УРБАЭКАЛО́ГІЯ (ад лац. urbanus гарадскі + экалогія),

прыкладная навук. дысцыпліна, што вывучае ўзаемадзеянне і ўзаемаўплыў дзейнасці чалавека і прыродных фактараў, працэсаў у гарадах, зонах іх уплыву, сістэмах рассялення. Тэрмін «У.» ўзнік у 2-й пал. 20 ст. ў сувязі з узмацненнем экалагічных праблем у гарадах, выкліканых нерацыянальнай гасп. дзейнасцю чалавека. Арыентавана на аздараўленне і паляпшэнне якасных характарыстык гар. асяроддзя, забеспячэнне экалагічнай раўнавагі антрапагенных і прыродных кампанентаў асяроддзя ў межах урбанізаваных тэрыторый (гл. Урбанізацыя). З мэтай памяншэння забруджвання наваколля ў гарадах распрацоўваецца комплекс тэхнал., тэхн., планіровачных, юрыд. і інш. мерапрыемстваў. Сярод планіровачных мерапрыемстваў вядучая роля належыць фарміраванню водна-зялёных сістэм гарадоў (гл. таксама Ахова атмасферы, Ахова водаў). Асн. метадалагічныя падыходы У. — экалагічны і ландшафтны. Экалагічны падыход разглядае прыроду і грамадства ва ўзаемадзеянні і ўзаемаабумоўленасці, прадугледжвае арыентацыю горадабуд. вырашэнняў на забеспячэнне ўстойлівага развіцця паселішчаў і аптымізацыю экасістэм. Ландшафтны падыход у горадабудаўніцтве заключаецца ва ўліку структуры, устойлівасці, асаблівасцей функцыянавання прыродных і антрапагенных ландшафтаў, што дазваляе фарміраваць новыя культ. ландшафты, адметныя высокімі эстэт. і экалагічнымі вартасцямі. Для ацэнкі якасці гар. асяроддзя здзяйсняецца экалагічны маніторынг.

Літ.:

Чистякова С.Б. Охрана окружающей среды. М., 1988;

Реймерс Н.Ф. Природопользование: Словарь-справ. М., 1990;

Градостроительство и территориальная планировка: Понятийно-терминол. словарь. Мн., 1999.

Г.​А.​Патаеў.

т. 16, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСТА́Ў,

самы старажытны тып кірыліцкага пісьма (гл. Кірыліца). Узнік на аснове візант. У. Выкарыстоўваўся ў раннім слав. пісьменстве, у старабел. пісьменстве — да канца 14 ст., зрэдку ў 15 ст. пераважна ў дзелавых граматах на пергаменце. Вызначаўся стройным і выразным абрысам літар. Словы ва У. звычайна не аддзялялі адно ад аднаго, літары пісалі асобна, амаль перпендыкулярна ў радку і мелі формы, блізкія да геаметрычных. Скарачэнне слоў і напісанне літар пад радком практыкавалася рэдка. У якасці знакаў прыпынку былі кропка і двукроп’е, падрадковых знакаў — цітлы, спалучэнні кропак і знак, які нагадвае знак кароткасці. Знак для абазначэння тысячы (≠) ставіўся не перад літарай-лічбай, а пасля яе. У. пісалі і кнігі: Псалтыр (1296), Тураўскае (11 ст.), Аршанскае (13 ст.), Полацкае (13—14 ст.), Друцкае, Лаўрышаўскае і Мсціжскае (14 ст.) евангеллі (гл. адпаведныя арт.). Да ўстаўнага пісьма адносяць і пісьмо берасцяных грамат. Найб. доўга і трывала У. ужываўся ў полацкіх граматах. Бел. граматы 2-й пал. 14 ст., напісаныя ў інш. мясцовасцях, характарызуюцца меншай акуратнасцю пісьма, драбнейшымі літарамі і наяўнасцю ў асобных літарах паўустаўных і нават скарапісных элементаў. У канцы 14 ст. заменены паўуставам і скорапісам.

Літ.:

Карский Е.Ф. Славянская кирилловская палеография. М., 1979.

