ЛІСІЦЫЯ́Н (Павел Герасімавіч) (н. 6.11.1911, г. Уладзікаўказ, Паўн. Асеція),
расійскі і арм. спявак (барытон), педагог. Нар.арт.СССР (1956). Скончыў Ерэванскую кансерваторыю (1960), у 1967—73 выкладаў у ёй (з 1970 праф.). На опернай сцэне з 1935. У 1940—66 саліст Вял.т-ра ў Маскве. Валодаў моцным голасам прыгожага тэмбру вял. дыяпазону. Яго выкананне вылучалася высакароднасцю, бездакорнай інтанацыяй, дасканаласцю дыкцыі. Сярод партый: Казбіч («Бэла» А.Аляксандрава), Аршак II («Аршак II» Т.Чухаджана), Андрэ («Джаліль» Н.Жыганава), Татул («Алмаст» А.Спендыярава), Ялецкі, Анегін, Мазепа, Раберт («Пікавая дама», «Яўген Анегін», «Мазепа», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Жэрмон, Аманасра («Травіята», «Аіда» Дж.Вердзі), Эскамільё («Кармэн» Ж.Бізэ).
Літ.:
Яковенко С.Б. П.Г.Лисициан: Уроки одной жизни. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЬРО́ (Malraux; сапр.Бержэ; Berger) Андрэ
(3.11.1901, Парыж —23.11.1976),
французскі пісьменнік, дзярж. дзеяч. Вучыўся ў Нац. вучылішчы жывых усх. моў у Парыжы. У 1959—69 міністр культуры Францыі. Першыя раманы «Заваёўнікі» (1928), «Так жыве чалавек» (1933), «Надзея» (1937) па настраёвасці і танальнасці блізкія да экзістэнцыялізму. У 1940—50-я г. творчасць М. зазнала значны ўплыў Ф.Ніцшэ, Ф.Дастаеўскага, О.Шпенглера, А.Жыда (мастацтвазнаўчыя працы «Псіхалогія мастацтва», «Метамарфоза багоў»). У «Антымемуарах» (1967), «Чорным трохкутніку» (1970), маст. біяграфіі «Лазар» (1974) стаў на пазіцыі скептычнага гуманізму.
Тв.:
Рус.пер. — Зеркало лимба: Худож. публицистика. М., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРДО́ (Bordeaux),
горад на ПдЗ Францыі. Адм. ц. дэпартамента Жыронда і гал. горад гіст. вобласці Гіень і Гасконь, на р. Гарона, за 97 км ад Біскайскага зал. Вядомы яшчэ да рымскага заваявання Галіі ў 1 ст. да нашай эры. 213 тыс.ж., з прыгарадамі 686 тыс.ж. (1990). Буйны порт, даступны для марскіх суднаў (аванпарты Паяк, Вердон і інш.), Міжнар. аэрапорт. Нафтаперапрацоўка, судна- і авіябудаванне, агульнае машынабудаванне, металург., хім., тэкст., дрэваапр.прам-сць, харч. прадпрыемствы (цукр., шакаладныя, кансервавыя і інш.). Вінаробства. Ун-ты (старэйшы з 1441), вышэйшыя школы выяўл. мастацтва (1712) і марская (1613). Музей выяўл. мастацтваў і інш. Шматлікія арх. помнікі 11—18 ст., у тым ліку раманска-гатычны сабор Сент-Андрэ (12—14 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕНО́ТР, Ле Нотр (Lenôtre, Le Nôtre) Андрэ (12.3.1613, Парыж — 15.9.1700), французскі архітэктар; майстар садова-паркавага мастацтва. Вучыўся ў С.Вуэ, Ш.Лебрэна і, магчыма, у Ф.