БЁРНС (Burns) Роберт (25.1.1759, Алаўэй, каля г. Эйр, Шатландыя — 21.7.1796),

шатландскі паэт. Першы зб. «Вершы, напісаныя пераважна на шатландскім дыялекце» (т.зв. «Кільмарнакскі зборнік», 1786). Пачынаў у рэчышчы сентыменталізму (паэма «Суботні вечар ласяляніна»), пазней палітра ўзбагацілася рысамі асветніцкага рэалізму і прэрамантызму. У лірыцы Бёрнса зліваюцца народна-песенная шатландская культура і традыцыі англ. асветніцкай л-ры, арганічна спалучаюцца фалькл. спадчына і дух высокай кніжнай паэзіі. Ён яскрава адлюстраваў не толькі побыт шатландскага сялянства (верш «Быў чэсны фермер бацька мой...»), але ўвасобіў неўміручы нар. дух (балада «Джон Ячменнае Зерне»), выявіў глыбіню пачуццяў простага чалавека (вершы «Каханне», «Начлег у дарозе» і інш.), выступіў з крытыкай сац., нац. і клерыкальнага прыгнёту (паэмы «Два пастухі», 1784; «Малітва святошы Вілі», 1785; вершы «Брус — да шатландцаў», «Шатландская слава», «За тых, хто далёка...», «Чэсная беднасць», «Дрэва Свабоды» і інш.). Мяккі гумар і задушэўны лірызм спалучаюцца ў яго паэзіі са злой іроніяй і сарказмам (асабліва ў эпіграмах). Аўтар поліфанічнай кантаты «Вясёлыя жабракі», вершаванай аповесці «Тэм О’Шэнтар». Збіраў і апрацоўваў шатландскія нар. песні для фалькл. зб-каў «Шатландскі музычны музей» (1787—1803), «Выбраны збор арыгінальных шатландскіх мелодый» (1793). Многія вершы Бёрнса сталі нар. песнямі. На бел. мову яго творы перакладалі Ю.​Гаўрук, Я.​Семяжон і інш.

Тв.:

Бел. пер. — Шатландская слава: Выбр. Мн., 1957;

Вам слова, Джон Ячмень. Мн., 1983;

Рус. пер. — Роберт Бернс в переводах С.​Маршака. Кн. 1—2. М., 1979;

Избранное. М., 1982.

Літ.:

Райт-Ковалева Р.Я. Роберт Бернс. М., 1965;

Елистратова Л.А. Роберт Бернс. 3 изд. М., 1965;

Колесников Б.И. Роберт Бернс: Очерк жизни и творчества. М., 1967;

Венок Роберту Бернсу. М., 1964.

Г.​В.​Сініла.

Р.Бёрнс.

т. 3, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАГАМА́НАЎ Міхайла Пятровіч (30.9.1841, г. Гадзяч, Украіна — 2.7.1895),

укр. філосаф, гісторык, эканаміст, літ.-знавец, фалькларыст, публіцыст, грамадскі дзеяч. Скончыў Кіеўскі ун-т (1863), дзе працаваў у 1864—75. З 1876 паліт. эмігрант у Швейцарыі, з 1889 праф. Сафійскага ун-та. У Жэневе з М.​Паўлыкам і С.​Падалінскім выдаваў час. «Громада», забароненыя ў Расіі творы Т.​Шаўчэнкі, П.​Мірнага і інш. Прапаведаваў культурна-нац. аўтаномію Украіны. У 1881 выдаў на бел. мове агітац. брашуру Падалінскага «Пра багацтва ды беднасць». Працы Д. па гісторыі Украіны: «Урывак з гісторыі ўкраінафільства» (1876), «Матэрыялы для маларускай гісторыі ў італьянскіх архівах» (1877), «Погляд на ўкраінскую гісторыю» (1895) і інш. Як эканаміст быў на пазіцыях утапічнага сацыялізму. Прадстаўнік культурна-гіст. школы і параўнальна-гіст. метаду ў літ.-знаўстве («Літаратура расійская, велікаруская, украінская і галіцкая», 1873—74, «Шаўчэнка, украінафілы і сацыялізм», 1879, і інш.). Апублікаваў зб-кі ўкр. фальклору «Гістарычныя песні маларускага народа» (т. 1—2, 1874—75, з В.​Б.​Антановічам), «Палітычныя песні ўкраінскага народа 18—19 ст.» (1883—85) і інш. Прызнаваў права Беларусі на самаст. развіццё, асуджаў польск. і рус. палітыку дэнацыяналізацыі беларусаў («Вопыт украінскай палітыка-сацыяльнай праграмы», 1884, «Велікарускі інтэрнацыянал і польска-ўкраінскае пытанне», 1907). Паўлык і І.​Франко пад уплывам Д. ў 1885 склалі праект «Украінска-польска-літоўска-беларускага брацтва». У 1886 перапісваўся з бел. пісьменнікам В.Савіч-Заблоцкім.

Тв.:

Літературно-публіцистичні праці. Т. 1—2. Київ, 1970.

Літ.:

Заславський Д., Романченко І. Михайло Драгоманов. Київ, 1964;

Злупко С.М. М.​П.​Драгаманаў пра Беларусь і беларусаў // Матэрыялы першай навук. канф. па вывучэнню беларуска-ўкраінскіх літаратурных і фальклорных сувязей. Гомель, 1969;

Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. Мн., 1988. С. 312—319, 470-471.

В.​А.​Чабаненка.

т. 6, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛІДА́РНАСЦЬ,

сацыяльна-філасофскае паняцце, якое азначае агульнасць інтарэсаў, адзінае разуменне асн. прынцыпаў светапогляду, сумесныя практычныя дзеянні дзеля станоўчага вырашэння важных грамадскіх праблем, сумесную адказнасць за стан дзяржавы і грамадства. Канцэпцыі С. займаюць цэнтр. месца ў сістэме сацыяліст. ідэй, нац. і нацыяналіст. ідэалогіях, ідэйна-паліт. праграмах сац., нац.-вызв., рэфарматарскіх і інш. масавых рухаў, што імкнуцца мабілізаваць энергію людзей і накіраваць яе на дасягненне агульных праграмных ідэй. Паводле франц. філосафа А.​Конта, С. з’яўляецца вынікам падзелу працы. Франц. сацыёлаг Э.​Дзюркгейм адрозніваў механічную С., характэрную для неразвітых архаічных грамадстваў, і арганічную, характэрную для развітога грамадства з дасканалай сістэмай падзелу працы. С. — цэнтр. катэгорыя рус. філасофіі народніцтва, прадстаўнікі якога лічылі С. найважнейшым крытэрыем развіцця грамадства: яе нарастанне прыводзіць да прагрэсу і ўсеагульнага дабрабыту, а зніжэнне выклікае барацьбу за існаванне, беднасць і абвастрэнне сац. канфліктаў (М.​А.​Бакунін, П.​А.​Крапоткін, П.​Л.​Лаўроў, Л.​І.​Мечнікаў, М.​К.​Міхайлоўскі і інш.). Вышэйшы сэнс С. народнікі бачылі ва ўзгадненні матэрыяльных і нематэрыяльных інтарэсаў кожнай асобы з яе грамадскімі абавязкамі. Лаўроў, Мечнікаў экстрапаліравалі паняцце С. па-за межы чалавечага грамадства, лічылі яе якасцю ўсяго арган. свету, у якім узаемная падтрымка забяспечвае выжыванне пэўнага віду ў барацьбе з інш. і служыць фактарам яго развіцця. На іх думку, С. у грамадстве разбураецца пад уплывам рыначных адносін, індывідуалізму. Паводле Лаўрова, перадумовай С. з’яўляецца ліквідацыя эканам. канкурэнцыі. Мечнікаў разглядаў С. як гал. фактар гіст. працэсу, а прагрэс у грамадстве звязваў з узроўнем развіцця кааперацыі і паслядоўнай зменай яе форм: паднявольныя саюзы, якія трымаюцца на знешнім прымусе, саступаюць месца падпарадкаваным саюзам, якія залежаць ад падзелу працы; канчатковай і вышэйшай формай кааперацыі з’яўляецца свабодны саюз індывідаў, у якім С. усталёўваецца ў выніку свабоднага волевыяўлення.

Літ.:

Лавров П.Л. Философия и социология: Избр. произв. Т. 2. М., 1965;

Дюркгейм Э. О разделении общественного труда: Метод социологии: Пер. с фр. М., 1996;

Мечников Л.И. Цивилизация и великие исторические реки. Статьи. М., 1995.

В.​І.​Боўш.

т. 14, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САДО́ЎСКІЯ,

сям’я рускіх акцёраў.

Проў Міхайлавіч (сапр. Ярмілаў; 23.10.1818, г. Ліўны Арлоўскай вобл., Расія — 28.7.1872). З 1832 у правінцыяльных т-рах, з 1839 у Малым т-ры. Удзельнічаў у першых пастаноўках амаль усіх п’ес А.​Астроўскага, садзейнічаў іх сцверджанню на сцэне: Дзікой («Навальніца»), Кураслепаў («Гарачае сэрца»), Красноў («Грэх ды бяда на каго не жыве»), Любім Тарцоў («Беднасць не загана»). Сярод інш. роляў: Падкалёсін, Восіп («Жаніцьба», «Рэвізор» М.​Гогаля), Расплюеў («Вяселле Крачынскага» А.​Сухаво-Кабыліна), Ананій, Мітрыч («Горкі лёс», «Самаўпраўцы» А.​Пісемскага). Яго творчай манеры ўласцівы акцэнт на сац.-побытавай абмалёўцы характараў, раскрыццё яго нац. спецыфікі. Аўтар гумарыстычных апавяданняў. Міхаіл Провавіч (24.11.1847, Масква —8.8.1910), сын Прова Міхайлавіча. З 1869 у Малым т-ры. Першы выканаўца шэрагу роляў у п’есах Астроўскага. Сярод інш. значных роляў; Хлестакоў («Рэвізор» Гогаля), Пётр («Улада цемры» Л.​Талстога), Калгуеў («Новая справа» У.​Неміровіча-Данчанкі). Яго творчасць адметная спалучэннем глыбокай жыццёвай праўдзівасці, светлага гумару, задушэўнасці з драматызмам і сатырычнай вастрынёй. Аўтар нарысаў і апавяданняў з жыцця купецкай і мяшчанскай глушы (т. 1—2, 1899). Яго пераклады п’ес (Ж.​Расіна, П.​Бамаршэ, К.​Гальдоні, К.​Гоцы і інш.) ставіліся ў Малым т-ры. Выкладаў у Муз.-драм. вучылішчы Маскоўскага філарманічнага т-ва, на драм. курсах Маскоўскага тэатр. вучылішча. Вольга Восіпаўна (дзявочае Лазарава; 25.6.1849, Масква — 8.12.1919), жонка Міхаіла Провавіча. З 1879 у Малым т-ры. Яе ігра адметная выразнасцю сцэн. маўлення, яркасцю, тонкім гумарам. Сярод роляў у п’есах Астроўскага: Домна Панцялеўна («Таленты і паклоннікі»), Галчыха («Без віны вінаватыя»), Глафіра Фірсаўна («Апошняя ахвяра»), Маўра Тарасаўна («Праўда добра, а шчасце лепш»). З інш. роляў: Матрона («Улада цемры» Талстога), графіня Хруміна («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава). Лізавета Міхайлаўна (5.5.1872—4.6.1934), дачка Міхаіла Провавіча і Вольгі Восіпаўны, па сцэне (пры жыцці маці) Садоўская 2-я. З 1894 у Малым т-ры. Выконвала лірыка-драм. і камед. ролі: Глафіра, Снягурачка, Паліксена, Негіна, Юлінька, Верачка, Варвара («Ваўкі і авечкі», «Снягурачка», «Праўда добра, а шчасце лепш», «Таленты і паклоннікі», «Даходнае месца», «Жартаўнікі», «Навальніца» Астроўскага), Мар’я Антонаўна («Рэвізор» Гогаля), Сюзана («Жаніцьба Фігаро» Бамаршэ). Π ρ о ў Міхайлавіч (21.8.1874, Масква — 4.5.1947), сын Міхаіла Провавіча і Вольгі Восіпаўны. Нар. арт. СССР (1937). З 1895 у Малым т-ры. Найб. значныя ролі: Нешчасліўцаў («Лес» Астроўскага), Фамусаў («Гора ад розуму» Грыбаедава), Кошкін, Расцёгін («Любоў Яравая», «На беразе Нявы» К.​Транёва), Таланаў («Нашэсце» Л.​Лявонава). Выступаў і як рэжысёр. Паставіў п’есы «Снягурачка» (1922) і «Ваўкі і авечкі» (1944) Астроўскага, «Гора ад розуму» Грыбаедава (1938) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1943. У т-ры працавалі і інш. прадстаўнікі сям’і С.

Літ.:

Семья Садовских. М.; Л., 1939;

Дурылин С.Н. П.​М.​Садовский. М., 1950;

Клинчин А.П., Клинчин П.М. П.​М.​Садовский. М., 1968.

т. 14, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ́ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР.

Створаны на базе пераведзенага ў Магілёў Пінскага абласнога драматычнага тэатра. Адкрыты ў 1954 у будынку Магілёўскага гарадскога тэатра. У канцы 1950-х — 1960-я г. ў рэпертуары пераважала рус. драматургія («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава, «Ягор Булычоў і іншыя», «Варвары» М.​Горкага, «Тры сястры» А.​Чэхава, «Жаніцьба Бальзамінава», «Беднасць не загана» А.​Астроўскага, «Грошы для Марыі» паводле В.​Распуціна, «Фантазіі Фарацьева» А.​Сакаловай, «Гісторыя аднаго кахання» К.​Сіманава, «Таня» А.​Арбузава і інш.). Сярод п’ес замежных аўтараў «Утаймаванне свавольніцы» У.​Шэкспіра, «Каварства і каханне», «Марыя Сцюарт» Ф.​Шылера, «Нора» Г.​Ібсена, «Замак Броўдзі» паводле А.​Кроніна, «Арфей спускаецца ў пекла» Т.​Уільямса, «Візіт дамы» («Візіт старой дамы») Ф.​Дзюрэнмата і інш. Да пач. 1980-х г. ставіліся і бел. п’есы: «Паўлінка» Я.​Купалы, «Галоўная стаўка», «Даруй мне» К.​Губарэвіча, «Дні нашага нараджэння» І.​Мележа, «Лявоніха на арбіце», «Не сумуй, Верачка» («Верачка») А.​Макаёнка, «Сотнікаў» паводле В.​Быкава, «Пад адным небам» А.​Маўзона, «Тры дні і тры ночы», «Амністыя», «Апошняя інстанцыя» М.​Матукоўскага, «Аперацыя «Мнагажэнец» А.​Дзялендзіка і інш. Упершыню на бел. сцэне пастаўлены «Тутэйшыя» Я.​Купалы. У 1970—80-я г. ўвага аддавалася выразнасці сцэнаграфіі і муз. афармлення, разнастайнасці выяўл. сродкаў. Пастаўлены: «І смех і грэх» («Збянтэжаны Саўка» Л.​Родзевіча і «Прымакі» Я.​Купалы), «Клоп» У.​Маякоўскага, «Інтэрв’ю ў Буэнас-Айрэсе» Г.​Баравіка, «За ўсё добрае — смерць» Р.​Ібрагімбекава, «Каханне, джаз і чорт» Ю.​Грушаса, «Каса Марэ» І.​Друцэ, і інш. Сярод пастановак 1990-х г.: «Маленькія трагедыі» А.​Пушкіна, «Шалёныя грошы» Астроўскага, «Сніўся мне сад у шлюбным уборы» Чэхава, «Вянчанне» Ж.​Анжуя, «Школа блазнаў» М. дэ Гільдэрода, «Тарцюф» Мальера, «Каханне пад вязамі» Ю.​О’Ніла, «Вынаходлівыя закаханыя» Лопэ дэ Вэгі і інш. Ставяцца спектаклі для дзяцей: «Па зялёных хвалях акіяна» С.​Казлова, «Зайчык-зазнайчык» С.​Міхалкова, «Пунсовая кветачка» паводле С.​Аксакава, «Чараўнік ізумруднага горада» паводле А.​Волкава і інш. У творчасці т-ра значную ролю адыгралі рэжысёры Б.​Валадарскі, Я.​Вялкаў, А.​Дольнікаў, У.​Караткевіч, В.​Маслюк, Ю.​Міроненка, В.​Шутаў. У розны час у ім працавалі нар. арт. СССР Я.​Палосін, засл. артысты Беларусі Р.​Белацаркоўскі (маст. кіраўнік), Ю.​Гальперына, А.​Даніловіч, Г.​Качаткова, Н.​Караткевіч, З.​Малчанава, А.​Раеўскі (рэжысёр), Ю.​Труханаў, Н.​Фядзяева, С.​Яворскі, А.​Яфрэменка, засл. арт. Расіі Э.​Міхайлава. У складзе трупы (1999): нар. арт. Расіі М.​Радзівонаў, засл. арт. Расіі А.​Палкін, засл. арт. Башкортастана С.​Кліменка, артысты Я.​Белацаркоўская, В.​Галкін, З.​Гурцава, Л.​Гурына, А.​Дудзіч, Н.​Калакустава, Г.​Лабанок, А.​Печнікава, К.​Печнікаў, А.​П’янзін, У.​Пятровіч, У.​Саўчыкаў, Г.​Угначова, А.​Чарнякова, А.​Шапавалава. Рэж. М.​Лашыцкі (з 1997), гал. мастак М.​Волахаў (1956—98).

