БІБЛІЯФІ́ЛЬСТВА (ад грэч. biblion кніга + philia любоў, літар. любоў да кнігі),
збіранне і вывучэнне рэдкіх і каштоўных выданняў. Спрыяе стварэнню кнігазбору, зберажэнню рэдкіх выданняў, адметных якасцю друку, ілюстрацыямі, пераплётамі, аўтографамі іх уладальнікаў і інш.
Збіранне твораў пісьменства вядома са стараж. часоў на Усходзе, у Стараж. Грэцыі і Рыме. У сярэднявеччы ў Зах. Еўропе былі прыватныя зборы рукапісных кніг. Пасля вынаходства кнігадрукавання (15 ст.) у калекцыях бібліяфілаў гал. месца займалі друкаваныя выданні. Найб. каштоўнасць маюць зборы стараж. рукапісаў, кнігі 16—17 ст., першыя выданні класікаў л-ры, творы, забароненыя цэнзурай, калекцыі, прысвечаныя асобным галінам ведаў. У Расіі бібліяфільства ўзнікла ў 16 ст. Вядомыя кнігазборы Сімяона Полацкага, Я.Бруса, А.І.Мусіна-Пушкіна, Дз.П.Бутурліна, М.П.Румянцава, М.П.Ліхачова і інш. Выдаваліся спец. часопісы «Антиквар» (1902—03), «Русский библиофил» (1911—16), дзейнічалі «Рускае бібліялагічнае таварыства» (1899—1916), Рускае т-ва сяброў кнігі (1920—29, Масква), Т-ва бібліяфілаў (1923—31, Ленінград). У 1974 створана Усесаюзнае добраахвотнае т-ва аматараў кнігі. З 1992 дзейнічае Міжнар.т-ва кнігалюбаў.
На Беларусі бібліяфільства вядомае з 16 ст. Значныя прыватныя кнігазборы былі ў Радзівілаў у Нясвіжы і Слуцку (гл.Радзівілаў бібліятэка), Сапегаў у Слоніме, Ружанах, Дзярэчыне (Зэльвенскі р-н, гл.Сапегаў бібліятэкі), Храптовічаў у Шчорсах (Навагрудскі р-н, гл.Храптовічаў бібліятэкі), Паскевічаў у Гомелі, Масальскіх у Белічанах, Оштарпаў у Дукоры, Юндзілаў у Івацэвічах, Тызенгаўзаў у Паставах. Каштоўныя кнігазборы мелі браты В. і К.Каліноўскія, А.К.Ельскі, Б.І.Эпімах-Шыпіла. У дзярж. кнігасховішчы Беларусі паступілі прыватныя кнігазборы вучоных Я.Ф.Карскага, М.А.Янчука, П.Н.Беркава, А.Я.Багдановіча. У 1926—29 дзейнічала Бел.т-ва бібліяфілаў, у 1974 створана Добраахвотнае т-ва аматараў кнігі Беларусі, з 1991 Бел.т-ва «Кніга», якое выдае альманах бібліяфілаў Беларусі «Свіцязь».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУ́ПРАЖ, збруя,
прыстасаванне для запрагання коней і інш. запражных жывёл (вала, вярблюда, сабакі і інш.) у мэтах перавозкі грузаў, верхавой язды. Вупраж для коней бывае аднаконная і параконная, дугавая і бездугавая. У склад аднаконнай дугавой вупражы ўваходзяць хамут з гужамі і супонню, дуга, падсядзёлак, церассядзёлак, падбрушнік, шляя, аброць з цуглямі і лейцы. У аднаконнай бездугавой вупражы гужы заменены раменнымі гортамі, якія змацоўваюць хамут з аглоблямі. Параконная вупраж для дышлевага запрагання ўключае хамуты, нагрудныя рамяні, пастронкі, шлеі, аброці з цуглямі і парныя лейцы. Галоўная частка збруі верхавога і ўючнага каня — сядло, вярблюджай вупражы — аброць, лейцы і шлейкі, для аленяў і сабак у нартах — шлейкі з адным пастронкам. Валовая парная вупраж уяўляе сабой драўлянае ярмо, якое надзяваюць на шыю і прымацоўваюць да дышля.
Вупраж ярэмнага тыпу самая старажытная, вядомая з часоў неаліту. На Беларусі была пашырана ў сял. гаспадарках на ПдЗ, дзе асн. рабочай жывёлай былі валы; амаль да сярэдзіны 20 ст. рабілі ярэмную вупраж на пару валоў, якія хадзілі ў дышлевай запрэжцы. Ярмо на аднаго вала (баўкун) выкарыстоўвалася ў аглабельнай або дышлевай запрэжцы. Вынаходства шляі (прататып хамута) дало пачатак выкарыстанню каня як цяглавай жывёлы. Першыя формы коннай вупражы праніклі ў Еўропу з У праз вандроўных гунаў, авараў, венграў. На Беларусі вядомы з 11 ст. Вупраж хамутовага тыпу была пашырана па ўсёй тэрыторыі, але найб. — на Паазер’і і Падняпроўі, дзе здаўна асн. цяглавай сілай быў конь. Вупраж, пераважна выязную, упрыгожвалі (выкарыстоўвалі колер, узорыстае шытво, цісненне, дадатковыя дэкар. дэталі — бліскучыя метал. накладкі, махры і кутасы). У час урачыстых выездаў на шыю каня надзявалі шархуны з бразготкамі. Вытв-сць вупражы была цесна звязана з рымарскім, шавецкім і дрэваапрацоўчымі рамёствамі.
