КУРБЕ́КА (Іван Сцяпанавіч) (н. 10.11.1934, в. Серабрышча Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. паэт і літ.знавец. Скончыў БДУ (1958). З 1958 у Літ. музеі Я.Купалы, з 1964 у Літ.-мемарыяльным музеі Я.Коласа. Друкуецца з 1958. Выдаў зб. гумарыстычных вершаў «Абы здароўе» (1979), кн. лінгвістычных загадак (шарады, метаграмы, лагагрыфы, анаграмы) «Хітрыя літары» (1991), зб. «Руска-беларускія крыжасловы: Займальны дапаможнік для ўдасканалення мовы» (1993), альбомы «Янка Купала» (1965, 2-е выд. 1983), «Якуб Колас» (1967, 2-е выд. 1980, у сааўт.), «Якуб Колас: Жыццё і творчасць» (1974, у сааўт.). Складальнік зб. «Успаміны пра Якуба Коласа» (1982). Творы К. змешчаны таксама ў калект. зб-ках «Асцюкі за каўняром» (1989), «Вожык смяецца» (1992) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЯШО́ВА (Валянціна Аркадзеўна) (н. 27.1.1936, Мінск),
бел.літ.-знавец, перакладчыца. Дачка А.А.Куляшова. Скончыла Маскоўскі ун-т (1958). З 1960 жыла ў Балгарыі. У 1967—71 выкладала ў БДУ, працавала на Бел. тэлебачанні, у час. «Вожык». Літ. дзейнасць пачала ў 1961 як перакладчыца з балг. мовы. У бел. друку выступае з 1984. Піша на бел. і рус. мовах. Аўтар кн. пра бацьку «Лясному рэху праўду раскажу...» (1989). Складальнік зб. Куляшова «Маналог», яго «Выбраных твораў» (т. 1—2, абодва 1989), фотаальбома «Аркадзь Куляшоў» (1985), на балг. мове зб. «Беларускія апавяданні» (1968). Перакладае з балг. і польск. на бел. мову, з бел. на балг. і рус. мовы. Пераклала на рус. мову раман П.Вежынава «Вагі» (1983).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРШТЭ́ЙН (Юрый Барысавіч) (н. 15.9.1941, в. Андрэеўка Каменскага р-на Пензенскай вобл., Расія),
расійскі рэжысёр і мастак-мультыплікатар. Вучыўся на курсах пры кінастудыі «Саюзмультфільм», з 1961 мастак-мультыплікатар гэтай студыі. Творчасці характэрна сучасная трактоўка казачных матываў і персанажаў, метафарычнасць вобразаў, жывапіснасць выяўл. вырашэння. Сярод фільмаў: «25-е — першы дзень» (1968), «Сеча пры Кержанцы» (1971), «Ліса і заяц» (1973), «Чапля і жораў» (1974; 1-я прэмія Міжнар. кінафестывалю мультыплікацыйных фільмаў у г. Анесі, Францыя, і Міжнар. кінафестывалю дзіцячых фільмаў у Тэгеране; Гран-пры Міжнар. кінафестывалю ў г. Мельбурн, Аўстралія), «Вожык у тумане» (1975, Гран-пры Міжнар. кінафестывалю дзіцячых фільмаў у г. Хіхон, Іспанія), «Казка казак» (1980, Гран-пры Міжнар. кінафестывалю кароткаметражных фільмаў у г. Ліль, Францыя), «І зноў я» (1981), «Восень», «Шынель» (абодва 1982) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАБЕ́Й (Лідзія Львоўна) (н. 27.6.1925, в. Нізок Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменніца. Канд.філал.н. (1958). Скончыла БДУ (1951). Працавала ў рэдакцыях час. «Вожык», «Полымя», газ. «Чырвоная змена», выд-ве «Беларусь». Друкуецца з 1946. Аўтар манаграфій «Цётка (Алаіза Пашкевіч)» (1956) і «Хвядос Шынклер» (1959), твораў для дзяцей (зб. апавяданняў «Калібры», 1960, аповесць «Сіні бор», 1972; зб. апавяданняў і казак «Ісці ў разведку», 1989). Пра жыццё і творчасць Цёткі аповесці «На струнах буры» (1966) і «Стану песняй» (1977). Актуальныя праблемы сучаснасці ў аповесцях «Мера часу» (1962), «Экзамен» (1963), «Ваўчкі» (1972). Айч. вайна — гал. тэма аповесцяў «На другой зіме вайны» (1966) і «Сярод ночы» (1968), раманаў «Іскры ў папялішчы» (1969), «Сузор’е Вялікай Мядзведзіцы» (1980), зб. прозы «Мне трэба ехаць» (1974).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РАЗДА́ВІМ ФАШЫ́СЦКУЮ ГА́ДЗІНУ»,
