штучны будаўнічы матэрыял з бетону і стальной арматуры, якія маналітна злучаны і працуюць у канструкцыі як адно цэлае. Сумесная работа бетону і арматуры забяспечваецца іх трывалым счапленнем, амаль аднолькавымі каэф. лінейнага расшырэння. Бетон успрымае ў асн. сціскальныя намаганні, надае канструкцыі жорсткасць, ахоўвае арматуру ад карозіі; арматура (падоўжаныя стрыжні, папярочныя хамуты, мантажная для каркасаў) успрымае расцягвальныя намаганні. Вызначаецца высокай трываласцю, даўгавечнасцю, вогнеўстойлівасцю, прастатой формаўтварэння. Выкарыстоўваецца ў жыллёвым і прамысл. буд-ве, мостабудаванні, гідратэхн. буд-ве і інш. З Ж. робяць разнастайныя жалезабетонныя вырабы і канструкцыі.
Ж. бывае звычайны і папярэдне напружаны (яго арматуру перад бетанаваннем штучна нацягваюць, што абціскае бетон, павялічвае яго трываласць і трэшчынаўстойлівасць; гл.Папярэдне напружаныя канструкцыі), саманапружаны (робіцца з выкарыстаннем т.зв. напружвальнага цэменту, які пры цвярдзенні расшыраецца), зборны, маналітны і інш. Патэнт на Ж. атрымаў франц. вучоны Ж.Манье ў 1867. Канструкцыі з Ж. хутка пашырыліся ў Англіі, ЗША, Расіі (з 1885) і інш. краінах. У 1901—02 на чыг. лініі Віцебск—Жлобін было пабудавана 27 жалезабетонных мастоў і пуцеправодаў. Ж. стаў адным з найб. пашыраных матэрыялаў у буд-ве, які выкарыстоўваецца ў розных канструкцыях будынкаў і збудаванняў (фундаментаў, пліт, сцен, труб, мастоў, плацін і г.д.), ва ўсіх кліматычных зонах (фіз.-мех. ўласцівасці Ж. пры т-рах ад -40 да + 60 °C практычна не змяняюцца). Значны ўклад у развіццё навукі пра Ж. зрабілі рас. і сав. вучоныя М.А.Белялюбскі, А.Ф.Лалейт, Р.П.Перадзерый, В.В.Міхайлаў, А.А.Гвоздзеў, бел. вучоныя І.М.Ахвердаў, Я.І.Дрозд і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ЛЬВА,
мемарыяльны комплекс на ўшанаванне памяці жыхароў колішняй в. Дальва (Лагойскі р-н), якіх ням.-фаш. захопнікі сагналі ў хату аднаго з жыхароў вёскі В.Кухаронка і спалілі. Створаны ў 1973 (скульпт. У.Церабун, Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1974). Размешчаны на адкрытай паляне сярод лесу. Каля дарогі камень-валун, на якім высечаны надпіс: «Да 19 чэрвеня 1944 г. тут была в. Дальва. За 10 дзён да вызвалення гітлераўцы жывымі спалілі яе жыхароў». Кампазіцыйным цэнтрам комплексу з’яўляецца пастаўлены на месцы спаленай хаты помнік: фігура маці і хлопчыка на фоне 3 сімвалічных абгарэлых бэлек. Каля помніка бетон ная сцяна з пералікам 44 прозвішчаў тых, хто загінуў. Побач у памяць аб ахвярах пасаджаны 44 бярозкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАШКО́ВЫЯ ФА́РБЫ,
парашкападобныя кампазіцыі, якія выкарыстоўваюць для атрымання пакрыццяў пераважна на тэрмаўстойлівых матэрыялах (металы, кераміка, шкло, бетон). Высокаэканамічныя ў выкарыстанні. Пакрыцці на аснове П.ф. вызначаюцца высокімі фіз.-мех. і ахоўнымі ўласцівасцямі.
