ПАХО́ДЫ ВІ́ТАЎТА НА СМАЛЕ́НСК 1395—1404,

ваенныя паходы супраць Смаленскага княства з мэтай далучэння яго да ВКЛ. Спробы падпарадкаваць смаленскія землі рабіў Альгерд (1356, 1375). У 1386 пасля разгрому смалян войскамі ВКЛ каля Мсціслава (гл. Мсціслаўская бітва 1386) Ягайла пасадзіў у Смаленску сына загінуўшага ў бітве кн. Святаслава — Юрыя і прымусіў яго ў 1387 прынесці васальную прысягу. Пасля прыходу да ўлады ў ВКЛ Вітаўта Юрый, абапіраючыся на падтрымку Разанскага княства, вырашыў кіраваць самастойна. У 1395 Вітаўт заняў Смаленск і пасадзіў там сваіх намеснікаў — Якава Ямантавіча і Васіля Барэйкавіча. Пасля паражэння Вітаўта ў бітве на Ворскле 1399, Юрый з дапамогай разанскага кн. Алега і паўстаўшых гараджан вярнуў Смаленск. У 1401, 1402, 1403 Вітаўт рабіў няўдалыя спробы вярнуць горад. Пасля смерці разанскага кн. Алега (1402) прыхільнікі Вітаўта спрабавалі ўзняць у княстве мяцеж, але поспеху не мелі. У 1404 пры падтрымцы Ягайлы і нейтралітэце Маск. дзяржавы Вітаўт уключыў Смаленскае княства ў склад ВКЛ. Паводле сведчання «Хронікі літоўскай і жамойцкай», «Вітаўт... вінных усіх... пазабіваў да трох тысяч, і, абы ў Смаленску не было больш ужо бунтаў, з княства абярнуў ужо ў ваяводства». Уваходжанне смаленскіх зямель у склад ВКЛ не прынесла значных змен у іх грамадскае і эканам. жыццё, яны захавалі сваю аўтаномію, прывілеі і культ. традыцыі.

Літ.:

Ластовский Г. Смоленск и Великое княжество Литовское в XIII—XVI вв. // Край Смоленский. 1993. № 7/8.

т. 12, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫ ТЭА́ТР,

від народнай творчасці. Бытуе ў формах, створаных самім народам, арганічна звязаны з усім комплексам яго культуры. Для Н.т. характэрна пераемнасць і ўстойлівасць маст. традыцый, якія складваліся ў працэсе гіст. развіцця нар. эстэт. прынцыпаў, творчых навыкаў і прыёмаў выканання і перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Н.т. не меў спец. сцэны і дэкарацый, яго паказы вызначаліся адкрытай умоўнасцю ўсіх маст.-выяўл. кампанентаў, даходлівасцю і непасрэднасцю кантакту з гледачамі. Гэта адпавядала асаблівасцям выканальніцтва нар. артыстаў (імправізацыйнасць, падкрэсленыя рухі і жэсты, фарсіраваны гук, прыёмы буфанады і гратэску і інш.). У Н.т. вылучаюцца т-р жывога акцёра і лялечны.

