парадак сумчатых грыбоў з групы парадкаў дыскаміцэтаў. Каля 250 відаў з 60 родаў. Пашыраны ўсюды. Пераважна сапратрофы. На Беларусі каля 110 відаў з 37 родаў: кудонія, ланхелула, корыне, булгарыя, гелоцый і інш. Жывуць на апалым лісці, адмерлых раслінных рэштках. Паразітныя віды выклікаюць хваробы раслін (напр., віды з роду склератынія).
Пладовыя целы (апатэцыі) выш. і дыям. ад 0,02 мм да 2—3 см, кубка-, сподкападобныя, часам на ножцы, мясістыя ці храсткаватыя, скурыстай або рогападобнай кансістэнцыі. Споры шматклетачныя, з гладкай абалонкай, часта афарбаваныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАКРЭА́ЛЬНЫЯ (Hypocreales),
парадак грыбоў з класа аксаміцэтаў. Вядома больш за 1000 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, пераважна ва ўмеранай зоне і тропіках. На Беларусі каля 50 відаў з родаў нектрыя, гіпакрэя, мікранектрыела, фузарыум і інш. Сапратрофы і паразіты. Выклікаюць хваробы раслін.
Пладовыя целы (перытэцыі) мяккія, мясістыя, светлыя або ярка афарбаваныя, утвараюцца на паверхні або ўнутры субстрату. Сумкі цыліндрычныя, булавападобныя. Аскаспоры рознай формы і памераў, аднаклетачныя, з перагародкамі. У цыкле развіцця часта ёсць канідыяльная стадыя, якая адыгрывае вял. ролю ў пашырэнні відаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАБІГЕРЫ́НАВЫ МУЛ, фарамініферавы мул,
акіянскі і марскі асадак, які складаецца пераважна з ракавін планктонных фарамініфер і іх абломкаў. Звычайна да глабігерынавага мула адносяць асадкі, у якіх больш за 30% (іншы раз да 99%) вуглякіслага кальцыю CaCO3, паводле памеру зерняў — ад пяскоў да тонкіх мулаў. Афарбоўка светлая, часта амаль белая. Глабігерынавы мул укрывае больш як 1/3 плошчы Сусв. акіяна. Асабліва пашыраны ў трапічных і субтрапічных шыротах, у адкрытых частках акіянаў і буйных мораў, на глыбінях ад некалькіх соцень да 5 тыс. метраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕЯСПО́РЫЙ (Gloeosporium),
род недасканалых грыбоў сям. меланконіевых. Вядома каля 70 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Паўн. Амерыцы, Індыі. На Беларусі глеяспорый парэчкавы (G. ribis) паразітуе на лісці парэчак, глеяспорый пладовы (G. fructigenum) — на семечкавых і костачкавых пладовых культурах, глеяспорый канюшынавы (G. trifoliorum) — на канюшыне.
Канідыяносцы кароткія, цыліндрычныя, палачкападобныя, аднаклетачныя, часта ад канічных да іголкападобных, сабраныя разам на плоскім або злёгку пукатым, светла- ці цёмна-бурым ложы (спляценне грыбных гіфаў). Канідыі бясколерныя, аднаклетачныя, выходзяць на паверхню склееныя сліззю. У цыкле развіцця адзначаны сумчатыя стадыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́БЕН (ням. Graben літар. роў),
выцягнуты ўчастак зямной кары, абмежаваны разрыўнымі пашырэннямі ў выглядзе скідаў (часцей) або ўскідванняў і апушчаны адносна навакольнай паверхні. Бываюць простыя і ступеньчатыя. Утвараюцца пры расцяжэннях зямной кары ў працэсе апускання або ўзняцця яе блокаў. Марфалагічна буйныя грабены часта маюць выгляд апушчэнняў, запоўненых вадой (Байкальскі і Усходне-афрыканскі грабены). Выцягнутыя грабены на некалькі соцень кіламетраў належаць пераважна да рыфтаў. На Беларусі да стараж. (познадэвонскіх) грабенаў належыць Прыпяцкі — частка палеарыфтавай Прыпяцка-Данецкай сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАФАМІ́Н, 3,4-дыоксіфенілэтыламін,
медыятар нерв. сістэмы з групы катэхоламінаў, нейрагармон, C6H3(OH)2CH2CH2(NH2). У многіх беспазваночных нейроны, якія выкарыстоўваюць Д. як медыятар (дафамінэргічныя), часта канцэнтруюцца ў перыферычных чуллівых утварэннях, у больш высокаарганізаваных прадстаўнікоў уключаюцца ў склад цэнтр. гангліяў (інтэрнейроны). Дафамінэргічныя нейроны пазваночных утвараюць некалькі скопішчаў, пераважна ў сярэднім мозгу і гіпаталамусе, ёсць у нюхальных цыбулінах і сятчатцы. Д. — прадуцэнт храмафінных клетак, радзей — клетак іншага паходжання (напр., клеткі злучальнай тканкі ў жвачных). Функцыя Д. ў міжклетачных узаемадзеяннях ажыццяўляецца праз дафамінавыя рэцэптары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ЛЬТА (назва ад абрысу вял. літары грэч. алфавіта Δ дэльта),
нізіна ў вусці ракі, складзеная рачнымі наносамі і парэзаная сеткай рукавоў і праток. Утвараецца ў выніку ўзаемадзеяння рачнога сцёку, хвалявання мора, прыліваў і згонна-нагонных цячэнняў, нарастае ад некалькіх метраў да соцень метраў за год. Адрозніваюць Д. трохвугольныя (р. Ніл), лопасцевыя (р. Місісіпі), дугападобныя (р. Лена), дзюбападобныя (р. Тыбр), запоўненыя (р. Кубань), высунутыя (р. Волга) і інш. Д. часта займаюць вял. плошчы (Амазонкі — 100 тыс.км², Волгі — 13 тыс.км²).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬВА́РЫЯ (ад лац. calva чэрап),
у католікаў Беларусі, Літвы і Польшчы святое месца, куды збіраліся натоўпы набожных, хворых, калек, старцаў на пакаянне. Пачалі засноўвацца як апорныя пункты каталіцызму ў 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. на ўзгорках і ў лесе, часта на месцах б. язычніцкіх капішчаў. Найстарэйшая К. каля Вільні вядома з 1564. У цэнтры К. звычайна ставілі капліцу, будавалі касцёл або кляштар. К. былі ў Мінскім, Барысаўскім, Вілейскім і інш. паветах. У Мінску пад гэтай назвай захаваліся могілкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁГКІЯ МІНЕРА́ЛЫ,
пародаўтваральныя мінералы са шчыльн. менш за 2,75—2,89 кг/м³. Прадстаўлены пераважна сілікатамі і аксідамі, часта светлага колеру. Найб. пашыраны палявыя шпаты (складаюць 50% аб’ёму літасферы) і кварц (да 12% аб’ёму літасферы); менш пашыраны кальцыт, слюды, хларыты, глаўканіты; рэдка трапляюцца вівіяніт, вулканічнае шкло, цэаліты і інш. Падзяляюцца на алатыгенныя (прынесеныя з інш. месцаў) і аўтыгенныя мінералы. Глаўканіт, біятыт, хларыт (шчыльн. 2,2—3,3 кг/м³) — прамежкавыя мінералы (належаць і да лёгкіх, і да цяжкіх мінералаў). Гл. таксама Мінералы.