АМФІБРА́ХІЙ (грэч. amphibrachys літар, кароткі з абодвух бакоў),
1) у антычным вершаскладанні стапа з 3 складоў — 1 доўгага і 2 кароткіх (◡-◡). Наз. таксама брахіхарэй — стапа, якая складаецца з кароткага складу і харэя.
2) У сілабатанічным вершаскладанні амфібрахій — 3-складовая стапа з рытмічным націскам на сярэднім складзе (- -́ -): «З леге́ндаў і ка́зак былы́х пакале́нняў, // З кало́сся цяжко́га жыто́ў і пшані́ц...» (М.Танк. «Родная мова»), У бел. Паэзіі амфібрахій з’явіўся ў канцы 19 ст. У зб. Ф.Багушэвіча «Смык беларускі» (1894) з 9 вершаў (акрамя цыкла «Песні») 32 радкі вытрыманы ў памерах 3-складовага амфібрахія. Шырока выкарыстоўваецца ў сучаснай паэзіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗАРА́НЕ»,
тайнае таварыства ў 1821 — пач. 1826 у Беластоцкай і Свіслацкай гімназіях. Заснаваў Ф.Ляховіч спачатку ў Беластоку (наз. «Згодныя браты», 1821), потым у Свіслачы. Выступалі за незалежнасць Рэчы Паспалітай, падрыхтоўку грамадскай думкі да пераўтварэнняў у існуючым ладзе. У пач. 1826 у таварыстве 53 чал. Пяць былых сяброў т-ва склалі 3-ю ступень т-ва«Ваенныя сябры». Некаторыя мелі дачыненне да Літоўскага піянернага батальёна выступлення 1825. У сувязі са следствам па гэтай справе «З.» былі выкрыты, створана спец. «Камісія для пошуку тайных таварыстваў» (ліп.—вер. 1826). Удзельнікі «З.» былі прыгавораны да розных тэрмінаў пакарання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКУРЫЁНЫ [лац. decurio (decurionis)],
1) у Стараж. Рыме начальнік атрада (дэкурыі), які складаўся з 10 коннікаў.
2) Чл.гар. саветаў (сенатаў ці курый), якія спачатку існавалі ў залежных ад Рыма гар. абшчынах, пазней у час імперыі — ва ўсіх гарадах рым. правінцый. Камплектаваліся з былыхгар. магістратараў. Пасада была пачэснай і пажыццёвай.
3) У 4 ст. да н.э. прывілеяванае саслоўе сярэдніх землеўладальнікаў. Д. займаліся размеркаваннем і зборам падаткаў, здачай у арэнду гар. зямель, распараджаліся гандл. упраўленнем, арганізоўвалі гульні і святкаванні. Дзейнасць Д. кантралявалі спец. куратары і намеснікі правінцый. Эдыктамі імператара Канстанціна 316 і 325 да н.э. былі навечна замацаваны за месцам жыхарства з забаронай пакідаць гарады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУ́НА СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧАЯ,
форма с.-г. вытворчага кааператыва ў першыя гады сав. ўлады. Ствараліся з канца 1917 вясковымі беднякамі, батракамі і рабочымі пераважна на аснове былых панскіх маёнткаў; сав. ўлада аддавала ім гасп. пабудовы, інвентар, жывёлу. У К.с. абагульваліся ўсе сродкі вытв-сці; землекарыстанне, размеркаванне было ўраўняльным — па едаках; практыкавалася таксама калект. бытавое абслугоўванне (агульная сталовая, яслі і інш.). У членаў К.с. поўнасцю адсутнічала асабістая гаспадарка, што дазваляла пазбегнуць прыватнаўласніцкіх памкненняў. Нягледзячы на падтрымку дзяржавы і больш эфектыўнае развіццё ў параўнанні з інш. формамі калект. гаспадарак, камуны не сталі асн. формай калектывізацыі. У канцы 1920 — пач. 1930-х г. ператвораны ў калгасы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́БРУШСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала са жн. 1941 да кастр. 