уздзеянне вынікаў функцыянавання якой-небудзь сістэмы (аб’екта) на характар гэтага функцыянавання. Характарызуе сістэмы рэгулявання і кіравання ў жывой прыродзе, грамадстве і тэхніцы, выяўляе накіраванасць узаемадзеяння пры пераносе рэчыва, энергіі, інфармацыі. Адно з паняццяў, што выкарыстоўваецца ў замкнутых сістэмах кіравання рознай фіз. прыроды (біял., тэхн., эканам., сац.), у якіх адхіленні сістэмы ад пэўнага стану служаць для фарміравання кіроўных уздзеянняў на працэс далейшага функцыянавання сістэмы. Адмоўная адваротная сувязь змяншае вынікі адхілення сістэмы ад першапачатковага стану, напр. павышае стабільнасць каэфіцыента ўзмацнення і памяншае нелінейныя скажэнні электроннага ўзмацняльніка. Дадатная адваротная сувязь звычайна прыводзіць да няўстойлівай работы сістэмы ў цэлым, выклікае лавінны працэс; выкарыстоўваецца, напр., у радыётэхніцы для стварэння аўтавагальных сістэм генератараў гарманічных і рэлаксацыйных ваганняў. У залежнасці ад характару сувязі паміж сістэмай і органам кіравання бывае бесперапынная, дыскрэтная (эпізадычная); статычная (жорсткая), дынамічная (гнуткая); лінейная або нелінейная адваротная сувязь. У складаных сістэмах (напр., у сац., біялагічных) вызначыць тып адваротнай сувязі вельмі цяжка, а то і немагчыма. Часам адваротную сувязь у такіх сістэмах разглядаюць як перадачу інфармацыі аб працяканні працэсу, на аснове якой выпрацоўваецца тое ці інш. ўздзеянне. У гэтым выпадку адваротную сувязь называюць інфармацыйнай. Прынцып адваротнай сувязі найбольш распрацаваны ў кібернетыцы, аўтаматычнага кіравання тэорыі, радыёэлектроніцы. У біял. сістэмах адваротная сувязь ажыццяўляецца ад клеткі да цэласнага арганізма. Звычайна накіравана на падтрымліванне пастаянства асн. параметраў жыццядзейнасці, рэчыўных і энергет. затрат пры ўзаемадзеянні з навакольным асяроддзем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДР МАКЕДО́НСКІ, Аляксандр III Вялікі (Alexandros ho Megas; 21.7.356 да н.э., г. Пела — 10.6.323 да н.э.),
цар Македоніі [336—323], славуты палкаводзец і дзярж. дзеяч стараж. свету. Сын Філіпа II. Выхавальнікам яго быў Арыстоцель. Упершыню вызначыўся ў бітве пры Херанеі (338). У 336—335 расправіўся з прэтэндэнтамі на трон і аднавіў макед. панаванне ў Грэцыі. У 334 — пач. 327, каб пераадолець эканам. і сац. крызіс грэч. гарадоў-дзяржаў (полісаў), здзейсніў паходы супраць перс. дзяржавы. Пасля перамог на р. Гранік (334), пры Ісе (333), Гаўгамелах (331) і інш. падпарадкаваў сабе царства Ахеменідаў, захапіўшы велізарныя багацці. У 329—328 заваяваў Сярэднюю Азію. З вясны 327 да 325 ажыццявіў інд. паход, заняў Пенджаб (бітва каля р. Гідасп у 326), імкнуўся дасягнуць даліны р. Ганг, але, змушаны войскам, вярнуўся ў заваяваны раней Вавілон, зрабіў яго сталіцай сваёй дзяржавы. Раптоўна памёр. Паходы Аляксандра Македонскага спрыялі ажыўленню гандл. абмену паміж Усходам і Захадам, станаўленню эліністычнай матэрыяльнай і духоўнай культуры (заснаваны больш за 70 гарадоў, у т. л.Александрыя, Герат, Кандагар). Створаная ім самая вялікая стараж. дзяржава (ад Балкан у Еўропе да Індыі і паўд. граніц Егіпта), пазбаўленая цесных унутр. сувязяў, развалілася пасля яго смерці. На яе тэр. ўзнік шэраг эліністычных дзяржаў.