В.С.Цітоў.
Вупраж каня: 1 — аброць з цуглямі; 2 — хамут (а — клешчы, б — хамуціна, в — покрыўка, г — супоня, д — гуж, е — лямцавая падкладка); 3 — падсядзёлак стаячы (гарбаты); 4 — правільная пастава цугляў у роце каня; 5 — цуглі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЭНЕРГЕ́ТЫКА (ад гідра... + энергетыка),
галіна энергетыкі, звязаная з выкарыстаннем мех. энергіі воднага патоку пераважна для выпрацоўкі электраэнергіі. Аснова гідраэнергетыкі — гідраэнергетычныя рэсурсы, якія адносяцца да ўзнаўляльных. Электраэнергія выпрацоўваецца на гідраўлічных электрастанцыях (ГЭС), акумулятыўных і прыліўных ГЭС. Гідраэнергетыка значна менш за інш. віды энергетыкі забруджвае навакольнае асяроддзе, аднак гідратэхн. збудаванні, асабліва плаціны, нярэдка выклікаюць парушэнне экалагічнай раўнавагі.
Са старажытнасці чалавек выкарыстоўвае энергію цякучай вады для прывядзення ў рух вадзянога кола на млынах — першых гідрасілавых установак, якія захаваліся да нашых дзён. Да вынаходства паравой машыны вадзяное кола было асн. рухавіком у вытв-сці на металургічных, лесапільных, ткацкіх і інш. прадпрыемствах. Новае значэнне набыла гідраэнергетыка ў 1-й пал. 19 ст., калі былі вынайдзены гідраўлічная турбіна, электрамашына і спосабы перадачы эл. энергіі на вял. адлегласці. У канцы 19 ст. пачалося асваенне гідраэнергіі на ГЭС у ЗША, Расіі, Германіі, гідраэнергетыка аформілася ў самаст. галіну энергетыкі. У 1913 устаноўленая магутнасць усіх ГЭС Расіі (іх было 78) не перавышала 35 МВт; у ЗША працавала ГЭС Адамс на Ніягарскім вадаспадзе магутнасцю 37 МВт. У 1-й пал. 20 ст. доля гідраэнергетыкі ў сусв. выпрацоўцы электраэнергіі хутка расла, але з 1960 пачала сістэматычна скарачацца.
У 1994 у свеце выпрацавана 12,1 трлн. кВт∙гадз электраэнергіі, з іх 17% на ГЭС. У некат. краінах доля воднай энергіі ў выпрацоўцы электраэнергіі можа быць значнай. Паводле некаторых даных яна можа быць большай за 90% у Парагваі, Нарвегіі, Гане, Бразіліі і інш. Сярод краін СНД адносна высокую долю ГЭС у вытв-сці электраэнергіі маюць Таджыкістан (97%) і Кіргізія (91%). На Беларусі гідраэнергетыка дае менш за 0,1% выпрацоўкі электраэнергіі (1995). Устаноўленая магутнасць 11 буйных ГЭС у сярэдзіне 1970-х г. дасягала 10 МВт, аднак з развіццём Беларускай энергетычнай сістэмы частка іх закансервавана і перастала дзейнічаць. Найб. значныя з дзеючых ГЭС: Асіповіцкая на р. Свіслач (2250 кВт), Чыгірынская на р. Друць (1500 кВт), Гезгальская на р. Моўчадзь (550 кВт), Лукомская на р. Лукомка (500 кВт). Устаноўленая магутнасць 9 дзеючых ГЭС 6,8 МВт, яны выпрацоўваюць 20 млн.кВт∙гадз электраэнергіі (1995).
В.М.Сасноўскі.
Да арт.Гідраэнергетыка. Чарвакская ГЭС на р. Чырчык у Узбекістане.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫФМЕ́ТЫКА (ад грэчаскага arithmos лік),
навука, галоўны аб’ект якой цэлыя, рацыянальныя лікі і дзеянні над імі. Узнікла ў старажытныя часы з практычных патрэб чалавека лічыць і вымяраць. Для падліку вялікай колькасці аб’ектаў створаны сістэмы лічэння. Найбольш зручная дзесятковая сістэма лічэння; існуюць таксама сістэмы лічэння з асновамі 5, 12, 20, 40, 60 і нават 11 (Новая Зеландыя). З пашырэннем вылічальнай тэхнікі выкарыстоўваецца двайковая сістэма лічэння.