Вытокі Н.т. ў стараж.-егіп. рэліг. рытуальных прадстаўленнях, у стараж.-грэч. абрадавых гульнях у гонар бога Дыяніса, культавых рытуалах, у якіх прысутнічалі элементы ігравога дзеяння і тэатр. пераўвасаблення. З прыходам хрысціянства язычніцкія абрады страцілі свой магічны сэнс і садзейнічалі развіццю Н.т. У розныя часы вылучыліся спецыялісты тэатр. справы — мімы (Стараж. Грэцыя), жанглёры, шпільманы (Зах. Еўропа), скамарохі (у некат. слав. народаў). Выступленні акцёраў найчасцей мелі вандроўны характар, яны будаваліся на аснове сцэнарыяў, якія давалі вял. магчымасці для імправізацыі. Акцёры Н.т. часта звярталіся да пантамімы. Майстэрства акцёра спалучала гімнастыку, спевы, танец, музыку, цырк. мастацтва (фокусы і дрэсіроўка), мастацтва лялечнага т-ра, які часта наз. па імю героя прадстаўлення; Пятрушка (Расія), Панч (Англія), Пульчынела (Італія), Кашпарак (Чэхія). Да Н.т. адносяць таксама балаганныя прадстаўленні і т.зв. раёк (паказ рухомых карцінак у суправаджэнні драматызаванага тэксту). Традыцыйнасць выканання вызначыла ўзнікненне ў многіх краінах асаблівага тыпу тэатр. прадстаўленняў — т. зв. традыцыйны тэатр. У краінах Азіі са стараж. часоў былі пашыраны нар. танцавальна-пантамімічныя муз. прадстаўленні. На іх аснове сфарміраваўся традыц. т-р Інданезіі (ваянг, тапенг і інш.), Шры-Ланкі (калам), Індыі (катхакалі і інш.), Японіі (кабукі, но) і інш. У Еўропе нар. акцёры значна паўплывалі на рэліг.-драм. прадстаўленні (сярэдневяковую містэрыю). Пранікненне камед.-быт. элементаў у паказы містэрый садзейнічала фарміраванню фарса. Традыцыі фарса і карнавала падрыхтавалі з’яўленне камедыі дэль артэ. Традыцыі Н.т. распрацоўвалі буйнейшыя драматургі і акцёры.

Вытокі бел. Н.т. ў стараж. паляўнічых і земляробчых абрадавых гульнях, культавых рытуалах, дзе зараджаліся элементы гульнявога дзеяння і тэатр. пераўвасаблення. Абрады, што ўзніклі ў часы язычніцтва, паступова страчвалі сваю магічную аснову. Працэс абміршчэння абрадаў і павелічэнне іх драм.-ігравога пачатку прывёў да адносна самаст. развіцця драм. тэатр. момантаў, якія набылі выразную эстэт. функцыю. Элементы тэатралізаванага дзеяння ёсць у многіх каляндарных (Каляды, Купалле і інш.), сямейна-бытавых (вяселле і інш.) абрадах, карагодах, карагодных танцах і гульнях. Сцэнарый вяселля меў кампазіцыйна-структурную будову, аналагічную драме: завязку, кульмінацыю і развязку, падзел на асобныя сцэны і эпізоды, пэўныя ролі, выпрацаваныя і замацаваныя абрадавай традыцыяй. Каляды мелі характар своеасаблівага карнавалу: хадзілі гурты калядоўшчыкаў са звяздой, вадзілі «казу», «кабылу», «мядзведзя», «жорава», пазней адбываліся паказы батлейкі, народнай драмы. Выканаўцы пераапраналіся, карысталіся маскамі, своеасаблівым грымам, рэквізітам. Персанажы з калядных гульняў і прынцыпы іх абмалёўкі, кампазіцыйныя і выканальніцкія прыёмы, асобныя сцэны развіліся ў больш складаныя формы Н.т. У карагодах арганічна спалучаліся песня, танец і драматызаванае дзеянне, тэатралізацыя ў іх узнікла на аснове песеннага сюжэту. Паступова з карагода вылучаліся выканаўцы роляў, паміж імі і карагодным хорам вёўся песенны дыялог. Эвалюцыя абрадавай сістэмы, куды ўваходзілі раней і розныя формы творчасці, стварыла перадумовы гіст.-ранняга вылучэння з яго нар. ігрышчаў, якія спалучалі ў сабе песеннае, харэаграфічнае і тэатр. мастацтвы і тэатралізаваныя паказы: хаджэнні пераапранутых, гульнявы паказ вяселля («Жаніцьба Цярэшкі», «Жаніцьба бахара»), гульні («Яшчур», «Халімон» і інш.). Развітую сюжэтную аснову мелі таксама шматлікія пазаабрадавыя гульні («Старыца», «Кавалі», «Злыдні» і інш.). Значную ролю ў развіцці разнастайных форм Н.т. адыгралі аселыя скамарохі — нязменныя ўдзельнікі нар. свят і ігрышчаў. Іх мастацтва садзейнічала далейшай тэатралізацыі абрадаў і гульняў, прыкметна ўплывала на характар дзейнасці нар. музыкантаў, казачнікаў і інш. выканаўцаў. У станаўленні нар. форм тэатр. прадстаўленняў значны ўклад зрабілі вандроўныя прафес. скамарохі, сярод якіх асаблівай папулярнасцю на Беларусі карысталіся павадыры мядзведзяў (гл. «Мядзведжыя пацехі», «Смаргонская акадэмія»), музыкі, лірнікі, выканаўцы драм сцэнак. Н.т. развіваўся як т-р жывога акцёра і т-р лялек (батлейка). Найб. яскрава і пераканаўча ў батлейкавым т-ры нац. маст. традыцыя выявілася ў малых формах нар. драмы, у невял. камедыйных сцэнах (інтэрмедыях). Некаторыя сцэны з рэпертуару батлейкі ў канцы 19 — пач. 20 ст. выконвалі жывыя акцёры, такія паказы наз. жывой батлейкай. У батлейцы канчаткова аформілася нар. драма. У паказах батлейкі і нар. драмы знайшлі сваё ўвасабленне найб. развітыя формы нар. тэатр. творчасці. Элементы Н.т. ў пач. 20 ст. выкарыстоўваліся аматарскімі гурткамі, якія наладжвалі беларускія вечарынкі, і прафес. т-рамі І.​Буйніцкага, У.​Галубка. Спектаклі трупы Буйніцкага захоўвалі сувязь з нар. ігрышчамі: разам з пастаноўкамі драм. твораў уключалі выкананне нар. песень і танцаў, дэкламацыю. Традыцыі батлейкі і нар. драмы адраджаюцца ў асобных пастаноўках студэнтаў Бел. АМ, Мінскага нар. т-ра БДУ і інш. нар. тэатраў.

