт. эканоміі той эпохі (Кембрыджская школа). Прапанаваў праграму сац. рэформ, якая прадугледжвала ўстанаўленне мінімуму заработнай платы і высокіх прагрэс. падаткаў на прадпрымальнікаў, жорсткі дзярж. кантроль над манаполіямі. Эканам. спады тлумачыў недаспажываннем і лічыў, што ад нестабільнасці і крызісаў развітыя краіны можа выратаваць толькі экспарт лішняга капіталу ў менш развітыя рэгіёны. Прапаноўваў вярнуцца да класічнай мадэлі капіталізму, заганы якога, на яго думку, можна выкараніць з дапамогай парламенцкай дэмакратыі. Асн. працы: «Імперыялізм» (1902), «Індустрыяльная сістэма» (1904), «Праца і багацце» (1914).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРТАРЫ́ЙСКІ Канстанцін Адам (Аляксандр Казімір; 28.10.1773, Варшава — 20.3.1860),
польскі і рас.вайск. і дзярж. дзеяч. З роду Чартарыйскіх. У 1795 разам з братам А.Е.Чартарыйскім адпраўлены ў Пецярбург і залічаны афіцэрам у лейб-гвардыі Ізмайлаўскі полк, потым — камер-юнкерам. З 1796 ад’ютант вял. князя Канстанціна Паўлавіча ў чыне ген.-маёра. У 1798 атрымаў дазвол вярнуцца на радзіму і пасяліўся ў маёнтку Пулавы. У час аўстра-франц. вайны 1809 змагаўся на баку Напалеона I як генерал Варшаўскага княства; у вайну 1812 вызначыўся ў Смаленскай бітве, цяжка кантужаны пад Барадзіном. Пасля ўтварэння Каралеўства Польскага з 1815 каралеўскі ген.-ад’ютант пры імператару Аляксандру I. З 1828 у Вене. У час паўстання 1830—31 выконваў дыпламат. місію ад А.Е.Чартарыйскага да К.Метэрніха. Меў маёнткі на Беларусі (Воўчынскі і Рэчыцкі ключы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛГАРУ́КАЎ Пётр Уладзіміравіч (8.1.1817, Масква — 18.8.1868),
расійскі гісторык і публіцыст. Князь, з роду Далгарукіх. Скончыў Пажскі корпус (1834). Займаўся генеалогіяй: апублікаваў «Паданне пра род князёў Далгарукавых» (1840), «Расійскі радаслоўны зборнік» (кн. 1—4, 1840—41), «Расійскую радаслоўную кнігу» (ч. 1—4, 1854—57). Выдаў у Парыжы на франц. мове ў 1842 «Нататку пра галоўныя фаміліі Расіі», накіраваную супраць дынастыі Раманавых, за што быў сасланы (1843—44), у 1860 кн. «Праўда пра Расію», дзе крытыкаваў урад і праграму ліберальна-канстытуцыйных рэформаў. Адмовіўся вярнуцца ў Расію і быў завочна прыгавораны Сенатам да пазбаўлення тытула, усіх маёмасных правоў і вечнага выгнання (1861). Выпускаў газ. канстытуцыйнага кірунку «Будущность», «Правдивый», «Листок» і інш.
Супрацоўнічаў у газ. «Колокол» А.І.Герцэна. Аўтар мемуараў (1867).
Літ.:
Эйдельман Н.Я. Герцен против самодержавия: Секретная полит. история России XVIII—XIX вв. и Вольная печать. 2 изд. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМФАТЫ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА,
сукупнасць сасудаў пазваночных жывёл і чалавека, што збіраюць лімфу ад тканак і органаў і адводзяць яе ў вянозную сістэму. Складаецца з капіляраў, сасудаў, праток, вузлоў. З міжклетачных поласцей лімфа напампоўваецца сляпымі канцамі лімфатычных капіляраў, якія зліваюцца ў больш буйныя сасуды, пратокі і ўпадаюць у вены ў месцах найменшага крывянога ціску (вобласць ярэмных вен, хваставая, заднія полыя вены). Вытворнае вянознай сістэмы. Адрозніваюць паверхневую Л.с., утвораную пераважна сеткай падскурных капіляраў і сасудаў (ніжэйшыя пазваночныя), і глыбокую — грудныя пратокі з’яўляюцца вываднымі сасудамі (вышэйшыя пазваночныя). Асн. функцыі: дрэнажаванне з міжклетачных поласцей вадкасці, раствораных бялкоў і інш. буйных малекул, якія не здольны вярнуцца ў кроваток праз крывяносныя капіляры; ахоўная; фільтрацыйная.