Да пачатку нашай эры былі атрыманы дастаткова глыбокія вынікі: даказана бесканечнасць мноства простых лікаў, несувымернасць стараны квадрата і яго дыяганалі (па сутнасці доказ ірацыянальнасці ліку √2), створаны алгарытм выяўлення агульнай меры двух адрэзкаў і найбольшага агульнага дзельніка, Піфагорам знойдзены агульны выгляд цэлалікавых катэтаў і гіпатэнузы прамавугольных трохвугольнікаў, значны ўплыў на развіццё арыфметыкі зрабіў Архімед. Фундаментальнае значэнне арыфметыкі як навукі стала зразумелым у канцы 17 стагоддзя ў сувязі з далучэннем да яе паняцця ірацыянальнага ліку. Развіццё апарату сувязяў паміж гэтымі лікамі і іх рацыянальнымі набліжэннямі (у прыватнасці, дзесятковымі), а таксама вынаходства і дастасаванне лагарыфмаў (шатландскі матэматык Дж.Непер) значна пашырылі тэматыку даследаванняў. Шматлікія пытанні знайшлі вырашэнне ў лікаў тэорыі. Спроба Г.Грасмана аксіяматычнай пабудовы арыфметыкі (сярэдзіна 19 стагоддзя) завершана італьянскім матэматыкам Дж.Пеана ў выглядзе 5 аксіём: 1) адзінка ёсць натуральны лік; 2) наступны за натуральным лікам ёсць таксама натуральны лік; 3) у адзінкі няма папярэдняга натуральнага ліку; 4) калі натуральны лік a стаіць за натуральным лікам b і за натуральным лікам c, то b і c тоесныя; 5) калі якое-небудзь сцвярджэнне даказана для адзінкі і калі з дапушчэння, што яно праўдзівае для натуральнага ліку n, вынікае, што яно выконваецца і для наступнага за n натуральнага ліку, то гэта сцвярджэнне справядліва для адвольнага натуральнага ліку (аксіёма поўнай матэматычнай індукцыі). Па-за прапанаванай сістэмай аксіём застаюцца многія пытанні, у якіх вывучаецца ўся бесканечная сукупнасць натуральных лікаў, што патрабуе даследавання несупярэчлівасці адпаведнай сістэмы аксіём і больш дэталёвага аналізу сэнсу сцвярджэнняў, якія вынікаюць з яе. Як навука арыфметыка часам атаясамліваецца з тэорыяй лікаў.
Літ.:
История математики с древнейших времен до начала XIX столетия. Т. 1—3. М., 1970—72. Депман И.Я. История арифметики. 2 изд. М., 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФТАЛЬМАЛО́ГІЯ (ад грэч. ophthalmos вока + ...логія),
галіна медыцыны, якая вывучае анатомію і фізіялогію органа зроку, хваробы вачэй, распрацоўвае метады іх дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі.
Першыя звесткі пра хваробы вачэй ёсць у стараж.-егіп. пісьмовых помніках, у працах Гіпакрата, індыйскіх і кітайскіх медыкаў. Як самаст. навука афтальмалогія пачала фарміравацца ў 17 ст. з развіццём оптыкі. Яе развіццю спрыяла вынаходстваням. вучоным Г.Гельмгольцам вочнага люстэрка (афтальмаскопа, 1851). Да сярэдзіны 19 ст. належаць і даследаванні ў галіне фізіял. оптыкі, стварэнне вучэнняў пра рэфракцыю і акамадацыю вока. У Расіі першая кафедра вочных хвароб заснавана ў 1818, вочныя лячэбніцы ў Пецярбургу і Маскве — у 1824—26. Уклад у афтальмалогію зрабілі рас. вучоныя А.У.Іваноў, А.А.Крукаў, А.М.Маклакоў, Л.Г.Белярмінаў, М.І.Авербах, В.П.Адзінцоў, У.П.Філатаў (першы ў свеце распрацаваў хірург. метад перасадкі рагавіцы). У наш час у практыку ўвайшлі лазерная хірургія, вочныя аперацыі пад мікраскопам (укаранёны М.Л.Красновым, А.П.Несцеравым і інш., распрацоўваюцца ў Міжгаліновым навук.-тэхн. комплексе «Мікрахірургія вока» пад кіраўніцтвам С.М.Фёдарава). Сярод работ замежных афтальмолагаў найбольш вядомы працы па пытаннях патагенезу, клініцы і лячэнні глаўкомы (С.Дзьюк-Элдэр, Вялікабрытанія; Б.Бекер, ЗША; Р.Эцьен, Францыя), праблемах захворванняў сятчаткі вока (М.Газ, ЗША), выкарыстанні крыяхірургіі ў афтальмалогіі (Т.Крвавіч, Польшча).
