1) суб’ектыўны вобраз аб’ектыўнай рэальнасці, вынік асваення свету чалавекам, прадстаўлены ў формах яго свядомасці, дзейнасці і культуры (у гэтым сэнсе І. звычайна проціпастаўляецца матэрыяльнаму). Сферу І. ўтвараюць пачуццёвыя і мысліцельныя вобразы, спосабы іх пабудовы і аперыравання імі, духоўныя каштоўнасці і арыентацыі і інш. І. — своеасаблівая рэальнасць, звязаная са свядомасцю чалавека і яго псіхікай; адмысловая сутнасная характарыстыка свядомасці. Як і свядомасць, І. мае ўнутраныя (псіхічныя) і знешнія (быційныя) формы выяўлення. Перш за ўсё І. звязана з вобразным адлюстраваннем на ўзроўні пачуццяў і ўражанняў. Наступным этапам з’яўляецца суб’ектыўная ацэнка ўласцівасцей і іх выяўленне ў выглядзе моўных паняццяў. Удасканальванне гэтай сістэмы вядзе да ўдасканальвання мовы (з’яўляюцца пісьменства, кнігадрукаванне). У выніку ўдасканальваецца і сама сфера І. — з’яўляюцца філас. і тэалагічныя сістэмы, узнікае навука, літ. творчасць. З дапамогай мовы І. выходзіць за межы індывід. свядомасці, набывае характар феномена духоўнай культуры, грамадскай свядомасці. Сутыкаючыся з прадметамі культуры, чалавек адчувае іх ідэальны сэнс і да прадметаў прыроды пачынае ставіцца як да чагосьці створанага, вырабленага, што надае ім асаблівы чалавечы сэнс. Так адбываецца перанясенне сэнсаў з прадметаў культуры на прадметы прыроды, іх ажыўленне, адушаўленне і абагаўленне. Прадметы прыроды надзяляюцца ідэальнасцю, а паступова і само І. робіцца аб’ектам рэальнасці. Так з’яўляюцца вера ў самастойнае існаванне душы, у духа, у бога (гл. таксама Абстракцыя, Свядомасць, Псіхіка).
2) Нешта дасканалае, якое адпавядае ідэалу.
3) Вынік працэсу ідэалізацыі — абстрактны аб’ект, які не можа быць дадзены ў доследзе (напр., ідэальны газ, кропка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРЛА́НДСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1641—52,
нац.-вызв. паўстанне супраць ператварэння Ірландыі ў англ. калонію. Адбылося ў пач.Англійскіх рэвалюцый 17 стагоддзя. Выклікана зямельнымі канфіскацыямі ў Ірландыі, каланізацыяй англічанамі Ольстэра, каланізатарскімі намерамі англ.Доўгага парламента, нац. і рэліг. дыскрымінацыяй ірландцаў і англа-ірландцаў. Пачалося 23.10.1641. За некалькі дзён 15—17 тыс.узбр. паўстанцаў (да 6 ліст. 100—300 тыс. паўстанцаў; галоўнакаманд. Ф.О’Ніл) пры адсутнасці ў Ірландыі значных англ. войск (па асобных невял. гарнізонах былі раскіданы 2—3 тыс.англ. вайскоўцаў) авалодалі важнейшымі стратэг. пунктамі і крэпасцямі Ольстэра, разграмілі шмат маёнткаў каланістаў. Праходзіла пад лозунгамі вяртання экспрапрыіраваных зямель, ліквідацыі самавольства англ. чыноўнікаў; частка паўстанцаў (пераважна знаць) падтрымлівала англ. караля Карла I у яго процістаянні з парламентам. Паўстанцаў падтрымлівалі грашамі, зброяй, амуніцыяй і добраахвотнікамі (пераважна ірландцы-эмігранты) рым. папа і каталіцкія краіны Еўропы, што садзейнічала пашырэнню паўстання на ірл. правінцыі Конат, Ленстэр, Манстэр. 24.10.1642 тут утворана дзяржава паўстанцаў — Ірл. канфедэрацыя католікаў (сталіца — г. Кілкені). Ва ўмовах грамадз. войнаў у Англіі 1642—46 і 1647—49 кіраўніцтва Канфедэрацыі спадзявалася на кампраміс з Карлам I і заключыла з ім перамір’е (1643), потым мір (1646, адноўлены ў 1649). Пасля паражэння караля ў барацьбе з парламентам у Дубліне 15.8.1649 высадзілася 12-тысячная англ. парламенцкая армія на чале з О.Кромвелем, якая паступова задушыла паўстанне (загінула 1/3ірл. насельніцтва). 26.9.1652 англ. парламент абвясціў пра ліквідацыю «мяцяжу» ў Ірландыі.