Літ.:

Народны тэатр. Мн., 1983;

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Мн., 1983.

М.​А.​Каладзінскі.

т. 11, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРГІ́ЛІЙ, Публій Вергілій Марон (Publius Vergilius Maro; 15.10.70 да н. э., Андэс, каля г. Мантуя, Італія — 21.9.19 да н. э.),

рымскі паэт. Вывучаў рыторыку і філасофію ў Крэмоне, Мілане, Рыме. Пазней жыў у Неапалі. Паэт. славу яму прынёс зб. «Буколікі» («Пастухоўскія песні», 42—38 да н. э.) — 10 эклог (асобных вершаў), цесна звязаных з тагачаснай рэчаіснасцю, у якіх ідэалізуецца вясковае жыццё (гл. Букалічная паэзія). Прароцтва пра нараджэнне божага дзіцяці і пачатак залатога веку (4-я эклога) хрысціянскае сярэднявечча прызнала за прадбачанне нараджэння Хрыста, за што вельмі шанавала Вергілія. У дыдактычнай паэме «Георгікі» («Земляробскія вершы», кн. 1—4; 36—29 да н. э.) вёску разглядаў як апору дзяржавы. Гераічная паэма ў 12 кнігах «Энеіда» (29—19 да н. э.) стала нац. эпасам. Створаная з арыентацыяй на Гамера, яна распрацоўвала сюжэт пра міфічнага заснавальніка Рым. дзяржавы траянца Энея, усхваляла Рым і рым. народ. З ранняга Адраджэння творчасць Вергілія рабіла выключны ўплыў на еўрап. л-ры, у т. л. на лацінамоўную паэзію Беларусі — героіка-эпічныя творы Я.​Вісліцкага («Пруская вайна», 1516), М.​Гусоўскага («Песня пра зубра», 1523). Паэт і філосаф 17 ст. М.​Сарбеўскі напісаў трактаты «Аб паэзіі дасканалай, або Вергілій і Гамер» (апубл. 1954). Да багатай традыцыі парадыйнай інтэрпрэтацыі сюжэтных матываў «Энеіды» далучылася і беларуская «Энеіда навыварат». У 1909 у Мінску выдадзены «Скандоўнік да «Энеіды» — дапаможнік для правільнага чытання лацінскіх вершаў.

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. СПб., 1994.

Літ.:

Полонская К.П. Римские поэты эпохи принципата Августа. М., 1963. С. 13—46.

С.​Дз.​Малюковіч.

Вергілій.