сатырычнае выданне для насельніцтва і партызан Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Выходзіла з ліп. 1941 да мая 1945, спачатку на рус., з сак. 1942 на бел. мове; да сак. 1942 агітплакат, пазней газета-плакат, сатыр. часопіс ЦККП(б)Б. Выдавалася ў Гомелі, потым у прыфрантавой паласе і ў Маскве, пасля ў Навабеліцы (цяпер у межах Гомеля) і Мінску. Змяшчала фельетоны, памфлеты, сатыр. вершаваныя і празаічныя літ. творы, карыкатуры, якія высмейвалі акупантаў і іх памагатых, заклікалі да актыўнай барацьбы з ворагам. У выданні друкаваліся творы Я.Коласа, Я.Купалы, А.Астрэйкі, П.Броўкі, Я.Брыля, В.Віткі, К.Крапівы, М.Лужаніна, П.Панчанкі, М.Танка, М.Чавускага, К.Чорнага і інш. пісьменнікаў, малюнкі І.Ахрэмчыка, Л.Брадатага, В.Букатага, К.Елісеева і інш. мастакоў. Са жн. 1945 выходзіць як сатыр.-гумарыстычны час.«Вожык».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЛЕС (Рыгор Львовіч) (н. 23.4.1913, г. Чашнікі Віцебскай вобл.),
яўрэйскі і рус. пісьменнік. Скончыў Віцебскі пед. тэхнікум (1933), Мінскі пед.ін-т (1937). Працаваў у школах Слуцка, Навагрудка і Мінска, у газ. «Заря» (Брэст), «Зорька», час. «Вожык». Друкуецца з 1931. Піша на яўр. і рус. мовах. Аўтар. зб-каў вершаў «Пачатак» (1939), «Вершы» (1941), «Водгукі часу» (1974), аповесцей і апавяд. «Сябры і знаёмыя» (1963), «У родным кутку» (1972), «Праз цяжкі парог» (1976), «Пад ясным небам», «Не ружамі ўсланы твой шлях» (абодва 1983), «У краі светлых бяроз» (1997) і інш. У перакладзе на бел. мову выйшлі кнігі нарысаў і апавяд. «Запіскі майго калегі» (1960), вершаў «Бяроза пад акном» (1961), «З тых жа крыніц» (1993), «Аднаактовыя п’есы» (1964, з Х.Мальцінскім). На бел. мову яго вершы перакладалі Р.Барадулін, Ф.Баторын, А.Зарыцкі, апавяданні і п’есы — М.Татур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРХУ́ТА (Яраслаў Сільвестравіч) (8.3. 1930, в. Мілейкі Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 20.3.1996),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў БДУ (1949—52), скончыў Мінскую Вышэйшую парт. школу (1973). Працаваў у раённых, рэсп. газетах, на Бел. тэлебачанні, у час. «Вожык», «Родная прырода». Друкаваўся з 1946. Пісаў вершы і прозу. Асн. тэмы твораў — чалавек і прырода, прыгажосць роднай зямлі, каханне. Адметнасць прозы — лірызм, паэтычнасць (зб. «Ты пайшла ў сонца», 1973). Краязнаўчая тэматыка, эцюды пра родны край, яго славутых людзей у кн. «Жаваранак над полем» (1985), «Зямля бацькоў нашых» (Дзярж. прэмія Беларусі імя К.Каліноўскага 1992), «Пад высокім сонцам» (абедзве 1988), «Дарогамі надзеі і трывог» (1989), «Крыніца ёсць у родным краі...» (1992). Дасціпнасцю і займальнасцю адметныя кн. для дзяцей «Казка зялёнай дубровы» (1960), «Там, дзе жыве Юлька» (1978), «Перапёлачка» (1979). Гумарыстычныя і сатыр. апавяданні, гумарэскі, фельетоны ў кн. «Мудрая цялушка» (1976).