Літ.:
Сапрыкин Ю.М. Ирландское восстание XVII в. М., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬМІНА́ЦЫЯ (ад лац. culmen вяршыня),
1) у літаратурным творы — найбольш напружаны момант у развіцці дзеяння, вырашальны, пераломны момант ва ўзаемаадносінах, сутыкненнях герояў або паміж героем і абставінамі. У К. раскрываецца вастрыня канфлікту, што рэалізуецца ў сюжэце твора. К. найлепш выяўляецца ў творах эпічных і драм. жанраў. Напр., у апавяданні Я.Коласа «Малады дубок» К. — сцэна прызнання Андрэя Плеха ляснічаму аб пакражы ў панскім лесе. У навеле К. звычайна перанесена бліжэй да фіналу, уяўляе сабой кантрастную сітуацыю ў адносінах да нечаканай развязкі; у рамане ці драме развязка пасля К. адбываецца паступова. У творах вял. формы кожная сюжэтная лінія мае сваю К.
2) У музыцы — момант найвышэйшага напружання ў муз. творы ці якой-н. адносна завершанай яго частцы. Прысутнічае ва ўсіх узроўнях формы музычнай (свае К. ўзнікаюць у фразе, сказе, перыядзе і інш.), і таму форма твора — сістэма кульмінацый. К. мелодыі ці ўсяго твора звычайна знаходзіцца паблізу ад пункта залатога сячэння (напр., гук ці група гукаў, якія ўтвараюць рэгістравую вяршыню ў 2-й пал. меладычнай пабудовы; працяглая кульмінацыйная зона ў санатнай форме на мяжы распрацоўкі і рэпрызы). Гал. (генеральная) К. ўтварае сэнсавы цэнтр твора перад прынцыповым завяршэннем формы. У арганізацыі К. могуць удзельнічаць усе муз.-выразныя сродкі: гукавышыннасць. гучнасная дынаміка, метрычныя акцэнты, ладавая няўстойлівасць, фактура, аркестроўка і інш. К. музычна-сцэн. твора фарміруецца ў адпаведнасці з агульнымі законамі драмы (гл.Драматургія музычная).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЎРА́ЗІЯ [ад назвы Лаўрэнцьеўскі шчыт (цяпер Канадскі шчыт) + Азія],
старажытны суперкантынент, што аб’ядноўваў мацерыкі Паўн. паўшар’я — Паўн. Амерыку, Еўропу і Азію. Стварыўся ў палеазоі ў выніку пераўтварэння Атлантычнага, Урала-Мангольскага, Арктычнага і Міжземнаморскага геасінклінальных паясоў у складкавыя, якія паступова звязалі стараж. платформы паўн. рада; Канадскую (Лаўрэнцію), Усх.-Еўрапейскую, Сібірскую, а таксама Калымскі масіў. У канцы сілуру — пачатку дэвону (канец эпохі каледонскай складкавасці) паўн.ч. Атлантычнага геасінклінальнага пояса перайшла ў стадыю арагенезу і злучыла Паўн.-Амерыканскую і Усх.-Еўрапейскую платформы ў адзіны кантынентальны масіў — Лаўрусію. З сярэдзіны карбону б.ч. Урала-Ахоцкага і Міжземнаморскага геасінклінальных паясоў пачала пераўтварацца ў складкавыя, што ў позняй пярмі—сярэдзіне трыясу прывяло да аб’яднання Лаўрусіі з Сібірскай платформай у Лаўразію. Л. размяшчалася бліжэй да экватара і шырокім марскім басейнам ак.Тэціс аддзялялася ад суперкантынента Паўд. паўшар’я Гандваны. Паводле геал. даных вызначана сувязь паміж зах. часткамі Л. і Гандваны (усх. часткі былі больш раз’яднаныя). Пазней, але таксама ў пярмі — сярэдзіне трыясу Л. і Гандвана разам з Кітайска-Карэйскай платформай і Паўднёва-Кітайскай платформай былі адзіным звышкантынентам, якому А.Вегенер (гл.Вегенера гіпотэза) даў назву Лангея. Распад Пангеі, а разам з ёй Л. і Гандваны пачаўся 200 млн. гадоў назад (у канцы трыясавага — пачатку юрскага перыяду мезазойскай эры). У сярэдзіне мезазою Л. распалася на 2 часткі — Паўн. Амерыканскую і Еўразіяцкую, з утварэннем паміж імі Атлантычнага акіяна. У выніку дрэйфу кантынентаў каля 10 млн. гадоў назад Паўн. Амерыка і Еўразія занялі сучаснае становішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІСТРА́Т (ад лац. magistratus начальнік, чыноўнік, улада),
