МАНАРЫ́М (франц. monorime ад мана... + rime рыфма),
верш, радкі якога яднаюцца адной рыфмай — манарыфмай. Пашыраны пераважна ва ўсх. паэзіі. Ва ўсх.-слав. паэзіі найб. вядомы як сатыр, і гумарыст. верш («Чаго баіцца немец?» П.Панчанкі, «Лірычны жарт» С.Ліхадзіеўскага), сустракаецца і як лірычны («Лясок» М.Танка). М. — часам асобная частка буйнога твора, напр., даволі рэдкім відам М. (з рэдыфам) пачынаецца «Паэма мора» А.Вярцінскага:
Што будзем рабіць з табой, мая змора?
Да мора!
Адкуль жураўліная гэта пакора?
Да мора!
Душа захацела марскога прастору...
Да мора!
Лета прайшло, а другое не скора
Да мора!
Сябры і сям’яне, не трэба дакору!
Да мора!
Як быццам там іншыя шчасце і гора...
Да мора!
В.П.Рагойша.
т. 10, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОШ-ХАША́НА,
іудзейскае свята Новага года. У залежнасці ад штогодняга цыкла Месяца адзначаецца ў пач. верасня або ў пач. кастрычніка. У Бібліі названы «днём трубнага гуку». Магчыма, быў звязаны са святам Месяца, які адзначаўся гукамі труб, што быццам бы адганялі злых духаў. У 1-ы дзень свята іудзеі ідуць да вады (возера, рака і інш.) і сімвалічна кідаюць свае грахі ў ваду, выварочваюць кішэні (т.зв. ташліх). На 2-і дзень у сінагогах праводзяцца асаблівыя богаслужэнні і трубяць у бараноў рог (шофар) для закліку да пакаяння. Кульмінацыя абраду — 10-ы дзень Новага года Іом-Кіпур. Дарослыя іудзеі ў гэты дзень не ядуць і не п’юць, праводзяць яго ў роздуме і малітвах; Бог выносіць прысуд усяму жывому і запісвае ў асобныя кнігі, што чакае кожнага ў наступным годзе залежна ад таго, як пражыў гэты год.
т. 13, с. 414
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЛУ́ЧНІК,
службовае слова ці спалучэнне слоў, якое злучае члены сказа, часткі складанага сказа ці цэлыя сказы; не мае самаст. лексічнага значэння.
У сучаснай бел. мове паводле марфалаг. складу З. падзяляюцца на простыя (невытворныя «а», «і», «ды», «бо», «ці», вытворныя «што», «толькі», «бо», «аж», «дый») і састаўныя («таму што», «як быццам», «для таго каб»); паводле сінтакс. функцыі — на злучальныя (звязваюць раўнапраўныя сінтакс. адзінкі) і падпарадкавальныя (звязваюць сінтакс. адзінкі, з якіх адна паясняе другую). Сярод злучальных вылучаюцца спалучальныя («і», «ды», «дый», «таксама»), супастаўляльныя («а», «але», «ды», «аднак») і пералічальна-размеркавальныя («ці-ці», «ні-ні», «то-то»); сярод падпарадкавальных — часавыя («калі», «пакуль», «як толькі»), умоўныя («калі 6», «каб», «раз»), прычынныя («бо», «таму што»), мэтавыя («каб», «абы», «для таго каб»), уступальныя («хоць», «няхай»), выніковыя («так што») і параўнальныя («як», «бы», «нібыта»), У ролі З. бываюць і злучальныя словы — займеннікі і прыслоўі («які», «дзе», «што»).
Літ.:
Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.
П.П.Шуба.
т. 7, с. 93
т. 7, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТРУКТЫ́ЎНАЯ МАТЭМА́ТЫКА,
абстрактная навука аб канструктыўных працэсах, магчымасцях чалавека ажыццявіць іх і аб іх выніках — канструктыўных аб’ектах. Мае сваю логіку, адрозную ад логікі класічнай матэматыкі. Распрацоўваюцца раздзелы К.м.: канструктыўныя тэорыі дыферэнцавання і інтэгравання, канструктыўны функцыянальны аналіз, канструктыўная тэорыя камплекснай пераменнай і інш.