Т.​В.​Пешына.

Да арт. Магілёўскі абласны драматычны тэатр. Сцэна са спектакля «Тарцюф».

т. 9, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРО́ЎСКІ Аляксандр Мікалаевіч (12.4.1823, Масква — 14.6.1886),

рускі драматург і тэатр. дзеяч. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1863). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1840—43). Служыў у маск. судах (1843—50). Літ. дзейнасць пачаў у 1847. Першая камедыя «Свае людзі — паладзім» (1850) пра побыт і норавы купецтва. Супрацоўнічаў у час. «Москвитянин», «Современник», «Отечественные записки». На пач. 1850-х г. зблізіўся са славянафіламі. Пад іх уплывам стварыў сямейна-бытавыя п’есы «Не ў свае сані не садзіся» (1853), «Беднасць не загана» (1854), «Не так жыві, як хочацца» (1855), у якіх ідэалізаваў купецкі побыт і патрыярхальную старасветчыну. Новы этап у яго творчасці звязаны з грамадскім уздымам 1850—60-х г., калі талент Астроўскага ідэйна і эстэтычна пачаў фарміравацца на асновах рэв.-дэмакр. крытыкі і «натуральнай школы». У п’есах «З чужога шалу галава кружыцца» (1856), «Даходнае месца» (1857), «Выхаванка» (1859) паказаў «цёмнае царства» рус. жыцця. У трагедыі «Навальніца» (паст. 1859, выд. 1860) выкрывае грамадскія адносіны, заснаваныя на дзікунскім самавольстве і дэспатызме. У гіст. хроніках «Казьма Захаравіч Мінін-Сухарук» (1862), «Дзмітрый Самазванец і Васіль Шуйскі» (1867) паказаў патрыятызм рус. народа. Сац.-крыт. кірунак у яго творчасці мацнее з канца 1860-х г. У цыкле камедый «На ўсякага мудраца хапае прастаты» (1868), «Гарачае сэрца» (1869), «Лес» (1870), «Ваўкі і авечкі» (1875) сатырычна намаляваў прадстаўнікоў пануючых класаў дваранска-бурж. Расіі. Пра інтэлігенцыю, пошукі шчасця і сэнсу жыцця п’есы «Зароблены хлеб» (1874), «Таленты і паклоннікі» (1882), «Без віны вінаватыя» (1884), казка-утопія «Снягурачка» (1873). Драматургіі Астроўскага характэрны глыбіня і шырыня праблематыкі, народнасць, смелае выкрыццё сац. зла, дынамізм дзеяння, разнастайнасць характараў, выразнасць мовы. Астроўскі творча ўспрыняў і развіў лепшыя традыцыі рус. і сусв. драматургіі, стварыў рус. нац. рэпертуар. З яго імем звязаны росквіт Малога т-ра, які наз. «Домам Астроўскага».

Бел. глядач упершыню пазнаёміўся з творамі Астроўскага ў 1865, калі на сцэне Мінскага т-ра была пастаўлена «Навальніца». У папулярызацыі яго творчасці на Беларусі важную ролю адыгралі рус. акцёры М.​Савіна, В.​Далматаў, Г.​Фядотава, А.​Яблачкіна. Яго п’есы ставілі і бел. аматарскія тэатр. калектывы, у т. л. Таварыства аматараў прыгожых мастацтваў («Свае людзі — паладзім», «Вір», «Лес» і інш.). З 1936 п’есы Астроўскага трывала ўвайшлі ў рэпертуар бел. тэатраў. Тэатр імя Я.​Купалы ставіў «Ваўкі і авечкі» (1936), «Позняе каханне» (1944), «Таленты і паклоннікі» (1950), «Даходнае месца» (1953), «На ўсякага мудраца хапае прастаты» (1962), «Лес» (1994); тэатр імя Я.​Коласа — «Беспасажніца» (1936), «Лес» (1940), «Праўда добра, а шчасце лепш» (1950); т-р юнага гледача — «Даходнае месца» (1936), «Не ўсё кату масленіца» (1956). У п’есах Астроўскага выступалі лепшыя майстры бел. сцэны: У.​Уладамірскі, Б.​Платонаў, І.​Ждановіч, А.​Ільінскі, Л.​Ржэцкая, Л.​Рахленка, М.​Захарэвіч, В.​Тарасаў і інш. На бел. мову п’есы Астроўскага перакладалі К.​Чорны, К.​Крапіва, У.​Ягоўдзік.

Тв.:

Полн. собр. соч. Т. 1—16. М., 1949—53;

Бел. пер. — Гарачае сэрца. Мн., 1937;

Не ўсё кату масленіца. Мн., 1937;

П’есы. Мн., 1939.

Літ.:

Няфёд У. Беларускі тэатр. Мн., 1959;

Лабовіч А. А.​М.​Астроўскі ў тэатральным жыцці Беларусі дакастрычніцкага перыяду // Бел. мастацтва. Мн., 1962. Вып. 3.

А.М.Астроўскі.

т. 2, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯКРА́САЎ Мікалай Аляксеевіч (10.12.1821, в. Сінькі Ульянаўскага р-на Кіраваградскай вобл., Украіна — 8.1.1878),

рускі паэт. Вучыўся ў Яраслаўскай гімназіі (1832—37). У 1839—40 вольнаслухач Пецярбургскага ун-та. Першы зб. вершаў — «Мары і гукі» (1840). У 1845 выдаў зб. «Фізіялогія Пецярбурга» (ч. 1—2), у 1846 — «Пецярбургскі зборнік», у якіх змешчаны творы пісьменнікаў натуральнай шкалы. Выдаваў і фактычна рэдагаваў час. «Современник» (1847—66), з 1868 рэдактар час. «Отечественные записки». Збліжэнне з В.​Бялінскім, пазней супрацоўніцтва з М.​Чарнышэўскім і М.​Дабралюбавым зрабілі ўплыў на фарміраванне яго рэв.-дэмакр. светапогляду і глыбока нар. рэаліст. творчасць. Вершы 1840-х г. востра сацыяльныя, у іх спалучаецца пранікнёны лірызм з бязлітаснай сатырай. Праз усю творчасць Н. праходзіць тэма народа, увасобленая ў разнастайнасці тыпаў і характараў: цыкл вершаў «Пра надвор’е», вершы «Роздум каля параднага пад’езда», «На Волзе», «Плач дзяцей», «Чыгунка», «Песня пра свабоднае слова», паэмы «Мароз, Чырвоны нос» (1863—64), «Каму на Русі жыць добра» (1866—81, не завершана; на бел. мову пераклаў А.​Якімовіч, 1940) і інш. Аўтар паэм «Няшчасныя» (1858, не завершана), «Дзядуля» (1870), «Рускія жанчыны» (1872—73; прысвечана жонкам дзекабрыстаў), сатыр. «Сучаснікі» (ч. 1—2, 1875—76), раманаў «Тры краіны свету» (1848—49), «Мёртвае возера» (1851, абодва ў сааўт. з А.​Панаевай) і інш. Пісаў апавяданні, нарысы, фельетоны, драм. творы, публіцыстычныя і крытычныя артыкулы, творы для дзяцей і інш. Адзін з першых звярнуў увагу на гаротнае жыццё бел. народа, стварыў вобраз беларуса («Чыгунка» і «Каму на Русі жыць добра»), Грамадзянская, дэмакр., цесна звязаная з фальклорам, паэзія Н. зрабіла вял. ўплыў на развіццё рус. л-ры і л-ры інш. народаў, у т. л. беларускай. Бел. паэты развівалі някрасаўскую павагу да мужыка, заклікалі народ да барацьбы за сац. і духоўнае вызваленне. Пад знакам ідэй «песняра гора народнага» развівалася паэзія У.​Сыракомлі, Ф.​Багушэвіча, Я.​Лучыны. А.​Гурыновіч шырока выкарыстоўваў вобразнасць Н. ў сваіх вершах, пераклаў на бел. мову паэму «Мароз, Чырвоны нос». Новым этапам у асваенні традыцый Н. з’явілася творчасць Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, Цёткі. Агульнасць маральна-этычных пазіцый Я.​Купалы і Н. адчуваецца ў вершах «Пашкадуй мужыка», «Жніво», паэме «Яна і я». Коласаўскія вобразы сялян — працаўнікоў, праўдашукальнікаў — блізкія да вобразаў паэмы «Каму на Русі жыць добра». У 2-й пал. 19 ст. на Беларусі ставіліся прасякнутыя сац.-дэмакр. матывамі вадэвілі Н. «Вось што значыць пакахаць актрысу», «Шыла ў мяшку не ўтоіш, а дзяўчыну пад замком не ўтрымаеш», «Акцёр», меладрама «Мацярынскае благаславенне, або Беднасць і гонар» (пераклад-пераробка франц. п’есы А.​Дэнеры і Г.​Лемуана), драма «Асенні сум». Паэтызацыя працы (асабліва сялянскай), прыроды, гуманізм, прага дабра і справядлівасці — гэтыя рысы паэзіі Н. паўплывалі на фарміраванне эстэт. ідэалу бел. паэзіі. Бел. паэты выкарыстоўвалі вопыт Н. па збліжэнні паэзіі з прозай (празаізацыя паэзіі), з інш. літ. жанрамі. Бліскучыя ўзоры ўзаемапранікнення лірычнага і публіцыстычнага пачаткаў у творах Н. садзейнічалі творчаму росту многіх бел. паэтаў (П.​Броўка, А.​Куляшоў, М.​Танк, П.​Панчанка, Г.​Бураўкін, А.​Вялюгін, А.​Вярцінскі, Н.​Гілевіч, А.​Русецкі і інш.). На бел. мову асобныя творы Н. пераклалі Я.​Купала, Броўка, М.​Танк, Р.​Барадулін, А.​Бачыла, Бураўкін, Вярцінскі, М.​Лужанін, Я.​Семяжон і інш.

Тв.:

Полн. собр. соч. и писем. Т. 1—12. М., 1948—53;

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1990;

Стихотворения и поэмы. Мн., 1980;

Дедушка Мазай и зайцы: Поэмы, стихи. Мн., 1997;

Бел. пер. — Генерал Таптыгін. 3 выд. Мн., 1952;

Сялянскія дзеці. 2 выд. Мн., 1955;

Дзядуля Мазай і зайцы. 3 выд. Мн., 1957;

Дзецям. Мн., 1971;

Лірыка. Мн., 1971.

Літ.:

Евгеньев-Максимов В. Жизнь и деятельность Н.​А.​Некрасова. Т. 1—3. М.; Л., 1947—52;

Некрасовские традиции в истории русской и советской литературы. Ярославль, 1985;

Прийма Ф.Л. Некрасов и русская литература. Л., 1987;

Трофимов И.В., Гаркави А.М. Идейно-художественное своеобразие лирики Н.​А.​Некрасова. Киев, 1989.

У.​В.​Гніламёдаў.

М.А.Някрасаў.

т. 11, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

З ГІСТОРЫІ ЭКАНАМІЧНАЙ ДУМКІ БЕЛАРУСІ

Першапачаткова эканамічныя погляды на Беларусі фіксаваліся ў юрыд. актах і дакументах: гандл. дагаворах паміж гарадамі і дзяржавамі, у статутах і ўставах ВКЛ. Яны адлюстроўвалі спецыфіку мясц. эканам. умоў і агульныя тэндэнцыі ў развіцці эканам. думкі Еўропы. З сярэдзіны 16 ст., асабліва ў часы Рэфармацыі, распаўсюджваўся вопыт Захаду: прапаганда меркантылісцкіх ідэй, моцнай цэнтралізаванай улады, развіццё земляробства. Напр., М.​Літвін абгрунтоўваў неабходнасць аднолькавага падатку з усіх грамадзян ВКЛ; С.​Будны выступаў за недатыкальнасць прыватнай уласнасці, але прапаноўваў абмежаваць крайнасці прыгоннага права; Ф.​Скарына, поруч з патрабаваннем роўнасці для ўсіх, выказваўся за захаванне існуючай эканам. мадэлі грамадства. Тэолаг, філосаф і эканаміст канца 16 — пач. 17 ст. М.​Сміглецкі эканам. катэгорыі (пазыковы працэнт, прыбытак, цана, зямельная рэнта) разглядаў у цеснай узаемасувязі з развіццём таварна-грашовых адносін і фактарамі рыначнай кан’юнктуры, крыніцу рэнты ён бачыў у працы сялян (працоўная тэорыя вартасці). Прадстаўнікі левага крыла арыян (М.​Чаховіц і Якуб з Калінаўкі) выступалі з патрабаваннем поўнай ліквідацыі прыгоннага права; вышэйшым выяўленнем іх утапічнага сацыялізму можна лічыць спробу стварыць сваё «ідэальнае грамадства» — Ракаўскую камуну. Развіццё прадукцыйных сіл стварыла ўмовы для фарміравання самастойнай эканам. навукі, найперш палітэканоміі і эканомікі сельскай гаспадаркі. Найбольшы ўплыў мела вучэнне фізіякратаў (І.​Масальскага, П.​К.​Бжастоўскага, М.​Карповіча і інш.), якое перанесла эканам. даследаванні са сферы абарачэння ў вытворчасць; земляробства яны лічылі адзінай крыніцай дабрабыту. Ідэі, падобныя на погляды франц. камуністаў-утапістаў, прапагандавалі ў сваіх працах І.​Быкоўскі, С.​Зяловіч, І.​Яленскі і інш. Праблемы палітэканоміі на базе вучэння А.​Цюрго ў канцэнтраваным выглядзе знайшлі адлюстраванне ў даследаваннях І.​Храптовіча, а практычную рэалізацыю — у дзейнасці гродзенскага старасты А.​Тызенгаўза (арганізацыя мануфактур і Гандлёвай канторы, правядзенне агр. рэформы і інш.). Прафесары Віленскага ун-та І.​Страйноўскі, Я.​Зноска, С.​Малеўскі, Я.​Вашкевіч у канцы 18 — пач. 19 ст. сталі выкладаць эканам. дысцыпліны, абапіраючыся на вучэнне А.​Сміта, з моцным уплывам фізіякратычных ідэй. У падручніках па палітэканоміі яны разглядалі асноўныя палітэканамічныя катэгорыі: вартасць, цана, прыбытак, рэнта, канкурэнцыя і інш. Я.​Вашкевіч у шэрагу сваіх публікацый развіваў такія эканам. дысцыпліны, як эканоміка гандлю, фінансы і крэдыт. Сувязь бел. эканам. думкі з рускай выявілася ў працах удзельнікаў руху дзекабрыстаў і петрашэўцаў (І.​Ястржэмбскі, І.​Гарбачэўскі).

