ГІДРАБАРАЦЫ́Т (ад гідра... + позналац. borax буракс),

мінерал, водны барат кальцыю і магнію CaMg[B3O4(OH)2]2∙3H2O. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі падоўжаныя, агрэгаты пласцінкава-валакністыя, шчыльныя і тонказярністыя масы. Бясколерны, белы. Бляск шкляны да шаўкавістага. Цв. 2—3. Шчыльн. 2,167 г/см³. Пашыраны мінерал галагенна- і вулканагенна-асадкавых радовішчаў борных руд. Радовішчы ў Казахстане, Германіі і інш.

Ю.​Р.​Копысаў.

Гідрабарацыт.

т. 5, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНГАНІ́Т (ад лац. manganum марганец),

мінерал падкласа гідраксідаў, оксігідраксід марганцу MnO(OH). Мае 80,6% MnO. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі слупкаватыя прызматычныя; часта ўтварае друзы, шчоткі. Агрэгаты шчыльныя, нацёчныя, аалітавыя, зярністыя. Колер цёмна-шэры да чорнага, з бураватым адценнем. Бляск паўметалічны. Цв. 3,5—4. Шчыльн. 4,3 г/см³. Паходжанне асадкавае, радзей гідратэрмальнае. Уваходзіць у склад марганцавых руд.

Манганіт.

т. 10, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАЎТВАРА́ЛЬНАЯ ТЭ́ХНІКА,

прыстасаванні, прылады, агрэгаты, машыны для пераўтварэння (змены параметраў) электрычнага току (па напружанні, частаце, фазе і інш.). Выкарыстоўваецца ў электраэнергетыцы, на электрыфікаваным чыг. транспарце, у электрапрыводах станкоў, электрахіміі, электратэрміі і інш.

Устройствы П.т. пераўтвараюць: пераменны ток у пастаянны або ў пульсоўны аднанакіраваны (выпрамнікі току з асн. прыладай — вентылем эл.); пастаянны ці пульсоўны аднанакіраваны ток у пераменны (інвертары); частату, напружанне і інш. параметры пераменнага току (пераўтваральнікі электрычныя, напружання рэгулятары), пераменны аднафазны ток у трохфазны (асінхронныя або сінхронныя электрамашынныя расшчапляльнікі фаз). Часта выкарыстоўваюцца камбінацыі пераўтваральнікаў розных тыпаў. Да П.т. адносяцца таксама бескантактавая камутацыйная апаратура, кіравальныя і некіравальныя пераўтваральныя агрэгаты пераменнага току ў пастаянны і наадварот (статычныя на аснове тырыстараў і дыёдаў, вярчальныя тыпу рухавік-генератар). Асн. характарыстыкі пераўтваральнікаў: ккдз, каэф. магутнасці, рэгуліровачныя характарыстыкі.

Літ.: Руденко В.С., Сенько В.И., Чиженко И.М. Преобразовательная техника. 2 изд. Киев, 1983.

Пераўтваральная тэхніка: а — схема паўправадніковага вентыльнага пераўтваральніка частаты, б — рэгулятара пастаяннага току, Uс — напружанне сеткі; ВПП — вентыльнае пераўтваральнае прыстасаванне; В — вентыль кіравальны; ВШК — вузел штучнай камутацыі; Rн — нагрузка.

т. 12, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬФРАМІ́Т,

мінерал класа вальфраматаў (Fe, Mn) [WO4]. Іншы раз прымесі цынку, магнію, танталу, ніобію. Разнавіднасці: гюбнерыт MnWO4 і ферберыт FeWO4. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі прызматычныя або таблітчастыя, пласціністыя. Масіўныя зярністыя агрэгаты. Колер цёмна-шэры або карычняваты да чорнага. Бляск металічны, алмазны. Цв. 5—5,5. Крохкі. Шчыльн. 7,2—7,6 г/см³. Трапляецца ў грэйзенах і высокатэмпературных гідратэрмальных жылах, россыпах. Асн. руда вальфраму.

