РО́ЎЛІНСАН (Rawlinson) Генры Крэсвік (11.4.1810, Чэдлінгтан, Вялікабрытанія — 5.3.1895),
англійскі дыпламат, усходазнавец. Адзін з заснавальнікаў асірыялогіі. У 1827—39 афіцэр брыт. Ост-Індскай кампаніі (у Індыі і Іране). У 1840—60-я г. прадстаўнік брыт. ўрада ў г. Кандагар (Афганістан), консул у Багдадзе, пасол у Тэгеране. У 1835—47 скапіраваў, пазней у асноўным прачытаў Бехістунскі надпіс (гл. Бехістун), дэшыфраваў перс. і вавілона-асірыйскія (акадскія) клінапісы. Вёў археал. раскопкі стараж. гарадоў Двухрэчча Барсіпы і Сіпара (цяпер тэр. Ірака). Прэзідэнт Азіяцкага (1878—81) і Геагр. (1871—72, 1874—75) каралеўскіх т-ваў.
т. 13, с. 413
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕН БЕ́ЛА Ахмед (н. 25.12.1916, Магнія, каля г. Тлемсен, Алжыр),
дзяржаўны і палітычны дзеяч Алжыра. У час 2-й сусв. вайны афіцэр франц. арміі. З 1949 адзін з кіраўнікоў Алжырскай нацыяналіст. партыі. З 1952 чл. Фронту нац. вызвалення Алжыра. У 1956 арыштаваны франц. ўладамі і да 1962 знаходзіўся ў зняволенні. Завочна быў абраны ў кіруючыя органы алж. вызв. руху. У 1962—65 прэм’ер-міністр, у 1963—65 прэзідэнт краіны. Пасля ваен. перавароту ў 1965—80 пад дамашнім арыштам. З 1981 у эміграцыі. У 1990 вярнуўся ў Алжыр і ўзначаліў партыю «Рух за дэмакратыю».
т. 3, с. 95
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАГО́СКІН Лаўрэнцій Аляксеевіч (2.6.1808—3.2.1890),
рускі даследчык Аляскі, марскі афіцэр. Скончыў Марскі кадэцкі корпус, служыў у Пецярбургу і г. Астрахань. У 1842—44 па заданні Расійска-амерыканскай кампаніі апісаў ч. заліва Нортан, адкрыў горны хрыбет у бас. р. Юкан, даследаваў рэкі Куікпак і Кускакуім. Вынікі экспедыцыі апублікаваны ў творы: «Пешаходны вопіс часткі рускіх уладанняў у Амерыцы, зроблены ў 1842, 1843 і 1844 гг.» (ч. 1—2, 1847—1848), перавыданне — «Падарожжы і даследаванні лейтэнанта Лаўрэнція Загоскіна ў Рускай Амерыцы ў 1842—1844 гг.» (1956).
Літ.:
Адамов А. Первые русские исследователи Аляски. М., 1950.
т. 6, с. 497
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РБУТ Людвік Тэадоравіч (7.9.1832, в. Шаўры Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 4.5.1863),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Беларусі і Літве. Сын Т.Нарбута. У 1850 за рэв. дзейнасць сасланы радавым на Каўказ. Пасля на радзіме, афіцэр у адстаўцы. Дэмакрат, прыхільнік «чырвоных». У 1863 паўстанцкі ваен. начальнік Лідскага пав., адзін з першых у Беларусі сфарміраваў атрад, на чале якога 3 месяцы (люты—крас.) вёў барацьбу супраць урадавых войск. У атрадзе Н., які падтрымлівалі сяляне, былі мастак М.Андрыёлі і, магчыма, Ф.Багушэвіч. Паўстанцкія ўлады прысвоілі Н. званне палкоўніка. Загінуў у баі.
Г.В.Кісялёў.
т. 11, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРА́НКЛІН (Franklin) Джон (16.4.1786, Спілсбі, Вялікабрытанія — 11.6.1847),
англійскі палярны даследчык, марскі афіцэр. У 1818 удзельнічаў у экспедыцыі Д.Б’юкена, мэтай якой было прайсці з Атлантычнага ак. праз Паўн. полюс у Ціхі акіян. У 1819—22 і 1825—27 кіраваў экспедыцыямі, якія даследавалі паўн. ўзбярэжжа і ўнутр. раёны Паўн. Амерыкі. У 1845 узначаліў палярную экспедыцыю на суднах «Тэрор» і «Эрэбус» для пошуку Паўночна-Заходняга праходу. Удзельнікі экспедыцыі загінулі. На іх пошукі арганізавана каля 50 экспедыцый, якія зрабілі вял. ўклад у даследаванні Канадскага Арктычнага архіпелага. Імем Ф. названы мыс, горы, заліў і праліў у Паўн. Амерыцы.
