лекавыя сродкі, якія знімаюць кашаль шляхам прыгнечвання цэнтр. і (або) перыферычных звёнаў кашлевага рэфлексу. Адрозніваюць П.с. цэнтр. дзеяння (прыгнечваюць функцыю кашлевага цэнтра) і перыферычнага (памяншаюць паток аферэнтных імпульсаў у ц. н. с. з запалёных слізістых абалонак дыхальных шляхоў). П.с. цэнтр. дзеяння падзяляюць на апіоідныя (наркатычныя) і неапіоідныя (ненаркатычныя). Апіоідныя П.с. — алкалоіды опіуму ці сінт. аналагі марфіну (кадэін, этылмарфін) — валодаюць таксама актыўнасцю анальгетыкаў, зніжаюць адчувальнасць дыхальнага цэнтра, павышаюць тонус бронхаў і інш. (пры працяглым ужыванні наркатычныя П.с. выклікаюць лек. залежнасць). Да ненаркатычных П.с. цэнтр. дзеяння адносяць глаўцын і акселадзін; да П.с. перыферычнага дзеяння — лібексін. Процікашлевай актыўнасцю валодаюць таксама рэчывы, якія аказваюць слабае анестэзійнае ўздзеянне на слізістыя абалонкі (ментол, фалімінт). П.с. ўжываюць пры сухім кашлі, пры кашлі з макротай П.с. проціпаказаны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРОНХАЭКТАТЫ́ЧНАЯ ХВАРО́БА (ад бронхі + грэч. ekstasis расцяжэнне),
гнойна-запаленчая дэструкцыя бронхаў, што выклікае іх расшырэнне (бронхаэктазію), парушэнне функцый розных сістэм і органаў, інтаксікацыю. Бывае часовая і ўстойлівая, найчасцей у ніжняй долі левага лёгкага; можа быць двухбаковая. Адрозніваюць бронхаэктазы прыроджаныя і набытыя, лакалізаваныя і дыфузныя, цыліндрычныя, мяшэчкападобныя і пераходныя (верацёнападобнай формы). Прычыны ўзнікнення прыроджанай бронхаэктазіі — парушэнні развіцця бронхалёгачнай сістэмы ва ўлонні маці (могуць спалучацца з заганамі развіцця — заечая губа, стрэлападобнае паднябенне і інш.); набытай — бронхалёгачныя хваробы, закупорка бронха іншародным целам. Праяўляецца бронхаэктатычнай хваробы аднолькава незалежна ад этыялогіі: мокры кашаль са слізіста-гнойнай ці гнойнай макротай (можа мець непрыемны пах), іншы раз крывахарканне, болі ў грудзях, задышка (залежыць ад цяжкасці хваробы), зніжэнне апетыту, дэфармацыя грудной клеткі. Пры гнойнай інтаксікацыі фалангі пальцаў набываюць форму «барабанных палачак», а пазногці — «гадзіннікавых шкельцаў». Лячэнне комплекснае, з выкарыстаннем тэрапеўтычных, а пры неабходнасці хірург. метадаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́ЎСКІ (Барыс Васілевіч) (н. 27.6.1908, г. Есентукі Стаўрапольскага краю, Расія),
расійскі вучоны ў галіне хірургіі; арганізатар аховы здароўя і грамадскі дзеяч. Акад.Рас.АН (1966), АМНСССР (1957). Герой Сац. Працы (1968). Скончыў 1-ы Маскоўскі ун-т (1930). З 1948 у 2-м Маскоўскім мед. ін-це. З 1949 у Будапешцкім ун-це. З 1951 у 2-м Маскоўскім мед. ін-це, з 1956 у 1-м Маскоўскім мед. ін-це, з 1963 адначасова ва Усесаюзным НДІ клінічнай і эксперым. хірургіі (дырэктар). У 1965—80 міністр аховы здароўя СССР. Навук. працы па хірург. метадах лячэння рака стрававода, парокаў сэрца, крывяносных сасудаў, пытаннях пералівання крыві. Распрацаваў метады перасадкі нырак, пластыку бронхаў і трахеі, выкарыстаў штучныя клапаны сэрца ў кардыяхірургіі. Ленінская прэмія 1960. Дзярж. прэмія СССР 1965, 1971.