т. 4, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАКА́ЛЬНАЯ МУ́ЗЫКА,

музыка для спеваў; галіна муз. мастацтва, у якой асн. сэнсавая нагрузка ўскладаецца на пеўчы голас. Вакальная музыка (акрамя вакалізу) звязана з літ. тэкстам і таму адносіцца да жанру праграмнай музыкі. Спецыфіка вакальнай музыкі ў тым, што вак. мелас нараджаецца ў выніку цеснага ўзаемадзеяння моўнай прасодыі з уласна музычнай інтанацыяй. У стараж. формах фальклору гэтая сувязь мела сінкрэтычны характар, пасля падзелу паэзіі і музыкі на самаст. віды мастацтва — сінтэтычны. Вакальная музыка можа быць з інстр. і аркестравым суправаджэннем і без яго (а капэла). Ахоплівае камерна-вак. творы для аднаго, 2 ці 3 галасоў (песня, раманс, вак. дуэт, трыо, вак. цыкл і інш.), ансамбля ці хору (хар. мініяцюра, паэма, канцэрт), буйныя творы для хору з арк. (кантата, араторыя, вакальна-сімфанічная паэма), сцэн. творы (опера, аперэта, мюзікл). З даўніх часоў вакальная музыка выкарыстоўваецца ў рэліг. кульце. Песнапенні складаюць асн. частку богаслужэнняў правасл. царквы (літургія, усяночная, паніхіда) і каталіцкай (меса, рэквіем; гл. Царкоўная музыка). На Беларусі традыцыі вак. свецкай харавой музыкі закладзены ў канцы 15 ст. ў кантах і псальмах. Вакальная музыка займала значнае месца ў творчасці многіх пакаленняў бел. кампазітараў. У 1980—90-я г. бел. кампазітары распрацоўваюць новыя, раней амаль не ўласцівыя нац. муз. мастацтву жанры вакальнай музыкі: духоўны хар. канцэрт (Л.​Шлег, А.​Бандарэнка), літургія (А.​Залётнеў, С.​Бельцюкоў), меса (А.​Літвіноўскі), вак. сімфонія (А.​Мдывані, А.​Сонін, В.​Войцік). Вакальная музыка розных жанраў прадстаўлена і творамі кампазітараў бел. замежжа (М.​Равенскі, М.​Шчаглоў, Э.​Зубковіч і інш.).

Э.​А.​Алейнікава.

т. 3, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ ШКО́ЛА ДО́ЙЛІДСТВА,

самабытная арх. школа, што склалася ў драўляным грамадз. і культавым дойлідстве Віцебска ў 17—18 ст. Сфарміравалася пад уплывам Адраджэння, у 18 ст. развівалася пад уплывам стылю барока.

Спецыфічная рыса школы — ярусныя кампазіцыі, дзе кожны аб’ём быў самаст. арх. адзінкай і адначасова падпарадкоўваўся агульнай кампазіцыі будынка. Першапачаткова традыцыі школы склаліся ў абарончым буд-ве — сцены ў выглядзе гародняў, раскаты, вежы і інш. Асн. тыпы вежаў — прамавугольныя і васьмігранныя («круглікі»); у залежнасці ад функцый — вежы-брамы і глухія вежы. Замкавыя пабудовы (Верхні, Ніжні, Узгорскі замкі, гл. ў арт. Віцебскія замкі) фарміравалі адзіную структуру, суцэльную горадабуд. сістэму. Дынамічную асіметрыю мелі палацавыя будынкі 1-й пал. 17 ст. — дамы Горскага, Шапкіна, Віцебскі палац Агінскага. Да помнікаў Віцебскай школы дойлідства належаць грамадз. пабудовы — будынак прыказа, двор ваяводы, Віцебская ратуша з Віцебскім гасціным дваром. Культавыя будынкі мелі спецыфічныя рысы аб’ёмнапланіровачнай кампазіцыі, якія набліжалі іх да рус. і ўкр. архітэктуры. Яны ўяўлялі сабой ярусныя кампазіцыі, якія аб’ядноўвалі некалькі аб’ёмаў у адзіны суцэльны ансамбль; крыжова-цэнтрычныя храмы ўключалі 4—5 зрубаў, размешчаных вакол цэнтральнага, а таксама званіцу на гал. фасадзе (Віцебская Троіцкая царква на Пескаватыку), мелі галерэі, якія апяразвалі па перыметры ўвесь будынак або размяшчаліся з боку бабінца (Віцебская Троіцкая царква Маркава манастыра). Помнікі Віцебскай школы дойлідства не захаваліся, вядомыя паводле абмераў, замалёвак, фотаздымкаў 19 — пач. 20 ст.