А.​М.​Булыка.

Да арт. Устаў. Старонка Тураўскага евангелля. 11 ст.

т. 16, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАНЕ́МА (ад грэч. phōnēma гук),

найменшая адзінка гукавой матэрыі мовы, якая служыць для адрознення значымых адзінак мовы і вылучаецца на аснове параўнання гукаў у аднолькавых пазіцыях у слове. У пісьмовай мове адпавядае графеме.

Найб. надзейны прыём вылучэння Ф. — пошук мінімальных пар тыпу «дом—том», «кон—конь», «сук—сок» і г.д., дзе найб. ярка выяўляецца проціпастаўленне Ф. Прыметы, па якіх адбываецца проціпастаўленне, наз. дыферэнцыяльнымі. Гукі, якія ніколі не трапляюцца ў адной пазіцыі, з’яўляюцца алафонамі або камбінаторнымі варыянтамі адной фанемы. Напр., у бел. мове гукі «в» і «ў» не трапляюцца ў адной пазіцыі («в» магчымы толькі перад галоснымі, «ў» — толькі пасля іх); «і» ўжываецца ў пачатку слова і пасля мяккіх зычных, «ы» — толькі пасля цвёрдых зычных. Таму «ў» — алафон Ф. «в»; «i» і «ы» належаць да Ф. «і». У бел. мове выяўляюцца галосныя: «а», «о», «э», «у», «і»; зычныя «п», «п’», «б», «б’», «ф», «ф’», «в», «в’», «м», «м’», «т», «ц’», «д», «дз’», «с», «с’», «з», «з’», «ц», «дз», «н», «н’», «л», «л’», «р», «ш», «ж», «ч», «дж», «й», «к», «к’», «г», «г’» (фрыкатыўныя), «х»; Ф. «к’», «дз», «г’» проціпастаўлены іншым слаба. Гукі «г», «г’» выбухныя без перашкоды для разумення замяняюцца адпаведнымі фрыкатыўнымі і таму з’яўляюцца свабоднымі (факультатыўнымі) варыянтамі «г» і «г’».

Літ.:

Гл. пры арт. Фаналогія.

А.​І.​Падлужны.

т. 16, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЗІЯТЭРАПІ́Я (ад грэч. physis прырода + тэрапія),

галіна клінічнай медыцыны, якая вывучае ўплыў на арганізм прыродных (паветра, вада, сонечнае цяпло і святло) і штучных (эл. ток, магнітнае поле і інш.) фіз. фактараў, распрацоўвае метады іх лячэбнага і прафілакт. выкарыстання. Задачы Ф. — нармалізаваць функцыян. стан, спрыяць арганізму ў яго гамеастатычнай раўнавазе, у стымуляванні механізмаў аховы, працэсах аднаўлення і кампенсацыі. Практычная Ф. ўключае водалячэнне, гразелячэнне, клімататэрапію, сонцалячэнне, электралячэнне і інш. Уздзеянне фактараў адбываецца праз нерв. і гумаральны шляхі.

Як навука ўзнікла ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. У Расіі першыя ін-ты фіз. метадаў лячэння засн. ў Севастопалі (1914), Петраградзе і ў Хоўрыне пад Масквой (1916).

На Беларусі навукова-даследчыя работы вядуцца ў НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі, Бел. МАПА, мед. ун-тах. Вывучаюцца прыродна-кліматычныя ўмовы для развіцця санаторна-курортнай справы, значэнне фіз. і курортных фактараў у прафілактыцы і комплексным лячэнні хворых, пытанні біял. і лячэбнага ўздзеяння магнітных палёў і інш. Укаранёны ў лячэбную практыку метады лазернай тэрапіі, створаны апараты ўздзеяння імпульсным магнітным полем. Развіццю даследаванняў па праблемах Ф. садзейнічалі працы бел. вучоных І.П.Антонава, Г.Я.Багель, Д.А.Маркава, У.С.Улашчыка і інш.

Літ.:

Улашик В.С. Введение в теоретические основы физической терапии. Мн., 1981;

Яго ж. Очерки общей физиотерапии. Мн., 1994.