т. 3, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛАНЖЭРЫ́Т (ад прозвішча франц. мінералога Ш.​Буланжэ),

мінерал класа складаных сульфідаў, сульфід свінцу і сурмы, Pb5Sb4S11. Прымесі медзі, жалеза, цынку. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі ігольчастыя. Валакністыя агрэгаты, шчыльныя масы. Колер ад свінцова-шэрага да зямліста-чорнага. Бляск металічны. Цв. 2,5—3. Шчыльн. 6,2 г/см³. Трапляецца як другарадны мінерал у гідратэрмальных радовішчах разам са складанымі сульфідамі свінцу, карбанатамі і кварцам. Руда свінцу.

т. 3, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АШАРЫ́Т (ад назвы месца знаходкі каля г. Ашэрслебен у Германіі),

сайбелііт, мінерал класа баратаў, Mg2(OH)[B2O4(OH)]. Мае прымесі жалеза, марганцу. Вядомы дзве манаклінныя і адна рамбічная мадыфікацыі. Крышталі рэдкія, часцей тонкавалакністыя агрэгаты, шчыльныя і зямлістыя масы, канкрэцыі. Колер белы, шараваты, жаўтаваты. Цв. 3—3,5. Шчыльн. 2,69 г/см³. Пашыраны мінерал эндагенных радовішчаў борных рудаў і саляносных асадкавых тоўшчаў. Борная руда.

Ашарыт.

т. 2, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГЕНТЫ́Т (ад лац. argentum серабро),

сярэбраны бляск, мінерал класа сульфідаў, кубічная паліморфная мадыфікацыя Ag2S. Прымесі медзі, свінцу, жалеза і інш. Утварае масіўныя агрэгаты, плёнкі, пражылкі, украпанні. Колер свінцова-шэры да чорнага. Бляск металічны. Цв. 2—2,5. Шчыльн. 7,3 г/см³. Трапляецца ў нізкатэмпературных гідратэрмальных радовішчах сярэбраных рудаў. У прыродзе рэдкі, назва «аргентыт» часта выкарыстоўваецца да псеўдамарфозаў акантыту па аргентыце.

Аргентыт.

т. 1, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІСМУЦІ́Н, вісмутавы бляск,

мінерал класа сульфідаў, сульфід вісмуту, Bi2S3. Прымесі свінцу, медзі, сурмы, селену. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі ігольчастыя, пласцінкі, зярністыя і прамяністыя агрэгаты. Колер алавяна-белы да свінцова-шэрага. Бляск металічны. Цв. 3,5. Шчыльн. 6,8 г/см³. Рэдкі мінерал, трапляецца ў высокатэмпературных гідратэрмальных жылах і ў гранітных пегматытах. Гал. мінерал вісмутавых руд. Радовішчы ў Балівіі, Казахстане, Сярэдняй Азіі.

Вісмуцін.

т. 4, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛУНІ́Т (франц. alunite ад alun галын),

галыновы камень, мінерал класа сульфатаў KaAl3[SO4]2(OH)6. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Шчыльныя і рыхлыя масы, радзей крышталі, валакністыя і зярністыя агрэгаты. Колер белы, шараваты, жаўтаваты, буры. Бляск шкляны да перламутравага. Цв. 3,5—4,5; крохкі. Шчыльн. 2,6—2,8 г/см³. Алуніт — сыравіна для атрымання галыну, сульфату алюмінію, часткова калійных соляў, сернай кіслаты. Гл. таксама Алунітавая руда.

Алуніт.

т. 1, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬБІ́Т (ад лац. albus белы),

пародаўтваральны мінерал групы плагіяклазаў Na[AlSi3O8]. Крышталі таблітчастыя трыкліннай сінганіі. Агрэгаты зярністыя, буйна- і дробнапласціністыя. Колер белы, жаўтаваты, чырванаваты. Празрысты да паўпразрыстага. Бляск шкляны. Цв. 6—6,5; крохкі. Шчыльн. каля 2,6 г/см³. Тыповы мінерал гранітных пегматытаў, нефелінавых і шчолачных сіенітаў і інш.; цалкам складае горныя пароды метасаматычнага паходжання — альбітыты. Выкарыстоўваецца ў шкляной, керамічнай, абразіўнай вытв-сцях.

Альбіт.

т. 1, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)