На Беларусі даследаванні па афтальмалогіі пачаліся з 2-й пал. 19 ст. Сучасны этап развіцця афтальмалогіі звязаны з працамі Т.В.Бірыч і яе вучняў: Т.А.Бірыч, Г.Р.Васільева, Д.В.Кантар і інш. (распрацоўкі ў галіне крыяхірургіі вочных захворванняў, глаўкомы, апёкаў вачэй і інш.). Н.-д. работа вядзецца ў Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, Бел.НДІ экспертызы працы інвалідаў, на кафедрах вочных хвароб мед. ін-таў. Распрацоўваюцца пытанні лячэння і прафілактыкі траўмаў органа зроку, дыягностыкі і лячэння вочных хвароб (М.С.Завадская, М.М.Залатарова, А.У.Васілевіч, І.І.Катлярова, К.І.Клюцавая, І.В.Морхат, У.Т.Парамей, К.І.Чвялёва, Л.К.Яхніцкая). Асн. сучасныя кірункі даследаванняў: распрацоўка і ўкараненне мікрахірург. тэхнікі лячэння хвароб і траўмаў органа зроку, лазерная хірургія, дыягностыка і лячэнне вірусных захворванняў вачэй, пытанні прафілактыкі і лячэння блізарукасці, уздзеяння малых дозаў радыяцыі на орган зроку.
Літ.:
Бирич Т.В. Применение низких температур в офтальмологии. Мн., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫМЯРА́ЛЬНАЯ ТЭ́ХНІКА,
галіна навукі і тэхнікі, звязаная з вывучэннем, вырабам і выкарыстаннем сродкаў вымярэнняў. Грунтуецца на навук. дысцыплінах, якія вывучаюць метады і сродкі атрымання колькаснай інфармацыі аб велічынях, што характарызуюць аб’екты і вытв. працэсы. Уключае вымяральныя прылады, інструменты, машыны і ўстаноўкі, прызначаныя для рэгістрацыі вынікаў вымярэння. Звязана з вылічальнай тэхнікай, кібернетыкай тэхнічнай, тэлемеханікай, электронікай, аўтаматыкай і інш.
Вымяральная тэхніка ўзнікла ў глыбокай старажытнасці і была звязана з вымярэннем мас і аб’ёмаў, адлегласцей і плошчаў, адрэзкаў часу, вуглоў і г.д. Да 16—18 ст. адносіцца ўдасканаленне гадзіннікаў і вагаў, вынаходствамікраскопа, барометра, тэрмометра. У канцы 18 — 1-й пал. 19 ст. з пашырэннем паравых рухавікоў і развіццём машынабудавання развіваецца прамысл. вымяральная тэхніка: удасканальваюцца прылады для вызначэння памераў, з’яўляюцца вымяральныя машыны, уводзяцца калібры, розныя мерыфіз. велічынь (у т. л.эталоны) і г.д. У 19 ст. створаны асновы тэорыі вымяральнай тэхнікі і метралогіі, пашырылася метрычная сістэма мер, з’явіліся электравымяральныя прылады і цеплатэхнічныя прылады. У 20 ст. пачынаюць выкарыстоўвацца эл. і электронныя сродкі для вымярэння мех., цеплавых, аптычных і інш. велічынь, для хім. аналізу і геолагаразведкі, развіваюцца радыёвымярэнні і спектраметрыя, узнікае прыладабуд. прам-сць. Гал. кірункі развіцця сучаснай вымяральнай тэхнікі: лінейныя і вуглавыя вымярэнні; мех., аптычныя, акустычныя, цеплафіз., фіз.-хім. вымярэнні; эл., магн. і радыёвымярэнні; вымярэнні частаты і часу, выпрамяненняў (гл., напр., Арэометр, Асцылограф, Вакуумметр, Вісказіметр, Вымяральны пераўтваральнік, Газааналізатар, Геадэзічныя прылады і інструменты, Дазіметрычныя прылады, Інтэрферометр, Каларыметр, Люксметр, Манометр, Пнеўматычны пераўтваральнік, Радыёвымяральныя прылады, Спектрометр, Частатамер).
