КІРЫ́ЛІЦА,

адна з дзвюх (разам з глаголіцай) стараж. славянскіх азбук. Створана ў сярэдзіне 9 ст. на аснове грэка-візант. ўстаўнага пісьма. Назва ад імя слав. асветніка Кірылы Філосафа (гл. ў арт. Кірыла і Мяфодзій). Паходжанне К. канчаткова не высветлена. На думку адных вучоных, К. створана Кірылам раней за глаголіцу, ад якой адрознівалася інш. тыпам і больш простай і выразнай формай літар. Паводле другіх вучоных, Кірыла з’яўляўся стваральнікам глаголіцы, што папярэднічала К. Алфавітна-літарны склад К. адпавядаў гукавой сістэме стараславянскай мовы. У 11 ст. мела 43 літары: 24 візант. паходжання, 19 створаны самастойна. 27 літар абазначалі лічбы (літара з цітлай). З 10 ст. К. абслугоўвала ўсе тыпы стараж.-рус. літ. мовы. Паслядоўна існавалі графічныя відазмяненні К.: устаў, паўустаў, скорапіс (у быт. і дзелавой перапісцы), арнаментальная вязь (у кніжных загалоўках). Ад стараж.-рус. пісьменства К. перайшла ў спадчыну старабел., старарус. і стараўкр. пісьменствам. У ранні перыяд старабел. графіка мела ўсе літары К. Аднак у працэсе развіцця бел. мовы літарны склад алфавіта перастаў адпавядаць гукавой сістэме: адпала патрэба ў дублетных літарах, якія без шкоды для пісьмовых зносін маглі замяняць адна адну, але працягвалі ўжывацца па традыцыі (о–ѡ, е–є–ѣ, і–и–ѵ, у–ꙋ–ѫ, ѩ–ѧ, з–ѕ, ф–ѳ, ѯ–ксі, ѱ–псі), з’явілася неабходнасць у графічных сродках для зычнага j, афрыкаты «дж», гукаў [о] пасля мяккіх і [е] пасля цвёрдых зычных. На бел. глебе выйшлі з ужытку літары ѫ, ѥ, узніклі новыя графемы э (канец 15 ст.) і й (канец 16 ст.), у дзелавым пісьменстве перасталі выкарыстоўвацца ў гукавым значэнні знакі і, ѵ, ѯ, ѱ, ѕ, ф, у помніках інш. жанраў сталі трапляцца радзей літары ѵ, ѯ, ѱ, ѕ. Спрашчэнне і ўдасканаленне графічнай сістэмы абумоўлівалася агульным развіццём пісьменства. Выдатным дасягненнем старабел. графікі было стварэнне бел. першадрукаром і асветнікам Ф.​Скарынай на аснове паўустава друкарскага варыянта К., што стаў узорам для інш. усх.-слав. друкароў. Цікавай з’явай у гісторыі бел. кнігадрукавання было вынаходства спец. курсіўнага шрыфту (прапанаваў Грынь Івановіч), які сваёй канфігурацыяй імітаваў скорапіс 2-й пал. 16 ст. Працэс удасканалення К. на Беларусі спыніўся ў 18 ст. з прычыны заняпаду старабел. пісьменства. У Расіі ў выніку рэформы Пятра I у 1708 быў створаны грамадзянскі шрыфт, што пазней стаў асновай сістэм пісьма ўсх.-слав. і некат. інш. народаў, у т. л. і новага бел. пісьменства. Сучасны беларускі алфавіт выпрацаваны ў выніку кантамінацыі рус. грамадзянскага шрыфту са старабел. варыянтам К., вызначаецца большай дакладнасцю. У ім няма дублетных літар, ёсць знакі для спалучэння гукаў «йо» (ё) і спецыфічнага бел. гуку кароткага «ў», афрыкаты «дж», «дз» перадаюцца дыграфамі, раздзяляльную функцыю выконвае апостраф.

Найб. стараж. кірыліцкія помнікі — надпісы на сценах і плітах у Праславе (9—10 ст., Балгарыя), на глінянай пасудзіне з раскопак курганоў пад Смаленскам (10 ст.) і інш. Першая датаваная кніга, напісаная К., — Астрамірава евангелле (1056—57).

Літ.:

Карский Е.Ф. Славянская кирилловская палеография. М., 1979;

Истрин В.А. Возникновение и развитие письма. М., 1965;

Булыка А.М. Развіццё арфаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы. Мн., 1970.

А.​М.​Булыка.

Кірыліца.

т. 8, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГДЭБУ́РГСКАЕ ПРА́ВА (майдэборскае права)

(лац. jus theutonicum magdeburgense),

феадальнае гарадское права. Склалася ў ням. горадзе Магдэбург у 12—13 ст. з розных крыніц, у т. л. з прывілеяў, выдадзеных архіепіскапам Віхманам гар. патрыцыяту (1188), Саксонскага зярцала, пастаноў суда шэфенаў Магдэбурга і інш. Мела універсальны характар, г.зн. трактавала розныя віды праваадносін: дзейнасць гар. улады, суда, яго кампетэнцыю і парадак судаводства, пытанні зямельнай уласнасці «ў межах горада», парушэнні ўладання, захопу нерухомасці, устанаўлівала пакаранні за розныя віды злачынстваў і г.д. Асобае месца займалі нормы, што рэгулявалі гандаль і рамесніцтва, дзейнасць цэхаў і купецкіх гільдый, парадак падаткаабкладання. М.п. з’явілася юрыд. замацаваннем поспехаў гараджан у барацьбе з феадаламі за самастойнасць. Яно давала гораду права на самакіраванне і ўласны суд, права зямельнай уласнасці і вызваленне ад большай часткі феад. павіннасцей. М.п. было перанята многімі гарадамі Усх. Германіі, Усх. Прусіі, Сілезіі, Чэхіі, Венгрыі, Польшчы.

З 14 ст. М.п. пашыралася на гарады ВКЛ. Жыхары гарадоў, якія атрымлівалі М.п., вызваляліся ад феад. павіннасцей, ад суда і ўлады ваяводаў, старостаў і інш. дзярж. службовых асоб. У прыватнаўладальніцкіх гарадах М.п. не вызваляла гараджан ад залежнасці і ўлады феадалаў, аднак залежнасць не мела рысаў прыгонніцтва. На аснове М.п. ў горадзе ствараўся выбарны орган самакіравання — магістрат. 3 увядзеннем М.п. адмянялася дзейнасць мясц. права, але не адмаўлялася правамернасць карыстання мясц. звычаямі, калі вырашэнне справы не прадугледжвалася М.п. У судовай практыцы магістратаў Беларусі разам з М.п. выкарыстоўваліся нормы агульнадзярж. права — Статутаў ВКЛ, судовых статутаў сталіцы — Вільні і ўласнай юрыд. практыкі. У ліку першых М.п. ў ВКЛ атрымалі Вільня (1387), Брэст (1390), Гродна (1391 няпоўнае, 1496 поўнае), Слуцк (1441), Высокае (1494), Полацк (1498), Мінск (1499), Браслаў (1500), Навагрудак (1511) і інш. М.п. мелі каля 60 гарадоў і мястэчак Беларусі. Граматы на М.п. дзярж. гарадам выдавалі вял. князі ВКЛ, прыватнаўладальніцкім гарадам — уладальнікі гарадоў або па іх хадайніцтве вял. князі. На Беларусі М.п. скасавана паводле ўказаў Кацярыны II у Магілёўскай губ. ў ліст. 1775, у Мінскай — у маі 1795, у зах. Беларусі — у снеж. 1795.

