ЛАНАЛІ́Н (ад лац. lana шэрсць + oleum масла),

ачышчаны шарсцяны воск; жывёльны воск (гл. ў арт. Воскі). Вязкая белая ці светла-жоўтая мазепадобная маса, tпл 35—37 °C, шчыльн. 940—970 кг/м³. Не раствараецца ў вадзе і этаноле; раствараецца ў бензоле, хлараформе, дыэтылавым эфіры. Мае значную колькасць (каля 10%) стэрынаў, у т. л. халестэрыну. Атрымліваюць ачысткай шарсцянога воску, які экстрагуюць арган. растваральнікамі з воўны. Выкарыстоўваюць як аснову мазей і касметычных крэмаў (добра ўсмоктваецца і змякчае скуру).

т. 9, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РКАЎСКАЯ ПАРО́ДА коз малочнага кірунку. Выведзена ў Ніжагародскай вобл. працяглым адборам мясц. коз па малочнай прадукцыйнасці. Гадуюць у Расіі, на Беларусі — аматары.

Паводле целаскладу падобныя да коз зааненскай пароды. Жывая маса казлоў 50—60 (да 75 кг), матак 38—42 (да 50 кг). Масць пераважна белая. Воўна кароткая, восцевая, з пуховым падшэрсткам. Настрыг воўны 250 г. Сярэдняя малочнасць 500—600 кг, найб. 1200 кг. Лактацыя да 11 месяцаў. Тлустасць малака 4,5—5%. Пладавітасць 150—170%. Шкуру выкарыстоўваюць на скураныя вырабы.

т. 5, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́САВЫ АДБО́Р,

адбор раслін або жывёл па знешніх паказчыках (фенатыпе) без праверкі атрыманых у спадчыну ўласцівасцей (генатыпу). Выкарыстоўваецца ў жывёлагадоўлі, селекцыі і насенняводстве для адбору асобін з патрэбнымі якасцямі (напр., вял. настрыг воўны ў авечак, павышаная марозаўстойлівасць вінаграду). Поспех селекцыі М.а. дасягаецца павольна, але без яго скарыстання сарты і пароды ў працэсе вытв-сці хутка трацяць свае якасці. Эфектыўнасць залежыць ад каэфіцыента атрымання ў спадчыну адзнакі. Сарты і пароды нар. селекцыі (мясцовыя) ствараліся з дапамогай М.а. на працягу доўгага часу.

А.​І.​Ерашоў.

т. 10, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГЕ́РКА,

старадаўні мужчынскі галаўны ўбор, пашыраны на Беларусі ў 16—19 ст. Паводле спосабу вырабу былі лямцавыя (валеныя з воўны) і шытыя з 4 кавалкаў тоўстага валенага сукна. Лямцавыя М. мелі выгляд каўпака або ўсечанага конуса. Завернуты да палавіны вышыні аколыш шчыльна прылягаў да верху (паўдвайная М.) або даходзіў да самага донца (двайная М.). Рабілі М. выш. 15—20 см белага, шэрага, карычневага і чорнага колераў. Насілі круглы год.

М.​Ф.​Раманюк.

Селянін ў магерцы. Пач. 20 ст. Вёска Заходы Шклоўскага раёна Магілёўскай вобл.

т. 9, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНОЧНАКАЎКА́ЗСКАЯ ПАРО́ДА авечак.

Выведзена у 1944—61 у Стаўрапольскім краі скрыжаваннем матак стаўрапольскай пароды і бараноў лінкольн і ромні-марш. Паўтанкарунныя, мяса-воўнавага кірунку.

Жывёлы буйныя, грудзі і кумпякі шырокія, галава кароткая, шырокая, бязрогая. Маса бараноў да 115 кг, матак да 60 кг. Воўна аднародная, з раўнамернай пакручастасцю, даўж. 12—13 см. Настрыг з бараноў 9—13, з матак 5,8—6,5 кг, выхад чыстай воўны 55—58%. Плоднасць 130—140 ягнят на 100 матак. Гадуюць на Паўн. Каўказе, у Закаўказзі, цэнтр. абласцях Расіі, Казахстане.

А.​А.​Козыр.

Паўночнакаўказская парода авечак.

т. 12, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМБУЛЬЕ́,

група парод танкарунных авечак мяса-воўнавага кірунку. Упершыню выведзены ў Францыі ў 19 ст. ў мясцовасці Рамбуе каля Парыжа, дзе знаходзіўся дзярж. завод лепшых авечак гэтай пароды. У 1925 завезены ў СССР, выкарыстоўваліся для паляпшэння некат. мясц. і вывядзення новых мерыносавых парод — асканійскай пароды, савецкага мерыноса, сальскай пароды, стаўрапольскай пароды, і інш.