У сярэдзіне 19 ст. цэнтрам фарміравання эканам. навукі на Беларусі стаў Горы-Горацкі земляробчы ін-т, у якім працавалі прафесары-эканамісты Б.​Міхельсон, Б.​Цалінскі, А.​Гінцаль, А.​М.​Бажанаў і інш. Міхельсон абгрунтаваў мэтазгоднасць паступовага пераводу сялян з паншчыны на аброк з наступным іх выкарыстаннем у якасці наёмных рабочых, бесперашкоднае развіццё прамысловасці і гандлю; Цалінскі прапанаваў браць падаткі не з капіталу, а з даходаў; скласці зямельны кадастр і ўвесці пазямельны падатак; Бажанаў, распрацаваў методыку эфектыўнага выкарыстання тэхнікі ў сельскай гаспадарцы, даследаваў праблемы статыстыкі, страхавання і крэдытавання ў сельскай гаспадарцы. І.​Корвін-Мілеўскі тэарэтычна абгрунтаваў нежыццяздольнасць дробных сялянскіх гаспадарак і неэфектыўнасць грамадскай уласнасці, быў прыхільнікам надання асабістай свабоды сялянам і абараняў буйную зямельную ўласнасць. Пасля скасавання прыгоннага права з пазіцый лібералізму і свабоднай канкурэнцыі выступаў Ю.​Янсан, які тэарэтычна падзяляў ідэю гармоніі інтарэсаў Ф.​Бастыі і крытыкаваў кааператыўную тэорыю сацыялізму Ф.​Лісала і Ф.​Шульцэ-Дэліча, а таксама тэорыю абшчыннага сацыялізму М.​Ф.​Чарнышэўскага. Значныя эканам. даследаванні ў 1860-я г. праведзены па асобных бел. губернях. П.​В.​Баброўскі апісаў эканам. становішча Гродзенскай губ. Гал. крытэрыямі магутнасці дзяржавы і яе насельніцтва ён лічыў шляхі зносін, рост прамысловасці і гандлю, раўнамернае падаткаабкладанне; у сельскай гаспадарцы ён абгрунтоўваў ідэю перавагі дробных сялянскіх самастойных гаспадарак. І.​Зяленскі ўпершыню паспрабаваў ажыццявіць эканам. раянаванне Мінскай губ. на падставе прадукцыйнасці зямлі, падкрэсліваў важнасць вывучэння гарадской эканомікі і ўдасканалення статыстыкі. М.​Дубенскі на прыкладзе Магілёўскай губ. спрабаваў вырашыць пытанне ацэнкі нерухомасці. Кошт зямлі ён вызначаў попытам і прапановамі, якія залежаць ад населенасці і багацця краіны. З пазіцый рэв. дэмакратаў з крытыкай рэформы 1861 выступаў К.​Каліноўскі, які патрабаваў перадачы зямлі сялянам без усялякіх выкупаў.

У канцы 19 ст. па меры станаўлення рыначных адносін у эканам. даследаваннях глыбей сталі адлюстроўвацца інтарэсы розных пластоў насельніцтва, аналізавацца пазіцыі розных эканам. школ. Прафесар А.​П.​Людагоўскі выдаў першы ў Расіі падручнік па эканоміцы сельскай гаспадаркі. А.​Ельскі прааналізаваў гісторыю развіцця нар. гаспадаркі Беларусі і яе эканам. думкі ў кантэксце эвалюцыі звычаяў бел. народа. Сталі з’яўляцца эканам. працы з выкарыстаннем матэматычных метадаў. Так, А.​Раўкоўскі ўпершыню ў Расіі выкарыстаў матэм. метады пры аналізе эфектыўнасці дзейнасці камерцыйных банкаў, а І.​Жылінскі даказаў эканам. эфектыўнасць укладанняў у асушэнне Палескіх балот. Марксісцкі кірунак палітэканоміі ў той перыяд прадстаўлялі Б.​Белаблоцкі і І.​Гурвіч. Супярэчлівымі былі даследаванні моцных с.-г. таварыстваў. Большасць іх даследчыкаў адстойвалі прынцыпы пераходу на рыначныя адносіны, развіццё на Беларусі перапрацоўчай вытворчасці, перавод сялян на ўчасткова-падворную форму землекарыстання, развіццё фінансава-крэдытных устаноў, удасканальванне падатковай сістэмы і інш. Народніцкія погляды прапагандавалі Ф.​Багушэвіч, А.​Гарагляд, А.​Гурыновіч, рэдакцыя газеты «Минский листок» і часопіс «Гомон». На бел. мову былі перакладзены працы рас. эканаміста В.​Варзара «Хітрая механіка» («Дзядзька Антон») і ўкраінскага эканаміста С.​Падалінскага «Пра беднасць» («Пра багацтва ды беднасць»).

У пач. 20 ст. даследаваліся праблемы эканомікі сельскай гаспадаркі, развіцця прамысловасці і фін.-крэдытных устаноў. Марксісцкага падыходу ў сваіх працах прытрымліваліся А.​Анекштэйн (у газ. «Северо-Западный край» ён апублікаваў цыкл артыкулаў, у якіх разглядаў асноўныя эканам. катэгорыі, прадмет і метад палітэканоміі), С.​С.​Трусевіч абгрунтаваў мэтазгоднасць перадачы зямлі ва ўласнасць сялян. Прадстаўнікі бурж.-памешчыцкай эканам. думкі (А.​Осіпаў, Д.​Радзевіч, Г.​Свянціцкі і інш.) шукалі шляхі развіцця хутарской гаспадаркі пры захаванні і інтэнсіфікацыі памешчыцкай. Ф.​Ястрэмскі падрабязна прааналізаваў эканам. стан Мінскай губ. і зрабіў ацэнку нерухомасці для больш дакладнага падаткаабкладання, а С.​Любіч выдаў шэраг прац па палітэканоміі, эканам. геаграфіі, сельскай гаспадарцы. Інтарэсы бел. сялянства адстойвала Бел. сацыялістычная грамада (БСГ) і яе друкаваны орган «Наша ніва», у якой асвятляліся праблемы кааперацыі, аграрныя пытанні, хутарызацыя, даваўся аналіз эканам. развіцця асобных бел. губерняў і інш.

У 1917—21 ішоў пошук шляхоў далейшага эканам. развіцця Беларусі. Бальшавіцкі падыход адлюстраваны ў эканам. даследаваннях А.​Ф.​Мяснікова, Р.​В.​Пікеля, І.​А.​Мяніцкага, С.​Л.​Гельтмана, В.​С.​Міцкевіча-Капсукаса, якія абгрунтоўвалі мэтазгоднасць ліквідацыі прыватнай уласнасці і таварна-грашовых адносін, пераход да абагуленай вытворчасці і цэнтралізаванай сістэмы кіравання. Да сацыял-дэмакр. поглядаў схіляліся ідэолагі бел. нац.-культурнага адраджэння. Упершыню цэласная ацэнка эканам. развіцця і стану Беларусі як самастойнага гасп. механізму дадзена А.​А.​Смолічам, А.​Л.​Бурбісам, А.​М.​Уласавым, А.​Цвікевічам. Прадстаўнікі земскага руху (Д.​Д.​Бохан, П.​У.​Злобін) адстойвалі неабходнасць эканам. развіцця Беларусі па шляху Захаду, крытыкавалі палітыку бальшавікоў як неэфектыўную, якая прывядзе да эканамічнага краху.

У 1920—30-я г. эканам. думка Беларусі развівалася ў 2 кірунках: у БССР (як часткі СССР) шукалі альтэрнатыву капіталіст. шляху развіцця, а ў Зах. Беларусі (у складзе Польшчы) распрацоўваліся пытанні паляпшэння эканам. стану. У Зах. Беларусі выйшлі прыкметныя даследаванні па эканоміцы сельскай гаспадаркі А.​Клімовіча, па ацэнцы вучэння К.​Маркса — Т.​Грыба, па кааперацыі — С.​Чыжэўскага, Ф.​Акінчыца, А.​Клімовіча; аграрныя пытанні даследавалі З.​Людкевіч і рэктар Віленскага ун-та А.​Станкевіч. У 1926 упершыню на бел. мове выйшаў падручнік па палітэканоміі А.​Більдзюкевіча, у якім прадстаўлены ўсе існуючыя на той час эканам. школы, а таксама гісторыя развіцця сусветнай эканам. думкі. Эканамічным пытанням аддавалася належнае ў праграмах бел. нац. партый і рухаў: Бел. сялянска-рабочай грамады (Б.​С.​Тарашкевіч), эсэраў (Грыб), хрысціянскіх дэмакратаў (Станкевіч, В.​І.​Гадлеўскі) і інш. У БССР да гал. дасягненняў эканам. думкі можна аднесці: распрацоўку мадэлі далейшага сац.-эканам. развіцця Беларусі ва ўмовах спалучэння камандных і рыначных метадаў кіравання (у перыяд нэпа), падлік нац. даходу (Г.​І.​Гарэцкі), правядзенне эканам. раянавання (Смоліч, Р.​В.​Бонч-Асмалоўскі), распрацоўка першага 5-гадовага плана развіцця нар. гаспадаркі БССР. З’явіліся даследаванні па пытаннях расійскага імперыялізму і агульнага крызісу капіталізму (М.​Б.​Гольман), па сусветнай гаспадарцы і эканам. думцы Захаду (І.​Герцыка), па гісторыі развіцця эканомікі Беларусі (М.​Доўнар-Запольскі, Смоліч, І.​А.​Пятровіч, У.​І.​Ігнатоўскі), па эканоміцы лясной гаспадаркі (Б.​Ганжы), па эканоміцы меліярацыі (А.​Фралова). У 1930-я г. асноўная ўвага бел. эканамістаў была сканцэнтравана на даследаваннях праблем індустрыялізацыі і калектывізацыі, размяшчэння прадукцыйных сіл, арганізацыі працы, эканам. раянавання і інш.

У 1950—60-я г. эканам. даследаванні ў БССР значна пашырыліся. Акрамя Ін-та эканомікі Нац. АН Беларусі эканам. даследаванні сталі праводзіцца ў НДІ эканомікі і арганізацыі с.-г. вытворчасці, НДІ эканомікі і эканоміка-матэм. метадаў планавання пры Дзяржплане БССР. У гэты перыяд даследаваліся праблемы палітэканоміі (Г.​Т.​Кавалеўскі, З.​З.​Дудзіч), эфектыўнасці капітальных укладанняў і кібернетыкі (М.​І.​Вядута), размяшчэння прадукцыйных сіл (В.​Ф.​Мядзведзеў), эканомікі сельскай гаспадаркі (І.​М.​Качура, Ф.​С.​Марцінкевіч), эфектыўнасці нар. гаспадаркі (С.​М.​Малінін), эканам. геаграфіі (Кавалеўскі, Я.​Г.​Ракаў), эканам. гісторыі Беларусі (Малінін, М.​Р.​Матусевіч, В.​І.​Дрыц, З.​І.​Гіяргідзе), уліку і аналізу гасп. дзейнасці прадпрыемстваў (М.​У.​Дэмбінскі), гасп. рэформы 1965. У 1970—80-я г. бел. эканамісты працягвалі даследаваць тэарэтычныя пытанні палітэканоміі сацыялізму, крытыкі сучасных бурж. тэорый. Больш увагі сталі аддаваць эканоміцы навукі (І.​І.​Сяржынскі, В.​С.​Серада), комплексным праграмам (С.​Р.​Галуза, Ф.​А.​Дронаў), эканам. гісторыі (Дрыц), павышэнню эфектыўнасці грамадскай вытворчасці (Марцінкевіч, П.​А.​Капітула, І.​А.​Міхайлаў-Станюта), эканоміцы меліярацыі (Г.​М.​Лыч), гісторыі эканам. вучэнняў (М.​В.​Навучыцель), рэгіянальнаму гаспразліку (П.Г. і М.​У.​Нікіценкі) і інш. Плённа працавалі выкладчыкі ВНУ па стварэнні падручнікаў па розных эканам. дысцыплінах. Так, А.​Г.​Заўялкаў упершыню ў СССР падрыхтаваў і выдаў падручнік па цэнаўтварэнні.

З набыццём дзярж. суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь кардынальна змянілася праблематыка эканам. даследаванняў — пачалася распрацоўка канкрэтных прапаноў па эфектыўным пераходзе эканомікі Беларусі на рыначныя адносіны і яе ўдзел у міжнар. падзеле працы. Практычна ўсе даследаванні пачынаючы з 1990-х г. мелі пошукавы характар або абагульнялі вопыт краін Захаду.

З канца 1990-х г. распрацоўваюцца больш канкрэтныя эканам. праблемы з фарміраваннем розных кірункаў даследаванняў. У іх ліку распрацоўка мадэлі сацыяльна-эканам. развіцця Беларусі (П.​Г.​Нікіценка), эфектыўнасці знешняга гандлю і ўваходу Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю (Мядзведзеў), комплексных прагнозаў НТП і сацыяльна-эканам. развіцця краіны (У.​М.​Шымаў, Л.​М.​Крукаў), эканам. бяспекі (В.​Н.​Ермашкевіч, У.​В.​Пузікаў), дзярж. рэгуляванне (І.​В.​Новікава), цэнаўтварэнне (У.​І.​Тарасаў), сацыяльныя пытанні (А.​П.​Морава), гісторыя эканам. думкі (В.​М.​Бусько). Новымі кірункамі даследаванняў эканам. навукі, звязаных з пераходам да рыначных адносін, сталі маркетынг (І.​Л.​Акуліч, А.​П.​Дуровіч), тэарэтычныя аспекты рыначных пераўтварэнняў у АПК (У.​Л.​Клюня, А.​В.​Вараб’ёў), рэгіянальная эканоміка (П.​Лямешчанка), прадпрымальніцтва (А.​І.​Лучанок), падаткаабкладанне (Г.​А.​Шмарлоўская), дэманапалізацыя (Г.​Р.​Санько), фінансы і крэдыт (М.​М.​Кавалёў, С.​А.​Багданкевіч) і інш. Ураджэнцы Беларусі адыгралі важную ролю ў развіцці эканам. думкі асобных краін. Так, у Расіі вызначыліся Дз.​І.​Жураўскі (вывучаў статыстыку) і В.​Сямеўскі (вывучаў гісторыю нар. гаспадаркі Расіі), у ЗША — С.​Кузнец (вывучаў праблемы эканам. росту, лаўрэат Нобелеўскай прэміі).

Літ.:

Бусько В.Н. Экономическая мысль Белоруссии середины XIX — начала XX вв. Мн., 1990;

Яго ж. Экономическая мысль Белоруссии в период НЭПа (20-е годы). Мн., 2000;

Бусько В.Н., Якимченко С.И. Экономическая мысль Белоруссии (февраль 1917 г. — март 1921 г.). Мн., 2001;

Никитенко П.Г., Бусько В.Н. Они были первыми академиками-экономистами Беларуси. Мн., 2001;

Вклад ученых БГУ в развитие экономического образования и экономической мысли Беларуси. Мн., 2002.

В.​М.​Бусько.

т. 18, кн. 2, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТАРАТУРА ЭПОХІ СЯРЭДНЕВЯКОЎЯ (канец 10—15 ст.).