Літ.:

Копысский З.Ю. Социально-политическое развитие городов Белоруссии в XVI — первой половине XVII в., Мн., 1975;

Грицкевич А.П. Частновладельческие города Белоруссии в XVI—XVIII вв.: (Соц. экон. исслед. истории городов). Мн., 1975.

Гарады і мястэчкі Беларусі, якія мелі магдэбургскае права
Гарады і мястэчкі Год выдачы граматы на магдэбургскае права Гарады і мястэчкі Год выдачы граматы на магдэбургскае права
Брэст 1390 Друя 1618
Гродна 1391 (няпоўнае, 1496 поўнае) Орша 1620
Слуцк 1441 Крычаў 1633
Высокае 1494 Бешанковічы 1634
Полацк 1498 Чавусы 1634
Мінск 1499 Мсціслаў 1636
Браслаў 1500, няпоўнае Ружаны 1637
Ваўкавыск 1503 Астрына 1641
Навагрудак 1511 Чэрыкаў 1641
Мілейчыцы 1516 Дзівін 1642
Камянец 1518 Лагішын 1643
Слонім 1531 Мальча 1645
Рэчыца 1561, няпоўнае Радунь 1649
Дзісна 1569 Жыровічы 1652
Радашковічы 1569 Капыль 1652
Сураж 1570 Стоўбцы 1729
Магілёў 1577 Ушачы 1758
Мазыр 1577 Бобр 1762
Уда 1577 Мядзел Стары 1762
Гарадная 1579 Шклоў 1762
Пінск 1581 Ашмяны 1792
Азярышча 1583, няпоўнае Воўпа 1792
Нясвіж 1586 Вугор 1792
Ліда 1587 Геранёны 1792
Гарадзец 1589 Пераброддзе 1792
Кобрын 1589 Прывалка 1792
Пружаны 1589 Цырын 1792
Любча 1590 Шарашова 1792
Віцебск 1597

т. 9, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁВА АБАРО́НА 1941,

абарончыя баі сав. войск і апалчэнцаў горада супраць ням.-фаш. захопнікаў 3—26 ліп. ў Вял. Айч. вайну. Праводзілася часцямі 61-га стралк. корпуса (ген.-маёр Ф.​А.​Бакунін) 13-й арміі Зах. фронту і апалчэнцамі згодна з планам абароны, які абмеркаваны і ўдакладнены 1 ліп. на нарадзе з удзелам прадстаўнікоў Стаўкі Вярх. Галоўнакамандавання Маршалаў Сав. Саюза К.​Я.​Варашылава і Б.​М.​Шапашнікава. Жыхары горада і навакольных вёсак разам з вайскоўцамі за кароткі тэрмін (штодзённа працавалі 30—40 тыс. чал.) выкапалі процітанкавы роў больш як на 25 км, будавалі траншэі, бліндажы і эскарпы; сапёры паставілі мінныя палі, на некат. вуліцах былі ўзведзены барыкады. Фарміравалася Магілёўскае народнае апалчэнне 1941. Абарона горада ўскладалася непасрэдна на 172-ю стралк. дывізію (ген.-маёр М.​Ц.​Раманаў) і прыдадзеныя ёй часці і падраздзяленні. На правым беразе Дняпра абарону трымалі 388-ы (палк. С.​Ф.​Куцепаў) і 514-ы (падпалк. С.​А.​Боніч) стралк. палкі, на левым — 747-ы полк (падпалк. А.​В.​Шчаглоў); потым 514-ы полк быў пераведзены ў рэзерв камандзіра корпуса, а на яго месца стаў 394-ы полк 110-й стралк. дывізіі. На паз шыях бліжэйшых да горада вёсак — Казіміраўка, Пашкава, Гаі, Мікалаеўка, Палыкавічы — стаяў зводны полк у складзе знішчальнага батальёна і батальёна супрацоўнікаў міліцыі. Развед. падраздзяленні дывізіі ў міжрэччы Бярэзіны і Дняпра (за 35—50 км ад Магілёва) 3 ліп. ўступілі ў бой з перадавымі часцямі ням. 46-га танк. корпуса 2-й танк. групы ген. Г.​В.​Гудэрыяна, а 6 ліп. пад націскам намнога большых сіл праціўніка адышлі ў глыб сваёй абароны.

На Магілёў наступалі 4 пяхотныя і танк. дывізіі са складу 2-й танк. групы ням.-фаш. войск: на Бабруйска-Магілёўскім напрамку палкі 23-й і 7-й пяхотных дывізій, на Мінска-Магілёўскім — 263-й і 15-й пяхотных дывізій, якія падтрымлівала 3-я танк. дывізія. Пазней, калі вораг фарсіраваў Дняпро, у тыл 172-й дывізіі сав. войск выйшлі 258-я і 78-я пяхотныя, а з 17 ліп. на штурм горада накіраваны часці 34-й і 10-й пяхотных ням. дывізій. Асабліва жорсткія баі адбыліся на Буйніцкім полі. Паводле звестак штаба 172-й дывізіі за 10 дзён баёў адбіта 27 атак, падбіта і спалена 179 танкаў і бронетранспарцёраў, захоплены 2 танкі, 12 мінамётаў, 25 кулямётаў. Аднак 14 ліп. дывізія апынулася ў акружэнні: спыніўся падвоз боепрыпасаў, харчоў, медыкаментаў. Немцы захапілі бліжэйшыя да горада вёскі. 24 ліп. праціўнік прарваўся на ўскраіны Магілёва. Камандаванне сав. войск адхіліла ультыматум захопнікаў аб капітуляцыі і вырашыла з баямі выходзіць з акружэння. У ноч на 26 ліп. 388-ы полк з прыдадзенымі часцямі і падраздзяленнямі прарваўся з горада на 3, 747-ы, 394-ы і зводны палкі — на У і за р. Сож злучыліся з часцямі 13-й арміі. Сав. воіны і апалчэнцы на працягу 23 дзён скоўвалі буйныя сілы ворага ў перыяд Смаленскай бітвы 1941, нанеслі адчувальныя страты ўдарным сілам групы армій «Цэнтр». На Буйніцкім полі пастаўлены помнік у гонар воінаў 388-га стралк. палка.

