сям’я італьянскіх архітэктараў і скульптараў эпохі Адраджэння. Нарадзіліся ў г. Фларэнцыя.
Джуліяна да С. [сапр.Джамберці (Giamberti); 1445—20.10.1516], развіваў традыцыі Ф.Брунелескі, выразным па кампазіцыі пабудовам надаваў лёгкасць і вытанчанасць: касцёл Санта-Марыя дэле Карчэры ў Прата (1484—95), віла ў Поджа-а-Каяна каля Фларэнцыі (з 1485), шматлікія гар. ўмацаванні, у т. л. ў Поджа-Імперыяле (1488), Пізе і Ліворна (1509—12). Як скульптар блізкі да Данатэла (надмагіллі сям’і Сасеці ў капэле Сасеці касцёла Санта-Трыніта ў Фларэнцыі, 1486). Антоніо да С. Старэйшы (1455 ці 1463—17.12.1534), брат Джуліяна да С., шмат працавалі разам. З самаст. работ найб. значны касцёл Сан-Б’яджа каля Мантэпульчана ў Таскане (1518—45). Антоніо да С. Малодшы [сапр.Кардыяні (Cordiani); 1483—3.8.1546], пляменнік і вучань Джуліяна да С. і Антоніо да С. Старэйшага. З 1503 працаваў у майстэрні Д.Брамантэ ў Рыме. Пабудаваў гар. ўмацаванні ў Парме (з 1525) і інш. Пасля смерці Рафаэля стаў гал. архітэктарам Рымскага сабора святога Пятра (з 1520). Сталыя работы С. вылучаюцца масіўнасцю форм і цэласнасцю арх. аблічча: палацца Фарнезе ў Рыме (з 1513, завершана Мікеланджэла і Дж. дэла Портам), банк Санта-Спірыта ў Рыме (1523—24).
А. да Сангала Старэйшы. Касцёл Сан-Б’яджа каля Мантэпульчана ў Таскане.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТО́МСКІ (сапр.Грышын) Мікалай Васілевіч
(19.12.1900, с. Рамушава Наўгародскай вобл., Расія — 17.11.1984),
расійскі скульптар. Нар.маст.СССР (1960). Правадз.чл.АМСССР (1949). Герой Сац. Працы (1970). Вучыўся ў Ленінградскім маст.-прамысл. тэхнікуме (1923—27). З 1948 выкладаў у Маскоўскім маст. ін-це імя В.Сурыкава (у 1964—70 рэктар). У 1968—83 прэзідэнт АМСССР. Выканаў помнікі У.І.Леніну ў С.-Пецярбургу (1938), Варонежы (1940), Арле (1949—61), Вільнюсе (1952), Волагдзе (1958), Берліне (1970), Ташкенце (1974); С.Кіраву ў С.-Пецярбургу (1938); І.Апанасенку ў Белгарадзе (1944—49); М.Гогалю (1952), М.Ламаносаву (1953), М.Кутузаву (1973) у Маскве; партрэты І.Чарняхоўскага, М.Гарэева (абодва 1947), П.Покрышава, А.Смірнова, І.Кажадуба (усе 1948), Гогаля (1951), У.Маякоўскага (1954), Д.Рыверы (1956—57), «Валгаградскі рабочы» (1970), С.Сяргеева (1972). Творам уласцівы спалучэнне індывідуальнага вобраза мадэлі з шырокім абагульненнем, героікай або паэтызацыяй вобраза. Аўтар эмблемы і фрыза будынка Мін-ваУзбр. сіл СССР, афармлення будынка Массавета і Маск. ун-та ў Маскве (усе 1940-х г.). Дзярж. прэміі СССР 1941, 1948, 1949, 1950, 1952, 1979. Ленінская прэмія 1972.
Тв.:
В бронзе и граните. М., 1977.
