СЯЛЯ́ЎСКАЕ ВО́ЗЕРА У Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дрыса, за 10 км на Пд ад г.п. Расоны. Пл. 1,11 км², даўж. 2,3 км, найб. шыр. 710 м, найб. глыб. 6,1 м, даўж. берагавой лініі 7,4 км, пл. вадазбору 4,4 км². Катлавіна складанага тыпу. Схілы выш. 7—10 м (на ПнУ да 18 м, на У 2—4 м), у ніжняй частцы пад хмызняком, у верхняй разараныя. Берагі нізкія, на ПнЗ да 0,5 м, на ПнУ зліваюцца са схіламі, пясчаныя, на Пд тарфяністыя, на ПдУ утвараюць некалькі заліваў. На Пд забалочаная пойма шыр. да 350 м, парослая хмызняком. Дно пераважна выслана сапрапелем, на З ілам, каля берагоў пясчанае. Паласа расліннасці ўздоўж берагоў шыр. 10—200 м, пашырана да глыб. 2,3 м. Упадае 1 ручай, на Пд выцякае ручай у воз. Убежа.

т. 15, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯННО́, Сенненскае возера. На ўскраіне г. Сянно Віцебскай вобл., у бас. р. Крывінка. Пл. 3,15 км², даўж. 6 км, найб. шыр. 920 м, найб. глыб. 31,5 м, даўж. берагавой лініі 18,9 км, пл. вадазбору 67,9 км². Катлавіна лагчыннага тыпу, падзяляецца на глыбакаводны паўд. і мелкаводны паўн. плёсы. Схілы выш. да 21 м, у верхняй ч. пераважна разараныя, на З і Пн пад лесам і хмызняком. Берагі выш. да 0,6 м, пясчаныя, месцамі зліваюцца са схіламі, абразіўныя. У паўн. плёсе востраў пл. 1,8 га. Дно да глыб. 2,5—3 м (месцамі да 6—7) пясчанае, глыбей выслана гліністым ілам. Зарастае слаба. Шыр. паласы надводнай расліннасці да 50 м, пашырана да глыб. 1,7 м, падводная расліннасць да глыб. 2,5 м. Упадаюць каля 20 ручаёў, у т. л. з Кулікоўскага воз., пратокай злучана з Багданаўскім возерам.

Возера Сянно.

т. 15, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

У́КЛЯ, Укла,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Вята, за 18 км на ПдУ ад г. Браслаў. Уваходзіць у Абстэрнаўскую групу азёраў. Пл. 9,83 км², даўж. 5,8 км, найб. шыр. 2,8 км, найб. глыб. 25 м. даўж. берагавой лініі 19,9 км, пл. вадазбору 69,3 км². Катлавіна падпруднага тыпу. Схілы на Пн і Пд выш. 10—12 м, на З і У нізкія, забалочаныя. Берагі нізкія, пясчаныя, на З і У забалочаныя, на ПдУ (у заліве) высокія, стромкія, завалуненыя. Дно да глыб. 3—3,5 м выслана пяском і апясчаненым ілам, глыбей — сапрапелем.

Мінералізацыя вады да 230 мг/л, празрыстасць да 3,5 м. Эўтрофнае. Зарастае да глыб. 2—2,5 м, шыр. паласы расліннасці 150—200 м. Выцякае ручай у воз. Абстэрна, упадаюць некалькі ручаёў, у т. л. з воз. Інава.

Возера Укля.

