ДЗЯРЖЫ́НСКІ ГІСТО́РЫКА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́ЙЗасн. ў 1985 на базе гіст. музея сярэдняй школы № 3 г. Дзяржынск, адкрыты ў 1987. Пл. экспазіцыі 400 м², 4 тыс. адзінак асн. фонду (1997). Сярод экспанатаў прылады працы эпохі неаліту, бронзавага і жал. вякоў, ляпны і ганчарны гліняны посуд, бронзавыя і жал. ўпрыгожанні з археал. помнікаў Дзяржыншчыны, манетны скарб 17 ст., абраз-складзень 19 ст., кантракт 1897 графа Г.Чапскага на перадачу зямлі ў арэнду. Экспануюцца дакументы часоў 1-й сусв. і Вял.Айч. войнаў, асабістыя рэчы і рукапісы землякоў-пісьменнікаў К.Каганца, А.Вольскага, С.Шушкевіча і інш., карціны мастакоў Дзяржыншчыны, бел.нар. адзенне і абутак, прылады працы і побыту сялян 19—20 ст., вырабы дзіцячай творчасці, прамысл. прадпрыемстваў раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГАРО́ДЗІЦА, Божая Маці,
у хрысціянскай міфалогіі найсвяцейшая Дзева Марыя, Мадонна, маці бязгрэшна зачатага Ісуса Хрыста. У 4 ст. абвешчана «прачыстай», на Усяленскім саборы 431 у Эфесе афіцыйна прызнана Багародзіцай і Царыцай Нябеснай. У каталіцызме, дзе культ Мадонны асабліва папулярны, абвешчаны шэраг догматаў, якіх не было ў стараж.царк. традыцыі. З 12 ст. на Захадзе распаўсюджваецца легенда пра бязгрэшнае зачацце Марыі яе маці Ганнай. У 1854 гэтая версія афіцыйна замацавана ў форме догмату. У 1950 прыняты догмат аб цялесным узнясенні Багародзіцы пасля смерці на неба, а ў 1964 папам Паўлам VI найсвяцейшая Дзева Марыя абвешчана «маці царквы». Тэма Багародзіцы з дзіцем шырока выкарыстоўваецца ў сусв. выяўленчым мастацтве і л-ры.
Да арт. Багародзіца. Абраз «Маці Божая Замілаванне» з Брэстчыны. 1644.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАБА́РКА (Grabarka),
гара ў Беластоцкім ваяв. Польшчы, праваслаўная святыня. За 11 км на У ад г. Семятычы, 3 км ад чыг. ст. Сычы. Набыла вядомасць святога месца пасля перанясення сюды абраза Спаса Збавіцеля з суседняга г. Мельнік (паводле падання, паміж 13 і 17 ст. ў час вял. небяспекі). Абраз не захаваўся. У 1947 на Грабарцы заснаваны жаночы манастыр святых Марфы і Марыі. З таго часу тут адбываюцца масавыя набажэнствы, найб. урачыстыя ў маі (Маладзёжнае агульнапольскае паломніцтва) і ў свята Праабражэння Гасподняга (19 жн.н. ст.), калі тут збіраецца 50—70 тыс. паломнікаў з Польшчы, Беларусі, Украіны і інш. краін. Паломнікі прыносяць і ставяць на Грабарцы ахвяравальныя крыжы (іх тут некалькі тысяч).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛІЯ́ («бог мой Яхве»),
у Старым запавеце (3-я і 4-я кн. Царстваў) прарок. Прыхільнік бога Яхве, змагар за ўмацаванне яго культу як адзінага ў Ізраільскім царстве, смела ўступае ў змаганне са жрацамі і ізраільскімі царамі — абаронцамі культу бога Ваала. Адораны амаль боскай уладай цудатворац, вуснамі якога гаворыць сам Бог, прапаведнік, які прадказвае будучыню ад імя Бога. Паводле падання, меў аблічча жабрака-аскета. Пасля заканчэння яго місіі Бог узнёс І. на неба на вогненнай калясніцы. У розных народаў пра І. існуе вял. паслястаразапаветная міфалагічная традыцыя. Напр., у слав. традыцыях І.-прарок выступае як персанаж, звязаны з громам, дажджом і ўрадлівасцю. Менавіта ў гэтым кантэксце 20 ліп. па ст.с. праваслаўныя адзначаюць свята «Ільін дзень», ці Ілья (Ілля).
Ілія Прарок. Абраз наўгародскай школы. Канец 14 — пач. 15 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЫ́НІЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР КАРМЕЛІ́ТАЎ.