Тв.:
Аневризмы сердца. М., 1965 (разам з І.З.Казловым);
Пересадка почки. М., 1969 (у сааўт.);
Трансфузионная терапия в хирургии. М., 1971 (разам з Ч.С.Гусейнавым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ШАЛЬ,
засцерагальны складанарэфлекторны акт, які ўзнікае пры раздражненні слізістай абалонкі дыхальных шляхоў, пашкоджанні цэнтр.нерв. і сардэчна-сасудзістай сістэм. Найчасцей К. — сімптом захворвання органаў дыхання; іншы раз бывае пры ўзбуджэнні ц. н. с. і раздражненні перыферычных рэцэптараў (неўратычны і рэфлекторны К.) без раздражнення дыхальных шляхоў: Адрозніваюць К. сухі (без макроты) і вільготны. Сухі бывае пры запаленчых хваробах глоткі, гартані, трахеі, іншародных целах у дыхальных шляхах, раздражненні плеўры, фіброзных і аб’ёмных працэсах у лёгкіх (рак, калагенозы і інш.), пач. стадыях бранхіту і пнеўманіі, мокры — сімптом хвароб з гіперсакрэцыяй, эксудацыяй і распадам (бранхіты, пнеўманіі, абсцэсы і інш.).
Пач. фаза К. — глыбокі ўдых, за ім — фаза напружанага выдыху пры замкнутай галасавой шчыліне, рэзкім павышаным унутрыгрудзінным ціску (да 140 мм рт. сл. і вышэй). Пры размыканні галасавой шчыліны паветра праз рот з сілай вырываецца і захоплівае макроту, часцінкі пылу і інш. з гартані, трахеі і бронхаў. Такі К. мае спрыяльны ўплыў. Пры доўгім і частым К. павышаецца ўнутрыбранхіяльны і ўнутрыгрудзінны ціск, што выклікае эмфізему лёгкіх, сардэчна-лёгачную недастатковасць. Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРТА́НЬ,
пачатковы аддзел дыхальнай сістэмы пазваночных жывёл і чалавека, што знаходзіцца паміж глоткай і трахеяй. Праз гартань паветра праходзіць у трахею, якая засцерагае дыхальныя шляхі ад пападання ў іх ежы (корму), удзельнічае ва ўтварэнні гукавых сігналаў і голасу.
Шкілет гартані складаецца са шчыта-, пярсцёнка- і чарпакападобных гіялінавых храсткоў, а таксама з эластычнага храстка надгартанніка з прымацаванымі да яго мышцамі і звязкамі У некат. відаў рукакрылых, сумчатых, кратоў і зубастых кітоў чарпакападобныя храсткі і надгартаннік утвараюць трубку, якая ўдаецца ў насаглотку і забяспечвае дыханне пры заглынанні корму. У дзяцей і жанчын дзве пласціны шчытападобных храсткоў зыходзяцца пад тупым, у мужчын пад вострым (утвараюць адамаў яблык) вуглом. Поласць гартані дзеліцца на ўваход, жалудачак і ніжнюю частку, выслана слізістай абалонкай, парныя складкі якой утвараюць паміж жалудачкам і ніжнім аддзелам гартані сапраўдныя галасавыя звязкі і абмяжоўваюць галасавую шчыліну (гл.Галасавы апарат). У млекакормячых пад імі знаходзяцца несапраўдныя галасавыя звязкі, у птушак галасавы апарат лакалізуецца ў ніжняй частцы трахеі і верхніх участках бронхаў. Зрушэнні храсткоў гартані з утварэннем гукаў забяспечваюцца папярочна-паласатымі мышцамі шкілетнага тыпу (укрываюць пярэднюю і бакавыя паверхні гартані), яе інервацыя — адгалінаваннямі блукаючага нерва, кровазабеспячэнне — праз гартанныя артэрыі, адток крыві — праз сістэму ярэмных і падключычных вен. Найб. пашыраныя запаленчыя хваробы гартані — ларынгіт, гартанная ангіна.