КА́ЛУС, калюс (ад лац. callus тоўстая скура, мазоль),
тканкавае новаўтварэнне ў раслін на паверхні ранення. Узнікае на трэшчынах, у аснове чаранка, у месцах зрастання прышчэпы з прышчэпкам і інш. Спрыяе загойванню ран. Складаецца з парэнхімных клетак, паблізу якіх назіраецца рост, абумоўлены актыўнасцю мерыстэмы. Потым магчыма ўтварэнне лубу, драўніны і інш. тканак. У К. могуць закладвацца прыдаткавыя карані і пупышкі. Выкарыстоўваюць для атрымання культуры ізаляваных тканак.
т. 7, с. 487
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУГЛАВЯЗА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,
машына, якая вырабляе трыкатажнае палатно (вязаннем) для бялізны і верхняга адзення. Бываюць 1- і 2-фантурныя (з 1 або 2 ігольніцамі), з жакардавымі (узораўтваральнымі) механізмамі і без іх. На аднафантурных атрымліваюць кулірнае, плаціраванае і начоснае палатно, на двухфантурных — палатно з гладкімі, жакардавымі і няпоўнымі перапляценнямі. Асн. часткі К.м.: вязальны і таварапрыёмны механізмы, шпулярнік, прылада для выдалення пуху, лубрыкатар (для падачы змазкі на паверхні, што труцца).
т. 8, с. 481
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМНАФІ́ЛЬНЫЯ ЖЫВЁЛЫ,
жывёлы азёр, вадасховішчаў, сажалак. Па размяшчэнні ў вадаёме вылучаюць арганізмы, якія жывуць на дне (бентас), у тоўшчы вады (нектон, планктон), на воднай паверхні, на мяжы вады і атмасферы (нейстон, плейстон). Л.ж., у адрозненне ад рэафілаў, менш патрабавальныя да колькасці кіслароду ў вадзе, у іх няма органаў прымацавання да субстрату. Асобныя віды Л.ж. разглядаюцца як біял. індыкатары воднага асяроддзя. Гл. таксама Лімнабіёнты.
В.В.Вежнаеец.
т. 9, с. 261
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАСЕ́ЙСМЫ (ад мікра... + грэч. seismos ваганне, землетрасенне),
пругкія ваганні зямной паверхні. М. першага роду (перыяд 2—10 с), асабліва інтэнсіўныя на астравах і марскіх берагах, узнікаюць ад дзеяння тайфунаў і цыклонаў; другога роду (перыяд 0,1—0,001 с) — ад змены атмасфернага ціску, уздзеяння ветру на зямную паверхню, дзейнасці прамысл. прадпрыемстваў, работы транспарту, марскога прыбою і інш. Амплітуда М. ад доляў мікрона да соцень мікронаў, звычайна некалькі мікронаў.
т. 10, с. 361
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКЕЛІ́РАВАННЕ,
нанясенне на паверхню метал. (часам і неметал.) вырабаў слоя нікелю для аховы іх ад карозіі і ў дэкар. мэтах (наданне паверхні бліскуча-серабрыстага колеру). Таўшчыня нікелевага пакрыцця ад дзесятых долей мікраметра да 20—30 мкм і больш. Робіцца пераважна электралітычным спосабам (гл. Гальванатэхніка), а таксама хім. — аднаўленнем іонаў нікелю з яго солей. Каб паменшыць порыстасць пакрыцця, папярэдне робяць латуніраванне, мядненне або наносяць шматслойнае пакрыццё.
т. 11, с. 340
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІСА́ДНАЯ ТКА́НКА, слупкаватая тканка,
хларафіланосная тканка ліста, найб. прыстасаваная да выканання функцыі фотасінтэзу. Мае 3/4—4/5 усіх хларапластаў ліста. Доўгія восі падоўжаных клетак П.т. арыентаваны перпендыкулярна да паверхні ліста. Звычайна П.т. фарміруецца пад верхнім эпідэрмісам і мае адзін або некалькі слаёў клетак, часам утвараецца на верхняй і ніжняй паверхнях ліста, часам займае ўсю яго таўшчыню (трапляецца ў раслін сухіх і сонечных мясцін існавання).
т. 12, с. 8
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАШЧЫТАПАДО́БНЫЯ ЗАЛО́ЗЫ, каляшчытападобныя залозы,
залозы ўнутранай сакрэцыі чалавека і жывёл. Складаюцца з 4 або 8 невял. цел, размешчаных на задняй паверхні шчытападобнай залозы. Целы ўкрыты агульнай са шчытападобнай залозай капсулай і тонкімі ўласнымі абалонкамі, ад якіх унутр цел адыходзяць перагародкі. Парэнхіма П.з. пабудавана з цяжоў і згуртаванняў клетак двух тыпаў — гал. (сакратуюць паратгармон) і аксіфільных. Рэгулююць кальцыевы і фосфарны абмен у арганізме.
А.А.Арцішэўскі.
т. 12, с. 96
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСКА́ЛЬ,
адзінка ціску і напружання механічнага ў СІ. Абазначаецца Па. П. роўны ціску, выкліканаму сілай 1 Н, раўнамерна размеркаванай па нармальнай да яе паверхні плошчай 1 м²: 1 Па = 1 Н/м² = 1015 бар = 7,5∙1013 мм рт. сл. = 0,102 мм вадз. сл. У практыцы вымярэнняў выкарыстоўваюцца кратныя адзінкі кілапаскаль і мегапаскаль: 1 кПа = 103 Па, 1 МПа = 106 Па. Названа імем Б.Паскаля.
т. 12, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕЙСТО́Н (ад грэч. plein плысці на судне),
сукупнасць водных арганізмаў, якія трымаюцца на паверхні вады або паўпаглыбленыя ў яе. Прадстаўнікі марскога П. найб. разнастайныя. Для многіх арганізмаў з П. характэрна ўтварэнне газавых камер (напр., сіфанафора фізалія) або выдзяленне пеністых паплаўкоў (актынія мініяс, малюск янціна і інш.); інш. выкарыстоўваюць паверхневую плеўку вады як апору (напр., малюск глаўкус). З раслін да П. адносяцца, напр., саргасавыя водарасці, раска.
т. 12, с. 421
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁМЕТРЫ́ЧНЫ ЭФЕ́КТ,
узнікненне сілы адштурхоўвання паміж 2 паверхнямі, якія размешчаны ў разрэджаным газе і вытрымліваюцца пры розных т-рах. Тлумачыцца тым, што малекулы газу адскокваюць ад гарачай паверхні з большай кінетычнай энергіяй, чым малекулы, якія ўзаемадзейнічаюць з халоднай паверхняй. У выніку паверхня халоднай пласціны, павернутая да гарачай, атрымлівае большы імпульс, чым процілеглая. На Р.э. заснаваны прынцып работы радыяметра Крукса (вяртушкі Крукса) і радыёметрычнага манометра.
т. 13, с. 233
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)