Літ.:
Балтун П.К. Н.В.Томский: [Альбом]. 2 изд. М., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́МБЕЛЬ Андрэй Ануфрыевіч (30.10.1905, г. Веліж Смаленскай вобл. Расія — 13.10.1986),
бел.скульптар. Нар. мастак Беларусі (1955). Праф. (1962). Вучыўся ў Віцебскім маст. тэхнікуме (1924—27) у М.Керзіна. Скончыў Ленінградскую АМ (1934). З 1947 на пед. рабоце, з 1953 у Бел.тэатр.-маст. ін-це. Працаваў у галіне манум. і станковай скульптуры. Яго творчасці ўласцівы апавядальнасць, імкненне да абагульнення, лаканічнасць і выразнасць формы. Першая манум. работа (з У.Рытарам) — рэльефы для Дома ўрада і Дома афіцэраў у Мінску (1932—36). Сярод работ, створаных у гады вайны, скульптура Героя Сав. Саюза М.Ф.Гастэла. У пасляваенны час ім выкананы гарэльеф для Манумента Перамогі ў Мінску — «9 мая 1945 года», помнік Дз.І.Мендзялееву перад будынкам хім. ф-та Маскоўскага ун-та, статуя «Беларусь сацыялістычная» для бел. павільёна на ВДНГ у Маскве, партрэты бел. акцёра П.С.Малчанава, партыз. камандзіраў Дз.Ц.Гуляева, П.З.Калініна і інш. Аўтар Кургана Славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі (арх. А.Стаховіч, 1969, Дзярж. прэмія Беларусі 1970), мемар. комплексу Брэсцкая крэпасць-герой (1971). У 1970—80-я г. стварыў партрэты Я.Купалы, А.Блока, І.Шамякіна і інш. У 1995 у Мінску ў яго доме-майстэрні створаны Музей сучаснай бел. скульптуры імя А.Бембеля.
Літ.:
Крэпак Б.А. Андрэй Бембель. Мн., 1988.
Н.В.Шаранговіч.
А.А.Бембель.А.Бембель. Герой Савецкага Саюза М.Ф.Гастэла. 1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРША́ЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1943,
паўстанне вязняў Варшаўскага гета супраць ням.-фаш.акупац. улад у крас. — ліп. 1943 у 2-ю сусв. вайну. Пачалося 19 крас. па ініцыятыве падп. Яўрэйскага нац.к-та, Яўр. баявой арг-цыі і Яўр.вайск. саюза ў адказ на спробу фашыстаў вывезці насельніцтва гета ў лагеры знішчэння. На 1-м этапе (да 23 крас.) каля 3 тыс. паўстанцаў (узначальваў М.Анялевіч), узброеных самаробнай і перададзенай польск. падп. арг-цыямі зброяй, вялі ўпартыя вулічныя баі з намнога большымі сіламі ням. паліцыі і СС, якія адразу пасля ўварвання ў гета падпалілі яго. 24 крас. — 9 мая паўстанцы праводзілі асобныя баявыя аперацыі. Пасля 10 мая асобныя дробныя групы абараняліся ў руінах спаленых дамоў, у скляпах і каналах. Паўстанцаў падтрымлівалі і пастаўлялі ім зброю групы Арміі Краёвай, Гвардыі Людовай, Нар. міліцыі і Баявой сацыяліст. арг-цыі, дзякуючы якім на заключным этапе ўзбр. выступлення з гета выведзены некалькі ўцалелых груп. Паводле ням. даных, у баях загінулі каля 7 тыс. паўстанцаў, каля 6 тыс. згарэлі ў час пажараў і загінулі пад руінамі дамоў, больш за 50 тыс. вывезены і знішчаны ў канцлагеры Трэблінка. Пасля задушэння паўстання (сярэдзіна ліп.) раён гета знішчаны. На месцы гета помнік Героям гета (скульптар Н.Рапапорт, арх. Л.М.Сузін).