А.С.Леанцюк.
Да арт.Лімфатычная сістэма. I. Сістэма лімфатычных сасудаў: 1 — тканкі; 2 — артэрыяльная сістэма; 3 — вянозная сістэма; 4 — лімфатычная сістэма; 5 — лёгкія. II. Размяшчэнне рэгіянарных лімфатычных вузлоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАХАБІ́ТЫ,
паслядоўнікі вахабізму — рэліг.-паліт. руху ў суніцкім ісламе, што сфарміраваўся як апазіцыя ва ўмовах тур. панавання ў Недждзе (Цэнтр. Аравія) у сярэдзіне 18 ст. Заснавальнік руху — Мухамед ібн Абд аль-Вахаб (1703—87; назва вахабіты ад яго імя), які заклікаў вярнуцца да чысціні ранняга ісламу і аскетызму племяннога жыцця. Вахабіты асуджалі раскошу і бяздзейнасць уладароў султанскай Турцыі, выступалі супраць пышных культаў святых, музыкі, ужывання віна, кавы, тытуню і інш. Карысталіся падтрымкай бедуінаў. Пасля смерці аль-Вахаба рух узначаліў Махамед Сауд, які распачаў актыўную заваёўніцкую дзейнасць. Яго прыхільнікі — саудзіды падпарадкавалі сабе большую ч. Аравіі са святымі ісламскімі гарадамі Медынай (1804) і Меккай (1806). Супраць Саудзідаў выступіў егіпецкі правіцель Мухамед Алі. Саудзіды змагаліся са сваімі праціўнікамі на працягу ўсяго 19 ст. У 1902 адноўлены вахабіцкі эмірат са сталіцай у Эр-Рыядзе. З 1932 дзяржава Саудзідаў наз. каралеўства Саудаўская Аравія, дзе вахабізм — афіц. ідэалогія.
Літ.:
Васильев А.М. Пуритане ислама? Ваххабизм и первое государство саудидов в Аравии (1744/45—1818). М., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЛЬФАНД Аляксандр Лазаравіч (псеўд.Парвус; 1869, г. Беразіно Мінскай вобл. — 1924),
дзеяч рас. і герм.рэв. руху. Скончыў Базельскі ун-т (1891). З 1886 у эміграцыі ў Германіі і Швейцарыі. Прымыкаў да левага крыла герм. сацыял-дэмакратыі, крытыкаваў погляды Э.Бернштэйна. З 1900 прымаў удзел у выданні газ.«Искра». З 1903 меншавік. У 1905 прыбыў у Расію, быў адным з кіраўнікоў Пецярбургскага Савета рабочых дэпутатаў, асуджаны на 3 гады высылкі. Пасля ўцёкаў жыў у Германіі, Турцыі. У 1-ю сусв. вайну выступаў за перамогу Германіі, падтрымліваў сувязі з герм.Ген. штабам. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 не атрымаў дазволу вярнуцца ў Расію. Пасля 1918 адышоў ад паліт. дзейнасці, арганізаваў у Германіі Ін-т па вывучэнні сусв. вайны. Адзін са стваральнікаў тэорыі «перманентнай рэвалюцыі». Адмоўную характарыстыку Гельфанда як паліт. авантурыста і махінатара даў М.Горкі ў нарысе «У.І.Ленін» і А.І.Салжаніцын у рамане «Ленін у Цюрыху».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ЛІС (Rullis) Талрыд (н. 29.12.1940, г. Вентспілс, Латвія),
латышскі перакладчык. Вучыўся ў Латв. ун-це (1959—64, 1969—72). У 1967—84 працаваў у друку, у Латв.Сав. Энцыклапедыі, у выд-ве «Ліесма». Друкуецца з 1962. Асобнымі выданнямі ў яго перакладзе выйшлі раманы і аповесці К.Чорнага «Трэцяе пакаленне» (1971), І.Пташнікава «Тартак» (1972), І.Сяркова «Мы з Санькам у тыле ворага» (1973), А.Кудраўца «Раданіца» (1974), В.Быкава «Сотнікаў. Абеліск. Дажыць да світання» (1976), «Жураўліны крык. Пайсці і не вярнуцца» (1984), «Знак бяды» (1986), З.