Літ.:
Шифман И.Ш. Александр Македонский. Л., 1988;
Бойназаров Ф.А. Проблемы традиции и современности: Образ и личность Александра Македонского. М., 1990;
Маринович Л.П. Греки и Александр Македонский: К проблеме кризиса полиса. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АПАКРЫ́СІС», Апокрысіс, «Апокрисис, албо отповедъ на книжкы о съборе Берестейском...»,
помнік стараж.бел. пісьменства; твор царкоўна-палемічнай літаратуры. Апубл. ў 1597 у Вільні на польск. мове, перавыд. у 1598 у Астрозе ў перакладзе на старабел. мову. Аўтар (мяркуюць — валынскі пратэстант Марцін Бранеўскі) па даручэнні кн. Канстанціна Астрожскага выступіў у абарону нац.-рэліг. незалежнасці праваслаўных Украіны і Беларусі пасля Брэсцкай уніі 1596 і ў адказ на кнігі яе апалагетаў П.Скаргі і І.Пацея, схаваўшыся пад псеўданімам Хрыстафор Філалет. Аўтар паказаў, што царк. саюз уніяцкіх і каталіцкіх епіскапаў абумоўлены не праблемамі багаслоўскай ісціны і маралі, а імкненнем да гарантаваных матэрыяльных выгод, высокіх дзярж. пасад, рэліг. прывілеяў і паліт. правоў. У «Апакрысісе» выкарыстаны шырокі арсенал літ. і фалькл. мастацкіх сродкаў: анекдатычныя гісторыі, байкі, сатыр. бытавыя замалёўкі, трапныя прыказкі і прымаўкі, каларытныя эпітэты і параўнанні. «Апакрысіс» — яркая старонка антыуніяцкай публіцыстыкі. Ён адыграў значную ролю ў кансалідацыі ўкр. і бел. народаў у іх барацьбе за нац.-культ. самабытнасць. Раскрыўшы вострую супярэчнасць паміжфеад. вярхамі двух асн. веравызнанняў Рэчы Паспалітай, аўтар змагаўся за традыцыі і веру народа з пазіцый мясц. знаці, якая баялася, каб палітыка уніяцка-каталіцкага духавенства не прывяла дзяржаву да ўнутр.сац. і нац.-вызв. вайны. Таму ён заклікаў знаць да салідарнасці і сумесных дзеянняў.
Літ.:
Яременко П.К. Український письменник-полемист Христофор Філалет і його «Апокрисис». Львів, 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЕ́ЙСКА-МІ́НСКАЯ ВО́ДНАЯ СІСТЭ́МА,
сістэма вадасховішчаў, каналаў, гідратэхн. збудаванняў, прыродных вадаёмаў і вадацёкаў у Вілейскім, Маладзечанскім і Мінскім р-нах Мінскай вобл. Пабудавана ў 1968—76 для перакідкі вады з р. Вілія (бас. Нёмана) у р. Свіслач (бас. Дняпра) з мэтай водазабеспячэння прам-сці і камунальнай гаспадаркі Мінска і воднага добраўпарадкавання яго прыгараднай зоны. Праходзіць па Нарачана-Вілейскай нізіне і Мінскім узв. Уключае Вілейскае вадасховішча, злучальны канал даўж. 62 км з 5 помпавымі станцыямі магутнасцю да 22 м³/с кожная, якія забяспечваюць пад’ём вады на 75 м да водападзелу каля г.п. Радашковічы, вадасховішчы Заслаўскае, Крыніца, Дразды, зарэгуляваны ўчастак р. Свіслач да ўпадзення ў яе р. Волма ніжэй Мінска. У склад Вілейска-Мінскай воднай сістэмы ўваходзіць Сляпянская водная сістэма.