Прыкладам канструктыўнага аб’екта з’яўляецца слова — шэраг літар з пэўнага алфавіта, канструктыўнага працэсу — выпісванне гэтага слова літарамі. Асобны выпадак слоў — натуральныя лікі напр., з алфавіта {0,1}] 0,01, 011, ... Калі да гэтага алфавіта дадаць знакі «мінус» і «дзяліць», можна будаваць рацыянальныя лікі, як словы ў алфавіце {0,1,-,:}. Абстрактнасць К.м. выяўляецца ў выкарыстанні абстракцыі патэнцыяльнай ажыццявімасці (не бяруцца пад увагу абмежаванні канструктыўных магчымасцей у прасторы, часе і матэрыяле) і абстракцыі атаясамлівання (2 ці больш у пэўным сэнсе аднолькавыя аб’екты разглядаюцца як адзін). У К.м. выключаецца абстракцыя актуальнай бясконцасці, звязаная з разглядам працэсаў. якія ніколі не могуць завяршыцца, але лічацца бясконца працяглымі і тым самым фармальна быццам бы завершанымі.
В.І.Бернік.
т. 7, с. 596
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТА́ФАРА (грэч. metaphora перанясенне),
ужыванне слова ці выразу ў пераносным значэнні праз супастаўленне пэўнай з’явы ці прадмета з інш. з’явай ці прадметам на аснове агульных для іх адзнак і ўласцівасцей; від паэт. тропа. М. блізкая да параўнання, аднак адрозніваецца ад яго тым, што ў ёй прысутнічае толькі адзін член супастаўлення — тое, з чым супастаўляецца, і не называецца (а падразумяваецца) тое, што супастаўляецца. М. звычайна перафразуецца ў параўнанне з дапамогай слоў «нібы», «як», «быццам» і г.д. М. істотна паглыбляе ўнутр. змест вобраза, надае яму новыя сэнсавыя адценні. Асн. сфера бытавання М. — літ. мова, паэзія. Вылучаюць простую М., калі яна складаецца з аднаго слова ці выразу («Замоўкнуў жураўліны скрып калысак і калаўротаў гул чмяліны змоўк». П.Панчанка), і разгорнутую або скразную, калі М. ахоплівае вял. адрэзак або ўвесь твор (бітва—жніво ў «Слове аб палку Ігаравым», жыццё—акіян у паэме А.Куляшова «Цунамі»). Ужываецца таксама ў бытавой гаворцы («ідзе дождж», «цяжкі характар», «прыйшла зіма»), Блізкія да М. тропы — алегорыя, сімвал.
В.П.Рагойша.
т. 10, с. 310
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЛЕЛІ́ЗМ (ад грэч. parallēlos той, хто ідзе побач),
у біялогіі, паралельнае развіццё, парафілія, незалежнае развіццё падобных адзнак у эвалюцыі блізкароднасных груп арганізмаў. У выніку П. другасна набытае падабенства розных груп быццам бы накладваецца на іх падабенства, якое абумоўлена агульнасцю паходжання. Узнікае асобая катэгорыя падабенства органаў і розных відаў — гамаялогія. П. пашыраны ў філагенезе розных груп арганізмаў. Напр., шляхам П., відаць, развіваліся прыстасаванні да воднага спосабу жыцця ў 3 лініях эвалюцыі ластаногіх (маржы, вушастыя і сапраўдныя цюлені); у розных груп кісцяпёрых рыб развіваліся прыкметы земнаводных; у некалькіх груп зверападобных паўзуноў (тэрапсід) — прыкметы млекакормячых. Прыкметы пакрытанасенных раслін незалежна і паралельна развіваліся ў розных лініях эвалюцыі іх продкаў — праангіяспермаў. Узнікненне П. звязана з захаваннем роднаснымі групамі арганізмаў пэўнай генет. супольнасці і падабенства працэсаў антагенезу і яго рэгуляцыі. У генафондах роднасных відаў заканамерна з’яўляюцца падобныя (гамалагічныя) мутацыі (закон гамалагічных радоў у спадчыннай зменлівасці, які ўстанавіў М.І.Вавілаў). П. тлумачыцца падобным напрамкам натуральнага адбору, які дзейнічае на групы продкаў, што разышліся першапачаткова (гл. Дывергенцыя). Часам П. вызначаюць як канвергенцыю блізкароднасных груп.