Т.​І.​Жукоўская.

т. 16, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАДЗЬБА́ СПАРТЫ́ЎНАЯ,

від лёгкай атлетыкі. Ад звычайнай хадзьбы адрозніваецца абавязковым выпростваннем апорнай нагі ў каленным суставе пры верт. становішчы, ад бегу — адсутнасцю безапорнай фазы руху. Спаборніцтвы сярод жанчын праводзяцца на дыстанцыях 5, 10 і 20 км, сярод мужчын — 5, 10, 15, 20, 30, 50 км і на час (1 і 2 гадз). Спартсмен за 1 мін робіць 200—210 крокаў даўж. 110—120 см.

Як від спорту склалася ў 2-й пал. 19 ст. Першыя спаборніцтвы адбыліся ў аматарскім Атлетычным клубе (1866, Англія) на дыстанцыі 7 міль (11 км). У праграме Алімп. гульняў з 1908 (мужчыны; дыстанцыі 3,5 км і 10 міль), з 1932 мужчыны спаборнічаюць на дыстанцыі 50 км. з 1956 — і на дыстанцыі 20 км; жанчыны — на дыстанцыях 10 км (з 1992) 1 20 км (з 2000). У праграме чэмпіянатаў Еўропы па лёгкай атлетыцы з 1934. чэмпіянатаў свету — з 1976. Буйнейшыя міжнар. асабіста-камандныя спаборніцтвы па Х.с. на Кубак г. Лугана (Швейцарыя) з 1961. Найб. пашырана ў Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Мексіцы, Расіі, Швецыі і інш.

На Беларусі Х.с. ўваходзіць у лёгкаатлетычныя праграмы з 1944. Сярод бел. спартсменаў найб. вызначыліся прызёры Алімп. гульняў Я.​Маскінскоў (1956), Я.​Іўчанка і П.​Пачынчук (1980); прызёры чэмпіянатаў свету Я Місюля (1991, 1995), М.​Хмяльніцкі (1997), В.​Цыбульская (1997, 2001) і інш.

т. 16, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІ́ТА, Броз Ціта (Broz Tito) Іосіп (25.5.1892, в. Кумравец, Харватыя — 4.5.1980), дзяржаўны і паліт. дзеяч Югаславіі. Маршал (1943), тройчы Нар. герой (1944, 1972, 1977), Герой Сац. Працы (1950) Югаславіі. Удзельнік 1-й сусв. вайны (на баку Аўстра-Венгрыі) і Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі (дзе быў у палоне). Чл. (з 1920), ген. сакратар (з 1940), старшыня (з 1966) Камуніст. партыі Югаславіі (з 1952 Саюз камуністаў Югаславіі). У час народна-вызваленчай вайны ў Югаславіі 1941—45 галоўнакаманд. Нар.-вызв. арміяй і партыз. атрадамі (1941—45), старшыня Нац. к-та вызвалення Югаславіі (1943—45). Узнагароджаны сав. ордэнам «Перамога». Кіраўнік урада (1945—63), прэзідэнт (1953—80) Югаславіі. У перыяд часовага (1948—55) разрыву сав.-югасл. міждзярж. і міжпарт. сувязей Ц. актывізаваў кантакты з краінамі—членамі НАТО, супрацьстаяў ідэалаг. і паліт. націску СССР і прапанаваў уласную мадэль сацыяліст. грамадства, засн. на дэцэнтралізацыі кіраўніцтва гасп. дзейнасцю. На міжнар. арэне прыхільнік пазаблокавай палітыкі, адзін з заснавальнікаў недалучэння руху. З 1955 адрадзіў дружалюбныя адносіны з СССР пры прызнанні апошнім своеасаблівасці югасл. мадэлі сацыялізму і неўмяшання ва ўнутр. справы адзін аднаго. У 1965 наведаў Беларусь.

Тв.:

Рус. пер. — Избранные статьи и речи, май 1941 — окт. 1979 г. М., 1987.

Літ.:

Уэст Р. Иосип Броз Тито: Власть силы: Пер. с англ. Смоленск, 1998.