Злучальны канал мае 2 самацёчныя, адносна неглыбокія ўчасткі: падвадны ад Вілейскага вадасх. да 1-й помпавай станцыі і адводны ад 5-й помпавай станцыі да Заслаўскага вадасх. Астатнія 4 участкі канала паміж помпавымі станцыямі маюць глыб. ад 4—6 м у пачатку да 7—8 м і больш у канцы. Для захавання і паляпшэння навакольнага асяроддзя і выключэння забруджвання вады пры перасячэнні канала з гідрасеткай пабудаваны дзюкеры, акведукі, плаціны, вадаспускі, ліўняспускі і інш. гідратэхн. збудаванні. Адхоны і бермы ўмацаваны жвірам, на асобных участках — інж. замацаваннямі. За год перакідваецца каля 382 млн.м³ вады. Сістэма забяспечвае прам-сць Мінска тэхн. вадой і зберагае падземныя воды для пітнога водазабеспячэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНАГРА́Д (Vitis),
род раслін сям. вінаградавых. Вядома каля 70 відаў, пашыраных у Еўразіі і Амерыцы; на Беларусі 5 відаў. Вінаград культурны, або еўрапейскі (Vitis vinifera), вырошчваюць ва ўсім свеце паміж 20—40°паўн. ш. і 35—45°паўд. ш., ад 20 да 3000 м над узр. мора. Найб. плошчы ў Іспаніі, Італіі, Францыі, Азербайджане, Малдове, Украіне, Расіі. Культурны вінаград узнік ад дзікага ў працэсе працяглай эвалюцыі, натуральнага і штучнага адбору, існуе больш за 20 тыс. сартоў. Вырошчваюць таксама паўн.-амер. віды: вінаград Ізабела (Vitis labrusca), вінаград скальны (Vitis rupestris) і інш., якія часта выкарыстоўваюць у якасці філаксераўстойлівага прышчэпа; вінаград амурскі (Vitis amurensis), вінаград лісіны (Vitis vulpina) і інш. — для азелянення.
Шматгадовыя дрэвавыя ліяны з доўгімі (3—5 м) тонкімі аднагадовымі парасткамі і магутнай каранёвай сістэмай. Кветкі двухполыя або функцыянальна жаночыя, дробныя, зялёныя, сабраныя ў мяцёлчатае суквецце. Апыленне перакрыжаванае і самаапыленне. Цепла- і святлолюбівая расліна, якая не выносіць пераўвільгатнення, расце на лёгкіх урадлівых глебах, адчувальная да позніх веснавых і ранніх асенніх замаразкаў. Ва ўмовах Беларусі цвіце ў чэрв.—ліпені, ягады паспяваюць у канцы жніўня — пач. верасня. Ягады багатыя цукрамі, арган, кіслотамі, вітамінамі групы B, C, D. Выкарыстоўваюцца свежыя і на перапрацоўку (разынкі, сокі, віно і інш.), у лек. мэтах (гл.Ампелатэрапія). Найб. пашыраныя ў Беларусі сарты — Касманаўт, Паўночны ранні, Краса Поўначы, Мічурынскі. Гл. таксама Вінаградарства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́СЬМЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎрабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў.
Адбыўся ў Мінску 5—12.4.1927; 676 дэлегатаў з рашаючым і 225 з дарадчым голасам.
Парадак дня: справаздача ўрада БССР (Я.А.Адамовіч); даклады Нар. камісарыятаў земляробства (Дз.Ф.Прышчэпаў) і асветы (А.В.Баліцкі); аб становішчы і буд-ве гарадоў (М.М.Карклін); аб прам-сці (С.В.Карп); Канстытуцыя БССР (М.А.Сегаль); выбары ЦВКБССР і чл. Савета Нацыянальнасцей ЦВКСССР.
З’езд прайшоў пад сцягам пацвярджэння таго, што БССР з’яўляецца неад’емнай часткай Сав. Саюза, хоць у прынятай на з’ездзе Канстытуцыі меліся дэкларатыўныя палажэнні пра незалежнасць БССР; ухваліў дзейнасць урада БССР у справе гасп. і культ.буд-ва, зацвердзіў пастановы ЦВК і СНК аб далучэнні да БССР Гомельскага і Рэчыцкага пав. Указвалася на неабходнасць спрашчэння кіравання прам-сцю, пашырэння правоў прадпрыемстваў. У галіне нар. адукацыі адзначаліся станоўчыя вынікі пачатага ў 1925/26 10-гадовага плана ўвядзення ўсеаг. абавязковага навучання. З’езд прыняў Канстытуцыю Беларускай ССР 1927. Былі зацверджаны найвышэйшая ўлада ў БССР — Усебел. з’езд Саветаў, а паміж з’ездамі — ЦВК Саветаў БССР, дзярж. герб, сцяг, сталіца рэспублікі. З’езд выбраў ЦВКБССР у складзе 230 чл. і 74 канд., а таксама 5 чл. і 3 канд. ў Савет Нацыянальнасцей ЦВКСССР. Старшынёй ЦВКБССР перавыбраны А.Р.Чарвякоў, старшынёй СНКБССР — Я.А.Адамовіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЫЗВАЛЕ́ННЕ ПРА́ЦЫ», Група «Вызваленне працы»,
першая руская с.-д.арг-цыя. Існавала ў 1883—1903. Створана ў Жэневе Г.В.Пляханавым, В.А.Засуліч, П.Б.Аксельродам, Л.Р.Дэйчам, В.М.Ігнатавым. Мела на мэце пераклад на рус. мову, выданне і распаўсюджванне твораў К.Маркса і Ф.Энгельса, крытыку тэарэт. асноў народніцтва і інш. У 1883—85 выпрацавала праект праграмы рас. сацыял-дэмакратаў, у якім канчатковай мэтай лічыла захоп паліт. улады і ажыццяўленне камуніст. рэвалюцыі, а бліжэйшай — звяржэнне самадзяржаўя і заваёву дэмакр. канстытуцыі. Устанавіла сувязі з многімі с.-д. арг-цыямі ў Расіі, з Пецярбургскім «Саюзам барацьбы за вызваленне рабочага класа» і інш.
