ВО́ІНАЎ (Анатоль Аляксандравіч) (11.12.1934, Мінск — 19.3.1995),
бел. архітэктар, гісторык архітэктуры, педагог. Засл.арх. Беларусі (1991). Канд. архітэктуры (1967). Праф. (1991). Сын А.П.Воінава. Скончыў БПІ (1958). З 1958 працаваў у «Белдзяржпраекце», з 1963 выкладаў у БПІ (з 1985 дэкан арх. ф-та Бел.політэхн. акадэміі). Асн. работы: карпусы ін-таў фізікі (1963) і матэматыкі (1964) АН Беларусі, вылічальны цэнтр ЦСУ Беларусі (1965), жылыя дамы ў Мінску, Светлагорску (1963—65), рэстаран «Заслаўе» каля Мінска (1975, у сааўт.) і інш.Дзярж. прэмія Беларусі 1980 за кн. «Гісторыя архітэктуры Беларусі (савецкі перыяд)» (1975).
Тв.:
Дом правительства Белорусской ССР. Мн., 1975 (разам з С.Ф.Самбуком);
И.Г Лангбард. Мн., 1976;
Жилищное строительство в Белорусской ССР. Мн., 1980;
Архитектура Советской Белоруссии. М., 1986 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛКАЎ (Сяргей Анатолевіч) (н. 18.3.1942, Мінск),
бел. мастак. Засл. дз. маст. Беларусі (1989).Сын А.В.Волкава, унук В.В.Волкава. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1962), Бел.тэатр.-маст.ін-т (1970). Працуе ў галіне станковай і кніжнай графікі. Аўтар станковых серый «Спартыўныя суддзі» (1971), «Працоўны Мінск» (1977), «Армейскія будні» (1979), «Абаронцы роднай зямлі» (1980, 1984), «Начныя палёты» (1982), «Будучыя алімпійцы» (1988) і інш. Аформіў кнігі «Палескія рабінзоны» Я.Маўра (1981), «Спех — курам на смех» Э.Валасевіча, «Пра нашу Дашу» П.Кавалёва, «Беларускія народныя загадкі» (усе 1982), «На двары Алімпіяда» Э.Агняцвет, «Дзед і ўнучка» М.Маляўкі, «Кыонг і яго сябры» У.Карызны (усе 1984), «Казкі дзяцей Беларусі» (1995).
Стварыў больш за 100 плакатаў, серыі сяброўскіх шаржаў.
С.Волкаў. Ілюстрацыя да кнігі «Казкі дзяцей Беларусі». 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЯСНА́ ГОЛА́ ПЕРАПА́ЛА»
(у некат выданнях «Вясна, голад, перапала»),
бел. ананімны верш 19 ст. Знойдзены ў архіве В.Дуніна-Марцінкевіча, перапісаны яго рукой, але, відаць, аўтарства яму не належыць. Упершыню апубл. ў брашуры М.Доўнар-Запольскага «Дунін-Марцінкевіч і яго паэма «Тарас на Парнасе» (Віцебск, 1896), іншы варыянт — у брашуры Е.Раманава «Тарас на Парнасе» і іншыя беларускія вершы» (Магілёў, 1900). Напісаны, верагодна, напярэдадні рэформы 1861, бо выяўляе настроі бел. сялянства перад адменай прыгону. Прасякнуты пафасам крытыкі прыгонніцтва, панства; разам з тым у ім выразна відаць абмежаванасць сял. уяўленняў аб справядлівасці і свабодзе, якія нібыта можна атрымаць ад цара. Твор кампазіцыйна зладжаны, просты, матывамі блізкі да нар. паэзіі. Мова яго багатая фразеалагізмамі. Напісаны 4-стопным харэем, гучыць лёгка, свабодна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЙДА́Р (сапр.Голікаў) Аркадзь Пятровіч
(22.1.1904, г. Льгоў, Расія — 26.10.1941),
рускі пісьменнік. У перыяд грамадз. вайны ў 15 гадоў камандаваў ротай, у 17 — палком. У Вял.Айч. вайну быў карэспандэнтам газ. «Комсомольская правда». Загінуў на фронце. Пісаў для дзяцей. Творы Гайдара адметныя даверлівай інтанацыяй, веданнем дзіцячай псіхалогіі, займальнасцю сюжэта, рамантыкай рэв. барацьбы, лірызмам («Р.В.С.», 1926; «Школа», 1930; «Ваенная тайна», 1935; «Цімур і яго каманда», 1940, і інш.). Аўтар кінасцэнарыяў «Цімурава клятва», «Камендант снежнай крэпасці». Асобныя творы Гайдара на бел. мову перакладалі С.Грахоўскі, У.Краўчанка, М.Татур, А.Якімовіч і інш.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—3. М., 1986;
Бел.пер. — Выбр. творы. Мн., 1954.