Літ.:
Mark B. Powstanie w getcie warszawskim. Warszawa, 1963;
Gutman I. Żydzi warszawscy, 1939—1943. Warszawa, 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМ’Е́ (Daumier) Анарэ Віктар’ен (26.2.1808, г. Марсель, Францыя — 11.2.1879),
французскі графік, жывапісец і скульптар. З 1814 жыў у Парыжы, у 1820-я г. браў урокі жывапісу і малюнка, вучыўся мастацтву літаграфіі. Аўтар вострагратэскавых карыкатур на кіруючыя вярхі грамадства, у т. л. на караля Луі Філіпа. Асновай для серыі літаграфічных партрэтаў-шаржаў «Славутасці залатой сярэдзіны» (1832—33) сталі скульпт. эскізы-бюсты паліт. дзеячаў (1830—32, захавалася 36 бюстаў). У літаграфіях 1834 Д. выкрываў бяздарнасць і своекарыслівасць улад («Заканадаўчае чэрава», «Усе мы сумленныя людзі, абдымемся»), ствараў вобразы рабочых («Сучасны Галілей», «Вуліца Транснанен 15 красавіка 1834 года» і інш.). Пасля забароны ў 1835 паліт. карыкатуры Д. звярнуўся да быт. сатыры: серыя «Карыкацюрана» (1836—38), «Лепшыя ў жыцці» (1843—46), «Добрыя буржуа» (1846—49). У перыяд і пасля рэв. 1848—49 стварыў (спачатку ў статуэтцы, потым у шэрагу літаграфій) абагульнены вобраз паліт. прайдзісвета Ратапуаля. У жывапісе Д. па-наватарску пераасэнсоўваліся традыцыі рамантызму, трагічная велічнасць спалучалася з гратэскам, драма з сатырай, вострая характарнасць вобразаў са свабодай пісьма, смелай абагульненасцю формаў, выразнасцю пластыкі і светлавымі эфектамі. У яго карцінах адлюстраваліся пафас рэв. барацьбы («Паўстанне», каля 1848), прыгажосць простага чалавека («Прачка», каля 1859—60); улюбёнымі матывамі жывапісу былі цырк, тэатр, вандроўныя камедыянты: «Меладрама» (каля 1856—60), «Крыспэн і Скапэн» (каля 1860), серыя карцін «Дон Кіхот» (каля 1868) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНСЕРЭ́,
расійскія мастакі; бацька і сын.
Яўген Аляксандравіч (24.8.1848, г. Маршанск Тамбоўскай вобл., Расія — 4.4.1886), скульптар. У 1867 і 1876 вывучаў маст. ліццё ў Парыжы. Майстар дробнай, пераважна жанравай скульптуры, анімаліст. Сярод твораў: «Тройка» (1868), «Сакалінае паляванне» (1872), «Запарожац пасля бітвы» (1873), «Кіргізскі касяк адпачывае» (1880), «Арабская конная гульня» (1884), «Святаслаў» (1886). Яўген Яўгенавіч (4.9.1875, г. Паўлаўск Ленінградскай вобл. — 13.9.1946), графік і жывапісец. Акад. жывапісу (з 1912). Засл. дз. маст. Грузіі (1933). Нар. мастак Расіі (1945). Вучыўся ў Рысавальнай школе Т-ва заахвочвання мастакоў у Пецярбургу (1892—95), у акадэміях Каларосі і Жуліяна ў Парыжы (1895—98). Чл. аб’яднання «Свет мастацтва». Выкладаў у Тбіліскай АМ (1922—34), Маскоўскім арх. ін-це, Усерасійскай АМ у Ленінградзе (1934—38). Зазнаў уплывы А.Бенуа і К.Сомава. Творчасць вызначаецца імкненнем да жыццёвай пераканаўчасці, канкрэтнасці ў перадачы гіст. эпохі, цікаўнасцю да нар. жыцця. Выконваў сатыр. малюнкі для часопісаў «Жупел», «Адская почта», «Зритель» (1905—08), ілюстраваў творы Л.Талстога, М.Лермантава і інш. Аўтар станковых работ «Нікольскі рынак у Пецярбургу» (1901), «Імператрыца Лізавета Пятроўна ў Царскім сяле» (1905), «Караблі часоў Пятра I» (1911), серыі «Трафеі рускай зброі» (1942), манум. размалёвак у будынках Казанскага вакзала (1933—34, 1945—46) і гасцініцы «Масква» (1937) у Маскве. Афармляў спектаклі ў Малым т-ры ў Маскве. Дзярж. прэмія СССР 1943.
Літ.:
Подобедова О.И. Е.Е.Лансере. М., 1961.
