АМПЕ́Р (Ampere) Андрэ Мары

(22.1.1775, г. Ліён, Францыя — 10.6.1836),

французскі фізік і матэматык, адзін з заснавальнікаў класічнай электрадынамікі. Чл. Парыжскай (1814), замежны ганаровы чл. Пецярбургскай (1830) і інш. АН. Атрымаў дамашнюю адукацыю. З 1805 у Політэхн. школе ў Парыжы (з 1809 праф.), з 1824 праф. Калеж дэ Франс. Сфармуляваў правіла для вызначэння напрамку адхілення магн. стрэлкі токам (правіла Ампера); адкрыў законы ўзаемадзеяння эл. токаў і эл. току з магн. полем (гл. Ампера закон). Пабудаваў тэорыю магнетызму, у аснове якой ляжыць гіпотэза пра кругавыя эл. токі, эквівалентныя плоскім элементарным магнітам. Аўтар прац па тэорыі імавернасцяў, па дастасаванні варыяцыйнага вылічэння да задач механікі, па пытаннях матэм. аналізу. Вынайшаў камутатар і эл.-магн. тэлеграф.

Літ.:

Голин Г.М., Филонович С.Р. Классики физической науки (с древнейших времён до начала XX в.). М., 1989. С. 313—324.

А.М.Ампер.

т. 1, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)