ЛО́ГАС (грэч. logos паняцце, слова, розум),

тэрмін ант. сярэдневяковай філасофіі, які азначае ўсеагульны закон прыроды, а таксама розум, унутр. паводзіны, думку. Геракліт лічыў, што ўсё адбываецца паводле Л., які вечны, усеагульны і неабходны. Ідэалісты (Г.​Гегель, В.​Віндэльбанд) атаясамлівалі логас Геракліта з усеагульным розумам. Платон і Арыстоцель разумелі Л. як закон быцця і як лагічны прынцып. У стоікаў тэрмінам «Л.» абазначаны закон фіз. і духоўнага свету. У хрысціянстве атаясамліваецца з 2-й асобай тройцы — Богам-сынам (Хрыстом). Ва ўсх. філасофіі паняццямі, аналагічнымі Л., з’яўляюцца дао і, у некаторым сэнсе, дхарма.

т. 9, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАНЕСЯ́Н (Эдгар Сяргеевіч) (н. 14.1.1930, Ерэван),

армянскі кампазітар. Нар. арт. СССР (1986). Вучань Р.​Егіязарана і А.​Хачатурана. У 1962—68 дырэктар Арм. т-ра оперы і балета. З 1986 праф. і рэктар Ерэванскай кансерваторыі. Дзярж. прэмія Арменіі 1967, Дзярж. прэмія СССР 1979.

Тв.:

Опера «Падарожжа ў Арзрум» паводле А.​С.​Пушкіна (1987), балеты «Мармар» (1957), «Блакітны накцюрн» (1964), «Вечны ідал» (1966), «Антуні» (1969), опера-балет «Давід Сасунскі» (1976);

вак.-сімф. творы;

3 сімфоніі, «Канцэрг-Барока» для сімф. арк. (1983);

фп. квінтэт, струнныя квартэты;

санаты;

хар. цыклы;

апрацоўкі арм. нар. песень, танцаў і інш.

т. 1, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў (Анатоль Сцяпанавіч) (н. 5.5.1928, г. Шэманаіха, Казахстан),

рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1984). Скончыў Казахскі ун-т (1950). З 1972 гал. рэдактар час. «Молодая гвардия» У вострасюжэтных раманах «Павіцель» (1958), «Цені знікаюць апоўдні» (1963), «Вечны кліч» (кн. 1—2, 1971—76; за сцэнарый аднайм. тэлефільма Дзярж прэмія СССР 1979) паказаны жыццё сібірскай вёскі, людскія лёсы, уцягнутыя ў вір складаных падзей на пераломе эпох. Аўтар аповесцей «Жыццё на грэшнай зямлі» (1971), «Варожасць» (1979), «Туга палёў», «Аповесць пра нязбыўнае каханне» (абедзве 1983), кн. эсэ «Жывая прыгажосць творчасці».

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—5. М. 1979—81.

С.​Ф.​Кузьміна.

т. 7, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́БЕРЭХТ ((Leberecht) Ганс Фрыдрыхавіч) (1.12.1910, г. С.-Пецярбург — 10.11.1960),

эстонскі пісьменнік. Вучыўся ў Ленінградскім вячэрнім літ. ун-це імя М.​Горкага (1935—37). Друкаваўся з 1930. Пісаў на эст. і рус. мовах. Аповесць «Святло ў Каордзі» (1948; Дзярж. прэмія СССР 1949) пра пасляваен. жыццё эст. вёскі. Аўтар раманаў «Капітаны» (1954), «Салдаты ідуць дадому» (1956), «Палацы Васараў» (1960), аповесцей «Вечны колер» (1936), «У адной хаце» (1957). На бел. мову асобныя творы Л. пераклаў Л.​Салавей.

Тв.:

Бел. пер. — Святло ў Каордзі. Мн., 1952;

Рус. пер. — Повести. М., 1953;

Солдаты идут домой. М., 1960;

Дворцы Вассаров. М. 1965.

т. 9, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОЛ, Голь (Goll) Іван

[сапр. Ланг (Lang) Ісаак; 29.3.1891, г. Сен-Дзье, Францыя — 14.3.1950],

нямецкі і французскі пісьменнік. Першы зб. вершаў «Панамскі канал» (1912) стаў буйной з’явай ням. экспрэсіянізму. З 1914 у Швейцарыі, дзе выдаў кнігі супраць вайны («Інтэрнацыянальныя элегіі», 1915, «Пекла», 1919, і інш.). З 1919 жыў у Францыі, стаў прыхільнікам сюррэалізму. Яго «звышдрамы», напісаныя ў гратэскна-футурыстычнай манеры («Мафусаіл, або Вечны буржуа», 1922, і інш.) прадугадалі сучасны тэатр абсурду. Аўтар трылогіі «Песні пра каханне» (1925—27, разам з жонкай К.​Гол), цыкла вершаў на ням. і франц. мовах «Песня пра Іаана Беззямельнага» (1934—44). У 1939—47 жыў у ЗША.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Сумерки человечества. М., 1990.

Г.​В.​Сініла.