выбарны адм. і судовы орган у гарадах Цэнтр. і Усх. Еўропы, якія мелі права на самакіраванне (магдэбургскае права або інш.). У ВКЛ уводзіліся з канца 14—15 ст. У велікакняжацкіх гарадах Беларусі і Літвы М. складаўся з гар.рады і лавы. Рада займалася справамі гар. кіравання і суда па маёмасных і цывільных справах мяшчан. Лава выконвала функцыі суда па крымінальных справах гараджан. Гал. распарадчую ўладу ў гар. абшчыне выконваў войт, які ўзначальваў войтаўскі суд або войтаўска-лаўніцкі суд. Гал. органам самакіравання была рада, якая складалася з бурмістраў і радцаў, дзейнічаў бурмістраўска-радзецкі суд. У прыватнаўладальніцкіх гарадах у склад М. ўваходзілі войт, бурмістры, радцы, лаўнікі і гар. пісар, якія засядалі разам. У 17—18 ст. ў М. часта дзесяцігоддзямі засядалі прадстаўнікі некалькіх сямей, звычайна з заможных купцоў і цэхмістраў, М. ператвараўся ў орган карпаратыўнага кіравання горадам з боку мяшчанскай алігархіі. М. на аснове магдэбургскага права праіснавалі на Беларусі да канца 18 ст. і былі скасаваны пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі ўказамі Кацярыны II у 1775 (для ўсх. часткі Беларусі) і 1795 (для цэнтр. і зах. яе частак). У Расіі М. як органы саслоўнага самакіравання ўзніклі ў 1720. У 1775 пераўтвораны ў губернскія і павятовыя суды для гар. саслоўяў (мяшчанства і купецтва), існавалі і на Беларусі. Паводле Даравальнай граматы гарадам 1785 М. ўвайшлі ў сістэму гар. самакіравання, але засталіся ў асн.суд. ўстановамі. Пасля суд. рэформы 1864 паступова скасаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮ́ЗІК-ХОЛ (англ. music-hall канцэртная зала),
від эстраднага тэатра. Праграмы М.-х. складаюцца з невял. нумароў розных жанраў і ўяўляюць сабой муз.-эстр. канцэрты ці тэматычна і сюжэтна цэльныя муз.-эстр. спектаклі (агляды, рэвю). У пач. 18 ст. М.-х. — паказы ў англ. тавернах, дзе шырока выкарыстоўваліся прыёмы фарса, буфанады, гратэску. Адзін з першых М.-х. арганізаваны ў прыгарадзе Лондана (Воксхал). У 1890 у Лондане адкрыты М.-х. «Альгамбра», у аглядах якога выступалі эстр. і цыркавыя артысты. Першапачаткова гэтыя відовішчы прызначаліся для дэмакр. гледача. Паступова для еўрап. і амер. М.-х. стала тыповым захапленне экстравагантнымі сцэн. трукамі, пышнымі відовішчамі (рэвю). У М.-х. розных краін склаліся свае жанравыя асаблівасці: у Францыі і Італіі пераважаюць вакальныя, муз.-інструментальныя і тэлевізійныя формы, у Германіі — моўныя і эстр.-цыркавыя, у ЗША — эстр.-вадэвільныя, эксцэнтрычныя з «гёрлс» (girls) у якасці аднаго з вядучых кампанентаў паказу. Сярод майстроў замежных М.-х. Ж.Бейкер, І.Гільбер, К. дэ Мерод, Б.Кларк, Ж.Містэнгет, Э.Піяф, М.Шэвалье. У СССР першы М.-х. адкрыты ў 1923 у маскоўскім садзе «Акварыум». У 1926 пачаў працаваць М.-х. у памяшканні 2-га Дзяржцырка. Да сярэдзіны 1930-х г. М.-х. дзейнічалі ў Ленінградзе, Горкім, Растове-на-Доне, Баку, Таганрогу і інш. У 1960-я г. М.-х. зноў створаны ў Маскве, Ленінградзе і інш. гарадах.
Літ.:
Уварова Е.Д. Эстрадный театр: миниатюры, обозрения, мюзик-холлы (1917—1945). М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЗЕ́Л ПРА́ЦЫ,
1) грамадскі П.п. — дыферэнцыяцыя, спецыялізацыя прац. дзейнасці, якая прыводзіць да вылучэння і ажыццяўлення розных яе відаў і з’яўляецца асн. умовай узнікнення таварнай вытворчасці.
