П’Е́ХА (Эдзіта Станіславаўна) (н. 31.7.1937, г. Нуаэль-су-Лян, Францыя),

расійская эстрадная спявачка. Нар. арт. СССР (1988). Скончыла пед. ліцэй у Гданьску (Польшча), вучылася ў Ленінградскім ун-це. З 1955 артыстка Ленканцэрта (з 1994 Пецярбург-канцэрт). Першая выканальніца шматлікіх песень В.​Салаўёва-Сядога, А.​Астроўскага, А.​Пятрова, А.​Фельцмана і інш. У рэпертуары таксама франц. і польскія песні. Творчасць адметная лірычнасцю і высакароднасцю выканання. Знялася ў маст. фільмах: «Лёс рэзідэнта», «Непапраўны лгун», «Брыльянты для дыктатуры пралетарыяту».

т. 12, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛО́ВА (Любоў Пятроўна) (11.2.1902, г. Звянігарад — 26.1.1975),

руская актрыса. Нар. арт. СССР (1950). Вучылася ў кансерваторыі (1919—22), тэатр. тэхнікуме (1922—25) у Маскве. У 1926—33 артыстка муз. т-ра імя У.​І.​Неміровіча-Данчанкі. З 1955 у т-ры імя Массавета. Здымалася ў кіно: Анюта («Вясёлыя хлопцы»), Марыён Дыксан («Цырк»), Дуня («Волга-Волга»), прафесар Нікіціна і актрыса Шатрова («Вясна»); сярод роляў у тэатры: Нора («Нора» Г.​Ібсена), Патрык Кэмпбэл («Мілы лгун» Дж.​Кілці). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1950.

т. 1, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУДЫ́К (Judic) Ганна [сапр. Дам’ен

(Damiens) Ганна Марыя Луіза; 17.7.1850, г. Семюр, Францыя — 15.4.1911], французская артыстка аперэты, эстр. спявачка. Вучылася ў Парыжскай кансерваторыі. З 1867 выступала ў парыжскіх т-рах, з 1872 — у «Буф-Парызьен» (па запрашэнні Ж.​Афенбаха),

з 1876 у «Вар’етэ». Яе творчасці былі ўласцівы дасканалае вак. майстэрства, лёгкасць і віртуознасць камедыйнай тэхнікі. Сярод партый: Алена, Герцагіня («Прыгожая Алена», «Герцагіня Геральштэйнская» Афенбаха), Дэніза («Мадэмуазель Нітуш» Ф.​Эрвэ). Як эстр. спявачка стварыла ўласны стыль выканання, заснаваны на гранічнай выразнасці жэста.

т. 6, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЙСЕІ́ТАВА (Куляш) (Гульбахрам) Жасымаўна (2.5.1912, г. Алматы — 6.6.1957),

казахская артыстка оперы (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар. арт. СССР (1936). Адна з заснавальніц каз. опернага мастацтва. У 1934—57 салістка Казахскага т-ра імя Абая. Стварыла яркія муз.-сцэн. вобразы ў нац. операх: Кыз-Жыбек, Акжунус («Кыз-Жыбек», «Ер-Таргын» Я.​Брусілоўскага), Сары («Біржан і Сара» М.​Тулебаева, Дзярж. прэмія СССР 1949). З класічных партый: Таццяна («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Чыо-Чыо-сан у аднайм. оперы Дж.​Пучыні. Выступала як канцэртная спявачка. Дзярж. прэмія СССР 1948.

т. 2, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫСЕ́ВІЧ (Вольга Міхайлаўна) (4.7.1903, г. Порт-Артур — 13.9.1947),

бел. рэжысёр оперы. Скончыла Бел. драм. студыю ў Маскве (1926). У 1926—31 артыстка БДТ-2. У 1933—47 рэжысёр Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Удзельнічала ў стварэнні нац. рэпертуару (сааўтар лібрэта оперы «Кветка шчасця» А.​Туранкова). Лепшыя пастаноўкі — «Трыльбі» А.​Юрасоўскага (1940), «Казкі Гофмана» Ж.​Афенбаха (1941). З інш. работ: «Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага (1933), «Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні (1934), «Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні (1945), «Русалка» А.​Даргамыжскага (1946).

Б.​С.​Смольскі.