Літ.:
Смирнова В.В. Аркадий Гайдар: Очерк жизни и творчества. 2 изд. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ДНЫ (Міхаіл) (сапр.Эпштэйн Міхаіл Сямёнавіч; 24.12.1903, г. Арцёмаўск, Украіна — 20.1.1949),
рускі паэт, перакладчык. Вучыўся ў Вышэйшым літ.-маст. ін-це імя В.Я.Брусава. Аўтар зб-каў «Палі» (1922), «Дарогі» (1925), «Вершы і песні» (1930), «Вершы пра Грамадзянскую вайну» (1932), «Песні і балады Айчыннай вайны» (1942), «З новых вершаў» (1946), тэкстаў песень «Партызан Жалязняк», «Песня пра Шчорса». На рус. мову пераклаў каля 30 твораў Я.Купалы (у т. л. паэму «Курган» і інш.), асобныя вершы А.Александровіча. На бел. мову творы Галоднага перакладалі Александровіч, П.Броўка, П.Глебка, А.Дудар, Я.Журба, А.Звонак, К.Кірэенка, В.Маракоў, П.Пестрак, М.Хведаровіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́МБАК ((Gołąbek) Юзаф) (7.6.1889, Борак Фаленцкі, цяпер у межах Кракава — 25.9.1939),
польскі філолаг-славіст. Д-р філасофіі (1914) і філалогіі (1933). Скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве (1909). З 1926 дацэнт Варшаўскага ун-та. Асн. працы: «Пан Тадэвуш» у славянскіх перакладах» (1929—31, у т. л. і пераклады на бел. мову), «Іва Войнавіч, югаслаўскі драматург» (1932), «Брацтва св. Кірылы і Мяфодзія ў Кіеве» (1935), «Сербска-лужыцкая літаратура», «Цар Максімілян (народнае відовішча на Русі)» (абедзве 1938), «Гісторыя лужыцкага народа» (1939). Грунтоўнасцю фактычнай асновы, новымі матэрыяламі вылучалася яго манаграфія «Вінцэнты Дунін-Марцінкевіч, польска-беларускі паэт» (1932). Даследаваў бел. л-ру (арт. «Пачаткі беларускай драматургіі», 1925), фальклор і этнаграфію (арт. «Беларускія дзяды», 1925).
Літ.:
Wierzyński S. Józef Gołąbek // Pamętnik literacki. 1946. Т. 36.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУ́ШКА (Васіль Міхайлавіч) (н. 15.5.1936, в. Дамантовічы Капыльскага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне с.-г. навук (тэхналогія кармоў). Чл.-кар. Акадэміі аграрных навук Беларусі (1994), д-рс.-г.н. (1992), праф. (1993). Скончыў Гродзенскі с.-г.ін-т (1960). З 1963 у Бел.НДІ жывёлагадоўлі (адначасова з 1994 у БСГА). Навук. працы па рэцэптуры высокаэфектыўных камбікармоў, бялкова-вітамінна-мінер. дабавак і прэміксаў, рацыянальных нормах кармлення свіней і буйн. раг. жывёлы, ацэнцы пажыўнасці кармоў і павышэнні іх прадукцыйнасці.