А.М.Петрыкаў.
т. 12, с. 86
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ БРА́ЦТВА,
тайная нацыянальна-адраджэнская арг-цыя, што, па некаторых звестках, існавала на пач. 1920-х г. у Коўне (сучасны Каўнас, Літва). Паводле матэрыялаў сфальсіфікаванай АДПУ БССР справы «Саюза вызвалення Беларусі» («СВБ»), Беларускае брацтва заснавалі ў 1921 В.Ластоўскі, В.Захарка, П.Крачэўскі (кіраўнікі Рады БНР), чл. арг-цыі: П.Бадунова, К.Езавітаў, У.Ігнатоўскі, І.Краскоўскі, М.Маркевіч, П.Мядзёлка, І.Цвікевіч, Я.Чарапук і інш. Намаганні Беларускага брацтва, якое нібыта будавалася і дзейнічала па прынцыпе масонскіх ложаў, былі скіраваны на пераадоленне супярэчнасцяў і рознагалоссяў у Радзе БНР, каардынацыю бел. нац адраджэнскіх сіл на эміграцыі і ў БССР. Паводле слоў Ластоўскага, Беларускае брацтва спыніла існаванне ў маі 1923. АДПУ імкнулася звязаць Беларускае брацтва з «Саюзам адраджэння Беларусі», які быццам бы ўзнік на пач. 1920-х г. за мяжой і каардынаваў дзейнасць бел. паліт. эміграцыі Літвы, Латвіі, Польшчы і Чэхаславакіі, а з пераездам Ластоўскага ў Мінск у 1926 быў нібыта ператвораны ў «СВБ». У 2-й пал. 1950-х г. у ходзе рэабілітацыі рэпрэсіраваных па справе «СВБ» дакумент. пацвярджэнняў існавання Беларускага брацтва не знайшлося. Захаваўся адзіны дакумент — праект статута Бел. нар. брацтва, які, верагодна, мае адносіны да дзейнасці Беларускага брацтва.
У.М.Міхнюк.
т. 2, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫВА́ЛЬШЧЫНА, быль,
жанр няказкавай прозы, прымхлівы аповяд пра падзеі, звязаныя з міфалагічнымі персанажамі, дэманічнымі істотамі (лясун, вадзянік, русалкі, ведзьма, ваўкалак, пярэварацень і інш.), пра мерцвякоў, зачараваныя скарбы, чарцей і г.д. Сустракаюцца ў слав. і інш. народаў. Бывальшчына найчасцей перадае быццам бы рэальны факт, але выкарыстоўвае фантазію, маст. выдумку. У адрозненне ад блізкіх па змесце былічак апавяданне ў бывальшчыне часта ідзе ад трэцяй асобы. Аповяд у бывальшчыне, страціўшы рысы ўспамінаў рэальнага відавочніка падзеі, набывае самастойнае бытаванне і адносную сюжэтную ўстойлівасць у варыянтах. Бывальшчыне характэрна сувязь з традыц. вераваннямі, прымеркаванасць да пэўнай мясцовасці, абагульненасць і фабульнасць. Бел. бывальшчыны запісвалі П.Шпілеўскі, М.Федароўскі, А.Сержпутоўскі, У.Дабравольскі, Л.Бараг і інш. фалькларысты, апрацоўвалі Я.Баршчэўскі («Шляхціц Завальня»), Я.Колас і інш. пісьменнікі.
Літ.:
Никифоровский Н.Я. Нечистики: Свод простонар. в Витебской Белоруссии сказаний о нечистой силе. Вильна, 1907;
Бараг Л.Г. Сказочная фантастика и народные верования: (По материалам бел. фольклора) // Сов. этнография. 1966. № 5;
Малорусские народные предания и рассказы: Свод Михаила Драгоманова. Киев, 1876;
Максимов С.В. Нечистая, неведомая и крестная сила. СПб., 1994;
Померанцева Э.В. Мифологические персонажи в русском фольклоре. М., 1973.
І.У.Саламевіч.
