МАРТЭ́ЛЬ ((Martel) Антуан) (2.2.1899, г. Бом-ле-Дам, Францыя — 12.10.1931),

французскі славіст, даследчык старабеларускай мовы і літаратуры. Скончыў Сарбону, Нац. ін-т жывых усх. моў (1923). Працаваў на кафедры філалогіі Лільскага ун-та. Зрабіў навук. падарожжы ў Польшчу (1922—23, 1925), СССР (1926—27). Сувязям польскай, бел. і ўкр. моў у сярэднія вякі прысвечана яго манаграфія «Польская мова на Украіне і Беларусі, 1569—1667» (выд. 1938), у якой прааналізаваў мову твораў Ф.Скарыны, С.Буднага, В.Цяпінскага, Ф.Еўлашоўскага, Ф.Кміты-Чарнабыльскага і інш. Шырока паказаў грамадска-культ. значэнне старабел. літ. мовы ў ВКЛ, заняпад якой тлумачыў яе ўнутр. крызісам, узмоцненым абыякавасцю і непрыхільнасцю правасл. артадоксіі да жывой нар. мовы. Адзначыў адмоўныя вынікі паланізацыі для нац. і культ. лёсу беларусаў і ўкраінцаў. Свае вывады ілюстраваў прыкладамі з твораў Л.Зізанія, Г. і М. Сматрыцкіх, Афанасія Філіповіча, З.Капысценскага, П.Магілы. Даследаваў творчасць М.Ламаносава, А.Міцкевіча, Ю.Славацкага.

А.К.Каўка.

т. 10, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАВУАЗЬЕ́ ((Lavoisier) Антуан Ларан) (26.8.1743, Парыж — 8.5.1794),

французскі хімік, адзін з заснавальнікаў сучаснай хіміі і заснавальнік тэрмахіміі. Чл. Парыжскай АН (1772). Скончыў Парыжскі ун-т (1763). У 1775—91 — дырэктар Упраўлення порахаў і салетраў, з 1768 член «Кампаніі водкупаў»; у час Вял. франц. рэвалюцыі разам з інш. адкупшчыкамі пакараны смерцю паводле прыгавору рэв. трыбуналу. Навук. працы Л. садзейнічалі ператварэнню хіміі ў навуку, заснаваную на дакладных вымярэннях: у хім. даследаваннях выкарыстоўваў колькасныя метады, у прыватнасці ўзважванне. Даказаў складаны састаў атм. паветра (1774—77), растлумачыў ролю кіслароду ў працэсах гарэння і акіслення. Стварыў кіслародную тэорыю гарэння (1780). Распрацаваў разам з К.Л.Бертале і інш. хім. наменклатуру і класіфікацыю цел (1786—87), напісаў «Пачатковы падручнік хіміі» (1789).

Літ.:

Дорфман Я.Г. Лавуазье. 2 изд. М., 1962;

Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 1. 3 изд. М., 1986.

т. 9, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕНЭ́Н, Ле Нэн (Le Nain),

французскія жывапісцы, браты. Нарадзіліся ў г. Лан (Францыя).

Антуан Л. (1588? — 25.5.1648); Луі Л. (1593? — 23.5.1648); Мацьё Л. (1607? — 20.4.1677). З канца 1620-х г. мелі агульную майстэрню ў Парыжы, часта працавалі разам. У 1648 прыняты ў Каралеўскую акадэмію жывапісу і скульптуры. У творах сял. жанру («Наведванне бабулі», «Шчаслівая сям’я», «Кузня»), інтэр’ерных («Стары музыкант», 1644) і пленэрных («Павозка», 1641; «Сяляне на фоне пейзажа») сцэнах вызначылі рэаліст. тэндэнцыі ў франц. жывапісе. Пад уплывам галандскага мастацтва пануючы афіц. парадны тып партрэта трансфармавалі ў больш камерны, блізкі да жанравых сцэн («Маркіз дэ Трэвіль», «Партрэт сталай жанчыны», абодва 1644; групавыя партрэты «Кардэгардыя», 1643; «Збор аматараў» і інш.). Некаторыя карціны блізкія да караваджызму («Гульцы ў карты», «Бойка», каля 1640). Падзел твораў паміж братамі праблематычны. Звычайна Антуану прыпісваюць карціны з дзецьмі і невял. групавыя партрэты («Сямейны партрэт», 1642), Луі — пераважна псіхал. сял. сцэны («Сялянская сям’я», «Сям’я малочніцы», 1640-я г.), Мацьё — элегантныя групавыя партрэты («Гульцы ў трык-трак», 1640-я г.). Сярод манум. твораў: паліпціх «Гісторыя Марыі» (1630—32) для капэлы Пці-Агюстэн у Парыжы, 4 алтарныя карціны для сабора Парыжскай Божай маці.

Літ.:

Каган М. Братья А, Л. и М. Ле Нэн: [Альбом]. М., 1972.

В.Я.Буйвал.

Л.Ленэн. Сям’я малочніцы. 1640-я г.

т. 9, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)