Асн. кампаненты П.ф. — плёнкаўтваральныя рэчывы (эпаксідныя і поліэфірныя смолы, поліакрылаты, поліаміды, полівінілхларыд, поліэтылен і інш.) і пігменты (напр., аксіды тытану, хрому, жалеза). Маюць таксама напаўняльнікі, пластыфікатары, стабілізатары і інш. дабаўкі. Высокадысперсныя (памер часцінак 10—300 мкм). У прам-сці атрымліваюць змешваннем сухіх кампанентаў у млынках або турбазмешвальніках ці здрабненнем сумесі кампанентаў, гомагенізаванай у расплаве. Наносяць на падрыхтаваную паверхню вырабаў напыленнем. Таўшчыня пакрыццяў, што ўтвараюць П.ф., 50—400 мкм. Гл. таксама Лакафарбавыя пакрыцці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАЧАЎСТО́ЙЛІВЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
металічныя матэрыялы, паверхня якіх не паддаецца хім. разбурэнню пад уздзеяннем паветра або інш. акісляльнага газавага асяроддзя пры высокіх т-рах; неметал. матэрыялы (напр., бетон), што не паддаюцца хім. і мех. разбурэнню пры высокіх т-рах. Гарачаўстойлівасць металаў і сплаваў вызначаецца ўласцівасцямі акаліны, якая перашкаджае дыфузіі газаў у глыб металу і развіццю газавай карозіі металаў.
Гарачаўстойлівая сталь слаба акісляецца пры т-ры больш за 550 °C, што абумоўлена шчыльнай і тонкай плёнкай легіравальных элементаў. Мех. ўласцівасці яе паляпшаюць тэрмаапрацоўкай. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці труб, цеплаабменнікаў, дэталей кацельных установак, турбін і інш.Гарачаўстойлівыя сплавы характарызуюцца значным супраціўленнем газавай карозіі металаў пры высокай т-ры (800—1200 °C). Звычайна маюць нікелевую, жалезную або жалеза-нікелевую аснову, а таксама хром, крэмній, алюміній, якія ўтвараюць на паверхні ахоўныя аксідныя плёнкі. Іх гарачаўстойлівасць павышаюць тэрмічнай апрацоўкай, алітаваннем, храміраваннем, нанясеннем розных пакрыццяў. Ідуць на выраб камер згарання, жаравых труб, сапловых лапатак газавых турбін, фарсажных камер і інш.Гарачаўстойлівы бетон захоўвае фіз.-мех. ўласцівасці пры працяглым уздзеянні т-р да 1770 °C і вышэй. Вяжучымі для яго з’яўляюцца гліназёмісты цэмент, вадкае шкло, партланд-цэмент і інш., запаўняльнікамі — тугаплаўкія і вогнетрывалыя горныя пароды, бой вогнетрывалых вырабаў і інш. Ідзе на будаўніцтва цеплавых агрэгатаў, фундаментаў прамысл. печаў і інш.Гарачаўстойлівы чыгун мае ўстойлівасць супраць інтэнсіўнага акіслення і павелічэння памераў у розных газавых асяроддзях пры павышаных т-рах. Ахоўныя вокісныя плёнкі на ім утвараюцца легіраваннем алюмініем, хромам і крэмніем. Ідзе на выраб дэталей пячнога абсталявання, карпусоў гарэлак і інш.
Г.Г.Паніч.