І.Ціта.

т. 17, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ВАЙСКО́ВАЯ РА́ДА (ЦБВР),

арганізацыя, якая ў 1917—18 займалася фарміраваннем бел. войска і каардынавала працу бел. вайсковых рад. Створана на з’ездзе беларусаў-вайскоўцаў Зах. фронту, 12-й арміі Паўн. фронту і Балт. флоту ў Мінску (13—19.11.1917), дзе быў абраны Часовы выканаўчы к-т ЦБВР на чале з С.​А.​Рак-Міхайлоўскім. ЦБВР стварыла спец. аддзел па фарміраванні бел. вайск. адзінак, які ўзначаліў ген.-лейт. К.​А.​Кандратовіч, і адправіла на франты вярбоўшчыкаў. Пасля з’ездаў беларусаў-вайскоўцаў Паўн., Рум. і Паўд.-Зах. франтоў (усе ў ліст. 1917—студз. 1918) іх прадстаўнікі папоўнілі склад Выканкома рады. Друкаваны орган — газ. «Белорусская рада». Намаганнямі ЦБВР у ліст. 1917 створаны бел. полк у Мінску і конны эскадрон пад Оршай. ЦБВР атрымала ад Вярх. галоўнакамандуючага М.​В.​Крыленкі ў выніку перагавораў 10—11.1.1918 дазвол на стварэнне бел. нац. Чырв. гвардыі і прызначыла пунктамі яе фарміравання Мінск, Бабруйск, Рагачоў, Магілёў і Барысаў. Аднак з-за пазіцыі прадстаўнікоў Аблвыкамзаха, якія сарвалі праезд спец. створанай для гэтага камісіі, ЦБВР не здолела ажыццявіць намечаны план. Члены ЦБВР удзельнічалі ў арганізацыі і правядзенні Усебеларускага з’езда 1917, стварэнні Беларускай Народнай Рэспублікі.

Літ.:

Савіцкі В. Беларускае войска: ад ідэі да спроб рэалізацыі (1917 г.) // Бел. гіст. часоп. 1994. № 4.

В.​Г.​Мазец.

т. 17, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЮРКАЛО́ГІЯ,

сукупнасць гуманітарных навук, што вывучаюць мовы, этнаграфію, гісторыю, л-ру, фальклор, культуру пародаў, якія гавораць на цюркскіх мовах. Зарадзілася ў 15—16 ст. з натуральнай цікавасці еўрапейцаў да тур. заваёўнікаў, таму напачатку яе асн. кірункам было вывучэнне Асманскай імперыі і тур. мовы. Сістэм. даследаванні ў Зах. Еўропе пачаў аўстр. ўсходазнавец і дыпламат І.​Гамер-Пургшталь (1774—1856), у Расіі (з 2-й пал. 18 ст.) — І.​Гіганаў і С.​Хальфін.

Рас. Ц. ў 19 — пач. 20 ст. развівалася комплексна: вывучэнне мовы, л-ры, гіст. помнікаў, нумізматыкі (працы М.​М.​Казем-бека, Ф.​Я.​Корша, В.В.Радлава і інш.). У сав. перыяд у галіне Ц. працавалі В.​У.​Бартальд, Я.​Э.​Бертэльс, У.​А.​Гардлеўскі, Т.​Г.​Кезма, М.Я.Мар, І.А.Арбелі і інш.; з 1970-х г. Ц. засяроджана ў Ін-це ўсходазнаўства АН СССР (з 1991 — Рас. АН). Сярод даследчыкаў зах. краін пытанні Ц. вывучалі Х.​Боўэн, Б.​Льюіс (Вялікабрытанія), Ф.​Бабінгер, Г.​Яшке (Германія), Ж.​Дэні, М.​Мала (Францыя), Дж.​В.​Беркер, Р.​Х.​Дэвісан (ЗША) і інш.

