БУШ ((Busch) Эрнст) (22.1.1900, г. Кіль, Германія — 18.6.1980),
нямецкі спявак (барытон) і драм. акцёр. Чл. Нямецкай АМ. З 1921 працаваў у розных т-рах Германіі, выконваў сатырычныя паліт. і рэв. песні ў «чырвоных кабарэ» і рабочых клубах. Стварыў уласны выканальніцкі стыль, адзначаны рэв. пафасам, аратарскай выразнасцю. У садружнасці з паэтамі Б.Брэхтам і Э.Вайнертам, кампазітарамі Г.Эйслерам і К.Вейлем стварыў шэраг папулярных песень. Антыфашыст, у 1933 эмігрыраваў з Германіі. З 1945 адзін з вядучых акцёраў «Нямецкага тэатра», у 1950—60 — т-ра «Берлінер ансамбль». Уклад у муз. мастацтва — анталогія грампласцінак Буша «Песенная хроніка XX ст.». Нац. прэмія ГДР 1949, 1956, 1970, 1979.
Літ.:
Шнеерсон Г.М. Эрнст Буш и его время. М., 1971;
Hoffmann L., Siebig K.E. Busch: Eine Biogr. in Texten, Bildern und Dokumente. Berlin, 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЛЬРАФ ((Wallraff) Гюнтэр) (н. 1.10.1942, г. Буршайд, Германія),
нямецкі пісьменнік, публіцыст. Стаў шырока вядомы дзякуючы сваім палітычна завостраным рэпартажам, у аснове якіх — уласныя назіранні за жыццём рабочых (у т. л. замежных у ФРГ, а таксама за метадамі работы «бульварнай» прэсы («Ты нам патрэбны», 1966; «Трынаццаць непажаданых рэпартажаў», 1969; «Новыя рэпартажы», 1972; «Вы там, уверсе, мы тут, унізе», 1973, сумесна з Б.Энгельманам; «Нараджэнне сенсацыі. Чалавек, які ў Більдзе быў Гансам Эсэрам», 1977; «На самым дне», 1985; «Позірк у паперы», 1987, і інш.). Аўтар шэрагу тэле- і радыёп’ес.
Тв.:
Ganz unten. 3. Aufl. Berlin;
Weimar, 1987;
Рус.пер. — Нежелательные репортажи. М., 1982;
Репортер обвиняет: Худож. публицистика. М., 1988.
Літ.:
История немецкой литературы: Пер. с нем. М., 1983. Т. 3. С. 247, 149—250, 271.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́СЕРМАН ((Wassermann) Якаб) (10.3.1873, г. Фюрт, Германія — 1.1.1934),
нямецкі і аўстрыйскі пісьменнік. У сярэдзіне 1880-х г. супрацоўнічаў з час. «Simplicissimus» («Сімпліцысімус»). Набыў вядомасць як аўтар раманаў «Габрэі з Цырндорфа» (1897), «Молах» (1903), «Чалавечак з гусямі» (1915), «Этцэль Андэргаст» (1931) і асабліва «Каспар Гаўзер, або Лянота сэрца» (1908) і «Справа Маўрыцыуса» (1928), у цэнтры якіх — герой-самотнік, шукальнік праўды, які супрацьстаіць варожаму свету. У творах Васермана поўнае напружання дзеянне спалучаецца з псіхал. рэалізмам, узмоцненым псіхааналізам, маралістычнай крытыкай грамадства і яго інстытутаў (уплыў Ф.М.Дастаеўскага). Аўтар сатыр. п’есы «Камедыя хлусні» (1898), кн. «Дух пілігрыма» (1923).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЙЗЕНБЕРГ, Гейзенберг (Heisenberg) Вернер Карл (5.12.1901, г. Вюрцбург, Германія — 1.2.1976), нямецкі фізік-тэарэтык, адзін з заснавальнікаў квантавай механікі. Скончыў Мюнхенскі (1923) і Гётынгенскі (1924) ун-ты. Праф. Лейпцыгскага (з 1927), Берлінскага (з 1941), Гётынгенскага (з 1946), Мюнхенскага (з 1958) ун-таў. З 1941 дырэктар Ін-та фізікі кайзера Вільгельма, з 1948 — Фіз. ін-та, з 1958 — Ін-та фізікі і астрафізікі. Навук. працы па квантавай механіцы, квантавай электрадынаміцы, ядз. фізіцы, фізіцы элементарных часціц, адзінай тэорыі поля. Прапанаваў матрычны варыянт квантавай механікі (1925), сфармуляваў прынцып неазначальнасці (1927), увёў канцэпцыю матрыцы рассеяння (1943). Высветліў прыроду ферамагнетызму, растлумачыў абменны характар ядз. сіл. Нобелеўская прэмія 1932.
