палітычная партыя ў 1918—21. Аформілася ў ліп. 1918 у выніку распаду Беларускай сацыялістычнай грамады. Аб’ядноўвала каля 2 тыс.чал. У склад ЦК БПС-Ф уваходзілі А.Аўсянік, Я.Варонка, К.Езавітаў, В.Захарка, П.Крачэўскі, І.Серада, А.Цвікевіч і інш. Друкаваны орган — газ. «Бацькаўшчына». Займала цэнтрысцкія пазіцыі. Выступала за скасаванне буйнога землеўладання і паступовую нацыяналізацыю прам-сці, рабіла стаўку на сярэднія слаі вёскі і горада. Падтрымала абвяшчэнне 25.3.1918 незалежнасці БНР, у той жа час схілялася да ідэі сусв. федэрацыі. Большасць чл. партыі ў 1918 выступала супраць ням. арыентацыі Рады БНР, у той жа час знаходзілася ў апазіцыі да бальшавікоў. Польскі акупац. рэжым 1919—20 зрушыў БПС-Ф улева, яна ўступіла ў блок з партыяй бел. эсэраў, адмовілася ад «федэралісцкай канцэпцыі» і стала на пазіцыі поўнай незалежнасці і непадзельнасці Беларусі. У Зах. Беларусі асобныя яе групы дзейнічалі да сярэдзіны 1920-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ РА́ДА (ВБР),
каардынацыйны цэнтр бел.паліт. і грамадскіх арг-цый у студз. 1918 — чэрв. 1919. Выбрана на Беларускай канферэнцыі 1918 і замяніла сабой Беларускі народны камітэт. Старшыня А.І.Луцкевіч. З абвяшчэннем незалежнасці Літ. Рэспублікі ВБР стала цалкам на незалежніцкія пазіцыі. 19.2.1918 прыняла пастанову, паводле якой сувязь паміж Расіяй і Беларуссю абвяшчалася парванай. Вітала абвяшчэнне 9.3.1918 БНР. 6 членаў ВБР (В.Ю.Ластоўскі, А. і І.Луцкевічы, Я.Станкевіч і інш.) былі кааптаваны ў Раду БНР і прынялі ўдзел у складанні 3-й Устаўнай граматы БНР. У снеж. 1918 9 членаў ВБР (Ластоўскі, І.Луцкевіч і інш.) увайшлі ў склад Літ. Тарыбы. З прыходам у Вільню Чырв. Арміі дзейнасць ВБР практычна спынена. Пасля акупацыі горада польск. войскамі ў крас. 1918 ВБР звярнулася да Ю.Пілсудскага з дэкларацыяй, у якой выказвала надзею, што ён дапаможа аднавіць незалежную Беларусь у яе этнічных межах і дазволіць дзейнасць Рады БНР. Спыніла існаванне пасля стварэння Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗГУРТАВА́ННЕ БЕЛАРУ́САЎ ВЯЛІКАБРЫТА́НІІ (ЗБВБ),
бел.арг-цыя ў эміграцыі. Засн. ў 1946, статут прыняты на 1-м агульным з’ездзе (18—19.1.1947), працай кіруе Гал. ўправа. Дзейнічаюць аддзелы ў Лондане (з 1947), Брадфардзе (з 1948), Манчэстэры (з 1948), Бірмінгеме (з 1952). Асн. кірункі дзейнасці — нац.-культ., грамадска-арганізац., інфарм.-выдавецкая праца, прадстаўніцтва беларусаў і дапамога ім у Вялікабрытаніі і інш. краінах. Выдавала час. «На шляху» (1946—51), «Беларус на чужыне», выпусціла шэраг брашур, у т. л. «Беларусь пад расійскай акупацыяй» В.Жук-Грышкевіча (1949), «Абвяшчэнне незалежнасці Беларусі 25 сакавіка 1918 г.» (1978). Гал. ўправа выдае «Камунікат ЗБВБ» (з 1946). У розны час старшынямі ЗБВБ былі В.Жук-Грышкевіч (1947—48), Ф.Бартуль (1949), А.Надсон (1951—52), П.Асіповіч (1953, 1955), П.Навара (1954, 1957, 1966—70), У.Бутрымовіч (1958, 1960—65), Я.Міхалюк (1971—95), А.Здановіч (1995—96), В.Еўдакімаў (з 1996), Л.Міхалюк (з 1997) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАБІЛІЗА́ЦЫЯ (франц. mobilisation ад лац. mobilis рухомы),