т. 9, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МУЖЫ́ЦКАЯ ПРА́ЎДА»

(«Mużyckaia praūda»),

нелегальная рэв.-дэмакр., першая беларускамоўная газета (друкавалася лацінкаю). Выдавалася ў 1862—63 на Гродзеншчыне (апошні нумар, відаць, надрукаваны ў Вільні) К.Каліноўскім з Ф.Ражанскім, С.Сангіным (Сонгіным), В.Урублеўскім. Мела невял. фармат у выглядзе лісткоў і значны тыраж. Выйшла 7 нумароў: № 1—6 (ліп.—снеж. 1862), № 7 (чэрв. 1863); кожны нумар падпісваўся псеўданімам «Яська—гаспадар з-пад Вільні». Захаваліся асобныя нумары-перадрукі (№ 5 і 7), пра што сведчаць пэўныя адрозненні ў тэксце і шрыфце. Распаўсюджвалася па ўсёй Беларусі, у Польшчы, Літве, Латвіі, а таксама ў паўн.-зах. рэгіёнах Расіі. Вызначалася вострай сац. прапагандысцка-агітацыйнай накіраванасцю. Артыкулы пабудаваны ў форме гутаркі, сваім зместам нагадвалі творы тагачаснай рус. л-ры рэв.-дэмакр. кірунку. Разглядала пераважна пытанні зямлі і волі, паліт. і сац.-эканам. няроўнасці, нац. самастойнасці. Праводзіла ідэю ўсеагульнай узбр. барацьбы за лепшае жыццё, вызначала яе шляхі, сцвярджала, што «...мы пазналі, дзе сіла і праўда, і будзем ведаць, як рабіць трэба, каб дастаць зямлю і свабоду. Возьмемся, дзецюкі, за рукі і дзяржымся разам!» (№ 1). Паслядоўна выступала з крытыкай антынар. царскага маніфеста 1861, адзначала, што «ніякай у ім няма праўды, няма з яго для нас ніякай карысці» (№ 1). Выкрываючы грабежніцкі характар сял. рэформы 1861, адзначала, што народу патрэбны не маніфест, а рэальная воля, і не тая, «якую цар схоча даці, но якую мы самі, мужыкі, паміж сабою зробімо» (№ 3). Адстойвала права бел. народа самастойна вырашаць свой лёс, атрымліваць адукацыю, выдаваць падручнікі на роднай мове. Закранала пытанні існавання розных канфесій, больш прыхільна ставілася да уніяцтва, з асуджэннем — да праваслаўя, якое выражала інтарэсы царскіх улад (№ 6). Выказвала негатыўныя адносіны да тагачаснай сістэмы рэкруцкіх павіннасцей тэрмінам у 25 гадоў. Асобныя пытанні (паходжанне прыгоннага права, існаванне канфесій) трактаваліся ў газеце спрошчана, аднабакова. Мова «М.п.» глыбока народная, эмацыянальна-вобразная, насычаная фалькл. сімволікай, маст. тропамі (эпітэтамі, метафарамі, параўнаннямі), узбагачаная новымі лексемамі і паняццямі; у ёй вытокі публіцыстычнага жанру, што пачынаў развівацца ў новай бел. л-ры.

Публ.:

Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988;

К.​Калиновский: Из печатного и рукописного наследия. Мн., 1988;

Жыві ў свабодзе: Кн. пра Каліноўскага. Мн., 1996;

Каліноўскі К.: За нашую вольнасць: Тв., дак. Мн., 1999.

Літ.:

Лушчыцкі І.Н. Нарысы па гісторыі грамадска-палітычнай і філасофскай думкі ў Беларусі ў другой палавіне XIX ст. Мн., 1958;

Смирнов А.Ф. «Мужицкая правда» // Восстание 1863 г. и русско-польские революционные связи 60-х гг. М., 1960;

Цікоцкі М.Я. З гісторыі беларускай журналістыкі XIX ст. Мн., 1960;

Баршчэўскі А. Агляд публіцыстычна-літаратурнай спадчыны Кастуся Каліноўскага // Навукова-літаратурны зборнік і беларускі каляндар 1961. Беласток, 1960;

Кісялёў Г. З думай пра Беларусь. Мн., 1966;

Маляўка М.А. Аб ідэйна-тэматычным і структурным адзінстве «Мужыцкай праўды» // Беларуская літаратура. Мн., 1979. Вып. 7;

Шалькевич В.Ф. Кастусь Калиновский: Стр. биогр. Мн., 1988;

Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1—2. 2 выд. Мн., 1989;

Станкевіч А. Кастусь Каліноўскі: «Мужыцкая праўда» і ідэя незалежнасці Беларусі. Вільня, 1933.

С.​В.​Говін.

т. 11, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́І МАСТА́ЦКІЯ.

Збіраюць, зберагаюць, вывучаюць, папулярызуюць і экспануюць зборы твораў мастацтва. Як комплексы спецыяльна прыстасаваных памяшканняў уключаюць экспазіцыйныя залы, запаснікі, выставачныя залы, рэстаўрацыйныя майстэрні, навук. б-кі, фотатэкі і інш. Экспазіцыя звычайна будуецца па храналогіі і нац. школах мастацтва, мае комплексны характар (у залах разам экспануюцца творы жывапісу, скульптуры і дэкар.-прыкладнога мастацтва). Часам экспазіцыя будуецца часткова або цалкам па асобных калекцыях, якія паступілі ад уладальнікаў у дар ці на захоўванне. Некат. зборы твораў прадстаўляюць толькі адзін від мастацтва, найчасцей жывапісу (гл. Карцінная галерэя). Разнавіднасць М.м. — музеі архітэктурныя.

Стварэнне М.м. звязана з развіццём калекцыяніравання. Першыя буйныя зборы твораў мастацтва вядомы з часоў антычнасці. У эпоху сярэднявечча калекцыі твораў мастацтва зберагаліся ў палацавых галерэях, цэрквах, манастырах і інш. У 16 ст. на аснове прыватных калекцый створаны першыя ў Еўропе музеі — Дрэздэнская карцінная галерэя, Луўр у Парыжы, Прада ў Мадрыдзе, Уфіцы ў Фларэнцыі і інш Фарміраванне асн. еўрап. музеяў завяршылася ў 19 ст., калі яны сталі даступныя для шырокай публікі і склалася тыпалогія спец. музейнага будынка. Сярод найб М.м. свету таксама Баварскія дзяржаўныя зборы карцін у Мюнхене, Брытанскі музей у Лондане. Ватыканскія мастацкія музеі, комплекс Дзярж музеяў у Берліне (у т. л. Пергамон-музей), Метраполітэн-музей у Нью-Йорку, Рускі музей і Эрмітаж у С.-Пецярбургу, Музей выяўленчых мастацтваў імя А.​С.​Пушкіна і Траццякоўская галерэя ў Маскве і інш.

На Беларусі першы прыватны М.м. вядомы з 16 ст. (музей-«кабінет» Радзівілаў у Нясвіжы). У 17—1-й пал. 19 ст. багатыя зборы твораў жывапісу, скульптуры, габеленаў, фарфору, манет, зброі і інш. былі ў шэрагу сядзіб і замкаў магнатаў: Агінскіх (маёнтак Лучай Пастаўскага р-на Віцебскай вобл), Зорычаў (г. Шклоў Магілёўскай вобл.), Паскевічаў (Гомель), Сапегаў (в. Дзярэчын Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл., г.п Ружаны Брэсцкай вобл.), А.​Тызенгаўза (Гродна, Паставы), Тышкевічаў (г. Лагойск Мінскай вобл.) і інш. У 1787—1820 пры Полацкім калегіуме езуітаў існаваў музей, які змяшчаў карцінную галерэю. У 1855 на аснове калекцыі Тышкевічаў заснаваны Віленскі музей старажытнасцей, у 1921 — Беларускі музей у Вільні. У 1939 створана Дзярж. карцінная галерэя Беларусі (з 1957 Дзярж. маст. музей, з 1993 Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь), у 1970 — Бялыніцкі мастацкі музей імя В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі. Калекцыі твораў бел. стараж., сучаснага нар., самадзейнага мастацтва зберагаюцца ў Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, Веткаўскім музеі народнай творчасці, Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, Гомельскім абласным краязнаўчым музеі, Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі, Гурынскай карціннай галерэі, Дзіўнаўскім музеі мастацтва і этнаграфіі, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В.Масленікава, Магілёўскім мастацкім музеі В.К.Бялыніцкага-Бірулі, Музеі беларускага народнага мастацтва ў в. Раўбічы Мінскага р-на, Музеі старажытнабеларускай культуры ІМЭФ Нац. АН Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва і Сучаснай беларускай скульптуры музеі імя А.​А.​Бембеля ў Мінску, Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі, Полацкай карціннай галерэі і інш.