т. 16, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРНО́ВА,

возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Чарнаўка (выцякае з возера), за 13 км на ПнЗ ад г. Гарадок, каля в. Лыска. Пл. 3,18 км², даўж. 5,72 км, найб. шыр. 920 м, найб. глыб. 19,3 м, даўж. берагавой лініі 17,8 км. Пл. вадазбору 22,5 км². Катлавіна лагчыннага тыпу, выцягнутая з ПнЗ на ПдУ. Схілы катлавіны выш. 6—10 м (на Пн 12—16 м), пад хмызняком, на ПдЗ забалочаныя і аблесеныя. Берагі высокія, пясчаныя, параслі хмызняком, на Пн месцамі абразійныя. На ПнЗ пойма шыр. да 100 м. Дно карытападобнае, глыбокія ўпадзіны чаргуюцца з мелямі. Амаль усё дно ўкрыта ілам, на водмелях уздоўж берагоў і каля астравоў пясчанае, месцамі заіленае. 5 невял. астравоў агульнай пл. 0,6 га. Шыр. паласы надводнай расліннасці да 150 м. Упадаюць 5 ручаёў.

Возера Чарнова.

т. 17, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРСЦВЯ́ЦКАЕ ВО́ЗЕРА, Чарсцвяты,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дзіва, каля в. Слабада, за 15 км на У ад г.п. Ушачы. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Пл. 9,35 км², даўж. 6,9 км, найб. шыр. 2,5 км, найб. глыб. 4,3 м, даўж. берагавой лініі 19,2 км. Пл. вадазбору 152 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу, авальная, выцягнутая з ПнЗ на ПдУ. Схілы катлавіны выш. 5—10 м, на Пд і З 10—18 м, стромкія, на З і ПдЗ тэрасаваныя. Берагі нізкія, пясчаныя, паступова пераходзяць у вузкую забалочаную пойму, якая на ПдЗ, ПдУ і ПнУ месцамі шыр. да 150 м. Дно да глыб. 0,5—1 м пясчанае, ніжэй сапрапелістае. 8 астравоў агульнай пл. 0,8 км². Шыр. паласы надводнай расліннасці ад 20 да 200 м. Упадае р. Выдрыца і 3 ручаі, выцякае ручай у воз. Павульскае.

Чарсцвяцкае возера.

т. 17, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́НАВІЦКАЕ ВО́ЗЕРА У Віцебскім р-не ў бас. р. Вымнянка, каля г.п. Янавічы за 30 км на ПнУ ад г. Віцебск. Пл. 1,46 км², даўж. 2,82 км, найб. шыр. 870 м, найб. глыб. 7 м, даўж. берагавой лініі 7,43 км. Пл. вадазбору 31,3 км². Катлавіна лагчыннага тыпу, выцягнутая з У на 3. Схілы катлавіны выш. 4—8 м, спадзістыя (на ПнУ і ПнЗ стромкія), сугліністыя і супясчаныя, у верхняй ч. разараныя, у ніжняй задзернаваныя, пад хмызняком. Берагі выш. да 0,5 м, пясчаныя, месцамі пясчана-галечныя, на Пн і Пд участкамі зліваюцца са схіламі, на З у месцы ўпадзення ручая нізкія, увільготненыя. Вакол возера надпоймавая тэраса выш. да 0,8 м. Дно да глыб. 1,5—2,5 м пясчанае, ніжэй ілістае. Зарастае да глыбіні 1,8 м. Упадаюць 3 ручаі, выцякае ручай у р. Вымнянка.

т. 18, кн. 1, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЮ́СЫ, Плюскае возера. У Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна, за 20 км на Пн ад г. Браслаў. У межах ахоўнай зоны нац. парку Браслаўскія азёры. Пл. 1,54 км², даўж. больш за 2 км, найб. шыр. 1,6 км, найб. глыб. 5,8 м., даўж. берагавой лініі 8,6 км. Пл. вадазбору 6,56 км². Катлавіна падпруднага тыпу. Схілы на З і Пн выш. 4—5 м, разараныя, на Пд 8—10 м, пад хмызняком. Пойма шыр. 10—80 м, на ПдУ да 300 м. Берагі нізкія, пясчаныя. 9 астравоў агульнай пл. 10 га, з якіх Вялікі і Малы вызначаюцца значнымі памерамі. Некалькі заліваў. Дно да глыб. 1,5 м пясчанае, глыбей пераважна сапрапелістае і ілістае. Мінералізацыя вады 195—210 мг/л, празрыстасць 1,6 м. Эўтрофнае. Зараслі ўсх. і паўн. залівы, участкі паміж астравамі, шматлікія мелі. Упадаюць некалькі каналізаваных ручаёў, выцякае ручай у воз. Прысвяты.