Шырока выкарыстоўваюцца (пераважна ў машынабудаванні) вымяральныя інструменты: універсальныя (для вымярэння дыяпазонаў памераў) і бясшкальныя (для вымярэння аднаго пэўнага памеру). Універсальныя падзяляюцца на штрыхавыя (штанген-інструменты, вугламеры, лінейкі, вугольнікі, кронцыркулі), мікраметрычныя (глыбінямеры, мікрометры, нутрамеры), механічныя з рознымі тыпамі мех. перадач (індыкатары гадзіннікавага тыпу, мініметры, мікатары), оптыка-механічныя (праектары, вымяральныя мікраскопы) і інш. Многія прылады далучаюць розныя канструкцыйныя асаблівасці, напр.аптыметры (рычажна-аптычная сістэма). Бясшкальныя інструменты — сродкі допускавага кантролю; гэта калібры (кольцы, шаблоны, коркі, скобы) і канцавыя меры (стальныя пліткі пэўнай таўшчыні ў наборах). Адным з гал. кірункаў далейшага развіцця вымяральнай тэхнікі з’яўляецца распрацоўка інфарм.-вымяральных сістэм. Удасканальваюцца сродкі дылатаметрыі, дазіметрыі, мас-спектраметрыі, рэфрактаметрыі, тэлеметрыі. Тэарэт. і навук.-практычную аснову ўдасканалення вымяральнай тэхнікі як аднаго з кірункаў прыладабудавання складаюць дасягненні і распрацоўкі ў галіне фіз тэхн.навук. На Беларусі сродкі вымяральнай тэхнікі выпускаюць Гомельскі завод вымяральных прылад, Віцебскае вытворчае аб’яднанне «Электравымяральнік» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУКО́ВА-ТЭХНІ́ЧНЫ ПРАГРЭ́С (НТП),
працэс бесперапыннага ўзаемазвязанага, паступальнага развіцця навукі і тэхнікі, які праяўляецца ў пастаянным уздзеянні навук. ідэй (адкрыццяў і ведаў) на ўзровень удасканалення сродкаў і прадметаў працы, тэхналогіі і арг-цыі вытв-сці. Ажыццяўляецца ў форме паступовага эвалюцыйнага ўдасканалення матэрыяльнай вытв-сці і яго навук.-тэхн. асноў або ў форме карэннага якаснага пераўтварэння вытв. сіл на базе выкарыстання прынцыпова новых навук. і тэхн. дасягненняў, што забяспечваюць пераход да больш прагрэс. этапу развіцця грамадскай вытв-сці; мае рэв. характар развіцця і прымае форму навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. У рэальных працэсах развіцця грамадства эвалюцыя і рэвалюцыя — неабходныя ўзаемазвязаныя формы (роўныя кампаненты) НТП. Эвалюцыя падрыхтоўвае рэвалюцыю і стварае для яе неабходныя ўмовы, а рэвалюцыя адкрывае якасна новыя магчымасці эвалюцыі, садзейнічае яе далейшаму развіццю.
Навука і вытв-сць пачалі збліжацца ў 16—18 ст., калі развіццё гандлю, мараплавання, мануфактурнай вытв-сці і інш. патрабавалі тэарэт. і эксперым. вырашэння практычных задач; 2-1 яе этап звязаны з машыннай вытв-сцю ў канцы 18 ст., калі навука і тэхніка ўзаемна стымулявалі паскораныя тэмпы развіцця. Бурнае развіццё навукі з канца 19 ст. і ў 20 ст. прывяло да значных адкрыццяў, што стала пачаткам новага кірунку НТП. Хуткае развіццё і практычнае выкарыстанне эл. энергіі, стварэнне рухавіка ўнутр. згарання, рост хім. і нафтахім. прам-сці, укараненне новых тэхналогій, выкарыстанне энергіі атамнага ядра, атрыманне штучных алмазаў, вынаходства і развіццё ЭВМ, асваенне космасу і інш.
Асн. кірункі НТП: комплексная аўтаматызацыя і камп’ютэрызацыя вытв-сці; пошук новых крыніц энергіі, стварэнне новых сродкаў транспарту і сувязі, асваенне новых тэхналогій, у т. л. біятэхналогій. Многія кірункі НТП цесна ўзаемазвязаны, іх размежаванне ўмоўнае. Затраты на НТП пастаянна павялічваюцца і ў эканамічна развітых краінах складаюць значную долю валавога ўнутр. прадукту. Усё большае значэнне набывае павышэнне эфектыўнасці выкарыстання навукова-тэхнічнага патэнцыялу.
На Беларусі НТП развіваўся ў непасрэднай сувязі з развіццём мануфактурнай і машыннай вытв-сці, прамысл. пераваротам 19 — пач. 20 ст.; яго тэмпы паскорыліся ў ходзе індустрыялізацыі ў 1930-я г. і асабліва ў 2-й пал. 20 ст., калі ўзніклі новыя галіны вытв-сці: аўтамабіле-, трактара-, прыладабудаванне, электра-, радыётэхнічная, электронная, хім., нафтаперапрацоўчая і інш.прам-сць. Паводле Закона Рэспублікі Беларусь «Аб асновах дзяржаўнай навукова-тэхнічнай палітыкі» ў бюджэце краіны ўстанаўліваецца ліміт агульных расходаў на навук.-тэхн. дзейнасць і нарматыў фінансавання фундаментальных і пошукавых даследаванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЫ́ЛІЦА,