Група «Вызваленне працы» мела цесныя сувязі з рэвалюцыянерамі Беларусі і зрабіла на іх значны ўплыў, садзейнічала іх пераходу на ідэйныя пазіцыі марксізму. Члены мінскай групы «Чорны перадзел» І.Н.Гецаў, С.Л.Ляўкоў, С.Л.Грынфест працавалі ў друкарні, удзельнічалі ў дапрацоўцы праграмы, дастаўцы ў Расію марксісцкіх выданняў. Выданні групы атрымлівалі бел. народнікі, якія друкавалі ў Пецярбургу час. «Гомон», а таксама «Гурток моладзі польска-літоўскай, беларускай і маларускай» і пецярб. «Рабочы саюз» (Бруснева група), восенню 1892 яе ўзначальваў беларус М.В.Алюшкевіч.
Група «Вызваленне працы» ўдзельнічала ў падрыхтоўцы II з’езда РСДРП (1903), на якім узмацніліся рознагалоссі паміж У.І.Леніным і Пляханавым і РСДРП раскалолася на бальшавікоў і меншавікоў, а «Вызваленне працы» перастала існаваць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫМЯРЭ́ННЕ,
знаходжанне лікавых значэнняў пэўнай фіз. велічыні з дапамогай вымяральных прылад, інструментаў і інш. сродкаў вымяральнай тэхнікі. Ажыццяўляецца ў прынятых адзінках фізічных велічынь, звычайна з улікам хібнасці вымярэнняў. Адрозніваюць прамое вымярэнне, пры якім значэнне велічыні знаходзяць непасрэдна з паказанняў прылад (вымярэнне ціску манометрам, тэмпературы — тэрмометрам, масы — вагамі, даўжыні — лінейкай і г.д.), і ўскоснае, пры якім значэнне велічыні знаходзяць з вядомай залежнасці паміж ёю і іншымі велічынямі, што вымяраюцца непасрэдна (напр., знаходжанне плошчы на аснове прамога вымярэння лінейных памераў, шчыльнасці цела па яго масе і геам. памерах). Бываюць таксама сумесныя вымярэнні (прамыя і ўскосныя), пры якіх адначасова вымяраюць некалькі аднайменных і разнайменных велічынь.
У залежнасці ад аб’ектаў бываюць лінейныя вымярэнні, механічныя вымярэнні, радыяцыйныя вымярэнні, электрычныя (гл.Электравымяральныя прылады) і інш. Пашыраны дыстанцыйныя вымярэнні (гл. таксама Тэлеметрыя), укараняюцца аўтаматызаваныя інфармацыйна-вымяральныя сістэмы. Пры вымярэнні выкарыстоўваюцца дыферэнцыяльны, кампенсацыйны, нулявы, страбаскапічны метады вымярэння (гл. адпаведныя арт.), рабочыя сродкі вымярэнняў і ўзорныя сродкі вымярэнняў. Адзінства вымярэнняў забяспечвае метралагічная служба, якая захоўвае эталоны адзінак і выконвае праверку сродкаў вымярэння. На Беларусі найб. пашыраны лінейна-вуглавыя і мех. вымярэнні (машынабуд. прам-сць, с.-г. машынабудаванне), радыёвымярэнні (радыёэлектронная прам-сць), фіз.-хім. вымярэнні (хім.прам-сць), цеплатэхн., эл., магн., аптычная і інш. Дзейнічае Дзярж. камітэт па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі СМ Рэспублікі Беларусь. Гл. таксама Метралогія.