Канструкцыя з гарачаўстойлівых матэрыялаў (тунэльная печ з гарачаўстойлівага жалезабетону); 1 — панэль скляпення; 2 — сценавая панэль; 3 — цеплаізаляцыя; 4 — фундаментны блок.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКАЯ КРЭ́ПАСЦЬ-ГЕРО́Й,
мемарыяльны комплекс у Брэсце. Створаны ў 1969—71 на тэр.Брэсцкай крэпасці на ўшанаванне подзвігу яе абаронцаў (гл.Брэсцкай крэпасці абарона 1941). Скульпт.-арх. ансамбль аб’ядноўвае ўцалелыя збудаванні, закансерваваныя руіны, крапасныя валы і творы сучаснага манум. мастацтва. Адкрыты 25.9.1971. Аўтары: скульпт. А.Кібальнікаў (гал.маст. кіраўнік), А.Бембель, У.Бабыль, арх. У.Кароль, В.Волчак, В.Занковіч, Ю.Казакоў, А.Стаховіч, Г.Сысоеў. Комплекс размешчаны ва ўсх. частцы Цытадэлі. Уключае манум. галоўны ўваход, вырашаны ў выглядзе прарэзанай у бетоннай сцяне 5-канцовай зоркі, гал. манумент, штык-абеліск, пл. Цырыманіялаў, тэрасы-трыбуны, некропаль-калумбарый, дзе пахаваны урны з прахам абаронцаў крэпасці, пад’езды і плошчы. Кампазіцыйным цэнтрам комплексу з’яўляюцца гал. манумент «Мужнасць» — абагульнены вобраз воіна-пераможцы (бетон, выш. 33,5 м) і штык-абеліск (абліцаваны тытанам, выш. 100 м). На краі плошчы размешчана скульпт. кампазіцыя «Смага» — фігура распластанага на зямлі салдата, які цягнецца з каскай да вады. У складзе комплексу Брэсцкай крэпасці-героя музей, Святамікалаеўская правасл. царква.
Л.Г.Лапцэвіч.
Брэсцкая крэпасць-герой. Плошча Цырыманіялаў з галоўным манументам.Брэсцкая крэпасць-герой. А.Бембель. Скульптура «Смага». 1969.
комплекс мер для аслаблення ўздзеяння іанізавальнага выпрамянення на людзей, аб’екты, абсталяванне, навакольнае асяроддзе і інш. Мае 2 аспекты: засцярогу ад знешніх патокаў «закрытых» крыніц выпрамянення (радыеактыўныя прэпараты, рэактары, рэнтгенаўскія ўстаноўкі, паскаральнікі) і засцярогу біясферы ад забруджванняў радыеактыўнымі рэчывамі з «адкрытых» крыніц (прадукты выкарыстання ядз. зброі, адходы ядз. прам-сці і інш.), якія трапляюць у арганізм чалавека (ці жывёлы) непасрэдна, а таксама з вадой або ежай.
Фіз. З.с.і.в. з’яўляецца матэрыял, які добра паглынае выпрамяненне (напр., свінец, бетон) і размешчаны паміж крыніцай і аб’ектам. Індывідуальныя сродкі засцярогі — камбінезоны, пнеўмакасцюмы, спец. абутак, чахлы, пальчаткі і інш.; калектыўныя — траншэі, акопы, сховішчы і інш. (гл.Ахоўныя збудаванні а таксама ваен. тэхніка, якая мае засцерагальныя ўласцівасці за кошт выкарыстання канстр. матэрыялаў, адбівальных ці паглынальных экранаў, ахоўных пакрыццяў. Хім. З.с.і.в. дасягаецца ўвядзеннем (папярэдне ці ў час апрамянення) у арганізм чалавека (ці жывёлы) рэчываў, якія павышаюць яго агульную супраціўляльнасць (лілаполіцукрыды, спалучэнні амінакіслот і вітамінаў, вакцыны) ці маюць проціпрамянёвае дзеянне (радыепратэктары; напр., меркаптааміны, цыяніды, нітрылы). Гл. таксама Грамадзянская абарона, Засцярога ад зброі масавага знішчэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕТО́ННЫЯ РАБО́ТЫ,
сукупнасць тэхнал. працэсаў па бетанаванні маналітных бетонных і жалезабетонных канструкцый і збудаванняў. Уключаюць падрыхтоўку бетоннай сумесі, яе транспартаванне на буд. пляцоўку, укладку (звычайна ў апалубку), ушчыльненне, нагляд за бетонам пры яго цвярдзенні, кантроль якасці бетанавання.