Жывёлы буйныя, добрага целаскладу, скараспелыя, з высокай воўнавай прадукцыйнасцю. Маса бараноў 80—90, авечак 50—60 кг. Воўна 64—70-й якасці, даўж. 6—7 см. Гадавы настрыг воўны з бараноў 8—10, з матак — 5—7 кг.

т. 13, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́МНІ-МА́РШЫТУ (англ. Romney Marsh),

парода паўтанкарунных даўгашэрсных авечак мяса-воўнавага кірунку. Выведзена ў Вялікабрытаніі ў 19 ст. скрыжаваннем мясц. парод з баранамі пароды лейстэр. Выкарыстоўвалі пры вывядзенні куйбышаўскай і паўночнакаўказскай пароды. Гадуюць у Вялікабрытаніі, Новай Зеландыі, Паўд. Амерыцы, Аўстраліі.

Жывёлы буйныя, моцнай канстытуцыі, бязрогія. Маса бараноў 90—130, матак 70—90 кг. Воўна белая, гадавы настрыг з бараноў 6—7, з авечак 3,5—5 кг. Выхад чыстай воўны 60—65%. Плоднасць 115—130 ягнят на 100 матак. Скараспелыя жывёлы. Мяса высокай якасці. Вынослівыя.

П.​Ф.​Драбышэўскі.

т. 13, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАЦЯНО́,

1) прылада для ручнога прадзення лёну, воўны, пянькі. У стараж. часы верацяном служыла драўляная крыху завостраная палачка, пазней — конусападобная даўж. 20—30 см з завостраным верхам і патоўшчаным нізам, на які для павелічэння вагі надзявалі прасліца.

2) Вярчальны стрыжань, на які надзяваюцца патрон, шпуля, катушка і інш.; асн. рабочы орган роўнічных, прадзільных, прадзільна-круцільных і круцільных машын. Прызначана для скручвання роўніцы, пражы, нітак і ўтварэння пакоўкі пэўнай формы і памераў. Бываюць кальцавыя, круцільныя, полыя і рагульчатыя.

Верацёны.
Верацяно для прадзення натуральных валокнаў: 1 — шпіндэль; 2 — ролікавы падшыпнік; 3 — утулка; 4 — падпятнік.

т. 4, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАХІНО́НАВЫЯ ФАРБАВА́ЛЬНІКІ,

клас арганічных фарбавальнікаў, вытворных антрахінону. Адметныя хім. устойлівасцю, яркасцю колеру, устойлівасцю да святла і мокрай апрацоўкі. Неабходны колер і адценне Антрахінонавыя фарбавальнікі атрымліваюць дзякуючы ўвядзенню ў будову антрахінону розных замяшчальнікаў. Падзяляюцца на пратраўныя фарбавальнікі (напр., алізарын), якія ўтвараюць на валакне ўстойлівыя нерастваральныя комплексы з іонамі алюмінію, хрому, жалеза; водарастваральныя кіслотныя фарбавальнікі (напр., антрацэн сіні) для воўны і шоўку; асноўныя фарбавальнікі, растваральныя ў вадзе для капрону, нейлону і нерастваральныя для ацэтатнага шоўку і поліэфірных валокнаў; кубавыя фарбавальнікі (напр., 1,5-дыамінаантрахінон). Выкарыстоўваюцца таксама для фарбавання каўчуку, гумы, мінер. масла, у паліграф. і лакафарбавай вытв-сці.

т. 1, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЦСЛАБАДСКІ БОЙ 1943,

баявая аперацыя партыз. фарміраванняў Беларусі, Літвы, Латвіі і Калінінскай вобл. Расіі па разгроме ням.-фаш. гарнізона 13 студз. ў нас. пункце Вецслабада ў Латвіі ў Вял. Айч. вайну. План аперацыі распрацаваны штабам Латышскага партыз. атрада, кіраўніцтва ёю ажыццяўляў штаб брыгады «За Савецкую Беларусь» (камандзір А.​В.​Раманаў). Удзельнічалі байцы трох бел. і Калінінскай брыгад, Латышскага і Літоўскага партыз. атрадаў. Партызаны разграмілі будынкі гарнізона, спалілі спісы грамадзян, якіх гітлераўцы збіраліся вывезці на прымусовую працу ў Германію, узарвалі складскія памяшканні, захапілі вял. колькасць збожжа, цукру, воўны, нарабаваных акупантамі ў насельніцтва для адпраўкі ў Германію. У выніку бою былі сарваны планы карных аперацый праціўніка супраць партызан.

т. 4, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)