На Беларусі цюркалагічныя даследаванні традыцыйна засяроджаны на вывучэнні гісторыі і культуры бел. татараў (працы Л.​К.​Крычынскага, А.В.Мухлінскага, Дж.​Александровіча, А.​І.​Дубінскага, С.​У.​Думіна, І.​Б.​Канапацкага, А.І.Смоліка, А.П.Грыцкевіча, В.​І.​Несцяровіча, Я.​А.​Якубоўскага і інш.).

т. 17, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРНА́ЎЧЫЦЫ,

вёска ў Брэсцкім р-не на аўтадарозе Брэст—Камянец. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на ПнУ ад Брэста. 2380 ж., 884 двары (2003). З-д жалезабетонных вырабаў, ПМК-55, вучэбны цэнтр Брэсцкага аблсельгасхарча. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Чарнаўчыцкі Троіцкі касцёл, Свята-Параскева-Пятніцкая (Пакроўская) царква (1733).

Вядомы з пач. 15 ст. У 1421 у Ч. заснаваны касцёл. У 1487 баярын Іван Іллініч абмяняў свае вотчыны на дзярж. маёнтак Ч., які заставаўся ў родзе Іллінічаў да 2-й пал. 16 ст. Пасля смерці ў 1569 Юрыя Іллініча Ч. перайшлі да Радзівілаў, да пач. 19 ст. Чарнаўчыцкае графства — цэнтр радзівілаўскага маёнтка. У 16—18 ст. мястэчка ў Брэсцкім пав. ВКЛ. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у Рас. імперыі, у Брэсцкім пав. Слонімскай, з 1797 Літоўскай, з 1801 Гродзенскай губ. У 1886—574 ж., 71 двор, школа, 2 правасл. царквы, яўр. малітоўны дом, сінагога. З 1921 у Польшчы, вёска ў Турненскай гміне Брэсцкага пав. Палескага ваяв., 149 ж. (1921). З 1939 у складзе БССР, з 15.1.1940 вёска ў Брэсцкім р-не, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета.

В.​С.​Пазднякоў (гісторыя).

Чарнаўчыцкі Троіцкі касцёл.

т. 17, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭХАСЛАВА́ЦКАГА КО́РПУСА МЯЦЕ́Ж 1918 у Расіі,

антысавецкае выступленне Асобнага Чэхаславацкага корпуса (45 тыс. чал., сфарміраваны восенню 1917 з ваеннапалонных чэхаў і славакаў, якія раней служылі ў аўстра-венг. арміі, для ўдзелу ў 1-й сусв. вайне). Паводле дамоўленасці з краінамі Антанты сав. ўрад у сак. 1918 пачаў перамяшчаць корпус (са студз. 1918 фармальна ў складзе франц. арміі) з Украіны на Д. Усход, каб ён мог праз г. Уладзівасток эвакуіравацца ў Зах. Еўропу. У маі 1918 эшалоны з чэш. і славацкімі вайскоўцамі расцягнуліся ад Паволжа да Уладзівастока. Незадаволеныя патрабаваннямі сав. ўрада здаць зброю і чуткамі пра паварот часткі эшалонаў на г. Архангельск чэхаславацкія часці ў маі 1918 арганізавана паўсталі пад заклікам «Праб’емся ва Уладзівасток сілай». Да вер. 1918 яны з дапамогай мясц. кадэтаў, эсэраў, меншавікоў, казакоў і інш. антыбальшавіцкіх сіл скінулі сав. ўладу на тэр. ад Паволжа да Уладзівастока, спрыялі ўтварэнню Камітэта членаў Устаноўчага сходу, «Часовага сібірскага ўрада», Уфімскай дырэкторыі і інш. Пасля шэрагу паражэнняў ад Чырв. Арміі восенню 1918 і захопу кіраўніцтва белым рухам манархістамі на чале з А.В.Калчаком (ліст. 1918) чэхаславацкія часці ў студз. 1919 зняты чэхаславацкім урадам з фронту і выконвалі ў тыле калчакаўскіх войск ахоўныя функцыі. Паводле дамоўленасці з урадам РСФСР ад 7.2.1920 Чэхаславацкі корпус да вер. 1920 пакінуў тэр. Расіі.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 17, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)