ІАНЕ́СКА ((Ionesco) Эжэн) (26.11.1912, г. Слаціна, Румынія — 28.3.1994),
французскі драматург. Член Франц. акадэміі (1970). Скончыў Бухарэсцкі ун-т (1938). З 1938 жыў у Францыі. Першая п’еса «Лысая спявачка» (паст. 1950) — своеасаблівы маніфест т. зв. «тэатра абсурду», У рэчышчы якога напісаны і ўсе наступныя п’есы: «Урок» (паст. 1951), «Крэслы» (паст. 1952), «Амедэй» (1954), «Забойца па прызванні» і «Насарог» (абедзве паст. 1959), «Кароль памірае» (паст. 1962), «Паветраны пешаход» (1963), «Гульні ў забойства» (1970), «Макбет» (1972), «Падарожжа да мерцвякоў» (1981) і інш. Праз абсурдныя сітуацыі, статычнасць персанажаў і дзеяння, унутр. замкнёнасць паказаў адчужанасць, ізаляванасць асобы ў варожым ёй свеце, што вядзе да трагічнай непазбежнасці смерці. Аўтар кн. «Тэатр» (т. 1—5, 1962—74), рамана «Пустэльнік» (1973), эсэ, успамінаў. На бел. мову перакладзена п’еса «Лысая спявачка» (пер. З.Колас), п’еса «Віват, імператар!» пастаўлена Бел. т-рам імя Я.Купалы ў 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРЧА́Н (Міраслаў) (сапр. Бабюк Андрэй Дзмітрыевіч; 14.7.1897, в. Пядзікі Каламыйскага р-на Івана-Франкоўскай вобл., Украіна — 1937),
украінскі пісьменнік. Скончыў Львоўскую настаўніцкую семінарыю (1914). У 1922—29 у эміграцыі. Вучыўся ў Пражскім ун-це (1922—23) і ў Канадзе (1923—29), дзе вёў выдавецкую, літ., грамадска-публіцыстычную дзейнасць. З 1929 на Украіне. Рэпрэсіраваны ў 1933, рэабілітаваны пасмяротна. Друкаваўся з 1914. Першая кніга — зб. навел і нарысаў «Смех Нірваны» (1918). Зб. навел «Фільмы рэвалюцыі», маст.-мемуарная дылогія «Трагедыя Першага мая» (абедзве 1923) і «У бур’янах» (1925) пра падзеі грамадз. вайны, п’есы «Падпольная Галіцыя» (1926), «Сям’я шчотачнікаў» (1927), «Радый» (1928), «Плацдарм» (1931), аповесць «Карпацкая ноч» (1927) і інш. пра нац.-вызв. барацьбу ў Зах. Украіне. Перакладаў з рус., польск., ням. і чэш. моў.
Тв.:
Твори. Т. 1—2. Київ, 1987;
Рус.пер. — Избранное. М., 1958.
Літ.:
Новиченко Л. Мирослав Ірчан. Київ, 1958;
Мельничук-Лучко Л. Драматургія Мирослава Ірчана. Київ, 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЖАНЁЎСКІ ((Korzeniowski) Юзаф) (19.3.1797, каля г. Броды Львоўскай вобл., Украіна — 17.9.1863),
польскі пісьменнік, драматург, педагог, адзін з пачынальнікаў рэалізму ў польск. л-ры. Скончыў Крамянецкі ліцэй (1819). З 1833 выкладаў у Кіеўскім ун-це, Харкаве. З 1846 у Варшаве, адзін з арганізатараў Гал. школы (гл.Варшаўскі універсітэт). З 1863 у Дрэздэне. Дэбютаваў у 1816 класіцыстычнымі одамі. Лепшыя яго п’есы: драма «Карпацкія горцы», прысвечаная барацьбе гуцулаў за вольнасць, камедыі «Яўрэі» — з’едлівая сатыра на дэградуючую шляхту, «Замужняя дзяўчына» (усе 1843), адметная тонкім гумарам і яскравасцю характараў. Аўтар гіст. трагедыі «Манах» (1830), раманаў «Спекулянт» (1846), «Калакацыя» (1847), «Сваякі» (т. 1—4, 1857) і інш., у якіх адлюстраваны актуальныя праблемы таго часу.
Тв.:
Dziela wybrane. T. 1—8. Kraków, 1954;
Рус.пер. — Аферист. Раздел: Романы. М., 1979.