Тв.:
Рациональное использование протеина // Пути решения проблемы белка в животноводстве. Мн., 1981;
Питательность кормов: Справ. пособие. Мн., 1985 (у сааўт.);
Приготовление кормов для свиней. Мн., 1990 (разам з У.Б.Іофе, В.М.Гутманам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЎРЫЛЕ́НКА (Павел Нічыпаравіч) (28.2.1902, в. Касцюкоўка Гомельскага р-на — 4.2.1961),
бел. жывапісец. Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1930). Адзін з арганізатараў Асацыяцыі мастакоў рэвалюцыі ў Віцебску (1928—30). Яго творчай манеры ўласцівы рэаліст. яснасць, якая арганічна спалучалася з лірычным аўтарскім пачуццём, абвостраным адчуваннем праяў жыцця, гісторыі і сучаснасці, жаданнем раскрыць хараство роднай зямлі. Аўтар твораў пра гісторыка-рэв. падзеі, подзвігі бел. партызан, прац. будні горада і вёскі, партрэтаў, пейзажаў: «Будоўля» (1932), «Прарыў нямецкай абароны» (1942), «Партызаны на Палессі» (1947), «Ліпавая алея» (1948), «На партызанскім аэрадроме» (1950), «Ідзе эшалон» (1957), «Вясна» (1958), «На рыштаваннях» (1960) і інш. У 1956—61 старшыня Саюза мастакоў Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРАСІМЕ́НКА (Юрый Паўлавіч) (9.11.1948, в. Даўгінава Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 15.2.1997),
бел. графік. Скончыў Бел.тэатр.маст.Ін-т (1977). Выкладаў у Маладзечанскім муз. вучылішчы імя К.Агінскага (з 1995). Працаваў у кніжнай, станковай і абстрактнай графіцы, у жанры партрэта. Выканаў ілюстрацыі да кніг «Маўчанне травы» В.Зуёнка (1980), «Выбранае» Я.Коласа (1981), «Казкі і краскі» В.Віткі (1983), «Знак бяды» В.Быкава (1984), да «Беларускага календара» на 1992 год; серыі станковых работ «Поры года», паводле паэмы Коласа «Новая зямля» (1977), «Мае сябры» (1979), «Здані» (1980), «Кампазіцыя» (1991); партрэты Я.Коласа (1972), аўтапартрэт (1978), «Ніна» (1979), «Марыся» (1980) і інш. Яго творы вылучаюцца кампазіцыйнай і прасторавай выразнасцю, філасафічнасцю.
Г.А.Фатыхава.
Ю.Герасіменка. Ілюстрацыя да «Беларускага календара» на 1992 год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРАСІМО́ВІЧ (Пётр Мікалаевіч) (12.3.1912, в. Танежыцы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 20.4.1990),
бел. мастацтвазнавец і графік. Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1933). Выкладаў у Мазырскім пед. тэхнікуме (1933—41), у 1945—82 працаваў у Дзярж.маст. музеі Беларусі. Аўтар прац пра бел.выяўл. мастацтва, манаграфій пра мастакоў Я.А.Зайцава (М., 1958) і А.М.Тычыну (Мн., 1961). Асн. творы станковай графікі: «Год 1919», «Год 1930» (абодва 1968), «Памятай, таварыш», «Пасля навальніцы» (абодва 1970), партрэты Я.Коласа і Я.Купалы (абодва 1982).
Тв.:
Изобразительное искусство Белорусской ССР. М., 1957 (з П.П.Нікіфаравым);
Изобразительное искусство Белоруссии (з ім жа) // Искусство, рожденное Октябрем. М., 1967;
Дзяржаўны мастацкі музей БССР: [Альбом]. Мн., 1976 (з А.К.Рэсінай);