Да арт. Музеі мастацкія. Фрагмент экспазіцыі рускага мастацтва ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі.
Да арт. Музеі мастацкія. Фрагмент экспазіцыі грэчаскага і рымскага мастацтва Метраполітэн-музея ў Нью-Йорку.
Да арт. Музеі мастацкія. Зала Пергамон-музея. Берлін.
Да арт. Музеі мастацкія. Эрмітаж. Белая зала.

т. 11, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕАНТАЛО́ГІЯ [ад палеа... + грэч. on (ontos) існае, істота + ...логія],

навука аб арганізмах і ўсіх даступных вывучэнню праявах жыцця геал. мінулага на розных узроўнях арганізацыі, іх пашырэнні і гіст. развіцці. Даследуе акамянеласці і інш. выкапнёвыя рэшткі арганізмаў (марфал., фізіял., біяхім., малекулярна-біял., паталаг. і інш. кірункі), арыктацэнозы, арганагенныя горныя пароды і інш. Уключае палеабатаніку, палеабіягеаграфію, палеазаалогію, палеаіхналогію, палеаэкалогію, тафаномію, мікрапалеанталогію (вывучае стараж. мікраарганізмы і мікрарэшткі жывёл і раслін: канадонты, скалекадонты, акрытархі, аталіты). Звязана з археалогіяй, неанталогіяй, паліналогіяй, філагенетыкай, эвалюц. вучэннем, гіст. геалогіяй, палеагеаграфіяй, палеакліматалогіяй. Звесткі П. выкарыстоўваюцца ў геалогіі карысных выкапняў, літалогіі, стратыграфіі і інш.

Упамінанні пра акамянеласці вядомы з ант. часоў. Разуменне іх сапр. прыроды пачалося ў эпоху Адраджэння (Г.Агрыкала, Леанарда да Вінчы і інш.) і развівалася з поглядамі аб пастаянных зменах у жывой прыродзе мінулага (М.Адансон, Ж.Л.Л.Бюфон, Дж.Гетан, М.В.Ламаносаў, дацкі вучоны Н.​Стэна і інш.). Як навука П. ўзнікла разам з гіст. геалогіяй у канцы 18 — пач. 19 ст. (А.Т.Браньяр, Ж.Кюўе, Ж.Б.Ламарк). Тэрмін «П.» (прапанаваў франц. заолаг А.Д. дэ Бленвіль у 1822) пашыраны з 1830-х г. У дадарвінаўскі перыяд (да сярэдзіны 19 ст.) фарміравалася стратыграфічная П. (А.Д.Д’Арбіньі, швейц. вучоны Ж.Л.​Р.​Агасіс, англ. — А.​Седжвік, рас. — С.​С.​Кутарга, Х.І.Пандэр, К.​Ф.​Рулье, Э.​І.​Эйхвальд і інш.). З 1860-х г. развіваецца эвалюц. П. (М.І.Андрусаў, Ю.​А.​Арлоў, Т.Г.Гекслі, Л.Дало, У.А.Кавалеўскі, А.П.Карпінскі, М.Ноймайр, Б.С.Сакалоў, П.П.Сушкін, Л.П.Татарынаў, І.Ф.Шмальгаўзен, І.А.Яфрэмаў, амер. вучоны Э.​Коп, рас. — А.​А.​Барысяк і інш.).

На Беларусі асобныя палеанталагічныя доследы праводзіліся ў 19—1-й пал. 20 ст. (У.С.Дактуроўскі, У.І.Дыбоўскі, У.М.Сукачоў, П.А.Туткоўскі, Л.​А.​Бяляева, Э.​Вернейль, В.​І.​Громаў, А.​Кайзерлінг, Р.​І.​Мурчысан, Г.​Швэдар і інш.). Пытанні П. сістэматычна даследуюцца з 1951 (А.В.Фурсенка) у Бел. геолагаразведачным НДІ і з 1968 у Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі, вывучаюцца таксама ў Ін-це гісторыі Нац. АН Беларусі, БДУ, Бел. пед., Брэсцкім і Віцебскім ун-тах. Атрыманы шматлікія палеанталагічныя матэрыялы і звесткі палеазойскіх, мезазойскіх і кайназойскіх адкладаў, скарыстаныя ў распрацоўцы і абгрунтаванні схем іх стратыграфічнага расчлянення. Уклад у развіццё П. зрабілі Ф.Ю.Велічкевіч, Н.А.Махнач, В.​С.​Акімец, С.​В.​Анціпенка, Г.​А.​Белавусава, А.​Ф.​Бурлак, В.​К.​Галубцоў, Э.​К.​Дземідзенка, С.​Ф.​Зубовіч, В.​П.​Зярніцкая, П.​Ф.​Каліноўскі, М.​Р.​Каўхута, Г.​І.​Кеда, Э.​А.​Крутавус, С.​А.​Кручак, Л.​С.​Ліннік, Г.​І.​Літвінюк, Т.​І.​Майсеева, С.​С.​Маныкін, А.​У.​Мацкевіч, І.​В.​Міцяніна, У.​І.​Назараў, В.​М.​Несцяровіч, В.​І.​Пушкін, Т.​Б.​Рылова, С.​А.​Фядзеня, Г.​К.​Хурсевіч, В.​Л.​Шалабода, Т.​В.​Якубоўская, Я.​К.​Яловічава і інш.

Літ.:

Основы палеонтологии: Справ. для палеонтологов и геологов СССР. Т. 1—15. М., 1958—64;

Палеонтология и стратиграфия БССР. Сб. 1—6. Мн., 1955—66;

Палеонтология и ее роль в познании геологического строения территории Белоруссии. Мн., 1986;

Новые представители ископаемой фауны и флоры Белоруссии и других районов СССР. Мн., 1990.

П.​Ф.​Каліноўскі.

т. 11, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕМЯННА́Я ЖЫВЁЛАГАДО́ЎЛЯ,

развядзенне на племя чыстапародных і высакакроўных жывёл з мэтай удасканалення наяўных і стварэння новых парод жывёл, павышэння плем. якасцей і прадукцыйнасці с.-г. жывёл. Да мерапрыемстваў П.ж. адносіцца: творчы адбор, захаванне і макс. выкарыстанне найб. каштоўнай жывёлы, выбракоўка горшай, непрыдатнай для плем. выкарыстання, падбор метадаў і тэхнікі развядзення, стварэнне для жывёлы найлепшых умоў кармлення і ўтрымання ва ўсе перыяды яе жыцця з мэтай выяўлення і развіцця каштоўных якасцей, на аснове якіх і праводзіцца адбор. Асн. спосаб развядзення — чыстапароднае, гал. задача якога развядзенне па лініях і матачных сямействах (гл. Селекцыя). У кожнай пародзе для яе ўдасканалення павінна быць не менш як 10—15 ліній. З мэтай атрымання нашчадкаў з высокакарыснай спадчыннасцю і спалучэннем каштоўных якасцей зыходных парод (высокая прадукцыйнасць, канстытуцыйная моцнасць, прыстасаванасць да мясц. умоў) праводзіцца скрыжаванне.

