ІЛІЯ́ («бог мой Яхве»),

у Старым запавеце (3-я і 4-я кн. Царстваў) прарок. Прыхільнік бога Яхве, змагар за ўмацаванне яго культу як адзінага ў Ізраільскім царстве, смела ўступае ў змаганне са жрацамі і ізраільскімі царамі — абаронцамі культу бога Ваала. Адораны амаль боскай уладай цудатворац, вуснамі якога гаворыць сам Бог, прапаведнік, які прадказвае будучыню ад імя Бога. Паводле падання, меў аблічча жабрака-аскета. Пасля заканчэння яго місіі Бог узнёс І. на неба на вогненнай калясніцы. У розных народаў пра І. існуе вял. паслястаразапаветная міфалагічная традыцыя. Напр., у слав. традыцыях І.-прарок выступае як персанаж, звязаны з громам, дажджом і ўрадлівасцю. Менавіта ў гэтым кантэксце 20 ліп. па ст. с. праваслаўныя адзначаюць свята «Ільін дзень», ці Ілья (Ілля).

Ілія Прарок. Абраз наўгародскай школы. Канец 14 — пач. 15 ст.

т. 7, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)