ДАКРЫЯАДЭНІ́Т (ад грэч. dakryon сляза + адэн... + ...іт),
запаленне слёзнай залозы вока. Бывае востры і хранічны. Востры Д. найчасцей інфекц. паходжання Прыкметы: ацёк, боль, пачырваненне кан’юнктывы вонкавай часткі верхняга павека, можа павышацца тэмпература цела. Лячэнне тэрапеўтычнае. Хранічны Д. узнікае на фоне некат. хвароб (туберкулёз, сіфіліс, хвароба Мікуліча і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЛУ́ЖЖА,
комплекс паселішчаў каменнага і бронзавага вякоў каля в. Падлужжа Чачэрскага р-на Гомельскай вобл. Адносяцца да эпохі верхняга палеаліту, верхнедняпроўскай культуры (5—3-е тыс. да н.э.) і сосніцкай культуры (1,5—1-е тыс. да н.э). Знойдзены наканечнікі коп’яў, разцы, ножападобныя пласціны, скрэблы, нуклеусы, адшчэпы, фрагменты ляпнога посуду і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІЯ ГАРАДСКІ́Я ЎМАЦАВА́ННІ,
існавалі ў 11—17 ст. Абарончыя збудаванні мелі ўсе асн. раёны стараж.Полацка: Полацкі Верхні замак, Полацкі Ніжні замак, Вял. і Запалоцкі пасады. Паводле летапісных звестак, яны былі зроблены з дрэва. «Сага аб Цідрыку Бернскім» (запіс адносіцца да 13 ст.) паведамляе пра наяўнасць у Полацку мураваных умацаванняў. Больш падрабязныя звесткі ёсць у дакументах 15—17 ст. ’Паводле іх, у 1552 на Верхнім замку былі драўляныя сцены-гародні. Уздоўж сцен па перыметры замка стаялі вежы: Вусцейская, Асвейская, Міхайлаўская, Багародзіцкая, Сафейская і 4 безыменныя. У 17 ст., пасля ўмацавання замка, вежы перабудаваны, некат. пастаўлены ў інш. месцах. Паводле дакумента 1654, было 10 вежаў: Чырвоная (раней Каралеўская), Праезная, Гуська, Раждзественская (новая), Бык (раней Вежа-фортка), Новая (Усць-Палаты), Бык (раней Ваяводзіцкая), Машна (новая), Бык (раней Брусяная), Баярская (старая) і 2 брамы — праезная і фортка. Магчыма, што вежа Чырвоная была мураваная. Умацаванні Вял. пасада вядомы з 11 ст. У 16—17 ст. яны былі аналагічныя фартыфікацыі Верхняга замка. Абарончая сцяна пачыналася ад Варварынскай вадзяной вежы Верхняга замка, якая стаяла на беразе Зах. Дзвіны, цягнулася ўздоўж правага берага прыблізна на 1,5 км уверх па цячэнні ракі да крайняй Міронаўскай вежы, тут паварочвала на Пн, ўздоўж глыбокага рова да р. Палата. Былі вежы: Ложная (праезная), Ільінская, Скарбная, Невельская і Навугольная (вуглавая паўн.-ўсх.). Ад апошняй сцяна ішла па левым беразе р.Палата на З да Кабыльчынай вежы (побач з сучасным Чырвоным мостам). Далей стаяла вежа-фортка, а за ёй, уздоўж левага берага Палаты да Верхняга замка, — сцяна без вежаў. На Ніжнім замку ў 17 ст. вежы і сцены заменены «тынам стаячым». Абарончыя збудаванні Запалоцця вядомы з 12 ст. У 16 ст. яны былі аналагічныя ўмацаванням Верхняга замка і Вял. пасада. Аднак тут адсутнічалі валы, а замест зрубаў-гародняў быў падвойны «стаячы тын». Археал. даследаванні П.г.у. праводзілі В.А.Булкін (1979), С.В.Тарасаў (1986—89). Матэрыялы раскопак захоўваюцца ў Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку.
Літ.:
Гл. пры арт.Полацкі Верхні замак, Полацкі Ніжні замак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА, іберамаўрская культура,
археалагічная культура плямёнаў канца верхняга палеаліту, якія 12—10 тыс.г. таму назад насялялі ўзбярэжныя раёны Марока, Алжыра і Туніса. Назва ад стаянкі каля г. Аран (Алжыр). Для аранскай культуры характэрны крамянёвыя пласціны з прытупленым краем і прылады з адшчэпаў, сустракаюцца касцяныя шылы, долаты, каменныя падвескі, прасвідраваныя ракавіны і інш. вырабы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОРД (ад франц. corde вяроўка, шнур),
1) кручаная трывалая нітка з хім. (часам баваўняных) валокнаў. Выкарыстоўваецца пры вырабе аўтамаб., авіяц. і інш. пакрышак, прагумаваных тэкстыльных вырабаў.
2) Шарсцяная тканіна асаблівай будовы, якая стварае на вонкавай паверхні падоўжныя рубчыкі шырынёй каля 3—8 мм. Выкарыстоўваецца для абіўкі сядзенняў аўтамабіляў, пашыву верхняга адзення і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛОКААПРАЦО́ЎЧЫ АГРЭГА́Т,
паліграфічная машына; шматаперацыйны аўтамат канвеернага тыпу для комплекснай апрацоўкі кніжных блокаў, якія паслядоўна перасоўваюцца па рабочых пазіцыях. У залежнасці ад канструкцыі і камплектацыі выконваюць заклейку карашкоў, сушку, трохбаковую абрэзку блокаў, зафарбоўку іх верхняга абрэза, кругленне карашкоў, прыклейку марлі, капталаў і паперкі.
Схема блокаапрацоўчага агрэгата: С — тэхналагічныя секцыі; ГТ — галоўны транспарцёр; ПВУ — прыёмнавывадное ўстройства; ЗУ — загрузачнае ўстройства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГНІ́ШЧА,
прыстасаванне, дзе ў старажытнасці распальвалі і зберагалі агонь, які служыў чалавеку для абагравання, прыгатавання ежы і абароны ад дзікіх звяроў. Рэшткі першых агнішчаў знойдзены на стаянках пітэкантрапа ва Усх. Афрыцы (больш за 1 млн.г. таму назад) і сінантрапа ў Кітаі (каля 300 тыс.г. назад). На Беларусі найб. старажытныя агнішчы вядомы з эпохі верхняга палеаліту (Бердыж, Юравічы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́МБУРГСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура канца верхняга палеаліту (каля 11 тыс.г. да н.э.) на тэр.паўн. Германіі і Нідэрландаў. Насельніцтва ў асноўным займалася паляваннем на паўн. аленяў, што ішлі з Пд за адступаючым ледавіком, мела жытлы — круглыя і авальныя палаткі. Тыповымі прыладамі былі невял. крамянёвыя наканечнікі з бакавой выемкай, разцы з рога аленя з крамянёвымі ўкладышамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕБ,
у егіпецкай міфалогіі бог зямлі. Уяўлялі яго чалавекам з каронай Ніжняга ці Верхняга Егіпта на галаве. Паводле міфа, Геб пасварыўся з жонкай Нут (небам) з-за таго, што тая штодзённа ела сваіх дзяцей — нябесныя свяцілы, а пасля зноў нараджала іх. Бог паветра Шу раз’яднаў мужа і жонку, Геба ён пакінуў унізе, а Нут узняў уверх.