т. 16, с. 456
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШТАНДА́Р (польск. sztandar ад ням. Standarte),
1) сцяг у кавалерыйскіх часцях шэрагу армій свету ў 16—20 ст., у т. л. ў арміі Рас. імперыі (з 1731). У сав. узбр. сілах Ш. наз. сцягі зводных палкоў, франтоў, ВМФ і наркамата абароны, якія ўдзельнічалі ў Парадзе Перамогі ў 1945. Ад звычайнага сцяга адрозніваецца формай (квадратная, трохвугольная), меншымі памерамі палотнішча, спосабам мацавання (упоперак дрэўка). У кав. роце (эскадроне) Ш. нёс спецыяльна прызначаны афіцэр (гл. Карнет).
2) Флаг кіраўніка дзяржавы (імператара, караля, прэзідэнта) і некат. вышэйшых службовых асоб, які ўзнімаецца на месцы яго прысутнасці (на ваен. караблі — суднавы Ш.).
т. 17, с. 469
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́РАШ (JaroS) Отакар (1.8.1912, г. Лоўні, Чэхія — 8.3.1943),
чэхаславацкі афіцэр. Герой Сав. Саюза (1943, пасмяротна). На ваен. службе ва ўзбр. сілах Чэхаславакіі з 1936. Скончыў вышэйшае ваен. вучылішча ў Граніцы (Паўн. Маравія, 1938). У 1939 эмігрыраваў у Польшчу, дзе фарміравалася чэш. вайск. часць. Разам з Л.Свобадай перайшоў на бок СССР. З 1942 камандзір 1-й роты 1-га асобнага батальёна, сфарміраванага ў г.Бузулук Арэнбургскай вобл. (Расія). Са студз. 1943 на Варонежскім фронце ў р-не Харкава. Загінуў у баі за населены пункт Сакалова. У г. Мельнік (Чэхія) Я. пастаўлены помнік.
т. 18, кн. 1, с. 298
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ДЭНСКА-ПФА́ЛЬЦКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1849,
выступленне на апошнім этапе Рэвалюцыі 1848—49 у Германіі ў абарону імперскай канстытуцыі 27.3.1849. Адбылося ў маі—ліп. 1849 у Бадэне і баварскім Пфальцы. Ваен. кіраўнік паўстання польскі афіцэр-эмігрант Л.Мераслаўскі, сац. рух узначальвалі дэмакраты, звязаныя з левай фракцыяй Франкфурцкага парламента. 13—14 мая паўстанцы (рабочыя і каля 20 тыс. салдатаў рэгулярнай арміі) скінулі рэакц. ўрады ў Бадэне і Пфальцы і ўтварылі замест іх выканаўчыя к-ты. Задушана 60-тысячным прускім войскам на чале з кронпрынцам Вільгельмам. Частка паўстанцаў, у т. л. Ф.Энгельс, уцякла ў Швейцарыю. Разгром паўстання наблізіў канец Франкфурцкага парламента і герм. рэвалюцыі.
т. 2, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́РАВА Надзея Андрэеўна (1783, Кіеў — 2.4.1866),
першая ў Расіі жанчына-афіцэр, пісьменніца. У 1806, выдаўшы сябе за мужчыну, уступіла ў кав. полк, удзельнічала ў вайне з Францыяй у 1807, у вайне 1812 (кантужана ў Барадзінскай бітве), замежных паходах рус. арміі 1813—14. Была ардынарцам у М.І.Кутузава. Аўтар успамінаў («Запіскі Н.А.Дуравай», 1836—39), рамана «Гудзішкі» (1839), «Аповесцей і апавяданняў» (1839). Д. прысвечаны шэраг твораў л-ры і мастацтва — маст. фільм «Гусарская балада» (1962) паводле п’есы А.К.Гладкова «Даўным-даўно» (1942), опера А.В.Багатырова «Надзея Дурава» (1957) і інш.
Тв.:
Избранное. М., 1984;
Избранные сочинения кавалерист-девицы Н.А.Дуровой. М., 1988.
т. 6, с. 261
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАК ЧЖОН XI (30.9.1917, в. Сангмары, прав. Кёнсан-Пукто, Карэя — 26.10.1979),
ваенны і дзярж. дзеяч Рэспублікі Карэя. Ген.-маёр (1961). Скончыў настаўніцкае вучылішча ў г. Тэгу і ваен. школу ў Токіо (1944). У час 2-й сусв. вайны афіцэр яп. Квантунскай арміі. З 1946 у паўд.-кар. узбр. сілах. Удзельнік карэйскай вайны 1950—53. Узначаліў ваен. пераварот 16.5.1961. У 1961—63 старшыня Вярх. савета нац. рэканструкцыі. У кастр. 1963 выбраны прэзідэнтам Рэспублікі Карэя. Ініцыіраваў эканам. рэформы, якія спрыялі хуткаму эканам. росту краіны, ператварэнню яе ў індустр. дзяржаву. У 1971 увёў у краіне надзвычайнае становішча, дамогся прыняцця новай канстытуцыі, якая скасавала прамыя прэзідэнцкія выбары. Забіты адным з паплечнікаў.
т. 11, с. 531
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)