Тв.:
Рус.пер. — Теория атомного ядра. М., 1953;
Философские проблемы атомной физики. М., 1953;
Введение в единую полевую теорию элементарных частиц. М., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́БЕЛЬ ((Hebbel) Крысціян Фрыдрых) (18.3.1813, Весельбурэн, зямля Шлезвіг-Гольштэйн, Германія — 13.12.1863),
нямецкі драматург, паэт і празаік. Вывучаў права, філасофію, л-ру ў Гайдэльбергскім і Мюнхенскім ун-тах (1836—39). У аснове яго драматургіі метафізічная канцэпцыя ўсеагульнай віны чалавека, які толькі пакутамі і ахвярнасцю, блізкімі да самазнішчэння, можа наблізіць выратаванне свету. Вядомасць Гебелю прынесла ўжо першая п’еса «Юдзіф» (1840). П’еса «Марыя Магдаліна» (1844) паклала пачатак сучаснай мяшчанскай трагедыі. Сярод лепшых яго твораў «Ірад і Марыямна» (1850), «Агнеса Бернаўэр» (1851), «Гіг і яго пярсцёнак» (1856), трылогія «Нібелунгі» (1862), дзе аўтар імкнуўся праз старажытнае і легендарнае спасцігнуць сучаснасць. Пісаў таксама вершы, навелы. Свае эстэт.-філас. погляды выклаў у працах «Маё слова пра драму» (1843), «Пра стыль драмы» (1847) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕО́РГЕ ((George) Стэфан) (12.7.1868, г. Бюдэсгайм, Германія — 4.12.1933),
нямецкіпаэт. Адзін з вядучых прадстаўнікоў ням. сімвалізму. У 1892—1919 выдаваў заснаваны ім элітарны час. «Blátter für die Kunst» («Лісткі мастацтва»), вакол якога гуртаваліся паэты і вучоныя (т.зв. george-Kreis). Аўтар зб-каў вершаў «Гімны» (1890), «Паломніцтвы» (1891), «Кнігі пастухоўскіх і хвалебных вершаў, паданняў і песень» (1895), «Дыван жыцця і песні пра сон і смерць з пралогам» (1905), «Сёмае кола» (1907), «Зорка саюзу» (1914), «Вайна» (1917), «Тры напевы» (1921) і інш. У сваёй творчасці арыентаваўся на самапаглыбленасць мастака і самадастатковасць мастацтва, незалежнага ад рэчаіснасці. Некаторыя матывы ў позняй творчасці Георге (зб. «Новае царства», 1928) былі выкарыстаны ням. нацысцкімі ідэолагамі. Але паэт, адмаўляючы фашызм, эмігрыраваў і памёр у выгнанні.
Тв.:
Рус.пер. — [Стихотворения] // Западноевропейская поэзия XX в. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРЦ ((Hertz) Генрых Рудольф) (22.2.1857, г. Гамбург, Германія — 1.1.1894),
нямецкі фізік, адзін з заснавальнікаў электрадынамікі. Скончыў Берлінскі ун-т (1880) і быў асістэнтам у Г.Гельмгольца. З 1885 праф. Вышэйшай тэхн. школы ў Карлсруэ, з 1889 Бонскага і Берлінскага ун-таў. Навук. працы па механіцы і электрадынаміцы. Прапанаваў поўную тэорыю ўдару пругкіх шароў (1882), даў строга навук. азначэнне паняцця цвёрдасці цел. Сканструяваў эл.-магн. генератар (вібратар Герца) і рэзанатар, з дапамогай якіх эксперыментальна даказаў існаванне эл.-магн. хваль (1886—89). Эксперыментальна пацвердзіў тоеснасць уласцівасцей эл.-магн. і светлавых хваль, адкрыў знешні фотаэфект (1887). Яго імем названа адзінка частаты — герц.
