ЛІПАРЫ́Т (назва ад месца першай знаходкі — Ліпарскія астравы),

эфузіўная горная парода, якая паводле хім. саставу адпавядае граніту. Вылучаюць рознасці расшклаваныя, схаванакрышталічныя, радзей сфералітавыя. Часта з парфіравымі ўкрапінамі кварцу, палявых шпатаў, слюд і інш. Характэрна флюідальная тэкстура пароды (патокаўтваральныя палосы). Звычайна багаты вулканічным шклом (50—100%), кварцам (больш за 73%). Колер ружовы, шэры, буры. Выкарыстоўваецца для атрымання друзу і абліцовачнага каменю. Пашыраны ў вулканічных абласцях.

В.​І.​Ярцаў.

т. 9, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯТА́ЛЬНАСЦЬ (ад лац. letalis смяротны),

смяротнасць, паказчык мед. статыстыкі: адносіны колькасці людзей, што памерлі ад хваробы, ранення ці няшчаснага выпадку да колькасці людзей, што хварэлі гэтай хваробай (параненыя, пацярпелыя, у %) за пэўны прамежак часу. Адрозніваюць Л. бальнічную, пазабальнічную, агульную і інш. Л. — адзін з паказчыкаў эфектыўнасці тэрапеўт. прэпаратаў, метадаў лячэння, тэрмінаў і паўнаты шпіталізацыі і інш. Л. адрозніваецца ад смяротнасці — частаты смерцяў сярод насельніцтва.

т. 9, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНІТО́Р (лац. monitor літар. які наглядае, напамінае),

1) старшы вучань, які дапамагаў настаўніку ў школах т.зв. узаемнай адукацыі. Існавалі ў Вялікабрытаніі, ЗША, Францыі, Расіі і інш. у 18 — пач. 19 ст. 2) У радыётэхніцы — тое, што відэаманітор.

3) У ЭВМ — прылада для кантролю працэсаў і кіравання выліч. сістэмай. Напр., відэаманітор выкарыстоўваецца для дыстанцыйнага назірання за станам сістэмы, дысплей з клавіятурай — як пульт кіравання і як манітор.

т. 10, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РНА (Marne),

рака на Пн Францыі, правы прыток р. Сена. Даўж. 525 км, пл. басейна 12,7 тыс. км². Пачынаецца на плато Лангр, цячэ ў межах Парыжскага бас., упадае ў р. Сена каля Парыжа. Сярэдні расход вады ў вусці больш за 100 м³/с. Суднаходная ад г. Эперне. Злучана каналамі з рэкамі бас. Рэйна і Соны. У час 1-й сусв. вайны на М. адбыліся Марнскія бітвы.

т. 10, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЫУ́ПАЛЬСКІ МО́ГІЛЬНІК,

познанеалітычны могільнік 3-га тыс. да н.э. каля г. Марыупаль (Украіна). Даследаваў у 1930 М.​Е.​Макаранка. Выяўлена калектыўнае пахаванне (больш за 120 касцякоў), якое ўяўляла траншэю даўжынёй 28 м і шырынёй каля 2 м. Нябожчыкаў хавалі ў выцягнутым становішчы, каля паловы іх было засыпана чырвонай вохрай. Знойдзены каменныя прылады працы, упрыгожанні з іклаў дзіка, ракавін, касцей і зубоў жывёлы, каменныя навершы булаў і інш.

т. 10, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХА́ЙЛАЎСКІЯ КУРГАНЫ́,

група курганоў (больш за 400 насыпаў) каля с. Міхайлаўскае недалёка ад г. Яраслаўль (Расія). Датуюцца 2-й пал. 10 — пач. 11 ст. Даследаваліся ў 1896—1961. Належалі мясц. фінскаму насельніцтву і нетутэйшым слав. плямёнам. Пахавальны абрад — трупаспаленне і трупапалажэнне. Большасць даследаваных пахаванняў з бедным інвентаром, трапляюцца адзінкавыя багатыя пахаванні дружыннікаў і жанчын. Знойдзены керамічны посуд, узбраенне, упрыгожанні, гліняныя амулеты і інш.

Т.​С.​Скрыпчанка.

т. 10, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯДЗВЕ́ДЗЕЎСКІ КА́МАВЫ ПАГО́РАК,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). За 500 м на ПдУ ад в. Мядзведзева Аршанскага р-на Віцебскай вобл. Пагорак выш. 11 м, дыяметрам 500—625 м размешчаны на забалочанай нізіне. Утварыўся каля 15—20 тыс. гадоў назад у выніку назапашвання жвіру, пяску, стужачнай гліны ў возеры паміж ледзянымі камлыгамі. М.к. п. — эталонная форма рэльефу водна-ледавіковага паходжання.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 11, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯДНЯ́НСКАЕ ВО́ЗЕРА, Медна. У Брэсцкім р-не, у бас. р. Зах. Буг, за 25 км на Пд ад Брэста. Пл. 0,24 км², даўж. 700 м, найб. шыр. 500 м, найб. глыб. 5,5 м, даўж. берагавой лініі 1,8 км. Пл. вадазбору 1,75 км². Берагі катлавіны высокія, пясчаныя, месцамі пад хмызняком. Мелкаводдзе пясчанае, з глыб. 2 м дно сапрапелістае. Выцякае р. Спанаўка, злучана каналам са Страдзецкім возерам.

т. 11, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАСЁЛКІ,

вёска ў Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобл., на аўтадарозе, што злучае вёску з г. Петрыкаў. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 45 км на Пн ад г. Петрыкаў, 195 км ад Гомеля, 34 км ад чыг. ст. Муляраўка. 1410 ж., 567 двароў (1999). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Мемарыяльны комплекс «Загінуўшым і жывым».

т. 11, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ЧА, Нач,

рака ў Ляхавіцкім і Ганцавіцкім р-нах Брэсцкай вобл. і Клецкім р-не Мінскай вобл., правы прыток р. Лань (бас. р. Прыпяць). Даўж. 42 км. Пл. вадазбору 360 км². Пачынаецца на З ад в. Канюхі Ляхавіцкага р-на, вусце за 2 км на У ад в. Нач Ганцавіцкага р-на. Цячэ па нізіне Прыпяцкае Палессе. Рэчышча ў верхнім цячэнні на працягу 20,8 км каналізаванае.

т. 11, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)