Вытокі бел. літаратуры ва ўсходнеслав. пісьменстве Кіеўскай Русі. Узнікненне першых дзярж. аб’яднанняў і культурна-гіст. прагрэс славян выклікалі неабходнасць розных дзелавых запісаў яшчэ ў дахрысціянскі час. Аднак толькі са стварэннем кірылічнай азбукі, прыняццем хрысціянства і выпрацоўкай літ. стараслав. мовы пачалося пашырэнне пісьменства. З’явілася патрэба ў кнігах для набажэнства і азнаямлення насельніцтва з асновамі новага веравучэння. Такія кнігі былі створаны ў Візантыі і перакладзены на стараслав. мову ў Балгарыі. Да іх належаць рознага тыпу Евангеллі, Апосталы, Трыёдзі, «Мінеі-Чэцці», а таксама Псалтыр, Парамійнік, Пролаг і інш., якія складаюць агульны фонд слав. пісьменства, аднолькавы для ўсіх правасл. славян. Разам з імі на ўсх.слав. землі трапілі рэліг. чытальныя, даведачныя і інш. зборнікі: «Пчала», ізборнікі, ізмарагды, «Залаты ланцуг», «Златавуст», «Златаструй», пацерыкі, хронікі і інш. Тыпы кніг, або зборнікаў, адрозніваюць ад жанраў перакладной літаратуры — жыціі святых (змяшчаліся ў «Мінеях-Чэццях», Пролагу, ізборніках), павучальнае і ўрачыстае красамоўства (пропаведзі), малітваслоўі, гімнаграфія, пацерыковыя апавяданні, патрыстыка і хронікі. Найб. папулярнасць атрымалі жыціе Міколы Цудатворца, «Жыціе Аляксея, чалавека божага», аповесці «Александрыя» (фантаст. аповесць пра Аляксандра Македонскага), «Троя», «Іудзейская вайна» Іосіфа Флавія, хронікі Георгія Амартала і Іаана Малалы, «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа», «Сінайскі пацярык», «Шасціднёвік» Іаана, экзарха Балгарскага, «Фізіёлаг», «Хрысціянская тапаграфія» Казьмы Індыкаплава, павучальныя і дагматычныя творы Іаана Златавуста, Яфрэма Сірына, Іаана Дамаскіна. Асобныя біблейскія тэмы, матывы і сюжэты распрацоўваліся ў апокрыфах пра стварэнне чалавека («Як Бог стварыў Адама»), жыццё Хрыста (евангеллі ад Нікадзіма, Іакава, Фамы), дзеі апосталаў («Абыходы апостальскія»), Багародзіцу («Хаджэнне Багародзіцы па пакутах»; у бел. апрацоўцы 15—16 ст. «Пра дванаццаць пакут») і інш. У канцы 10—11 ст. перакладныя кнігі перапісваліся на ўсх.-слав. землях; найб. старажытныя з іх, якія звязаны з Беларуссю, — Тураўскае (11 ст.), Полацкае (12 ст.) і Аршанскае (пач. 13 ст.) евангеллі. Творы, прызначаныя для чытання, а не для набажэнства, маглі не мець устойлівага тэксту, і перакладчыкі, рэдактары, перапісчыкі, прыстасоўваючы тэксты да мясц. умоў, змянялі іх змест з мэтамі тлумачэння, пашырэння або скарачэння. Пачалі складацца рэгіянальныя варыянты перакладных помнікаў. З арыгінальных уставак і рэдакцый перакладных тэкстаў, а таксама са стварэння першых твораў дзелавога пісьменства пачалося зараджэнне ўсх.-слав. літаратур. Да 15 ст. многія арыгінальныя творы напісаны ў адпаведнасці са строгімі жанравымі, стылістычнымі і інш. нормамі, якія склаліся ў Візантыі. Літаратура перыяду ранняга сярэдневякоўя (канец 10—1-я пал. 13 ст.) не вылучалася з агульнай сукупнасці інш. пісьмовых помнікаў, што мелі дзелавы і пазнавальны характар (царкоўна-службовы, справаводны, прыродазнаўчы, гісторыка-юрыд. і інш.), бо сярэдневяковае мысленне мела сінкрэтычны характар.

Вартасці твора вызначаліся не эстэт. характарыстыкамі, а карыснасцю з пункту гледжання прыкладных мэт яго напісання.

У 11—12 ст. гал. цэнтрам кніжнасці на Русі быў Кіеў, а асн. месцамі літ. жыцця — манастыры. Кіеўская мітраполія кіравала рэліг. дзейнасцю і забяспечвала кнігамі ўсе астатнія землі; у кіеўскай кнігавытворчай справе ўдзельнічалі выхадцы з усіх краёў Стараж. Русі. Тут была зроблена асн. частка перакладаў, створаны помнікі агульнага ўсх.-слав. зместу: «Слова пра закон і ласку божую» мітрапаліта Іларыёна, прысвечанае не толькі ўзаемаадносінам Старога і Новага запаветаў, але і асэнсаванню гіст. місіі хрысціянства, апалогіі хрышчэння Русі; «Сказанне» і «Чытанне» пра Барыса і Глеба, «Жыціе Феадосія Пячэрскага», «Кіева-Пячэрскі пацярык» і інш. Асаблівае значэнне мела летапісанне. Летапісы паводле зместу былі свецкімі творамі, але асвятлялі гісторыю ўсх. славян з рэліг. пазіцый. У апавяданнях пра дагістарычныя часы Русі шырока выкарыстоўваліся розныя паданні, фальклор. Самы стараж. летапіс, што захаваўся да нашага часу, — «Аповесць мінулых гадоў», складзеная ў пач. 12 ст. манахам Нестарам на аснове папярэдніх летапісных зводаў. Твор прысвечаны ўзнікненню і станаўленню дзяржаўнасці ва ўсх. славян, прыняццю хрысціянства князем Уладзімірам, паліт. гісторыі Русі ранняга сярэдневякоўя; у ім змешчана апавяданне пра Рагвалода і Рагнеду і многія іншыя гіст. падзеі 10—11 ст. на этнічных бел. землях. Да сярэдзіны 12 ст. манахі-кніжнікі ўяўлялі Русь у многім як агульную этнакультурную і паліт. супольнасць. Ігумен чарнігаўскага манастыра Данііл склаў першае апісанне Іерусалімскіх святынь і паклаў пачатак жанру хаджэнняў, стаўшы такім чынам прадстаўніком усх.-слав. зямель у Палесціне. Аднак агульнарус. ідэалы кніжнікаў не цалкам адпавядалі дзярж.-паліт. становішчу ва Усх. Еўропе. Працэс этнічнай дыферэнцыяцыі славянства прыводзіў да фарміравання асобных этн. груп, што супадала з феадалізацыяй і адасабленнем розных зямель, ростам гарадоў, якія станавіліся цэнтрамі незалежных княстваў і ачагамі культуры. Ужо ў 1-й пал. 12 ст. ў пісьменстве асобных гарадоў выяўлялася цікавасць да мясц. тэматыкі, пазней узніклі культы мясцовашанаваных святых, што выклікала стварэнне іх жыцій. Творы тагачасных аўтараў прызначаліся пераважна для чытання ўголас, што абумоўлівала яскрава выражаны царкоўна-павучальны характар усёй творчасці. Пісьменства мела пераважна ананімны характар, важную ролю ў ім адыгрывалі агульныя месцы, літ. этыкет і маст. канон. Літаратура павінна была адлюстроўваць і асэнсоўваць жыццё паводле біблейскіх уяўленняў і хрысц. светапогляду. У выніку склаліся агульны стыль выяўлення (манументальны гістарызм), універсальная аснова творчасці (сярэдневяковы сімвалізм) і літ. мова са складаным узаемадзеяннем стараж.-слав. і мясц. элементаў; агульнымі заставаліся іерархія жанраў, погляды пісьменнікаў на рэчаіснасць і інш. Многія творы, напісаныя ў асобных землях, пашыраліся па ўсім усходнеслав. арэале і ў выніку агульнасці веравызнання і літ. мовы паўсюль прымаліся як уласныя. Аднак мясц. тэматыка цясней звязвала літ. творы з надзённым жыццём, служыла ўмовай для выяўлення пісьменнікамі ўласных адносін да напісанага, што давала магчымасць для адлюстравання ў творах мясц. інтарэсаў і поглядаў, асаблівасцей гаворак.

На этн. бел. землях пісьменства існавала з 10 ст., аднак да 1130-х г. развіццё кніжнасці адбывалася ў агульнарус. рэчышчы. Тут бытавалі ўсе асн. віды, жанры, помнікі літаратуры Кіеўскай Русі. Толькі з пачаткам актыўнай рэліг.-асветніцкай дзейнасці Ефрасінні Полацкай узнік першы літ. ачаг у заснаваным ёю манастыры, у дзейнасці якога заўважаюцца рысы, адметныя ад інш. культ. цэнтраў Русі. «Жыціе Ефрасінні Полацкай» (канец 12 — пач. 13 ст.) змяшчае не толькі тыповыя для ўсх. жыцій апавяданні пра шлях да святасці, подзвігі, спачын гераіні, але і разгорнутае апісанне яе паломніцтва на Усход (што было ўласціва для лацінамоўнай агіяграфіі Еўропы), а таксама рытарычную пахвалу князёўне. Магчыма, фрагменты з яе твораў пазней укладзены агіёграфам у вусны асветніцы ў «Жыціі». Гал. паліт. і культ. цэнтрам тагачаснай Беларусі быў Полацк, які, відаць, меў сваё летапісанне. Хоць сам тэкст Полацкага летапісу не захаваўся, матэрыялы з яго пазней уключаны ў склад Іпацьеўскага летапіснага зводу. Мяркуюць, што полацкае летапісанне было пераважна княжацкім. У сціслых, але інфармацыйна насычаных пагадовых артыкулах паведамлялася пра паліт. дзейнасць прадстаўнікоў полацкай дынастыі, гал. падзеі ў княстве і залежных ад Полацка гарадах. Важную ролю ў літ. развіцці краю з 2-й пал. 12 ст. адыгрываў Смаленск. Традыцыі мітрапаліта Іларыёна творча развіты Кліментам Смаляцічам, са спадчыны якога захавалася толькі «Пасланне смаленскаму прэсвітэру Фаме». У ім аўтар выяўляе тонкае веданне багаслоўя, валоданне ўсімі рытарычнымі сродкамі вядзення палемікі, шырокае знаёмства з тагачаснымі творамі візантыйскіх тэолагаў, умела звязвае ў адно цэлае рэліг.-дагматычныя праблемы і пытанні царк. кіравання, унутр. і знешняй палітыкі Русі. Выдатным прамоўцам быў Аўрамій Смаленскі, «Жыціе» якога складзена каля 1240 яго вучнем манахам Яфрэмам. У творы адлюстравана жыццё сярэдневяковага горада, зроблена спроба даць славесны партрэт персанажа. Адметнымі ў жанравых адносінах былі аповесці пра цудоўныя здарэнні «Слова пра жанчын і дзяўчат смаленскіх» і «Слова пра Меркурыя Смаленскага», у якіх увасобіліся простанародныя рэліг. погляды і ўзаемапранікненне стараж. міфалогіі і хрысціянства.

Важным цэнтрам пісьменства быў і Тураў. Тут складзена мясц. рэдакцыя «Чытання пра жыццё і гібель... Барыса і Глеба», у дадатку да якой змешчана арыгінальнае «Слова пра манаха Марціна». Высокай ступені літ. дасканаласці, уключаючы свабоднае валоданне ўсім багаццем ант. і візантыйскай рыторыкі, дасягнула ў Тураве павучальнае і ўрачыстае красамоўства. Прамоўніцкая спадчына Кірылы Тураўскага складае больш за 50 помнікаў розных жанраў. Змест твораў цалкам рэлігійны, што абумовіла іх вядомасць ва ўсіх правасл. краінах. Кірыла Тураўскі пісаў на стараслав. мове; для яго стылю характэрна ўскладненасць і ўрачыстасць, высокае літаратурна-маст. майстэрства выкладу. Яго творчасць карысталася вял. папулярнасцю на ўсх.-слав. землях і істотна паўплывала на развіццё аратарскай прозы. Вяршыня л-ры Кіеўскай Русі — «Слова аб паходзе Ігаравым», якое ўзнікла на скрыжаванні лепшых традыцый кніжнасці і фальклору. «Слова...» глыбока народнае па духу і ідэйна-вобразным ладзе, прасякнутае гарачай любоўю да рус. зямлі, клопатам пра яе абарону ад знешніх ворагаў. Прыватны эпізод руска-палавецкіх войнаў ператвораны ў падзею вялікага гіст. маштабу. У творы намаляваны прывабны вобраз Усяслава Полацкага; гераізмам ахутаны князь Ізяслаў Васількавіч, які не атрымаў дапамогу ад братоў і загінуў у бітве з літоўцамі. Невядомы аўтар выступае супраць міжусобных войнаў і сцвярджае ідэю незалежнасці асобных княстваў з умовай іх абарончага саюзу. Як прадукт феад.-хрысц. ідэалогіі літаратура Стараж. Русі служыла грамадска-паліт. мэтам умацавання феад. ладу, несла новыя для свайго часу светапогляд і эстэт. прынцыпы. Маючы ў цэлым рэліг. характар, яна выпрацавала высокія маральныя ідэалы і з пазіцыі гэтых ідэалаў звярталася да ўсяго народа, манахаў і князёў і станавілася выразніцай іх агульных інтарэсаў. Літаратура вызначалася публіцыстычнасцю, значнасцю тэм і герояў, глыбінёй праблематыкі. У цэнтры ўвагі пісьменнікаў былі чалавек і лёс народа. Гэтыя якасці стараж.-рус. літаратуры перайшлі ў спадчыну літаратурам усіх усходнеслав. народаў.

Станаўленне ўласна бел. літаратуры адбывалася ў перыяд позняга сярэдневякоўя (2-я пал. 13—15 ст.) у новых культурна-гіст. умовах. Працэс этн. дыферэнцыяцыі і паліт. раздраблення, абцяжараны крыжацкай агрэсіяй і мангола-татарскімі нападамі, не прывёў да заняпаду кніжнасці на ўсходнеслав. землях. Пачаўся працэс новай феад. цэнтралізацыі і этн. кансалідацыі вакол новых цэнтраў. Паліт. аб’яднанне бел. зямель у складзе ВКЛ, фарміраванне бел. народнасці, багатыя стараж.-рус. традыцыі спрыялі захаванню і паступоваму развіццю кніжнай справы і пісьменства. Ва ўмовах адноснай грамадска-паліт. стабілізацыі адбывалася своеасаблівая літ. кансервацыя. Некаторыя рукапісныя помнікі, пераважна царк.-рэлігійныя, што ўзніклі і бытавалі тады на бел. землях [Полацкае, Друцкае, Лаўрышаўскае, Мсціжскае, Слуцкае евангеллі, Анежскі (Мсціслаўскі) псалтыр), — сапраўдныя шэдэўры кніжнага мастацтва. Нягледзячы на беднасць значных літ.-маст. з’яў, актыўна развівалася свецкае дзелавое пісьменства, чаму спрыяла рэальнае ўжыванне старабел. мовы ў якасці дзярж. ў ВКЛ. У ім даволі рана пачала развівацца вобразнасць і выкарыстоўвацца жывая гутарковая мова. Маляўнічыя сцэны рэальнага жыцця набліжаюць дагавор 1229 (Смаленская гандлёвая праўда), грамату рыжан (каля 1300), дагавор Полацка з Рыгай 1407 да з’яў маст. літаратуры. Працягвалі бытаваць стараж.-рус. летапісы. Каштоўныя звесткі па гісторыі Беларусі 13 ст., станаўленні бел.-літоўскай дзяржаўнасці змешчаны ў Галіцка-Валынскім летапісе, які адрозніваецца ад папярэдніх пераважна свецкім характарам; у першапачатковым варыянце ён уяўляў цэласную гіст. аповесць, не разбітую на пагадовыя артыкулы хроніку, што было прынцыпова новым ва ўсходнеслав. гістарыяграфіі і пазней паўплывала на бел.-літ. летапісанне. Нягледзячы на непрыхільныя адносіны галічан да літоўска-бел. князёў, укр. летапісцы стварылі цікавыя вобразы Міндоўга, Войшалка і інш. дзеячаў ВКЛ таго часу, выразна і рознабакова асвятлілі падзеі ў ВКЛ, шмат увагі аддавалі апісанню вайсковых паходаў, рыцарскага побыту. З арыгінальных літ. помнікаў 14 ст. пэўную цікавасць уяўляе «Хаджэнне» смаленскага архімандрыта Графенія (1375) — наступны пасля «Хаджэння ігумена Данііла» твор, прысвечаны апісанню святынь Палесціны.