Літ.:
Bachórz J. Realizm bez «chmumej jazdy»: Studia o powieściach Józefa Koizeniowskiego. Warszawa, 1979;
Цыбенко Е.З. Польский социальный роман 40—70-x г. XIX в. М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЖЫ́НСКІ ((Każyński) Мацей) (1767—29.3.1823),
польскі спявак (бас), акцёр, рэжысёр і антрэпрэнёр; стваральнік першага пастаяннага т-ра ў Мінску. Працаваў у трупах В.Багуслаўскага ў Любліне (1786, выступаў з С.Дэшнер) і Д.Мараўскага ў Гродне (1793). Антрэпрэнёр, рэжысёр і акцёр Мінскага (1797—1805, з перапынкам) і Віленскага (1801—19, з перапынкам) т-раў. У 1801 стварыў у Гродне оперна-драм. трупу, у пач. 1802 з ёю пераехаў у Мінск. Сярод партый: Буцэфал («Сельскія спявачкі» В.Ф’ёраванці), Бартола («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Аксур («Аксур, цар Армуза» А.Сальеры), Моргал («Уяўны цуд, або Кракавяне і горцы» Я.Стэфані; лібрэта Багуслаўскага); камедыйныя ролі ў п’есах Мальера, Багуслаўскага, Ф.Багамольца і інш. Сярод яго пастановак у Мінску: «Уяўны цуд...»; «Фраскатана» Дж.Паізіела, «Вясковая радасць» Дж.Сарці, «Чэкіна, або Добрая дачка» Н.Пічыні, «Школа раўнівых» Сальеры, «Уяўны дурань па каханні» А.Сакіні (выконваў і партыі баса). Аўтар п’есы «Бацьку айчыны яго ўдзячныя дзеці».
Літ.:
Музыкальный театр Белоруссии. Мн., 1990. С. 252—258.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ТНІКАЎ (Валерый Іванавіч) (н. 27.1.1940, в. Місяш Чэбаркульскага р-на Чэлябінскай вобл., Расія),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1970, клас П.Падкавырава). З 1970 выкладчык Магілёўскага, з 1976 Маладзечанскага муз. вучылішчаў, з 1989 — муз. каледжа пры Бел. акадэміі музыкі. Працуе пераважна ў камерна-інстр. жанрах і музыкі для дзяцей. Сярод твораў: вак.-інстр. лірычная паэма «Флейтыст» на вершы Э.Агняцвет (для сапрана і інстр. квінтэта, 1996); сімфонія (1970); канцэрты для фп. з арк. (1978, 1993); п’есы для фп.; 4 трыо для скрыпкі, віяланчэлі і фп.; санаты, у т. л. для альта, для альта і фп., для 2 скрыпак і фп.; стр. (1977, 2-я рэд. 1991) і фп. (1996, 1997) квартэты; варыяцыі на тэму «З Полацкага сшытка» для скрыпкі, альта і фп. (1992); рамансы, песні на словы бел. паэтаў. Рэдактар і складальнік (разам з В.Дабравольскай) зб. твораў бел. харавой музыкі ў 2 т. (т. 1, 1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТРЫ́НКА, шарманка,
механічны духавы муз. інструмент у выглядзе невял. аргана без клавіятуры. Назва ад 1-га радка папулярнай з пач. 19 ст.ням. песенькі «Scharmante Katharine» — «Прыгожая Катарына». Унутры скрынкі з ручкай размяшчаліся некалькі радоў гучальных трубак, мяхі, механізм для размеркавання паветра і драўляныя або метал. валікі са шпількамі. Пры вярчэнні валікаў шпількі чаплялі спец. механізм і адкрывалі доступ паветра да гучальных трубак; адначасова ў мяхі нагняталася паветра. На кожным валіку запісвалася па 1 п’есе.
Паявілася ў канцы 17 ст. ў Францыі як інструмент для навучання пеўчых птушак. Удасканалена каля 1700 італьян. майстрам Дж.Барберы. З канца 19 ст. валікі заменены перфарыраванымі кардоннымі ці метал. кругамі, на якіх запісвалі па некалькі песень, танцаў, пераважна вальсаў, арый з опер. На Беларусі вядома з 19 ст. Рэпертуар бел. катрыншчыкаў звычайна ўключаў 3—4 п’есы («жорсткі раманс» «Разлука», вальс «Разбітае сэрца» і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. К. — неад’емная частка гар. і местачковага побыту. Знікла на мяжы 1920—30-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕРУБІ́НІ ((Cherubini) Луіджы Марыя Карла Зенобіо Сальваторэ) (14.9.1760, г. Фларэнцыя, Італія — 13.3.1842),