комплекс мерапрыемстваў па пераводу на ваен. становішча ўзбр. сіл, эканомікі і дзярж. ін-таў краіны (агульная М.) або якой-н. іх часткі (частковая М.). Можа праводзіцца адкрытым або скрытым спосабам. Абвяшчэнне М. — кампетэнцыя вышэйшых органаў дзярж. улады; у Рэспубліцы Беларусь — Прэзідэнта з унясеннем у трохдзённы тэрмін прынятага рашэння на зацвярджэнне Савета Рэспублікі. М. стала практыкавацца са стварэннем масавых армій, якія камплектуюцца на аснове ўсеаг. воінскай павіннасці (канец 18—19 ст.). У Расіі тэрмін «М.» стаў афіцыйна ўжывацца з 1870. М. ўзбр. сіл заключаецца ў іх пераводзе (разгортванні) на арганізацыю і састаў ваен. часу. Фактарамі паспяховага правядзення М. ўзбр. сіл з’яўляюцца: наяўнасць і падрыхтаванасць людскіх рэсурсаў для камплектавання разгортваемых вайск. фарміраванняў; назапашванне ў мірны час неабходных запасаў узбраення, ваен. тэхнікі і інш. матэрыяльных сродкаў; добра пастаўлены ўлік, апавяшчэнне і збор ваеннаабавязаных. М. эканомікі ўключае разгортванне ваен. вытв-сці, перабудову нар. гаспадаркі і навукі на патрэбы ваен. часу і забеспячэнне жывучасці і ўстойлівасці гасп. механізму краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛО́ВІЧ (Міхаіл Казіміравіч) (18.6.1806, маёнтак Парэчча, Слонімскі р-н Гродзенскай вобл. — 2.8.1833),
бел. рэвалюцыянер, сацыяліст-утапіст. З бел. шляхецкага роду Валовічаў. У час вучобы ў Віленскім ун-це (1822—25) быў блізкі да тайных т-ваў філаматаў і філарэтаў. Удзельнік паўстання 1830—31 у атрадзе ген. А.Гелгуда. Пасля задушэння паўстання эмігрыраваў у Францыю. Уваходзіў у эмігранцкія паліт. арг-цыі Нац. польск. к-т, Т-валіт. і рус. зямель, Польскае дэмакр.т-ва; з 1833 у тайнай арг-цыі карбанарыяў. Выступаў за адмену прыгону і бязвыплатную перадачу зямлі сялянам у калект. ўласнасць, за абвяшчэнне Беларусі і Літвы дэмакр. рэспублікамі, звязанымі федэратыўнымі адносінамі з Польшчай. Сродкам дасягнення дэмакр. і справядлівага грамадскага ладу лічыў сац. рэвалюцыю агульнаеўрап. маштабу. Удзельнічаў у Заліўскага экспедыцыі 1833. У сак. 1833 у якасці паўстанцкага нач. Слонімскага і Навагрудскага пав. прыбыў на Беларусь. Стварыў у наваколлі Слоніма партыз. атрад з сялян, але шырокай падтрымкі насельніцтва не атрымаў. У маі 1833 атрад разбіты, Валовіч арыштаваны. Паводле прыгавору ваенна-палявога суда павешаны ў Гродне.