Бядулі «Салавей» (1977), М.Гарэцкага «На імперыялістычнай вайне. Віленскія камунары» (1978), І.Чыгрынава «Плач перапёлкі» (1980), Я.Коласа «На ростанях» (1982), В.Казько «Суд у Слабадзе» (1982), А.Масарэнкі «На бабровых тонях» (1983), У.Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха» (1985) і інш. У перыяд. выданнях надрукаваны ў яго перакладзе творы В.Адамчыка, Быкава, Кудраўца, Я.Скрыгана, пераклаў паасобныя творы Я.Брыля, В.Віткі, В.Карамазава, В.Іпатавай, а таксама рус., укр. і літ. пісьменнікаў. Піша артыкулы пра бел. л-ру і праблемы перакладу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯСТРЖЭ́МБСКІ Іван (Ян Фердынанд) Львовіч (1814, Рэчыцкі пав. Мінскай губ. — пасля 1883),
рэвалюцыянер-петрашэвец, эканаміст. Скончыў Харкаўскі ун-т (1841). Выкладаў палітэканомію і статыстыку ў Ін-це корпуса інжынераў шляхоў зносін і Тэхнал. ін-це ў Пецярбургу. З восені 1848 член гуртка М.В.Петрашэўскага, на сходах якога чытаў лекцыі па палітэканоміі. На фарміраванне яго філас. поглядаў паўплываў А.І.Герцэн. Як і большасць петрашэўцаў адхіляў сістэму камунізму, які адмаўляў усякую ўласнасць. Разам з тым крытыкаваў капіталізм за тое, што ён выклікае збядненне пэўных слаёў насельніцтва. 2.5.1848 арыштаваны і зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. 3.1.1850 прыгавораны да смяротнай кары, але ў той жа дзень паводле канфірмацыі на Сямёнаўскім пляцы ў Пецярбургу пакаранне заменена на 6 гадоў катаргі. Сасланы ў Табольскую губ. У 1857 яму дазволена вярнуцца на радзіму; да 1872 жыў пад наглядам паліцыі. У 2-й пал. 1850-х г. як інжынер удзельнічаў у буд-ве шашы Масква—Варшава на тэр. Магілёўскай губ. Аўтар мемуараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРО́ЦЫ [Strozzi; празваны Капучына
(Cappuccino),
а таксама Прэтэ Джэнавезе (Prete Genovese)] Бернарда (1581, г. Генуя, Італія — 2.8.1644), італьянскі жывапісец, прадстаўнік барока. Вучыўся ў Генуі ў П.Соры (1595—97). Зазнаў уплывы П.П.Рубенса, П.Веранезе. З 1597 капуцын, пісаў пераважна невял. абразы ў духу маньерызму. У 1610 атрымаў дазвол пакідаць кляштар для заняткаў мастацтвам, што паспрыяла станаўленню яго стылю, які вызначаўся свабоднай, сакавітай манерай пісьма, тонкасцю каларыту, гульнёй святлаценю, жыццёвай праўдзівасцю вобразнага ладу: карціны «Кухарка» (паміж 1615—18), «Рай» (1625), «Мадонна з дзіцем, святымі і анёламі» (1629), «Адрачэнне апостала Пятра», «Тлумачэнне сну Іосіфам», «Пакланенне пастухоў»; серыя партрэтаў; фрэскі ў палацы маркізаў Чэнтурыёні ў Сан-П’етра д’Арэна (1623—25), у касцёле Сан-Даменіка ў Генуі (1625) і інш. У 1630 адмовіўся вярнуцца ў кляштар, быў зняволены, пазней жыў у Венецыі, дзе стаў адным з буйнейшых партрэтыстаў (партрэт дожа Ф.Эрыца, 1631, і інш.). Сярод інш. твораў: размалёўка скляпення б-кі Марчыяна («Алегорыя Скульптуры», 1635), карціны «Баляванне ў Сімона Фарысея», «Выкраданне Еўропы», «Пакутніцтва святога Себасцьяна», «Святы Лаўрэнцій падае міласціну», «Мінерва», «Алегорыя Добрага імя» і інш. Паўплываў на развіццё генуэзскай і венецыянскай школ жывапісу.