Літ.:
Григорьян А.Т., Вяльцев А.Н. Генрих Герц. М., 1968;
Голин Г.М., Филонович С.Р. Классики физической науки (с древнейших времен до начала XX в.). М., 1989. С. 524—537.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАЦЫЯ́НСКІ (Мікалай Паўлавіч) (кастр. 1886, г. Скапін Разанскай вобл., Расія — 4.11.1945),
расійскі гісторык-медыявіст. Скончыў Казанскі ун-т (1910), выкладаў у ім (1910—20, з 1917 праф.). З 1920 у Ін-це гісторыі пры Маскоўскім ун-це (пазней Ін-т гісторыі АНСССР), Маскоўскім аддзяленні Дзярж. акадэміі гісторыі матэрыяльнай культуры. Аўтар прац «Парыжскія рамесныя цэхі ў XIII—XV ст.» (1911), «Французская вёска XII—XIV ст. і Жакерыя» (1935), «Нямецкі «Drang nach Osten» у фашысцкай гістарыяграфіі», «Барацьба славян і народаў Прыбалтыкі з германскай агрэсіяй у сярэднія вякі» (1943), «Карл Вялікі і славяне», «Дзейнасць Канстанціна і Мяфодзія ў Вялікамараўскім княстве» (абедзве 1945) і інш. Пераклаў на рус. Мову адну з варварскіх праўд — Салічную (1913).
Тв.:
Из социально-экономической истории западно-европейского средневековья: Сб. ст.М., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЁБЛІН ((Döblin) Альфрэд) (10.8.1878, г. Шчэцін, Польшча — 28.6.1957),
нямецкі пісьменнік. Як ваен. ўрач удзельнічаў у 1-й сусв. вайне. У 1933—45 і з 1953 — у эміграцыі. Адзін з прадстаўнікоў ням.экспрэсіянізму, у рэчышчы якога напісаны раманы — філас. «Тры скачкі Ван-Луня» (1915), гіст. «Валенштэйн» (1920), утапічны «Горы, моры і гіганты» (1924). Аўтар раманаў «Гамлет, або Канец доўгай ночы» (1956), трылогіі «Амазонкі» (1937—48), тэтралогіі «Лістапад 1918» (1938—50), апавяданняў, п’ес, літ.-крытычных і публіцыстычных прац. Вяршыня творчасці — своеасаблівы «раман выхавання» — «Берлін, Александэрплац» (1929). У творах Дз. традыц. манера пісьма спалучаецца з эксперыментальнай, паглыбленасць у душэўны свет герояў з глыбокімі філас.-сімвалічнымі абагульненнямі; шырока выкарыстоўваюцца міфал. і літ. рэмінісцэнцыі і аналогіі.
Тв.:
Рус.пер. — Гамлет, или Долгая ночь подходит к концу. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НДЛЕР (ням. Ländler ад Landl мясцовасць у Аўстрыі),
аўстрыйскі і нямецкінар. парны танец. Паходзіць з альпійскіх рэгіёнаў Аўстрыі. Тэмп ажыўлены, але не хуткі. Муз. памер 3/4 або 3/8. Назву «Л.» да пач. 19 ст. мелі многія разнавіднасці аўстр. і ням.нар. танцаў, вядомых паводле харэаграфічных апісанняў з 16 ст. Тыповыя рухі: слізготны крок і павароты, вярчэнні партнёркі, прытупванні партнёра, адначасовае вярчэнне танцораў у розных напрамках. Рухі шырокія, свабодныя. Выконваўся пад спевы ці ў суправаджэнні сял. аркестра (скрыпка, кларнет, цытра). Прататып вальса. Як муз. жанр вядомы з 2-й пал. 18 ст. Характэрная форма — два 8-тактавыя перыяды з паўтарэннем кожнага. Яго выкарыстоўвалі венскія кампазітары (у Л.Бетховена — «ням. танец»), І.Брамс, А.Брукнер, Ф.Шуберт, Р.Шуман, Г.Малер і інш.