СЯННО́, Сенненскае возера. На ўскраіне г. Сянно Віцебскай вобл., у бас.р. Крывінка. Пл. 3,15 км², даўж. 6 км, найб.шыр. 920 м, найб.глыб. 31,5 м, даўж. берагавой лініі 18,9 км, пл. вадазбору 67,9 км². Катлавіна лагчыннага тыпу, падзяляецца на глыбакаводны паўд. і мелкаводны паўн. плёсы. Схілы выш. да 21 м, у верхняй ч. пераважна разараныя, на З і Пн пад лесам і хмызняком. Берагі выш. да 0,6 м, пясчаныя, месцамі зліваюцца са схіламі, абразіўныя. У паўн. плёсе востраў пл. 1,8 га. Дно да глыб. 2,5—3 м (месцамі да 6—7) пясчанае, глыбей выслана гліністым ілам. Зарастае слаба. Шыр. паласы надводнай расліннасці да 50 м, пашырана да глыб. 1,7 м, падводная расліннасць да глыб. 2,5 м. Упадаюць каля 20 ручаёў, у т. л. з Кулікоўскага воз., пратокай злучана з Багданаўскім возерам.