яўрэйская нац. партыя сацыяліст. арыентацыі ў Расіі ў 1917—20. Утворана на аб’яднаным з’ездзе Сацыялістычнай яўрэйскай рабочай партыі і Сіянісцка-сацыялістычнай партыі (ліп. 1917). Зыходная ідэя партыі — стварэнне самастойнага яўр. грамадства ў дыяспары на аснове нац.-паліт. аўтаноміі. Прадугледжвала скліканне экстэрытарыяльных парламентаў (соймаў), якія павінны вырашаць усе пытанні яўр. жыцця ў дыяспары. Канчатковая праграмная мэта — стварэнне ў Палесціне «нацыянальнага ачага» як «асобнага яўрэйскага сацыялістычнага грамадства». Абапіралася на дэмакр. інтэлігенцыю, рамеснікаў і некат. рабочых. Аб’ядноўвала каля 5 тыс.чал. (1917). Кіраўнікі Ш.Ківін, Н.Уфрыхціч, М.Гутман і інш. На Беларусі вяла барацьбу з Бундам за паліт. ўплыў, але паступова эвалюцыяніравала ў яго бок. У 1917—18 супрацоўнічала з Беларускай радай, Беларускай сацыялістычнай грамадой. Удзельнічала ў стварэнні Народнага сакратарыята Беларусі. Падтрымала абвяшчэннеБНР. Ва ўмовах змагання супраць польскіх інтэрвентаў зблізілася з бальшавікамі, і яе члены ўвайшлі ў склад СНКЛіт.-Бел. ССР (май 1919). ЦК партыі падтрымаў рэзалюцыю XII канфер. Бунда (Масква, крас. 1920) аб тым, што патрабаванне нац.-культ. аўтаноміі траціць сэнс пры сац. рэвалюцыі. Злілася з Бундам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНІФЕ́СТ 17 КАСТРЫ́ЧНІКА 1905 «Аб удасканаленні дзяржаўнага парадку», маніфест рас. імператара Мікалая II ад 30 (17 па старым стылі) кастр. 1905. Выдадзены (тэкст падрыхтаваны С.Ю.Вітэ) у час рэвалюцыі 1905—07 у Расіі пад націскам Кастрычніцкай Усерасійскай палітычнай стачкі 1905. Абяцаў насельніцтву «непахісныя асновы грамадзянскай свабоды», у т. л. недатыкальнасць асобы, свабоду сумлення, слова, сходаў і саюзаў, амністыю паліт. вязням, пашырэнне выбарчага права ў Дзярж. думу. Абвяшчэнне М. суправаджалася масавымі дэманстрацыямі і мітынгамі ў многіх гарадах Рас. імперыі, у т. л. ў Віцебску, Полацку, Мінску (расстраляны войскамі, гл.Курлоўскі расстрэл 1905). Выданне маніфеста і акты новага рас. ўрада (паліт. амністыя, адмена папярэдняй цэнзуры друку і інш.) упершыню ў гісторыі Расіі стварылі перадумовы для легальнай паліт. дзейнасці. Ліберальная апазіцыя (прадпрымальнікі, памешчыкі, чыноўнікі, б.ч. інтэлігенцыі) палічыла мэты рэвалюцыі ў асн. дасягнутымі і пачала арыентавацца на заканадаўчую дзейнасць у Думе. Завяршылася фарміраванне партый канстытуцыйных дэмакратаў, «Саюз 17 кастрычніка» (гл.Акцябрысты) і інш. Левыя паліт. сілы (бальшавікі, эсэры, анархісты) выступалі за працяг рэвалюцыі да поўнай ліквідацыі самадзяржаўя і феад. перажыткаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРША́ЎСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1920,
аперацыя войск Зах. фронту з мэтаю ўзяць Варшаву ў час савецка-польскай вайны 1920. Наступленне пачалося 23.7.1920 з рубяжа Гродна—Слонім—Пінск. Да 13.8.1920 часці Зах. фронту (каманд. М.М.Тухачэўскі) валодалі Радзімінам (23 км на ПнУ ад Варшавы), што стварыла рэальную пагрозу польскай сталіцы. Аднак наступленне не было падтрымана Паўн.-Зах. фронтам, які наступаў на Львоў і камандаванне якога перакінула 2 арміі на Варшаўскі напрамак толькі ў 2-й пал. жніўня. Значна адсталі тылы, не быў вызначаны раён канцэнтрацыі сіл праціўніка, былі зроблены паліт. памылкі (агр. палітыка Польск. рэв.к-та). Шэраг мер урада Ю.Пілсудскага (патрыят. агітацыя з дапамогай каталіцкага духавенства, абвяшчэннеагр. рэформы, якую падтрымала сялянства, арг-цыя дадатковых паставак зброі ад Антанты) даў магчымасць польск. боку аб’яднаць народ і значна павялічыць армію. 14 жн. нечакана для сав. боку польскае войска перайшло ў наступленне (т.зв. цуд на Вісле). З 17 жн.Чырв. Армія пачала агульны адыход. Да 25 жн. часці Зах. фронту адступілі на лінію Ліпск—Свіслач — на ўсх. ад Брэста. Паражэнне Чырв. Арміі ў Варшаўскай аперацыі паўплывала на ўмовы Рыжскага мірнага дагавора 1921.