Новы імпульс для развіцця кніжнасці даў другі паўд.-слав. ўплыў, які пачаўся каля сярэдзіны 14 ст. Многія дзеячы культуры з Балкан і Візантыі, дзе пачалося турэцкае нашэсце, пераязджалі ва Усх. Еўропу. Яны прыносілі новае, больш складанае светабачанне, новы экспрэсіўна-эмацыянальны стыль выяўлення чалавека, звязаны з ідэямі ісіхазму. Пад уздзеяннем ісіхасцкага вучэння ўзмацнілася ўвага да ўнутр. стану асобнага чалавека. Паўд.-слав. кніжнікі імкнуліся адрадзіць чысціню стараслав. мовы, выпраўлялі богаслужэбныя і рэліг. кнігі ў адпаведнасці са старымі ўзорамі. Гэта ў многім паспрыяла зараджэнню крытычнага стаўлення да тэкстаў, з’яўленню першых элементаў тэксталогіі, мовазнаўства і літ. крытыкі. Аднак другі паўд.-слав. ўплыў закрануў толькі царк. кніжнасць і ў старабел. пісьменстве адыгрываў прыкметную ролю ў канцы 14 — пач. 15 ст., абумовіўшы кароткачасовы росквіт красамоўства, звязаны з літ. дзейнасцю выхадцаў з паўд.-слав. краін — мітрапалітаў Кіпрыяна і Грыгорыя Цамблака. Кіпрыян вёў ажыўленую перапіску з многімі віднымі дзеячамі, прапаноўваў увядзенне царк. уніі, у канцы жыцця склаў Траецкі летапіс, які пазней выкарыстоўваўся бел. летапісцамі. Найб. значныя творы аратарскай прозы належаць Грыгорыю Цамблаку, які ў 1415 быў абраны наваградскім мітрапалітам. Яго ўрачыстыя словы-пропаведзі, напісаныя вобразнай мовай у стылі «пляцення славес», характарызуюцца ярка выражанай арнаментальнасцю, славесна-вобразнай ускладненасцю, багаццем ампліфікацый і тропаў. Спыненне працэсу кананізацыі святых прывяло да крызісу жыційнага жанру. Адзіны агіяграфічны твор, тэматычна звязаны з бел.-літ. рэгіёнам, — «Жыціе віленскіх пакутнікаў», якое ўзнікла ў Візантыі.

Істотныя змены адбыліся і ў жанры хаджэнняў, які пачаў страчваць сувязь з традыцыямі царк.-рэліг. кніжнасці. Значным крокам наперад было «Хаджэнне ў Царград» Ігнація Смаляніна (канец 14 ст.), якое ўзнікла на скрыжаванні традыцый паломніцкай літаратуры і летапіснага стылю. Твор нагадвае дзённік падарожжа, змяшчае апісанні прыроды на берагах Дона, вандровак па моры, жыцця аўтара ў Канстанцінопалі, аповесць пра барацьбу ў Візантыі канкурэнтаў за імператарскі пасад і інш. Святыні прыцягвалі ўвагу аўтара як помнікі культуры і мастацтва, шмат месца адводзілася грамадскім падзеям, супастаўленню жыцця на радзіме з убачаным за мяжой. «Хаджэнне» ў Егіпет, на Сінай і ў Палесціну полацкага іераманаха Варсанофія (1462) знаёміла чытачоў з малавядомымі землямі хрысц. Усходу; асабліва вылучаюцца апісанні Сінайскага манастыра.

З 1-й пал. 15 ст. пачынаецца шырокае распаўсюджанне паперы — больш таннага матэрыялу для пісьма. Гэта давала магчымасць набываць кнігі небагатым людзям, складаць на свой густ зборнікі змешанага тыпу, выказваць на палях уласныя думкі адносна прачытанага, што было немагчыма раней з прычыны сакралізацыі тэксту кнігі. Творы пачынаюць ацэньвацца не толькі з пункту гледжання іх адпаведнасці павучальным або інш. службова-прыкладным задачам, але і зыходзячы з іх ідэйна-маст. якасцей і арыгінальнасці. Урачысты ўстаўны почырк павольна замяняецца больш лёгкім для напісання паўустаўным, што значна паскарала працэс перапісвання кніг. Шырокае ўжыванне старабел. мовы, якая стала важным сродкам грамадскіх зносін у краіне і ўсё больш абапіралася на жывую нар. гаворку, садзейнічала яе ўдасканаленню. Пачалася паступовая дэмакратызацыя і беларусізацыя царк.-слав. мовы і значна звузілася сфера яе пісьмовага ўжытку. У перыяд позняга сярэдневякоўя росквіту дасягнула летапісанне, што было вынікам росту нац. свядомасці беларусаў і ўсведамлення народам сваёй нац.-гіст. адметнасці. З пач. 15 ст. мясц. летапісы саступаюць месца агульнадзяржаўным. Гэта паўплывала на змену жанравай формы летапісаў, асаблівасцю якой стала спалучэнне традыц. пагадовай формы выкладу з прагматычным, звязным апавяданнем. З агульнадзярж. пазіцый і ў цеснай сувязі з гісторыяй Русі ў «Летапісцы вялікіх князёў літоўскіх» (1-я трэць 15 ст.) і Беларуска-літоўскім летапісе 1446 пададзена багатае мінулае бел. і літ. народаў, адлюстраваны ўмацаванне велікакняжацкай улады і яе барацьба супраць феад. раздробленасці. У асобных раздзелах летапісаў заўважаецца імкненне аўтараў да белетрызацыі апавядання, з’яўляюцца элементы сюжэтапабудовы. Канчаткова выпрацаваўся своеасаблівы летапісны стыль, лаканічны і выразны, блізкі да стылю дзелавога пісьменства позняга сярэдневякоўя. Летапісы складаюць найважнейшы этап у станаўленні бел. літаратуры. Яны сцвярджалі свецкі кірунак яе развіцця і садзейнічалі прагрэсу жанраў, незалежных ад царк.-рэліг. канонаў. Найважнейшым гіст. падзеям прысвячаліся невялікія аповесці — асобныя творы са сваімі героямі і самастойнай тэматыкай, дзе элементы сюжэтапабудовы, або дакументальная «падзейнасць», выяўляюцца больш выразна. Іншы характар набыла перакладчыцкая дзейнасць, што сведчыла пра актывізацыю культ. узаемасувязей бел. народа з народамі інш. краін і было вынікам росту духоўных запатрабаванняў грамадства. Старабел. кніжнікі самастойна ажыццяўлялі пераклады з лац., ням., рус. і інш. моў, прычым у ходзе перакладу яны свядома перапрацоўвалі тэксты, узгадняючы іх з эстэт. і ідэйнымі запатрабаваннямі чытачоў. На бел. мову перакладаліся заходнееўрап. помнікі рэліг. характару («Аповесць пра трох каралёў», 15 ст.), якія засведчылі высокае майстэрства бел. кніжнікаў, паказвалі вялікія лексіка-стылістычныя багацці, маст.-выяўленчыя магчымасці старабел. літ. мовы. Нанова перакладзены «Александрыя», «Жыціе Аляксея, чалавека божага», асобныя кнігі Бібліі і інш. Дзякуючы перапрацоўцы перакладная літаратура набліжалася да арыгінальнай, арганічна дапаўняла яе і складала разам з ёю адзіную сістэму.

Ізборнік Святаслава Канец 11 ст.
Архангел Міхаіл. Мініяцюра Лаўрышаўскага евангелля. 14 ст.

т. 18, кн. 2, с. 591

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫДАВЕЦКАЯ СПРАВА

Гісторыя развіцця. Пачатак выдавецкай справы на Беларусі звязаны з імем бел. першадрукара і асветніка эпохі Адраджэння Ф.​Скарыны. Пры падтрымцы віленскіх мецэнатаў Я.​Бабіча і Б.​Онкава ён стварыў у Празе (Чэхія) першае бел. выдавецтва і 6.8.1517 выдаў там першую бел. друкаваную кнігу кірылічнага шрыфту «Псалтыр». У 1517—19 у перакладзе на старабел. мову ён выпусціў 23 кнігі Бібліі пад агульным загалоўкам «Библия руска, выложена доктором Франциском Скориною из славнаго града Полоцка, Богу ко чти и людем посполитым к доброму научению». У пачатку 1520-х г. Ф.​Скарына пераехаў у Вільню, абсталяваў тут друкарню (у доме Бабіча) і арганізаваў новае выдавецтва. Каля 1522 ён выдаў некалькі кніг на царкоўнаслав. мове з каментарыем пад агульнай назвай «Малая падарожная кніжка», куды ўвайшлі «Псалтыр», «Часасловец», «Шасцідневец», 8 акафістаў, 10 канонаў, «Саборнік» (уключаў «Святцы» і Пасхалію са звесткамі з астраноміі і грамадзянскага календара, пасляслоўе), у 1525 — «Апостал». Кнігавыдавецкая дзейнасць Ф.​Скарыны мела гуманістычны, культурна-асветніцкі і нац.-патрыятычны характар. Высокі еўрап. ўзровень паліграфічнага афармлення яго выданняў (шрыфт, гравюры, застаўкі) значна паўплываў на развіццё кірылічнага кнігадрукавання ў ВКЛ і за яго межамі.

З 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. на Беларусі ствараліся прыватныя друкарні, уладальнікамі якіх былі буйныя магнаты (Радзівілы, А.​Валовіч, Р.​Хадкевіч, К.​Астрожскі), шляхта і гараджане (Мамонічы, М., Г. і А. Кавячынскія, Я. і Л. Кішкі, В.​Гарабурда і інш.). Першая друкарня ў межах сучаснай Беларусі заснавана ў 1553 у Брэсце канцлерам ВКЛ М.​Радзівілам Чорным і вучоным-гуманістам Б.​Ваяводкам. У 1558 у ёй выйшаў першы ў ВКЛ друкаваны нотны зборнік «Песні хвал боскіх»; у 1563 выдадзена Біблія (вядома як Радзівілаўская), дзе ўпершыню змешчаны прадметны паказальнік. У Брэсцкай друкарні выйшла больш за 50 выданняў на польскай і лац. мовах, якія адлюстроўвалі духоўныя і ідэйныя сувязі прагрэсіўных дзеячаў бел., польскай і літоўскай культур. У 1575 М.​К.​Радзівіл Сіротка перавёз абсталяванне і матэрыялы пратэстанцкай друкарні з Брэста ў Вільню, дзе яна перададзена езуіцкаму калегіуму. Гэта была першая каталіцкая друкарня на тэр. ВКЛ, у якой выдадзена 58 назваў кніг. У 1560-я г. С.​Будны, М.​Кавячынскі і Л.​Крышкоўскі пры падтрымцы М.​Радзівіла Чорнага і А.​Валовіча распачалі кнігавыдавецкую справу ў Нясвіжы. Тут выйшлі першыя кнігі на бел. мове: «Катэхізіс» і «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам» (абедзве 1562). У 1568—70 пры ўдзеле гетмана ВКЛ Р.​Хадкевіча арганізавана друкарня ў мяст. Заблудава (цяпер тэр. Польшчы), куды былі запрошаны друкары І.​Фёдараў і П.​Мсціславец. У ёй выдадзены «Евангелле вучыцельнае» (1569), «Псалтыр з Часаслоўцам» (1570) з анатацыямі, адметныя выкарыстаннем новай арнаментыкі, буйной ксілаграфіі, тытульнага ліста з выхаднымі звесткамі. 1570-я г. адзначаны дзейнасцю прыватнай друкарні В.​Цяпінскага (відаць, у яго родавым маёнтку Цяпіна на Полаччыне). Каля 1570 у ёй надрукавана «Евангелле» (паралельна на царкоўнаслав. і старабел. мовах), у якое ўвайшлі евангеллі ад Матфея, Марка і часткова ад Лукі; «Евангелле» змяшчала прадмову, напісаную В.​Цяпінскім, 210 глосаў (слоў-перакладаў), якія на палях кнігі тлумачылі незразумелыя словы. У 1572 С.​Кішка выкупіў абсталяванне Нясвіжскай друкарні і размясціў яго ў сваім замку ў мяст. Лоск (Валожынскі раён), які стаў цэнтрам арыянскага кнігадрукавання ў ВКЛ. Друкарамі тут працавалі С.​Будны, Д.​Лянчыцкі, пазней Я.​Карцан, Ф.​Балямоўскі. Вядома каля 20 іх выданняў на польскай і лац. мовах, адметных вострай палемічнай накіраванасцю. У 1574—76 выйшлі першыя кірылічныя кнігі ў друкарні Мамонічаў у Вільні: «Евангелле напрастольнае» (1575), «Часоўнік» (1574—76), «Псалтыр» (1576). Іх выдаўцом быў П.​Мсціславец. Самастойна Мамонічы выпусцілі першыя кнігі па праве, у т. л. «Трыбунал» (1586) і «Статут Вялікага княства Літоўскага» (1588), па граматыцы («Кграматыка словеньска языка», 1586); надрукавалі больш за 50 кірылічных і 35 польскамоўных (лац. шрыфтам) выданняў. Першая поўная кананічна дакладная слав. Біблія на царкоўнаслав. мове ў старабел. рэдакцыі пад назвай «Астрожская Біблія» выдадзена К.​Астрожскім у 1581 у г. Астрог (на Валыні). Друкарскую справу тут вёў І.​Фёдараў. За 1578—1612 у ёй надрукавана каля 25 кірылічных кніг. Над аздабленнем і пісьмовай графікай кніг працаваў бел. майстар Г.​Івановіч. Каля 1580—82 прыватнай выдавецкай дзейнасцю ў Вільні займаўся В.​Гарабурда (вядомы 2 кірылічныя выданні). У 1612—40 па запрашэнні кн. К.​Радзівіла выдавецкую дзейнасць у мяст. Любча (Навагрудскі раён) вялі П. і Я. Кміты, якія выпускалі свецкія творы па гісторыі, маст. літаратуры, практычныя дапаможнікі па медыцыне, ветэрынарыі, школьнай справе на польскай і лац. мовах (больш за 80 кніг). У 1640—50 тут выдаваліся пераважна панегірыкі і літургічныя кнігі для пратэстанцкіх абшчын. З Любчанскай друкарняй супрацоўнічаў гравёр К.​Гётке, які ўпершыню ў бел. кнігадрукаванні выкарыстаў гравюры на медзі (медзярыты). Каля 1672 працавала Радзівілаўская друкарня ў г. Слуцк. Вядома 29 назваў кніг, надрукаваных тут на польскай мове пераважна рэліг. (кальвінісцкай) тэматыкі.

З канца 16 ст. вядучае месца ў бел. кнігавыданні займалі праваслаўныя брацтвы, што звязана з дзейнасцю Віленскай, Еўінскай (цяпер тэр. Літвы), Куцеінскай (пад Оршай), Магілёўскай брацкіх друкарняў. Іх выданні вызначаліся разнастайнасцю тэматыкі і мастацка-паліграфічнага афармлення. У Віленскай і Еўінскай друкарнях у 1-й трэці 17 ст. выкарыстоўваліся (побач з інш.) сапраўдныя дошкі Ф.​Скарыны. З 127 выданняў, што захаваліся да нашага часу, у т. л. выданні, надрукаваныя пры падтрымцы брацтваў у Куцейне, Буйнічах (Магілёўскі раён), Мінску, 16 належалі да навучальных (пераважалі буквары і граматыкі), 12 — да гісторыка-публіцыстычных і палемічных, 16 — да панегірыкаў і казанняў, 20 — чэцці і інш. нелітургічныя выданні. Больш за 70% усіх кніг выдадзены на слав. і бел. мовах (або на слав. у бел. рэдакцыі), 25 выданняў — на польскай. Брацкія кнігавыдавецтвы адыгралі вялікую ролю ў развіцці розных сфер бел. культуры, мовы, пісьменства. Творы С. і Л. Зізаніяў, Л.​Карповіча, М.​Сматрыцкага і інш., якія выдаваліся ў брацкіх друкарнях, выкарыстоўваліся ў ідэалагічнай і паліт. барацьбе, у процідзеянні каталіцкай экспансіі і царк. уніі. У 2-й чвэрці 17 ст. цэнтрамі кірылічнага кнігавыдання сталі Магілёў і Куцейна, дзе працавалі перасоўныя прыватныя друкарні С.​Собаля і І.​Труцэвіча, дзейнасць якіх цесна звязана з брацтвамі. У канцы 17 — пач. 18 ст. выдавецкай дзейнасцю ў Магілёве займаліся М. і В. Вашчанкі, Ф.​Ангілейка, якія выкарыстоўвалі глыбокі друк з металагравюр. У 18 ст. ў Магілёўскай брацкай друкарні выдадзены 33 кнігі на стараслав. мове, пераважала літургічная і агіяграфічная літаратура.