1943. Аб’ядноўвала 6 груп, больш за 70 чал. Кіраўнік Н.С.Кулікоў, намеснік Дз.М.Гладышаў. Групы сфарміраваны з рабочых і навучэнцаў Добруша, былых ваеннаслужачых, работнікаў Добрушскага лясніцтва, з жыхароў Добруша і в. Камень. Падпольшчыкі знішчалі абсталяванне папяровай ф-кі, гаручае на Добрушскай МТС, арганізавалі выбух каля чыг. ст. Закапыцце, у выніку якога знішчана вял. колькасць ням. ваеннаслужачых. У маі 1943 на ўчастку чыг. Гомель—Бранск пушчаны пад адхон 3 эшалоны. У ліп. і вер. 1943 партызаны з дапамогай падпольшчыкаў знішчылі электрастанцыю, спалілі аўтарамонтную майстэрню, 2 цэхі, узарвалі пілараму і артыл. склад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАВАВАЯ ДЗЯРЖА́ВА,
дзяржава, у якой функцыянуе рэжым канстытуцыйнага праўлення, ажыццяўляюцца прынцыпы вяршэнства закону і права. Характэрныя адзнакі П.дз.: прызнанне і гарантаванасць правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, узаемная адказнасць дзяржавы і асобы, судовая абарона асоб і інш. суб’ектаў грамадскіх адносін, адпаведнасць унутр. заканадаўства агульнапрынятым прынцыпам і нормам міжнар. права. Канцэпцыя П.дз. склалася на аснове асэнсавання і ўспрымання універсальных ідэй мысліцеляў былых эпох — вяршэнства закона (Сакрат, Платон, Арыстоцель і інш.), раздзялення ўлад (Палібій, Дж.Лок, Ш.Мантэск’ё і інш.), неадчужальнасць прыродных правоў чалавека (Ж.Ж.Русо, Дж.Лілберн і інш.). У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэсп. рэферэндуме 1996, Беларусь абвешчана унітарнай дэмакр. сацыяльнай П. дз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭДУ́КЦЫЯ (гіст.),
адабранне каралеўскай уладай некат. еўрап. дзяржаў у 16—17 ст.былых каронных зямель, якія па розных прычынах перайшлі ў рукі феад. арыстакратыі. Найб. значэнне і памеры Р. набыла ў Швецыі ў 2-й пал. 17 ст., дзе яна мела на мэце ўмацаванне каралеўскага абсалютызму. Пры Каралю Карле X [1654—60] на рыксдагу 1655 прынята пастанова аб частковай Р. Пры карле XI [1660—97] праведзена т.зв. вял. Р., распачатая ў 1680 і ў асн. завершаная да 1700. У выніку гэтай Р. памеры буйнога дваранскага землеўладання ў Швецыі і падуладных ёй землях (у т. л. ў Ліфляндыі, што ў 1629 перайшла ад ВКЛ да Швецыі) скараціліся прыблізна ўдвая. У Польшчы рашэнне аб Р. («экзекуцыі», «рэвіндацыі») каралеўскіх маёнткаў, што былі раздадзены магнатам пасля 1504, было прынята на сейме 1562—63 па патрабаванні шляхты. Р. ў Польшчы была этапам барацьбы ўнутры класа феадалаў за пераразмеркаванне зямельнай уласнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АРХІ́Ў РУ́СКАЙ РЭВАЛЮ́ЦЫІ»
(«Архив русской революции»),
