БУ́ЛАХАЎ (Міхаіл Гапеевіч) (н. 22.7.1919, в. Маслакі Горацкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. мовазнавец. Засл. дз. нав. Беларусі (1971). Д-р філал. н. (1966), праф. (1967). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1940). У 1965—90 у БДУ, Мінскім пед. ін-це, адказны рэдактар час. «Веснік БДУ. Сер. 4. Філалогія. Журналістыка. Педагогіка. Псіхалогія». Даследуе праблемы сучаснай бел. мовы, гісторыю бел. мовы і яе ўзаемадзеянне з інш. слав. мовамі. Аўтар манаграфіі «Развіццё беларускай літаратурнай мовы ў XIX—XX стст. ва ўзаемаадносінах з іншымі славянскімі мовамі» (1958), «Прыметнік у беларускай мове» (трохтомнага даследавання 1964), «Гісторыя прыметнікаў беларускай мовы XIV—XVII стагоддзяў. Ч. 2. Сінтаксічны нарыс» (1971), «Гісторыя прыметнікаў беларускай мовы. Ч. 3. Лексікалагічны нарыс» (1973); кн. «Я.Ф.Карскі» (1981), біябібліягр. слоўніка «Усходнеславянскія мовазнаўцы» (т. 1—3, 1976—78) і энцыклапедычнага слоўніка «Слова аб палку Ігаравым» у літаратуры, мастацтве, навуцы» (1989).

т. 3, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДЗЯННІ́ЦА»,

грамадска-паліт. і літ. газета. Выдавалася з 1.3.1918 у Петраградзе, з 6.4.1918 да 24.2.1919 у Маскве штотыднёва на бел. мове. Орган Беларускага нацыянальнага камісарыята (Белнацкома); з 3.12.1918 выходзіла як веснік Белнацкома і Маскоўскай бел. секцыі РКП(б). Асвятляла дзейнасць Белнацкома і яго аддзяленняў у Петраградзе, Смаленску і Віцебску. Беларускага навукова-культурнага таварыства ў Маскве. бел. згуртаванняў і ўстаноў у Расіі. Змяшчала інфарм. матэрыялы пра падзеі ў Расіі, эканам. становішча бел. народа на акупіраванай тэрыторыі. дакументы пра дзейнасць урада БНР. артыкулы па праблемах нац. адраджэння, прапагандавала ідэі саюза БССР і РСФСР. умацавання сав. улады. З паліт. публікацыямі выступалі Ц.Гартны, І.Дварчанін і інш. Змяшчала маст. творы Я.Коласа, Гартнага, М. і Г.Гарэцкіх, Я.Дылы, Дварчаніна, Я.Нёманскага і інш. Выйшла 49 нумароў.

Літ.:

Александровіч С.Х. Першая беларуская савецкая // Александровіч С.Х. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968.

С.В.Говін.

т. 6, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗДАНО́ВІЧ (Аляксандр) (26.2.1805, в. Белькавічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 29.5.1868),

бел. гісторык, пісьменнік, педагог. Бацька І.А.Здановіча. Скончыў Віленскі ун-т. Канд. філасофіі (1831). Ў 1834—63 выкладчык лац. мовы і гісторыі Віленскага шляхецкага ін-та, выкладчык гісторыі Віленскай духоўнай семінарыі. Аўтар падручнікаў «Храналагічна-гістарычны нарыс сучасных дзяржаў ад V веку да нашых дзён» (1844), «Нарыс усеагульнай гісторыі для дзяцей» (1861) і інш. Пераклаў з рус. мовы на польскую падручнікі «Гісторыя сярэдніх вякоў» (1845), «Гісторыя новага часу» (1846). Аўтар «Нарыса польскай гісторыі для дзяцей» (1857), у якім выклаў свае погляды на гісторыю Беларусі, Літвы і Польшчы, «Нарыса гісторыі польскай літаратуры» (т. 1—5, 1874—78), «Дзённіка» (нап. 1849—59). Чл. Віленскай Археалагічнай камісіі, уваходзіў у склад рэдакцыі газ. «Kurier Wileński» («Віленскі веснік»).

Літ.:

Kościałkowski S. Aleksander Zdanowicz (1805—1868): Zarys biograficzny. Wilno, 1918.

В.Ф.Шалькевіч.