Мансара. З 1657 ген. кантралёр пабудоў Людовіка XIV. Развіў прынцып геам. планіроўкі і падстрыгання насаджэнняў, характэрны для італьян. садоў эпохі Адраджэння. Спалучаў рацыяналізм класіцызму з прасторавым размахам барока, стварыў сістэму пабудовы вял. рэгулярнага («французскага») парку з геам. сеткай алей, правільнымі абрысамі газонаў, басейнаў, баскетаў. Кіраваў работамі ў парку Во-ле-Віконт (з 1653), у каралеўскіх парках Сен-Жэрмен, Фантэнбло, Шантыйі, Сен-Клу (1660-я г.) — усе ў Парыжы. Аўтар паркаў Версаля. Спраектаваў Сент-Джэймспарк у Лондане і парк у г. Грынвіч (абодва 1662). Сістэма Л. была дамінуючай у еўрап. паркабудаўніцтве да сярэдзіны 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЬВОЎ ((Lwoff) Андрэ Мішэль) (8.5. 1902, Алье, Францыя — 1994),
французскі генетык і мікрабіёлаг. Чл.Франц.АН (1977). Замежны чл.АМНСССР (1967), Нац.АН ЗША, Лонданскага каралеўскага т-ва. Прэзідэнт міжнар. асацыяцыі мікрабіял. т-ваў (1962—70). Сын эмігрантаў з Расіі. Скончыў Парыжскі ун-т (1921). З 1921 у Пастэраўскім ін-це ў Парыжы, з 1959 праф. Парыжскага ун-та, з 1969 дырэктар Нац. ін-та даследаванняў раку. Навук. працы па роставых фактарах мікробаў, фізіялогіі вірусаў, індукцыі і рэпрэсіі ферментаў. Даказаў (разам з А.Гутман) спадчынную прыроду лізагеніі, адкрыў здольнасць ультрафіялетавых прамянёў індуцыраваць развіццё прафага; зрабіў уклад у вучэнне аб латэнтных вірусных інфекцыях. Яго даследаванні пакладзены ў аснову тэорыі рэгулявання сінтэзу бялку. Нобелеўская прэмія 1965 (разам з Ф.Жакобам і Ж.Мано).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЦІНЭ́ ((Martinet) Андрэ) (н. 12.4. 1908, Сент-Альбан-дэ-Віяр, Францыя, французскі мовазнавец. Вучыўся ў Сарбоне (Парыж) і Берлінскім ун-це. З 1947 праф. Калумбійскага ун-та (Нью-Йорк),
з 1955 — Сарбоны. Навук. працы па агульным і франц. мовазнаўстве, фаналогіі. Сфармуляваў асн. палажэнні функцыянальнай фаналогіі, увёў прынцып разгляду цэлых сістэм у дыяхранічнай фаналогіі, апісаў механізм фаналагічнай ланцуговай рэакцыі і інш. фактары фанетычных змен. Аўтар прац «Вымаўленне ў сучаснай французскай мове» (1945), «Фаналогія як функцыянальная фанетыка» (1949), «Пра функцыянальны погляд на мову» (1962) і інш. Прэзідэнт Міжнар. асацыяцыі дапаможнай мовы (1946—48), Еўрап. лінгвістычнага т-ва (1966).
Тв.:
Рус.пер. — Принцип экономии в фонетических изменениях. М., 1960;
Основы общей лингвистики // Новое в лингвистике. М., 1963. Вып. 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУСТО́ ((Cousteau) Жак Іў) (11.6.1910, г. Сент-Андрэ-дэ-Кюбзак, Францыя — 25.6.1997),
французскі даследчык, акіянограф. Контр-адмірал. Чл.Франц.АН (1989). З 1952 кіраўнік падводнымі даследаваннямі на судне «Каліпсо», з 1985 — на турбапарусным судне «Алкіёна». З 1957 дырэктар Акіянаграфічнага музея ў Манака. Кіраўнік праграмы «Каншэльф» (даследаванні кантынентальнага шэльфа: умоў жыцця і працы людзей у падводным асяроддзі). Вынаходнік (разам з Э.Ганьянам) акваланга (1943), падводных дамоў, апарата «ныраючы сподак»; прыстасаваў кінакамеру для падводных кіназдымак. Займаўся пытаннямі аховы падводнага асяроддзя. Аўтар кніг і каля 90 дакументальных фільмаў, сярод якіх «Свет маўчання» (1956), «Залатая рыба» (прэмія «Оскар» 1960) і «Свет без сонца» (прэмія «Оскар» 1965).