Літ.:

Чарняўская Т.І. Архітэктура Віцебска: З гісторыі планіроўкі і забудовы горада. Мн., 1980.

Г.​А.​Лаўрэцкі.

т. 4, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРГАМЫ́ЖСКІ (Аляксандр Сяргеевіч) (17.2.1813, с. Троіцкае Тульскай вобл., Расія — 17.1.1869),

рускі кампазітар; адзін з заснавальнікаў рус. класічнай муз. школы (разам з М.Глінкам). Атрымаў рознабаковую (у т. л. муз.) хатнюю адукацыю. Паслядоўнік Глінкі, самабытна развіваў яго традыцыі. Верны асн. прынцыпам народнасці, нац. характэрнасці музыкі, Д. праклаў новыя шляхі ў рус. муз. мастацтве, абнавіў прыёмы і сродкі муз. выразнасці. Яго найб. вядомы твор — опера «Русалка» (1856) знаменавала нараджэнне новага жанру — нар.-бытавой псіхал. муз. драмы. На аснове меладызаванага рэчытатыву, блізкага да жывых інтанацый гаворкі, стварыў тып рэчытатыўнай оперы («Каменны госць» на тэкст А.​Пушкіна; скончана Ц.​Кюі і М.​Рымскім-Корсакавым, 1872). Д. ўпершыню ўвасобіў у музыцы тэму сац. няроўнасці, узбагаціў жанры вак. лірыкі: рамансы «Я вас любіў», «Вяселле», «Начны зефір», «І сумна, і нудна», песня «Млынар», драм. песня «Стары капрал», сатыр.-камічныя песні «Чарвяк», «Тытулярны саветнік». З інш. твораў: опера «Эсмеральда» (1847), опера-балет «Трыумф Вакха» (1848); для аркестра: жарт-фантазія «Баба-яга, або 3 Волгі nach Riga» (1862), «Маларасійскі казачок» (1864), «Чухонская фантазія» (1867). Д. акрэсліў новыя шляхі ў оперным і камерна-вак. жанрах, якія вядуць да творчасці М.​Мусаргскага, П.​Чайкоўскага і інш. рус. кампазітараў.

Літ. тв.: Избр. письма. Вып. 1. М., 1952.

Літ.:

Пекелис М. Даргомыжский и народная песня. М.; Л., 1951;

Яго ж. А.​С.​Даргомыжский и его окружение. Т. 1—3. М., 1966—83;

Скудина Г. Даргомыжский — восхождение к правде // Муз. жизнь. 1984. № 5.

Н.​М.​Юдзеніч.

А.С.Даргамыжскі.

т. 6, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІ́НГШПІЛЬ (ням. Singspiel ад singen спяваць + Spiel гульня),

нямецкая і аўстр. разнавіднасці камічнай оперы, дзе муз. нумары чаргуюцца з размоўнымі дыялогамі. Паўн.-ням. З. склаўся ў 18 ст. пад уплывам англ. баладнай оперы. Напачатку гэта быў драм. спектакль з муз. ўстаўкамі нар.-песеннага характару. Развіццё яго звязана з творчасцю кампазітара І.​А.​Хілера («Лотхен пры двары», 1767; «Паляванне», 1770) і паэта Х.​Вейсе. Сярод інш. аўтараў ням. З. — Й.​А.​Бенда, К.​Г.​Нефе, І.​Ф.​Рэйхард. Тэксты для З. пісаў І.​В.​Гётэ. Станаўленне аўстр. З. звязана з уплывам італьян. камедыі дэль артэ, франц. камічнай оперы і найбольш з традыцыямі нар. аўстр. імправізацыйнай камедыі, у т. л. т-ра марыянетак. У ім муз. драматургія больш развіта і набліжана да опернай, узмоцнены арк. і вак. партыі, расшыраны функцыі ансамбляў, асабліва ў фіналах. Сярод ранніх аўстр. З. «Крывы чорт» І.​Гайдна (1751). Росквіт жанру звязаны з творамі К.​Дзітэрсдорфа, В.​Мюлера і асабліва В.​А.​Моцарта («Выкраданне з сераля», 1782; «Чароўная флейта», 1791), якія зрабілі вял. ўплыў на развіццё аўстра-ням. опернай культуры. Пазней моцартаўскія традыцыі працягвалі Л.​Бетховен («Фідэліо»), Ф.​Шуберт, К.​М.​Вебер, А.​Лорцынг, О.​Нікалаі, у венскай аперэце І.​Штраус-сын і інш. У 20 ст. рысы З. адрадзіліся ў жанрах мюзікла, Songspiel (у К.​Вейля).