французскі кампазітар і педагог. Чл. Ін-та Францыі (1815). Музыцы вучыўся ў бацькі Барталамео К., пазней у Дж.Сарці і інш. У 1784—86 працаваў у Лондане, з 1788 у Парыжы. З 1795 у Парыжскай кансерваторыі (з 1816 праф., у 1822—41 дырэктар). У час франц. рэвалюцыі канца 18 ст. пісаў маршы, гімны, песні, хар. творы («Гімн Пантэону», 1794; «Жалобны гімн на смерць генерала Гоша», 1797). На аснове сінтэзу традыцый франц. камічнай оперы і прынцыпаў муз. драматургіі К.В.Глюка стварыў узоры новага жанру — «оперы выратавання». Яго уверцюры з кантрастным тэматызмам і элементамі сімф. развіцця сталі правобразам уверцюр Л.Бетховена. Сярод твораў: оперы «Квінт Фабій» (паст. 1779), «Ладаіска» (1791), «Эліза» (1794), «Медэя» (1797), «Два дні» (1800), «Алі-Баба, або Сорак разбойнікаў» (1833); месы; 2 рэквіемы, крэда, літаніі, матэты; творы для аркестра; 6 квартэтаў (1814—37), стр. квінтэт (1837); п’есы для аргана, фп. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ГАЎТ ((Kohout) Павел) (н. 20.7.1928, Прага),
чэшскі пісьменнік, драматург. Працаваў культ. аташэ ў Маскве (1949—50), гал. рэдактарам гумарыстычнага час. «Dikobraz» («Дзікабраз»), Удзельнік дысідэнцкага руху 1960—70-х г. З 1979 у Аўстрыі. Друкуецца з 1950. Аўтар зб-каў паліт. і лірычных вершаў «Вершы і песні» (1952), «Час кахання і барацьбы» (1954). Крытычны пафас характэрны для п’есы «Такое каханне» (1957; паст. Гродзенскім абл.драм. т-рам і Бел. т-рам імя Я.Коласа ў 1958, Магілёўскім абл.драм. т-рам у 1962), сатыр. рамана «Катыня» (1978), аўтабіягр. раманаў «З дзённіка контррэвалюцыянера» (1969), «Дзе закапаны сабака» (1987); маральная праблематыка ў п’есах «Добрая песня» (1952), «Жнівень, жнівень, жнівень» (1968). Аўтар п’ес «Марыя ў змаганні з анёламі» (1981), «Ecce Constantia» (паст. 1990), рамана «Канец вялікіх канікул» (1990), сатыр. апавяданняў, артыкулаў пра л-ру і т-р. На бел. мову паасобныя вершы К. пераклаў М.Калачынскі. Дзярж. прэмія Аўстрыі 1977.
Тв.:
Рус.пер. — Хорошая песня. М., 1957;
[Вершы] // Антология чешской поэзии. М., 1959. Т. 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́БЕДЗЕЎ-КУМА́Ч (сапр.Лебедзеў) Васіль Іванавіч
(8.8.1898, Масква — 20.2.1949),
расійскі паэт. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1919—21). З 1922 супрацоўнік шэрагу газет, час. «Крокодил». Друкаваўся з 1916. Аўтар сатыр. вершаў, апавяданняў, фельетонаў (зб-кі «Чаінкі ў сподачку», 1925; «Сумныя ўсмешкі», 1927; «Калючыя вершы», 1945, і інш.). Адзін са стваральнікаў сав. масавай песні. Напісаў тэксты песень да кінафільмаў «Вясёлыя хлопцы» (1934), «Цырк» (1936), «Волга-Волга» (1937). Аўтар тэкстаў папулярных песень, у т. л. «Песня пра Радзіму», «Вясёлы вецер», «Спартыўны марш» (усе 1936); яго песня «Свяшчэнная вайна» (апубл. 24.6.1941) стала своеасаблівым гімнам у час Вял.Айч. вайны. Выдаў паэт.зб-кі «Кніга песень» (1938), «У бой за Радзіму» (1941), «Вершы для эстрады» (1948) і інш. Пісаў п’есы («Кірушкава перамога», 1926; «Жонка заўмага», 1940), вершы для дзяцей. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі А.Астрэйка, А.Куляшоў. Дзярж. прэмія СССР 1941.
Тв.:
Избранное. М., 1984;
Песня о Родине: Избр. стихотворения. Кемерово, 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕБЯДА́ (Тодар) (сапр.Шырокаў Пётр Фёдаравіч; 6.1.1914, г. Віцебск — пач. 1970),
бел. пісьменнік. Скончыў Віцебскае рамеснае чыгуначнае вучылішча. З 1933 вучыўся ў Мінскім пед. ін-це. У 1936 рэпрэсіраваны, высланы ў Новасібірскую вобл. У 1940 вернуты ў Мінск для перагляду справы. У час ням.-фаш. акупацыі жыў у Віцебску, рэдагаваў газ. «Беларускае слова» (1943—44), пісаў вершы, апавяданні, п’есы. У 1947 зноў арыштаваны, сасланы ў Сібір. Вызвалены ў 1956. У 1960—62 у Слоніме, працаваў у Чэрвені ў райгазеце. Памёр у Разанскай вобл. Друкаваўся з 1931. П’еса «Загубленае жыццё» пра калектывізацыю і рэпрэсіі (паст. 1943 Мінскім гар. т-рам, выдадзена ў Канадзе, 1952). Лагерныя вершы склалі зб. «Песні выгнання» (1944, факсім. выд. 1991). П’еса «У нас, на Гродзеншчыне» (1961) пра вясковае жыццё. Аўтар аднаактоўкі «Людзі ў Хрысце» (1960).
Тв.:
Загубленае жыццё // Тэатр. Беларусь. 1995. № 2.
Літ.:
Чыгрын С. Трагічны лёс Тодара Лебяды // Тэатр. Беларусь. 1995. № 2.