адна з дзвюх (разам з глаголіцай) стараж. славянскіх азбук. Створана ў сярэдзіне 9 ст. на аснове грэка-візант. ўстаўнага пісьма. Назва ад імя слав. асветніка Кірылы Філосафа (гл. ў арт.Кірыла і Мяфодзій). Паходжанне К. канчаткова не высветлена. На думку адных вучоных, К. створана Кірылам раней за глаголіцу, ад якой адрознівалася інш. тыпам і больш простай і выразнай формай літар. Паводле другіх вучоных, Кірыла з’яўляўся стваральнікам глаголіцы, што папярэднічала К. Алфавітна-літарны склад К. адпавядаў гукавой сістэме стараславянскай мовы. У 11 ст. мела 43 літары: 24 візант. паходжання, 19 створаны самастойна. 27 літар абазначалі лічбы (літара з цітлай). З 10 ст. К. абслугоўвала ўсе тыпы стараж.-рус.літ. мовы. Паслядоўна існавалі графічныя відазмяненні К.: устаў, паўустаў, скорапіс (у быт. і дзелавой перапісцы), арнаментальная вязь (у кніжных загалоўках). Ад стараж.-рус. пісьменства К. перайшла ў спадчыну старабел., старарус. і стараўкр. пісьменствам. У ранні перыяд старабел. графіка мела ўсе літары К. Аднак у працэсе развіцця бел. мовы літарны склад алфавіта перастаў адпавядаць гукавой сістэме: адпала патрэба ў дублетных літарах, якія без шкоды для пісьмовых зносін маглі замяняць адна адну, але працягвалі ўжывацца па традыцыі (о–ѡ, е–є–ѣ, і–и–ѵ, у–ꙋ–ѫ, ѩ–ѧ, з–ѕ, ф–ѳ, ѯ–ксі, ѱ–псі), з’явілася неабходнасць у графічных сродках для зычнага j, афрыкаты «дж», гукаў [о] пасля мяккіх і [е] пасля цвёрдых зычных. На бел. глебе выйшлі з ужытку літары ѫ, ѥ, узніклі новыя графемы э (канец 15 ст.) і й (канец 16 ст.), у дзелавым пісьменстве перасталі выкарыстоўвацца ў гукавым значэнні знакі і, ѵ, ѯ, ѱ, ѕ, ф, у помніках інш. жанраў сталі трапляцца радзей літары ѵ, ѯ, ѱ, ѕ. Спрашчэнне і ўдасканаленне графічнай сістэмы абумоўлівалася агульным развіццём пісьменства. Выдатным дасягненнем старабел. графікі было стварэнне бел. першадрукаром і асветнікам Ф.Скарынай на аснове паўустава друкарскага варыянта К., што стаў узорам для інш.усх.-слав. друкароў. Цікавай з’явай у гісторыі бел. кнігадрукавання было вынаходстваспец. курсіўнага шрыфту (прапанаваў Грынь Івановіч), які сваёй канфігурацыяй імітаваў скорапіс 2-й пал. 16 ст. Працэс удасканалення К. на Беларусі спыніўся ў 18 ст. з прычыны заняпаду старабел. пісьменства. У Расіі ў выніку рэформы Пятра I у 1708 быў створаны грамадзянскі шрыфт, што пазней стаў асновай сістэм пісьма ўсх.-слав. і некат. інш. народаў, у т. л. і новага бел. пісьменства. Сучасны беларускі алфавіт выпрацаваны ў выніку кантамінацыі рус. грамадзянскага шрыфту са старабел. варыянтам К., вызначаецца большай дакладнасцю. У ім няма дублетных літар, ёсць знакі для спалучэння гукаў «йо» (ё) і спецыфічнага бел. гуку кароткага «ў», афрыкаты «дж», «дз» перадаюцца дыграфамі, раздзяляльную функцыю выконвае апостраф.
Найб. стараж. кірыліцкія помнікі — надпісы на сценах і плітах у Праславе (9—10 ст., Балгарыя), на глінянай пасудзіне з раскопак курганоў пад Смаленскам (10 ст.) і інш. Першая датаваная кніга, напісаная К., — Астрамірава евангелле (1056—57).
Літ.:
Карский Е.Ф. Славянская кирилловская палеография. М., 1979;
Истрин В.А. Возникновение и развитие письма. М., 1965;
Булыка А.М. Развіццё арфаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы. Мн., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫСЛО́ВЫ ПЕРАВАРО́Т,
пераход ад мануфактуры да машыннай вытворчасці ў 2-й пал. 18 ст. — 19 ст.Вынаходства і ўкараненне ў вытв-сць машын, арганізацыя ф-к прывялі да ўзнікнення буйной машыннай індустрыі, усталявання і развіцця капіталіст. спосабу вытв-сці. Гэта спрыяла ўзнікненню новых галін прам-сці, буйных гарадоў і прамысл. цэнтраў, пашырэнню ўнутр. і знешняга рынку, завяршэнню працэсу фарміравання асн. класаў грамадства — буржуазіі і рабочага класа.