А.Р.Архіпенка, У.М.Сацута.
Да арт.Вымярэнне. Структурная схема аўтаматызаванай інфармацыйна-вымяральнай сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІЯ АЗЁРЫ (Great Lakes),
група вял. азёр ва ўсх. частцы Паўн. Амерыкі, у ЗША і Канадзе. Уключае азёры: Верхняе возера, Гурон, Мічыган, Эры, Антарыо. Агульная пл. 245,2 тыс.км²; аб’ём вады 22,7 тыс.км³; самая вял. колькасць прэснай вады на Зямлі. Сцёк па р.Св. Лаўрэнція ў Атлантычны акіян.
Катлавіны Вялікіх азёр тэктанічнага (Верхняе возера і Гурон) і ледавіковага паходжання. Паўн. берагі часта скалістыя, абрывістыя, паўд.-ўсх. — пераважна нізкія, гліністыя і пясчаныя. Шмат астравоў. Вялікія азёры размешчаны прыступкамі, злучаны паміж сабой кароткімі парожыстымі мнагаводнымі рэкамі. Рака Ніягара, якая злучае азёры Эры і Антарыо, утварае Ніягарскі вадаспад. З воз. Антарыо выцякае р.Св. Лаўрэнція. Сярэднія т-ры вады на паверхні ў студз. ад 0 °C у паўд. частцы да -5 °C на Пн, ліп. адпаведна ад 20 да 14 °C. Са снеж да сак. — красавіка прыбярэжныя воды Вялікіх азёр укрыты лёдам. Інтэнсіўнае суднаходства. Рыбалоўства. Звязаны суднаходнымі каналамі з р. Гудзон і сістэмай Місісіпі. Шлюзавыя каналы ўтварылі водны шлях для марскіх суднаў даўж. каля 3000 км (у абход парогаў на р. Сент-Мэрыс, канал Су-Сент-Мары і Ніягарскага вадаспада — канал Уэленд).
Да пач. 1970-х г. Вялікія азёры былі значна забруджаны прамысл. сцёкамі. У выніку правядзення спец. праграм адноўлены флора і фауна, палепшылася якасць вады. Гал. парты — Дулут, Мілуокі, Чыкага, Дэтройт, Таліда, Кліўленд, Эры, Буфала (ЗША), Тандэр-Бей, Су-Сент-Мары, Таронта (Канада).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НГУЦКІ БОЙ 1714,
баявыя дзеянні на Балт. моры каля п-ва Гангут (цяпер Ханка) паміжрас. і швед. флатамі 7.8.1714 у Паўночную вайну 1700—21. Летам 1714 рас. вёславы (галерны) флот (99 галер і скампавей, 15 тыс.чал. дэсанта) пад камандаваннем ген.-адм. Ф.М.Апраксіна, накіраваны з Кранштата для ўзмацнення гарнізона ў г. Аба (сучасны Турку, Фінляндыя), сустрэў каля ўсх. ўзбярэжжа Гангута швед. флот (15 лінейных і 2 бамбардзірскія караблі, 3 фрэгаты, атрад вёславых суднаў) на чале з віцэ-адм. Г.Ватрангам. Бакі занялі баявыя пазіцыі. 7 жн.рас. авангард з 23 скампавей (усяго каля 3500 чал., 160 гармат) на чале з ген.-лейт. А.А.Вейдэ (фактычна кіраваў Пётр I) каля 15 гадз атакаваў атрад швед. контр-адм. Н.Эрэншэльда (1 фрэгат, 6 галер і 3 шхерботы; каля 900 чал., 116 гармат) і ў выніку жорсткага абардажнага бою авалодаў швед. караблямі. 8 жн. эскадра Ватранга пакінула Гангут і пайшла да Аландскіх а-воў. Шведы страцілі 10 караблёў, 711 чал. забітымі і параненымі, 237 палоннымі (у т. л. Эрэншэльд), расіяне — 1 галеру і 456 чалавек. Гангуцкі бой быў першай буйной перамогай маладога рас. флоту. Усе яго ўдзельнікі ўзнаг.спец. медалямі, цар атрымаў званне віцэ-адмірала. У гонар рас. маракоў, што загінулі, у 1871 у Рылакс-фіёрдзе пастаўлены помнік.
Літ.:
Филимошин М. Первая победа русского регулярного флота // Военно-ист. журн. 1984. № 8.