т. 5, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́СІЛА (Lassila) Маю [сапр. Унтала Ціецявяйнен

(Untola Tietäväinen) Алгат; 28.11.1868, Тохмаярві, Карэлія — 21.5.1918], фінскі пісьменнік. Скончыў настаўніцкую семінарыю ў Сортавала. У 1898—1904 жыў у Пецярбургу. У аўтабіягр. раманах «Хархама» і «Мартва» (абодва 1909) элементы рэалізму пераплятаюцца з містыкай. Вядомасць прынеслі сатыр.-гумарыстычныя аповесці «Па запалкі» (1910, аднайм. сав.-фін. кінафільм 1980, рэж. Л.​Гайдай),

«Бацька і сын» (1914), «Ад вялікага розуму» (1915), «Басяк з таго свету» (1916), п’есы «Калі любяць удаўцы» (1911), «Малады млынар» (1912), «Вечны рухавік» (апубл. 1962). На бел. мову асобныя яго творы пераклалі У.​Арлоў, Я.​Лапатка.

Тв.:

Бел. пер. — Басяк з таго свету. Ад вялікага розуму. Мн., 1990;

Рус. пер. — За спичками: Повести. Петрозаводск, 1988.

Л.​П.​Баршчэўскі.

т. 9, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СВЯШЧЭ́ННАЯ ЛІ́ГА» 1684—98, саюз Аўстрыі, Рэчы Паспалітай, Венецыі, некаторых германскіх княстваў, пры актыўным удзеле рым. курыі, накіраваны супраць Турцыі. У 1686 да «С.л.» далучылася Расія, якая перад тым заключыла «Вечны мір» 1686 з Рэччу Паспалітай з умовай сумесных дзеянняў супраць Турцыі і Крыма. Выконваючы саюзніцкія абавязацельствы, Расія здзейсніла паходы сваёй арміі ў 1687 і 1689 супраць Крымскага ханства і ў 1695 і 1696 на Азоў, чым адцягнула значную частку тур. сіл з інш. напрамкаў дзеянняў супраць войск лігі. Аднак саюзнікі, баючыся ўзмацнення Расіі на ўзбярэжжы Чорнага м. і выхаду яе ў паўд. моры, не былі зацікаўлены ў моцы «С.л.». Таму яна, насуперак пажаданням Расіі, канчаткова распалася ў ходзе Карлавіцкага кангрэса 1698—99.

т. 14, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКО́БЛА (Міхась) (Міхаіл Уладзіміравіч; н. 23.11.1966, в. Паляжын Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1991). З 1991 нам. гал. рэдактара час. «Роднае слова», з 1995 у Мін-ве культуры і друку, з 1997 у час. «Бярозка», з 1999 у выд-ве «Беларускі кнігазбор». Друкуецца з 1984. У кн. паэзіі «Вечны Зніч» (1990), «Вочы Савы» (1994) імкненне паяднаць мінулае і сучаснае, трывожныя матывы за лёс бацькоўскай зямлі. У зб. «Нашэсце Поўні» (2001) метафарычнае асэнсаванне рэчаіснасці. У кн. «Дзярэчынскі дыярыюш» (1999) гіст. нарыс пра в. Дзярэчын, артыкулы і эсэ пра бел. пісьменнікаў. Аўтар зб. літ. пародый «Розгі ў розніцу» (1993), кн. для дзяцей «Камень-перунок» (1998) і інш.

т. 14, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІСКАРО́ЎСКІЯ МО́ГІЛКІ ў Санкт-Пецярбургу,

мемарыяльныя могілкі; месца масавых пахаванняў ленінградцаў, што памерлі ў час блакады горада 1941—42 (каля 470 тыс. чал.), і ўдзельнікаў абароны горада ў Вял. Айч. вайну. Знаходзяцца ў паўн.-ўсх. частцы горада (на Выбаргскім баку). У 1956—60 на могілках узведзены арх.-скульпт. мемар. ансамбль (арх. А.​Васільеў, Я.​Левінсон, скульпт. В.​Ісаева, Р.​Таўрыт, М.​Вайнман, Б.​Каплянскі, А.​Малахін, М.​Харламава). Яго кампазіцыйны цэнтр — бронзавая скульптура, што сімвалізуе Радзіму-маці. На фрызах і цэнтр. стэле змешчаны вершы В.​Бергольц і М.​Дудзіна. Каля ўвахода на П.м. 2 павільёны з музейнай экспазіцыяй, побач Вечны агонь. П.м. — месца ўрачыста-жалобных цырымоній. Уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Літ.:

Петров Г.Ф. Пискаревское кладбище. Л., 1971.

т. 12, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭУ́ЛІНСКАЕ ПЕРАМІ́Р’Е 1618.

Заключана 1 снеж. ў в. Дэуліна (цяпер г. Сергіеў Пасад Маскоўскай вобл.) тэрмінам на 14,5 года; спыніла вайну Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. Прадугледжвала перадачу Расіяй (з рас. боку дэлегацыю ўзначальваў баярын Ф.​І.​Шарамецеў, ВКЛ і Польшчу прадстаўлялі А.​Навадворскі, Л.​Сапега, Я.​Гансеўскі) у склад ВКЛ смаленскіх зямель (акрамя Вязьмы), а ноўгарад-северскіх і чарнігаўскіх зямель з 29 гарадамі Польскаму каралеўству, абмен палоннымі (у ходзе абмену ў Маскву вярнуўся з палону і бацька цара М.​Ф.​Раманава патрыярх Філарэт) і інш. Нявырашаным засталося пытанне аб захаванні польск. каралевічам Уладзіславам тытула «цара маскоўскага і ўсяе Расіі». Умовы і вынікі Д.п. ліквідаваны пасля войнаў Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 і 1654—67 (гл. Андросаўскае перамір’е 1667, «Вечны мір» 1686).

т. 6, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)