Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕНЯЛО́МНІК (Saxifraga),
род кветкавых раслін сям. каменяломнікавых. Каля 370 відаў. Пашыраны ў горных краінах Еўропы, Азіі, Амерыкі: частка відаў трапляецца на раўнінах умеранага і халоднага паясоў. Растуць у трэшчынах скал і камянёў (адсюль назва). На Беларусі 3 дзікарослыя віды: К. балотны (S. hirculus) — арктабарэальная галарктычная рэліктавая расліна; К. зярністы (S. granulata) — атл.-еўрап. рэліктавая расліна; К. трохпальцы (S. tridactylites) — атл.-еўрап. скальная расліна. К. балотны і зярністы занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Каля 10 відаў інтрадукаваны як дэкар. расліны, з іх вырошчваюць К. Арэндса (S. × arendsii), мохападобны (S. hypnoides), дзярністы (S. caespitosa), трохвілаваты (S. trifurcata) і скурысталісты (S. repanda).
Шмат- ці аднагадовыя травяністыя расліны, рэдка паўкусцікі з аблісцелымі ці амаль бязлістымі кветаноснымі сцёбламі. Лісце чаргаванае або супраціўнае, рознай формы і памераў, часта сабранае ў разетку. Кветкі звычайна правільныя, 5-пялёсткавыя, у суквеццях (мяцёлках, шчытках і інш.), радзей адзіночныя, рознага колеру, двухполыя. Плод — двухрогая шматнасенная каробачка. Дэкар., лек., харч., кармавыя, меданосныя і пакаёвыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАДЫЁЛУС,
шпажнік (Gladiolus), род кветкавых раслін сям. касачовых. Каля 300 відаў. Пашыраны ў Паўд. і Паўн. Афрыцы, Еўропе, Усх. Азіі. У Беларусі ўсюды зрэдку трапляецца гладыёлус чарапіцавы (G. imbricatus) і вельмі рэдка (у Белавежскай пушчы, наваколлях гарадоў Магілёў і Рагачоў) гладыёлус балотны (G. palustris). Растуць на вільготных лугах, лясных палянах, каля балот, у хмызняках. Гладыёлус чарапіцавы занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь, гладыёлус балотны лічыцца зніклым. У калекцыі Цэнтр.бат. саду Нац.АН Беларусі больш за 600 сартоў гладыёлуса гібрыднага (G. hybridus). У сусв. селекцыі — больш за 10 тыс. сартоў.
Шматгадовыя клубнецыбульныя прыгожаквітучыя травяністыя расліны з прамастойным сцяблом выш. 20—220 см. Клубнецыбуліна круглаватая або пляскатая, з 2—3 плевачнымі ці валакністымі абалонкамі, якія штогод аднаўляюцца. Лісце лінейна-мечападобнае, зялёнае або блакітна-зялёнае. Кветкі лейкападобныя, разнастайнай афарбоўкі, у некат. відаў пахучыя, сабраныя па некалькі (ад 2—5 да 40) у адна- ці двухбаковае коласападобнае суквецце. Плод — 3-створкавая шматнасенная каробачка. Размнажаюцца вегетатыўна (клубнецыбулінамі і «дзеткамі») і насеннем. Выкарыстоўваюць на зразанне, нізкарослыя — для бардзюраў і груп.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Капытнік 5/418
- » - балотны 5/418; 11/524—525 (укл.)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АМЯЛЬНЯ́НСКІ,
біялагічны заказнік на вярховым балоце Парэцкі Мох у Пухавіцкім р-не Мінскай вобл.Засн. ў 1979 для захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін. Пл. 1784 га (1994). У раслінным покрыве пераважаюць хваёва-сфагнавыя і хваёва-кусцікава-сфагнавыя фітацэнозы. На ўскраінах і «астраўках» балота — хваёвыя, хваёва-бярозавыя і асінава-яловыя лясы. Шматлікая касандра (балотны верас); на прылеглых да балота сырых лугавінах вялікая папуляцыя касача сібірскага, занесенага ў Чырвоную кнігу Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬДЭ́ЗІЯ (Caldęsia),
род кветкавых раслін сям. шальнікавых. 5 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі — К. відомцалістая (C. parnassifolia). Рэдкі водна-балотны від (Лоеўскі р-н).