У 16 — пач. 19 ст. ў кнігавыдавецкай справе вылучалася дзейнасць каталіцкіх і уніяцкіх ордэнаў, асабліва ордэна езуітаў. Найб. значным цэнтрам кнігадрукавання была Віленская друкарня езуіцкай акадэміі (1586—1805). Яна штогод выпускала каля 15 выданняў на польскай і лац. мовах: падручнікі, палемічную літаратуру, царкоўнае права, жыціі святых, тэалагічна-філас. творы, а таксама свецкую літаратуру пра дзеячаў ВКЛ. У іх упершыню ў мастацтве ВКЛ выкарыстаны кніжны медзярыт. Выдавецкай дзейнасцю займаліся таксама ордэны францысканцаў (1671—1781) і піяраў (1754—1840) у Вільні, піяраў у Полацку (1824—31), езуіцкія калегіумы ў Пінску (1729—35) і Нясвіжы (1751—90), калегіум і акадэмія ў Полацку (1787—1820). Вядома каля 150 іх выданняў на польскай, лац., франц. мовах свецкага і рэліг. зместу (белетрыстыка, палемічная, навучальная літаратура, панегірыкі). Вынікам дзейнасці друкарні дамініканцаў у Слоніме (каля 1777—82) з’явіліся больш за 30 кніг на польскай, лац., італьян. і рус. мовах. Кнігавыдавецкай дзейнасцю вызначаўся уніяцкі (базыльянскі) ордэн. Віленская Троіцкая (базыльянская) друкарня (дзейнічала да пач. 19 ст. пры манастыры св. Тройцы) выдавала богаслужэбныя, тэалагічныя творы, панегірыкі, падручнікі, паэзію, маст. прозу, драматычныя творы на слав., польскай, лац. і франц. мовах. З друкарняй супрацоўнічаў гравёр Л.​Тарасевіч. Найб. значным цэнтрам кірылічнага кнігадрукавання з канца 17 ст. быў уніяцкі манастыр у мяст. Супрасль (Польшча), дзе К.​Радзівіл і мітрапаліт Ц.​Жахоўскі арганізавалі друкарню. За час сваёй дзейнасці Супрасльская друкарня выпусціла больш за 420 кніг на царкоўнаслав., бел., рус., польскай, лац. і літ. мовах. Вядомы 22 выданні уніяцкага ордэна базыльян у Мінску, асноўную частку якіх складала афіц. літаратура на польскай і лац. мовах.

У 18 ст. на тэр. Беларусі ўзніклі першыя выдавецтвы, у якіх выявіліся рысы прадпрыемстваў дзярж. характару. Магілёўская прыдворная друкарня (1774—1844), якой кіраваў С.​Богуш-Сестранцэвіч, выдавала пераважна афіц. матэрыялы, рэліг. і інш. свецкую літаратуру. Вядома 350 назваў кніг, выдадзеных у гэтай друкарні на польскай, рус., лац., франц. і ням. мовах. У 1775—96(?) дзейнічала Гродзенская каралеўская друкарня, якой напачатку кіраваў А.​Тызенгаўз. Яна выпусціла каля 100 кніг арыгінальнай і перакладной літаратуры, у т. л. падручнікі, малітоўнікі, афіц. і юрыдычныя дакументы на польскай і лац. мовах. Выдавалася таксама навук., навукова-папулярная і маст. літаратура.

У 18 ст. выдавецкай справай на Беларусі займаліся і стараверы, якія выкарыстоўвалі паліграфічныя магчымасці Супрасльскай і Віленскай базыльянскіх друкарняў, а таксама Гродзенскай каралеўскай друкарні.

У канцы 18 — пач. 19 ст. на Беларусі існавалі яўр. друкарні ў Шклове (з 1783), Гродне (з 1788), Копысі (з 1797), Дуброўне (з 1802), Лядах (з 1805), Мінску (з 1807), Вільні (з 1821), Магілёве (з 1825) (гл. табл. 1).

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і далучэння Беларусі да Рас. імперыі ў канцы 18 ст. адкрываліся губернскія друкарні, якія сталі асноўным тыпам прадпрыемстваў дзярж. характару: Мінская (1795—1917), Віцебская (1797—1917), Гродзенская (1820—1915), Магілёўская (1833—1917). Вядучае месца займала Мінская губернская друкарня (330 выд.). Сярод першых выданняў, якія пачалі друкавацца грамадзянскім шрыфтам: «Лёгкі спосаб навучыцца чытаць па-руску і па-польску» (Мінск, 1799), «Арлы і шпакі» П.​Сумарокава (Віцебск, 1806). Значны ўклад у развіццё дзярж. кнігавыдання зрабілі губернскія статыстычныя камітэты (з 1860-х г.), якія выдавалі «Працы...» і «Справаздачы...» губернскіх статыстычных камітэтаў, «Агляды...» і «Памятныя кніжкі...» губерняў.

Развіццю прыватных кнігавыдавецтваў, на якія прыпадала асноўная частка выпуску кніжнай прадукцыі, паспрыялі скасаванне ўказа 1796 аб закрыцці вольных (прыватных) друкарняў і правядзенне ў 1801—04 паліятыўных рэформ друку і кнігавыдання. У 1-й пал. 19 ст. актыўнай дзейнасцю вызначаліся мінскія прыватныя выдаўцы І.​Стафановіч (22 выд.), Ё.​Дворац (22 выд.), А.​Валіцкі (29 выд.); у 2-й пал. 19 ст. — выдавецтвы Б.​Саламонава (234 выд.), Тасьманаў (226 выд.), Дворжацаў (больш за 90 выд.) у Мінску; Я.​Падземскага (102 выд.), Ш.​Фрыдланда (100 выд.) у Магілёве; М.​Неймана (88 выд.) у Віцебску і інш. Дзякуючы ім на Беларусі пашырылася колькасць кніг навук, характару па айч. гісторыі, медыцыне, ветэрынарыі, сельскай гаспадарцы, дамаводстве, маляванні і інш. Універсальны характар іх выданняў садзейнічаў пашырэнню кнігі сярод розных слаёў насельніцтва, асабліва стымуляваў дзейнасць творчай інтэлігенцыі. Усяго на Беларусі ў 19 — пач. 20 ст. дзейнічала каля 250 прыватных друкарняў.

2-я пал. 19 — пач. 20 ст. характарызаваліся актыўным развіццём грамадскіх кнігавыдавецтваў: таварыствы выдаўцоў і тыпографаў; выдавецтвы паліт. арганізацый; прамысловых, спажывецкіх, крэдытных і страхавых т-ваў; культурна-асветніцкіх і навук. т-ваў; т-ваў дабрачыннасці, сац. і мед. дапамогі; спарт. і ахоўных т-ваў; рэліг. устаноў і інш. Значны ўклад у кнігавыданне Беларусі зрабілі археаграфічныя ўстановы: Віленская камісія па разборы і выданні стараж. актаў (1864—1915), Віцебскі архіў стараж. актаў (1871—1906), Мінскі царк. гісторыка-археалагічны камітэт (1908—15), якія падрыхтавалі і выпусцілі шматтомныя зборы гіст. дакументаў. Вызначаліся ў кнігавыданні т-вы сельскай гаспадаркі (Мінск, Віцебск), т-вы ўрачоў (Мінск).

У 19 — пач. 20 ст. выдавецкая справа вялася ў 39 гарадах і мястэчках Беларусі. Найб. буйнымі кнігавыдавецкімі цэнтрамі былі Мінск (3125 выданняў на розных мовах), Магілёў (1319 на рус. мове), Віцебск (1007 на рус. мове), Гродна (586 на рус. мове). Да сярэдзіны 19 ст. асноўнай мовай выданняў была польская. Пасля ўвядзення забароны на польскамоўны друк з 1864 пачала дамінаваць рус. мова (усяго ўлічана 6536 назваў на рус. мове). Выданні свецкага зместу складалі каля 85%. У іх пераважала гіст., сац.-эканам., сельскагаспадарчая, медыцынская тэматыка. У гэты перыяд сфарміраваліся асноўныя тыпы выданняў: афіц., навук., навукова-папулярныя, літаратурна-маст., даведачныя; вызначыліся тэндэнцыі да фарміравання масава-паліт. і вытворча-практычных выданняў. Самых высокіх паказчыкаў кнігавыданне Беларусі дасягнула напярэдадні 1-й сусв. вайны. У 1913 у Мінску выйшла 224 выданні, у т. л. 216 на рус., 5 на бел. мовах. Першая вядомая друкаваная кніга амаль цалкам на бел. мове (лацінкай) — «Кароткі збор навукі хрысціянскай. Для вяскоўцаў, якія гавораць мовай польска-рускай вызнання рымска-каталіцкага» (Вільня, 1835). У 1855—57 у Мінску выйшлі беларускамоўныя творы (лацінкай) В.​Дуніна-Марцінкевіча: «Вечарніцы», «Гапон», «Цікавішся? — Прачытай!», «Дудар беларускі». Шэраг бел. кніг, надрукаваных лац. шрыфтам за мяжой, нелегальна дастаўляўся на Беларусь: «Пра багацтва ды беднасць» (Жэнева, 1881) і «Дзядзька Антон» (Тыльзіт, 1892) С.​Падалінскага, «Дудка беларуская» (Кракаў, 1891) і «Смык беларускі» (Познань, 1894) Ф.​Багушэвіча, «Пан Тадэвуш» А.​Міцкевіча (у пер.

А.​Ельскага, Львоў, 1892) і інш. Ажыццяўляліся сумесныя праекты мінска-варшаўскіх і мінска-кракаўскіх выдаўцоў па друку польскамоўных твораў Ю.​Крашэўскага, К.​Вярыгі-Дарэўскай, Б.​Адамовіча, Ю.​Вяжбіцкага, М.​Ельскага і інш. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў бел. Друку з’явіліся выданні на бел. мове кірыліцай: «Тарас на Парнасе» (Віцебск, 1896, 1898, 1904; Гродна, 1896, 1899; Магілёў, 1900, 1902; Мінск, 1917), «Нашы перасяленцы» А.​Ельскага (Віцебск, 1896). На Беларусі дзейнічалі і падп. выдавецтвы: народнікаў «Чорны перадзел» (Мінск), Бел. сац. грамада (Мінск), РСДРП (Бабруйск, Барысаў, Гомель, Гродна, Магілёў, Мінск, Орша і інш.), якія выпускалі нелегальную літаратуру, пераважна брашуры і лістоўкі.

З 1905 з разгортваннем нац.-вызваленчага руху і ўступленнем у дзеянне закона аб свабодзе друку на Беларусі легалізавана кнігавыданне на мясц. мовах і афіцыйна пацверджаны яго разнамоўны характар. Акрамя дамінуючых у мясц. друку рускамоўных выданняў, выходзіла літаратура на бел., польскай і яўр. мовах. Узніклі бел. выдавецтвы: «Загляне сонца і ў наша аконца» (Пецярбург, 1906—14), «Наша ніва» (Вільня, 1906—15), друкарня М.​Кухты (Вільня, 1906—17), «Мінчук» (Мінск, 1907—09), «Наша хата» (Вільня, 1908—11), Бел. выдавецкае т-ва (Вільня, 1913—15, 1919—30), «Лучынка» (Мінск, 1914), «Вясёлка» (Мінск, 1915), выдавецтва В.​Ластоўскага (Вільня, 1916—18), «Вольная Беларусь» (Мінск, 1917) і інш. Найб. вызначалася выд-ва «Загляне сонца і ў наша аконца», дзе выйшлі падручнікі («Беларускі лемантар, або Першая навука чытання» К.​Каганца, «Першае чытанне для дзетак беларусаў» Цёткі, «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Я.​Коласа), падпісная серыя «Беларускія песняры» (творы В.​Дуніна-Марцінкевіча, Ф.​Багушэвіча, пераклад паэмы А.​Міцкевіча «Пан Тадэвуш»), творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, Ц.​Гартнага, К.​Каганца, З.​Бядулі, У.​Галубка, А.​Чэхава, М.​Крапіўніцкага, Э.​Ажэшкі і інш.; выдаваўся час. «Маладая Беларусь». У выд-ве «Наша ніва» выйшлі «Беларускія казкі», «Апавяданні» Я.​Коласа, кн. «Бярозка» Ядвігіна Ш.; пры ўдзеле газ. «Наша ніва» — зб-кі «Песні-жальбы» Я.​Коласа, «Вянок» М.​Багдановіча. У выд-ве «Наша хата» друкаваліся бел. падручнікі, дзіцячая літаратура, паэма «Тарас на Парнасе» і інш. У Бел. выдавецкім т-ве выйшлі кнігі «Родныя з’явы» Т.​Гушчы (Я.​Коласа), «Рунь» М.​Гарэцкага, «Васількі» Ядвігіна Ш., «Курганная кветка» К.​Буйло, «Беларускі каляндар» на 1914, 1915, 1916. У прыватным выд-ве А.​Грыневіча ў Пецярбургу ў 1910—14 выдадзены 2 тамы «Беларускіх песень з нотамі», зб. «Гусляр» і паэма «Адвечная песня» Я.​Купалы, апавяданні Я.​Коласа і У.​Галубка. Усяго ў канцы 19 — пач. 20 ст. на бел. мове кірыліцай і лацінкай выйшлі 423 выданні, у т. л. кнігі на інш. мовах з бел. тэкстамі. Пераважная іх большасць выдадзена па-за межамі Беларусі (Вільня, Пецярбург, Масква, Кракаў, Варшава і інш.). У Мінску працавалі яўр. выд-ва «Культура» (1905—06), польскія — «Асвета» (1907), Польская выдавецкая суполка (1916—18). Т-ва польскіх ведаў вайсковых (1917) і інш.

Са зменай грамадска-паліт. становішча Беларусі ў 1917—20 змяніліся кнігавыдавецкая палітыка і структура выдавецтваў. У часы германскай і польскай акупацыі (калі была абвешчана БНР) найб. інтэнсіўна працавалі выдавецтвы «Вольная Беларусь» (Мінск), Б.​Клецкіна, В.​Ластоўскага, «Гоман», Бел. выдавецкае т-ва (усе ў Вільні), імя Ф.​Скарыны (у Коўне). Кніжную прадукцыю выдавалі таксама Рада і Нар. сакратарыят БНР, Міністэрства бел. спраў у Літве, Бел. культурна-асветніцкае т-ва «Бацькаўшчына» і інш. Пасля заканчэння грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі большасць з іх дзейнічалі ў Зах. Беларусі, Літве і Латвіі; у 1917—23 вядома 247 іх выданняў на бел. мове.