П п. пачаўся ў 1760-я г. ў Вялікабрытаніі, дзе ў выніку гар. пераўтварэнняў з’явілася вял. колькасць свабоднай рабочай сілы, склаўся рынак збыту тавараў, а ў купцоў і прадпрымальнікаў назапашаны свабодныя грашовыя сродкі для буд-ва ф-к. Стымулявала П.п. і замежная канкурэнцыя. У 1769 Дж.Уат вынайшаў паравую машыну, а ў 1784 — паравую машыну «двайнога дзеяння». У 1779 вынайдзена мюльмашына, якая дазволіла выпрацоўваць баваўняную пражу фабр. спосабам. У 1785 Э.Картрайт вынайшаў мех. ткацкі станок. У хуткім часе ўзнікла першая прадзільная ф-ка, якая працавала на вадзяным рухавіку (у 1790 было 150 прадзільных ф-к). Рост фабр. вытв-сці патрабаваў удасканалення трансп. сістэмы. У канцы 18 ст. пракапаны першы канал даўж. больш за 17 км. У 1-й чвэрці 19 ст. пачалі дзейнічаць параходныя зносіны і паравая чыгунка. У 2-й пал. 19 ст. вынайдзены такарны станок з супартам, стругальны станок. Бурнае развіццё машынабудавання ў 1830—40-я г. стала сведчаннем ператварэння Вялікабрытаніі ў індустрыяльную «майстэрню свету», яна стала сусв. манапалістам у прамысл. вытв-сці і гандлі. У ЗША у 1860—70-я г. паравыя машыны выкарыстоўваліся на многіх ф-ках і з-дах. Развіццё фермерскай сельскай гаспадаркі стымулявала тэмпы і маштабы буд-ва чыгунак. У 1869 транскантынент. чыгунка перасекла кантынент з З на У. Чыг.буд-ва стымулявала рост металург. вытв-сці, вугальнай, нафтавай і інш. галін. У Францыі П.п. пачаўся ў канцы 18 ст., але развіваўся больш павольна. Асн. яго тормазам быў манархічны лад, захаванне дробнай вытв-сці, а ўведзеная Напалеонам I кантынент. блакада Вялікабрытаніі перапыніла пастаўкі машын для франц. вытворцаў. У Германіі П.п. адбыўся ў 3 этапы: пачатковы этап (да 1850) закрануў у асн.тэкст.прам-сць; у наст. 2 дзесяцігоддзі бурна развівалася цяжкая прам-сць; завяршэнне П.п. адбылося пасля стварэння Германскай імперыі ў 1871, калі ў ням. прам-сці склаліся манаполіі. У Расіі П.п. пачаўся ў 1-й пал. 19 ст. У баваўнянай прам-сці больш хутка ажыццяўляўся пасля адмены прыгоннага права (1861), калі ахапіў большасць галін нар. гаспадаркі. У 1879 у тэкст. прам-сці з дапамогай машын выраблялася ад 54,8% да 96,3% прадукцыі. На металаапр. прадпрыемствах машынамі выпрацоўвалася 86,3% прадукцыі.
На Беларусі П.п. пачаўся ў 1-й пал. 19 ст., у металаапр. і вінакурнай галінах, а не ў тэкстыльнай. Пра гэта сведчыць выкарыстанне паравых машын у металаапрацоўцы і змена яе тэхналогіі. П.п. адбываўся і ў інш. галінах (харчовай, дрэваапрацоўчай, хімічнай) і завяршыўся ў канцы 1890-х г. У 2-й пал. 19 ст. аб’ём фабр. прадукцыі вырас у 37 разоў. Да 1890 ф-кі і з-ды давалі 47,8% усёй прамысл. прадукцыі. У канцы 19 ст. пачалі з’яўляцца акц. т-вы: «Гродзенскае т-ва водазабеспячэння і эксплуатацыі водаправодаў», «Т-ва віцебскіх водаправодаў», белы. акц.т-ва «Віцебскі трамвай» і інш. Дзейнічалі філіялы найбуйнейшых рас. банкаў, ням. капітал актыўна ўкладваўся ў лясную і льняную галіны вытв-сці. За апошнія 10 гадоў 19 ст. тэмпы развіцця прам-сці былі значна вышэйшыя, чым за папярэднія 30 гадоў, у выніку ўдзельная вага бел. прам-сці дасягнула 5% прамысл. прадукцыі Расіі, колькасць рабочых складала 10%. Гл. таксама Індустрыялізацыя, Прамысловасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЮСТРА́ЦЫЯ (ад лац. illustratio наглядная выява) у мастацтве, 1) выява, якая суправаджае, дапаўняе, наглядна тлумачыць тэкст і ўспрымаецца ў пэўным адзінстве з ім (малюнак, гравюра, фотаздымак, рэпрадукцыя і інш.).
2) Галіна кніжнай графікі. Яе развіццё цесна звязана з гісторыяй кнігі (гл.Мастацтва кнігі). Уваходзячы ў маст. арганізм кнігі, газеты, часопіса, І. часта дапаўняецца інш.дэкар. элементамі афармлення (застаўкамі, канцоўкамі, ініцыяламі). Першапачаткова рукапісныя кнігі ілюстраваліся мініяцюрамі. З вынаходніцтвам кнігадрукавання і дрэварыту І. стала адной з гал. састаўных частак графікі.