т. 7, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НТРЫМ (Казімір) (1776, пас. Багданаў Валожынскага р-на Мінскай вобл. — 11.6.1836),

эканаміст, публіцыст. Удзельнік паўстання 1794. Пазбегшы рэпрэсій, працаваў нам. бібліятэкара, ад’юнктам Віленскага ун-та. У 1815—18 рэдактар час. «Dziennik Wileński» («Віленскі веснік»), у 1820—22 гал. рэдактар час. «Dzieje Dobroczynności krajowej i zagranicznej z wiadomościami ku wydoskonaleniu jej służącymi» («Хроніка айчыннай і замежнай філантрапічнай дзейнасці са звесткамі па яе ўдасканаленню»). Адзін з заснавальнікаў літ.-грамадскага т-ва шубраўцаў (напісаў кодэкс т-ва), у 1817—22 выдаваў яго орган «Wiadomości brukowe» («Вулічныя навіны»). У 1824 пасля суд. працэсу над філаматамі высланы з Вільні. У 1829—30 чыноўнік Польскага банка ў Варшаве, рэдагаваў час. «Biblioteka handlowa» («Гандлёвая бібліятэка») і газ. «Wiadomości handlowe» («Гандлёвыя навіны»). Даследаваў Палессе. Вынікам падарожжа стала апісанне Палесся, выдадзенае ў 1829 (у 1839 перавыдаў Э.Рачынскі), у якім ёсць звесткі пра насельніцтва, флору, фауну, прам-сць, сельскую гаспадарку, суднаходства і інш.

А.А.Семянчук.

т. 8, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВИ́ЛЕНСКИЙ ВЕ́СТНИК»

(«Kurier Wileński»),

палітычная і літаратурная газета Паўн.-Зах. краю. Выдавалася з 1841 да 1915 у Вільні (з кастр. 1915 да 1916 у Гомелі) на польскай і рускай, з 1865 на рус. мове. Замяніла газ. «Kurier Litewski» («Літоўскі веснік»). Рэдактары Э.І.Адынец, А.К.Кіркор, П.Р.Бывалькевіч і інш. Напачатку мела паланафільскі кірунак, пасля задушэння паўстання 1863—64 стала прапагандаваць рускамоўную школу, правасл. царкву і інш.

Пэўную папулярнасць газета мела ў 1860—65, калі яе рэдагаваў Кіркор; змяшчала матэрыялы па бел. этнаграфіі, гісторыі, л-ры; друкавала навук. працы і літ. творы В.І.Дуніна-Марцінкевіча, У.Сыракомлі, А.І.Вярыгі-Дарэўскага, Я.Ф.Карскага, М.В.Доўнар-Запольскага і інш. У 1870—90 асвятляла пытанні культуры і быту, пісала аб забавах віленскай знаці, заезджых знакамітасцях, зрэдку пра эканам. і паліт. жыццё Расіі і замежжа. Бел. праблемы газету мала цікавілі. Мела дадаткі: «Сельское чтение. Еженедельный народный журнал» (1877—78), «Виленский вестник. Телеграммы и вести о войне» (1904; 1914), «Виленский вестник. Еженедельное иллюстрированное приложение» (1905), «Вечерний Виленский вестник» (1915).

С.В.Говін.

т. 4, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЦІНО́ЎСКІ (Антон) (10.7.1781, г.п. Радашковічы Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 3.1.1855),

выдавец, публіцыст. Скончыў Мінскую гімназію, Віленскі ун-т (1807). Адзін з арганізатараў і актыўны член т-ва шубраўцаў, Віленскага друкарскага т-ва (1818—22). У 1816—22 рэдактар сатыр. час. «Wiadomości brukowe» («Вулічныя навіны»), у 1817—39 рэдактар-выдавец газ. «Kurier Litewski» («Літоўскі веснік»), у 1819—30 — першага на Беларусі і ў Літве навук.-літ. час. «Dziennik Wileński» («Віленскі дзённік»). У 1817 заснаваў у Вільні друкарню, дзе выдаў каля 400 назваў кніг па розных галінах ведаў, у т. л. «Летапісец Літвы і руская хроніка» ў апрацоўцы І.Даніловіча (1827), «Гісторыю літоўскага народа» Т.Нарбута (т. 1—9, 1835—41), творы І.Красіцкага, Ф.Князьніна, І.Легатовіча і інш. Аўтар прац па педагогіцы, антыпрыгонніцкай сатыры «Машына для біцця хлопаў» (пад псеўд. Патэлё, 1817), мемуараў (зберагаліся ў Р.Зямкевіча, загінулі ў 2-ю сусв. вайну). Адзін са складальнікаў «Збору старажытных грамат і актаў гарадоў: Вільні, Коўна, Трок...» (ч. 1—2, 1843). Мяркуюць, што ў 1812 пісаў на бел. мове адозвы да сялян супраць памешчыкаў.

Г.В.Кісялёў, А.В.Мальдзіс.