П.п. існаваў і ў першабытнай абшчыне (адны яе члены выраблялі прылады працы, другія — прадметы быту ці інш. вырабы). Але ўласнікам усіх прадуктаў была абшчын; і яны не паступалі ў абмен ці ў продаж. Паступова ва ўзаемаадносінах розных абшчын пачаў развівацца пераход прадуктаў з адной абшчыны ва ўласнасць другой шляхам абмену і куплі-продажу. З развіццём грамадства і з’яўленнем прыватнай уласнасці і прыбавачнага прадукту, які ствараўся звыш неабходнага для падтрымання жыцця вытворцаў, узнік грамадскі П.п., пры якім вытворцы спецыялізаваліся на вырабе пэўных прадуктаў, паявіліся новыя галіны вытв-сці. Гэта ўзмацніла працэс адасаблення вытворцаў, яны атрымалі свабоду выбару віду гасп. дзейнасці, уласнасць на выраблены прадукт і пэўныя абавязацельствы перад грамадствам, дзяржавай і партнёрамі. Эканам. адасабленне таваравытворцаў адыграла вял ролю ў развіцці эканам. працэсаў, пераходзе да рыначных адносін, састаўной часткай якіх з’яўляецца ўмацаванне эканам. самастойнасці прадпрыемстваў.
2) Працэс размеркавання працы па сферах дзейнасці, у якіх ён найб. прадукцыйны, па відах работ, дзе найлепш выкарыстана кваліфікацыя работніка.
3) Міжнародны П.п. — сканцэнтраванне вытв-сці асобных відаў тавараў у тых краінах, дзе іх вытв-сць эканамічна больш мэтазгодная ў сувязі з геагр. становішчам, кліматам і наяўнасцю прыродных рэсурсаў, а таксама прац. рэсурсаў і капіталу. Такі П п. спрыяе лепшаму задавальненню патрэб, павышэнню занятасці, развіццю сусв. інтэграцыйных працэсаў. Развіццё сусв.гасп. сувязей з’яўляецца матэрыяльнай асновай узаемазалежнасці краін у сусв. эканоміцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУНІ́ЧНАЕ ПІСЬМО́,
адзін з тыпаў пісьма, знакі якога (руны) мелі завостраныя абрысы. Р.п. карысталіся з пач.н.э. скандынаўскія, англасаксонскія, герм. і некат. інш. плямёны. Руны высякалі ці выразалі на камені, метале, косці, дрэве і інш. Захаваліся і рукапісныя руны на пергаменце. Рунічныя надпісы знойдзены ў Скандынавіі (3 ст.), Германіі, Англіі (6—7 ст.), Францыі, Грэцыі, Румыніі і інш. краінах. Усяго вядома каля 4 тыс. рунічных помнікаў, самы вядомы — Дацкі кодэкс законаў 13—14 ст.Р.п. адносіцца да вакалізавана-гукавога тыпу: гукавое значэнне кожнай літары супадала з пачатковым гукам яе назвы. Літары пісаліся пераважна злева направа. Алфавіт стараж. рунаў складаўся з 24 знакаў (т.зв. старшыя руны, або футарк). З 11 ст. ў скандынаўскіх краінах пачалі ўжываць алфавіт з 16 літар (малодшыя руны), у якім адным знакам абазначаліся глухія і звонкія гукі, галосныя з умляўтам і без яго. З 11 ст. ў Даніі, пазней у Нарвегіі на базе малодшых рунаў фарміравалася пункціраванае Р.п.; да 16 літар дадаваліся кропкі і рыскі, што дазваляла больш дакладна абазначаць блізкія, але розныя гукі. З пашырэннем хрысціянства ў Еўропе язычніцкае Р.п.паступова выцеснена лацінскім пісьмом, але ў Скандынавіі яно праіснавала да 14 ст., цалкам знікла ў 20 ст. Існуе шмат гіпотэз генет. сувязі Р.п. з фінікійскім пісьмом, з алфавітамі грэч., лац. і паўн.-італійскім, а таксама з сістэмамі знакаў уласнасці, лічэння, магіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ЛЬФЫ (грэч. Delphoi),
старажытны горад у Грэцыі каля падножжа гары Парнас у паўд.-зах. Факідзе. Буйны рэліг. цэнтр з храмам і аракулам бога Апалона. У 7—6 ст. да н.э. Д. набылі ролю агульнагрэч. свяцілішча. З 582 да н.э. ў іх праходзілі агульнагрэч. піфійскія гульні, на час якіх усталёўвалася свяшчэннае перамір’е. З дароў Апалону ў Д. назапасіліся вял. скарбы і горад стаў буйным крэдытна-пазыковым цэнтрам. У 279 да н.э. Д. спустошаны галамі, у 189 да н.э. захоплены рымлянамі, у 86 да н.э. абрабаваны Сулам, які вывез адсюль творы мастацтва. Пасля дэкрэта рым. імператара Феадосія I аб закрыцці храма (391 н.э.) горад паступова заняпаў. Цяпер Д. — невял. населены пункт.