Літ.:

Аберт Г. В.​А.​Моцарт: Пер. с нем. Ч. 1, кн. 2. М., 1980;

Слободкин Г.С. Венская народная комедия XIX в. М., 1985.

т. 7, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБЗА́Р,

украінскі нар. пясняр і музыкант, які акампануе сабе на кобзе (бандуры). Першыя звесткі пра К. (бандурыстаў) як музыкантаў з Украіны пры дварах польск. каралёў ёсць у польскіх хроніках 15—16 ст. Асабліва былі папулярныя ў Запарожскай Сечы, куды ўцякалі і бел. сяляне, якія пасля прыносілі дадому рэпертуар К., асабліва гіст. песні (напр., «Ой, Марозе, Маразеньку»), У сваіх творах К. выказвалі сац. спадзяванні прац. народа, заклікалі да барацьбы з прыгнятальнікамі. Бралі ўдзел у казацкіх вайск. паходах, бітвах, славілі ў сваіх думах, гіст., быт., жартоўных і сатыр. песнях герояў нар. барацьбы з захопнікамі. Росквіту мастацтва К. дасягнула ў 16—17 ст. Вядомымі гайдамацкімі К. (бандурыстамі) у 18 ст. былі Г.​Кабзар, Д.​Бандурка, В.​Варчанка, П.​Скрага. Вядомыя К. 19 ст.: А.​Шут, І.​Краўчанка-Крукоўскі, А.​Верасай, Ф.​Халодны, М.​Краўчанка і інш. Песні на сучасную тэматыку стваралі І.​Кучугура-Кучарэнка, Ф.​Кушнерык, П.​Носач, Я.​Моўчан, П.​Цішчанка і інш. У 1918 у Кіеве была створана Укр. маст. капэла кабзароў, у 1935 аб’яднаная з Палтаўскай капэлай бандурыстаў (пазней Дзярж. капэла бандурыстаў Украіны). К. выконвалі часам бел. нар. песні. У бел. традыцыі да К. блізкі гусляр.

Літ.:

Лавров Ф. Кобзарі. Київ, 1980;

Саламевіч Я. Міхал Федароўскі. Мн., 1972. С. 192—203;Лисенко М.В. Характеристика музичних особливостей українських дум і пісень у выконанні кобзаря Вересая. Київ, 1978; Кирдан Б.П., Омельченко А.Ф. Народні співці-музиканти на Україні. Київ, 1980.

І.​У.​Саламевіч.

т. 7, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСЕРВАТЫ́ЗМ (франц. conservatisme ад лац. conservo ахоўваю, захоўваю),