т. 10, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАЯ ДРУКА́РНЯ, Гродзенская каралеўская друкарня,

адно з найбуйнейшых выдавецтваў на Беларусі ў канцы 18 ст. Існавала ў Гродне ў 1775—96(?). Створана на аснове друкарні Віленскай езуіцкай акадэміі, перавезенай у 1775 у Гродна падскарбіем літоўскім А.Тызенгаўзам пасля скасавання ордэна езуітаў. У Гродзенскай друкарні працавала каля 30 чалавек, была ўласная майстэрня для адліўкі літар. Выдала каля 100 кніг навуковай, рэліг., маст. л-ры на польск., лац., царкоўнаслав., франц., ням., яўр. мовах. Друкавала матэрыялы сесій сейма Рэчы Паспалітай і Трыбунала ВКЛ. Выданні вызначаліся высокай якасцю друку, маст. афармлення, паперы (завозілася пераважна з Прусіі). Спыніла дзейнасць у сярэдзіне 1790-х г., абсталяванне перададзена Віленскай каталіцкай епархіі.

У Гродзенскай друкарні выдадзены «Кароткі збор карфагенскай і егіпецкай гісторыі» Г.Барэцкага (1776), «Флора Літвы» Ж.Э.Жылібера (1781), творы Вальтэра, Мальера, Ф.Карпінскага, І.Красіцкага, М.Карповіча і інш. У 1776—83(?) тут друкаваўся штотыднёвік «Gazeta Grodzieńska » («Гродзенская газета»), у 1796 — «Kurier Litewski» («Літоўскі веснік»).

Літ.:

Голенченко Г.Я. Библиографический список белорусских старопечатных изданий XVI—XVIII вв. Мн., 1961;

Кніга Беларусі, 1517—1917: Зводны кат. Мн., 1986;

Мальдзіс А.І. Кнігадрукаванне Беларусі ў XVIII ст. // Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии. Мн., 1974.

С.В.Казуля.

т. 5, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ШАК ((Hašek) Яраслаў) (30.4.1883, Прага — 3.1.1923),

чэшскі пісьменнік, журналіст. Скончыў гандл. акадэмію (1902). Шмат вандраваў па свеце, абышоў пешкі землі Аўстра-Венгрыі, краіны Паўд.-Усх. Еўропы. У 1904—08 прыхільнік анархісцка-радыкалісцкага руху. У 1915 мабілізаваны ў аўстр. армію, неўзабаве здаўся ў рус. палон. Працаваў у газ. чэш. легіянераў «Čechoslovan» («Чэхаславан», Кіеў). У 1918 уступіў у Чырв. Армію. У канцы 1920 вярнуўся ў Прагу. Друкаваўся з 1900 (падарожныя нататкі, гумарыст. апавяданні, фельетоны). Вяршыня творчасці — раман «Прыгоды ўдалага ваякі Швейка ў сусветную вайну» [1921—23, незавершаны; бел. пер. (ч. 1—4, 1931—32) М.Зарэцкага, К.Крапівы, М.Лужаніна, К.Вашыны (Л.Калюгі)], у якім з дапамогай прыёму «ad absurdum» выкрыў бязглуздзіцу ўсіх інстытутаў манархіі, бюракратызм дзяржапарата, прадажнасць чыноўніцтва, бездапаможнасць састарэлага імператара і ўсёй сістэмы ўлады. Гратэск, зніжэнне высокага, гумарыстычная самаіронія, прыёмы смехавай культуры і знакамітай «пражскай іроніі» ўплецены ў багатую палітру твора. Працяг рамана Гашака напісаны фельетаністам К.Ванакам. На бел. мову яго пераклалі Т.Кляшторны, З.Астапенка, К.Чорны (ч. 5—6, 1931—32), асобныя апавяданні — Л.Баршчэўскі, Л.Каўрус, В.Крайко, А.Мажэйка, П.Марціновіч і інш.

Тв.:

Бел. Пер. — Цвёрдая скура. Мн., 1931;

Госць у хату: Апавяданні. Мн., 1984;

Прыгоды бравага салдата Швейка ў сусветнай вайне: [Урывак з рамана) // Крыніца. 1995. № 6;

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—6. М., 1983—85.

Літ.:

Шубин Г. Я.Гашек. М., 1982;

Шабловская И.В. Автор. История. Роман («Похождения бравого солдата Швейка» Я.Гашека) // Веснік БДУ. Сер. 4. 1984. № 1.

І.В.Шаблоўская.

т. 5, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЯ АБЛАСНА́Я БІБЛІЯТЭ́КА А.С.Пушкіна.