зборнік дакументаў па гісторыі рэв. падзей 1917 і грамадз. вайны 1918—22 у Расіі. Выдадзены ў 1922—37 у Берліне ў 22 тамах адным з былых кіраўнікоў рас. канстытуцыйна-дэмакр. партыі І.У.Гесенам. У зборніку надрукаваны ўспаміны, дзённікі (у т. л. старшыні Дзярж. думы М.У.Радзянкі, кіраўніка справамі Часовага ўрада У.Дз.Набокава, данскога атамана ген. П.М.Краснова, вайск. атамана Кубанскага казацкага войска ген.-лейт. А.П.Філімонава), якія асвятлялі гал. чынам «парадкі і падзеі ўнутры сав. Расіі; арганізацыю, прасоўванне і паражэнне добраахвотніцкіх армій, адносіны да замежных атрадаў і місій, парадкі ў часова аднятых у бальшавікоў абласцях; ролю і побыт рус. эміграцыі ў Еўропе і інш. частках свету; замежнае ўмяшанне, адносіны прадстаўнікоў грамадскай думкі Еўропы і інш. частак свету, адносіны дзярж. дзеячаў». У пач. 1990-х г. «Архіў...» перавыдадзены ў Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУХЕНВА́ЛЬД (Buchenwald),
нямецка-фашысцкі канцлагер у 1937—45 каля г. Веймар (Германія). Меў 66 філіялаў і знешніх працоўных камандаў. Спачатку ў Бухенвальдзе трымалі ням. палітзняволеных, потым і ваеннапалонных розных нацыянальнасцей, прымусова вывезеных у Германію сав. грамадзян. За гады існавання праз лагер прайшло каля 239 тыс. вязняў, загублена больш за 56 тыс. чалавек 18 нацыянальнасцей (у т. л. каля 19 тыс.сав. ваеннапалонных). Вязняў катавалі, марылі голадам, бязлітасна эксплуатавалі на з-дах буйных прамысл. фірмаў, праводзілі над імі мед. эксперыменты. 18.8.1944 у Бухенвальдзе забіты дзеяч ням. і міжнар. рабочага руху Э.Тэльман. Тут дзейнічалі падпольная антыфаш. арг-цыя, інтэрнац. лагерны камітэт на чале з ням. камуністам В.Бартэлем. Да крас. 1945 налічвалася 178 падпольных груп (у т. л. 56 савецкіх). 11.4.1945 баявыя групы інтэрнац. камітэта авалодалі лагерам. 12.4.1945 у лагер увайшлі амер. войскі. У 1958 створаны Міжнар. камітэт былых вязняў Бухенвальда, адкрыты мемарыяльны комплекс.
Да арт.Бухенвальд. Мемарыял на ўшанаванне памяці ахвяр канцлагера. Скульптар Ф.Крэмер. 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГО́МАН»,
рэвалюцыйная народніцкая група ў Пецярбургу ў 1880-я г. Аформілася да пач. 1884. Складалася са студэнтаў — ураджэнцаў Беларусі. Выдавала падпольны час.«Гомон». Утварылася па ініцыятыве былых членаў Віцебскага рэв. гуртка А.І.Марчанкі і Х.А.Ратнера. Належала да заснавальнікаў бел.нац. плыні ў рас. народніцкім руху, адным з ініцыятараў якой быў І.Я.Грынявіцкі. Група «Гоман» упершыню паставіла і тэарэтычна абгрунтавала бел.нац. пытанне. Ажыццяўленне сац. і нац. разнявольвання бел. народа звязвала з перамогай нар. рэвалюцыі ў Расіі, пераходам улады да Устаноўчага сходу і ўтварэннем федэрацыі свабодных раўнапраўных аўтаномных абласцей. Мела сувязі з арг-цыяй «Народнай волі» ў Паўн.-Зах. краі, з рэв. гурткамі Віцебска, Мінска, Магілёва, Гродна. Спыніла існаванне ў выніку разгрому арг-цыі «Народная воля».
Літ.:
Самбук С.М. Революционные народники Белоруссии: (40-е — начало 80-х годов XIX в.). Мн., 1972;
Лосинский Н.Б. Революционно-народническое движение в Белоруссии, 1870—1884 гг.Мн., 1983.