З горным рэльефам гарманічна спалучаюцца помнікі Д., адкрытыя раскопкамі з 1892: храм Апалона Піфейскага (6 ст. да н.э., перабудаваны ў 4 ст. да н.э., арх. Ксенадор і Агатан), скарбніцы сіфнійцаў (каля 525 да н.э.), афінян (480 да н.э.) і інш., стоя (галерэя-порцік) афінян (475 да н.э.), выбіты ў скале т-р на 5 тыс. гледачоў (4 ст. да н.э.) — на свяшчэнным участку Апалона. Фундаменты старога (канец 7 ст. да н.э.) і новага (канец 6 ст. да н.э.) храмаў Афіны Пранаі, круглая ў плане грабніца — фалос (пач. 4 ст. да н.э.) — на свяшчэнным участку Афіны. Стадыён (каля 460 да н.э.), гімнасій (334—327 да н.э.), басейн Кастальскай крыніцы (7 ст. да н.э.). Арх. музей (каштоўныя зборы ант. мастацтва — надпісы, скульптуры, у т. л. бронзавая статуя возніка, рэльефы і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРМЕНЕ́ЎТЫКА (грэч. hermēneutikē ад hermēneuō растлумачваю, тлумачу),
майстэрства тлумачэння стараж.рэліг. і гіст. тэкстаў; вучэнне аб прынцыпах іх інтэрпрэтацыі, якое спалучала асновы багаслоўя і філалогіі.
2) Вучэнне аб разуменні тэкстаў твораў, метадалагічная аснова гуманітарных навук. Выкарыстоўваецца таксама ў музыцы і юрыспрудэнцыі (тлумачэнне законаў). Узнікла ў эпоху элінізму ў сувязі з даследаваннем класічных тэкстаў. Найб. развіццё як метадалагічны прыём атрымала ў рамках экзегетыкі пры тлумачэнні тэкстаў Бібліі і іх пачуццёва-літаральнага сэнсу. З пачаткам фарміравання ў эпоху Адраджэння класічнай філалогіі, незалежнай ад тэалогіі, герменеўтыка выступала як майстэрства перакладу помнікаў мінулай ант. культуры на мову жывой, сучаснай культуры. Выкарыстоўваецца таксама ў музыцы і юрыспрудэнцыі (тлумачэнне законаў). Як агульнафілас. праблема герменеўтыкі пастаўлена ў раннім ням. рамантызме Ф.Шлегелем і распрацавана Ф.Шлеермахерам. Як метад уласна гіст. інтэрпрэтацыі далей распрацоўвалася прадстаўнікамі т.зв.гіст. школы (Л.Ранке, І.Г.Дройзен, В.Дзільтэй). У 1920-я г.паступова выпучылася ў адну з асн. метадалагічных працэдур у рамках уласна экзістэнцыялізму (Э.Гусерль, М.Хайдэгер), а потым і ва ўласна філасофскай герменеўтыцы (Г.Г.Гадамер, Ю.Хабермас). У 1960—70-я г. праблемы герменеўтыкі распрацоўвалі П.Рыкёр, Т.Кун, Э.Карэт, Э.Гайнтэль і інш. Пры ўсіх адрозненнях варыянтаў філас. герменеўтыкі агульнымі яе рысамі з’яўляюцца недавер да непасрэднага сведчання свядомасці, да абвешчанага Р.Дэкартам прынцыпу непасрэднай верагоднасці самапазнання і зварот да «ўскоснага сведчання» аб жыцці, свядомасці, якія ўвасабляюцца не столькі ў логіцы, колькі ў мове.
Літ.:
Михайлов А.А. Современная философская герменевтика. Мн., 1984;
Рикер П. Герменевтика. Этика. Политика: Моск. лекции и интервью: Пер. с фр.М., 1995;
Szondi P. Einführung in die literarische Hermeneutik. Frankfurt-am-Main, 1975;
Hermeneutics and Modern Philosophy. New York, 1986.