Засн. ў 1624 у г.п. Бялынічы (Магілёўская вобл.) канцлерам ВКЛ Львом Сапегам. Пазней апекунамі кляштара былі ўладальнікі Бялынічаў Агінскія. У сярэдзіне 18 ст. першапачатковыя драўляныя будынкі заменены мураванымі. У комплекс уваходзілі Успенскі касцёл, Т-падобны ў плане корпус кляштара, агароджа з уваходнай брамай, званіца, вежа з гадзіннікамі. Касцёл (пабудаваны ў 1742—63 у стылі позняга барока) — 3-нефавая крыжова-купальная базіліка з трансептам. Багата дэкарыраваны ордэрнымі элементамі і скульптурамі гал. фасад падзяляўся па гарызанталі на 3 ярусы, раскрапаваныя антаблементамі, па вертыкалі — на 5 частак вязкамі пілястраў. Сярэдняя частка завяршалася фігурным франтонам, бакавыя — масіўнымі валютамі, прамежкавыя — вежамі, накрытымі гранёнымі купалкамі. Інтэр’ер быў багата аздоблены драўлянай і стукавай скульптурай, сюжэтнымі размалёўкамі. У 1534 невядомы мастак намаляваў тут абраз Маці Божай, які знік у Вял. Айч. вайну. У 1960-я г. ўзарваны касцёл, у 1970-я г. — кляштар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФО́Н (Athōs),
Аян-Орас (грэч. Святая гара), манастырскі комплекс у Грэцыі, на п-ве Халкідыкі. Склаўся ў 10—11 ст. на месцы стараж.-грэч. калоніі. Засн. ў 962 грэкам Афанасіем (лаўра). У наступныя стагоддзі — буйны цэнтр правасл. царквы. З 1430 да 1913 анклаў у Турцыі, потым у складзе Грэцыі. Уключае 20 манастыроў, размешчаных у скалах. У цэнтры Афона — манастыр Прататон (засн. ў 10 ст.) з базілікай (фрэскі М.Панселіна, 14 ст.). Манастырам характэрныя купальныя трыконхавыя цэрквы з вял. прытворам, часам упрыгожаныя фрэскамі і мазаікамі (неаднаразова перабудоўваліся і абнаўляліся): Лаўра (962—963), Моні-Івірон (980), Філатэос (12 ст.), Аяс-Паўлас (11—14 ст.). У комплекс уваходзяць таксама манастыры сербскі Хіландар, рус.св. Панцеляймона (абодва 12 ст.), балг. Заграфа (11—13 ст.) і інш. У манастырах багатыя калекцыі візант. рукапісаў, абразоў, прадметаў дэкар.-прыкладнога мастацтва.
Літ.:
Chreston P. Athos: History, monuments, life. Thessaloniki, 1970.
Да арт. Афон. Комплекс манастыроў.Да арт. Афон. Абраз з манастыра Заграфа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСО́ЦКАЯ (Надзея Фёдараўна) (н. 25.7.1943, г. Курган, Расія),
бел. мастацтвазнавец. Д-р мастацтвазнаўства (1994), праф. (1996). Скончыла Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў С.-Пецярбургу (1971). З 1964 працуе ў Дзярж.маст. музеі Беларусі. Даследуе выяўл. мастацтва Беларусі 12—18 ст. Аўтар прац: «Жывапіс Беларусі XII—XVIII стст.: Фрэска, абраз, партрэт» (1980, з Т.А.Карповіч), «Пластыка Беларусі XII—XVIII стст.:» (1983), «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стст.» (1984) і інш. Выкладала курсы ўсеагульнай гісторыі мастацтва і бел. мастацтва, а таксама арганізавала выстаўкі: стараж.бел. мастацтва ў Італіі, Іспаніі, Расіі, Францыі; праваслаўнай і каталіцкай бел. іканаграфіі ў Оксфардскім і Еўрапейскім гуманіт. (Мінск) ун-тах. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.