Планамернай П.ж. папярэднічаў працяглы перыяд адбору жывёлы і паступовага назапашвання ў іх карысных гасп. якасцей. Яшчэ да н.э. атрыманы пароды свойскай жывёлы (авечак, коней і інш.). Сусв. пашырэнне атрымалі пароды с.-г. жывёлы, выведзеныя ў 13—18 ст. у краінах Еўропы (Нідэрланды, Вялікабрытанія, Швейцарыя, Францыя); пазней — у Расіі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Новай Зеландыі, Аргенціне і інш. Першыя дакумент. матэрыялы аб П.ж. зафіксаваны ў плем. кнізе Вялікабрытаніі ў 1793, у Расіі — у 1834.

На Беларусі П.ж. пачала развівацца ў асн. у 20 ст. Паглыбленую работу па паляпшэнні пароднага складу на Беларусі ажыццяўляюць спец. племянныя гаспадаркі, плем. саўгасы, дзярж. станцыі, плем. фермы калгасаў і саўгасаў. Плем. саўгасы і фермы праводзяць работу па паляпшэнні мясц. плем. жывёлы (вырошчваюць племянны маладняк для забеспячэння ім гаспадарак і станцый па плем. рабоце) і штучным асемяненні. На племзаводах займаюцца ўдасканаленнем існуючых і стварэннем новых парод. Разам з плем. саўгасамі і фермамі племзаводы — цэнтры П.ж. Арганізац. і метадычнымі цэнтрамі плем. справы з’яўляюцца дзяржплемаб’яднанні і племпрадпрыемствы. Аб’ём П.ж., яе ўдзельная вага ў жывёлагадоўлі вызначаюцца патрэбамі карыстальнай (таварнай) жывёлагадоўлі ў плем. жывёле, пераважна ў вытворцах. На Беларусі П.ж. вядуць больш за 100 спецыялізаваных племзаводаў, саўгасаў, дзярж. плем. прадпрыемстваў, а таксама раённыя племстанцыі, навук. ін-ты і лабараторыі пры ВНУ, у т. л. 6 дзярж. прадпрыемстваў, 6 племсаўгасаў, 18 племзаводаў, 5 племптушкарэпрадуктараў, племгас, прадпрыемства плем. справы, занальна-доследная станцыя, племстанцыя, селекцыйна-плем. ўчастак. Найб. колькасць такіх прадпрыемстваў у Брэсцкай і Гродзенскай абл. Разводзяць пароды жывёл, найб. прыстасаваныя да мясц. умоў: 8 парод буйн. раг. жывёлы малочнай (чорна-пярэстая, швіцкая, кастрамская, чырвоная беларуская, бурая латвійская, сіментальская, джэрсейская, галштына-фрызская) і 4 пароды мясной (герэфордская, шарале, лімузінская, мен-анжу); 5 парод свіней (буйная белая, бел. чорнарабая, эстонская беконная, ландрас, гемпшырская) і некалькі спецыялізаваных ліній; 3 пароды авечак (прэкас, латвійская цёмнагаловая, раманаўская); некалькі парод коней (бел. запражная пародная група, руская цяжкавозная, руская рысістая, тарыйская і інш.). Кіруюць П.ж. рэсп. і абл. аб’яднанні па плем. рабоце, раённыя племстанцыі. Навук.-метадычнае кіраўніцтва ажыццяўляе селекцыйны цэнтр Бел. НДІ жывёлагадоўлі. П.ж. добра развіта ў ЗША, Расіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Нідэрландах, Аўстраліі, Новай Зеландыі, Швейцарыі.

Г.​С.​Смалякоў.

Да арт. Племянная жывёлагадоўля. Статак кароў чорна-пярэстай пароды на пашы.

т. 12, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСІХАЛО́ГІЯ САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,

навука, якая вывучае зносіны, паводзіны і дзейнасць асобы, уключанай у сац. супольнасці, а таксама псіхалагічныя характарыстыкі гэтых супольнасцей. Гал. паняцці П.с. — асоба і зносіны. Адрозніваюць данавук. перыяд развіцця П.с., звязаны з кіраваннем і ўздзеяннем на людзей (правадыры плямён, прамоўцы, дзярж. дзеячы і інш.). Абагульненні гэтага эмпірычнага вопыту ажыццёўлены ў працах філосафаў і паліт. дзеячаў (у эпоху антычнасці Платон, Арыстоцель, у наступныя эпохі Т.​Гобс, П.​Гасендзі, Б.​Спіноза, Дж.​Лок, Ж.​Ж.​Русо, К.​Гельвецый, у філасофіі 19 ст. Л.​Феербах, Г.​Гегель і інш.). Сучасны этап развіцця П.с. пачаўся ў 2-й пал. 19 ст. (М.​Лацарус, Г.​Штайнталь). Вылучаны 3 асн. кірункі П.с.: псіхалогія народаў(В.​Вунт), псіхалогія мас (Г.​Тард, Г.​Лебон), псіхалогія інстынктаў. Пасля 1-й сусв. вайны цэнтр развіцця П.с. перамясціўся ў ЗША, дзе яна развівалася ў рамках эксперым. традыцыі. Найб. значныя вынікі атрыманы ў галіне вывучэння структуры і дынамікі малых груп, уздзеяння групы на асобу, фарміравання сац. установак і іх уздзеяння на паводзіны людзей, псіхалогіі кіравання, рэкламы, гандлю і інш. У шэрагу навук. дысцыплін П.с. найб. распрацавана групавая псіхалогія (даследаванні малых груп людзей, якія разглядаюцца як цэласныя структурна-дынамічныя ўтварэнні). Адрозніваюць нефармальныя групы, што стыхійна ўзнікаюць на аснове асабістых адносін, і фармальныя групы, якія ствараюцца для выканання пэўных грамадскіх функцый; даследуюцца розныя аспекты міжасобасных узаемаадносін унутры групы, праблема лідэрства. Вывучэнне зместу, дынамікі і структуры міжасобасных адносін і зносін у групах дзіцячага сада, школьных класах, групах ПТВ, студэнцкіх групах і вытв. калектывах, а таксама даследаванні ўплыву дарослых і кіраўнікоў на гэтыя працэсы прывялі да стварэння адносна самастойных галін П.с. — узроставай (генетычнай) і педагагічнай П.с. Асн. праблемы ўзроставай П.с. — вывучэнне ўзроставых заканамернасцей развіцця зносін асобы; кантактных (малых) груп і калектываў; паэтапнае развіццё кантактнай групы як універсальнай сістэмы непасрэдных зносін у працэсе сумеснай дзейнасці; узроставыя заканамернасці ўзаемадзеяння асобы з шырокім сац. асяроддзем. Пед. П.с. вывучае ўплыў педагогаў на гэтыя працэсы.