У кнігавыданні БССР асноўная роля адводзілася парт. друку. Напр., выд-ва «Звязда», створанае ў 1917 пры Мінскім камітэце РСДРП(б), выдавала творы класікаў марксізму, парт. дакументы, маст. і масава-паліт. літаратуру. У 1917—20 кнігавыдавецкай справай займаліся Бел. нац. камісарыят, выдавецкія аддзелы пры мясц. парт. камітэтах і органах сав. улады. У 1921 на базе аддзялення Дзярж. выд-ва РСФСР створана Дзярж. выд-ва БССР, якое выпускала ўласныя выданні і рэгулявала ўсю выдавецкую дзейнасць у рэспубліцы. Ім за год выдадзена 196 кніг агульным тыражом 1526 экзэмпляраў, у т. л. маст. і дзіцячай літаратуры 13 кніг. На сродкі дзярж. і грамадскіх устаноў у красавіку 1922 створана кааператыўнае выд-ва «Адраджэнне» (з канца 1922 «Савецкая Беларусь»), якое выдавала творы бел. маст. літаратуры, падручнікі, навук. літаратуру на роднай мове. У снежні 1922 Дзярж. выд-ва БССР з шэрагам інш. прадпрыемстваў аб’яднаны ў Дзярж. трэст выдавецкай справы і паліграфічнай прамысловасці Беларусі («Белтрэстдрук»). У перыяд індустрыялізацыі і калектывізацыі сельскай гаспадаркі кнігавыдавецкая справа ў БССР цэнтралізавана. У ліпені 1924 «Белтрэстдрук» і кааператыўнае выд-ва «Савецкая Беларусь» аб’яднаны ў Бел. дзярж. выд-ва, якое стала найбуйнейшай выдавецкай установай рэспублікі. Яно мела сваю паліграфічную базу, кнігагандлёвую сетку, выпускала асноўныя віды літаратуры, садзейнічала пашырэнню тэматыкі і павышэнню ідэйнага ўзроўню выданняў. У 1927 асноўнымі выдавецтвамі рэспублікі былі Белдзяржвыдавецтва (у 1934 перайменавана ў Дзярж. выд-ва БССР), выд-ва Інбелкульта (1924—32; з 1932 выд-ва АН БССР) і рэдакцыйна-выдавецкі аддзел Цэнтр. савета прафсаюзаў Беларусі. Дзейнічалі таксама спецыялізаваныя выдавецтвы: Дзярж. выд-ва па выпуску навукова-тэхнічнай літаратуры (1931—34), Ваеннае выд-ва Беларусі (1932—35), Партыйнае выд-ва ЦК КП(б)Б (1932—38). Выдавецкай дзейнасцю займаліся асобныя наркаматы, парт. і сав. органы, грамадскія арганізацыі. У перыяд беларусізацыі значнае месца ў кніжнай прадукцыі займала нацыянальна арыентаваная літаратура: падручнікі, тэрміналагічныя слоўнікі, маст. творы. Важнае значэнне мелі выданні літаратурных твораў Я.​Купалы («Спадчына»), С.​Некрашэвіча («Беларускі лемантар», абодва 1922), К.​Чорнага («Апавяданні», 1925), Я.​Коласа («Казкі жыцця»), Ц.​Гартнага («Сокі цаліны»), М.​Гарэцкага («У чым яго крыўда»), З.​Бядулі («Апавяданні»; усе 1926), А.​Гаруна («Матчын дар», 1929), Я.​Маўра («Палескія рабінзоны», 1930), Ю.​Гаўрука (аўтар першага на Беларусі зборніка перакладаў замежнай паэзіі «Кветкі з чужых палёў», 1928). У той жа час паводле палажэння СНК БССР аб цэнзуры кніжнай прадукцыі (ад 5.1.1923) былі складзены «Спісы твораў друку, забароненых да продажу і распаўсюджвання» (у 1937 у такі спіс занесена 399 выданняў на бел. і рус. мовах). Найбольшыя паказчыкі па тыражах і колькасці назваў у БССР належалі выданням твораў У.​І.​Леніна (225 назваў кніг, тыраж 2 млн. 200 тыс. экз.). У 1920—30-я г. даволі актыўна развівалася кнігавыданне на яўр. мове.

Кнігавыдавецкая справа ў Зах. Беларусі прадстаўлена пераважна польскамоўнымі выданнямі. У 1924 ім належала 80,7% ад агульнай колькасці назваў, у 1925—84,8%; беларускамоўным выданням адпаведна 0,5% і 0,2%. Беларускамоўны друк у Зах. Беларусі ажыццяўлялі Бел. выдавецкае т-ва, выдавецтвы Бел. інстытута гаспадаркі і культуры, Бел. сялянска-работніцкага клуба, Т-ва бел. школы, У.​Знамяроўскага, «Вызваленне», Бел. каталіцкае выд-ва (усе ў Вільні), імя Ф.​Скарыны (у Коўне). У 1926—40 вядучыя пазіцыі ў выданні кніг на бел. мове належалі Бел. друкарні імя Ф.​Скарыны ў Вільні (уладальнік, выдавец і рэдактар ксёндз А.​Станкевіч); у ёй выйшла больш за 146 кніг. Найб. прыкметныя кнігі зах.-бел. выдавецтваў: «Беларусь» Л.​Родзевіча (друкарня «Друк», 1922), «На ростані» У.​Жылкі, «Мая ліра» К.​Сваяка (абедзве 1924) і «Рунь веснаходу: Зборнік твораў паэтаў і пісьменнікаў Заходняй Беларусі» (1928; усе Бел. выдавецкае т-ва), «Шум баровы» М.​Васілька (выданне Н.​Ільяшэвіч, 1929), «Журавінавы цвет» М.​Танка (выданне Ф.​Стацкевіча і Р.​Шырмы, 1937). Да канца 1936 з-за недахопу сродкаў, узмацнення паланізацыі і цэнзуры дзейнасць большасці бел. кнігавыдавецтваў у Зах. Беларусі амаль поўнасцю спынена. Да 1939 працавала толькі Бел. каталіцкае выд-ва, якое выпускала рэліг. літаратуру для беларусаў-католікаў.

У Вял. Айч. вайну на тэр. Беларусі, акупіраванай ням. фашыстамі, у падполлі і ў партыз. атрадах дзейнічалі перасоўныя друкарні, якія выдавалі пераважна лістоўкі. Вядома 21 назва выдадзеных імі кніг, аўтарамі якіх у большасці былі партызаны: Л.​Абах, Е.​Аўсянік, В.​Кулікоў, Л.​Лясная, А.​Міхайлаў, Я.​Мрамараў, В.​Скараходаў і інш. У пач. 1943 выйшаў зборнік твораў партыз. аўтараў «Жалязняк». У друкарнях партыз. брыгад імя Панамарэнкі і імя Чапаева асобнымі кнігамі выдадзена паэма Я.​Коласа «Адплата», у друкарні Слуцкай падп. газ. «Народны мсцівец» — кн. вершаў А.​Астрэйкі «Слуцкі пояс». У кастрычніку 1942 у Маскве аднавіла дзейнасць Дзярж. выд-ва БССР. У 1943 яно выпусціла 29 назваў кніг і брашур, у т. л. кнігі «Суд у лесе» і «Голас зямлі» Я.​Коласа, «Янук Сяліба» М.​Танка, «Сцяг брыгады» А.​Куляшова, «Дарога вайны» П.​Панчанкі і інш., распачало выданне падручнікаў для школ Беларусі. У Ташкенце выйшлі асобныя выданні АН Беларусі. Усяго за ваенны перыяд ЦК КП(б)Б, абкомамі і райкомамі выдадзена больш за 1 млн. 201 тыс. экз. лістовак і брашур.

Аднаўленне выдавецкай дзейнасці ў вызваленай Беларусі ішло ў складаных умовах. Паліграфічная база была амаль поўнасцю знішчана. З 200 даваенных прадпрыемстваў часткова ўцалелі Дом друку (Мінск), некаторыя абл. і гарадскія друкарні. У 1944 у Мінску аднавіла работу Дзярж. выд-ва БССР (з 1963 «Беларусь»), у 1947 — выд-ва АН Беларусі (з 1963 «Навука і тэхніка», з 1996 «Беларуская навука»). У 1951 створана Дзярж. вучэбна-педагагічнае выд-ва Міністэрства культуры Беларусі (з 1963 «Народная асвета»), у 1954 — выд-ва БДУ (з 1983 «Універсітэцкае»), у 1960 — «Звязда» (з 1992 «Беларускі Дом друку»), у 1961 — выд-ва «Сельгасвыд БССР» (з 1963 «Ураджай») і Выд-ва вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійнай адукацыі БССР (з 1963 «Вышэйшая школа»), у 1963 — «Полымя», у 1967 — Гал. рэдакцыя Бел. Сав. Энцыклапедыі АН Беларусі (з 1980 выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя» імя П.​Броўкі), у 1972 — «Мастацкая літаратура», у 1981 — «Юнацтва» і інш. Для ўпарадкавання выдавецкай справы і павышэння ролі выдавецтваў у гасп. і культурным будаўніцтве ў 1963 створаны Дзярж. камітэт СМ БССР па друку (з 1978 Дзярж. камітэт БССР па справах выдавецтваў, паліграфіі і кніжнага гандлю, з 1995 Дзярж. камітэт Рэспублікі Беларусь па друку), якому падпарадкоўваліся ўсе дзярж. кніжныя выдавецтвы. На 1.1.1979 на Беларусі дзейнічалі 10 выдавецтваў. У рэспубліцы склалася сетка прадпрыемстваў паліграфічнай прамысловасці.

За перыяд з 1918 па 1990 бел. дзярж. кнігавыданне дасягнула значных поспехаў, а па маст. афармленні, раскрыцці нац.-культурнай спадчыны выйшла на вядучыя пазіцыі ў свеце. Вялікая роля ў бел. кнігавыданні належала бел. маст. літаратуры. Выдавецтвы выпускалі шматтомныя зборы твораў вядучых бел. пісьменнікаў, у т. л. К.​Чорнага, М.​Лынькова, В.​Быкава, І.​Шамякіна, І.​Мележа, П.​Броўкі, Я.​Брыля, А.​Куляшова, У.​Караткевіча. Выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя» імя П.​Броўкі стварыла і выдала першую універсальную 12-томную «Беларускую Савецкую Энцыклапедыю» (1969—75; Дзярж. прэмія Беларусі 1976), 5-томныя «Энцыклапедыю прыроды Беларусі» (1983—86; адзначана сярэбраным медалём ЮНЕП) і «Энцыклапедыю літаратуры і мастацтва Беларусі» (1984—87), 7-томны «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (1984—88; Дзярж. прэмія Беларусі 1990), а таксама значную колькасць галіновых, рэгіянальных і персанальных аднатомных энцыклапедый. Выд-ва «Мастацкая літаратура» выдавала серыі «Бібліятэка беларускай драматургіі» (1968—75), «Бібліятэка беларускай прозы» і «Бібліятэка беларускай паэзіі» (абедзве 1968—93), «Паэзія народаў СССР» (1971—92), «Рэспубліка. Час. Людзі» (1977—93), «Проза народаў СССР» (1983—92), «Кніга перакладчыка» (1986—95) і інш., а ў 1989 распачало беларускамоўную 100-томную серыю «Скарбы сусветнай літаратуры». Выд-ва «Навука і тэхніка» пачало выдаваць шматтомнае навук. выданне «Беларуская народная творчасць» (з 1970; выдадзена 45 тамоў), выдала 3-томную «Гісторыю беларускага тэатра» (1983—87), 6-томную «Гісторыю беларускага мастацтва» (1987—94), 4-томны «Музычны тэатр Беларусі» (1990—97; Дзярж. прэмія 1998) і інш. Выд-ва «Юнацтва» выдала 15-томную «Бібліятэку дзіцячай літаратуры народаў СССР» (1981—94, Дзярж. прэмія 1996), «Бібліятэку прыгод і фантастыкі» (1982—2002), «Бібліятэку беларускай дзіцячай літаратуры» (1991—2000), «Бібліятэку замежнай дзіцячай літаратуры» (1992—2002).

Усяго за гэты перыяд выдавецтвы Беларусі выпусцілі 103 933 тыс. кніг і брашур тыражом 1 373 253 тыс. экзэмпляраў. Найбольшая колькасць выданняў выйшла ў 1985 (3431 назва), самы вялікі тыраж у 1989 (59 030 тыс. экз.). Назіралася памяншэнне выпуску кніг на бел. мове. Калі ў 1930 выхад кніг на бел. мове складаў 88,4% (1170 назваў, тыраж 7842,4 тыс. экз.), на рус. — 4,2% (56 назваў, тыраж 147,1 тыс. экз.), на інш. мовах — 2,4% (31 назва, тыраж 131 тыс. экз.), то ў 1990 выпуск кніг на бел. мове склаў 15,4% (435 назваў, тыраж 9238,3 тыс. экз.), на рус. — 81,7% (2307 назваў, тыраж 44 793 тыс. экз.), на інш. мовах — 2,9% (81 назва, тыраж 877,5 тыс. экз.). На 1.1.1990 на Беларусі дзейнічалі 11 дзярж. выдавецтваў (гл. табл. 2).

1970—90-я г. на Беларусі адзначаны з’яўленнем самавыдавецкага друку. Вядома прыкладна 20 выданняў рэтраспектыўных дакументаў і больш за 10 арыгінальных перыядычных і монавыданняў, якія выдадзены шляхам самвыдату.

Сучасны стан выдавецкай справы. З пач. 1990-х г. у Рэспубліцы Беларусь пачаўся новы этап кнігавыдання, адметны актыўным перавыданнем нац. кніжнай спадчыны, стварэннем выдавецтваў прыватнага характару і павелічэннем долі недзярж. кнігавыдання. Выдавецкія прадпрыемствы поўнасцю забяспечвалі краіну высакаякаснай друкаванай прадукцыяй, выпускалі навук., навучальную, маст., даведачную і інш. літаратуру, перыёдыку. Найбуйнейшыя цэнтры паліграфіі на Беларусі — Адкрытае акцыянернае т-ва «Паліграфкамбінат імя Я.​Коласа», Мінская фабрыка каляровага друку, Адкрытае акцыянернае т-ва «Паліграфічнае прадпрыемства «Чырвоная Зорка», гомельская фабрыка «Палесдрук», маладзечанская друкарня «Перамога», Бабруйская, Баранавіцкая, Барысаўская ўзбуйненыя друкарні і інш. У 1993 адзначаны самы высокі паказчык тыражу выданняў, які застаецца найвышэйшым у гісторыі кнігавыдавецкай справы, — 98 351 тыс. экзэмпляраў. На 1.1.1999 на Беларусі працавалі 11 дзярж. выдавецтваў і 352 прадпрыемствы з правам выдавецкай дзейнасці. У 1999 выдадзена 6064 назвы кніг агульным тыражом 63 300 тыс. экз., у т. л. на бел. мове — 647 назваў тыражом 5100 тыс. экзэмпляраў. На 1.1.2002 дзейнічалі 12 дзярж. выдавецтваў: «Беларусь», «Беларуская Энцыклапедыя», «Беларускі Дом друку», «Дом прэсы» (з 1996), «Беларуская навука», «Вышэйшая школа», «Мастацкая літаратура», «Народная асвета», «Полымя», «Універсітэцкае», «Ураджай», «Юнацтва». У ліпені 2002 шляхам зліцця рэарганізаваны выд-вы «Вышэйшая школа» і «Універсітэцкае» (цяпер «Вышэйшая школа»), «Мастацкая літаратура» і «Юнацтва» (цяпер «Мастацкая літаратура»), «Беларусь», «Ураджай» і «Полымя» (цяпер «Беларусь»).

На 1.1.2004 на Беларусі 7 дзярж. выдавецтваў («Беларусь», «Беларуская Энцыклапедыя», «Беларуская навука», «Вышэйшая школа», «Мастацкая літаратура», «Народная асвета», «Беларускі Дом друку»). Выдавецкай дзейнасцю займаюцца больш за 500 выдавецкіх прадпрыемстваў розных форм уласнасці, міністэрствы і ведамствы. У 2003 дзярж. выдавецтвы выдалі 527 (5,7%) назваў кніг і брашур агульным тыражом 4513 (9,3%) тыс. экз., недзярж. — 5713 (62,4%) назваў тыражом 41 579 (85,8%) тыс. экз.; міністэрствы і ведамствы — 2908 (31,7%) назваў тыражом 2318 (4,7%) тыс. экз. (гл. табл. 3). Усяго выдадзена 9148 назваў кніг і брашур агульным тыражом 48 410 тыс. экз., у т. л. на бел. мове — 857 (9,4%) назваў тыражом 3414 (7,1%) тыс. экз., на рус. — 7804 (85,3%) назвы тыражом 43 426 (89,7%) тыс. экз., на інш. мовах — 487 (5,3%) назваў тыражом 1571 (3,2%) тыс. экзэмпляраў. Галоўны выдавецкі цэнтр на Беларусі — Мінск (выдадзена каля 90% ад усёй колькасці кніг і брашур краіны).