адміністрацыйна незалежная ад інш. цэркваў правасл. царква бел. народа. Тэндэнцыі да адасаблення бел. епархій ад Рус.правасл. царквы выявіліся ў хуткім часе пасля ўтварэння БССР: абранне на Мінскім епархіяльным з’ездзе 1922 бел. мітрапаліта Мелхіседэка і абвяшчэнне мітраполіі аўтакефальнай царквой у 1927, адначасовае існаванне Беларускай аўтаномнай праваслаўнай царквы. Але яны не атрымалі развіцця з-за рэпрэсій з боку сав. улады (Мелхіседэк высланы, дзейнасць епархій фактычна спынена ў выніку арыштаў епіскапаў і святароў). Ва ўмовах ням.-фаш. акупацыі ў Вял.Айч. вайну частка духавенства і бел. антысав. арг-цыі паспрабавалі аднавіць БАПЦ. Было сфарміравана царк. кіраўніцтва (мітрапаліцкая ўправа, потым Сінод) на чале з мітрапалітам Панцеляймонам (П.С.Ражноўскім), праведзены падзел на епархіі. Аўтакефалія зноў абвешчана, але кананічна не аформлена. Былі супярэчнасці паміж епіскапатам і калабарацыянісцкімі дзеячамі, якія імкнуліся фарсіраваць беларусізацыю царквы і аддаліць духавенства прарус. арыентацыі, а з 1943 падначаліць царкву кантролю Беларускай цэнтральнай рады. Апынуўшыся ў эміграцыі ў Германіі, у 1946 епіскапат увайшоў у склад Рус. замежнай правасл. царквы. 3-і раз БАПЦ заснавана ў 1948 (гл. ў арт.Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква за мяжой).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЯ́СЛАЎСКАЯ РА́ДА 1654,
сход прадстаўнікоў укр. народа, скліканы гетманам Украіны Б.Хмяльніцкім 18.1.1654 у г. Пераяслаў (цяпер Пераяслаў-Хмяльніцкі Кіеўскай вобл.), на якім было прынята рашэнне аб далучэнні Украіны да Расійскай дзяржавы. Укр. старшына і шляхта спадзяваліся ў выніку далучэння да Расіі замацаваць свае саслоўныя прывілеі, пазбавіцца рэліг. ўціску, адхіліць ад улады польскую шляхту і магнатаў. Асн. прынцыпы аб’яднання агавораны напярэдадні рады паміж Б.Хмяльніцкім і рас. паслом В.В.Бутурліным. Раніцай 18 студз. Хмяльніцкі склікаў старшынскую раду, якая выказалася за далучэнне да Расіі. Днём сабралася адкрытая рада, на якой прысутнічалі таксама пераяслаўскія гараджане і сяляне з навакольных вёсак. У сваёй прамове Хмяльніцкі адзначыў, што для захавання ўкр. вольнасцей неабходна прызнаць уладу Расіі. Удзельнікі П.р. прысягнулі на вернасць рас. цару, Бутурлін уручыў Хмяльніцкаму грамату царскага ўрада аб згодзе прыняць Украіну ў склад Расіі. У сак. — крас. 1654 укр. пасольства ў Маскве падпісала шэраг артыкулаў (т.зв. Сакавіцкія, або Пераяслаўскія, артыкулы), якія вызначалі ўмовы аўт. існавання Украіны ў складзе Рас. дзяржавы. Прыняцце Украіны ў рас. падданства папярэдне было адобрана 1(11).10.1653 на Земскім саборы ў Маскве, што аўтаматычна азначала абвяшчэнне вайны Рэчы Паспалітай (гл.Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67).