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯНКРА́Т (Міхась) (Міхаіл Міхайлавіч; н. 28.8.1918, в. Карпілаўка Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Смілавіцкі паляводчы тэхнікум (1939). Працаваў у рэдакцыях рэсп. газет, у 1959—79 у час. «Вожык». Друкуецца з 1937. Першы зб. вершаў «Салаўіны бераг» (1956). Аўтар сатыр. і гумарыст. зб-каў «Палын і кветкі» (1958), «Не з таго канца» (1959), «Аўтарытэт на колах» (1968), «Любоў у квадраце» (1969) і інш., кніг нарысаў «Простыя людзі» (1957), «Шчасце маё» (1962). Аповесць «Буян» (1975) напісана з любоўю да людзей і прыроды. Аповесць «Ведрыцкія напевы» (1965) пра партыз. барацьбу супраць ням. фашыстаў. Праблемы сям’і, выхавання, узаемаадносін бацькоў і дзяцей у аповесці «Не астудзі сваё сэрца» (1989). Выдаў кніжкі для дзяцей «Два Ваські» (1974), «Двое ў лодцы» (1983).
Тв.:
Чэрвень: Гіст.-экан. нарыс. Мн., 1977;
Прынцыповы пасаг. Мн., 1978;
Спатканні і ростані. Мн., 1978;
Не астудзі сваё сэрца: Аповесць, апавяданні. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЁЎ (Павел Нічыпаравіч) (18.11.1912, в. Склімін Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 2.9.1995),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культ. Беларусі (1978). Скончыў Камуніст.ін-т журналістыкі імя Кірава (1936). З 1955 рэдактар час. «Вожык», у 1967—72 гал. рэдактар час. «Полымя». Друкаваўся з 1943. Звяртаўся да падзей вайны, актуальных тэм сучаснасці, узнімаў маральна-этычныя праблемы. Аўтар кніг апавяданняў «Прага бою» (1945), «У новы дзень» (1952), «Апавяданні» (1956), «Павер, кахаю...» (1969), «Судзі сябе сам» (1992), аповесці «Падзенне Хвядоса Струка» (1967), зб-каў гумару «Пісьмо ў два адрасы» (1959), «Як здароўе, доктар?» (1972), дакумент. аповесці «Дзень першы, ноч апошняя» (1980), аднаактовых п’ес, нарысаў. Пісаў для дзяцей: аповесці «Андрэйка» (1948), «Лёнька Гром» (1961), «Чырвоны лядок» (1969), зб-кі апавяданняў «Згублены дзённік» (1954), «Малы мужчына» (1966), «Жыві сабе, зайчык!» (1975), кн. «Намеснік бабулі» (1992) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РБАН (Уладзімір Іванавіч) (25.8.1910, г. Барань Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 30.11.1971),
бел. пісьменнік. Засл. дз. культ. Беларусі (1970). Працаваў на заводах у Барані, Ленінградзе, Лідзе, Оршы, у 1952—71 у час. «Вожык» (з 1967 гал. рэдактар). Друкаваўся з 1946. Аўтар баек, сатыр. і гумарыстычных вершаў, вершаваных фельетонаў (зб-кі «Мы іх ведаем», 1950; «Байкі», 1953; «З вецярком», 1957; «Свінні ў рэпе», 1968 і інш.), апавяданняў і гумарэсак (зб. «Да цешчы на бліны», 1963, і інш.), кніг для дзяцей («Янка і санкі», 1957; «Пра жывёл і пра звяроў», «Учора, сёння і заўжды», абедзве 1963; «Суседні двор», 1967, і інш.). Яго творы вылучаюцца актуальнасцю тэматыкі, сатыр. вастрынёй, маст. прастатой. Пераклаў на бел. мову паасобныя творы І.Крылова, Л.Украінкі, С.Алейніка, Т.Масэнкі і інш.