Тв.:
Рус.пер. — В мире безмолвия. Живое море. М., 1976 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭТРЫ́ ((Grétry) Андрэ Эрнест Мадэст) (8 ці 11.2.1741, г. Льеж, Бельгія — 24.9.1813),
французскі кампазітар, муз. пісьменнік. Па паходжанні бельгіец. Чл. Ін-та Францыі (1795), Балонскай філарманічнай акадэміі (1765). Вучыўся ў царкоўна-пеўчай школе ў Льежы (з 1750), удасканальваў майстэрства ў Рыме. З 1767 у Парыжы. Вядомасць яму прынеслі камічныя оперы «Гурон» (1768) і «Люсіль» (1769), у якіх выявіўся талент кампазітара-лірыка, майстра сентыментальнага і камедыйнага муз.-сцэн. дзеяння. Буйнейшы прадстаўнік франц. камічнай оперы 18 ст. Стварыў новыя жанравыя разнавіднасці: гераічную оперу на гіст. сюжэт («Рычард Львінае сэрца», 1784), нар.-гераічную драму («Вільгельм Тэль», 1791). Пісаў таксама лірычныя трагедыі, духоўную музыку, сімфоніі, камерна-інстр. ансамблі, гімны, рэв. песні і інш. Аўтар «Мемуараў» (т. 1—3, 1796—97).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТУА́Н ((Antoine) Андрэ) (31.1.1858, г. Лімож — 19.10.1943),
французскі рэжысёр і акцёр, тэарэтык т-ра. Арганізатар і дырэктар свабоднага т-ра (1887—95) і Т-ра Антуана (1897—1906), дырэктар т-ра «Адэон» (1906—14). З 1914 працаваў у кіно, займаўся тэатр. крытыкай. Прыхільнік і прапагандыст эстэт. прынцыпаў Э.Заля, адстойваў рэалізм у тэатр. мастацтве. Выступаў супраць рамесніцкай «касавай» драматургіі, за ўключэнне ў рэпертуар парыжскіх т-раў прагрэс.франц. і замежнай драмы. Паставіў інсцэніроўкі паводле рамана бр. Ганкур, п’есы Ж.Рэнара, Л.Талстога («Улада цемры», 1888), Г.Ібсена («Здані», 1890), Г.Гаўптмана («Ткачы», 1893) і інш. Выступаў супраць штампаў у акцёрскім і рэжысёрскім мастацтве. Характарны акцёр, майстар мізансцэны. З лепшых роляў: Освальд («Здані»), Акім («Улада цемры») і інш.
Літ.:
Антуан А. Дневники директора театра, 1887—1906: Пер. с фр.М.; Л., 1939.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМПЕ́Р ((Ampere) Андрэ Мары) (22.1.1775, г. Ліён, Францыя — 10.6.1836),
французскі фізік і матэматык, адзін з заснавальнікаў класічнай электрадынамікі. Чл. Парыжскай (1814), замежны ганаровы чл. Пецярбургскай (1830) і інш.АН. Атрымаў дамашнюю адукацыю. З 1805 у Політэхн. школе ў Парыжы (з 1809 праф.), з 1824 праф. Калеж дэ Франс. Сфармуляваў правіла для вызначэння напрамку адхілення магн. стрэлкі токам (правіла Ампера); адкрыў законы ўзаемадзеяння эл. токаў і эл. току з магн. полем (гл.Ампера закон). Пабудаваў тэорыю магнетызму, у аснове якой ляжыць гіпотэза пра кругавыя эл. токі, эквівалентныя плоскім элементарным магнітам. Аўтар прац па тэорыі імавернасцяў, па дастасаванні варыяцыйнага вылічэння да задач механікі, па пытаннях матэм. аналізу. Вынайшаў камутатар і эл.-магн. тэлеграф.
Літ.:
Голин Г.М., Филонович С.Р. Классики физической науки (с древнейших времён до начала XX в.). М., 1989. С. 313—324.