На Усходзе найб. раннія дрэварытныя І. вядомы ў Кітаі з 6—7 ст., асабліва пашырыліся ў 12 ст.; у канцы 16 ст. там вынайшлі і каляровы дрэварыт У Японіі кніжная графіка ўзнікла ў пач. 17 ст., яе росквіт прыпадае на 18 — пач. 19 ст. (Х.Маранобу, К.Утамара, К.Хакусай). Еўрап. дрэварытная І. ўзнікла ў 15 ст., першапачаткова была цесна звязана з мініяцюрай. З часам яна стала важным сродкам пашырэння рэліг.-дыдактычных, пазней гуманіст. і рэфармацыйных ідэй. Раннія І. вылучаліся лаканізмам абагульненых контураў, якія гарманіравалі са шрыфтамі. З 16 ст. павялічылася імкненне да перадачы глыбіні прасторы і жывапісных эфектаў (А.Дзюрэр, Г.Гольбейн Малодшы, Л.Кранах Старэйшы, Тыцыян і інш). З канца 16 ст. пашырыліся І. ў тэхніцы медзярыту, яны пераўтвараюцца ў самаст. кампазіцыі, якія выконвалі на асобных аркушах. Асаблівая ўвага аддавалася франтыспісу, пабудаванаму на ўзор трыумфальнай барочнай аркі. У 18 ст. шырокае распаўсюджанне атрымала вытанчаная віньетка ў стылі ракако (Ж.А.Фраганар, У.Хогарт і інш.). Масаваму пашырэнню І. ў 19 ст. садзейнічала вынаходства тарцовай гравюры, літаграфіі і асабліва фотамех. рэпрадукцыі. Гэтаму перыяду ўласцівы і завершаныя І. на асобных аркушах, і накіды ў тэксце, пашырэнне часопіснай графікі (А.Дам’е, У.Блейк, Э.Дэлакруа, В.Васняцоў, І.Білібін і інш.). У І. 20 ст.вял. ролю адыгрывае інтэрпрэтацыя мастаком літ. тэксту, што дапускае шматзначнасць яго трактоўкі (П.Пікасо, Р.Гутуза, Р.Кент, У.Фаворскі, А.Канеўскі і інш.).
На Беларусі І. бярэ пачатак ад мініяцюр рукапісаў (Аршанскае евангелле, Лаўрышаўскае евангелле і інш.). Асобнае месца займаюць І. Радзівілаўскага летапісу з рэаліст. адлюстраваннем гіст., быт. і фалькл.сцэн. З паяўленнем бел. кнігадрукавання (16 ст.) пашырылася дрэварытная І. (гравюры выданняў Ф.Скарыны, П.Мсціслаўца, друкарняў Вільні, Брэста, Нясвіжа, Куцейны, Магілёва), якая склалася пад уплывам зах.еўрап. (пераважна нямецкай) І. і змененай на мясц. грунце візант. традыцыі. Развівалася ў творчасці М. і В.Вашчанкаў, Ф.Ангілейкі, А. і Л.Тарасевічаў і інш. У 17 ст. ў бел. І. пачалі выкарыстоўваць медзярыт (М.Вашчанка). У 19 — пач. 20 ст. ў кніжнай графіцы працавалі І.Аляшкевіч, А.Бартэльс, К.Бахматовіч, С.Богуш-Сестранцэвіч, В.Ваньковіч, К.Кастравіцкі, К.Каганец і інш. Забарона царскім урадам бел. мовы і кнігадрукавання прывяла да часовага заняпаду І. У 1920-я г. закладваліся асновы сучаснай нац. школы бел. І. (М.Філіповіч, П.Гуткоўскі, А.Тычына, Г.Змудзінскі, В.Дваракоўскі, Я.Горыд, Я.Драздовіч). У 1930—40-я г. значны ўклад у развіццё І. зрабілі В.Літко, М.Малевіч, Б.Басаў, А. і В.Волкавы, Я.Мінін і інш. У Вял.Айч. вайну пашырылася сатырычная І. (В.Букаты, Дз.Красільнікаў, В.Козак). Пасля вайны ілюстравалася пераважна дзіцячая л-ра. Новы этап развіцця бел. І. пачаўся ў 1960-я г. Важнае значэнне мела стварэнне аддзялення кнігі пры Бел.тэатр.-маст. ін-це (1971), выд-ваў «Мастацкая літаратура» і «Юнацтва». У 1970—90-я г. ў кніжнай графіцы працавалі і працуюць М. і У.Басалыгі, Я.Кулік, А.Кашкурэвіч, А.Лось, Г. і Н.Паплаўскія, У.Савіч, М.Селяшчук, В.Славук, В.Шаранговіч, А.Шэвераў і інш.
Літ.:
Церашчатава В.В. Беларуская кніжная графіка, 1917—1941. Мн., 1978;
Шматаў В.Ф. Сучасная беларуская графіка, 1945—1977. Мн., 1979;
Книговедение: Энцикл. сл. М., 1982;
Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984.
У.Фаворскі. Ілюстрацыя да драмы А.С.Пушкіна «Барыс Гадуноў». 1954.Да арт.Ілюстрацыя. Бельбела да Павія. Мініяцюра «Цар Давід». 1430.А.Дзюрэр. Нараджэнне Хрыста. Ілюстрацыя да «Жыццяпісу Марыі». Нюрнберг. 1511.Ілюстрацыя да «Евангелля напрастольнага» П.Мсціслаўца. 1575.В.Шаранговіч. Ілюстрацыя да паэмы А.Міцкевіча «Пан Тадэвуш». 1985.