На Беларусі развіваюцца практычна ўсе асн. галіны П.с. Яе станаўленне ажыццяўлялася пад уплывам адраджэння гэтай галіны псіхалогіі ў СССР у канцы 1950 — пач. 1960-х г. Першыя публікацыі бел. псіхолагаў у галіне П.с. з’явіліся ў 1962. Псіхолагі Беларусі першымі пачалі эксперым. вывучэнне міжасобасных адносін у дзіцячых і вучэбных групах, калектывах; разам з псіхолагамі Ленінграда яны ўпершыню выкарысталі мадыфікаваныя і сацыяметрычныя метады. Актуальныя і фундаментальныя праблемы П.с. распрацоўваюцца ў Ін-це сацыялогіі Нац. АН Беларусі (Я.М.Бабосаў, В.А.Секун), Бел. пед. ун-це (Я.Л.Каламінскі, Н.​А.​Цыркун, Л.​А.​Панько), Нац. ін-це адукацыі (І.​А.​Фурманаў, В.​Я.​Каламінская, М.А.Крэмень, Л.​А.​Пергаменшчык), БДУ (Г.М.Кучынскі, У.​А.​Палікарпаў), Гродзенскім дзярж. ун-це (С.В.Кандрацьева), Акадэміі паслядыпломнай адукацыі (У.​А.​Янчук).

Літ.:

Генетические проблемы социальной психологии: Сб. ст. Мн., 1985;

Петровский А.В. Личность. Деятельность. Коллектив. Мн., 1982;

Западная социальная психология в поисках новой парадигмы. М., 1993;

Одайник В. Психология политики: Полит. и социал. идеи К.​Г.​Юнга: Пер. с англ. СПб., 1996;

Реан А.А., Коломинский Я.Л. Социальная педагогическая психология. СПб., 1999;

Коломинский Я.Л. Психология взаимоотношений в малых группах (общие и возрастные особенности). 2 изд. Мн., 2000.

Я.​Л.​Каламінскі.

т. 13, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАВЯ́НЕ,

найбуйнейшая ў Еўропе група народаў, аб’яднаная блізкасцю моў і агульнасцю паходжання. Размаўляюць на мовах слав. групы (гл. Славянскія мовы) індаеўрапейскіх моў. Падзяляюцца на 3 групы: усходнія (беларусы, рускія, украінцы), заходнія (палякі, чэхі, славакі, лужычане) і паўднёвыя (балгары, сербы, славенцы, харваты, чарнагорцы, баснійцы-мусульмане, македонцы). Складаюць асн. частку насельніцтва Балгарыі, Беларусі, Босніі і Герцагавіны, Македоніі, Польшчы, Расіі, Славакіі, Славеніі, Украіны, Харватыі, Чэхіі, Югаславіі; жывуць і ў Германіі. Агульная колькасць слав. народаў — каля 300 млн. чал. (сярэдзіна 1990-х г.).

Гісторыю стараж. С. вывучаюць паводле археал., антрапалагічных, лінгвістычных і этнаграфічных даных, звестак стараж.-грэчаскіх, рымскіх і візантыйскіх гісторыкаў (Пліній Старэйшы, Тацыт, Пталамей, Іардан, Пракопій і інш.), раннесярэдневяковых летапісаў і хронік. Найб. старажытныя гіст. звесткі пра С., вядомых тады пад імем венедаў, адносяцца да 1—2 ст. н.э. З сярэдзіны 6 ст. найменне «С.» неаднаразова сустракаецца ў працах Пракопія, Іардана і інш. Этнонім «С.» выводзяць ад «слова» (г. зн. «славяне» — «тыя, хто разумее словы, мову», у адрозненне ад «нямых» — немцаў).

Звесткі мовазнаўства, у т. л. гідранімікі, звязваюць стараж. С. з шырокай вобласцю Цэнтр. і Усх. Еўропы, ад Эльбы і Одэра на З, у басейне Віслы, у Верхнім Паднястроўі і да Сярэдняга Падняпроўя на У. Паўн. іх суседзямі былі германцы і балты, якія разам са С. складалі паўн. групу індаеўрапейскіх плямён; усх. суседзямі — зах.-іранскія плямёны (скіфы, сарматы), паўднёвымі — фракійцы і ілірыйцы, заходнімі — кельты. Пытанне пра найстаражытнейшую «прарадзіму» С. застаецца дыскусійным.

Паводле меркавання многіх археолагаў, стараж. С., таксама як і германцы і балты, былі нашчадкамі жывёлагадоўча-земляробчых плямён шнуравой керамікі культуры, што на мяжы 3-га і 2-га тыс. да н.э. з Паўн. Прычарнамор’я і Прыкарпацця рассяліліся па Цэнтр., Паўн і Усх. Еўропе. У наступныя часы даследчыкі прасочваюць С. сярод носьбітаў некалькіх генетычна звязаных археал. культур, у т. л. тшцінецкай культуры (2-я пал. 3-га тыс. да н.э.), пашыранай паміж Віслай і Сярэднім Дняпром, лужыцкай культуры (15—4 ст. да н.э.) і паморскай культуры (7—2 ст. да н.э.) на тэр. Польшчы, зах. раёнаў Беларусі і Украіны. Некаторыя археолагі лічаць праславянамі носьбітаў чарналескай культуры (10—7 ст. да н.э.) у Падняпроўі, неўраў і скіфаў-земляробаў (паводле Герадота). Існуе меркаванне пра сувязь са С. мілаградскай культуры (7—3 ст. да н.э.) і зарубінецкай культуры, якая існавала з канца 1-га тыс. да н.э. на Прыпяці і ў Сярэднім Падняпроўі; яе пераемніцу кіеўскую культуру (2—5 ст. н.э.) звязваюць з продкамі ўсх. славян.

У 2—4 ст. н.э. ў выніку руху на Пд германскіх плямён (готаў, гепідаў) цэласнасць тэрыторыі С. парушана, што, верагодна, паўплывала на адасабленне заходніх і ўсходніх С. У 3—4 ст. у Сярэднім Падняпроўі і Паўн. Прычарнамор’і жылі плямёны, якія пакінулі чарняхоўскую культуру; мяркуецца, што ў яе складзе быў слав. элемент. Бясспрэчна славянскай была пражская культура, якая ў 5—7 ст. займала вялізную тэр. паміж Дняпром, Прыпяццю, Эльбай і Дунаем.

У канцы 5 ст., пасля падзення дзяржавы гунаў, пачалося прасоўванне С. на Пд (да Дуная, у Паўн.-Зах. Прычарнамор’е) і іх уварванне ў балканскія правінцыі Візантыйскай імперыі (гл. Візантыя). Тады плямёны С. падзяляліся на 2 групы — антаў (урываліся на Балканскі п-аў праз нізоўі Дуная, носьбіты пянькоўскай культуры) і склавінаў (нападалі на візантыйскія правінцыі з Пн і ПнЗ, носьбіты пражскай культуры). У 2-й пал. 1-га тыс. С. занялі Верхняе Падняпроўе і яго паўн. перыферыю, што раней належалі ўсх. балтам і фіна-угорскім плямёнам, а таксама землі на ніжняй Эльбе і паўд.-зах. узбярэжжы Балтыйскага мора (палабскія С.) і ператварыліся ў буйнейшую этнічную групу Еўропы. У 3-й чвэрці 1-га тыс. слав. элементы прасочваюцца ў банцараўскай культуры, калочынскай культуры, доўгіх курганах і інш. помніках лясной зоны Усх. Еўропы. С. распадаліся на асобныя племянныя групоўкі: ужо ў 6 ст. вядомы дулебы, пазней у «Аповесці мінулых гадоў» названы паляне, севяране, драўляне, улічы, ціверцы, харваты, бужане, валыняне, дрыгавічы, крывічы, радзімічы, вяцічы і інш.