Тв.:
Три иконы XVIII в. из села Бастеновичи // Проблемы развития зарубежного искусства. Л., 1975. Вып. 5;
«Ирмолог» Иоанна Рополевского «витебского» // Проблемы развития зарубежного искусства. Л., 1977. Вып. 7;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ БАРЫСАГЛЕ́БСКІ (КАЛО́ЖСКІ) МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у 15—20 ст. у Гродне. Узнік пры Гродзенскай Барысаглебскай царкве. У 1480 пры першым вядомым ігумене Каліксце гродзенскі мешчанін І.Сергіевіч завяшчаў манастыру фальварак Панямонь, Г.Хадкевіч — штогадовую даніну ў 20 бочак мукі. Каля 1500 вял.кн. Аляксандр падараваў манастыру сад на беразе Нёмана, а кцітар (стараста з міран) каралеўскі пісар Б.Багавіцінавіч — фальварак Чашчаўляны (Чашчэвічы). У сярэдзіне 16 ст. манастыр заняпаў і ў ім не было манахаў. У канцы 16 ст. адрадзіўся і стаў уніяцкім. Сярод уніяцкіх ігуменаў быў вядомы пісьменнік-палеміст Леў Крэўза. З сярэдзіны 17 ст. тут вядомы цудатворны абраз Маці Божай Каложскай (эвакуіраваны ў 1915, месца яго знаходжання невядома). У пач. 18 ст. пры ігумене Воўку-Ланеўскім манастыр зноў заняпаў, а ігумен Яхімовіч аддаў усю зямельную маёмасць гродзенскім кармелітам. Пасля скасавання ў 1839 Брэсцкай уніі 1596 манастыр стаў зноў праваслаўным, у сярэдзіне 19 ст. ён пераведзены ў будынкі закрытага Гродзенскага кляштара бернардзінак. Спыніў існаванне ў 1-ю сусв. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛИТОВСКИЕ ЕПАРХИА́ЛЬНЫЕ ВЕДОМОСТИ»,
штотыднёвы часопіс, орган Літоўскай правасл. духоўнай кансісторыі. Выдаваліся ў 1863—1917 у Вільні на рус. мове (да 1873 двухтыднёвы). Прызначаліся для Літ.правасл. епархіі. Часопіс меў афіц. і неафіц. аддзелы. У афіц. аддзеле змяшчаў пастановы, распараджэнні ўрада і мясц. улад па царк. справах, рашэнні і справаздачы Сінода, аб’явы і распараджэнні Літ. духоўнай кансісторыі; у неафіц — матэрыялы па гісторыі правасл. царквы на Беларусі, гісторыі асобных храмаў і манастыроў (у т. л. пра Жыровіцкі манастыр і цудатворцы абраз Маці Божай, 1863), нарысы пра царк. дзеячаў, пра ўдзел правасл. духавенства Літ. епархіі ў паўстанні 1863—64 (1863), арг. М.Каяловіча «Смута ва уніяцкім асяроддзі ў Беларусі ў 1802—1803 гг.» (1874), Р.Кіпрыяновіча «Духоўны суд у Заходняй Русі ў XVI ст.», «Лёсы рэлігійна-царкоўнага жыцця ў Заходняй Русі і Літве» (1878) і інш. Часопіс змяшчаў рэцэнзіі на творы пра гісторыю канфесій на Беларусі, у т. л. на працы М.Ізвекава, І.Чыстовіча, Кіпрыяновіча. З 1907 неафіц. частку замяніў «Вестник Виленского православного Св.-Духовского братства».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКІ ТРО́ІЦКІ МАНАСТЫ́Р.Існаваў у 14 — пач. 20 ст. ў Вільні.
Узнік як праваслаўны пры царкве св. Тройцы, пабудаванай жонкай вял.кн.ВКЛ Альгерда Ульянай на месцы гібелі трох віленскіх пакутнікаў, першыя манахі ўпамінаюцца ў 1391. Адным з архімандрытаў быў Макарый (15 ст., пазней мітрапаліт кіеўскі). Спачатку манастыр існаваў на міласціну, потым атрымаў зямельныя ўладанні ад кн. Галоўчынскага і К.Астрожскага. Апошні пабудаваў мураваную Троіцкую царкву (каля 1514), у якой знаходзіўся абраз Маці Божай. У 16 ст. манастыр пад патранатам гараджан, потым — мітрапаліта. Пры царкве з 1589 існавала брацтва, якое мела прывілей на друкарню. У 1609 манастыр стаў уніяцкім, сярод яго архімандрытаў былі дзеячы уніяцкай царквы: І.Руцкі, Л.Крэўза, А.Дубовіч, Ф.Грабніцкі. Ва уніяцкі перыяд Віленскі Троіцкі манастыр атрымаў значныя зямельныя надзелы. У 1-й пал. 17 ст. дзейнічаў базыльянскі навіцыят. Пасля пажару 1706 пабудаваны новы манастырскі корпус.
Пасля Полацкага царкоўнага сабора 1839 манастыр зноў праваслаўны, у 1845 аднесены да 3-га класа, у ім размешчана Літ. духоўная семінарыя, амаль усе зямельныя ўладанні забраны ў казну. Для іканастаса Троіцкай царквы І.Л.Хруцкі намаляваў абразы. У час 1-й сусв. вайны манастыр спыніў існаванне.