т. 12, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́ТНА,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Сосніца, за 44 км на ПнУ ад г. Полацк. Пл. 1,83 км², даўж. 2,8 км, найб. шыр. 970 м, найб. глыб. 7,5 м, даўж. берагавой лініі 7,2 км. Пл. вадазбору 8,5 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 8—9 м, параслі лесам і хмызняком, на Пд выш. да 17 м, у верхняй ч. разараныя. Пойма шыр. 10—40 м, укрытая хмызняком, на ПнЗ пераходзіць у вярховае балота. Берагі нізкія, пясчаныя, на Пн тарфяныя. У крайніх паўд.-зах. і паўн.-ўсх. частках катлавіны мелі з глыб. 1,2, 1,7 і 2,3 м. Дно да глыб. 4 м выслана пяском і апясчаненым ілам, глыбей — сапрапелем. Мінералізацыя вады 120—150 мг/л. празрыстасць 1,9 м. Эўтрофнае. Моцна зарастае. Шыр. паласы расліннасці да 200 м, пашырана да глыб. 3,2 м. На Пд выцякае ручай у воз. Сіценец.

т. 14, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЁСТА,

возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Аўсянка (цячэ праз возера), за 35 км на ПнУ ад г. Гарадок, каля в. Сяло. Пл. 5,35 км², даўж. 6,25 км, найб. шыр. 1,1 км, найб. глыб. 11,7 м, даўж. берагавой лініі 21,4 км. Пл. вадазбору 426 км². Катлавіна складанага тыпу, выцягнута з Пн на Пд, падзяляецца на тры плёсы: паўн. мелкаводны, цэнтр. з найб. глыбінёй і паўд. з глыб. да 8 м. Схілы катлавіны невысокія, разараныя, на У і Пд забалочаныя, на 3, ПнЗ і ПдУ выш. да 8 м, параслі лесам. Берагі нізкія, пясчаныя, на Пд забалочаныя, ва ўсх. заліве сплавінныя. Дно на глыб. да 2—2,5 м пясчанае, ніжэй ілістае, у паўн.-ўсх. частцы сапрапелістае. Расліннасць пашырана да глыб. 2,4 м. У паўн.-ўсх. і паўд. залівах расце рэдкі ахоўны від — вадзяны арэх. Упадаюць 6 ручаёў і р. Марысіна.

Возера Цёста.

т. 17, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРАПЕ́ЦКАЕ ВО́ЗЕРА, Чарпецкае возера, Чарпет,

у Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Нішча, за 2 км на ПнУ ад в. Глаты, за 6 км на Пн ад г.п. Расоны. Пл. 2,03 км², даўж. 5,45 км, найб. шыр. 940 м, найб. глыб. 5 м, даўж. берагавой лініі 14,8 км. Пл. вадазбору 194 км². Катлавіна лагчыннага тыпу, складанай лопасцевай формы, выцягнута з З на У. Схілы катлавіны на Пн і З выш. 2—4 м, на Пд 5—9 м, на У да 15 м, пераважна пад лесам. Берагі нізкія, пясчаныя або затарфаваныя, на ПнУ зліваюцца са схіламі. Месцамі на Пн і Пд пойма шыр. 30—200 м, забалочаная і ўкрытая хмызняком. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей дно сапрапелістае. Зарастае да глыб. 2,5—3 м. Праз возера цячэ р. Чарапяціца, якая злучае яго з азёрамі Мыленскае, Валькоўскае. Упадае р. Рудня і 2 ручаі.

т. 17, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)