У выніку рассялення С. іх этнічная і моўная супольнасць паступова разбуралася, што прывяло да ўтварэння 3 слав. груповак — заходняй, усходняй і паўднёвай. З распадам родавага ладу і ўзнікненнем старажытнейшых слав. дзяржаў (Першае Балгарскае царства, дзяржава Сама, Вялікамараўская дзяржава, Карантанія, Кіеўская Русь і інш.) у канцы 1-га тыс. пачалі фарміравацца сярэдневяковыя слав. народнасці: палякі і чэхі, крыху пазней — славакі (зах. С.), славенцы, сербы, харваты і балгары (паўд. С.). Ва ўсх. С. ішоў працэс фарміравання стараж.-рус. народнасці. У наступныя стагоддзі тэр. рассялення С. зведала істотныя змены. Мадзьярскія (венгерскія) плямёны, якія ў канцы 9 ст. прасунуліся ў даліну сярэдняга Дуная, адрэзалі зах. С. ад паўднёвых, пры гэтым частка слав. насельніцтва Паноніі асімілявана венграмі. Тэрыторыя зах. С. скарачалася пад націскам немцаў, якія знішчылі або асімілявалі амаль усіх палабскіх і паморскіх С. (акрамя лужычан і кашубаў); палякі на Пн былі ў значнай меры адрэзаны ад Балтыйскага мора, а на Пд, дзе немцы пранікалі ў Сілезію, апынуліся адмежаванымі ад чэхаў. Немцы занялі і частку чэшскіх зямель. Скарацілася і тэрыторыя паўд. С. Большая іх частка на Пелапанескім п-ве асімілявана грэкамі. Ішоў працэс асіміляцыі аўстрыйцамі карынтыйскіх славенцаў. З 9—10 ст. сярод С. пачало распаўсюджвацца хрысціянства. Браты Кірыла і Мяфодзій распрацавалі літургію на слав. мове, азбуку (глаголіцу), зрабілі пераклад некаторых рэліг. кніг. У большасці паўд. С. і на Русі зацвердзілася хрысціянства ўсх. абраду, у астатніх С. — заходняга. У 10—11 ст. аформіліся раннефеадальныя манархіі ў палякаў, чэхаў, харватаў, у 12 ст. — у сербаў. У 12—13 ст. этнічнае і паліт. развіццё С. затарможана і нават перапынена знешнімі фактарамі: мангола-татарскім нашэсцем на Русь, нападамі візантыйцаў і венграў на балканскіх С. (ужо ў 1-й пал. 11 ст. яны падпарадкавалі славакаў, у канцы 11 ст. — харватаў). У 2-й пал. 14 ст. пачалося наступленне туркаў, якія занялі тэрыторыю балгар і сербаў, прымусілі частку сербаў перасяліцца з т. зв. Старой Сербіі на Пн у вобласць Ваяводзіна. Частка балканскіх С. прыняла мусульманства.

У 1348 у Празе заснаваны першы на слав. землях ун-т. Каля 1470 у г. Пльзень (Чэхія) надрукавана 1-я кніга на чэшскай мове. 1-я кніга глагалічнага шрыфту надрукавана каля 1483 (як мяркуюць, у г. Косцін, Харватыя), кірылічнага шрыфту — у 1491 у Кракаве. Ва ўсх. С. 1-ю кнігу выдаў Ф.​Скарына ў Празе ў 1517. Заняцце ў 1526 Габсбургамі трона ў Празе вярнула Чэхію пад нямецкі ўплыў, краіна зноў увайшла ў склад «Свяшчэннай Рымскай імперыі».

Ва ўсх. С. у 13 ст. ў выніку мангола-татарскага нашэсця многія паўд. і паўд.-ўсх. вобласці абязлюдзелі. Зах. дзярж. ўтварэнні (княствы) усх. С. з 13—14 ст. аб’яднаны ў складзе Вялікага княства Літоўскага (з 1569 у складзе Рэчы Паспалітай). У ходзе барацьбы з Залатой Ардой і татарскімі ханствамі, што ўзніклі пасля яе распаду, у выніку ўзмацнення Маскоўскага вялікага княства з 15 ст. аднавілася засяленне С. паўд.-ўсх. абласцей. У гэты час актывізаваўся і працэс фарміравання ўсх.-слав. народнасцей — беларусаў, рускіх, украінцаў. Пасля заваявання ў 16 ст. Казанскага і Астраханскага ханстваў рускія пашырылі тэрыторыю свайго рассялення, прасунуліся ў Паволжа, Прыуралле і далей — у Сібір. Украінцы пасля вызвалення іх зямель ад татара-манголаў, асабліва пасля падзення Крымскага ханства (канец 18 ст.) засялялі прычарнаморскія стэпы і разам з рускімі — стэпавыя і перадгорныя раёны Паўн. Каўказа. Этнічная тэрыторыя беларусаў пашыралася ў паўн.-зах. напрамку за кошт асіміляцыі літоўскага насельніцтва. Ператварэнню Расіі ў магутную еўрапейскую дзяржаву садзейнічала імперская палітыка Пятра I [1682—1725] і Кацярыны II [1762—95]. У выніку заняпаду Рэчы Паспалітай яе землі ў 1772—95 былі захоплены і падзелены паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй. На мяжы 18—19 ст. адзінай незалежнай слав. дзяржавай засталася Расійская імперыя. Слав. народы знаходзіліся пад нямецкай (Прусія, Аўстрыя), турэцкай і рас. уладай. Адраджэнне ў 19 ст. нац. самасвядомасці слав. народаў і ідэі іх моўна-культурнай супольнасці, якую прапагандавалі гал. ч. чэхі і славакі (Я.Колар і інш.), а таксама ажыўленне нац.-вызв. рухаў на Балканах спрабавала выкарыстаць рас. самадзяржаўе, якое высунула лозунг аб’яднання пад сваёй уладай усіх С. Розныя падыходы ў дачыненні да шляхоў нац. і паліт. вызвалення заняволеных слав. народаў сфарміравалі мноства ідэйна-паліт. кірункаў, якія разам з ідэяй слав. агульнасці (гл. Панславізм) прапаноўвалі таксама ідэі лаялізму ў адносінах да дзяржаў-захопнікаў. Пытанне пра слав. вызваленне было ў цэнтры ўвагі Слав. з’езда ў Празе ў 1848. На працягу 19 ст. ў выніку нац. паўстанняў, падтрыманых Расіяй, паліт. незалежнасць здабылі балканскія народы: чарнагорцы (1796, поўны суверэнітэт з 1878), сербы (1804—29, поўны суверэнітэт з 1878), балгары (1878—1906). Нац. прыгнёт і цяжкае эканам. становішча слав. народаў у канцы 19 — пач. 20 ст. выклікалі моцную іх эміграцыю ў інш. краіны Еўропы (напр., у Францыю) і за акіян (гал. ч. у ЗША і Канаду). Агульная колькасць слав. народаў на пач. 20 ст. складала каля 150 млн. чал., у т. л. рускіх — больш за 65 млн., украінцаў — каля 31 млн., беларусаў — каля 7 млн., палякаў — больш за 19 млн., чэхаў — больш за 7 млн., славакаў — больш за 2,5 млн., сербаў і харватаў — больш за 9 млн., балгар — 5,5 млн., славенцаў — 1,5 млн. Асн. маса слав. насельніцтва знаходзілася ў Рас. імперыі — 107,5 млн. чал., у Аўстра-Венгрыі — каля 25 млн. чал., Германіі — больш за 4 млн., у краінах Амерыкі — больш за 3 млн. чал.