т. 3, с. 370
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ПЫТ,
уся сукупнасць практычных узаемаадносін паміж чалавекам і аб’ектыўным светам; элемент пазнавальнай дзейнасці, спалучэнне пачуццёвага і абстрактна-лагічнага адлюстравання аб’ектыўнай рэальнасці на аснове і ў працэсе практычнага ўздзеяння чалавека на навакольны свет.
У гісторыі філасофіі, паводле поглядаў эмпірызму і сенсуалізму, вопыт трактаваўся як адзіная крыніца ведаў. Прадстаўнікі ідэаліст. эмпірызму (Дж.Берклі, Д.Юм), абмяжоўвалі вопыт сукупнасцю пачуццяў і адчуванняў і адмаўлялі, што ў аснове яго ляжыць аб’ектыўная рэальнасць. Матэрыяліст. эмпірызм (Ф.Бэкан, Т.Гобс, Дж.Лок, Д.Дзідро, К.Гельвецый) крыніцай вопыту лічыў матэрыяльны свет. Прадстаўнікі рацыяналізму (Р.Дэкарт, Б.Спіноза, Г.Лейбніц) меркавалі, што лагічнае мысленне не можа грунтавацца на вопыце, бо розум быццам бы здольны спасцігаць ісціну непасрэдна, без пачуццёва-эмпірычнага пазнання. І.Кант крытыкаваў рацыяналізм і сенсуалізм, Г.Гегель лічыў пазнанне працэсам, што развіваецца на шматлікіх узроўнях.
Сучасная філасофія разглядае вопыт як нешта вытворнае ад аб’ектыўнай рэальнасці, як пераўтваральнае ўздзеянне чалавека на знешні свет і як вынік гэтага ўздзеяння ў выглядзе ведаў і навыкаў, як працэс узаемадзеяння суб’екта з аб’ектам. Вопыт адлюстроўвае ўзровень авалодання законамі прыроды, грамадства і мыслення, што дасягнуты людзьмі на дадзеным этапе іх гіст. развіцця.
Літ.:
Швырев В.С. Научное познание как деятельность. М., 1984;
Социально-философские проблемы производства и применения научных знаний. Мн., 1992.
В.В.Краснова.
т. 4, с. 271
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЖЭДЗМІ́ТРЫЙ I (каля 1581—17.5.1606),
рускі цар [1605—06]. Самазванец, выдаваў сябе за царэвіча Дзмітрыя, малодшага сына цара Івана IV, які ў 1591 быццам бы пазбег смерці ва Углічы. Асоба І. I не высветлена. Існуе версія, што ён — збеглы манах маскоўскага Чудава манастыра Рыгор Атрэп’еў з дваранскага роду Атрэп’евых, продкі якіх выехалі з Беларусі ў Маскоўскае княства. Выступіў як прадстаўнік апазіц. цару Барысу Гадунову маскоўскага баярства (князёў Раманавых, Чаркаскіх і інш.) і патрыярха. Паводле інш. звестак яго падтрымліваў канцлер ВКЛ Л.Сапега. У 1601 І. I знаходзіўся ў Кіеве, Астрогу, Брагіне, дзе ў 1603 заручыўся падтрымкай уладальніка горада кн. А.Вішнявецкага. У 1604 з дапамогаю караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта III Вазы авалодаў паўд. і паўд.-ўсх. ч. Рускай дзяржавы, заняў Маскву і 21.7.1605 каранаваны як цар Дзмітрый I Іванавіч. Быў адукаваным чалавекам, ведаў некалькі моў і вайск. справу. Адмовіў Рэчы Паспалітай у праве на валоданне Смаленскай і Северскай землямі, якія раней абяцаў перадаць за падтрымку яго выступлення. У знешняй палітыцы намагаўся стварыць антытур. кааліцыю. Забіты змоўшчыкамі-баярамі на чале з В.І.Шуйскім у час нар. паўстання.
Літ.:
Соловьев С.М. Соч. Кн. 4. История России с древнейших времен, т. 7—8. М., 1989;
Скрынников Р.Г. Самозванцы в России в начале XVII в.: Григорий Отрепьев. 2 изд. Новосибирск, 1990.
А.П.Грыцкевіч.
т. 7, с. 195
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)