Рыхтуюць бетонную сумесь на спец. устаноўках ці бетонных з-дах з дапамогай бетоназмяшальнікаў і дастаўляюць да месцаў укладкі спец.бетанавозамі, аўтамабілямі-самазваламі, канвеерным, помпавым і кранавым транспартам. Укладваюць сумесь у блокі бетанавання і разраўноўваюць пры дапамозе бетонаўкладчыкаў, бетанапомпаў, эстакад (з праходжаннем сумесі па вібраправодах), стужачных транспарцёраў, пнеўманагнятальнікаў, латакоў, вібражалабоў, вібрахобатаў і інш. Ушчыльняюць сумесь вібрыраваннем (гл.Вібраўшчыльненне бетону), цэнтрыфугаваннем, прасаваннем, вакуумаваннем. Выкарыстоўваюць таксама метад таркрэт-бетону, пры якім па адным гнуткім шлангу сціснутым паветрам падаюцца сухія кампаненты сумесі, а па другім — вада пад ціскам; бетонная сумесь са змяшальніка выкідваецца на паверхню, паслойна накладваецца і ўшчыльняецца пад напорам струменя. У пачатку цвярдзення бетону яго засцерагаюць ад мех. пашкоджанняў і страсенняў, падтрымліваюць неабходны тэмпературна-вільготнасны рэжым. Пры выкананні бетонных работ зімой выкарыстоўваюць супрацьмарозныя дабаўкі, падаграюць сумесь (пры прыгатаванні ці перад укладкай) і ўкладзены бетон.
Бетонныя работы: а — выгрузка бетоннай сумесі аўтамабілямі-самазваламі; б — бетанаванне з эстакад; в — укладка сумесі пад’ёмнымі кранамі; г — утоптванне буйнога запаўняльніка ў раствор цяжкім вібратарам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАЎНІ́ЧЫЯ РАБО́ТЫ,
работы, якія выконваюцца на буд. пляцоўках (аб’ектах) пры ўзвядзенні будынкаў і збудаванняў, іх рамонце і рэканструкцыі. Ажыццяўляюцца пры дапамозе будаўнічых машын, ручнога і механізаванага інструменту, дапаможных прыстасаванняў. Пры будаўнічых работах выкарыстоўваюцца будаўнічыя матэрыялы, паўфабрыкаты (бетон, будаўнічы раствор, асфальтабетон), дэталі і вырабы (элементы каркаса, аконныя і дзвярныя блокі і інш.), гатовыя будаўнічыя канструкцыі.
Будаўнічыя работы падзяляюць на агульнабудаўнічыя, спец., дапаможныя і падрыхтоўчыя. Агульнабудаўнічыя — аддзелачныя, арматурныя, бетонныя, дахавыя, жалезабетонныя, земляныя, каменныя, цяслярныя работы (гл. адпаведныя арт.), а таксама мантажныя (гл.Мантаж) і інш.; спецыяльныя — гідраізаляцыйныя, сан.-тэхн., цеплаізаляцыйныя работы (гл. адпаведныя арт.), электрамантажныя, пракладка інж сетак, работы па мантажы тэхнал. абсталявання і канструкцый; дапаможныя — устаноўка апалубкі, паніжэнне грунтавых вод, мацаванне сценак катлаванаў, пагрузка і разгрузка матэрыялаў і інш.; падрыхтоўчыя — падрыхтоўка буд. пляцоўкі, нарыхтоўка матэрыялаў, стварэнне сан.-быт. умоў для работы і інш. Часта будаўнічыя работы класіфікуюць па інш. адзнаках: адвальныя, вышукальныя, дарожна-буд., падводна-тэхн., палевыя і шпунтовыя, скрытыя работы (гл. адпаведныя арт.), а таксама зімовыя, падземныя і інш. Будаўнічыя работы выконваюцца спецыялізаванымі (для аднаго віду работ) і комплекснымі брыгадамі. Арганізуюцца паслядоўным, паралельным, паточным ці камбінаваным метадамі ў адпаведнасці з праектамі арганізацыі буд-ва і вытв-сці работ і патрабаваннямі да іх якасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРО́ЗІЯў тэхніцы,
1) К. металаў — разбурэнне металаў у выніку хім., эл.-хім. і біяхім. ўзаемадзеяння са знешнім асяроддзем (паветрам, вадой і інш.). К. жалеза і яго сплаваў наз. таксама ржаўленнем.