Сярод дзярж. выдавецтваў першынство па колькасці выдадзенай кніжнай прадукцыі ў 2003 належала выд-вам «Народная асвета» (219 назваў, тыраж 3282,2 тыс. экз.), «Вышэйшая школа» (85 назваў, тыраж 401,7 тыс. экз.), «Мастацкая літаратура» (75 назваў, тыраж 173,1 тыс. экз.). У ліку грамадска значных выданняў апошніх гадоў: «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі» (т. 1—6, 1993—2003), «Беларусь на мяжы тысячагоддзяў» (2000), «Тэатральная Беларусь» (т. 1—2, 2002—03), «Жывапіс барока Беларусі» (2003; усе «Беларуская Энцыклапедыя»); «Пан Тадэвуш» А.​Міцкевіча (1998), «Славутыя імёны Бацькаўшчыны» (т. 1—2, 2000—03), «Новая зямля» Я.​Коласа (2002; усе Бел. фонд культуры); «Традыцыйная мастацкая культура беларусаў» (2001), «Гісторыя кінамастацтва Беларусі» (т. 1—3, 2001—04), «Метрыка Вялікага княства Літоўскага. Кн. №43» (2003; усе «Беларуская навука»); «Мінск незнаёмы. 1920—1940 гг.» (2002, «Ураджай»); «Санеты» Я.​Купалы (2002, «Мастацкая літаратура»); «Скарбы прыроды Беларусі», «Повязь часоў — Беларускі ручнік» В.​Лабачэўскай, «Мірскі замак» В.​Калніна (усе 2002), «Страчаная спадчына» (2003; усе «Беларусь»).

Сярод недзярж. выдавецкіх прадпрыемстваў вядучыя пазіцыі ў 2003 займалі выд-вы «Харвест» (2514 назваў, тыраж 21 688 тыс. экз.), «Белы вецер» (307 назваў, тыраж 748,3 тыс. экз.), «Сучасны літаратар» (269 назваў, тыраж 2608,7 тыс. экз.), «Папуры» (230 назваў, тыраж 2467,5 тыс. экз.) і інш. Вылучыліся выдавецкія прадпрыемствы, якія зрабілі значны ўклад у развіццё беларускамоўнага кнігавыдання: «Беларускі кнігазбор» (кнігі з аднайменнай серыі); «Беллітфонд» («Дзяды» А.​Міцкевіча, 2001; альбом-манаграфія «Язэп Драздовіч», 2002), «Тэхналогія» («Aurea med iocritas: Кніжна-пісьмовая культура Беларусі» І.​Саверчанкі, 1998; «Мастацтва беларускіх старадрукаў (XVI—XVIII стст.)» В.​Шматава, 2000; серыя «Нашы славутыя землякі», з 1988).

Прыярытэтнымі для дзярж. патрэб у 2003 былі выданні: універсальная 18-томная Беларуская энцыклапедыя, з 1996; выдадзена 18 тамоў), хронікі «Памяць» пра кожны раён Беларусі (з 1985; выдадзена 126 кніг), навучальная літаратура (выдадзены 134 падручнікі і навучальныя дапаможнікі), кнігі серыі «Школьная бібліятэка», асобныя найменні для папаўнення фондаў публічных бібліятэк і рэалізацыі розных дзярж. праграм. Выдаюцца серыі: «Музыка старажытных сядзіб» («Паліфакт») і «Нашы духоўныя каштоўнасці» («Чатыры чвэрці»; абедзве з 1995), «Беларускі кнігазбор» (з 1996, аднайменнае выд-ва), «Беларуская проза XX стагоддзя» і «Беларуская паэзія XX стагоддзя» (абедзве з 1998), «Беларусь літаратурная» (з 2003; усе «Мастацкая літаратура»), «Беларускі гістарычны раман» (з 2000), «Мастакі Беларусі» (з 2002; абедзве «Беллітфонд») і інш.

Бел. кнігавыдаўцы ўдзельнічаюць у Міжнар. кніжных кірмашах і конкурсах у Франкфурце-на-Майне, Балонні, Браціславе, Варшаве, Маскве, С.-Пецярбургу, Кіеве, Кішынёве. Сярод бел. выдаўцоў штогод праводзіцца рэсп. конкурс «Мастацтва кнігі» (з 1960). Лепшыя бел. кнігі на конкурсах вызначаюцца па намінацыях: «Кніга года», «За лепшае ўвасабленне беларускай тэматыкі», «За лепшую кнігу для дзяцей». З 1967 пераможцам прысуджаецца Дыплом імя Ф.​Скарыны. У 1997 Бел. асацыяцыяй кнігавыдаўцоў і кнігараспаўсюджвальнікаў і выд-вам «Кавалер Паблішэрс» арганізаваны рэсп. конкурс «Мастак і Кніга» (з 2000 праводзяцца ў межах Бел. кірмашу, з 2001 сумесна з Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь). З 1993 у Мінску штогод праводзіцца Міжнар. кніжная выстаўка-кірмаш.

З 2001 кіраўніцтва кнігавыдавецкай справай ажыццяўляе Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Выдавецкую дзейнасць на Беларусі рэгламентуюць Закон Рэспублікі Беларусь «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» і Пастанова Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь «Аб мінімальных стаўках аўтарскага ўзнагароджання за выданне твораў навукі, культуры і мастацтва» (ад 1.11.1996), Закон Рэспублікі Беларусь «Аб рэкламе» (ад 18.2.1997), Палажэнні аб ліцэнзаванні выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці, зацверджаныя Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 20.10.2003, і інш. нарматыўныя дакументы. Выпуск выданняў, якія змяшчаюць заклікі да гвалтоўнага захопу ўлады ці змене канстытуцыйнага ладу, прапаганду вайны, гвалту, жорсткасці, расавай, нац., рэлігійнай варожасці, парнаграфіі, не дапускаецца. На Беларусі дзейнічае Рэспубліканская экспертная камісія па прадухіленні прапаганды ў друку парнаграфіі, гвалту і жорсткасці. Цэнтрам дзярж. статыстычнага ўліку друкаванай прадукцыі з’яўляецца Нац. кніжная палата Беларусі (з 1922), якая выконвае функцыі нац. цэнтра па стандартнай нумарацыі кніг і брашур (ISBN), прысвойвае ідэнтыфікатары выдавецтвам і выдаўцам.

Спецыялістаў для галіны рыхтуюць на факультэце журналістыкі БДУ, на факультэце выдавецкай справы і паліграфіі ў Бел. тэхналагічным універсітэце, у Мінскім паліграфічным каледжы.

Навукова-даследчую работу ў галіне кнігавыдавецкай справы вядуць Нац. кніжная палата Беларусі (выдае статыстычны зб. «Друк Беларусі»), Нац. бібліятэка Беларусі (праводзіць з 1998 «Кнігазнаўчыя чытанні»), Бел. універсітэт культуры (арганізаваў у 1996 міжнар. канферэнцыю «Недзяржаўная выдавецкая дзейнасць на Беларусі: гісторыя і сучаснасць»).

У 1994 створана Бел. асацыяцыя кнігавыдаўцоў і кнігараспаўсюджвальнікаў (БелАКК). У 2003 у яе складзе 150 членаў, якія прадстаўляюць усе вобласці Беларусі і Мінск.

Літ.:

Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925. Мн., 1926;

450 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1968;

Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971;

Мальдзіс А.І. Кнігадрукаванне Беларусі ў XVIII ст. // Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии. Мн., 1974;

Волк А.А., Ракович А.И. Книгоиздательское дело в Белоруссии. Ист. очерк. Мн., 1977;

Кніга Беларусі, 1517—1917: Зводны кат. Мн., 1986;

Недзяржаўная выдавецкая дзейнасць у Беларусі: гісторыя і сучаснасць: Матэрыялы Міжнар. навук.-практ. канф. Мн., 1997;

480 год беларускага кнігадрукавання: Матэрыялы Трэціх Скарынаўскіх чытанняў. Мн., 1998;

Бярозкіна Н.Ю. Гісторыя кнігадрукавання Беларусі (XVI — пач. XX ст.). Мн., 1998;

Законодательные основы издательской и полиграфической деятельности. Мн., 1999;

Матэрыялы Першых кнігазнаўчых чытанняў (Мінск, 15 верас. 1998 г.). Мн., 2000;

Кніжная культура Рэчы Паспалітай: Матэрыялы Другіх кнігазнаўчых чытанняў Мн., 2002;

Друк Беларусі. 1991—2000: Стат. зб. Мн., 2002;

Друк Беларусі, 2001: Стат. зб. Мн., 2002;

Гісторыя выдавецкай дзейнасці ў Польшчы і Беларусі ў XVI—XX стст.: Зб. навук. арт. Мн., 2003.

Л.​І.​Доўнар.


Табліца 1
Выдавецкая дзейнасць у 16—18 ст.
№ Месца дзейнасці выдавецтва Выдавец (уладальнік) Час дзейнасці Колькасць выданняў Мова выданняў (шрыфт)
1 2 3 4 5 6
1. Прага Ф.​Скарына (Я.​Бабіч, Б.​Онкаў) 1517—19 1 (23) старабел., царкоўнаслав.
2. Вільня Ф.​Скарына 1522—25 2(22) старабел., царкоўнаслав.
3. Брэст Б.​Ваяводка (М.​Радзівіл Чорны) С.​Мурмеліус, Ц.​Базылік 1553—54 1558—61 1561—70 больш за 50 польская, лац.
4. Нясвіж С.​Будны, Л.​Крышкоўскі (М. і Г. Кавячынскія, М.​Радзівіл Чорны, А.​Валовіч) 1562—64 3 старабел., польская
5. Заблудаў І.​Фёдараў, П.​Мсціславец (Р.​Хадкевіч) 1568—70 2 старабел.
6. Цяпіна В.​Цяпінскі 1570-я г. 1 старабел., царкоўнаслав.
7. Заслаўе (Узда) С.​Будны (Г. і А. Кавячынскія) 1572 1 польская
8. Лоск С.​Будны, Д.​Лянчыцкі, Я Карцан, Ф.​Балямоўскі (Я.​Кішка) 1572—92 каля 20 польская, лац.
9. Вільня П.​Мсціславец (Мамонічы) 1574—76 3 (кірыліца)
10. Астрог І.​Фёдараў, Г.​Івановіч (К.​Астрожскі) 1578—1612 каля 25 старабел., царкоўнаслав.
11. Вільня В.​Гарабурда (Мамонічы) 1580—82 2 царкоўнаслав.
12. Вільня Я. і І. Карцаны 1580—1620 больш за 100 польская, лац., грэч.
13. Вільня Мамонічы 1583—1623 каля 85 старабел., польская
14. Вільня (М.​Радзівіл Сіротка;
друкарня езуіцкай акадэміі) М.​Пачобут-Адляніцкі, Р.​Даніловіч
1575—86
1586—1805
58
каля 2,5 тыс.
польская, лац.,
ням., франц.,
італьян., літ.,
лат., старабел.
(кірыліца)
15. Вільня Я. Марковіч 1592—1621
16. Вільня Д.​Лянчыцкі 1594—1600
17. Вільня (брацкая друкарня) 1595—1610
1615—1749
царкоўнаслав.,
польская
18. Вільня С. і У. Сультжары 1596—1603
19. Вільня В.​Малахвеевіч, С.​Вярэйскі (М.​Пяткевіч) 1598
20. Еўе (брацкая друкарня) Л.​Карповіч, Г.​Івановіч 1610—45 больш за 25 старабел., царкоўнаслав.
21. Вільня П. Кміта 1611—12 5
22. Любча П. і Я. Кміты,
Я.​Ланге (К.​Радзівіл)
1612—40
1640—50
больш за 80 польская, лац.
23. Ашмяны 1615
24. Магілёў (брацкая друкарня)
С.​Собаль
(М.​Вашчанка)
1616—19
1636—38
1693—1708
да 1773
больш за 30 стараслав.
25. Мінск П.​Дамжыў-Лютковіч 1622 1 (кірыліца)
26. Вільня (Троіцкая базыльянская друкарня) 1628—92
1760—1800
48 слав., польская,
лац., франц.
27. Куцейна (брацкая друкарня)
С.​Собаль, І.​Труцэвіч
1631—32
1636—54
20 (кірыліца)
28. Буйнічы (брацкая друкарня) С.​Собаль 1635 (кірыліца)
29. Пяршай 1645
30. Кейданы І.​Ротэ (Я.​Радзівіл) 1651—55
31. Вільня (ордэн францысканцаў) 1671—1781 28 (у 18 ст.) польская, лац.
32. Слуцк (Радзівілы) Я.​Д.​Заэнкер,
К.​Клакоцкі (кальвінісцкая)
1672—93
1693—1705
29 польская
33. Супрасль базыльянская (К.​Радзівіл, Ц.​Жахоўскі, Л.​Кішка) 1695—1803 больш за 420 старабел.,
царкоўнаслав.,
рус., польская,
лац., літ.
34. Пінск (езуіцкі калегіум; К.​Несялоўскі)
1729—35
1735—52
4
7
польская, лац.
35. Нясвіж (М.​К.​Радзівіл, езуіцкі калегіум) 1750—91 каля 70 польская, лац.
36. Вільня (ордэн піяраў) Д.​Догель, А.​Жулкоўскі 1754—1840 320 (у 18 ст.) польская, лац., франц.
37. Магілёў прыдворная друкарня (С.​Богуш-Сестранцэвіч) 1774—1844 350 польская, лац., рус., франц., ням.
38. Гродна каралеўская друкарня (А.​Тызенгаўз, К.​Маліноўскі, Я.​Ясінскі, Б.​Ром) 1775—1802 каля 100 польская, лац., царкоўнаслав., франц., ням., яўр.
39. Слонім (ордэн дамініканцаў?; М.​К.​Агінскі) 1777—82 больш за 30 польская, лац., італьян., рус.
40. Шклоў яўрэйская друкарня 1783—1836 133 яўрэйская
41. Полацк (езуіцкі калегіум) Б.​Шыркевіч, А.​Лянкевіч, Я.​Заранек 1787—1820 больш за 500 польская, рус., італьян., ням., франц.
42. Гродна яўрэйская друкарня 1788, 1819
43. Азёры (Б.​Ром) 1789
44. Мінск (ордэн базыльян) 1790—94 22 польская, лац., рус.

Табліца 2
Выпуск кніг і брашур па выдавецтвах
Выдавецтва Гады дзейнасці Колькасць кніг і брашур Тыраж, тыс. экз.
«Беларуская Энцыклапедыя» 1967—90 214 11 875
«Беларускі Дом друку» 1960—90 250 9212
«Беларусь» 1921—90 21 913 370 969
«Вышэйшая школа» 1961—90 4613 74 516
«Мастацкая літаратура» 1972—90 3511 155 020
«Навука і тэхніка» 1932—90 5358 22 122
«Народная асвета» 1951—90 7656 341 494
«Полымя» 1950—90 4242 92 384
«Універсітэцкае» 1954—90 2017 21 907
«Ураджай» 1961—90 3888 60 702
«Юнацтва» 1981—90 1313 120 126
Міністэрствы, ведамствы, к-ты і
інш. арганізацыі з правам выдання
1981—90 16 637 12 806

Табліца 3
Выпуск кніг і брашур за 1991—2003
Гады Дзярж. выдавецтвы Недзярж. выдавецтвы Міністэрствы, ведамствы, к-ты і інш. арганізацыі з правам выдавецкай дзейнасці
колькасць назваў тыраж, тыс. экз. колькасць назваў тыраж, тыс. экз. колькасць назваў тыраж, тыс. экз.
1991 1041 37 483 — — 1391 15 427
1992 1013 35 427 254 34 728 1097 1785
1993 917 35 849 749 60 650 1260 1851
1994 835 29 076 1043 50 562 1468 968
1995 654 19 552 1459 42 422 1092 886
1996 523 11 405 1913 46 682 1373 987
1997 691 11 223 3013 55 296 1627 1113
1998 816 13 007 2973 45 298 2284 1717
1999 665 8959 3272 52 764 2127 1582
2000 722 9753 4379 48 333 2585 3541
2001 741 10 178 4769 42 085 2434 2742
2002 569 6998 4737 35 429 2447 1825
2003 527 4513 5713 41 579 2908 2318
Тытульны ліст «Псалтыра» Ф.​Скарыны. Прага 1517.
«Зборнік «Нашай нівы». Вып. 1. Вільня. Друкарня М.​Кухты. 1912.
Кнігі выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя» імя П.​Броўкі. 2000-я г.
Будынак Адкрытага акцыянернага таварыства «Паліграфкамбінат імя Я.​Коласа». Мінск.
Кнігі беларускіх выдавецтваў 1990—2000-я г.
На Міжнародным кніжным кірмашы ў Франкфурце-на-Майне (Германія). Стэнд беларускіх кнігавыдаўцоў. 2000.

т. 18, кн. 2, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)