Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛІЯ́ («бог мой Яхве»),
у Старым запавеце (3-я і 4-я кн. Царстваў) прарок. Прыхільнік бога Яхве, змагар за ўмацаванне яго культу як адзінага ў Ізраільскім царстве, смела ўступае ў змаганне са жрацамі і ізраільскімі царамі — абаронцамі культу бога Ваала. Адораны амаль боскай уладай цудатворац, вуснамі якога гаворыць сам Бог, прапаведнік, які прадказвае будучыню ад імя Бога. Паводле падання, меў аблічча жабрака-аскета. Пасля заканчэння яго місіі Бог узнёс І. на неба на вогненнай калясніцы. У розных народаў пра І. існуе вял. паслястаразапаветная міфалагічная традыцыя. Напр., у слав. традыцыях І.-прарок выступае як персанаж, звязаны з громам, дажджом і ўрадлівасцю. Менавіта ў гэтым кантэксце 20 ліп. па ст.с. праваслаўныя адзначаюць свята «Ільін дзень», ці Ілья (Ілля).
Ілія Прарок. Абраз наўгародскай школы. Канец 14 — пач. 15 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АШУ́Р,
у акадскай міфалогіі вярхоўнае бажаство асірыйскага пантэона. Першапачаткова бог-апякун асірыйскіх цароў і горада Ашур. Эмблема Ашура — крылаты сонечны дыск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНТЭІ́ЗМ (ад пан... + theos Бог),
рэлігійнае і філас. вучэнне, якое збліжае або атаясамлівае Бога з навакольным светам. Паняцце «П.» уведзена нідэрландскім тэолагам І.Фаем (1709). Пантэістычныя тэндэнцыі праяўляюцца ў ератычнай містыцы сярэдніх вякоў, характэрны для натурфіласофіі эпохі Адраджэння. У розных вучэннях П. выражае натуралістычныя, матэрыяліст. або ідэаліст. тэндэнцыі. Прыхільнікі адной плыні імкнуліся да ўзмацнення рэліг.-містычнага зместу тэалогіі шляхам растварэння прыроды ў Богу, сцвярджаючы, што Бог існуе ва ўсіх рэчах, з’явах, працэсах як звышнатуральны пачатак (Іаан Скот Эрыўгена, Н.Мальбранш, сучасныя філосафы-персаналісты). Прадстаўнікі другой лічылі, што менавіта Бог раствараецца ў прыродзе, што Сусвет нікім не створаны і кіруецца асабістымі законамі, што сама прырода і ёсць сапраўдны Бог (Дж.Бруна, Б.Спіноза, І.Гердэр). Гэта тэндэнцыя грунтуецца на гілазаістычных (гл.Гілазаізм) ідэях старажытнасці, на прынцыпах натуралізму сярэднявечча і з’яўляецца падставай для атэістычных поглядаў. Вядомы выпадкі і эклектычнага змяшэння элементаў гэтых плыняў. Аднак усе тыпы П. аб’ядноўвае прынцып адмаўлення асабістай персаніфікацыі Бога, які недасягальна ўзвышаецца над Сусветам і чалавекам паводле тэалагічных сістэм т.зв. аўраамічных рэлігій (хрысціянства, ісламу і іудаізму). На практыцы канцэптуальныя высновы П. прыводзяць да змены тэацэнтрычнай мадэлі Сусвету інш. парадыгмамі — космацэнтрычнай або антрапацэнтрычнай. На падставе ідэі П. аб стварэнні свету бесцялесным сусв. духам ці розумам, што знаходзіцца ў самой прыродзе, ням. філосафы Ф.Шэлінг і Г.Гегель спрабавалі прымірыць супярэчнасці паміж духоўным і матэрыяльным пачаткамі быцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНУ́РЫС, Анхур, Інхар,
у егіпецкай міфалогіі бог палявання, вайны. Цэнтр культу Анурыса — г. Тыніс, дзе ён лічыўся тварцом сусвету. У міфах найчасцей выступаў як сонечны змеяборац.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́БУ,
у акадскай міфалогіі леў-пачвара. Паводле міфа Л., якога намаляваў на небе богЭнліль, ажыў і пачаў лютаваць на зямлі, але быў пераможаны богам-воінам Цішпакам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАА́Л, Балу, Ваал,
у заходнесеміцкай міфалогіі бог урадлівасці, водаў, вайны і інш. Ушаноўваўся ў Фінікіі, Палесціне і Сірыі, пасля яго культ быў пашыраны ў Егіпце, Грэцыі, Іспаніі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГО́Н, Даган,
у стараж. заходнесеміцкай міфалогіі бог, які дае ежу, апякун земляробства, рыбнай лоўлі. У акадскай міфалогіі яго шанавалі як апекуна насельніцтва даліны сярэдняга Еўфрата, у шумерскай яму адпавядаў Энліль.