Засн. ў 1899 у Мінску ў сувязі са 100-годдзем з дня нараджэння А.С.Пушкіна. Адкрыта 25.12.1900. Ў 1909 ганаровым членам б-кі выбраны Л.М.Талстой. У 1938 атрымала статус абласной. У 1941 мела. 150 тыс. экз. кніг. У Вял. Айч. вайну разрабавана ням. фашыстамі, у 1944 адноўлена. На 1.1.1999 мае: 12 аддзелаў, 4 сектары, 2 актавыя залы, 6 чытальных, разлічаных на 650 чытачоў (агульная, перыяд. выданняў, л-ры па мастацтве, бел. і краязнаўчай л-ры, тэхн. і с.-г. л-ры, замежнай л-ры), а таксама філіял — дзіцячую б-ку імя Я.Маўра; універсальны фонд складае 713 тыс. экз., у т. л. кніг, нот, карт, 710 назваў перыяд. выданняў, выяўл. матэрыялаў, аўдыёвізуальных дакументаў і інш.; больш за 50 тыс. чытачоў. З 1993 дзейнічае электронны каталог. Сярод рэдкіх выданняў камплекты часопісаў «Исторический вестник», «Современник», «Русская мысль», прыжыццёвыя поўныя зборы твораў А.С.Пушкіна, В.А.Жукоўскага, С.М.Салаўёва і інш. Выпускае штоквартальна інфарм. зб. «Бібліятэчны веснік». Супрацоўнічае з культ. цэнтрамі замежных краін на Беларусі. Пры б-цы адкрыта франка-бел. зала інфармацыі, сумесна з ін-там Гётэ (ФРГ) праводзяцца дні ням. культуры, створаны клуб «Кніга і мы». З 1999 працуе Пушкінскі інфарм.-асв. цэнтр, фарміруецца база даных «Пушкініяна», фонд аўдыёвізуальных дакументаў, ствараецца зводны каталог дарэв. выданняў і публікацый Пушкіна і л-ры пра яго. Сумесна з Нац. навук.-асв. цэнтрам імя Ф.Скарыны падрыхтаваны зб. «А.С.Пушкін і Беларусь» (1999).

Н.С.Чуева.

т. 10, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ХАН (Дарафей Дарафеевіч) (4.2.1878, Мінск — 1942),

рускі паэт, празаік, перакладчык, публіцыст, крытык. Вучыўся ў Полацкім кадэцкім корпусе і Канстанцінаўскім ваен. вучылішчы ў Пецярбургу. Служыў у арміі, артылерыйскі штабс-капітан. З канца 1890-х г. журналіст у Мінску. Супрацоўнік газ. «Минский листок», «Северо-Западный край», «Голос провинции» (у 1907 яе рэдактар), «Минские ведомости» і інш. У 1907 асуджаны за змяшчэнне ў «Голосе провинции» антыўрадавых матэрыялаў. У 1919 супрацоўнік Наркамасветы БССР. У 1920—30-я г. ў розных рус. арг-цыях у Вільні. Чытаў лекцыі па бел. л-ры. У час Вял. Айч. вайны трапіў у армію Андэрса. Памёр за мяжою. У вершах услаўляў барацьбітоў за волю, падчас рэакцыі выяўляў настроі песімізму. Пісаў гіст. паэмы («Князь Глеб Усяславіч», 1899), паэмы паводле бел. нар. паданняў («Вір», 1898; «Два браты», 1899; «Вадзянік», «Помста шынкара», 1900), апавяданні, нарысы, фельетоны. У рэцэнзіях, публіцыст. і літ.-крытычных артыкулах выступаў супраць натуралізму і дэкадэнцтва, адстойваў рэалізм. Збіраў і апрацоўваў мясц. паданні («Вока Хрыстова: Мінскае паданне», 1898; «Мінскія паданні і легенды», 1901). Пераклаў на рус. мову «Слова пра паход Ігаравы» (пад назваю «Ігар, князь Северскі», 1897), творы польск. паэтаў (зб. «З польскай паэзіі», 1906).

Літ.:

Бас І. Літаратуразнаўчыя эцюды. Мн., 1977;

Яго ж. Справа аб Дарафею Бохану // Маладосць. 1976. № 8;

Зарэмба Л.І. Новыя звесткі пра літаратурную дзейнасць Д.Д.Бохана // Веснік БДУ. Сер. 4. 1993. № 3;

Zienkiewicz T. Dorofiej Bochan — tłumacz literatury polskiej na język rosyjski i krytyk // Polsko-wschodniosłowiańskie powiązania kulturowe, literackie i językowe 1. Literatura i kultura. Olsztyn, 1994.

І.У.Саламевіч.

т. 3, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)