Хім. К. абумоўлена адначасовым працяканнем акісляльных і аднаўляльных рэакцый (гл.Акісленне-аднаўленне). Назіраецца пры высокай т-ры, у паветры, расплаўленых металах, нафце, бензіне і інш.Найб. пашыраным электрахім. К. ўзнікае пры ўзаемадзеянні металаў з вадкімі электралітамі. Біяхім. К. выклікаюць бактэрыі і інш. мікраарганізмы. Адрозніваюць таксама К.: пад напружаннем, блукальнымі токамі, радыехімічную, кантактную (пры кантакце двух разнародных металаў), пры кавітацыі, фрэтынг-карозію (крохкае разбурэнне пры адначасовым уздзеянні знешняга асяроддзя, трэння і цыклічных нагрузак); суцэльную (раўнамерную, нераўнамерную) і мясцовую (плямамі, язвамі, кропкамі, міжкрышталітную і інш.). Страты ад К. ў развітых краінах складаюць 5—10% ад нац. даходу. Змяншаюць К. ўвядзеннем у металы інгібітараў, легіраваннем, нанясеннем ахоўных пакрыццяў, выкарыстаннем каразійнаўстойлівых матэрыялаў, у т. л.нержавеючых сталей.
2) К. бетону і жалезабетону — разбурэнне іх у выніку хім., фізіка-хім. і біял. ўзаемадзеяння з агрэсіўным знешнім асяроддзем (пры фільтрацыі водных раствораў праз бетон). Яе змяншаюць выбарам устойлівых цэментаў і запаўняльнікаў, выкарыстаннем бетонаў павышанай шчыльнасці, воданепранікальнасці і ўстойлівасці, унясеннем спец. дабавак, нанясеннем лакафарбавых пакрыццяў, абмазкай арматуры ахоўнымі саставамі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЗУ́ЧАСЦЬ матэрыялаў, уласцівасць матэрыялу павольна і бесперапынна пластычна дэфармавацца пад уздзеяннем пастаяннай мех. нагрузкі — напружання механічнага. Назіраецца пры расцяжэнні, сцісканні, кручэнні і інш. відах дэфармацый. Залежыць ад т-ры, мех. нагрузкі, саставу і структуры матэрыялу. Вывучаецца тэорыямі цячэння, умацавання, спадчыннасці (гл.Паўзучасці тэорыя). Фіз. механізм П. такі ж, як і пластычнасці.
П. характарызуецца скорасцю і тэхн. мяжой П. — напружаннем, пры якім гэтая скорасць або сумарная дэфармацыя не перавышае пэўнага дапушчальнага значэння Апісваецца крывой паўзучасці, якая паказвае залежнасць дэфармацыі ад часу пры пастаянных т-ры і прыкладзенай нагрузцы. Эксперыментальна даследуецца на спец. устаноўках, у якіх узор матэрыялу награваюць у спец. камеры і выпрабоўваюць на розныя віды дэфармацый. У пэўнай ступені П. уласцівая ўсім цвёрдым матэрыялам (асабліва пры т-рах, больш за 0,4—0,5 т-ры плаўлення), у шэрагу матэрыялаў (алюміній, свінец, бетон і інш.) яна значная нават пры пакаёвых т-рах. Высокае супраціўленне П. — адзін з фактараў, што вызначаюць гарачатрываласць (гл.Гарачатрывалыя матэрыялы). Супраціўленне П. павышаюць арміраваннем, легіраваннем, умацаваннем і інш.
Літ.:
Малинин Н.Н. Прикладная теория пластичности и ползучести. 2 изд. М., 1975;
Колтунов М.А. Ползучесть и релаксация. М., 1976;
Работнов Ю.Н. Элементы наследственной механики твердых тел. М., 1977.
І.І.Леановіч.
Крывая паўзучасці: AB — участак паўзучасці, якая яшчэ не ўстанавілася; BC — участак дэфармацыі, што ідзе з пастаяннай скорасцю; CD — участак паскоранай паўзучасці; E0 — пачатковая дэфармацыя; пункт D — момант разбурэння.