сукупнасць разнастайных ідэйна-паліт. і культ. плыняў, якія выступаюць за захаванне традыцый і пераемнасці ў сац. жыцці. Тэрмін «К.» увёў ва ўжытак франц. паліт. дзеяч і пісьменнік Ф.Р. дэ Шатабрыян. Асн. тэарэтыкамі К. ў канцы 18 — пач. 19 ст. былі Э.​Бёрк [яго кн. «Разважанні аб французскай рэвалюцыі» (1790) лічыцца «бібліяй» К.], Ж дэ Местр, Л.​Банальд, С.​Т.​Колрыдж і інш. Разнавіднасцямі кансерватыўнай ідэалогіі з’яўляюцца лібералізм, неакансерватызм і традыцыяналізм. Неакансерватызм, які шмат у чым збліжаецца з неалібералізмам, успрыняў ад яго ідэю грамадскага развіцця, гіст., сац. і паліт. актыўнасці індывіда, дэмакратызацыі палітыкі і сац. адносін. Неакансерватары адышлі ад элітарных і арыстакратычных поглядаў на ўладу, парадак, традыцыі; цэнтр. ідэя іх эканам. палітыкі — неэфектыўнасць сацыяліст. метадаў дзярж. рэгулявання. У краінах Зах. Еўропы і ЗША адрозніваюць 3 формы К.: ліберальна-кансерватыўную (выступае за неабходнасць цеснай сувязі паміж рыначнай эканомікай, індывід. свабодай і ўладай закону; найб. распаўсюджаны ў Вялікабрытаніі і ЗША), хрысціянска-дэмакратычную (сцвярджае каштоўнасць хрысц. маральнага парадку, ухваляе дзярж. рэгуляванне паводзін людзей), аўтарытарную (адстойвае ідэю моцнай дзяржавы, яе права ўмешвацца ў эканоміку і дзейнасць асобных ін-таў; прадстаўлены ў Францыі, Ірландыі, Германіі). Характэрныя прынцыпы ўсіх форм К. — прызнанне існавання універсальнага маральнага парадку, які падтрымліваецца рэлігіяй, ідэя недасканаласці чалавечай прыроды і прыроднай няроўнасці людзей, важнай ролі прыватнай уласнасці ў індывід. і грамадскім жыцці, прызнанне традыц. норм рухаючай сілай прагрэсу, неабходнасць абмежавання і збалансаванасці паліт. улады.

А.​І.​Галаўнёў.

т. 7, с. 591

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛОТ (Клот фон Юргенсбург),

сям’я расійскіх мастакоў 19 ст. Нарадзіліся ў Пецярбургу.

Пётр Карлавіч (5.6.1805—20.11.1867), скульптар і ліцейны майстар. З 1829 наведваў класы Пецярбургскай АМ, з 1838 яе праф. і заг. ліцейнай майстэрні. Працаваў у анімалістычнай манум. скульптуры і дробнай пластыцы. У творчасці спалучаў традыцыі класіцызму з імкненнем да непасрэднай фіксацыі жыццёвых назіранняў. Сярод твораў: 4 групы ўтаймавальнікаў коней на Анічкавым мосце (1833—49), помнікі І.​Крылову ў Летнім садзе (1848—55) і Мікалаю I (1856—59, з М.​Рамазанавым і Р.​Залеманам) — усе ў Пецярбургу; «Кабыла з жарабём» (1854—55) і інш. Міхаіл Канстанцінавіч (11.1.1833—29.5.1902), жывапісец. Пляменнік Пятра Карлавіча. Скончыў Пецярбургскую АМ (1858), у 1871—86 праф.-кіраўнік яе пейзажнага класа. Чл.-заснавальнік Т-ва перасоўных маст. выставак (гл. Перасоўнікі). У 1858—61 у Швейцарыі і Францыі. Аўтар рэаліст. пейзажаў рус. вёскі: «Вялікая дарога ў восень» (1863), «На раллі» (1872), «Лясная далечыня апоўдні» (1876—78) і інш. Міхаіл Пятровіч (29.9.1835—20.1.1914), жывапісец. Сын Пятра Карлавіча. Правадз. чл. Пецярбургскай АМ (1895). Вучыўся ў А.​Агіна, скончыў Пецярбургскую АМ (1861). У 1857—60 у Парыжы, у 1862—65 у Мюнхене. Чл.-заснавальнік Т-ва перасоўных маст. выставак. Аўтар сентыментальных жанравых кампазіцый: «Рыбакі фіны» (1855), «Хворы музыкант» (1859), «Апошняя вясна» (1861), «Чорная лава» (1871) і інш.

Да арт. Клот. П.​Клот. Утаймавальнік каня. Скульптурная група на Анічкавым мосце ў Пецярбургу. 1833—49.
Да арт. Клот. М.​К.​Клот. На раллі. 1872.

т. 8, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)