Я.Я.Лансерэ. Імператрыца Лізавета Пятроўна ў Царскім сяле. 1905.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКВЕР (ад англ. square квадрат),
невялікі гарадскі сад; важная ч.азелянення населеных месцаў, дэкар. афармлення плошчаў і вуліц. Фарміруецца па асн. прынцыпах садова-паркавага мастацтва. Пл. звычайна 0,5—2 га. У адрозненне ад бульвара прызначаны пераважна для кароткачасовага адпачынку пешаходаў. С. можа мець самаст. закончаную кампазіцыю ці быць элементам буйнога арх.-ландшафтнага ансамбля. Звычайна асн. элемент кампазіцыі С. — пляцоўка для адпачынку з фантанам, дэкар. скульптурай, кветкавым партэрам, клумбамі, газонамі, пасадкамі дрэў, кустоў і інш. Першыя С. ўзніклі ў сярэдзіне 19 ст. ў Англіі, у 2-й пал. 19 ст. — у Расіі. Першыя С. на Беларусі — Аляксандраўскі сад (1870, цяпер Цэнтральны С.) з фантанам (1874) і на Саборнай пл. (1890-я г., цяпер пл. Свабоды) у Мінску. Найб. значныя С. ствараюцца ў адм.-грамадскіх цэнтрах (на плошчах Незалежнасці ў Мінску, Леніна ў Магілёве, Савецкай у Гродне), каля трансп.-планіровачных вузлоў (на прывакзальных плошчах у Гомелі, Маладзечне; Міхайлаўскі каля чыг. вакзала ў Мінску), перад буйнымі грамадскімі будынкамі (каля Бел.муз.т-ра ў Мінску, політэхн. ін-та ў Брэсце), каля помнікаў і мемар. комплексаў (С. на пл. Перамогі ў Мінску, каля помніка Вызвалення на пл. Свабоды ў Брэсце), у квартальнай забудове — т.зв. С.-«кішэні» (па вул. Берсана, на скрыжаваннях вул. Варвашэні і Куйбышава ў Мінску) і інш.
Г.С.Ларкін.
Міхайлаўскі сквер у Мінску. Скульптура «Дама на лаўцы» Скульптар У.Жбанаў. 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІ́НСКІ Аляксандр Міхайлавіч (н. 2.1.1953, пас. Вясёлы Гай Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),
бел.скульптар. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1977). З 1977 выкладаў у Рэсп. школе-інтэрнаце па музыцы і выяўл. мастацтве імя І.Ахрэмчыка, з 1991 — у Бел.АМ. Працуе ў манум. і станковай скульптуры. Творы вылучаюцца кампазіцыйнай завершанасцю, эмацыянальнасцю і пластычнай выразнасцю вобразаў, лаканізмам. Сярод станковых работ: «Малады мастак», «Студэнт» (абедзве 1977), «Мары» (1978). «Жаночы партрэт». «Гульня для мужчын» (абедзве 1983), «Без весткі прапаўшым прысвячаецца» (1984), «Кола лёсу» (1994), «Вестка» (1998), «Спакуса» (2000) і інш.Манум. работы: кампазіцыя «Калыска» (1988) у парку імя Я.Купалы, «Багі Алімпа» (1995), кампазіцыя са святлом для банка «Алімп» (усе ў Мінску); «Анёл-ахоўнік» (1989) у г. Нясвіж; «Беларускія святы» (1993) для Бел.культ. цэнтра ў г. Дортмунд (Германія); «Вячэрні блюз» (2002) для Міжнар.алімп. парку ў г. Пекін і інш. Аўтар надмагільнага помніка А.Анікейчыку (1989), рэльефу «Максім Багдановіч» (1991) для бібліятэкі імя М.Багдановіча, мемарыяльнай дошкі У.Алоўнікаву і знака «Пачатак дарог Беларусі» (абодва 1998; усе ў Мінску); алтара капэлы (1999) у замку Яйтхоф у Аўстрыі. Адзін з аўтараў мемарыяла «Яма» (2002) у Мінску. Выканаў медалі «Песня пра зубра» (1980), «В.Дунін-Марцінкевіч — драматург» (1982), «Кастусь Каліноўскі. Мужыцкая праўда», «Леў Талстой», «У.