т. 2, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯ́ЛЬЦАВА (Настасся Дзмітрыеўна) (1871, г. Харкаў, Украіна — 18.2.1913),

расійская эстрадная спявачка (сапрана), артыстка аперэты. Вучылася ў Пецярбургу. З 1888 выступала ў аперэтачных трупах (у 1893—97 у трупе С.​А.​Пальма ў Маскве і Пецярбургу). Сярод роляў: Перыкола, Алена («Перыкола», «Прыгожая Алена» Ж.​Афенбаха), Сафі («Цыганскі барон» І.​Штрауса), Клерэта («Дачка мадам Анго» Ш.​Лекока). Зрэдку выступала ў операх: Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ), Даліла («Самсон і Даліла» К.​Сен-Санса). Адначасова канцэртавала, вядомая як выканальніца цыганскіх рамансаў.

Літ.:

Нестьев И.В. Звёзды русской эстрады. 2 изд. М., 1970.

т. 4, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛО́ЎКІНА (Соф’я Мікалаеўна) (н. 13.10.1915, Масква),

руская артыстка балета і педагог. Нар. арт. СССР (1973). Скончыла Маскоўскае харэагр. вучылішча (1933; з 1995 Маскоўская дзяржаўная акадэмія харэаграфіі), з 1960 яго дырэктар. У 1933—59 салістка Вял. т-ра ў Маскве. Яе мастацтву ўласцівы героіка-аптымістычны, тэмпераментны стыль выканання. Партыі: Нікія, Кітры («Баядэрка», «Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Адэта—Адылія, Маша («Лебядзінае возера», «Шчаўкунок» П.​Чайкоўскага), Сванільда («Капелія» Л.​Дэліба), Раймонда («Раймонда» А.​Глазунова), Зарэма, Мірэйль дэ Пуацье («Бахчысарайскі фантан», «Полымя Парыжа» Б.​Асаф’ева). Сярод вучаніц: Н.Бяссмертнава, К.Міхальчанка, Н.​Грачова. Дзярж. прэмія СССР 1947.

т. 4, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІНО́ЎСКАЯ (Валянціна Фёдараўна) (н. 21.7.1938, Кіеў),

украінская артыстка балета. Нар. арт. СССР (1968). Скончыла Кіеўскае харэаграфічнае вучылішча (1957). У 1957—81 салістка, з 1980 педагог-рэпетытар Кіеўскага т-ра оперы і балета. Яе творчасці характэрна дасканалае валоданне тэхнікай класічнага танца, глыбокі псіхалагізм у стварэнні вобразаў. Сярод партый: Донна Анна («Каменны валадар» В.​Губарэнкі), танец агню («Чорнае золата» В.​Гамалякі), Адэта—Адылія («Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Эгіна («Спартак» А.​Хачатурана), Кітры («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Зарэма («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Мехменэ Бану («Легенда пра каханне» А.​Мелікава), Мірта («Жызэль» А.​Адана).

т. 7, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЎШ (Bausch; сапр. Філіпіне; Philippine) Піна

(н. 27.7.1940, г. Золінген, Германія),

нямецкая артыстка балета, балетмайстар. Вучылася ў «Фолькванг-шуле» К.​Іоса (г. Эсэн). Танцавала ў «Фолькванг-балеце», трупе «Новага амерыканскага балета», у «Метраполітэн-опера» (Нью-Йорк). З 1969 балетмайстар розных т-раў у ФРГ, з 1971 балетмайстар Танц. ансамбля ў Вуперталі. Ставіць балеты на аснове па-экспрэсіянісцку завостранага танца мадэрн у суправаджэнні сімф., вакальнай і канкрэтнай музыкі, тэксту. Пастаноўкі: «Вакханалія» ў оперы «Тангейзер» Р.​Вагнера (1971), «Адажыо» на муз. «Пяці песень» Г.​Малера (1974), «Вясна свяшчэнная» І.​Стравінскага (1976), «Ідзі, станцуй са мной» на зборную музыку (1977) і інш.

т. 2, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЦЫНЬ, Вілцыня (Vilciņa) Велта (Аўсма) Эйнаўна (н. 13.12.1928, Упесгрыва Талсінскага р-на, Латвія), латышская артыстка балета. Нар. арт. СССР (1965). Скончыла балетную студыю пры Рыжскім т-ры оперы і балета (1948). У 1949—73 салістка, з 1968 педагог-рэпетытар Рыжскага т-ра. Сярод партый: Баранеса («Сакта свабоды» А.​Скултэ), Скайдрытэ («Стабурадзе» А.​Калніньша, Дзярж. прэмія Латвіі 1958), Адэта—Адылія, Аўрора («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Джульета («Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Кармэн («Кармэн-сюіта» Ж.​Бізэ—Р.​Шчадрына) і інш. У 1956 і 1958 выступала ў Вял. т-ры.

т. 4, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)