Пераломнымі момантамі для С. былі Лют. і Кастр. рэвалюцыі ў Расіі (1917), крах Германскай імперыі і Аўстра-Венгрыі (1918), у выніку якіх незалежнасць здабылі Польшча і народы, што знаходзіліся пад уладай Аўстра-Венгрыі — чэхі, славакі, харваты, славенцы. Утварыліся шматнацыянальныя слав. дзяржавы — Чэхаславакія, Югаславія, а таксама СССР. У 1939 адбылося ўз’яднанне ўсіх бел. і ўкр. зямель, пасля 2-й сусв. вайны — аднаўленне спрадвечнай этнічнай тэрыторыі палякаў і чэхаў. У канцы 20 ст. ў выніку распаду СССР, ЧССР і СФРЮ утварыліся новыя незалежныя слав. дзяржавы, і цяпер усе буйнейшыя слав. народы (у якіх насельніцтва больш за 1 млн. чал.) маюць уласную дзяржаўнасць.

Літ.:

Свод древнейших письменных известий о славянах. Т. 1—2. М., 1991—95;

Славянские древности: Этнолингвистич. словарь: В 5 т. Т. 1—2 М., 1995—99;

Седов В.В. Славяне в древности. М., 1994;

Яго ж. Славяне в раннем средневековье. М., 1995;

Славянское движение XIX—XX вв.: съезды, конгрессы, совещания, манифесты, обращения. М., 1998;

Славянская идея: история и современность. М., 1998;

Słownik starożytności słowiańskich: Encyklopedyczny zarys kultury Słowian od czasów najdawniejszych do schyłku wieku XII. T. 1—7. Wrocław etc., 1961—82;

Łowmiański H. Początki Polski. T. 1—6. Warszawa, 1963—85.

т. 14, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГЛІ́ЙСКІЯ РЭВАЛЮ́ЦЫІ 17 СТАГО́ДДЗЯ,

раннія бурж. Рэвалюцыі 1640—53 і 1688—89, выкліканыя паліт., рэліг. і сац.-эканам. супярэчнасцямі англ. грамадства. Звязаны паміж сабой перыядамі пратэктарату О.Кромвеля (1653—58) і рэжыму рэстаўрацыі (1660—88), у час якога склаліся перадумовы для 2-й рэвалюцыі.

Рэвалюцыя 1640—53, якая вызначалася жорсткай паліт., узбр. і рэліг. барацьбой, пачалася са склікання каралём Карлам I Сцюартам т.зв. Доўгага парламента (1640—53) для зацвярджэння падаткаў і субсідый, неабходных для фінансавання ваен. аперацый супраць паўстання ў Шатландыі. Парламент ператварыўся ў арганізац. цэнтр новага дваранства і буржуазіі, якіх падтрымлівала б.ч. сялян, рамеснікі і рабочыя. Парламенцкая апазіцыя патрабавала спыніць злоўжыванні з боку каралеўскай улады, кіраваць краінай разам з парламентам, даць свабоду прадпрымальніцтву, правесці пурытанскую рэфармацыю царквы. Кароль, які абапіраўся гал. чынам на феад. дваранства і англіканскую царкву, 22.8.1642 аб’явіў парламенту вайну. Лепш арганізаваная каралеўская армія на працягу года авалодала б.ч. Англіі. Ва ўмовах грамадз. вайны парламент заключыў саюз з Шатландыяй і правёў ваен. рэформу. Новая армія, створаная з сялян, дробных гандляроў і рамеснікаў, 14.6.1645 у бітве пры Нейзбі нанесла рашаючае паражэнне каралеўскаму войску. Кароль апынуўся ў палоне. Ахвярамі грамадз. вайны, якая цягнулася да 1646, сталі тысячы жыхароў Англіі. Паміж паліт.-рэліг. групоўкамі прэсвітэрыян (кансерватыўнай буржуазіі), індэпендэнтаў і левелераў пачалася складаная барацьба па пытаннях дзярж ўладкавання Англіі. Калі ў канцы 1647 Карл I уцёк з-пад арышту, пачалася 2-я грамадз. вайна, у якой кароль пацярпеў канчатковае паражэнне і 30.1.1649 пакараны смерцю. 19.5.1649 Англія абвешчана рэспублікай. Аднак англ. рэспубліка не мела моцнай сац.-паліт. апоры, у грамадстве не было рэсп. традыцый. Новая ўлада з дапамогай арміі лёгка расправілася са сваімі левымі ворагамі — левелерамі і дыгерамі («сапраўдныя» левелеры, заклікалі да маёмаснай роўнасці і калектывізму, іх праграма выкладзена ў т.зв. «Дэкларацыі беднага прыгнечанага народа Англіі»), але не змагла ліквідаваць пагрозу дыктатуры. Доўгі парламент, які к гэтаму часу страціў давер народа, быў гвалтоўна разагнаны лідэрам індэпендэнтаў Кромвелем. 16.12.1653 Кромвель абвешчаны лордам-пратэктарам Англіі, Ірландыі і Шатландыі, устанавіў ваенна-паліцэйскую дыктатуру. Пратэктарат, як і рэспубліка, не меў дастаткова моцнай падтрымкі. Пасля смерці Кромвеля (3.9.1658), кароткачасовага праўлення яго сына Рычарда (вер. 1658 — май 1659), праўлення парламента т.зв. другой рэспублікі (май 1659 — май 1660) адбылася рэстаўрацыя Сцюартаў. На англ. трон запрошаны сын Карла I, абвешчаны каралём Карлам II [1660—85]. Намер яго пераемніка Якава II [1685—88] устанавіць абсалютысцка-каталіцкі рэжым выклікаў незадаволенасць амаль усяго насельніцтва Англіі і новую рэвалюцыю 1688—89 (т.зв. «слаўную рэвалюцыю»), якая прайшла хутка, у форме бяскроўнага дзярж. перавароту. У 1688 лідэры буржуазіі і дваранства запрасілі на англ. прастол штатгальтэра Галандскай рэспублікі Вільгельма Аранскага, які ў студз. 1689 абвешчаны каралём Вільгельмам III. У кастр. 1689 выдадзены «Біль аб правах». Ён юрыдычна аформіў узаемаадносіны паміж каралём і парламентам: кароль пазбаўляўся права прыпыняць выкананне законаў, збіраць падаткі і набіраць войска без згоды парламента.

Англійскія рэвалюцыі 17 ст. завяршыліся кампрамісам паміж бурж. сіламі і арыстакратыяй. У Англіі былі закладзены трывалыя асновы канстытуцыйна-манархічнай дзяржаўнасці, дэмакратыі і лібералізму; прызнаваліся правы пратэстантаў, пашыралася свабода прадпрымальніцтва, дваранскія зямельныя ўладанні сталі ўласнасцю іх трымальнікаў.

Літ.:

Барг М.А. Великая английская революция в портретах ее деятелей. М., 1991;

Английская буржуазная революция XVII века.Т. 1—2. М., 1954.

В.​І.​Сініца.

Да арт. Англійскія рэвалюцыі 17 стагоддзя. Тытульны ліст «Дэкларацыі беднага прыгнечанага народа Англіі», напісанай дыгерамі ў 1649.

т. 1, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)