ВАЛО́ВІЧ Міхаіл Казіміравіч
(18.6.1806, маёнтак Парэчча, Слонімскі р-н Гродзенскай вобл. — 2.8.1833),
бел. рэвалюцыянер, сацыяліст-утапіст. З бел. шляхецкага роду Валовічаў. У час вучобы ў Віленскім ун-це (1822—25) быў блізкі да тайных т-ваў філаматаў і філарэтаў. Удзельнік паўстання 1830—31 у атрадзе ген. А.Гелгуда. Пасля задушэння паўстання эмігрыраваў у Францыю. Уваходзіў у эмігранцкія паліт. арг-цыі Нац. польск. к-т, Т-ва літ. і рус. зямель, Польскае дэмакр. т-ва; з 1833 у тайнай арг-цыі карбанарыяў. Выступаў за адмену прыгону і бязвыплатную перадачу зямлі сялянам у калект. ўласнасць, за абвяшчэнне Беларусі і Літвы дэмакр. рэспублікамі, звязанымі федэратыўнымі адносінамі з Польшчай. Сродкам дасягнення дэмакр. і справядлівага грамадскага ладу лічыў сац. рэвалюцыю агульнаеўрап. маштабу. Удзельнічаў у Заліўскага экспедыцыі 1833. У сак. 1833 у якасці паўстанцкага нач. Слонімскага і Навагрудскага пав. прыбыў на Беларусь. Стварыў у наваколлі Слоніма партыз. атрад з сялян, але шырокай падтрымкі насельніцтва не атрымаў. У маі 1833 атрад разбіты, Валовіч арыштаваны. Паводле прыгавору ваенна-палявога суда павешаны ў Гродне.
В.Ф.Шалькевіч.
т. 3, с. 482
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)