Шэкспір» (усе 1983) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШТОС (ням. Stoß) Фейт [польск. Стош, Ствош (Stosz, Stwosz, Stvos) Віт; 1447 або 1448, Горб, Германія — 1533], нямецкі і польскі мастак і скульптар; прадстаўнік позняй готыкі. У час падарожжаў па Швабіі і верхнім Рэйне пазнаёміўся з творчасцю Г.Мульчэра, М.Шонгаўэра і Н.Герхарта з Лейдэна, які, магчыма, быў яго настаўнікам. У 1477—96 жыў і працаваў у г. Кракаў (Польшча). Па заказе гар. рады стварыў у парафіяльным касцёле Дзевы Марыі (Марыяцкім) гал. алтар (1489), які спалучае круглую драўляную скульптуру ў цэнтр.ч. з рэльефамі на створках і жывапісам (фонавыя краявіды ў рэльефах). Пазней працаваў пераважна ў камені: барэльефы «Агруец» (каля 1485), «Укрыжаванне» для Марыяцкага касцёла (каля 1491); надмагіллі свецкіх і духоўных саноўнікаў: Казіміра Ягелончыка ў кафедральным касцёле на Вавелі (каля 1492), біскупа Пятра з Бніна ў кафедральным касцёле ва Улацлаваку (1493—94), прымаса З.Алясніцкага ў кафедральным касцёле ў Гнезне (1495), бронзавае надмагілле Ф.Буанакорсі ў касцёле дамініканцаў у Кракаве (1496—1500).
Займаўся графікай (захавалася 10 работ). З 1496 у г. Нюрнберг (Германія), дзе выканаў т.зв. Мадонну з дома Ш. (каля 1499), кампазіцыю «Дабравешчанне» для касцёла св. Лаўрэнція (1518), праект т.зв. Бамбергскага алтара — трыпціх для кармеліцкага касцёла св. Сальватара (1520—23; захаваўся часткова). Яго скульпт. работы вызначаюцца дынамізмам, моцнай экспрэсіяй, глыбокім унутр. драматызмам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІКЕ́ЙЧЫК Анатоль Аляксандравіч (11.7.1932, г. Барысаў — 3.2.1989),
бел.скульптар, педагог. Нар. мастак Беларусі (1972). Праф. (1981). Скончыў Бел.тэатр.маст.ін-т (1959; вучань А.А.Бембеля і А.К.Глебава), выкладаў (з 1978) у гэтым ін-це. Працаваў у галіне манум. і станковай скульптуры. Для яго творчасці характэрна імкненне да гісторыка-рамант. трактоўкі тэм і вобразаў: помнікі землякам, што загінулі ў Вял.Айч. вайну ў в. Хвойнікі Чэрвеньскага р-на (1967), М.Ф.Гастэлу і яго экіпажу каля г.п. Радашковічы Маладзечанскага р-на (1976), А.М.Матросаву ў в. Чарнушкі на Пскоўшчыне (1978, у сааўт.); фантаны «Юнацтва» каля касцёла на пл. Незалежнасці і «Купалінкі» ў парку імя Я.Купалы ў Мінску (1972). Стварыў значныя творы на тэму Вял.Айч. вайны — мемарыялы «Прарыў», «Праклён фашызму». Вял. месца ў творчасці Анікейчыка займаў вобраз Я.Купалы: надмагілле паэта (1971, з А.Заспіцкім) на Вайсковых могілках у Мінску, помнікаў у Мінску (1972, з Л.Гумілеўскім, Заспіцкім; Дзярж. прэмія Беларусі 1974), у Ляўках Аршанскага р-на (1982), бронзавы бюст (1973) у Араў-парку ў Нью-Йорку, кампазіцыя «Восень паэта» (1980). Стварыў кампазіцыю «Сны пра Радзіму. М.Багдановіч» (1981), партрэты Л.Бетховена (1968), П.М.Машэрава, кампазітара Л.Гідравічуса (абодва 1980), Г.Ахматавай (1982); надмагіллі С.В.Прытыцкага (1975), М.Лынькова (1978), П.М.Машэрава (1983), У.Караткевіча (1986). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1967.
Літ.:
Крэпак Б.А. А.А.Анікейчык. Мн., 1980.
Э.Л.Петэрсон.
А.А.Анікейчык.А.Анікейчык. Сны пра Радзіму. М.Багдановіч. 1981.