Шматгадовая травяністая расліна выш. 10—100 см з кароткім тонкім карэнішчам, на якім утвараюцца зімавальныя пупышкі (імі расліна расплоджваецца). Лісце акруглае, у разетцы, у наземных форм невялікае, на кароткіх чаранках; у водных — буйное, доўгачаранковае, плавае, падводнае стужкападобнае. Кветкі двухполыя, няправільныя, дробныя, белыя. Плод — шматарэшак. Выміраючыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІГАТРО́ФЫ [ад аліга... + ...троф(ы)],
расліны і мікраарганізмы, здольныя развівацца ў асяроддзі з нізкай канцэнтрацыяй пажыўных рэчываў. Да алігатрофных раслін Беларусі, якія растуць на глебах, бедных элементамі мінер. харчавання, належаць сфагнавыя імхі, верас звычайны, сівец стаячы, цмен пясчаны, агаткі двухдомныя, падвей похвенны, багун балотны, журавіны і інш. расліны вярховых балотаў, сухадолаў і пяскоў. Алігатрофныя мікраарганізмы жывяцца простымі арган. злучэннямі — арган. к-тамі, спіртамі. Многія з іх маюць прыстасаванні для павелічэння паверхні клеткі (спіральная будова клетак у спірылы, прастэкі ў прастэкабактэрый).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦЕ́ЕВІЦКАЕ,
біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Пухавіцкім р-не Мінскай вобл. Створаны ў 1979 для захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін. Пл. 1754 га. Займае аднайм.балотны масіў. Пераважаюць адкрытыя сфагнавыя балоты або рэдкія хваёва-сфагнавыя і кусцікава-сфагнавыя фітацэнозы. На ўскраінах балот хваёвыя і бярозавыя лясы чарнічнага і даўгамошнага тыпаў. У сярэдзіне балотнага масіву «астравы» з урадлівымі дзярнова-падзолістымі глебамі, якія ўкрыты высокапрадукцыйнымі яловымі, асінава-яловымі, хваёвымі і бярозавымі лясамі кіслічнага, сніткавага і чарнічнага тыпаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РСКІ,
біялагічны заказнік на Беларусі, на У Пусташ-Дабралуцкага балота ў Ганцавіцкім р-не Брэсцкай вобл.Засн. ў 1979 з мэтай захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін. Пл. 2805 га (1995). У раслінным покрыве пераважаюць хваёва-кусцікава-сфагнавыя і кусцікава-сфагнавыя фітацэнозы, а таксама хвойнікі пушыцава-сфагнавыя, багуновыя і інш. На ўчастках з мінер. глебамі — бярэзнік і хвойнікі чарнічныя, радзей, бярэзнікі даўгамошныя, хвойнікі імшыстыя, верасовыя і інш. Трапляюцца дубровы чарнічныя і арляковыя. Расце рэдкі для гэтых мясцін балотны мірт (паўд. мяжа яго арэала).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРХО́ВАЕ БАЛО́ТА, алігатрофнае балота,
тып балота, якое жывіцца толькі атм. ападкамі; беднае мінер. рэчывамі. Утвараецца ва ўмовах застою паверхневых вод на плоскіх паніжэннях водападзелаў; не мае сувязі з падземнымі водамі. На вярховым балоце намнажаецца торф магутнасцю 2—10 м, ступень распаду якога каля 50%. Паверхня балота пукатая да цэнтра, дзе найб. інтэнсіўна растуць асн. торфаўтваральнікі — сфагнавыя мхі. Відавы склад вышэйшых раслін бедны (балотныя формы хвоі і лістоўніцы, карлікавая бяроза, багун, балотны мірт, верас, буякі, журавіны, падвей похвенны, расіца круглалістая, марошка і інш.). На Беларусі вярховыя балоты найб. пашыраны ў Віцебскай і на Пн Мінскай абласцей (гл. таксама Балота).